Жыцьцё пад агнём Лявон Юрэвіч Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі. Прадмова ад імя фундацыі Архэ Рэканструкцыя нацыянальнай традыцыi немагчымая без усьведамленьня таго, якую ролю ў гісторыі Беларусі адыгрыла традыцыя супраціву. Таму выбар назвы для кніжнай сэрыі нашай фундацыі — архіў нацыянальнага супраціву — не выпадковы: ён пакліканы быць беспамылковым індыкатарам таго, для чаго яна задумвалася і была прызначана. А прызначэньне яе можна ў агульных рысах акрэсьліць наступным чынам: быць рэзэрвуарам нацыянальна арыентаванай веды перадусім для сьцьвярджэньня нацыянальна беларускіх вартасьцяў. Рашэньне выдрукаваць кнігу вядомага дасьледніка беларускай эміграцыі зь Ню Ёрку Лявона Юрэвіча першай у нашай кніжнай сэрыі таксама, безумоўна, было не выпадковым. Пільная ўвага да мінуўшчыны ўвогуле зьяўляецца характэрнай адзнакай беларускай рэчаіснасьці канца XX ст. Асэнсаваньне нярэдка трагічных пэрыпэтый сталеньня нацыянальнага руху дапамагае нам у каламутным віры сёньняшніх дзён ня страціць тыя адвечныя арыентыры, якімі зьяўляюцца такія прагандаваныя нашымі папярэднікамі — беларускімі адраджэнцамі першай паловы стагодзьдзя — вартасьці, як незалежнасьць, бацькаўшчына, вернасьць роднай мове. Вялікай перавагай дадзенага выданьня зьяўляецца тое, што яго ўкладальнік не імкнецца прыхарошваць рэальныя падзеі, дадаваць ім саладжавасьці і непраўдападобнасьці. Сапраўды, беларускія патрыёты падчас крывавага сутыкненьня дзьвюх таталітарных сыстэм у нашай частцы Эўропы апыналіся часам перад няпростым этыка-маральным выбарам — і кожны непрадуманы крок у гэткіх варунках мог аказацца апошнім… Сытуацыя знаходжаньня «паміж молатам і кавадлам» дыктавала сваю адзіна магчымую лінію паводзін, свае нікім ня пісаныя законы, адэкватна расчытаць якія якраз і належыцца нам — людзям, якія зьвязваюць сваю будучыню толькі зь Беларусяй. Часавая мяжа, праведзеная аўтарам у першай частцы «Згадкі», у пэўнай ступені сымбалічная: яна, з аднаго боку, уцэнтравана на галоўны катаклізм XX ст. — Другую Сусьветную Вайну, і, з другога, зьмяшчае ў сабе напамін аб нечым большым: што такія чалавечыя якасьці й пачуцьці, як дабрыня, спагада, узаемавыручка, зычлівасьць не падуладныя нават самым жудасным выпрабаваньням. Дзейсным сродкам індывідуалізацыі апісваных падзеяў, што надае ім непаўторны калярыт асабістага перажываньня, выступае і абраная ў «Згадках» форма нарацыі ад першай асобы. Дзякуючы ёй мы трапляем у своеасаблівы аўтарскі сьвет, які вымалёўвае чалавечая памяць пры дапамозе свайго адмысловага інструмэнтару: паўтлустых мазкоў, амаль нябачных штрыхоў, выяўленьня падзеі буйным плянам або яе майстэрскага замоўчваньня, перасоўваньня на задні плян ці проста затушоўваньня. З такім прынцыпам падачы матар’ялу рэзка кантрастуе другая частка выданьня «Дакумэнты», якая прэтэндуе на навуковасьць ці, прынамсі, на большы аб’ектывізм. Гэта па сутнасьці збор раней не даступных беларускаму чытачу на Бацькаўшчыне дакумэнтальных сьведчаньняў, якія глыбей разьвіваюць тэму беларускага нацыянальнага супраціву, надаючы ёй часам нават нечаканае гучаньне (напрыклад, упершыню друкуюцца захавалыя дагэтуль толькі ў рукапісе песьні Першага Беларускага Штурмовага Зьвязу). Разам з тым, і прадстаўленыя гэтта матар'ялы тысяччу ніцяў зьвязаныя з галоўнай постацьцю кнігі — беларускім военачальнікам і палітычным дзеячом Барысом Рагулем. І яшчэ адна рэч, якую немагчыма абысьці ўвагай. Гэта тая мясьціна, дзе пераважна адбываецца дзеяньне — Наваградчына, сэрца зямлі беларускай, калыска нашай дзяржаўнасьці, якая дала нашай радзіме і ўсяму сьвету гэтулькі славутых сыноў. Кніга ажно поўніцца маляўнічымі драбніцамі наваградзкіх краявідаў — во руіны наваградзкага замчышча, а во пекныя акалічныя вёсачкі з сваімі грудамі і ўзгоркамі. Называючы спробы нацыянальнага будаўніцтва ў часе Другой Сусьветнай Вайны нягледзячы і, больш таго, нават насуперак самым неспрыяльным варункам калябарацыяй зь нямецкімі нацыстамі, цяперашнія нашчадкі сталінскіх катаў, далакопы беларускай дзяржаўнасьці бачаць шанец знайсьці апраўданьне сваёй антыбеларускай дзейнасьці. За ўсімі гэтымі спэкуляцыямі і рыторыкай бачыцца ненажэрнае мурло расійскага шавінізму, яго амбіцыя і надалей сілкаваць беларускую гістарычную навуку сваімі імпэрскімі стэрэатыпамі і ідэалягемамі. Пакласьці гэтаму канец можна толькі выявіўшы ўсю праўду пра тую ці іншую гістарычную эпоху. Дык усё ж такі што дзеялася ў Беларусі падчас Другой Сусьветнай Вайны? — на гэтае і іншыя пытаньні чытачы кнігі знойдуць адказы на яе старонках. Валерка Булгакаў Прадмова Гэтая кніга не зьяўляецца біяграфіяй чалавека, хоць ён — тая постаць, вакол якой разгортваюцца падзеі і, што найбольш важна, залежаць ад яе. Гэтая кніга — не гістарычнае дасьледаваньне, хоць гаворка пойдзе пра гістарычныя падзеі, да таго ж малавядомыя ці, хутчэй, вядомыя з аднаго боку. І разам з тым — кніга і чалавека, і пра гісторыю. З тых часоў, пра якія пойдзе аповед, не захавалася дакумэнтаў, прынамсі, для дасьледнікаў без пагонаў: цалкам магчыма, што яны па-ранейшаму схаваныя ў архівах КДБ і, некалі выдрукаваныя, адкарэктуюць напісанае на бачынах гэтай кнігі. Тым часам адзіная крыніца інфармацыі — сам чалавек, імя якога Барыс Рагуля. У 1994 - 1995 гадах падчас сумеснай працы над кнігай мэмуараў пра беларускае студэнцтва на эміграцыі (Барыс Рагуля. Беларускае студэнцтва на эміграцыі. Лёндан (Канада) - Ню Ёрк, 1996) мы ня раз у гутарках закраналі пытаньні падзей ранейшых, асабліва жыцьцё ў часы Другой Сусьветнай Вайны. Так і складаўся, зьбіраўся матар'ял для гэтай кнігі — з размоў, успамінаў, разважаньняў Барыса Рагулі. Лявон Юрэвіч ЧАСТКА 1. ЗГАДКІ Разьдзел 1. Сталеньне Мой бацька памёр, калі мне было паўтара годзіка, і маці засталася з двума дзецьмі на руках бяз гроша ў кішэні, бяз дому і безь нічога. Праз два тыдні памёр і мой брацік. Маці прыйшлося вярнуцца ў Любчу да бацькоў. Ёй прыходзілася шчыраваць у полі з раньняга раньня да позьняга вечару — хоць яна й была настаўніцай па адукацыі, але яе, як праваслаўную, на працу ня прымалі, бо палякі разглядалі праваслаўных як людзей другога гатунку. Кожную нядзельку яна брала мяне за ручку й вяла на бацькаву магілу. Па дарозе дахаты мы заходзілі да адной сяброўкі маці. Я страшэнна не любіў хадзіць туды, бо гаваркая каляжанка займала маці размовамі не на адну гадзіну, тым самым адрываючы яе ў мяне. Дык аднойчы, каб адпомсьціць, я ўзяў нажніцы і неўпрыкмет парэзаў ёй хвартушок. Але маці не ўкарала за гэта — яна ніколі не карала мяне. Замуж маці больш не пайшла, а ад мяне яна вельмі хацела, каб я пайшоў бацькаваю дарогаю і вывучыўся на лекара. Я быў яе адзіным сыночкам, а яна была самым блізкім мне чалавекам, дык ня дзіўна, што нашы стасункі былі вельмі цеснымі. Пражыць зь сялянскай працы было нялёгка, таму маці вырашыла запісацца на вучобу на курсы мэдсясьцёр у Варшаву, але трэ было знайсьці грошы на аплату за вучэньне, а яшчэ больш, каб недзе там у Варшаве жыць і харчавацца. Дапамаглі ёй мае дзядзькі Кастусь Бітус і Базыль Рагуля, які быў пэўны час паслом Сэйму, а пасьля сэнатарам. Была й яшчэ адна праблема — маці кепска ведала польскую мову. Усё ж яна выправілася ў Варшаву. Была яна там бязвыезна цэлы год, бо грошай, каб прыязджаць дахаты на вакацыі ў яе, ясная рэч, не было. Я ж на цэлы год застаўся зь дзедам-бабаю, а яны мяне надта любілі і за год зусім распэцкалі. Мне ні ў чым не было адказу. Увечары баба прыходзіла й чухала мне сьпінку, пакуль я не засынаў. Дзед з бабаю былі вельмі пабожнымі людзьмі. Адзін выпадак чамусьці асабліва запаў мне ў памяць: бабуля малілася сьвятому Ільлі, сьвятому Язэпу, сьвятому Міколу, і я спытаўся ў яе: чаму ты ня молішся наўпрост самому Богу, а молішся розным людзям? Бога часта турбаваць ня трэба, тлумачыла яна, а для кожнай дробнай рэчы ёсьць свае сьвятыя заступнікі: адзін здароўе дае, другі сьцеражэ ад пажару, трэці ад вады, чацьверты ад ліхога чалавека ў дарогах. Я ж, малы, ня надта разумеў гэтую філязофію, і, помню, усё разважаў: дык Бог адзін ці іх шмат? Бабуля хацела, каб я пайшоў у сьвятары, а таму ў восем ці дзевяць гадоў я ўжо прыслугоўваў у царкве. Любчанскі бацюшка быў расейцам і, як на мой цяперашні розум, гэта насамрэч быў агент савецкай тайнай паліцыі, якому ўдалося патрапіць у сэмінарыю. Ад царквы, ад сьвятароў, іх двурушнасьці, замкнёнасьці, жорсткасьці, праваслаўна-расейскага шавінізму ў мяне засталося самае непрыемнае ўражаньне — ад усяго гэтага мне давялося пацярпець асабіста. Асабліва крыўдна мне было, калі сьвятар прашыпеў мне, каб я ніколі болей не гаварыў у царкве на мужыцкай мове. Ну ж, неўзабаве я яму адпомсьціў, арганізаваўшы — першы і апошні раз у сваім жыцьці — страйк. Справа была якраз на Ільлю, калі ў Любчу зьехалася шмат сьвятароў і епіскап. Усе хлопчыкі-служкі паўцякалі перад абедняй, і служба аказалася як перабітая. Бабулю гэта так уразіла, што яна пасьля доўга хадзіла ў царкву штовечара і малілася там у зямным паклоне, каб Бог дараваў мне маё блюзьнерства. Маці ж дазволіла мне болей у царкву не хадзіць. Маці, дарэчы, была сябрам Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Бога я ўсё ж ня зрокся. Калі я быў малым, Нёман здаваўся мне Богам, Нёман-бацька, дзе я купаўся, лавіў рыбу, сустракаў сьвітанкі і ночы. Я скончыў школу ў Любчы ў той самы год, калі маці скончыла свае курсы ў Варшаве. Ёй знайшлася праца ў Наваградку, і мы перабраліся туды. Жылі мы з маці ўдваіх у малюпасенькім пакойчыку пры шпіталі. Ня дзіва, што я пачуваўся ў шпіталі як дома і з малых гадоў прызвычаіўся да мэдыцыны. Шпіталь, дарэчы, стаяў побач з астрогам, дзе былі ўвязьненыя шматлікія беларускія патрыёты. Лета я праводзіў у Любчы, жывучы там звыклым жыцьцём вясковага хлапчука. Асабліва я любіў лавіць на Нёмане рыбу. Мы яе смажылі проста на вогнішчы, на беразе, прыносілі дахаты, клалі напразапас у лядоўню да нашага суседа-жыда, а яшчэ й прадавалі, мянялі на цукар, надзвычай дарагі ў тыя часы. Каб беларускую гімназію ў Наваградку не закрылі, трэ было набіраць па 35 студэнтаў. Агітацыя ў гімназію і стала маім першым удзелам у беларускім руху. Нам удалося знайсьці 45 абітурыентаў, але ўсё ж гімназію зачынілі. Гэта быў вялікі ўдар — толькі што на грошы беларускіх сялянаў настаўнікі й навучэнцы сваімі рукамі ўзьвялі новы, харошы будынак. Так я ўпершыню ў жыцьці сутыкнуўся зь перасьледам беларускага. Балюча й прыкра было мне за лёс майго народу. У польскай гімназіі, куды нас перавялі, беларусы былі вучнямі другога гатунку. Гэтак я спазнаў, што такое дыскрымінацыя. Але ж мы трымаліся згуртаванай групай: я, Юзік Сажыч, Уладзік Набагез і Янка Гутар. У пятай клясе гімназіі я сустрэўся з Усеваладам — тады мы звалі яго Вовам — Родзькам, зь якім мне давялося прайсьці праз шматлікія выправбаваньні. Першым нелегальным актам барацьбы была дапамога ў ліставаньні зь вязьнямі. Вакенцы камэраў выходзілі на шпітальны двор. Аднойчы на вуліцы да мяне падыйшоў незнаёмы, які прадставіўся сябрам маёй маці, і папрасіў дапамогі. Я мусіў падбіраць загорнутыя ў запіскі каменьчыкі, якія выкідалі праз вокны зьняволеныя, і перадаваць іх яму. Пасьля мне давялося перадаваць цыдулкі і з волі ў турму — а гэта ўжо была сур’ёзная рызыка. Неўзабаве за «антыпольскую дзейнасьць» заарыштавалі майго дзядзьку Базыля Рагулю. Мы з маці наведвалі яго ў турме. Маці абшукалі, а мяне не абшукалі. Запіску для яго я трымаў у роце, і перадаў яму з вуснаў у вусны пры пацалунку, і ўсё гэта на вачох у ахоўнікаў! Пасьля гімназіі, паводле новага польскага закону, нас усіх мусілі забрыць у школу рэзэрвістаў Войска Польскага. Адтэрміноўку атрымлівалі толькі тыя, хто йшоў вучыцца на лекара. Тым дазвалялася працягваць вучобу, а на афіцэраў іх бралі вучыцца ўжо па сканчэньні ўнівэрсытэту. На сто месцаў на мэдычным факультэце было 600 прэтэндэнтаў, прычым толькі 5 мейсцаў з 100 прызначаліся для прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў: беларусаў, летувісаў, жыдоў. І я стаў адным з гэтых пяці! Мы з маці танцавалі, атрымаўшы гэтую добрую навіну! Разам з мной паступілі Ўсевалад Родзька й Янка Гутар. Павучыцца нам, аднак, не ўдалося. Па даносе наваградзкай ваяводзкай адміністрацыі трох беларусаў, што трапілі на прэстыжны факультэт, забралі ў войска, у афіцэрскую школу, у Зэмбруў. Ну, аднак жа, мы вырашылі не губляць часу і атрымаць добрую вайсковую падрыхтоўку. Сытуацыя ў Эўропе была такая, што сумнявацца не выходзіла: хутка гэтая падрыхтоўка нам добра спатрэбіцца. Мы і ў школе рэзэрвістаў былі першымі па ўсім, як некалі ў гімназіі. Між тым у Эўропе гусьцелі хмары. Я разумеў гэта, як ніхто. У адрозьненьне ад сваіх таварышаў, я добра валодаў нямецкай мовай і ўпотайкі слухаў нямецкае радыё. Памкненьні Гітлера не былі для нас сэкрэтам. Між тым у Польшчы шырылася патрыятычная прапаганда, ствараўся культ Рыдз-Сьміглага, наступніка Пілсудзкага. Зь іншага боку, да кожнай вінтоўкі нам выдавалі толькі па пяць патронаў, і з гэтага нам рабілася ясна, што справы йдуць ня так доўга, як гэта сьпяваюць у патрыятычных песьнях пра Рыдз-Сьміглага — пераможцу Чэхаславаччыны. У адпустку ўжо не пускалі, і адному мне дазволілі адзін раз зьезьдзіць у Наваградак, калі маю маці параніла — на наш шпіталь упаў польскі бамбавік. На шчасьце, раненьне было ня надта цяжкім. У чэрвені 1939 году я выйшаў з школы з сэржанцкімі лычкамі і быў прызначаны ў 42-гі полк у Беласток. 27 жніўня мяне паставілі камандаваць эскадронам, абвесьціўшы, што ўсім сэржантам з школы рэзэрвістаў прысвойваюць званьне лейтэнантаў. Адразу ж наш полк выступіў у накірунку мяжы з Усходняй Прусіяй. Душным вечарам трыццаць першага жніўня ўзвод капаў акопы першай ліні абароны сярод разлогу палеткаў. Гэтай ноччу я ня мог заснуць, пытаньні не выходзілі ў мяне з галавы: што я тут раблю? Чаму я маю рызыкаваць жыцьцём дзеля польскага ўраду, які прыцясьняе мой народ? Прачнуўся я ўжо ад артылерыйскай кананады. Данесьлі, што немцы прасоўваюцца наперад. Ззаду і сьпераду рваліся снарады. І раптам мне стала страшна. За сябе, за сваё жыцьцё. Я проста трэсься і ня мог стрымаць сябе. Бліжні жаўнер пабачыў мой стан і прапанаваў мне цыгарэту. Паленьне, і праўда, дапамагло. Калі разьвіднела, стала канчаткова ясна, што немцы рухаюцца наперад, а неўзабаве наляцелі нямецкія самалёты. Трэцяя ж бомба разьбіла кулямёт у нас на правым флянгу. Яшчэ праз гадзіну быў выведзены з строю кулямёт зьлева. Мы засталіся з трыма лёгкімі кулямётамі і дапатопнымі вінтоўкамі, на кожную зь якіх нам выдалі па пяць патронаў. Я нават ня мог спраўдзіць, колькі байцоў мы згубілі, толькі бачыў, што справа ад мяне трое загінулі, а сямёра атрымалі параненьні. Справы ішлі ўсё горш… Вось ужо заціх наш астатні кулямёт, немцы насядалі, а загаду на адход усё не было. Немцаў ужо прыходзілася адбіваць у рукапашную. Ажно нарэшце апоўдні прыйшоў загад адыходзіць. Ня ведаю, як мы яшчэ змаглі больш-менш арганізавана адысьці — у нас ужо не заставалася патронаў, каб прыкрываць адыход. Толькі цяпер загаварыла польская артылерыя. Пад другую на кані прыскакаў палкоўнік, патрабуючы, каб мы контратакавалі і адкінулі немцаў назад за мяжу. Ён сам павёў нас у атаку. Мы атакавалі з такім напорам, што немцы сапраўды адкаціліся назад. На першай лініі абароны мы спыніліся й пратрымаліся там да ночы, калі прыйшоў загад пад покрывам цемры адступіць. Во так мы ваявалі: недакормленыя, недаапранутыя, недаўзброеныя. Адкуль жа браўся наш нязломны баявы дух? Ці то быў калектыўны гіпноз, ці то масавая гістэрыя? Так усё і працягвалася. Удзень мы ўпарта адбіваліся, а ўначы адступалі на Зэмбруў. Паступова мы згубілі кантакт з суседнімі дывізіямі, пасьля з штабам нашага палка. Кожны батальён, рота, узвод мусіў змагацца сам. На раніцу 17 верасьня, калі мы трапілі ў нямецкае акружэньне, ў маім узводзе заставалася толькі 37 чалавек з 60. У другі раз за вайну мне стала сапраўды страшна. Польская прапаганда сьцьвярджала, што немцы палонных не бяруць, а ўсіх забіваюць. Але выйсьця не было. «Гендэ гох!» — крычалі нам немцы. Я пацалаваў свой навюткі, харошы бэльгійскі рэвальвэр і выйшаў ім насустрач з узьнятымі рукамі. Гэта быў момант страшэннай ганьбы. Нямецкі капітан абвесьціў нам, што мы знаходзімся пад аховай Жэнэўскай канвэнцыі і што, калі мы ня будзем супраціўляцца і ўцякаць, з намі нічога ня зробяць. Калі капітан даведаўся, што камандзір узводу — я, ён спытаўся, хто я такі. Ён быў вельмі зьдзіўлены, чаму я, беларус, змагаюся зь немцамі, сябрамі беларускага народу. Мне не было чаго яму адказаць. Мне не было чаго й сабе адказаць. Разьдзел 2. Ваеннапалонны Мы выступілі, і потым былі ўзьяднаныя зь іншымі групамі супраціву й накіраваныя ў бок Усходняй Прусіі. Колькі мы йшлі — сказаць не магу дакладна. Памятаю, што за мяжой мяне ўразілі прыгожыя фермы, чыстыя вёскі й файныя хаткі. Я ўзгадаў польскую прапаганду, якая сьцьвярджала, што ў немцаў не было дастаткова ежы й што іхныя танкі былі зробленыя з кардону. Цяпер я бачыў, што гэта было няпраўдай. Нас накіравалі на бульбяное поле, і, паколькі не было вады, мы распалілі вогнішчы й пяклі бульбу. На трэці дзень немцы прывезлі ў лягер некалькі кухняў і зварылі для нас нешта накшталт супу з бульбай і далі крыху хлеба. Я сустрэў паплечніка, таксама беларуса, з 42 палка. Яшчэ адзін чалавек з нашай групы, зь якім я пазнаёміўся, быў палякам з Познані, і ён заўсёды казаў, што мы мусім трымацца разам, усім дзяліцца й дапамагаць адзін аднаму, бо, магчыма, мы застанемся ў лягеры для ваеннапалонных да канца жыцьця. Мы сабралі ў месца непарушны запас і дзяліліся ўсім, што было. Аднойчы нам удалося атрымаць дадатковыя порцыі супу, і калі мы адышлі, каб падзяліць іх, наш польскі «сябра» сказаў, што кожны сам за сябе. Зь беларусам мы дзялілі ўсё, што ў нас было, але тое, што мелася ў паляка, прызначалася толькі яму. Я ніколі ня бачыў яго пасьля, але гэны выпадак быў для мяне добрым урокам у тым, што датычыцца даверу, сяброўства й чалавечай натуры. Праз два дні шмат хто з нас быў пераведзены ў лягер для ваеннапалонных пад назвай «шталяг 1А», недалёка ад Кёнігзьбергу, ва Ўсходняй Прусіі. Гэта быў вялікі лягер з кулямётамі, усталяванымі праз кожныя сто ярдаў і ачэплены падвойным дротам. Нас накіравалі ў адзін з баракаў, дзе мы мусілі спаць на ложках з саломы на падлозе і, як сотні іншых палонных, раздумлялі пра сваю будучыню. На палудзень і вячэру немцы раздавалі нам ежу: палову буханкі хлеба, маргарын і суп — даволі скупы паёк, але яго было дастаткова, каб мы не памерлі з голаду. Мой сябра Косьцік, які вучыўся ў тэхнічнай школе да таго, як яго прызвалі ў армію, мог няблага маляваць, а я, у сваю чаргу, умеў па-нямецку. Такім чынам, мы вырашылі распачаць у лягеры промысел, каб палепшыць сваё жыцьцё. Алоўкам Косьцік намаляваў «Омега» на маім танным гадзіньніку, каб той выглядаў даражэй, а я выправіўся прадаць яго альбо вымяняць у ахоўнікаў на хлеб, кілбасу, цыгарэты ці што яшчэ. Гэта было даволі небяспечна, бо калі б мяне злавілі, то расстралялі б. Аднойчы я блукаў па лягеры й адзін нямецкі салдат спыніў мяне й спытаў, што за гадзіньнік я маю. Я адказаў яму, што гэта бацькаў падарунак. Салдат заўважыў надпіс «Омега» і прапанаваў купіць у мяне гадзіньнік, бо палічыў, што ён сапраўдны, швэйцарскі. Я адмовіўся, бо, быццам бы, гадзіньнік гэны быў мне дарагі як памяць аб бацьку. Тады салдат прапанаваў мне два боханы хлебу й фунт кілбасы. Я йзноў адмовіўся. Немец расшчэдрыўся на тры боханы хлеба й два фунты кілбасы, на што я заўважыў: «Што карысьці ад успамінаў, калі чалавек, які мусіць іх захоўваць, ня зможа выжыць». Такім чынам, я памяняў свой гадзіньнік на хлеб і кілбасу! Некаторыя з нас былі пазьней накіраваныя на палявую працу на ферму ў суседняй вёсцы Візандорф, каля сямідзесяці пяці кілямэтраў ад Кёнігзьбергу. Нас разьмесьцілі ў нейкай старой хаце з саломай на подлозе замест ложкаў. Адзін немалады ўжо салдат, Хэрман, які, дарэчы, нагадваў мне пэрсанаж Шульца ў тэлевізійным шоў «Героі Хогана», быў даволі добразычлівым і зьвяртаўся да мяне проста, бо я разумеў па-нямецку. Ён параіў нам не рабіць ніякіх глупстваў, накшталт уцёкаў, бо мы й так будзем амаль вольнымі на гэтай ферме. Яшчэ ён растлумачыў, што будзе запіраць нас на ноч, а зранку будзіць. Ён пакінуў нас са словамі, што, калі мы будзем сябе добра паводзіць, то й ён таксама будзе спагадлівым да нас. Я паабяцаў, што, пакуль ёсьць ежа й годнае стаўленьне да нас, мы будзем стараннымі хлопцамі. Я радаваўся, што мы ня ў лягеры. Сямья, на якую мы працавалі, паставілася да нас добра й нават выдавала нам чыстую бялізну. Дзякаваць гэтаму, у нас, прынамсі, не было вошай, хоць мы й павінны былі насіць сваю старую вайсковую форму. Акрамя таго, мне было прыемна бавіць дні на прыродзе, побач з коньмі. Я араў некалі на зямлі свайго дзеда, але тамака ў мяне быў просты плуг на аднаго каня, а тутака давялося мець справу з двума коньмі й падвойным плугам. Было цяжкавата кіраваць гэнымі коньмі, але, каб выжыць, мне трэба было наўчыцца рабіць гэта добра. Пасьля пары крывых баразён, гаспадар падахвоціў мяне, паказаўшы, як трэба кіраваць коньмі, і я пачаў набіраць спрыту. Гаспадару было недзе каля шасьцідзесяці, і ён жыў са сваёй жонкай і дачкой Хельгай на ферме, а два ягоныя сыны былі на той час у арміі. Праца на ферме нагадала мне, як маленькім хлопчыкам я бывала йшоў за плугам свайго дзеда й размаўляў зь ім. На нейкі момант я забыўся, што быў ваеннапалонным. Але, калі надышоў вечар і мы пайшлі ў хату на вячэру, а дзьверы за намі зачынілі, я ўспомніў, што быў паднявольным. Аднойчы ноччу я й Косьцік вырашылі сплянаваць уцёкі. Паколькі Косьцік быў адказным за фермерскую кухню (дзе харчавалася вялікая колькасьць работнікаў, шмат зь якіх таксама былі ваеннапалоннымі), ён мусіў забясьпечыць ежу. Я ж — распрацаваць маршрут, зрабіць усе неабходныя прыгатаваньні й прызначыць дату. Напачатку мы спыніліся на дваццатым лістапада, што дазволіла б нам зьнікнуць, пакуль ня выпадзе сьнег і нашыя сьляды будзе лёгка знайсьці. Па начох мы, у моцным узбуджэньні й прадчуваньні, шэптам абмяркоўвалі свой плян. Гэныя пачуцьці вярнулі нас да жыцьця, і мы не маглі спаць — толькі размаўлялі да позьняй ночы. Мы марылі, як цудоўна гэта будзе: вярнуцца дадому, вучыцца. Мне — на лекара, а Косьціку — на інжынера. Як файна будзе йзноў пабачыць свае семьі, жыць дома, быць вольнымі. Хельга прыносіла нам ежу на поле. Я стараўся трымацца ад яе далей і не падаўжаць нашыя кароткія сустрэчы, пазьбягаў усялякіх намёкаў. Я адчуваў, што гэная дзяўчына мела нешта да мяне, як, па-праўдзе, і я да яе. За палуднем я сустракаў позірк ейных блакітных вачэй, заглядаўся на ейныя сьветлыя валасы й файную, хаця й цяжкаватую крыху, фігуру. Для немкі яна была нават занадта прыгожай. Хельга звычайна апранала шырокую спадніцу й вузкую кашулю. Мне выдавала, што ейныя грудзі бы спрабуюць выскачыць з вузкага станіка. Але, калі дяўчына глядзела на мяне, я апускаў вочы, каб не прыцягнуць увагі ейнага бацькі. Ня думаю, што гэна было каханьне — хутчэй, фізычнае прыцяжэньне. Да таго ж, хаця Хельга й была ладна складзенай, маладой, здаровай жанчынай, поўнай жыцьця й энергіі, цень віселіцы стаў эмацыйным тормазам для маіх мараў. Адным лістападаўскім вечарам я працаваў у гумне. Сонца ўжо заходзіла, дзьверы гумна былі адчыненыя, і я сьвістаў — малады, здаровы, перапоўнены спадзяваньнямі на ўцёкі, гатовы да дзеяньня. Раптам я заўважыў, што да мяне набліжаецца Хельга, павольна пагойдваючы клубамі. Сонца асьвятляла яе ззаду, і я, надзіва, мог бачыць ейнае цела праз спадніцу. Я бачыў ейныя сьцёгны. Мне здавалася, я мог бачыць ейныя похвы, але гэна, відаць, была толькі гульня ўяўленьня. Я кінуў працаваць — стаяў у дзьвярах і глядзеў, як Хельга падыходзіць да мяне. Яна ўсё набліжалася й набліжалася, і нарэсьце ейныя грудзі датыкнуліся да маіх. Яна была крыху ніжэйшай за мяне, і я паглядаў на яе зьверху ўніз і ня бачыў нічога, акрамя ейных вусен — прыадкрытых, чырвоных, спакушальных. Ейныя грудзі былі цяжкімі і, здавалася, рухаліся ўверх-уніз. Яна спыталася, як я пачуваюся, і я адказаў, што добра, але што я хвалююся, бо гэта вялікая рызыка — стаяць зь ёй вось гэтак побач, таму што мяне могуць павесіць, калі знойдуць разам зь ёй. Я папярэдзіў яе, што яна таксама рызыкуе, бо сустрэне толькі зьнявагу й непрыманьне з боку сваёй грамады, і што яны паголяць яе ў пакараньне. Але яна проста глядзела на мяне й не прамаўляла ні слова. Я ня бачыў у ейных вачах ні страху, ні няўпэўненасьці. Хельга ўсё мацней прыціскалася да мяне грудзямі. Я ня мог даць ніякай рады й паклаў ёй руку на задок, пругкі й крэпкі. Мая рука шукала забароненае месца, і мне здалося, што яно павільготнела. Хельга дрыжэла ад узбуджэньня й падштурхоўвала мяне да сена. Мне спатрэбілася шмат фызічных намаганьняў, каб вызваліцца зь ейных абдымкаў і пабегчы. Я рынуўся ў нашую хатку, кінуўся на салому й гатовы быў заплакаць ад злосьці й зьнявагі. Увайшоў Косьцік, каб даведацца, што адбылося. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб супакоіцца й распавесьці сваю гісторыю. Косьцік выказаў думку, што Хельга можа ўзлавацца на мяне й зрабіць што-небудзь такое, што зашкодзіць нашым уцёкам. Ён лічыў, што мы мусім паскорыць свае пляны, і мы вырашылі сысьці наступнай ноччу. А нараніцу, перад тым як мы выйшлі на працу, мы заўважылі, што нейкія два жандары размаўляюць пра нешта з нашым наглядальнікам. Пасьля невялікай спрэчкі наглядальнік падышоў да нас з Косьцікам і паведаміў, што нас пераводзяць назад у лягер. Мы абодва зьбялелі. Можа нехта, напрыклад, Хельга, пасьпеў данесьці на нас? І можа, нас пакараюць сьмерцю, калі мы вернемся ў лягер? Мы сабралі свае невялікія пажыткі, затым нас накіравалі ў паліцэйскі ўчастак, а потым — назад у шталяг 1А. Вароты зачыніліся за намі, і мы йзноў апынуліся за калючым дротам, у атачэньні аховы й кулямётаў. Упершыню ў жыцьці на мяне навалілася дэпрэсія. Я ляжаў на саломе ў бараку, зь яшчэ больш як пяцьцюдзесяцьцю шумнымі й няветлівымі ваеннапалоннымі. У вачах у мяне стаялі сьлёзы. Я спрабаваў вызначыць, як гэта ўсё адбылося. Верагодна нехта чуў, як мы плянавалі ўцёкі й данес на нас наглядальніку альбо фермеру. Праз два дні нашыя целы наводнілі вошы. У нас усё сьвярбела. Раз на тыдзень нас адпраўлялі на дэзынфекцыю, але на наступны дзень пасьля гэтага вошы зьяўляліся йзноў. Я пачуваўся так, як быццам вошы выбралі мяне ў якасьці сваёй ахвяры, бо дэпрэсія не адступала. Я страціў усялякую надзею й дэградаваў псыхічна й фізычна. Мае думкі ляцелі дадому, да маёй маці. Апошні раз я сустракаўся зь ёю ў лячомніцы, пасьля гэнага здарэньня. Мне пачалі сьніцца пра маці сны — некаторыя прыемныя, некаторыя жахлівыя. Калі я бачыў іх сярод ночы, я ня мог ужо заснуць. Аднойчы мне прысьнілася, што маці кліча мяне дадому. Гэта абудзіла ўва мне ўспаміны майго дзяцінства, але вось будучыні ў мяне, здаецца, ужо не было. У мяне не было ніякай моцы дзейнічаць, ніякага жаданьня падымацца раніцай. Я толькі валяўся на саломе ў чаканьні ежы, прытым што ў мяне зусім не было апетыту. Я ўставаў толькі на ранішнія й вячэрнія перазовы. Некалькі польскіх афіцэраў і лекары зь мясцовага лягернага лазарэта заклікалі мяне згуляць зь імі ў карты й наўчыцца гуляць у брыдж. Я пайшоў да іх, але ня мог сачыць за гульнёй. Мяне нішто не цікавіла. Я зранку да вечара блукаў па лягеры безь ніякіх пачуцьцяў альбо мэты. Аднойчы я ўзгадаў, як падчас майго візіту ў лячомніцу да маці, яна спыталася, ці пабачыць мяне яшчэ калі-небудзь, і я запэўніў яе, што я яшчэ занадта малады, каб паміраць. Я ўспомніў, як паабяцаў ёй і сабе, што стану лекарам і раптам усьвядоміў, што не магу болей губляць часу й мушу й надалей плянаваць свае ўцёкі. Плянаваньне ўцёкаў — гэта сапраўднае збавеньне для ваеннапалонных, бо ты ўжо ўяўляеш сваё жыцьцё зьмененым, робісься больш жвавым і не зважаеш ні на што, акрамя сваіх плянаў. Недзе напрыканцы лістапада Косьцік таксама вярнуўся жывым і мы ўзнавілі падрыхтоўку да ўцёкаў з усімі дробязнымі дэталямі. Нам былі патрэбныя кусачкі, компас, мапы й ежа. Мы накуплялі танных гадзіньнікаў, Косьцік падрабіў іх пад «Омега», якія я потым прадаваў. Я, канечне, рызыкаваў сваім жыцьцём, але мы працягвалі падманваць немцаў. Гэта была небясьпечная, але захапляльная гульня, і яна нам падабалася. Падманваць немцаў ня грэх, і мы іх не шкадавалі. Мы склалі ліст дабравольцаў з тых людзей, якія хацелі дапамагчы нам зьбіраць ежу, а потым далучыцца да ўцёкаў. Нам патрэбна было ежы на пяць-шэсьць дзён, каб трапіць да мяжы з Усходняй Прусіяй, а адтуль — у Савецкі Саюз. Тым часам, 17 верасьня 1939 Чырвоная Армія акупавала Заходнюю Беларусь, і была ўтвораная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Гэная падзея была прадстаўленая як вызваленьне беларускага народу. Заходнікі не разумелі, што азначала гэная акупацыя. Яны думалі, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай і што пасьля ўзьяднаньня яны будуць уважацца за першарадных грамадзянаў сваёй уласнай краіны. Хутка пасьля акупацыі заможныя сяляне (кулакі) былі абвінавачаныя ў тым, што эксплуатуюць іншых людзей, каб зарабіць сабе багацьце. Саветы не трывалі фінансавай незалежнасьці, а таму саслалі тысячы «кулакоў» у Сібір, а астатніх сялянаў сагналі ў калгасы. З Усходняй Беларусі саветы запрасілі тых настаўнікаў і кіраўнікоў, якім давяралі. Трансфармацыя адбылася вельмі хутка, бо вельмі эфектыўна ўжываліся тэрор і падаўленьне ўсялякіх свабодаў. Людзі даволі хутка ўсьвядомілі, што любога кшталту пярэчаньне савецкім уладам прывядзе адное да імгненнага зьнікненьня пры дапамозе сакрэтных службаў. Што датычыцца беларускай інтэлігенцыі, то яна разглядалася як небясьпечны элемент і таксама была рэпрасаваная. Да лягеру дайшла чутка, што ў Беларусі былі адчыненыя ўсе школы і што кожны мог вучыцца ва ўніверсітэце. Я пачаў марыць пра тое, каб вывучаць медыцыну. Маё жаданьне зьбегчы як мага хутчэй рабілася ўсё больш і больш моцным і з дэпрэсаванага чалавека пераўтварыла мяне ў энергічны, ваяўнічы дух. Я быў поўны надзеяў і нават зацікавіўся тым, як гуляць у брыдж! Калі выключалі сьвятло, мы з Косьцікам мармыталі нашыя пляны, і нас не пужала тое, што, як лічылася, зь лягеру, зь ягоным падвойным дротам, назіральнымі вышкамі, аховай і кулямётамі, немагчыма было зьбегчы. У лягеры праз кожныя сто мэтраў праходжваліся паміж вышкамі ахоўнікі. Мы засеклі, колькі ім трэба часу, каб прайсьці гэтую адлегласьць, і падлічылі, колькі нам спатрэбіцца часу, каб разрэзаць дрот. Спачатку ўцёкі былі заплянаваныя на снежань, але мы не знайшлі кусачкаў і мапы і таму сьвяткавалі Ражаство ў лягеры. Я думаў тады пра сваю маці. Уяўляў, як яна ўзгадвае пра мяне на сьвяты й плача, што я ня вольны. Гэныя думкі толькі ўзмацнілі мой намер уцячы. У лягеры зь немцамі супрацоўнічалі эмісары, выбраныя з саміх палонных. Адзін зь іх неяк зьвярнуўся да нас з прапановай запісацца дабравольцамі да немцаў. Ён паабяцаў, што калі мы зробім гэта, нас выпусьцяць зь лягеру й мы будзем больш-менш вольнымі. Канечне, мы заставаліся б замежнікамі, але нішто не выдавала б на тое, і мы маглі б вольна перамяшчацца на пазначаных тэрыторыях. Мяне вельмі раззлавала гэная прапанова, і я сказаў, што дабравольцы мусяць саромецца саміх сябе й таго, што працуюць на ворага. Магчыма, яны думалі, што тое, што яны робяць, у рэсьце рэшт найлепш. Яны вызвалялі беларусаў, бо, відаць, думалі, што тыя будуць потым лепш падрыхтаваныя для выкананьня заданьняў, калі немцы заваююць Беларусь. Мой сябар Вова таксама быў у тым самым лягеры, што й мы з Косьцікам. Вову лепш кармілі, ён меў большую свабоду перамяшчэньня й доступ да рознага кшталту прыпасаў. Я аднойчы сутыкнуўся зь ім і, пасьля таго, як ён запэўніў мяне, што яму можна давяраць, папрасіў дапамагчы нам ва ўцёках. Вова на гэна сказаў, што мы мусім быць вар'ятамі, бо камуністы й Савецкі Саюз не пакінуць нас на волі. Я запярэчыў, што яму, відаць, немцы ўжо прамылі мазгі, але ён настойваў на тым, што ведае, пра што гаворыць. Ён падкрэсьліў, што ў Савецкім Саюзе ня можа быць свабоды, бо чалавек тамака павінны сьлепа падтрымліваць партыйную лінію. Я быў крыху агаломшаны тым, што пачуў, але я ўжо болей ня мог заставацца ў палоне. Я хацеў вывучаць мэдыцыну й адчуваў, што калі ня здолею ўцячы, скончу жыцьцё самагубствам. Пабачыўшы, як я сумеўся, Вова пагадзіўся дапамагчы й раздабыць кусачкі, мапы й компас. Ён стрымаў сваё абяцаньне і дзясятага студзеня прыйшоў да мяне ў барак з усімі неабходнымі прыстасаваньнямі. Вова пабаяўся сесьці на салому, бо ў яго не было вошай, і просеў на драўляную лаўку. Ён сказаў, што мае тое, што нам патрэбна, і запіхнуў нешта мне ў кішэню. Потым пачаў распытваць мяне пра нашыя пляны, але я ўхіліўся ад адказу, бо разумеў, што нават калі ў яго былі й добрыя намеры, ня трэба нікому давяраць такую інфармацыю. Ён даў мне кусачкі, компас і мапы, як я й прасіў, і я пачаў вельмі моцна хвалявацца. Я ня мог спаць, бо галава мая была перапоўненая йдэямі. Я ўжо бачыў, як уцякаю зь лягеру й паначы крочу ўздоўж мяжы. Я ўяўляў сябе лекарам, разам са сваёй маці. Нарэсьце, я заснуў і сьніў сны пра нашыя ўцёкі. Мы вырашылі, што дванаццатага студзеня будзе днём пачатку апэрацыі. Мы распачалі агітацыю на кухні й знайшлі трох чалавек, якія захацелі да нас далучыцца. Яны пагадзіліся здабыць ежы на шэсьць дзён (сыр, хлеб, кілбасу) у абмен на тое, што мы гарантуем ім надзейныя ўцёкі. Мы паспрабавалі стварыць у іх пазітыўнае стаўленьне да нашай задумы, пераканаць у тым, што мы ўсё здолеем і што яны даведаюцца пра ўсе дэталі за два дні да ўцёкаў. Сьнег на той час быў глыбокім, а адлегласьць паміж бліжэйшым баракам і агароджай была каля дзьвюхсот футаў і знаходзілася паміж дзьвюма вышкамі з ахоўнікамі й кулямётамі. У адпаведнасьці з плянам, мы павінны былі абкруціцца прасьцінамі з нашых саламяных ложкаў, прапаўзьці па сьнезе да агароджы, перарэзаць яе, потым — другую й у спрыяльны момант уцячы. Галоўнай перашкодай былі рэйкі на ўзвышшы. Мяне непакоіла тое, што калі сьнег занадта глыбокі, мы ня здолеем ускараскацца на насып, зрынемся й будзем застрэленыя. Аднак у нас не было выбару, бо гэнае месца было найбольш зручным праз сваю набліжанасьць да баракаў. Нарэсьце мы прызначылі дакладны час: 9 вечара, 20 студзеня 1940 г. Сямнаццатага студзеня ў мяне падскочыла тэмпература ажно да 40 градусаў. Мяне адправілі ў лазарэт, дзе пад наглядам немцаў працавалі польскія лекары. Яны падазравалі, што ў мяне запаленьне лёгкіх. Але я пачуваўся не так ужо й дрэнна. У мяне балела ўсё цела, галава, вочы — бы гарэлі, але я мог нармалёва дыхаць. Я ведаў, што мне трэба выбірацца са шпіталю, і я пераканаў сябе, што да дваццатага мушу паздаравець. Васямнаццатага тэмпэратура была ўсё яшчэ высокай. Да мяне неяк падышоў адзін польскі афіцэр і спытаўся, ці не прыгнечаны я нечым. Я адказаў, што ў мяне ўсё ў парадку, але на самой справе я быў моцна расчараваны. Дзевятнаццатага тэмпература панізілася да 38,5 градусаў. Да палудня я прыняў рашэньне, што, што б ні здарылася, мы будзем уцякаць дваццатага. Косьцік прыйшоў наведаць мяне ў шпіталі й прапанаваў адкласьці нашую апэрацыю, але я настаяў на тым, што наш плян мусіць застацца нязьменным. Косьцік паведаміў мне, што повар і ягоныя два памочнікі таксама да ўцёкаў. Косьцік сказаў, што яны робяць уражаньне надзейных, сытых, моцных і крэпкіх людзей. Ён павінен быў запэўніць іх, што ўцёкі будуць удалымі і што, калі нас зловяць, нам нічога не пагражае. Пакуль на нас уніформа, немцы нічога ня могуць нам зрабіць, акрамя як вярнуць у лягер. Канечне, яны могуць нас неяк пакараць за спробу зьбегчы, але не забіць. Аднак, калі мы здолеем уцячы і будзем апранутыя ў цывільнае, яны ўжо будуць уважаць нас за шпіёнаў і расстраляюць. Мы праверылі ўсе нашыя прыстасаваньні й вынайшлі, што нам патрэбны чырвоны ліхтарык, бо ягонае сьвятло ня гэтак заўважнае, як у звычайнага. Мы запыталі Вову наконт таго, ці можа ён нам дапамагчы. Надышоў вечар, і лекар запытаўся ў мяне, ці не жадаю я згуляць у брыдж. Я ўжо крыху наўчыўся гэтай гульні да гэнага часу, але ня мог засяродзіцца на ёй, кінуў гуляць і пайшоў спаць. Лекар адчуваў, што я быў сам ня свой, і хацеў даведацца, што мяне турбавала. Я зманіў яму, што заклапочаны сваёй хваробай і хачу як мага хутчэй вярнуцца да сваіх сяброў у барак. Я быў упэўнены, што лекар мне ня верыць і што ён ужо зразумеў, што ў мяне іншыя пляны. Я паклаўся ў ложак і паспрабаваў заснуць, але ня змог за думкамі пра ўцёкі. Я пракруціў іх у галаве сотні разоў. Я быў галоўным арганізатарам, адказваў за ўсіх астатніх і ня меў права памыліцца. Калі-нікалі я шкадаваў, што мы вырашылі ўзяць з сабой яшчэ трох палонных, бо зьбегчы ўпяцёх значна складаней, чым удваёх. Так ці йначай, але рашэньне ўжо было прынятае й усё мусіла быць добра арганізавана. Я марыў пра тое, як патраплю нарэсьце дадому, дзе мяне пяшчотна сустрэне маці й я ўбачу сьлёзы ў ейных прыгожых вачах. Я быў нават няўпэўнены ў тым, ці ведае яна, што я жывы. Мы спрабавалі даслаць аб сабе весткі дадому, але невядома, ці дайшлі яны. У рэсьце рэшт я заснуў. А сёмай раніцы нас пабудзілі на сьняданак, што мне ў гэным лазарэце вельмі падабалася. Потым, а дзевятай раніцы, прыйшоў нейкі ахоўнік, і я адчуў, што маё сэрца вось-вось спыніцца. Ахоўнік размаўляў з лекарам, а той ківаў галавой у знак згоды. Калі ахоўнік пайшоў, лекар сказаў мне, што мяне жадаюць бачыць у камэнданта. Я, відаць, зьбялеў на той момант, бо лекар спытаўся, як я пачуваюся. Я адказаў, што гэтая нечаканая сустрэча будзе, напэўна, вельмі непрыемнай. Лекар зразумеў мае падазрэньні й запэўніў, што ахоўнік быў даволі прыязным. Праз паўгадзіны мяне наведаў Вова, і я паведаміў яму, што мне патрэбны чырвоны ліхтарык. Вова адказаў, што ў яго якраз ёсьць гэткі й ён прынясе яго на наступны дзень, але я запярэчыў, што ліхтарык мне патрэбны тэрмінова. Вова паабяцаў прынесьці яго пасьля палудня. Потым я быў выкліканы ў кабінэт камэнданта, але ня мог знайсьці ў сабе моцы, каб падняць руку й пагрукаць у дзьверы. Нарэсьце я глыбака ўдыхнуў і пагрукаў. Камэнданта тамака не было, але затое прысутнічалі ягоны памочнік і нейкі лейтэнант. На другім баку стала сядзеў Чаняўка, які раней хацеў завербаваць нас да немцаў. Ён размаўляў са мной па-беларуску, і ў мяне было такое адчуваньне, як быццам бы ён спрабуе прымусіць мяне падпісацца. Ён запэўніваў мяне, што я, са сваім веданьнем нямецкай мовы, мог бы атрымаць добрую працу, нават кабінетную, а не фізычную, і свабоду перамяшчэньня. Я запярэчыў, што маё веданьне нямецкай мовы даволі абмежаванае, але, калі мне дадуць некалькі дзён, я абмяркую гэтую прапанову. Я сказаў, што мушу параіцца са сваім сябрам Косьцікам, зь якім баўлю шмат часу. Я намякнуў, што, магчыма, запішуся ў памагатары немцам, бо ўжо стаміўся ад вошай і астрожнага жыцьця ўвогуле. Чаняўка выглядаў вельмі задаволеным, бо вырашыў, што пераканаў мяне, і сказаў празь дзень-два паведаміць аб сваіх намерах праз Вову, які быў іхным чалавекам у лягеры. І толькі тады я сам даўмеўся, чаму Вова меў доступ да прыпасаў і лепшы статус у лягеры. Спачатку я пачуваўся вельмі ўдзячным Вову за тое, што ён рызыкаваў сваім палажэньнем, але потым западозрыў, што, магчыма, ён хацеў перашкодзіць нам уцячы. Маё сэрца моцна забілася. Я разьвітаўся з Чаняўкам так, каб ня выдаць сваіх пачуцьцяў. Я вельмі добра ўсьведамляў, што Чаняўка — здраднік, які адкрыта супрацоўнічае зь немцамі, але ў мяне хапіла розуму нічога з гэтага не сказаць яму ў твар. Я вярнуўся ў шпіталь недзе каля паўдня. Зьявіўся Вова зь ліхтарыкам, перадаў яго мне, паціснуў мне руку й пажадаў удачы. Вова падабаўся мне, таму што ён быў вельмі інтэлігентным і мне чымсьці імпанавала ягоная неразборлівасьць у сродках і безразважнасьць учынкаў. Я быў удзячны яму за дапамогу й упэўнены, што ён падтрымлівае нас. Дзень ледзь цягнуўся. Я глядзеў на свой гадзіньнік і быў перакананы, што стрэлкі ня рухаюцца. Што датычыцца пляну, то нам не было чаго абмяркоўваць, бо кожная дэталь была ўжо абдуманая. Усё, што мы маглі рабіць, — гэта чакаць. Я ляжаў у ложку. Лекар якраз памерыў мне тэмпературу, якая была тады 37,5. Прынесьлі вячэру. Я ня мог есьці, але прымусіў сябе, бо ведаў, што ем нармалёва апошні раз перад уцёкамі. Надышло 7:30, тады 8:00 вечара. Па пляне мы мусілі сабрацца ў 9:00 вечара, як пачнецца камэнданцкая гадзіна. У 8:15 я спытаўся ў лекара дазволу схадзіць да сяброў у барак. Ён заўважыў, што ўжо набліжаецца камэнданцкая гадзіна. Я паабяцаў, што доўга не затрымаюся і што я буду вельмі ўдзячным, калі мне дазволяць сустрэцца зь сябрамі. Лекар пагадзіўся. Паглядзеў не мяне доўгім позіркам і чамусьці паціснуў мне руку. Я думаю, ён здагадваўся, што я не зьбіраюся вяртацца. Я склаў свае сьціплыя пажыткі й накіраваўся да барака. Косьцік ужо ўвесь знэрваваўся. А дзявятай у бараках патушылі сьвятло. Было ціха, і тэмпература знадворку была — 40 градусаў па Цэльсіі. Гэна была адна з самых халодных зімаў за некалькі гадоў. Гэта моцна разахвочвала, бо калі б нам прыйшлося хавацца ў лесе некалькі дзён, мы абавязкова б абмарозіліся. Але спыняцца ўжо не было як. Мы адчынялі дзьверы баракаў і выходзілі па адным. У кішэнях у нас ляжала ежа. Мы абгарнуліся прасьцінамі, каб быць нябачнымі на сьнезе. Неба было чыстым, і зоркі сьвяцілі вельмі ярка. Наперадзе, каля дзвюхсот футаў ад нас, ахоўнік крочыў ва ўсходнім накірунку. Мы папаўзьлі па сьнезе, і сэрцы нашыя моцна біліся. Усхваляваньне надавала нам энергіі, і, хаця ноч была халодная, я ўвесь спацеў. Мы павольна рухаліся наперад: адна рука — другая рука, адна нага — другая нага. Ахоўнік набліжаўся да нас. Мы замерлі. Ён прайшоў, і мы прапаўзьлі яшчэ пяцьдзесят футаў. Ён вярнуўся, мінуў нас, і мы прапаўзьлі яшчэ пяцьдзесят футаў. І яшчэ раз мы ўмерзьлі ў сьнег, як праходзіў ахоўнік. Ён спыніўся на нейкі момант, і я быў упэўнены, што маё сэрца таксама спынілася. Ён запаліў цыгарэту й пакрочыў далей, да заходняй вышкі. Мы пакрылі апошнія пыцьдзесят футаў і апынуліся перад першым радам калючага дроту. Вярнуўся ахоўнік і прайшоў недзе футах у дзесяці ад нас. Я не магу апісаць тое ўзбуджэньне й напружанасьць, якія мы адчувалі, калі ён мінаў так блізка. Ён пакрочыў далей, і, калі ён апынуўся футаў за сто ад нас, я дастаў кусачкі й перашчыкнуў дрот. Гук ад гэтага быў такім моцным, што я быў упэўнены ў тым, што ахоўнік яго пачуў і насьцярожыцца, але той спакойна рухаўся ў другі бок. Да таго часу, як ён дасягнуў заходняй вышкі, я ўжо пасьпеў перарэзаць унутраную агароджу. Мы йзноў застылі, як ён праходзіў. Калі ён накіраваўся далей, я пачаў перашчыкваць дрот, які быў панамотваны паміж дзьвюма агароджамі. Я здолеў зрабіць гэта да таго моманту, як ахоўнік ізноў наблізіўся да нас, і мы апынуліся паміж дзьвюма агароджамі. Шляху да вяртаньня не было. Трэба толькі перарэзаць яшчэ адну агароджу. Кроў стукала ў мяне ў вушах. У мяне трэсьліся рукі, але я здолеў перарэзаць апошні бар’ер паміж намі й свабодай. Мы дамовіліся, што калі я дам каманду йсьці, мы палезем па эскарпе да жалезнай дарогі, праз рэйкі, і пабяжым у лес, які недзе ў трох або чатырохстах футах ад іх. Мы прызначылі сустрэцца на перакрыжаваньні дарог крыху далей. Мы былі ўпэўненыя, што калі мы зможам перайсьці праз рэйкі, нам ужо нішто ня будзе пагражаць. Я папярэдзіў сваіх сяброў, што калі зь імі нешта здарыцца, напрыклад, яны зваляцца або будуць параненыя, ніякай дапамогі яны не атрымаюць — тут кожны мусіў быць сам за сябе. Апошні дрот на агароджы быў перашчыкнуты, і мы ціха ляжалі, калі ахоўнік мінаў футах у пяці ад нас. Які напружаны момант! Нарэсьце ахоўнік прайшоў, і я скамандаваў: «Пайшлі!» Ня ведаю, адкуль узялася моца ў нашых нагах. Сьнег быў вельмі глыбокім, а на нас былі апранутыя даўгія польскія шынялі. Мы караскаліся па эскарпе й чулі выкрыкі «Стой! Стой!» і гукі страляніны. Калі я дапяў да вяршыні, я ўжо ня бачыў астатніх. Я дабег да рэек, і тады побач упала сьвятло з вышкі й пачалі страляць з кулямёта. Кулі сьвісталі каля маёй галавы, і ад іх разьляталіся іскры, калі яна траплялі ў рэйкі. Нарэсьце, я перабраўся праз рэйкі. Мне падалося, я бачыў, як Косьцік і яшчэ нехта з правага боку беглі разам са мной. Мы не спыняліся аж да самага лесу. Мы толькі беглі й беглі. Не магу сказаць дакладна, як доўга. У рэсьце рэшт мы дабраліся да прызначанага месца, і, як высьветлілася, усе пяцёра былі тамака — стомленыя, але ў прыўзьнятым настроі. Гэта было неверагодна! Мы сьмяяліся, абдымаліся, паціскалі адзін аднаму рукі. Я заўважыў, што ў нас не так ужо й шмат часу й што мы павінны вырашыць, куды йсьці. Пры дапамозе компасу й мапы я высьветліў, дзе мы знаходзімся. Тры хлопцы з кухні маліліся на каленях на сьнезе, бо былі добрымі каталікамі. Яны запрапанавалі й мне далучыцца да іх, але я сказаў, што памалюся, калі мы пярэйдзем мяжу. Затым мы рушылі й хутка перабягалі адкрытыя месцы. У небе сьвяціў і адлюстроўваўся на сьнезе поўны месяц, і я баяўся, што нас лёгка будзе заўважыць. Аднак ў нас не было ніякага выбару й мы мусілі йсьці далей. Мы прашпацыравалі, можа, дваццаць пяць, а то й трыццаць кілямэтраў, што даволі шмат, калі ўлічыць, які быў сьнег і мароз. Я думаю, мароз быў нам нават на карысьць, бо ён прымушаў нас рухацца, як мага хутчэй, каб сагрэцца. Недзе каля шасьці раніцы мы вырашылі спыніцца. Толькі мы выбралі шчыльна парослае лесам месца, як пачаў ісьці сьнег. Гэта было вельмі дарэчы, бо сьнег мусіў схаваць нашыя сьляды. Мы прытуліліся пад некалькімі елкамі й менавіта паспрабавалі паесьці, бо ежа замерзла й мы павінны былі скрабсьці сыр і хлеб зубамі й глытаць сьнег у якасьці вадкасьці. Надышоў дзень, і мы чулі, як абуджаюцца жывёліны на ферме паблізу. Недалёка чутныя былі чалавечыя галасы. Мы мусілі перачакаць у лесе, пакуль ноч не дазволіць нам рушыць далей. Сядзець пад дрэвамі ў саракаградусны мароз было няпроста. Мы павінны былі ўвесь час рухацца й не дазваляць сабе заснуць. На той момант я ня мог сабе ўявіць, што мы здолем ісьці яшчэ адну ноч без патрэбнага адпачынку. Мы вырашылі адпачываць па чарзе — па два за раз — па дваццаць хвілінаў. Глыбока ў сьнезе мароз падаваўся не такім моцным, а вецер быў лёгкім, бо сховішча нашае было зарослае дрэвамі. Ногі ў нас намоклі й зусім зьмерзьлі. Мы стараліся пастаянна рухацца, каб не замерзьці да сьмерці. І дзень цягнуўся вельмі-вельмі доўга, пакуль надышла ноч. Я сплянаваў, як мы дабяромся да савецкай мяжы. Я вырашыў, што мы знойдзем якое-небудзь гумно альбо іншае месца, дзе можна будзе схавацца, каб сагрэцца й высушыць адзежу, ды й пазьбегнуць абмаражэньня ўвогуле. Мы рушылі хуткай хадой і прайшлі недзе каля трыццаці кілямэтраў. Я зьдзівіўся таму, колькі ў нас было энергіі, бо нас, відавочна, не перакормлівалі ў лягеры. Мы йшлі ўсю ноч. Мы нічога ня елі й не пілі, але ўсё ж такі мы былі здольныя шпарка йсьці. Нягледзячы на фізычную стому, нейкая энергія дапамагала нам перастаўляць ногі. Эмацыйны ўздым быў, відаць, той моцай, што рухала намі. Мы йшлі насустрач сваёй свабодзе. Я пачуваўся такім вольным, што быў гатовы крычаць ці сьпяваць. Недзе каля пяці раніцы мы наблізіліся да вялікага хлява. Дзьверы былі адчыненыя, і мы зайшлі ўнутр. Мы ўзьлезьлі на самы верх, дзе трымаліся салома й сена для скаціны. У загоне было так цёпла й прыемна. Мы падаілі недзе зь пяць кароў, і, мне здаецца, нішто ніколі ў маім жыцьці не было смачнейшым за тое малако. Мы зашыліся глыбока ў сена й хутка заснулі. Празь нейкі час мы пачулі галасы ўнізе. Гэта работнікі зь фермы прыйшлі, каб выканаць свае ранішнія абавязкі: дзяўчаты — падаіць кароў, а хлопцы — пачысьціць стайні. Я пачуў, як адна зь дзяўчат сказала па-нямецку, што ў каровы няма малака. Нехта з хлопцаў заўважыў, што, пэўна, нейкая жывёла прыходзіла ноччы й высмактала малако. Дзяўчына адказала, што ніколі ня ведала, што нешта накшталт можа здарыцца. Мяне дужа забаўляла слухаць разважаньні некаторых дзяўчат пра тое, чаму ў некалькіх кароў не было малака. Потым мы замерлі, бо той-сёй з хлопцаў палез зь віламі наверх, каб скінуць крыху сена скаціне на корм. Вось цяпер сапраўды трэба было маліцца. Дзесяць-пятнаццаць хвілінаў яны скідалі сена, і, дзякаваць Богу, ніхто з нас ня быў праколаты. Яны спусьціліся, пакармілі кароў і пакінулі нас, нарэсьце, у спакоі. На працягу дня яны ўвесь час то заходзілі, то выходзілі — ажно пакуль не надышла ноч. Гэна была яшчэ адна марозная ноч, але мы, прынамсі, адпачылі й добра пачуваліся. Мы ўзнавілі наш паход і нават сьвісталі ад задавальненьня, бо ведалі, што праз два дні апынемся на савецкай мяжы. Сьнег валіў усю ноч, а на раніцу да таго ж не знайшлося ні ляску, ні хлява, дзе можна было б схавацца. Калі мы падышлі да рачулкі з высокімі берагамі, сьнег перастаў. Мы вырашылі спыніцца тамака, пад берагамі. Вада ў рацэ была вельмі сьцюдзёнай, а плынь хуткай. Але ў нас быў хоць нейкі прытулак ад ветру, і мы мусілі перажыць яшчэ адзін дзень. Каля дзевяці мы пачулі стрэл — такі моцны для ранічнай цішы. Потым стала ціха й нейкі голас па-нямецку загадаў нам выходзіць з-пад берага з узьнятымі рукамі. Мяне бы маланкай працяла: мы пакінулі сляды на сьнезе. Я меркаваў, што стрэл быў зроблены з паляўнічай двухраднай стрэльбы й там меўся цяпер толькі адзін патрон. Я сказаў астатнім, што ўсё гэта выдае на канец, але я паспрабую дамовіцца. Я выйшаў. Паляўнічы, гатовы да стрэлу, стаяў недзе футах у сарака ад мяне. Астатнія выходзілі, пакуль я размаўляў зь ім. Я даводзіў яму, што, паколькі ў яго толькі адзін стрэл, ён можа забіць толькі аднаго з нас, але астатнія ўчыняць расправу над ім. Я сказаў, што мы не злачынцы, а ваеннапалонныя, якія йдуць сабе дадому. Я папярэдзіў яго, каб ён не падштурхоўваў нас да скрайніх мераў, і не ствараў сытуацыі, якая зашкодзіць яму самому. Ён апусьціў стрэльбу, але заўважыў, што, хаця ён і пойдзе зараз, але рана ці позна нас зловяць. Ён павярнуўся й пайшоў прэч. Я разумеў тады, што нашай свабодзе надышоў канец. Мы апынуліся ў атачэньні фермаў і дарог, па якіх езьдзяць як сяляне, так і паліцыя. Адзіная надзея была, што гэны паляўнічы не данясе на нас. Зь цяжкім сэрцам я чакаў ночы. Сэрца маё балела, але не было ўшчэнт разьбітым. Я вырашыў, што калі мы будзем уцякаць наступным разам, мы ўжо апранемся ў цывільнае. Гэта мела б горшыя пасьледствы для нас, у выпадку, калі б нас злавілі, але рызыкаваць было варта, бо я ўжо ня мог бы трываць палон. Недзе праз гадзіну на адлегласьці пачуліся крыкі. Гукі ўсё набліжаліся й набліжаліся, і я зразумеў, што паляўнічы сапраўды данес на нас. Празь дзесяць хвілінаў нас абкружылі фермеры з гаспадарчымі прыладамі й жандары зь вінтоўкамі й у шаломах. Нам загадалі выходзіць з узьнятымі рукамі. Гэным разам я ўжо не адчуваў ніякага адчаю. Я ведаў, што гэта апошні раз, калі я падымаю рукі ўгору. Я быў упэўнены, што аднойчы я атрымаю свабоду. Мы паціху выходзілі са свайго сховішча й паварочваліся тварамі да жандараў. Адзін зь іх пачаў біць нас. Тады я закрычаў па-нямецку, што мы ваеннапалонныя, захопленыя ў ваеннай форме, і знаходзімся пад пратэкцыяй Жэнеўскай канвенцыі. Я сказаў, што яны мусяць адправіць нас назад у лягер і карміць па дарозе. Жандар зьдзіўлена зірнуў на мяне. немцы вельмі добра ведалі ўсялякія правілы й прадпісаньні. І хаця яны, магчыма, ніколі ня чулі пра Жэнеўскую канвенцыю, яны ўсё ж такі кінулі зьбіваць нас. Іхны камандыр падышоў да нас, паведаміў, што яны будуць пратрымлівацца Жэнеўскай канвенцыі, але мусяць абшукаць нас. Гэта быў даволі непрафесійны вобыск. Яны праверылі нашыя торбачкі й хутка прабегліся рукамі па целах. Моўчкі яны павялі нас у паліцэйскі пастарунак у бліжэйшай вёсцы. Яны прынесьлі нам хлеба й малака й былі даволі ветлівымі. Мае хітрыкі з Жэнеўскай канвенцыяй, здаецца, спрацавалі. Мы паведамілі, зь якога лягеру ўцяклі, і праз палову гадзіны нас у крытым грузавіку адправілі ў шталяг 1А. Мы ўбачылі вароты лягеру яшчэ здалёк. Але тое, што я адчуваў тады, было ня роспаччу, а цьвёрдым намерам у рэсьце рэшт зьбегчы адтуль назаўсёды. Мы ўвайшлі ў вароты й былі накіраваныя да камэнданта. Тамака ўжо быў Вова. Ён хутка падышоў да мяне й папрасіў вярнуць компас і мапы. Я запіхнуў іх яму ў кішэню. Мы выцягнуліся па струнцы, калі камэндант наблізіўся да нас, але пазіралі на яго даволі дзёрзка. Нейкі час ён проста ўглядаўся ў нас. Ён быў высокім і хударлявым, зь сівымі валасамі й разумным тварам. Ён не выдаваў на прафэсійнага салдата і, відаць, быў прызваны ў армію. На ім была форма Вермахту (узброеных сілаў), і я парадаваўся, што няма прадстаўнікоў СС. Безь ніякай злосьці ў голасе камэндант спытаўся, хто быў завадыром. Якраз калі я зрабіў крок наперад, Косьцік заявіў, што гэта ён быў адказным за ўсё. Камэндант заўважыў, што ня трэба курчыць зь сябе герояў. Яму, маўляў, важна ня тое, хто завадыр, а як мы здолелі зьбегчы. Я адказаў, што не паведамлю ніякіх дэталяў, бо гэта зашкодзіць нашым наступным уцёкам. Я думаю, камэндант быў уражаны маёй мэтанакіраванасьцю. Ён усьміхнуўся й расказаў, што шмат гадоў таму, у Першую сусьветную, таксама быў ваеннапалонным, але здолеў уцячы й быў схоплены. Ён дадаў, што зьбег якраз перад прыпыненьнем баявых дзеяньняў у 1918 годзе і што ён разумее нашыя памкненьні, але гэта быў ягоны абавязак — схапіць нас, і гэтым разам ужо ён пераможца. Я нахабна адказаў, што так, ён перамог, але будзе й наступны раз, і тады ўжо мы пераможам. Немец пажадаў нам удачы і паведаміў, што нас пераводзяць у іншы лягер, на захадзе Германіі. Камэндант таксама дадаў, што, згодна з патрабаваньнямі, мы будзем два дні абыходзіцца бязь ежы й нас будуць муштраваць па чатыры гадзіны на дзень. Камэндант адпусьціў нас, і Вова выйшаў разам з намі. Ён паціснуў нам рукі й сказаў, што захапляецца нашым учынкам. Я падзякаваў яму й паабяцаў, што наступная спроба будзе больш удалай. У лягер мы вярнуліся героямі. Шмат хто з палонных быў уражаны ўжо тым, што мы хаця б паспрабавалі ўцячы. Яны пачаставалі нас ежай і цыгарэтамі, і мы ўвечара бавілі час тым, што сьпявалі й распавядалі пра свае прыгоды. Мы забаўляліся й забыліся на лягер, на вошы й на вечны голад, які мы адчувалі. Назаўтра, а другой гадзіне, пачалася муштра. Мы ня надта пакутвалі праз адсутнасьць ежы, і пакараньне, можна сказаць, сталася вельмі лёгкім. Празь некалькі дзён нас ізноў выклікалі да камэнданта й паведамілі, што нас перавядуць на наступны дзень. Мы вярнуліся ў барак і спакавалі свае пажыткі. Іх было так мала, што выдавала, быццам мы рыхтуемся прыняць ванну, а не зьбіраем усё, што маем. Нас пасадзілі ў грузавік, каб адправіць на чыгуначную станцыю. Ля варотаў я сутыкнуўся зь лекарам зь лягернага лазарэта. Ён сказаў мне, што ведаў пра ўцёкі, але ўважаў гэную справу за вельмі цяжкую, асабліва калі прыняць да ўвагі стан майго здароўя. Лекар пажадаў мне ўдачы. Вова таксама прыехаў на станцыю. Ён параіў мне зьвярнуцца да камэнданта з прапановай супрацоўнічаць зь імі, маўляў, тады я буду мець свабоду перамяшчэньня і мне будзе лягчэй уцячы. Я адказаў, што не магу гэтага зрабіць, бо гэта тое самае, што здацца. Я дадаў, што, спадзяюся, мы назаўсёды застанемся сябрамі й яшчэ сустрэнемся на волі. Нас разьмесьцілі ў вагоне трэцяй клясы. У куце сядзелі яшчэ некалькі ваеннапалонных, але салдаты не дазвалялі нам размаўляць. Пасьля некалькіх гадзінаў перастук рэяк дазволіў мне расслабіцца. Мне было добра й утульна. Я не пачуваўся прыгнечаным і ні аб чым не шкадаваў. Я быў перакананы, што наступным разам усё пройдзе больш пасьпяхова. Мы прыехалі ў Кёнігзьберг і сустрэлі тамака суцэльны гармідар, бо ў вагоны пагружалі танкі. Паўсюль сноўдалі салдаты. Мы чакалі каля дзьвюх гадзінаў, а потым былі пераведзеныя ў іншы цягнік і яшчэ да надыходу ночы накіраваліся на захад. Я ня ведаў, як далёка нас везьлі. Нам не давалі ніякай інфармацыі. Я думаў, што, магчыма, мы рухаемся ў накірунку заходняга фронту. Відаць, нешта перамянілася ў становішчы на ім. Можа, ангельцы ці французы пахіснулі немцаў? Нейкім чынам, менавіта Англія й Францыя былі для нас бастыёнамі дэмакратыі. Мы спадзяваліся, што яны нарэсьце нападуць на немцаў на заходнім фронце. Я думаў, што свабода можа быць вельмі блізкай. Мы ехалі, прыблізна, яшчэ дванаццаць гадзінаў. У рэсьце рэшт мы дасягнулі станцыі пад назвай Бохальт. Я нават не ўяўляў, у якой частцы Германіі гэта знаходзіцца. Нас ізноў пасадзілі ў грузавік і прывезьлі ў новы лягер. Лягер быў гэткім самым, як і шталяг: падвойны дрот, вышкі, баракі і г.д. Нас накіравалі да камэнданта, дзе праверылі імёны й нумары. (Гэтая інфармацыя была запісаная на алюміневых мэдальёнах. Мой нумар быў 5747.) Мы ўвайшлі ў барак, і ягоны стараста коратка растлумачыў нам, што, дзе й як. У кожным бараку быў свой стараста, які быў адказны за раздачу ежы й клопат пра палонных. Ён прызначыў нам саламяныя ложкі на падлозе. Ізноў пацягнуліся манатонныя дні, ажно пакуль аднойчы стараста не спытаўся, ці ня мае хто з нас досьведу працы лекарам. Ён паведаміў, што ім патрэбныя асыстэнты ў лягерным лазарэце, і я адказаў, што вывучаў медыцыну. Канечне, мой досьвед быў абмежаваным й я не пасьпеў дасягнуць майстэрства, але я быў упэўненым у сваіх здольнасьцях. Да таго ж я бачыў, як мая маці працавала ў лячомніцы: брала кроў, рабіла ўколы і г.д. Такім чынам, я стаў санітарам. (Ён мусіў выконваць абавязкі медсястры: дапамагаць лекару рабіць перавязкі, уколы і г.д.) Я атрымаў у лазарэце сапраўдны ложак. Больш ніякай саломы, ніякіх вошай. Адзіны недахоп быў у тым, што я мусіў пакінуць Косьціка ў бараку, але я абяцаў падтрымліваць зь ім сувязь і клапаціцца пра яго. Пачалося новае жыцьцё. У самым пачатку мяне папрасілі зрабіць перавязку. Але пацыэнт скардзіўся на боль, і лекар загадаў зрабіць яму ін’екцыю — 10 мг морфію. Я пахаладзеў. У мяне дрыжэлі рукі. Я не ўяўляў, як гэта робіцца. Я паспрабаваў заставацца спакойным і ўзгадаць, як мая маці рабіла гэта. Я ўсадзіў шпрыц у ампулу, выцягнуў зь яе вадкасьць, Дастаў шпрыц і пырскануў. Я адчуваў, як па сьпіне ў мяне ліецца пот. Пацыэнт глядзеў на мяне ў надзеі, што я ведаю, што раблю. Я сьцягнуў яму парткі, пацёр скуру, крыху пырскануў вадкасьці й зрабіў укол. Нічога дзіўнага — я ж у рэшце рэшт студэнт мэдыцыны! Лекар сказаў, што я магу далучыцца да пастаяннага пэрсаналу і што я буду адказны за харчаваньне. Я пралічыў, што гэта дасьць мне магчымасьць цягаць пакрыху ежу для Косьціка. Праз пару дзён мяне накіравалі на галоўны склад, каб я прынес ежы для 65 ваеннапалонных, якія знаходзіліся тады ў лазарэце. Галоўны лекар, які быў палякам і працаваў пад наглядам лекара-немца, падказаў мне, што ня трэба адразу дакладваць пра сьмерць пацыэнтаў, а чакаць некалькі дзён, каб атрымліваць на іх харчы. Я ня ведаў, наколькі гэта этычна, але прапанова гучала вельмі заманліва. Раз альбо два на тыдзень у мяне зьяўляліся лішкі ежы, якія я аддаваў Косьціку. У мяне самога папраўляўся фызічны стан, я набіраў вагу й, увогуле, пачуваўся вельмі добра. Аднойчы, красавіцкай ноччу, Косьцік прыйшоў наведаць мяне й абмеркаваць уцёкі. Я сказаў, што хаця я й маюся добра, але далучуся да Косьціка ў ягоных плянах. Цяпер нам патрэбны быў час, каб з’арыентавацца. Я ўжо даведаўся, што лягер знаходзіцца на мяжы з Галяндыяй і што толькі ў гэтым накірунку мы можам зьбегчы. Косьцік жа чуў, што немцы шукаюць людзей, якія згодныя працаваць па-за межамі лягеру — на фермах і нейкіх там усталяваньнях. Я сказаў, што гатовы пакінуць сваю працу ў шпіталі, хоць яна мне й вельмі падабаецца, каб узнавіць падрыхтоўку да ўцёкаў. Праз два дні Косьцік прыйшоў да мяне, каб паведаміць, што немцам патрэбныя садоўнікі для аднаго кляштара. Косьцік няшмат разумеў у садоўніцтве, але бачыў, як ягоны бацька працаваў на іхным маленькім лапіку зямлі, і мог паспытаць шчасьця. Я крыху наўчыўся сялянскай працы, калі летам наведваў свайго дзеда, але, што датычыцца садоўніцтва, я ня меў уяўленьня, што да чага. Але калі ім былі патрэбныя садоўнікі, мы маглі выконваць і гэтую працу. У рэсьце рэшт, я стаў студэнтам медыцыны, хаця й не вучыўся ва ўніверсітэце, а садоўніцтва — справа лягчэйшая за лячэньне людзей. Празь некалькі дзён нас выклікалі да камэнданта. Камэндант сказаў, што па Косьцікавых словах, я быў добрым садоўнікам, і што ён хацеў бы даведацца болей пра мой досьвед. Я зманіў, што мой бацька быў садоўнікам у вялікім маёнтку ў Польшчы і што я дапамагаў бацьку, калі быў хлопчыкам. Камэндант загадаў нам быць гатовымі адправіцца ў кляштар нараніцу. Я вярнуўся ў лазарэт і паведаміў лекару, што мяне прызначылі садоўнікам, і ён даў мне дазвол пакінуць шпіталь. Наступная раніца была цёплай і сонечнай. Нас пасадзілі ў грузавік і адправілі ў каталіцкі кляштар, які, як мы пралічылі, знаходзіўся кілямэтрах у трыццаці ад галяндскай мяжы. Нас сустрэў манах, брат Ёзаф, якому было недзе крыху за трыццаць. Я ня мог вызначыць, да якога ордэну ён належаў — магчыма, езуітаў. Ён спытаў, ці маем мы досьвед у садоўніцтве, і мы запэўнілі яго, што так. Мы намякнулі, што калі будзем выконваць сваю працу ня гэтак, як ён чакае, то гэта таму, што мы валодаем іншай тэхнікай, але можам хутка навучыцца. Манах адвёў нас у нашыя пакоі, якія не былі нават зачыненыя! Ён паведаміў нам, што адказвае за нас і ня будзе запіраць дзьверы, але, калі мы надумаем зьбегчы, то ваенныя ўлады спытаюць у першую чаргу з манахаў. Ён папрасіў нас не падкладаць ім такую сьвіньню. Мы запярэчылі, што ня маем ніякіх намераў зьбегчы й вельмі ўдзячныя яму за тое, што ён прыняў нас на працу. Атмасфэра тамака была вельмі мілай і прыязнай. Брат Ёзаф прыносіў нам з кухні ежу, а мы мусілі самі прыбіраць у пакоях, дзе спалі. Мы маглі мыцца й мяняць бялізну. Мы пачуваліся вольнымі людзьмі — на сьвежым паветры, у садох. Набліжанасьць да прыроды абудзіла нас і надала прагу поўнай свабоды. Мэтады нашай працы былі зусім бязглуздымі. Я ня ведаў нават, як карыстацца нажніцамі для абстрыганьня кустоў ці падразаць траву. Брат Ёзаф толькі спагадліва ўсьміхаўся й супакоіў нас наконт таго, што мы можам застацца, нават калі ня ёсьць садоўнікамі. Мы зразумелі, што вытрымалі іспыт і маем цяпер усе шанцы зьбегчы. Мы прызначылі ўцёкі на адзінаццатае траўня. Цяпер дастаць усе неабходныя прыстасаваньні не было для нас праблемай. Мы здабылі мапу й компас, а да мяжы трэба было йсьці толькі адну ноч. Усё было выключна проста. Але раптам мы пачалі заўважаць, што непадалёк ад нас канцэнтруецца вялікая колькасьць узброеных сілаў. Нават каля кляштара была разьмешчаная рота. Мы ніяк не маглі даўмецца, што адбываецца. Можа, ангельцы ці французы меліся атакаваць? Дзесятага траўня раніцай мы прачнуліся й пачулі па радыё, на кухні ў кляштары, што нямецкія войскі перайшлі мяжу з Галяндыяй і пасьпяхова рухаюцца на захад бяз значнага супраціву. Маё сэрца ёкнула. Можа, гэта была памылка? Няўжо ж яны сапраўды напалі на Галяндыю і Бельгію, якая захоўвала нэйтралітэт? І можа, ангельцы й французы хутка выганяць іх адтуль? Аднак зводкі па радыё рабіліся ўсё больш пэсымістычнымі. За адзін дзень немцы здолелі акупаваць амаль палову краіны. Я не магу зараз узгадаць дакладныя даты падзеяў, але, здаецца, за тыдзень яны акупавалі Бельгію, перайшлі мяжу паўночнага фронту, мінулі славутую лінію Мажыно (пра якую французы казалі, што яе нават птушка ня здолее пераляцець) і, нягледзячы на нэйтралітэт, прамаршыравалі праз Бельгію. Фронт здаўся за тры тыдні. Ангельскія экспедыцыйныя войскі вярталіся ў Англію. Вайна на заходнім фронце, здаецца, скончылася. Немцы кожны дзень перадавалі па радыё навіны пра свае посьпехі. Спачатку мы думалі, што гэта магла быць прапаганда, але брат Ёзаф паведаміў нам, што немцы акупавалі паўночную частку Францыі, а Парыж быў абвешчаны адкрытым горадам. Французы вырашылі ўтварыць у Вішы ўрад, які мусіў супрацоўнічаць зь немцамі, і такім чынам уратаваць астатнюю частку Францыі ад акупацыі. Нашая мара была разбураная. Была ўжо сярэдзіна траўня, а мы пачуваліся зусім зьбянтэжанымі. Мы ведалі, што трапіць з Заходняй Германіі ва Ўсходнюю — задача ня зь лёгкіх, але мы не зьбіраліся адмаўляцца ад сваіх плянаў, толькі не ўяўлялі, як іх рэалізаваць. Аднойчы да нас ізноў прыйшлі нямецкія агенты, якія запрапанавалі нам далучыцца да іх. Яны сказалі, што нашае жыцьцё мала чым будзе адрозьнівацца ад таго, што мы маем, але мы будзем лічыцца вольнымі, насіць цывільную вопратку й мець пасьведчаньне асобы, дзе нас пазначаць як замежнікаў. Ня будзе ніякіх зьнешніх знакаў, што мы ваеннапалонныя, і ў нас будзе больш свабоды. Яны запэўнілі нас, што мы будзем пераведзеныя ў Польшчу, у спецыяльны лягер для ваеннапалонных у Торуні, які быў далучаны да Германіі. Мы пераглянуліся. Торунь знаходзіцца ў Польшчы, і ў нас будзе больш шанцаў уцячы. Безь ніякіх ваганьняў мы падпісалі пагадненьне супрацоўнічаць зь немцамі. Нам сказалі, што калі нас перакінуць у Торунь, тамака нам дадуць пасьведчаньні асобы, зробяць праверку на надзейнасьць і г.д. Але мы не зьбіраліся чакаць да Торуня, бо мы спадзяваліся зьбегчы значна раней. Неяк у ліпені нас, разам зь іншымі ваеннапалоннымі — усе ў польскай уніформе — пагрузілі ў вагоны для скаціны. Летам ехаць у вагонах для скаціны было й ня так ужо жахліва. Нас прыстойна кармілі, і мы спыняліся на розных станцыях, дзе маглі памыцца й набраць вады. Нарэсьце, мы прыехалі на польскую мяжу. Польшча не была нашай радзімай, але, калі мы пабачылі гэтую славянскую зямлю, зь ейнымі вёскамі, хутарамі, гаспадаркамі, значна бяднейшымі за нямецкія фермы й менш разьвітымі ў тэхнічным пляне, усё падалося нам такім знаёмым і блізкім. Мы прыбылі ў Торунь і былі накіраваныя ў лягер пад назовам Форт Хэрман фон Зальца. Мы ўвайшлі ў вароты, і ў мяне ёкнула сэрца: у лягер былі зямлянкі, ён быў умацаваны высокімі сьценамі з калючым дротам наверсе й кішэў нямецкімі ахоўнікамі. Мы з Косьцікам пераглянуліся. Мы абодва былі зьдзіўленыя й расчараваныя, але, прынамсі, мы знаходзіліся на «нашай» тэрыторыі. Лягер разьмесьціўся на заходнім беразе ракі Вістулы, і калі б мы здолелі ўцячы, здабыць цывільную вопратку, мы маглі б згубіцца сярод польскага насельніцтва, якое, мы спадзяваліся, добра паставілася б да нас. Але як жа ж нам выбрацца зь лягеру? Памяшканьні, дзе мы мусілі жыць, знаходзіліся на ніжэйшым узроўні. Тамака не было натуральнага сьвятла — толькі электрычныя лямпачкі,— і спаць нам трэба было на саламяных матрацах. Лягер быў перапоўнены, і большасьць палонных былі палякамі. Таксама меліся тамака брытанцы з Экспедыцыйных войскаў, бельгійцы, французы й галяндцы. Гэта была сапраўдная інтэрнацыянальная грамада, і мне было вельмі цікава сустрэць прадстаўнікоў іншай культуры. У адрозьненьне ад палякаў, ангельцы, французы, бельгійцы й галяндцы атрымлівалі дапамогу ад Чырвонага Крыжа, якую дасылалі з Англіі. Ім прыходзіў чакаляд, цыгарэты, бялізна, мыла для галеньня, тытунь і г.д. Упершыню ў жыцьці я пашкадаваў, што вывучаў не ангельскую й не французскую мовы, бо апошнія адкрылі б мне зусім іншы сьвет. Хаця я не губляўся, спрабаваў вучыцца й камунікаваць з астатнімі палоннымі. Празь некалькі дзён мы з Косьцікам пачалі вывучаць мясцовасьць, каб сплянаваць уцёкі. Мы агледзілі высокія сьцены й пралічылі, колькі нам спатрэбіцца папругаў ці вяровак, каб пералезьці празь яе. Шанцаў на гэта, здаецца, ніякіх не было. Другая праблема была знайсьці цывільную вопратку. Мы былі поўнасьцю ізаляванымі ад навакольнага сьвету. Аднойчы, калі я стаяў у чарзе на кухні, я падслухаў, як адзін палонны казаў, што яму праз Чырвоны Крыж даслалі вопратку. Да мяне таксама даходзілі чуткі, што ў брытанцаў мелася арганізацыя, якая дапамагала палонным уцякаць. Мы пачалі разглядацца й шукаць сувязяў. Брытанскія ваеннапалонныя мелі ўласных камандзіраў, якіх вельмі паважалі, і стараліся рабіць усё, каб атрымліваць ад немцаў тое, што было належным. Да таго часу я ўжо ўмеў крыху па-ангельску й аднойчы наважыўся падысьці да брытанскага афіцэра. Я паведаміў яму, хто я такі, як спрабаваў зьбегчы са шталягу 1А, і што пляную зь сябрам новыя ўцёкі. Магчыма, афіцэр не зразумеў усяго, што я распавёў на сваёй беднай ангельскай мове, але ён убачыў маю рашучасьць зьбегчы. Я папрасіў яго параіць, з кім можна зьвязацца, каб атрымаць дапамогу. Афіцэр пачаў распытваць мяне пра маё мінулае, нямецкую сыстэму, жыцьцё ў нямецкім лягеры й г.д. Я запэўніў брытанца, што ён можа мне давяраць, і мы дамовіліся абмяняць колькі ежы на цывільную вопратку. Афіцэр папярэдзіў мяне, што ўцякаць з гэтага лягеру даволі рызыкоўна й што разумней было б напрасіцца на нейкую працу й тады паспрабаваць зьбегчы. Неўзабаве, напрыканцы ліпеня, да нас прыйшлі немцы й паведамілі, што шукаюць пяць чалавек, якія хацелі б чысьціць туалеты нямецкіх войскаў. Гэта была ня вельмі прыемная праца, але, прынамсі, па-за лягерам. Мы ледзь не падскочылі ад радасьці й сказалі, што пагодзімся чысьціць туалеты, калі яны нам будуць даваць больш ежы. Немцы адказалі, што павялічаць паёк хлеба й цыгарэтаў, калі мы будзем старанна працаваць. Мы запэўнілі іх, што ёсьць сапраўднымі знаўцамі ў чыстцы туалетаў, ня кажучы ўжо пра садоўніцтва, медыцыну й гандаль гадзіньнікамі. На наступны дзень, а дзевятай раніцы, нас, разам з трыма іншымі палоннымі, накіравалі чысьціць туалеты. Мы сьвісталі й сьпявалі, як быццам бы нам насамрэч падабаліся нашыя абавязкі. Нам трэба было заваяваць давер немцаў, паказаць, што мы надзейныя хлопцы, і таму мы вызваліся рабіць і іншыя рэчы, кшталту мыцьця падлогі, бялізны, чысткі ботаў. Мы рабілі ўсё магчымае, каб як мага даўжэй не вяртацца ў лягер. Мы здолелі ўцерціся немцам у давер і сталі сачыць за іхным перамяшчэньнем. Мы заўважылі, што яны спачатку йдуць пяцьдзесят-семдзесят мэтраў у адзін бок, а потым — столькі ж у другі. Таксама мы атрымалі магчымасьць агледзець навакольле й заўважылі, што недалёка ад Вітулы — дрыгва й нізіна, парослая кустамі й густым падлескам. Яшчэ мы разгледзелі, што наўкола поўна кустоў, а само месца агароджанае нізкім плотам. За плотам была брудная дарога, якая вяла да Вістулы. Згодна з нашым плянам, мы павінны былі апрануць цывільную вопратку пад уніформу, потым зьняць апошнюю й пайсьці ўздоўж плоту да ракі пад выглядам цывільных. Мы прызначылі ўцёкі на восьмае жніўня. Нам здавалася, што гэта вельмі хутка, але мы ня ведалі, як доўга нам прыдзецца працаваць на вайскоўцаў. Мы паведамілі астатнім тром палонным пра свае намеры, бо лічылі, што ня можам кінуць іх, і яны вельмі ўзрадаваліся пэрспэктыве вызваліцца. Мы здабылі цывільную вопратку й раніцай восьмага апранулі яе пад уніформу. Мы выглядалі крыху раздутымі, але ў нас не было выбару. А дзевятай гадзіне нас пастроілі ля варотаў, і ахоўнік праверыў кожнага з нас. Мне здавалася, што я перастаў дыхаць, але спрабаваў усьміхацца, каб быць натуральным. Але чым больш я стараўся, тым горш у мяне атрымлівалася. Аднак нічога ня здарылася, і нас вывелі з варотаў. Мы пачалі працаваць. Мы вызначылі, што паспрабуем сысьці недзе каля пяці вечара, таму што будзе яшчэ дастаткова сьветла, каб бачыць дарогу, але ўжо блізка да ночы. Мы ўсьведамлялі, што пяці чалавекам будзе цяжка зьбегчы адначасова, і таму вырашылі падзяліцца на дзьве групы. Тры хлопцы, якія ўжо пасьпелі стаць нашымі сябрамі, мусілі сыходзіць першымі. Мы з Косьцікам павінны былі працягваць працаваць і далучыцца да нашых прыяцеляў, калі надарыцца нагода. Каля чатырох мы ўжо былі гатовыя йсьці, але нямецкі афіцэр замінаў нам, бо якраз падаўся ў глыб лягеру, каб пазагараць. Праз колькі хвілінаў, праўда, ён кінуў гэную справу, і я даў хлопцам знак, каб яны йшлі. (Яны павінны былі перабрацца за кусты й рухацца ў паўднёвым накірунку, а мы б пайшлі ў паўночным.) Хлопцы сыйшлі, і якраз вярнуўся ахоўнік. Мы пачалі мітусіцца, хадзіць туды-сюды — рабіць выгляд, што старанна працуем. Ахоўнік ізноў пакінуў нас, і тады мы пераскочылі праз кусты, за секунду скінулі ўніформу, закінулі яе пад кусты. Потым мы пралезьлі пад дротам і выбраліся на дарогу. Адразу ж мы пабачылі двух нямецкіх капралаў, якія ехалі да лягеру на раварах. Калі немцы міналі нас, мы ўскінулі рукі, каб адсалютаваць. Капралы таксама павіталі нас і паехалі далей. Была ўжо палова на пятую, і недзе каля пяці, мы думалі, нашая адсутнасьць мусіць быць заўважаная. Мы паскорылі хаду, дасягнулі кустоў, якія былі вельмі калючымі й падрапалі нам усе рукі й ногі. Потым мы пайшлі па дрыгве, і ногі нашыя зацягвала на тры-чатыры футы. Раптам мы пачулі, як у лягеры завішчэлі сірэны, і вымушаныя былі залегчы ў балота, так што ў нас тырчэлі толькі раты й насы, каб можна было дыхаць. Мы замерлі ў чаканьні. Часам мне здавалася, што дрыгва мяне заглыне. Я ўзгадаў гісторыі пра балоты ў нас дома, як людзі й коні зьнікалі тамака, бо ў балотаў, быццам бы, няма дна. Я баяўся, што ўжо ніколі ня выберуся. Я чуў, як на пэўнай адлегласьці крычаць немцы, але яны рухаліся ў адваротным накірунку. Час ледзь цягнуўся. Нарэсьце апусьцілася цемра, і наўкола стала ціха й мірна. Я ня ведаў, колькі ўжо было часу, бо мой гадзіньнік сапсаваўся. Мы вылезьлі з дрыгвы, памылі потым нашую вопратку ў рацэ й рушылі ўзжоўж яе, пазьбягаючы дарог. Перад сьвітанкам мы трапілі на нейкі хутар. Мы зазірнулі ў хлеў, узялі нейкія сельскагаспадарчыя прылады й закінулі іх на плечы, каб выдаваць на сялян, якія йдуць на працу. Празь нейкі час мы наблізіліся да яшчэ адной гаспадаркі, дзе пачулі польскія галасы. Мы падышлі да гэных людзей і спыталіся, ці не патрэбныя ім працоўныя рукі. Гаспадар адказаў, што яму якраз патрэбныя работнікі, каб пакласьці проса ў гумно. Мы падумалі, што без праблем маглі б пабыць сялянамі, і пагадзіліся. Калі мы працавалі, да нас у гумно прыйшла дачка гаспадара — пекная дзяўчына гадоў дваццаці, са сьветлымі валасамі й блакітнымі вачмі. Яна спыталася, ці не патрэбная нам дапамога, і я адкрыўся ёй, што мы ваеннапалонныя, уцекачы, і што нам трэба дабрацца да мяжы. Дзяўчына папярэдзіла нас нікому пра гэта не казаць, асабліва ейнаму бацьку, бо ўсе баяцца быць пакаранымі немцамі за дапамогу ўцекачам. Дзяўчына паабяцала нам, што папросіць бацьку наняць нас, і тады ў нас будзе дастаткова ежы, каб зьдзейсьніць свае пляны. Яна пайшла, а празь некаторы час вярнулася й паведаміла, што ўсё атрымалася. Мы шмат у гэны дзень працавалі й добра пад’елі. Блізка да вечару дзяўчына паведаміла нам, што ўсё ў парадку, а яшчэ, што на большасьці хутароў і ў большасьці вёсак жывуць палякі, якія ненавідзяць немцаў. Яна дала нам адрэсы й імёны вяскоўцаў, якія маглі б нам дапамагчы, і паказала, дзе можна пераплыць Вістулу, якая была пад наглядам немцаў. Яна сказала таксама, як клічуць паромшчыка, які б мог нам даць човен пераплысьці раку. Мы падзякавалі дзяўчыне й рушылі далей. Мы йшлі ўдзень, падраблялі ў якасьці батракоў, а калі дайшлі да пераправы на Вістуле, растлумачылі паромшчыку, што нам трэба. Ён паабяцаў, што ноччы перавязе нас у маленькім чоўне на ўсход. Такім чынам, гэнай ноччу мы перасеклі Вістулу. Паромшчык высадзіў нас на другім беразе, пажадаў удачы й загадаў вяртацца назад з саветамі, каб тыя вызвалілі ягоную краіну. Мы рухаліся далей, да савецкай мяжы, да якой, як мы думалі, было кілямэтраў трыста-чатырыста. Мы йшлі на ўсход па ўскраінах і пазьбягалі вялікіх гарадоў. Мы станавіліся ўсё больш і больш нядбайнымі ў гэным паходзе праз Польшчу, і на адным хутары сын гаспадара нагадаў нам, што мы мусім быць больш асьцярожнымі. Ён паведаміў нам, што шмат у якіх раёнах немцы ўзмацнілі вышук уцекачоў і польскіх падпольшчыкаў. Ён таксама дадаў, што немцы могуць без папярэджаньня праверыць, ці маем мы дазвол вандраваць. Мы пачуваліся такімі вольнымі на прыродзе, без агароджы й ахоўнікаў, што занадта расслабіліся. Папярэджаньні хлопца вярнулі нас да рэчаіснасьці, і мы ўспомнілі, што знаходзімся ў вышуку й нас могуць злавіць. Мы распыталі хлопца пра сытуацыю ў Польшчы, а ён нас — пра тое, як немцы ставіліся да нас у лягеры. Хлопец распавёў нам, што немцы стварылі ў Польшчы часовы ўрад, які меў пэўную адміністратыўную ўладу ў гарадох і вёсках, але насамрэч гэта не яны, а ўсемагутныя СС, у чорных кашулях, і СА, у рудых, трымалі Польшчу пад залезнай пятой. Але палякі аказаліся вельмі патрыятычнымі й не здаліся так хутка, як на тое спадзяваліся немцы. Таксама палякі мелі вельмі моцны й добра арганізаваны падпольны рух, які называўся Армія Краёва. Калі немцам удавалася схапіць падпольшчыкаў, іх адразу адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя лягеры. Але, незалежна ад гэнага тэрору, польскі народ заставаўся перакананым, што ён ня прыме нямецкай акупацыі, і верыў, што ў рэсьце рэшт ангельцы прыкладуць больш намаганьняў у барацьбе з фашыстамі й, разам з французамі, перамогуць іх. Хаця хадзілі чуткі, што ангельцы й французы адступаюць і што хутка й сама Англія будзе акупаваная. Атрымаць жа дакаладную інфармацыю было вельмі цяжка, бо немцы забаранілі друк і кантралявалі афіцыйнае радыё. Але, незалежна ад таго, чуткі гэна былі альбо праўда, сытуацыя сапраўды заставалася напружанай, і мы сталі паводзіць сябе больш асьцярожна. Дзень пры дні мы йшлі хуткай хадой і нарэсьце дасягнулі Варшавы. Мы абмінулі горад і прабавілі вечар у хляве, недалёка ад мяжы. Гаспадар даў нам ежы й пакінуў нас у спакоі. Мы размаўлялі пра тое, як спраўдзім свае мары, калі дайдзем дадому. Косьцік гаварыў пра тое, як пойдзе вучыцца на інжынера, а я — на лекара. Ноччы я прысьніў сябе студэнтам, які плённа працуе, атрымлівае дыплом, а потым — пасаду лекара. Я бачыў сваю маці, зь ейнымі карымі вачмі. Як яна падахвочвае мяне й просіць ніколі не здавацца, якой бы цяжкой ні падавалася справа. Нараніцу Косьцік сказаў мне, што я размаўляў у сьне пра розныя там школы, лячомніцы, пра маці й бацьку, і мой сон ізноў вярнуўся да мяне. Мне стала так хораша, я пачуваўся такім бадзёрым. Гаспадар пакарміў нас, даў тое-сёе ў дарогу й сказаў, што да савецкай мяжы трэба йсьці яшчэ, прыкладна, дзень. Але ён таксама паведаміў нам, што, па чутках, мяжа зачыненая й абмен палоннымі прыпынены. Каб трапіць на той бок, трэба прайсьці спецыяльную праверку. Ён падкрэсьліў, што гэта ўсяго толькі чуткі, але мы ўсё ж такі мусім іх ведаць. Мы падзякавалі яму за гасьціннасьць і паабяцалі, што калі Польшча й Беларусь будуць ізноў вольныя, мы вернемся, каб расплаціцца за ягоную дабрыню. Мы пакінулі ягоную гаспадарку зь віламі й косамі ў надзеі, што выдаем на звычайных сялян. Недзе кілямэтраў праз тыццаць мы падышлі да ўзгорка, зь якога ўжо было відаць мяжу. Там, з поўначы на поўдзень, было поўна вышак, якія стаялі праз сотню мэтраў. Мы пайшлі далей і недзе каля шасьці прыйшлі на адзін падворак, зайшлі ў гумно й пачалі абмяркоўваць, што рабіць. Раптам зьявіліся, і надта спужалі нас, дзьве дзяўчыны, якія выдавалі на сясьцёр. Адна зь іх была вышэй, са сьветлымі валасамі, курносым носам, прыгожай, ладнай, але крыху цяжкой, відаць ад працы на зямлі, фігурай. Другая дзяўчына была маладзей, гадоў, можа, сямнаццаці, і не такой пекнай, але з прыемным тварам і цёмнымі валасамі, якія ляжалі на ейнай белай кашулі, на грудзях. Яна здавалася такой мілай, прывабнай, маладой і сьвежай. (Магчыма на той момант усе дзяўчыны й усе грудзі падаваліся мне прывабнымі й спакушальнымі, бо я ўжо зусім згаладаўся.) Дзяўчаты запыталіся, хто мы такія, і мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі й уцякаем ад немцаў. Старэйшая сястра, Ванда, пацікавілася, ці ў польскай арміі мы служылі й, калі так, то ў якім палку. Мы адказалі, што былі ў 42 палку, у 71 дывізіі польскай арміі. Мы распавялі, што нас азялі ў верасьні, што мы адзін раз ужо спрабавалі ўцякаць, але былі схопленыя, і цяпер зьбеглі ўжо ў цывільным, і, калі нас схопяць, то заб’юць. Я паказаў ёй свой мэдальён ваеннапалоннага. Ванда сказала, што верыць нам і спытала пра нашыя пляны. Яна была вельмі разумнай дзяўчынай і хацела вучыцца ва ўніверсітэце. Мы паведамілі ёй, што зьбіраемся перайсьці мяжу й дабрацца дадому. Ванда папярэдзіла нас, што мяжа зачыненая й моцна ахоўваецца й што ўсіх, хто спрабуе перайсьці яе, адпраўляюць на некалькі гадоў у лягеры ў глыб Расеі. Я быў у шоку. Я ня мог паверыць, што саветы так ставяцца да тых, хто ўцякае ад немцаў. Дзяўчына паціснула плячыма й сказала, што проста перадае, што чула сама. Аднак увогуле яна вельмі адмоўна ставілася да пакту, які падпісалі Германія й Савецкі Саюз і такім чынам падзялілі паміж сабой Польшчу. Яна папярэдзіла нас, каб мы не казалі ейнаму бацьку, хто мы такія на самой справе, бо той моцна баіцца немцаў. Тым больш, калі яны западозраць, што ейны бацька хавае ўцекачоў, то яго адправяць ў концлягер. Ванда прапанавала нам і далей маніць, што мы батракі, якія шукаюць працы. Якраз быў час збору ўраджаю, і патрэбная была дапамога ў гаспадарцы. Ванда падкрэсьліла, што праца на палёх, набліжаных да мяжы дасьць нам магчымасьць назіраць за нямецкім патрулём і выбраць найлепшы час для пераходу мяжы. Дзяўчына таксама паабяцала, што пазнаёміць нас са сваім бацькам пасьля вячэры. Увесь час Ванда размаўляла са мной, але глядзела на Косьціка, які быў бландынам і нашмат вышэйшым за мяне. Ён узіраўся ў яе такімі галоднымі вачыма, што гэта, магчыма, уразіла мяне. Я не раўнаваў, але згаладаўся ня менш за яго й мяне таксама ўзбуджала гэтае прывабнае маладое жаночае цела. Я амаль адчуваў пах ейнага поту, і гэты пах быў такім спакушальным, што я ледзь не раззлаваўся на Косьціка за тое, што ён ёй больш падабаўся. Зося, малодшая сястра, была неяк па-дзіцячы больш фрывольнай і больш патрыятычнай. Яна сказала, што яны дапамогуць нам, бо мы, відавочна, героі, якія змагаюцца за свабоду Польшчы. Мне гэта пасавала. Пакуль нам прапаноўвалі дапамогу, я мог пагадзіцца на што заўгодна. Недзе каля шасьці Ванда вярнулася, каб пазнаёміць мяне са сваім бацькам. Калі мы зайшлі ў хату, дзяўчына сказала, што я шукаю працу дзеля ежы й начлегу й, магчыма, пары злотых у дзень. Ейны бацька спытаўся, ці зь сялянскай сямьі я паходжу. Я запэўніў яго, што дапамагаў свайму дзеду па гаспадарцы, ведаю ўсё, што ад мяне патрабуецца, асабліва пры зборы ўраджаю. Гаспадар пагадзіўся наняць мяне й сказаў, што я магу есьці зь імі ў хаце, але спаць мушу ў гумне. Пакуль я еў і размаўляў з гаспадаром, Ванда пайшла аднесьці Косьціку паесьці. Дзяўчына зьнікла на даволі працяглы час, і я здагадваўся, што тамака адбываецца, а таму не сьпяшаўся вяртацца назад. Я папрасіў Зосю паказаць мне гаспадарку ў надзеі пабачыць, што адбываецца на мяжы. Так мы гулялі каля гадзіны. Калі сьцямнела, мы з Зосяй наблізіліся да гумна, і я кашлянуў і моцна загаварыў у знак папярэджаньня. Выйшла Ванда, і мне падалося, што яна зачырванелася — і ня ведаю, што гэта было: захад сонца, альбо дзяўчына засаромелася. Ейныя валасы зблыталіся й спадніца была крыху зблочанай. Мы моўчкі мінулі адзін аднаго. Дзяўчаты вярнуліся дахаты. Косьцік ляжаў на сене, углядаўся ў столь і ўсьміхаўся. Я нічога не пытаўся ў яго, але моцна раўнаваў. Нараніцу гаспадар загадаў мне ўзяць каня й запрэгчы яго ў брычку. Я вельмі разгубіўся, бо ў іх была іншая сыстэма, чым у нас у Беларусі, і я ня мог даўмецца, як гэта зрабіць. Калі я нарэсьце, здавалася, прыстасаваў вупраж, і гаспадар сказаў: «Но! Пайшоў!» — конь рушыў, але брычка засталася стаяць, як і раней. Гаспадар пагляздзеў на мяне й сказаў: «Я думаў, што ты селянін». Тады я пачаў запэўніваць яго, што ў нашай мясцовасьці проста іншая сыстэма. Гаспадар паверыў мне, паказаў, як трэба запрагаць, і мы паехалі. Я спытаўся, што гэна за вышкі ў далечыні, хаця й ведаў дакладна, што тамака мяжа. Селянін адказаў, што гэна савецкія кантрольныя вышкі й паўтарыў усё, што Ванда паведаміла нам раней. Я пацікавіўся, каму можа спатрэбіцца пераходзіць мяжу, і ён адказаў, што шмат хто з палякаў лічыць, што гэта адзіны шлях уцячы ад немцаў, але ён асабіста ўпэўнены, што раней ці пазьней паміж Германіяй і Савецкім Саюзам таксама пачнецца вайна. Я старанна працаваў, але здолеў заўважыць, што нямецкі патруль, у складзе двух-трох чалавек, ходзіць па сьцежцы, якая знаходзіцца ярдах у стах ад мяжы. Немцы паводзілі сябе даволі разьняволена, нават спыніліся, каб павітаць нас і пагутарыць. Я зразумеў, што мы можам скарыстаць гэта на сваю карысьць. Я агледзеў і другі бок мяжы, каб даведацца, якім чынам яна ахоўваецца, але ня здолеў пабачыць шмат. Наўкола было поўна кустоў, і яшчэ я заўважыў, што перад мяжой ёсьць разараная плугам лінія. Я спытаў селяніна, што гэна такое, і ён адказаў, што саветы разаралі зямлю, каб адразу пабачыць, калі хто захоча перайсьці мяжу. Лідэрства не заўсёды аплочваецца па заслугах. Косьцік бавіў час у кампаніі Ванды, а я мусіў мірыцца з гэтым, таму што маё жаданьне ўцячы было мацнейшым за сэксуальныя памкненьні. На другі дзень, пасьля вячэры, я сказаў Зосі й Вандзе, што мы мусім ісьці. Ванда хацела, каб мы пабылі яшчэ колькі дзён. Косьцік таксама пачаў даводзіць, што мы не павінны сьпяшацца, а мусім лепш азнаёміцца зь мяжой. Я запярэчыў, што ўжо дастаткова добра вывучыў яе і што мы павінны сысьці а дзясятай вечара. Косьцік вельмі добра ведаў мяне й разумеў, што я не зьмяню свайго рашэньня, і пагадзіўся. Пазьней ён прызнаўся мне, што ўпіраўся, бо яго прываражыла Ванда, і ён хацеў правесьці яшчэ хаця б дзень зь ёй пасьля такой галадухі. Дзяўчаты выйшлі, каб прынесьці крыху ежы, і потым вярнуліся разьвітацца. Ванда даволі страсна разьвіталася з Косьцікам, а Зося зачырванелася, падышла да мяне й сказала, што ганарыцца тым, што сустрэла мяне, і прызналася, што яна ледзь не закахалася ў мяне. Яна пяшчотна пацалавала мяне, і я сумеўся, бо яна была ўжо не дзіцём, але яшчэ й не дзяўчынай. Гэта разварушыла мае пачуцьці — я згроб яе ў ахапак, моцна сьціснуў, пацалаваў у шчаку й выйшаў. Мы з Косьцікам апынуліся адны ў цемры й пачалі павольна рухацца да мяжы. Мы спыняліся й хаваліся за кожным кустом, які міналі. Каля адзінаццаці вечара футах у трыццаці-сарака ад нас прайшоў нямецкі патруль. Яны размаўлялі вельмі моцна й пачуваліся даволі ўпэнена на сваёй тэрыторыі. Немцы аддаліліся, і мы рушылі далей да мяжы. Калі мы яе дасягнулі, я паведаміў Косьціку пра разору й прапанаваў ісьці задам наперад. Такім чынам, калі разору агледзяць, падумаюць, што гэта нехта ўцёк з Савецкага Саюза ў Польшчу, і за намі ня будзе пагоні. Мы так і зрабілі й, калі перайшлі мяжу, шпарка рушылі далей. Празь некаторы час мы спыніліся, паглядзелі адзін на аднаго й закрычалі, ад радасьці, што йзноў вольныя. Я чуў раней, што людзі, якія вяртаюцца з выгнаньня, укленчваюць і цалуюць родную зямлю. Я заўсёды думаў, што гэна былі рамантычныя выдумкі, але тады мяне настолькі перапаўнялі пачуцьці, што я таксасама прыпаў да зямлі й пацалаваў яе. Гэта была мая зямля. Мая краіна, дзе жыў мой народ. Мы былі ўдзячныя Богу, што апынуліся на свабодзе. Мы вярнуліся ў Беларусь! Разьдзел 3. Свабода? На досьвітку мы прыйшлі на падворак, які стаяў убаку ад дарогі. Мы падышлі да хаты, пагрукалі ў дзьверы й чакалі адказу. У дзьвярах зьявіўся спужаны чалавек і спытаўся, хто мы такія. Мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі, уцяклі ад немцаў і толькі-толькі апынуліся на радзіме. Мы папрасілі яго расказаць нам пра тое, што чуваць у краіне. Селанін паглядзеў на нас і сказаў: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце разам зь імі, каб вызваліць нас!» Я пачуваўся так, як быццам у мяне трапіла маланка. Мы адкрылі раты ад здзіўленьня. Мы не разумелі, што ён кажа. Мы зьбеглі ад немцаў на радзіму, у нашую ўзьяднаную краіну! Дык чаму ж ён загадвае нам пайсьці й вяртацца зь немцамі? Няўжо ён ня ведае, што значыць быць у палоне? Селянін на гэна спытаўся, ці ведаем мы, што такое жыць пад савецкай акупацыяй. Ён параіў нам ісьці прэч, забыцца пра ягоны падворак і трымацца далей ад саветаў. Ён дадаў, што мы зрабілі найвялікшую памылку, калі ўцяклі ў Савецкі Саюз. Мы моўчкі стаялі ля дзьвярэй. Гэта было неверагодна!. Ня можа быць, каб гэта адбывалася з намі! Мы вярнуліся на сваю ўлюбёную радзіму, каб жыць вольнымі й зьдзейсьніць свае мары. І што тутака робіцца?! Я запрапанаваў пайсьці ў Беласток, дзе ў Косьціка была сямья й дзе нам маглі тое-сёе растлумачыць. Мы йшлі вельмі асьцярожна, і нам спатрэбілася два дні, каб трапіць да Косьцікавага дзядзькі. За гэты час мы моцна стаміліся, былі галоднымі, зьбітымі з панталыку, але не спыняліся нідзе, бо памяталі словы селяніна. Калі мы прыйшлі ў Беласток, Косьцік ледзь не звар’яцеў: ён ведаў кожную вуліцу, кожны куток і рухаўся проста да хаты свайго дзядзькі. Калі мы пагрукалі ў дзьверы, было каля дзесяці раніцы. Дзьверы адчыніла Косьцікава цётка й застыла на месцы, бо не чакала нас убачыць. Калі ж яна ўпусьціла нас у хату, радасьць сыйшла зь ейнага твару, і відаць было, што яна пасумнела й нечага баіцца. Я спытаўся, што яе турбуе, але цётка адказала, што ейны муж зможа лепш растлумачыць сытуацыю. (Косьцікаў дзядзька працаваў у гарадзкой адміністрацыі й лепш ведаў палітычнае становішча.) Мы прынялі гарачую ванну, якую цётка прырыхтавала для нас, і гэта было так прыемна — быць чыстым. Праўда, мыла было вельмі дрэннай якасьці, і я спытаўся, ці ня знойдзецца ў цёткі іншага, але яна адказала, што калі прыйшлі саветы, мыла, соль і цукар зьніклі. Нам далі чыстую бялізну, і мы памылі сваю вопратку. Потым мы пагаліліся й нарэсьце маглі пачувацца людзьмі. Косьцікаў дзядзька вярнуўся дахаты й разгубіўся. Ён згроб Косьціка ў абдымкі са сьлязьмі на вачох. Дзядзька паведаміў нам, што Беларусь была «вызваленая» 17 верасьня 1939 году. Савецкія войскі ўвайшлі ў краіну, і Беларусь зрабілася часткай Савецкага Саюза. Па ягоных словах, беларусы спачатку добра паставіліся да гэтага, але вельмі хутка ўсё зьмянілася. Пасьля «вызваленьня» быў праведзены плебісцыт, і адзінадушна (што магчымае толькі ў Савецкім Саюзе) было вырашана, што заходняя частка далучаецца да ўсходняй з мэтай утварэньня адзінай рэспублікі. Заможныя сяляне («кулакі») разглядаліся як эксплуататары, «непажаданыя элементы» й высылаліся ў Сібір. (Заможнымі лічыліся тыя сяляне, у каго было больш за дзьве каровы, альбо два каня й мелася больш за дзесяць гектараў зямлі.) Косьцік ціха спытаўся пра сваіх бацькоў, якія былі даволі багатымі. Дзядзька нейкі час памаўчаў, а потым сказаў, што яны зьніклі. Аднойчы ноччу да іх хаты пад’ехаў чорны варанок, нейкі чалавек даў ім дзьве гадзіны, каб сабрацца, а затым яны зьніклі. Пасьля пра іх нічога не было чуваць. Косьцікаў бацька не зрабіў саветам нічога дрэннага — ён працягваў працаваць на чыгунцы й урабляць сваю зямлю разам з жонкай і сынам, якога, па чутках, адправілі ў лягер у Сібір. Мы ня верылі сваім вушам. Я спытаў Косьцікавага дзядзьку, што я, на ягоную думку, мушу рабіць. Ён адказаў, што дасьць мне сотню рублёў на дарогу, і папрасіў забыцца на тое, што я наведваў ягоны дом, і што ў мяне ёсьць сябар Косьцік. Я пачуваўся так, як быццам бы ён даў мне абухом па галаве. Я думаў, што ўва ўсім гэным маецца нейкая памылка. Я ўцёк з палону й вярнуўся на радзіму, каб вывучаць медыцыну, а тутака… Косьцікаў дзядзька абняў мяне й сказаў, што празь нейкі час я змагу зразумець становішча лепш. Нашае разьвітаньне з Косьцікам было вельмі эмацыйным, бо мы столькі перажылі разам! Мы паабяцалі пісаць адзін аднаму, як толькі ўсё ўсталюецца. Дамовіліся як-небудзь сустрэцца й за чаркай узгадаць свае прыгоды. Мы абняліся. Нашыя вочы напоўніліся сьлязьмі, і я выйшаў. Я адчуваў, што ўжо ніколі не пабачу яго. Я накіраваўся на чыгуначны вакзал. Я добра запомніў папярэджаньне дзядзькі ня ехаць пасажырскім, каб не апынуцца ў бядзе, бо вельмі часта праводзіцца праверка пашпартоў. Ізноў я не разумеў гэтага. Нашто ім трэба было правяраць уласных грамадзянаў? Але мне прыйшлося прымірыцца з сытуацыяй. Я ня мог рызыкаваць, бо самым галоўным на той момант было вярнуцца дамоў і пабачыць маці. Разам з пасажырскімі меліся яшчэ вагоны для перавозкі збожжа: саветы ў вялікай колькасьці вывозілі яго зь Беларусі й Украіны ва ўнутраныя раёны Савецкага Саюза. Гэта мяне зьдзівіла, бо я думаў, што ў Савецкім Саюзе мусіць быць дастаткова збожжа. Я вырашыў не купляць квіток, а прабрацца ў адзін з такіх вагонаў. Ноччу мы прыбылі ў Баранавічы, і я злез зь цягніка. Усё выглядала такім знаёмым, такім утульным. Я пачуваўся так упэўнена, што пайшоў і купіў у касе квіток да Наваградка. А чацьвертай вечара мы выехалі, і я пабачыў знаёмыя пейзажы. Мае сэрца моцна забілася, а вочы напоўніліся сьлязьмі, але я стараўся хаваць свае эмоцыі, каб не прыцягнуць увагі. Празь некалькі гадзінаў цягнік прыбыў у Наваградак. Я ведаў, што мая маці жыве ў кватэры на вуліцы Карэліцкай. Калі я дайшоў да рогу вуліцы, то аслупянеў: футах у дзесяці ад мяне стаяла маці, якая дагэтуль нават ня ведала, мёртвы я ці жывы. Мы абодва разгубіліся. Потым кінуліся адзін аднаму ў абдымкі й заплакалі. Мы не маглі вымавіць ні слова, але нарэсьце маці, якая ўсё яшчэ трымала мяне, сказала: «Пойдзем дадому, сынок». Мы былі моцна ўзрушаныя й спрабавалі зразумець, што адбываецца. Моўчкі мы накіраваліся да двухпакаёвай кватэры маёй маці. Кватэр было так мала, што ніхто ня меў права жыць асобна, і разам з маёй маці жыла медсястра з Савецкага Саюза. Калі мы прыйшлі, яе не было, і мы пачалі размаўляць, сьмяяцца й плакаць. Мы трымалі адзін аднаго за рукі, і нам спатрэбіўся пэўны час, каб супакоіцца. Маці згатавала мне паесьці й сказала, што ня можа ўжыцца са сваёй суседкай і думае, што тая працуе на КГБ. Людзі былі перакананыя, што ўсе, каго прысылаюць з Савецкага Саюза, — гэбісты й мусяць паведамляць саветам пра ўсё, што чуюць альбо што падаецца ім падазроным. Яны павінны былі даносіць на ўсіх, асабліва на патрыётаў. Мая маці намалявала вельмі сумную карціну ў дачыненьні да становішча ў краіне. «Вызваленьне» прынесла толькі савецкую акупацыю. І яна была больш небяспечнай і шкоднай, чым папярэдняя польская акупацыя. Палякі, прынамсі, паважалі грамадзянскія правы беларусаў. Пад палякамі мы, ва ўсякім разе, маглі выбіраць сваіх прадстаўнікоў, друкаваць кнігі, перыядычныя выданьні, выказваць патрыятычныя настроі. Але, калі прыйшлі Саветы, людзі пабачылі сапраўдны твар камунізму й бальшавізму. Заможныя сяляне, шмат настаўнікаў, былыя актывісты, палітыкі бясьследна зьніклі. Некаторыя потым апынуліся ў лягерух у паўночных раёнах Савецкага Саюза. На Беларусь апусьцілася заслона цемры. Паўсюдна панавалі маўчаньне й страх, і нават сямейныя зборы сталі нейкімі штучнымі. Усе так баяліся абмяркоўваць падзеі, што нават членам сямьі ўжо ніхто не давяраў. Цяжка зразумець, як дакладна паўстала такая сытуацыя. Талстой аднойчы заўважыў, што ён баіцца зьяўленьня Чынгіс Хана з тэлефонам. Сталін якраз і стаў новым Чынгіс Ханам, у распараджэньні якога знаходзіліся сучасныя тэхнічныя сродкі. Ён кантраляваў Усходнюю Эўропу й пераўтварыў яе, па сутнасьці, у турму, дзе былі падаўленыя ўсе свабоды. Ягоная вядомая канстытуцыя, якая гарантавала права збораў і свабоду слова зьяўлялася фарсам. Фіранкамі. На самой справе, гэта толькі Камуністычнай партыі было гарантаванае вяршэнства ў палітыцы, эканоміцы, навуцы й іншых сфэрах жыцьця. Эканоміка была цэнтралізаваная ў Маскве й, як вынік, пагаршалася год ад году. Усе тавары, якія раней можна было набыць у Заходняй Беларусі, вельмі хутка зьніклі. Салдаты Чырвонай Арміі, агенты акупантаў (настаўнікі, адміністратары, партыйцы) былі замежнікамі — у асноўным з Расеі. Яны ніколі ня ўмелі размаўляць па-беларуску й невідушча падпарадкоўваліся свайму начальству ў Маскве. Беларускі ўрад у Менску складаўся з марыянетак Масквы. Напачатку, напрыканцы 1920-х гадоў, беларускі рух перажыў уздым, але быў спынены чысткамі 1930 - 32 гадоў. Лідэры руху былі рэпрасаваныя, і большасьць зь іх — забітыя. Некаторыя памерлі ў савецкім ГУЛАГу. Мала хто выжыў. Я ўзгадаў, як чуў у Польшчы, што савецкая ўлада забівае сваіх уласных дзеячоў і што тыя прызнаюць сваю віну й, здаецца, паміраюць дабравольна. Тады я думаў, што гэна была антысавецкая прапаганда, створаная палякамі. Аднак цяпер я пабачыў, што, магчыма, памыляўся. Мае маці адкрыта выказала свае страхі й хваляваньні. Яна загадала мне пайсьці да гарадзкіх уладаў, каб зарэгістравацца й атрымаць дакументы. Яна баялася, што маёй гісторыі не павераць і я магу апынуцца ў астрозе альбо ў лягеры на ўсходзе Савецкага Саюза. Каля шасьці вечара вярнулася медсястра. Яна была высокай, хударлявай, з прыгожай таліяй й маленькім задком у шчынкай спадніцы. У яе былі маленькія грудзі, і, здаецца, я мог бачыць саскі пад сіняй кашуляй. У яе былі карыя вочы й тонкія выгнутыя бровы. Яна была пекнай, але нечага не хапала. У ёй не было жыцьця. Калі яна ўвайшла, маці прадставіла мяне, і медсястра зьлёгку ўсьміхнулася, хаця выдавала на тое, што я яе не зацікавіў. Потым яна павярнулася й пайшла ў свой пакой. Празь нейкі час яна зьявілася йзноў, папіла з намі гарбаты й вярнулася да сябе. Паколькі ў кватэры цяпер знаходзідася медсястра, размова зьмянілася. Мы з маці пачалі гаварыць пра нашую сямью ў Любчы й абмяркоўваць, што мне лепш зрабіць: застацца тутака альбо падацца туды. Я сказаў, што, хутчэй, паеду ў Львоў, які знаходзіўся тады ў Савецкай Украіне, дзе меўся ўніверсітэт і дзе мае сябры, Язэп Сажыч і Янка Хутар, вывучалі медыцыну. Я хацеў, каб мяне залічылі да верасьня. На наступны дзень я рана падняўся й пайшоў наведаць аднаго добрага сябра, зь якім мы вучыліся ў польскай гімназіі — Янку Плескача. Янка быў на дзьве клясы старэй за мяне, але ў нас былі вельмі давяральныя адносіны й мы заўсёды адкрыта абмяркоўвалі нашае стаўленьне да палітычнай сытуацыі ў Польшчы. Янка зьяўляўся антыкамуністам і выступаў за свабоду слова й правы чалавека. Ён змагаўся за правы беларускіх меншасьцяў, кшталту жыдоў. Ён зрабіў накід гісторыі Беларусі, дзе падкрэсьліваў, што нашая краіна захоўвала вернасьць дэмакратыі й заўсёды давала прытулак тым, хто спрабаваў унікнуць перасьледу, напрыклад, французскіх пратэстантаў і гішпанскіх жыдоў. Янка моцна зьдзівіўся, калі пабачыў мяне, бо чуў, што я загінуў на фронце. Я запэўніў яго, што ёсьць жывым і здаровым і надта прагну вярнуцца да вучобы, каб займацца медыцынай, і што зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі Беларусь будзе йзноў вольнай. Янка сур’ёзна паглядзеў на мяне й запрасіў прысесьці. Ён растлумачыў мне, што інфармацыя, якую ён зараз паведаміць мне, зьяўляецца прыватнай і што яго арэштуюць і адправяць у Сібір, калі нехта даведаецца, што ён гэтай інфармацыяй валодае. Янка коратка абмаляваў мне сытуацыю, якая панавала ў Беларусі, што было падобным да таго, што распавяла мне маці. Ён пацьвердзіў, што саветы падаўляюць вальнадумства й зьнічтажаюць усіх і ўсё, што нейкім чынам зьвязана зь беларускім нацыяналізмам. Ён паведаміў, што студэнты, якіх польская паліцыя акрэсьліла як камуністаў, былі арыштаваныя й зьніклі. Янка лічыў, што я моцна памыліўся, што вярнуўся. Ён параіў мне пайсьці ў гарадскую адміністрацыю й пабачыцца зь дзяўчынай пад прозьвішчам Абрамовіч. Яна вучылася ў адной клясе са мной у польскай гімназіі й, паколькі была жыдоўкай, хутка атрымала адміністратыўны пост у гарадзкіх ворганах кіраваньня. Савецкі ўрад і КГБ выказвалі шмат сымпатыі да жыдоў, што разыходзілася з антысеміцкай палітыкай пры Польшчы. Саветы абвесьцілі жыдоў раўнапраўнымі грамадзянамі, якія атрымалі нават болей правоў за ўсіх астатніх, бо яны цяпер займалі амаль усе адміністратыўныя й больш-менш уплывовыя пасты. Я накіраваўся ў пашпартны стол, дзе працавала Абрамовіч, і яна вельмі ўзрадавалася, калі пабачыла мяне. Калі я паведаміў ёй, што зьяўляюся ваеннапалонным, яна дала мне знак, каб я маўчаў і ня ўзгадваў нічога пра свае ўцёкі. Яна параіла мне зманіць, што я прыбыў зь іншага горада й хацеў бы зарэгістравацца ў Наваградку. Праз колькі хвілінаў я атрымаў пашпарт са сваім прозьвішчам і адрэсай і зрабіўся паўнапраўным грамадзянінам Савецкай Беларусі. Абрамовіч запрапанавала сустрэцца крыху пазьней, каб абмеркаваць некаторыя дэталі. Тым самым вечарам мы сустрэліся ў рэстарацыі, і Абрамовіч папярэдзіла мяне, што мы ня можам гаварыць пра палітычную сытуацыю, і ўвесь час нэрвова азіралася па баках. Мы замовілі каву й гутарылі пра нашае мінулае ў польскай гімназіі й пра асабістае жыцьцё Абрамовіч. Яна была заручаная з адным з маіх прыяцеляў. Значна пазьней, калі я пабачыў Абрамовіч наступным разам, яна йшла ў калёне, якую эсэсаўцы вялі на растрэл. Перад тым, як я выехаў у Львоў, мы з маці зьезьдзілі ў Любчу, каб пабачыцца з раднёй і пабываць на бацькавай магіле. Да мяне вярнуліся дзіцячыя ўспаміны пра папярэднія прыезды. Калі я быў малым, я шкадаваў, што ў мяне няма бацькі, але цяпер я ўжо быў дарослым і адчуваў, што не разумею, чаго мне не хапала. Маці, са сьлязьмі на вачах, павярнулася да мяне й сказала, што яна спадзяецца, што я буду гэткім жа, як і мой бацька. Яна сказала, што будзе маліцца за мяне, каб я патрапіў на медыцынскі факультэт і спраўдзіў сваю мару стаць лекарам. На той момант я быў упэўнены, што не падвяду яе. Я глядзеў на ейнае маленькае цела, якое было такім моцным, і яна ў той дзень пераўтварылася ў волата ў маіх вачах. Я так любіў і паважаў яе. Яна столькім ахвяравала, каб дапамагчы мне. Мая маці была ня вельмі рэлігіёзнай. Яна наведвала царкву раз на год, на вялікодную службу. У ейным пакоі вісела йкона, і перад ёй — лампадка. Ікона заставалася вісець і пры польскай, і пры савецкай акупацыі. У большасьці хат іконы зьніклі, калі прыйшлі саветы. Было вельмі лёгка пазнаць тых сьлепакоў, якія раней наведвалі царкву кожную нядзелю й былі вельмі рэлігіёзнымі, але раптам, калі ўлада стала савецкай, прыбралі йконы, кінулі хадзіць да царквы й сталі атэістамі. Мая ж маці, як хадзіла да царквы раз на год раней, так і працягвала рабіць гэта й за саветамі. Яна была жанчынай зь цьвёрдымі прынцыпамі. Мы вярнуліся ў Наваградак, і я сеў у цягнік, каб пабачыцца са сваімі сябрамі ў Львове. На жаль, я спазьніўся на медыцынскі факультэт. Мае сябры параілі мне запісацца на які-небудзь іншы, хаця яны й баяліся, што я разгублюся ў такім вялікім горадзе, як Львоў, і не змагу жыць тамака без апекі. У выніку, яны прапанавалі мне вярнуцца ў Беларусь, хаця й разумелі, што ў Наваградку вельмі хутка змогуць вылічыць, адкуль я зьявіўся, і рэпрасаваць. Да мяне таксама даходзілі ўжо чуткі, што ўсе, хто вярнуўся з Германіі, лічыліся ненадзейнымі й высылаліся ў Сібір. Нягледзячы на ўсё гэта, мы зь сябрамі прабавілі некалькі цудоўных дзён разам у Львове. Мы размаўлялі адкрыта, бо давяралі адзін аднаму, і сыйшліся на тым, што камуністычная рэчаіснаьць ёсьць турмой, дзе пралетарыят — раб савецкай сыстэмы. Мы падзівіліся таму, як Сталін здолеў унушыць страх і пакорнасьць мільёнам людзей. Празь некалькі дзён я вярнуўся ў Наваградак, а потым знайшоў у Любчы месца выкладчыка нямецкай мовы ў рускай школе. Я вырашыў год папрацаваць тамака, а наступным — падаваць дакументы на медыцынскі факультэт. Я ад’ехаў у Любчу недзе напрыканцы верасьня 1940 году. Я быў моцна расчараваны тым, што не патрапіў на медыцынскі факультэт, але я пачуваўся яшчэ больш расчараваным у дачыненьні да савецкай сыстэмы. Навіны пра ўсемагутную Камуністычную партыю й КГБ рабіліся ўсё больш жахлівымі й неверагоднымі. Калі я прыехаў у Любчу, мне падалося, што час спыніўся. Мяне ўразіла мірная атмасфэра на берагах Нёмана, і я бавіў шмат часу, назіраючы, як мае вучні ловяць у гэтай рацэ рыбу, плёскаюцца, катаюцца на лодках. Мая бабуля, здаецца, не зьмянілася. Яна падавалася мне ўсё гэткай жа старой, спагадлівай, клапатлівай. Мой дзед зрабіўся крыху лядашчым і ніяк ня мог прыстасавацца да пераменаў, асабліва да новага часу, пераведзенага на дзьве гадзіны наперад. Я памятаю, як дзед неяк сядзеў на ложку, драмаў з адчыненым ротам, а потым раптам прачнуўся й спытаўся, колькі часу. Я адказаў, што дзесяць гадзінаў, але дзед хацеў даведацца, па якім часе — новым альбо старым. Я супакоіў дзеда, што па старым, і толькі тады ён заснуў ізноў. Яму зусім не падабалася новая сытуацыя, і ён заўсёды бурчэў наконт яе. Ён цяпер згубіў уладу саматужнага адваката й дарадцы, бо зьмяніліся законы. Ён больш ня меў права слова ў грамадзкім жыцьці, бо цяпер усім кіравала Камуністычная партыя. На дзедава месца былі прызначаныя новыя людзі, якія прыехалі здалёк, і мяне непрыемна ўразіла тое, што яны ўсе размаўлялі выключна па-расейску. Школа, дзе я выкладаў, разьмяшчалася ў старым маёнтку сямьі Набокавых. Нашыя заняткі праходзілі ў прыгожых, але крыху занядбаных пакоях. Шкада было бачыць, што гэныя пэрлы архітэктуры барока выкарыстоўваюцца ў мэтах русіфікацыі. Усе каштоўнасьці з маёнтка зьніклі, бо тады было звычайным тое, што гістарычныя каштоўнасьці вывозяцца зь Беларусі ў Расею. Набокавы былі дваранамі, якія паходзілі ад рускіх і немцаў. Малады Набокаў якраз і зьяўляецца аўтарам «Лаліты» й іншых твораў. У дзяцінстве Набокаў увесь час спрабаваў зьбегчы са сваіх харомаў, каб пагуляць з намі, але яго заўсёды вярталі назад і папракалі нянькі, якія не хацелі, каб яго «запэцкалі» простыя людзі. Блакітнавокі, сьветлавалосы Набокаў быў добра выхаваным і вельмі прыязна да нас ставіўся. Ён заўсёды прасіў прабачэньня за тое, што ня можа запрасіць мяне дадому, бо гэта парушыла б усталяваныя правілы. Ён часта таемна прыходзіў да нас, бо ў нас была вельмі ўтульная атмасфэра, што яму так падабалася, і мы частавалі яго чым-небудзь. Ён некалькі разоў казаў мне, што не хацеў бы вяртацца дадому, а лепш застаўся б у нас і жыў тым жыцьцём, якое было ў мяне. Пасьля «вызваленьня» саветамі сямья Набокавых некуды зьнікла, відаць, апынулася ў Сібіры. Аднак мой сябар здолеў уцячы ў Германію і адтуль — у ЗША, дзе ён памёр у 1987 годзе. Я накіраваўся ў школу, каб абмеркаваць сваё назначэньне. Дырэктар школы, Міхайлаў, таксама размаўляў па-расейску. Усе настаўнікі спрабавалі ўвесьці гэтую мову ў выкладаньне. Я папрасіў прабачэньня за тое, што па-расейску не размаўляю, і выказаў зьдзіўленьне з нагоды таго, што ў Любчы, горадзе з трыма тысячамі насельнікаў, семсот зь якіх былі жыдамі, а астатнія — беларусамі па этнічным паходжаньні, усе размаўляюць па-расейску. Дырэктар быў моцна зьдзіўлены маёй заўвагай і незадаволены. Ён спытаў, ці ня ёсьць я адным з тых нацыяналістаў, якія адмаўляюцца гаварыць па-расейску. Мне гэнае пытаньне падалося крыху правакацыйным, і, паколькі я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі аб палітыцы русіфікацыі ў Савецкім Саюзе, адказаў, што не зьяўляюся нацыяналістам, але мне падаецца зусім натуральным, што людзі павінны размаўляць на сваёй роднаё мове, калі ўжо мая краіна была вызваленая саветамі й аб’яднаная пад назвай Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Я заявіў, што назва «Беларуская» ўказвае на тое, што мы ёсьць асобнай рэспублікай, і што, на маю думку, мы мусім мець пэўныя прывілеі й правы, кшталту, размаўляць на роднай мове. Я сказаў, што ня маю нічога супраць таго, каб вывучаць рускую, нямецкую, лацінскую й іншыя мовы, але настойваю на тым, што мы мусім мець права размаўляць па-беларуску. Я, натуральна, зрабіў на дырэктара дрэннае ўражаньне й баяўся, што ён вырашыць высьветліць маё паходжаньне. Наступным днём дырэктар спытаўся ў мяне, ці ня ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю, які выкладае рускую мову ў той самай школе. Я пацьвердзіў гэта, і дырэктар параіў мне пераняць сьветапогляд дзядзькі. Мой дзядзька Базыль атрымаў адукацыю ў Расеі й размаўляў па-расейску. Ён вельмі добра ведаў рускую літаратуру. Калі я спытаў яго, чаму ён, беларускі патрыёт, так захапляецца рускай літаратурай, ён адказаў, што яна надта прыгожая. Я ня стаў пярэчыць дзядзьку й нічога ня меў супраць таго, каб ён размаўляў па-расейску, каб выказаць свае думкі й пачуцьці. У польскім парлямэнце й сенаце ён абараняў правы беларусаў і заўсёды размаўляў па-беларуску дома. Дырэктару я адказаў, што дзядзька Базыль ня мае на мяне ніякага ўплыву ў дачыненьні да нацыяналістычных і палітычных поглядаў і, здаецца, запэўніў дырэктара. Навучаньне ў школе, дзе я працаваў, грунтавалася на праграме дзесяцігадовай адукацыі. У вялікіх гарадох школьныя адукацыйныя стандарты былі значна вышэйшымі й па заканчэньні школы вучні былі лепш падрыхтаваныя да паступленьня ва ўніверсітэт. Аднак нават у вялікіх гарадох стандарты не былі такімі высокімі, як у польскай гімназіі. Я пачаў працаваць настаўнікам, але незадаволены гэтым абавязкам, я арганізоўваў спартыўныя мерапрыемствы. Я ўвёў гімнастыку, баскетбол, валейбол, лыжны спорт. Малады расейскі настаўнік Міша быў моцна ўражаны маімі намаганьнямі. Ён зьяўляўся камсамольцам, членам камуністычнай моладзевай арганізацыі, якая была першым крокам на шляху да членства ў кампартыі. На прыступку ніжэй за камсамольцаў знаходзілііся піянеры, своеасаблівы эквівалент скаўтаў. Усе гэтыя арганізацыі выпрацоўвалі ў членах камуністычны дух невідушчага падпарадкаваньня кіраўнікам арганізацыяў. Мая дзейнасьць зацікавіла Міхаіла, і аднойчы, калі ў мяне быў дзесяціхвілінны перапынак паміж заняткамі, Міша адвёў мяне ўбок і запрасіў прагуляцца й пагутарыць пра тое-сёе. Ён спытаўся, як мне падабаецца мая праца, і паведаміў, што ён уражаны тым, што я арганізую спартыўныя мерапрыемствы для вучняў. Ён сказаў, што я раблю карысную, але безнадзейную рэч, таму што яе не падтрымліваюць наверсе, бо я ня ёсьць камсамольцам. Я спытаў, ці не прапануе ён мне ўступіць у камсамол, і Міхаіл адказаў, што гэта было б нядрэнна. Ён растлумачыў, што калі я зраблю гэтак, то ў мяне будзе больш шанцаў самарэалізавацца, і яшчэ я змагу потым уступіць у кампартыю. І калі я ўжо здолею апошняе, то будучыня будзе маёй, па словах Міхаіла. Ён гаварыў з такім запалам, што мне на нейкі момант падалося, што я сапраўды мог бы стаць членам партыі. Я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі пра дзейнасьць Камуністычнай партыі. Я ніколі ня меў дакладнага ўяўленьня пра ейную дзейнасьць, але я памятаў пра тое, што зьнікалі кулакі й нават удзельнікі Грамады, якая, лічылася, супрацоўнічае з камуністамі. Падазрэньні й ненавісьць да камуністаў усё ўзмацняліся ўва мне, і я ніяк ня мог уявіць сябе камсамольцам. Я таксама ведаў, што ў дачыненьні да ўсіх, хто хацеў уступіць у камсамол, праводзілася праверка мінулага, бацькоў і дзядоў. Я баяўся, што, калі яны даведаюцца, што я нелегальна вярнуўся ў Беларусь, то мяне таксама залічаць у «непажаданыя элементы». Я падзякаваў Мішу за ягоную шчодрую прапанову, але заўважыў, што не заслужыў яшчэ пачэснай магчымасьці стаць касамольцам, бо ёсьць пакуль ідэялягічна непадрыхтаваным. Мне спатрэбіцца час, каб абмеркаваць усё гэта. Я паабяцаў, што празь нейкі час дам Мішу больш пэўны адказ. Ён папрасіў доўга ня думаць і дадаў, што спадзяецца, я дам станоўчы адказ. Тым самым днём, за вячэрай, я паведаміў сваёй сямьі, што здарылася. Мая цётка Люба проста скамянела. Яна сказала, што я не змагу пазьбегнуць уступленьня ў камсамол, а той факт, што Базыль Рагуля — мой дзядзька, скончыцца для мяне непрыемнасьцямі. Я на гэна заўважыў, што яны ўжо ведаюць пра нашае сваяцтва, і выказаў сваё зьдзіўленьне тым, што Базыль яшчэ тутака. Я дадаў, што ведаю пра кампартыю шмат дрэнных рэчаў і што ніколі не ўступлю ў яе. Позна вечарам прыйшоў мой дзядзька Базыль, і я распавёў яму пра свае клопаты. Дзядзька падкрэсьліў, што я не павінны ўступаць ў партыю, бо, калі я зраблю гэта, то аддамся ў рукі сыстэмы, ад якой ужо ня здолею адкараскацца. Рашэньне было прынятае, і цяпер стаяла пытаньне, як адзьцягнуць размову зь Мішам і як адмовіць яму. Жыцьцё тым часам працягвалася, і я нейкім чынам зрабіўся абыякавым да падзеяў, што адбываліся наўкола. Я рыбачыў, а калі ў лістападзе выпаў сьнег, катаўся на лыжах у лесе непадалёк. Мне падабалася назіраць за жывёламі, і я ніколі не забіў нічога большага за зайца. Нягледзячы на армейскую падрыхтоўку, я ня быў добрым стралком. Аднойчы я забіў зайца і ня мог нават знайсьці ранку. Я прынес яго дадому, і мае пачалі кпіць зь мяне, што заяц памер ад страху, калі пачуў стрэл. Але я ня надта захапляўся паляваньнем. Мне больш падабалася хадзіць на лыжах, бавіць час на самоце, калі я мог упарадкаваць свае думкі. Памятаю, як мой дзядзька сказаў, што мы не заўсёды атрымліваем тое, на што спадзяемся, і што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не была беларускай, а толькі новым набыткам Савецкага Саюза. Калі мы былі пад польскай акупацыяй, то змагаліся за тое, каб захаваць свае школы, сваю мову й сваю культуру. Але мы адкрыта размаўлялі па-беларуску, чыталі беларускія кнігі й, да 1932 году, нават мелі штотыднёвае перыядычнае выданьне. Мы друкавалі й перавыдавалі кнігі сваіх знакамітых паэтаў і пісьменьнікаў, у тым ліку Янкі Купалы й Якуба Коласа. Але жыцьцё пад саветамі аказалася ня тым, чаго чакалі людзі. Замест вызваленьня саветы прынесьлі новую хвалю тэрора, русіфікацыю, матэрыяльны заняпад і нечуваны зьдзек з боку партыі й КГБ. Нарэсьце надышоў час даць адказ на прапанову стаць камсамольцам. Аднойчы да мяне прыйшоў намесьнік дырэктара, каб абмеркаваць са мною курс нямецкай мовы. Я паскардзіўся, што мне цяжка вучыць дзяцей бяз кніг і іншых дыдактычных матэрыялаў. Намесьнік паабяцаў дапамагчы. Потым ён дадаў, што ніколі ня меў магчымасьці пагаварыць са мной пра маё мінулае й што ён, увогуле, хацеў бы даведацца пра мяне крыху больш. Ён сказаў, што чуў, што я быў ваеннапалонным у Германіі, і пацікавіўся, як я здолеў вярнуцца ў Беларусь. Я адказаў, што гэна ўсё старыя й непрыемныя ўспаміны, і я не лічу, што яны такія ўжо цікавыя. Я распавёў, што чуў, быццам у Беларусі йзноў адчыніліся школы, да таго ж я хацеў вывучаць медыцыну й таму сплянаваў уцёкі. Намесьнік спытаўся, ці былі ў мяне цяжкасьці зь пераходам мяжы. Я адказаў, што не, бо нямецкія патрулі знаходзіліся далёка, а потым я накіраваўся ў Беласток і там сеў у цягнік на Наваградак. Намесьнік зьдзівіўся, што саветы не спынілі мяне для кантролю й не арыштавалі мяне. Я зманіў, што ня думаў, што ваеннапалоннаму трэба нечага баяцца. Я скончыў словамі пра тое, што Нямеччына ўжо ў мінулым, што я нарэсьце дамогся свабоды й цяпер хацеў бы спакойна працаваць у школе. Намесьнік хацеў дазнацца, ці паведаміў я пра свае ўцёкі ўладам. Я адказаў, што хадзіў у гарадзкую адміністрацыю ў Наваградку. Натуральна, я не ўзгадаў Абрамовіч. Некаторы час панавала цішыня, бо намесьнік, відаць, чакаў яшчэ нейкіх прызнаньняў ад мяне. Маё сэрца пачало моцна біцца. Я стараўся не выдаваць сваёй трывогі, але мне здавалася, што рэчы сьціскаюцца вакол мяне. Я ўжо чуў, што парушальнікаў мяжы адпраўляюць у лягеры на тры гады, згодна са 120 артыкулам. Потым намесьнік дырэктара павярнуўся да мяне й спытаўся, ці прыняў я рашэньне наконт камсамолу. Я адказаў, што мне яшчэ патрэбна крыху часу, каб вывучыць гісторыю Камуністычнай партыі й ведаць тыя рэчы, якія ён ужо ведаў. Я дадаў, што не хачу быць навабранцам, які нічога ня ведае пра гісторыю Кампартыі й ейную дзейнасьць у Савецкім Саюзе. Намесьнік адказаў не адразу. Ён заявіў, што разумее мяне, але ягоны голас гучаў ня надта пераканаўча. Я быў упэўнены, што намесьнік гэбіст і што ён яшчэ будзе абмяркоўвацю маю будучыню ў пэўнай установе. Дома я ўсім расказаў, што адбылося, і павісла маўчаньне. Цётка Люба, якая ўсхвалявалася больш за ўсіх, параіла мне пакінуць Любчу й пайсьці туды, дзе мяне ніхто ня ведае. Але я падумаў, што калі я гэта зраблю, будзе выдаваць на тое, што я вінаваты ў нечым і спрабую пазьбегчы расплаты за грахі, хаця на самой справе ніколі іх не ўчыняў. Я вырашыў застацца, што аказалася няўдалым рашэньнем, і працягваў працаваць настаўнікам, займацца з вучнямі спортам, у першую чаргу лыжамі. Незадоўга перад Ражаством 1940 году я наведаў свайго стрыечнага брата Вальтэра, сына цёткі Любы. Я на лыжах пайшоў да яго ў лес, дзе Вальтэр служыў лясьнічым. Гэна было вельмі ціхае месца, і я прабавіў там шмат часу за размовамі пра маё мінулае, маю будучыню й пляны майго брата. Ён быў сьціплым чалавекам, безь ніякіх асаблівых памкненьняў. Вальтэр скончыў польскую гімназію, вучыўся ў Варшаве, здаецца, на ветэрынара. Але ён сышоўся з благімі людзьмі, магчыма, нават ужываў наркотыкі й алкаголь і так і не атрымаў адукацыі. Вальтэр вярнуўся дадому й пачаў працаваць у якасьці лясьнічага. Ён быў прыемным чалавекам, гадоў на шэсьць старэй за мяне, і адзіным сябрам-мужчынам, які ў мяне тады меўся. У мяне не было бацькі, а дзядзька Косьця быў чалавекам слабым, нерашучым, і я, хаця й любіў яго, але не паважаў, не ўважаў за прыклад мужчыны. Вальтэр быў адзіным чалавекам, зь якім я бавіў час: на рыбалцы, у вандроўках і г.д. Ражаство ў Любчы было ціхім і прыемным. Сабраліся мая маці, дзядзька Базыль, Вальтэр і ягоная беспрацоўная сястра Ніна. Упершыню мы падрабязна абмяркоўвалі маю будучыню. Мая маці моцна хвалявалася за мяне й прапанавала мне паехаць у які-небудзь вялікі горад, дзе я мог бы згубіцца. Ізноў, я не ўяўляў, як гэта магчыма. Прайшлі Ражаство й Новы год, а я працягваў працаваць у школе й зрэдку наведваў маці. Паміж тым, я пасябраваў з адной настаўніцай, якая, як і большасьць зь іх, была з Савецкага Саюзу. (Савецкія ўлады лічылі, што мясцовым настаўнікам нельга давяраць выкладаньне камуністычных прынцыпаў.) Настаўніца неяк захварэла, і я стаў часьцей бачыць яе: наведваць, прыносіць сочыва, якое зварылі мая цётка й бабуля. Адносіны паміж намі пацяплелі. Дайшло нават да мілосьцяў і абдымкаў, але нічога сур’ёзнага паміж намі не было, і я ніколі ня меў ніякіх сур’ёзных намераў наконт яе. Калі дзяўчыне палепшала, яна прапанавала нам выпіць разам. Яна выцягнула бутэльку гарэлкі й нейкі селядзец і заявіла, што мы п’ем за нашую будучыню, бо павінны хутка зарэгістраваць шлюб. (На той час ажаніцца было вельмі лёгка: тры рублі — і вы ўжо муж і жонка, трыццаць — і вы разьведзеныя.) Я быў у шоку! Я сказаў дзяўчыне, што не зьбіраўся зь ёю жаніцца. Тады яна пачала распытваць мяне, чаму ж я прыходзіў, прыносіў ёй падарункі. Я адказаў, што гэта таму, што яна мне падабаецца й што я хацеў, каб яна пачувалася, як дома. Я паспрабаваў пераканаць яе, што ўвогуле не адношуся да тых людзей, якія жэняцца, ва ўсякім разе цяпер. Я зьбіраўся спачатку скончыць вучобу, зрабіць што-небудзь у жыцьці. Мне было тады дваццаць, а ёй — на два ці тры гады больш, і яна не магла альбо не хацела мяне зразумець. Яна пачувалася пакрыўджанай. Для мяне гэта было нешта новенькае: жанчына прапануе мужчыну ажаніцца зь ёю. Гэта што, было вызваленьне жанчынаў? Можа, Савецкі Саюз зьмяніў прыроду жанчыны? Я не разумеў. Я цьвёрда сказаў ёй, што хацеў бы застацца ейным добрым сябрам, але не жаніцца. Яна загадала мне пакінуць яе й ніколі больш не прыходзіць. Я бачыў яе некалькі разоў у школе, але яна не падымала вачэй і рабіла выгляд, што ня ведае, хто я такі. Яна больш не прысаджвалася да мяне падчас школьных перапынкаў, і я пачуваўся няўтульна. Так, як быццам зрабіў нешта дрэннае — але ж я ні ў чым ня быў вінаватым! Я быў упэўнены, што ніколі не абражаў, не выкарыстоўваў яе, а толькі быў прыязным, спагадлівым. Мне падабалася жаночая кампанія, і магчыма, у нас што-небудзь атрымалася б, каб яна не зрабіла гэную рэзкую прапанову пабрацца шлюбам. 20 студзеня, калі я вячэраў, у хату ўвайшоў таварыш Сакалоў, які быў школьным інспектарам, і сказаў, што мусіць абмеркаваць са мной пэўныя прапановы ў дачыненьні да спартовых мерапрыемстваў. Я адказаў, што даем і тады сустрэнуся зь ім, але ён настойваў на тым, што гэта тэрміновая справа, і што яна зойме ня больш за паўгадзіны. Я апрануў зімовае паліто з футраным каўнерам і кучомку (падарунак маці), і мы рушылі ўздоўж Замкавай вуліцы. Мяне вельмі ветліва запрасілі зайсьці ў нейкі будынак, каб пагутарыць пра заняткі лыжамі. Я не ўсьведамляў, што гэны будынак — сядзіба КГБ, і што людзі, якія пераступаюць ейны парог, рэдка выходзяць адтуль вольнымі. Начальнік КГБ спытаўся, ці не хацеў бы я вучыць новых рэкрутаў хадзіць на лыжах. Я адказаў, што заняты ў школе, але магу дапамагаць па выходных і пасьля паўдня, калі буду вольны. Ён запрасіў мяне прайсьці ў кабінет, каб далей абмеркаваць гэную справу, і загадаў таварышу Сакалову пачакаць палову гадзіны. Начальнік вельмі ветліва запрасіў мяне ў пакой, ля дзьвярэй якога стаялі два салдаты зь вінтоўкамі. Я быў зьдзіўлены, але ўсё яшчэ нічога не падазраваў. Мне загадалі сесьці, хаця я й выказаў жаданьне пастаяць. Калі я сеў, гэбіст запусьціў рукі ў мае кішэні, выцягнуў некаторыя дакументы й паведаміў, што я арыштаваны. Я быў агаломшаны. Я спытаў, за што, і начальнік адказаў, што гэта будзе вядома празь некалькі дзён. Я хацеў ведаць, у чым мяне абвінавачваюць альбо падазраюць. Мне адказалі, што ні ў чым, але я мушу застацца ў іхнай установе на ноч. Мяне разьмесьцілі ў цёмным пакоі, футаў чатырох-шасьці. Я ня мог спаць. Мае думкі круціліся вакол савецкага панятку «вызваленьня». Тыя людзі, якім не давяралі, сыстэматычна, бясьсьледна зьнікалі. Цяпер надышла мая чарга. Уся гэная вайна, усе гэныя ўцёкі — нашто яны былі? Я ўзгадаў чалавека, якога мы пабудзілі, калі перайшлі мяжу: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце зь імі, каб вызваліць нас». Я быў маладым, дваццацігадовым ідэалістам, і я быў моцна расчараваны. Ноччы мне прынесьлі колькі хлеба й кавы. Нараніцу мая стрыечная сястра Ніна прынесла мне крыху паесьці, бялізну, швэдар і настаяла на тым, каб разьвітацца. Каля 7:30 раніцы два ахоўнікі адвялі мяне на чыгуначную станцыю. У цягніку я сядзеў паміж імі, і яны загадалі мне маўчаць і ні з кім не размаўляць, нават калі пабачу знаёмых. Я меў права адказваць на прывітаньні, але толькі не ўступаць у размову. Калі я аслухаюся, то ахоўнікі мелі права ўжыць сілу, каб прымусіць мяне маўчаць. Гэта гучала даволі дзіўна, быццам яны размаўлялі са злачынцам. Спачатку мяне адвезьлі ў Наваградак, а потым — у астрог у Баранавічах. Шнуркі й папругу ў мяне забралі, і нагавіцы боўталіся ў мяне на клубах. Таксама ў мяне адабралі гадзіньнік, ярлык ваеннапалоннага й усе паперы, якія меліся. Мяне ўкінулі ў камеру, і я апынуўся каля цэбру з экскрэментамі, які мянялі, калі ён напаўняўся. Як навічку мне дасталося самае пачэснае месца. Было недзе пяць вечара, калі прынесьлі вячэру, якая складалася з надта салонай вэнджанай рыбы й нейкага кшталту вадкага ячневага супу. Хутка соль пачала паліць мне горла, бы агнём, але піць не было чага. Я пагрукаў у дзьверы й папрасіў вады. Мне адказалі, што дадуць вады, калі надыдзе на тое час, і рыкнулі, каб маўчаў. Раптам дзьверы адчыніліся, і было названае маё імя. Мне загадалі йсьці за ахоўнікамі. Я выйшаў, і яны папярэдзілі мяне, каб я трымаў галаву апушчанай і адварочваўся, калі нехта будзе праходзіць. Яны дадалі, што я мушу выконваць іхныя загады, бо інакш са мной можа здарыцца ўсё, што заўгодна. Як высьветлілася, мяне вялі ў пакой для допытаў. Ён аказаўся амаль пустым — там былі толькі стол, крэсла й савецкі сьцяг. Крэсла стаяла перад сталом і нагадвала, хутчэй, крэсла з бара. Мне загадалі сесьці. Я пачуваўся ня надта каб утульна. Нехта ўвайшоў. Я зірнуў угору й пабачыў маёра КГБ. Ахоўнікі выйшлі, і мужчына спытаўся, ці не хачу я цыгарэту. Я адказаў, што нам давалі надта салоную ежу й мне больш хацелася б вады. Гэбіст сказаў, што я атрымаю ўсё, што захачу, пасьля таго, як ён высьветліць колькі пытаньняў. Ён спытаў маё імя, імя маёй маці, чым яна займаецца й усё пра маю сямью. На ўсё гэта спатрэбілася недзе каля гадзіны, і мяне ўсё мацней мучыла смага. Я сказаў, што ў мяне перасохла ў горле і што мне было б лягчэй гаварыць, калі б я папіў. Маёр параіў ня быць такім нецярплівым, таму што хутка мне дадуць вады. Ён затым пачаў пытацца, як я трапіў у Любчу й ці зьяўляюся я ваеннапалонным. Я распавёў сваю гісторыю й нагадаў, што ім і так добра вядома, што я ваеннапалонны, бо яны забралі мае ярлыкі. Маёр паглядзеў на мяне й сказаў, што, хаця ён не мусіць называць «таварышам» чалавека, які можа быць шпіёнам, але ён верыць, што я не шпіён, і таму назаве мяне «таварышам». Маёр папрасіў мяне расказаць пра палон. І я распавёў яму ўсё, хаця й апусьціў той факт, што пераходзіў мяжу задам-напярод, а таксама папярэджаньні палякаў. Я сказаў, што палякі, наадварот, падбухторвалі мяне ўцячы дамоў і вярнуцца з саветамі, каб вызваліць іх ад немцаў. Пасьля гадзінаў дзьвюх допыту маёр пакінуў мяне й увайшоў другі гэбіст, які вельмі ветліва павітаў мяне. Ён сказаў мне, што ёсьць навічком, але прагледзеў ужо маю гісторыю наконт таго, як я перайшоў мяжу. Ён хацеў ведаць дэталі, а таксама, чаму я не паведаміў уладам пра сваё вяртаньне, калі апынуўся ў Беларусі. Я паўтарыў, што не лічыў гэна неабходным, бо ўцёк зь нямецкага палону на радзіму. Я пачуваўся вольным у сваёй роднай краіне й хацеў дабрацца дадому, як мага хутчэй. Я паведаміў, што, як толькі я прыехаў у Наваградак, я пайшоў у гарадзкую адміністрацыю, атрымаў дакументы й зьбіраўся паступаць ва ўніверсітэт у Львове. Я яшчэ раз распавёў гіторыю пра тое, як апынуўся настаўнікам у Любчы. Гэбіст на гэна заўважыў, што ўсё правільна, але немцы, магчыма, парушаюць пагадненьне, падпісанае Молатавым і Рыбентропам, і засылаюць у Беларусь шпіёнаў і агітатараў, каб падарваць палітычную стабільнасьць у Савецкім Саюзе. Я пацікавіўся, пытаецца ён альбо сьвярджае гэна як факт. Гэбіст параіў мне падумаць над тым, што ён сказаў, і спытаўся, ці не заўважыў я чаго-небудзь падазронага, што выдавала б на тое, што немцы зьбіраюцца напасьці на Савецкі Саюз. Я ветліва адказаў, што быў ваеннапалонным і што мы не абмяркоўвалі там ваенную стратэгію Нямеччыны, і таму я не магу пацьвердзіць ягоныя падазрэньні. Гэбіст прамаўчаў. Ён прабег вачмі па запісах маёра. У роце ў мяне зусім перасохла, мне рабілася млосна й я пачуваўся няўтульна на гэным крэсьле. Я папрасіў дазволу пайсьці ў прыбіральню, дзе я спадзяваўся папіць вады. Гэбіст даў мне дазвол, але, надзіва, ніякай вады там не было. Аднак я ўсё адно быў рады прайсьціся, разьмяцца, бо ў мяне ўсё цела здраньцьвела ад пастаяннага сядзеньня. Калі я вярнуўся, мне загадалі сесьці йзноў, так, каб ногі не даставалі да зямлі, і пакласьці рукі на калені. Уся вага майго цела сканцэнтравалася цяпер на задзе, да таго ж я сядзеў на цьвёрдым няўтульным крэсьле. Празь нейкі час гэбіст схапіў графін з вадой і пачаў піць так, што вада цякла ў яго па падбародзьдзі й крапала на кашулю. Гэны кат назваў мяне «Барысам Дзьмітрычам», што лічылася ветлівай формай, і запытаў, ці не хачу я папіць вады. Калі я адказаў станоўча, ён сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то атрымаю вады і мяне вызваляць. Я не разумеў, як чалавека могуць выпусьціць, калі ён прызнае, што зьяўляецца шпіёнам і займаецца контррэвалюцыйнай дзейнасьцю, што да таго ж і няпраўда. Я з выклікам адказаў, што не хачу піць і што мне няма ў чым прызнавацца. Я апусьціў галаву й вырашыў больш нічога не казаць. Мінуў пэўны час, калі гэбіст спытаўся, ці не хачу я пацьвердзіць сваё жаданьне служыць Савецкаму Саюзу і такім чынам атрымаць свабоду. Я спытаўся, што яшчэ яны ад мяне хочуць. Як яшчэ я магу запэўніць іх, што хачу служыць Савецкаму Саюзу лепш, чым я гэта ўжо рабіў. Я працаваў настаўнікам, займаўся з вучнямі спортам і рабіў усё магчымае для выхаваньня моладзі, што задаволіла б любую дзяржаву. Гэбіст заўважыў, што гэта файна, але было б яшчэ лепш, калі б я пагадзіўся даносіць на сваіх дзядзькоў Барыса й Шчатырку, каб запэўніць дзяржаву ў сваёй надзейнасьці. Я быў агаломшаны і сказаў, што, калі я пагаджуся, нават ён ня дасьць мне рукі, бо данос — гэта найбруднейшая справа. Тым больш што й даносіць не было пра што, бо яны ёсьць лаяльнымі грамадзянамі Савецкага Саюза й адданымі настаўнікамі. Я даў гэбісту зразумець, што ня стану шпіёнам у саёй сямьі. Вочы ў гэнага нахабніка шырока адкрыліся. Ён сказаў мне, што найлепшае, што я магу зрабіць для сваёй краіны, — гэта даносіць на антысаветчыкаў, і пацікавіўся, ці не лічу я працу на карысьць Савецкага Саюза ніжэй сваёй годнасьці. Ён распавёў мне пра Марозава, сямігадовага хлопчыка, які стаў героем Савецкага Саюза, бо данёс на сваіх бацькоў-контррэвалюцыянераў. Іх расстралялі, а ён стаў героем. Я падзякаваў, але заўважыў, што не лічу Марозава героем і не шукаю для сябе геройства такога кшталту. Сьледчы адказаў, што я яшчэ пашкадую, што адмовіўся, але, калі я перадумаю, то мушу паведаміць аб гэтым. Ён устаў, выйшаў, і затым увайшоў іншы сьледчы. Ён сеў за стол, запаліў цыгарэту й пачаў піць ваду. Паверце, калі хто-небудзь хацеў піць гэтак сама, як я тады, той зразумеў бы, якая гэта пакута — глядзець на некага, хто п’е ваду. У мяне язык прысох да нёба, а цела гарэла. Мне было млосна, мяне мучыла смага, і я ня ведаў, што рабіць. Сьледчы зірнуў на мяне, і я заўважыў лютую жорсткасьць у ягоных вачах. Празь нейкі час ён назваў мяне па-бацьку й спытаўся, як я пачуваюся. Я зманіў, што добра. Ён спытаў, ці абдумаў я прапанову ягонага калегі. Я адказаў станоўча й дадаў, што маё рашэньне канчатковае й што я не хачу ўздымаць гэнае пытаньне йзноў. Ён заўважыў, што й не зьбіраецца гэтага рабіць, а проста хоча, каб я яшчэ раз распавёў гісторыю сваіх уцёкаў. Я спаслаўся на тое, што рабіў гэта ўжо два разы, але сьледчы настойваў, бо я, быццам бы, прапусьціў нейкія дэталі. Ці можаце вы сабе ўявіць, што вам трэба распавядаць тую ж самую гісторыю, зь перасохлым ротам, пасьля чатырох-пяці гадзінаў допыту? Калі я пачаў, сьледчы перарваў мяне й загадаў адразу перайсьці да дэталяў, кшталту імені першага чалавека, зь якім я размаўляў на тэрыторыі Савецкага Саюза. Я адказаў, што гэна была мая маці. Сьледчы заявіў, што я маню, і гэта праўда, але што я мог ведаць пра гэнага селяніна? Ды я й ня стаў бы ўблытваць яго. Я сказаў, што мы з Косьцікам разышліся, і я сеў на цягнік у Наваградак. Гэбіст хацеў ведаць, дзе я ўзяў грошы, і я зхлусіў, што Косьцік прынес мне іх на станцыю. Там мы разьвіталіся й ніколі больш ня бачыліся. Сьледчы пачаў даводзіць, што я не дастаткова шчыры зь імі, у адрозьненьне ад Косьціка. Я на гэна заўважыў, што, калі Косьцік казаў нешта іншае, то гэта таму, што яго прымусілі. Я вырашыў прытрымлівацца свайго варыянта падзеяў, бо калі я пачну мяняць усё больш і больш дэталяў, супраць мяне будзе больш абвінавачаньняў. Допыт працягваўся. Сьледчы хацеў даведацца пра маю дзейнасьць у гімназіі й пра тое, як я падбухторваў вучняў зьбіраць грошы, каб пабудаваць школу. Гэбіст паведаміў, што я вядомы ім як беларускі нацыяналіст, і што немцы, магчыма, зьбілі мяне з панталыку сваёй нацыяналістычнай і антысавецкай прапагандай. Сьледчы даводзіў, што немцы проста гулялі з маімі пачуцьцямі й перацягнулі мяне на свой бок, каб заслаць у Савецкі Саюз зь нейкім заданьнем. Гэбіст хацеў ведаць канкрэтна, якія заданьні я меў для дзядзькі Базыля, якога кшталту шпіёнскую дзейнасьць я распачаў і якую зброю я хаваю ў Налібоцкай пушчы. Допыты, здаецца, цягнуліся бясконца, а сьледчыя мяняліся раз на дзьве гадзіны. Наступны ўвайшоў і прапанаваў цыгарэту. Я адмовіўся. Потым ён прапанаваў мне вады. Я ведаў, што ён ня дасьць мне яе, і йзноў адхіліў прапанову. Мне рабілася ўсё горш. Вочы ў мяне зьліпаліся. Пакой, здаецца, пачаў круціцца, і мне выдавала, што я падаю з крэсла. Я папрасіўся ўстаць, але гэбіст ня даў мне дазволу. Сьледчы паліў цыгарэту, праглядаў запісы, сьпяваў сабе пад нос папулярную савецкую песеньку й не зьвяртаў на мяне ніякай увагі. Усё было, як у тумане, і я ня ведаў, размаўляю я ўслых ці пра сябе. Мне здавалася, што я на рыбалцы, а потым — у арміі, што я ваеннапалонны й спрабую ўцячы. Гэна было так, быццам у галаве маёй круціўся фільм. Затым я пачуў загад гэбіста распавесьці сапраўдную гісторыю сваіх уцёкаў. Я адказаў, што ўжо паведаміў ім усю праўду й не магу больш нічога дадаць. Ён параіў мне добра падумаць, бо я падабаўся яму, таму што я, відаць, чалавек інтэлігентны. Ён параіў мне падумаць пра маці, якая нават ня ведае, дзе цяпер ейны адзіны сын. Падумаць, што яна будзе адчуваць, калі даведаецца, што я контррэвалюцыянер, які адмаўляецца служыць на карысць Савецкаму Саюзу. Падумаць, як шмат Савецкі Саюз зрабіў пасьля рэвалюцыі, колькі людзей ахвяравалі сваім жыцьцём, каб працоўная кляса, зь якой я паходжу, атрымала свабоду. Падумаць пра дыктатуру пралетарыята, і колькі было праліта крыві. Я сапраўды пачаў думаць пра тое, колькі крыві невінаватых людзей было праліта, колькі сялянаў, якія не хацелі ўваходзіць у калгасы, прафесароў, настаўнікаў было саслана, расстраляна, адпраўлена ў лягеры паміраць павольнай сьмерцю. Я быў крыху разгубленым, бо ня ведаў, сказаў я ўсё гэна ўслых альбо не. Я згубіў арыентацыю ў часе, і мне здавалася, што я зараз страчу прытомнасьць. Раптам сьледчы падышоў да мяне, узьняў і два разы ўдарыў па твары, каб прымусіць мяне гаварыць. Мне хацелася вырвацца й даць яму здачы, але я стрымаў сябе й не сказаў ні слова. Гэна ўзлавала гэбіста. Ён выцягнуў пісталет, прыставіў яго да маёй скроні й сказаў, што маё жыцьцё будзе каштаваць сем капеек, калі я не пагаджуся супрацоўнічаць. Затым ён націснуў на курок. Відаць, я зьнепрытомнеў ад страху альбо шоку, бо, калі я ачуняў, то заўважыў, што гэны сьледчы выйшаў і яго замяніў новы. Ён выглядаў такім сьвежым, шчасьліва ўсьміхаўся, і допыт пачаўся ўзноў. Тыя самыя пытаньні, нанова й нанова. Я ўжо не заўважаў, як мяняюцца сьледчыя. Нарэсьце ў вачах у мяне пацямнела, і калі я апрытомнеў, то апынуўся ўжо ў камеры з трыццацьцю-сарака іншымі зьняволенымі. Я ляжаў каля цэбра, напоўненага фекаліямі й мачой. Каля мяне сядзеў чалавек, гадоў шасьцідзесяці-шасьцідзесяці пяці, з добрымі блакітнымі вачыма й прыемнай усьмешкай. Ён спытаўся, як мяне клічуць, і ветліва называў мяне Барысам Дзьмітрычам. Стары заўважыў, што я дрэнна выглядаю й прапанаваў мне вады й крыху свайго хлеба. Пасьля таго, як я паеў і папіў, мне палепшала. Мяне моцна кранула абыходжаньне старога. Ён паклаў мне руку на лоб і папрасіў расказаць, як я тутака апынуўся. Я адказаў, што мне варта было паслухацца селяніна, які параіў вярнуцца ў Польшчу й прыйсьці потым зь немцамі, каб вызваліць Беларусь ад саветаў. Я дадаў, што моцна расчараваўся ў савецкай Беларусі, якая была цяпер усяго толькі калёніяй Савецкага Саюза, поўнай хлусьні й незаконнага перасьледу. Пасьля доўгай размовы, у якой я сказаў больш, чым, напэўна, усім астатнім людзям, бо мяне ўсхвалявала спагадлівасьць старога, ён сказаў, што мне прыдзецца заплаціць па вялікім рахунку і што яму моцна мяне шкада. Мы паспрабавалі заснуць на саломе. Мне прысьнілася мая заплаканая маці й дзед з бабай, якія бядуюць пасьля майго арышту. Я даведаўся, што ў той час, як я быў у астрозе, гадзіне а сёмай вечара чатыры гэбісты без папярэджаньня, ледзь не зламаўшы дзьверы, уварваліся ў хату маіх дзеда й бабкі, дзе жылі яшчэ мае цётка зь дзядзькам і іхныя дзеці. Усіх сагналі ў кут, прымусілі ўзьняць рукі ўгору й абшукалі на прадмет зброі. Маіх дзеда з бабкай таксама выцягнулі зь іхнага маленькага пакойчыка й абшукалі разам з астатнімі. Гэта бязглузьдзіца — падазраваць старых людзей у злачынствах супраць дзяржавы! Пакуль адзін з гэбістаў вартаваў маю радню, астатнія тры абшукалі хату. Яны пазрывалі пошыўкі, параскідалі пер’е, зламалі дзьверцы ў шафах, аблазілі подпал. Я нават не магу апісаць гэную жорсткасьць, зь якой яны абшуквалі хату. Было праверанае ўсё: кнігі, лісты, нататкі, — але знайсьці яны, натуральна, нічога ня здолелі. На шчасьце, ім ня трапіліся лісты ад Янкі Хутара, бо, інакш, хаця ў іх і ня мелася нічога сур’ёзнага, яго б, як і мяне, запісалі ў контррэвалюцыянеры. Маёй цётцы ледзь не зрабілася млосна, а мая бабка, якая не магла даўмецца, што адбываецца, пачала маліцца. Адзін з гэбістаў абазваў яе дурніцай, бо Бог не дапаможа ёй, таму што ейны ўнук — контррэвалюцыянер і яго ўжо нішто ня выратуе. Калі гэбісты пакінулі наш дом, мая сямья сядзела, бы паралізаваная. Моўчкі яны прыбралі ў хаце, і мая цётка прапанавала паведаміць пра ўсё маёй маці ў Наваградку. Усе замоўклі. Яны памяталі, як яна пакутвала, калі я знаходзіўся ў палоне, і нават ня ведала, ці жывы я. І цяпер, праз колькі месяцаў пасьля майго вяртаньня, мяне арыштавалі саветы. Надзеі, здавалася, не было ніякай. Савецкі ўрад, які ніколі нікім не абіраўся, тварыў страшнае зло ў краіне, якую заваяваў. Урад, які мусіць слугаваць свайму народу, пераўтварыў яго ў рабоў. Празь некалькі гадзінаў, калі ўсё йзноў было ў парадку, прынамсі, зьнешне, цётка Люба прапанавала нараніцу зьвязацца з маёй маці. Яны спадзяваліся, што маці, магчыма, паспрабуе разьведаць, што са мной здарылася. Наступным днём яны знайшлі маю маці ў лячомніцы, дзе яна працавала. Мне пераказвалі потым, што маці толькі-толькі выйшла з аперацыйнага пакоя й, калі ёй перадалі, што тэлефануюць зь Любчы, яна радасна пабегла да апарата, бо спадзявалася, што гэна я. Аднак гэна была ейная сястра, Люба, і яна паведаміла маці дрэнныя весткі. Маці зьбялела й замоўкла, потым спыталася, дзе дакладна я знаходжуся, паклала слухаўку, а затым пабегла ў міліцыю, каб атрымаць даведку пра мяне. Яна расказала дзяжурнаму афіцэру пра мой арышт мінулай ноччу ў Любчы й спыталася, дзе мяне трымаюць. Афіцэр адказаў, што яму нічога не вядома пра арышт і папрасіў больш не турбаваць яго. Але маці настойвала й дадала, што мяне арыштаваў КГБ, і што яна патрабуе, каб афіцэр патэлефанаваў каму-небудзь і спытаўся, што са мной здарылася. Ён загадаў ёй пакінуць яго ў спакоі, калі яна ня хоча непрыемнасьцяў, бо ім вядома пра ейны ўдзел у Грамадзе, беларускай нацыяналістычнай арганізацыі. Афіцэр папярэдзіў, што ёй лепш пакінуць іх дабравольна, інакш яе таксама возьмуць на допыт, і сілай выкінуў маці з участка. (Грамада зьяўлялася больш культурнай, чым палітычнай арганізацыяй, якая мела на мэце захаваньне беларускай мовы й культуры й якая, відаць, была нейкім чынам зьвязаная з Камуністычнай партыяй, якая выкарыстоўвала Грамаду як буфер для сваёй дзейнасьці. Аднак згодна з мэмуарамі майго дзядзькі Базыля, Грамада была чыста нацыяналістычнай арганізацыяй, якая ня мела нічога агульнага з камуністамі.) Маці села на бліжэйшы цягнік на Любчу й пайшла ў мясцовы КГБ. Яна прадставілася дзяжурнаму й паведаміла, што, наколькі яна разумее, яны мінулай ноччу арыштавалі ейнага сына. Дзяжурны пацьвердзіў гэна й дадаў, што ня можа нічога казаць, пакуль ня высьветліцца, якія абвінавачаньні мне прад’яўляюць. Маці заўважыла, што яны ня маюць права затрымліваць мяне, калі ў іх няма пэўных абвінавачаньняў, і папрасіла перадаць мне пакет з грашмі, але ёй адмовілі. Тады маці пайшла да дзеда й, відаць, упершыню ў жыцьці залілася сьлязьмі. Я здолеў заснуць, але ноччы адчыніліся дзьверы й было названае маё ймя. Мяне выклікалі з камеры. Я выйшаў, і мне загадалі апрануць паліто й начапілі наручнікі. Затым мяне вывелі ў цёмны двор, дзе ўжо чакаў грузавік. Там сядзелі два салдаты й адзін зьняволены. Гэнай студзеньскай ноччу ярка сьвяцілі зоркі, бо было марозна. Наручнікі вельмі хутка пахаладнелі. Калі мы ехалі, у мяне ад марозу гарэў твар. Празь некалькі гадзінаў мы прыехалі ў Менск — сталіцу Беларускай Савецкай Сацыялісттычнай Рэспублікі. Мы спыніліся каля вялікіх варотаў, якія зачыніліся, як толькі мы заехалі ў двор. Мяне адвялі ў будынак, упіхнулі ў нейкі пакой і абшукалі. Затым мне растлумачылі, што мяне прывезьлі ў Менск для далейшага расьсьледваньня. Мяне абвінавацілі ў тым, што я лёкай беларускай нацыянальнай буржуазіі. Мяне таксама абвінавацілі ў нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасьці, шпіянажы на карысьць Нямеччыны, захоўваньні зброі й падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня супраць Савецкага Саюза. Мне загадалі падпісаць паперу, дзе казалася, што я прачытаў абвінавачаньні супраць мяне. Я адказаў, што ня буду падпісваць лухту. Мне загадалі замаўчаць і не адкрываць рота, пакуль мне не загадаюць. Мне паведамілі, што допыты будуць працягненыя, і, калі расьсьледваньне скончыцца, мне паведамяць пра вынікі. Мяне павялі па шматлікіх лесьвіцах і я здагадаўся, што астрог быў пабудаваны кругам, з пляцам усярэдзіне. Гэна быў паўцёмны трох-чатырохпавярховы будынак, з ахоўнікамі на кожным паверсе. Ахоўнікі зазіралі ў камерныя вочкі, каб праверыць зьняволеных. Мяне ўпіхнулі ў 17 камеру, і дзьверы за мной зачыніліся. Цяпер ужо знаёмы жахлівы грукат дзьвярэй адрэзаў мяне ад навакольнага сьвету. Я агледзеў камеру. Над дзьвярыма вісела моцная лямпачка, якая асьвятляла мой ложак. У адным куце стаяў стол, прыкручаны да сьцяны, і крэсла, а ў другім — параша. Камера была футаў чатырох-пяці ўшыркі й недзе дзесяці — у даўжыню. Высока ў сьцяне знаходзілася вакно, але яно было зачыненае знадворку, і толькі ў самым версе была ледзь заўважная шчыліна. Стаяла ноч, і цяжка было разабрацца, колькі сьвятла трапляла праз вакно ўдзень. Я стаяў спіной да дзьвярэй, аглядаў камеру й думаў, колькі яшчэ мне прыдзецца пакутваць у йзаляцыі. Вочка ў дзьвярах адчынілася, і нехта гаркнуў, што я мушу распрануцца й пакласьціся спаць. Ложак трэба было адкінуць ад сьцяны, як у цягніку. Матрац быў саламяным, але мелася падушка. Я заснуў, але раптам прачнуўся, бо па мне нешта паўзло. Гэна былі клапы — сотні клапоў. Я падняўся з ложка, каб атрэсьці іх зь сябе. Потым я лёг на падлогу, але той самы голас загадаў мне йзноў пакласьціся ў ложак. Раніцай я паскардзіўся, што мяне змучылі клапы, і мне далі нейкае прыстасаваньне, з дапамогай якога іх можна было выгнаць з ложка й шчылінаў у сьцяне, дзе яны хаваліся. Да таго ж зьмянілі матрацы, і наступнай ноччу клапы мяне ўжо не турбавалі. Мне далі вады й нейкага адсырэлага ліпкага хлеба. Хлеб трэба было расьцягнуць на цэлы дзень, бо на палудзень і на вячэру яго не давалі. Я сеў у куце за стол і скамянеў. Я больш нічога не адчуваў. Жыцьцё, здавалася, скончылася, мары разьбіліся, спадзяваньні ня спраўдзіліся. Я думаў пра сваю маці, пра сямью й разважаў, нашто трэба было ўцякаць зь Нямеччыны. Калі ўзышло сонца, я заўважыў, што шчыліна ў вакне была сантымэтра два-тры. Сонца асьвятляла сьцяну, і я стаў пазначаць на ёй ня толькі дні, але й час сьвітанку, паўднё й захад сонца. Прынамсі, я ведаў час. Гэнай ноччу, каля дзесяці, мне загадалі легчы спаць, але праз гадзіну ахоўнік адчыніў дзьверы й загадаў ісьці за ім. Мяне павялі празь лябірынт калідораў і некалькі разоў я мусіў паварочвацца тварам да сьцяны. Я тады адчуваў, што нас нехта мінае, магчыма, іншыя зьняволеныя. Мяне прывялі ў пакой бяз вокнаў са сталом і крэслам перад ім, як і раней. Увайшоў і прыязна заўсьміхаўся малады чалавек. Ён быў гладка паголеным і, увогуле, вельмі чысьценькім і акуратным. Ён зрабіў на мяне прыемнае ўражаньне й назваў мяне Барысам Дзьмітрычам. Ён сказаў мне, што мы аднагодкі й што ён хацеў бы называць мяне таварышам, каб падкрэсьліць, што мы зь ім роўныя. Ва ўсякім разе, ў мяне ёсьць шанец стаць роўным. Шанец служыць Савецкаму Саюзу й абараняць яго, як гэта рабіў ён. Ён запэўніў мяне, што гэтыя ганаровыя абавязкі дапамогуць мне зрабіць кар’еру. Але пакуль ён устрымаецца ад таго, каб называць мяне таварышам, але будзе з павагай зьвяртацца да мяне «Барыс Дзьмітрыч». Ён спадзяваўся, што маё сумленьне яшчэ прачнецца й я раскаюся ва ўсіх памылках, што зрабіў. Ён дадаў, што разумее, што я мусіў перажыць у нямецкім лягеры, і ўяўляе, як немцы зьдзекваліся зь мяне, але ўсё цяпер залежала ад мяне. Я цяпер, быццам бы, меў шанец атрымаць прабачэньне й пачаць усё з пачатку. Я заўважыў перамену ў ягоным голасе, і выдавала на тое, што гэбіст зараз ізноў пачне задаваць пытаньні. Я сказаў, што мяне ўжо дапрошвалі некалькі гадзінаў і што мне няма чаго дадаць. Ён спытаўся, ці ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю. Сьледчы хацеў ведаць падрабязнасьці пра майго дзядзьку, які ня надта спагадліва ставіўся да камуністаў, калі быў польскім сэнатарам. Я сказаў, што ведаю толькі, што дзядзька змагаўся за правы беларусаў як этнічнай меншасьці ў Польшчы й адседзеў за гэна два гады ў віленскай турме. Гэбіст заўважыў, што ўжо ведае ўсё гэта, а таксама тое, што мой дзядзька ніколі ня меў дачыненьня да прагрэсіўнай кампартыі Заходняй Беларусі. Я адказаў, што ня ведаю, наколькі гэная партыя ёсьць прагрэсіўнай, але я ведаю, што ў нас мелася папулярная партыя Грамада, якая прываблівала шмат патрыётаў, бо змагалася супраць зьнявагі беларускага народа ў Польшчы. Гэбіст паведаміў мне, што Грамада падтрымлівалася кампартыяй і што мой дзядзька адмовіўся ад гэнай дапамогі. Я адказаў, што мне гэна невядома. (Я памятаю, як дзядзька аднойчы сказаў мне, што яму прапаноўвалі далучыцца да Грамады, але ён адмовіўся, бо лічыў яе мастом да камунізму. Ён адказаў гэным людзям, што ён не камуніст і што ён мае права мець уласныя палітычныя погляды. Ён дадаў: «Калі я не зьбіраюся на другі бок ракі, то мне не патрэбны й мост».) Канечне, я ня мог распавесьці гэнага сьледчаму, бо тады майго дзядзьку б арыштавалі й пачалі дапытваць, як і мяне. Таму я проста заўважыў, што мой дзядзька падабаўся народу, бо падтрымліваў ідэю беларускага нацыянальнага адраджэньня, а таму яго выбралі ў польскі парлямант, а потым і ў сенат. Малады чалавек запярэчыў мне, што ў мяне няправільнае ўспрыняцьце мінулага, бо я быў падвержаны прапагандзе, якая зфармавала мае палітычныя погляды. Потым ён пачаў запэўніваць мяне, што я проста ня ведаю гісторыі, і што гэта саветы стварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, вызваліў беларускі народ, адчыніў школы й г.д. Я ня стаў удавацца ў дэталі, але ўсё ж запярэчыў, што Савецкі Саюз ня мог стварыць Беларускую Рэспубліку, бо яна была абвешчаная яшчэ ў 1918 годзе. Сьледчы запярэчыў, што ўсё гэта няпраўда, нямецкая агітацыя, і што беларусы мусяць дзякаваць Савецкаму Саюзу за стварэньне рэспублікі. Я разгарачыўся. Гэбіст уцягнуў мяне ў дыскусію, і я пачаў спрачацца, што той проста ня ведае гісторыі Беларусі. Я ўзбуджана распавядаў пра барацьбу беларускай інтэлігенцыі за незалежнасьць ад Польшчы й Расеі. Я ўзгадаў Княства Літоўскае, Кастуся Каліноўскага, які загінуў ад рукі царскага палача ў 1863 годзе, таму што хацеў, каб Беларусь была незалежнай. Я не ўсьведамляў тады, што выкладаю ім свае палітычныя погляды й патрыятычныя памкненьні. Сьледчы перахітрыў мяне. Працяглы час мы маўчалі. Гэбіст разглядаў паперы ў сябе на стале. Ён сказаў, што яму вельмі шкада мяне. Што я валодаю памылковай інфармацыяй, і мне, відавочна, нехта прамыў мазгі, магчыма, у лягеры для ваеннапалонных. Сьледчы ведаў, што немцы дазволілі лекару Міколу Скорсу аб’яднаць вялікую колькасьць беларускіх патрыётаў у Беларускі нацыянальны камітэт у Берліне. Шмат хто з гэных патрыётаў вучыўся тамака перад вайной, але некаторыя былі вызваленыя зь лягеруў, і ім была прапанавая праца, як мне. Я сказаў сьледчаму, што мне ніколі ніхто не прамываў мазгоў. Тым больш, што я знаходзіўся ў лягеры нядоўга, і проста не было часу на тое, каб мне навязалі нейкія йдэі. Мы йзноў надоўга замаўчалі. Гэбіст праглядаў паперы, лічыў старонкі, паглядаў на мяне. Ён знарок маўчаў, і я пачаў пачувацца яшчэ больш няўтульна. Я здагадваўся, што сьледчы падазрае мяне ў сувязі з гэным камітэтам і думае, што мяне заслалі ў Беларусь. Гэна было няпраўдай, але як я мог даказаць гэта? Празь нейкі час гэбіст заўважыў, што я, здаецца, ня надта схільны ды размоваў. Па ягоных словах было ўжо чатыры раніцы, і сьледчы прапанаваў прыпыніць допыт, каб я як сьлед усё абдумаў, а потым расказаў пра сябе крыху больш, чым зараз. Гэбіст націснуў кнопку, увайшоў ахоўнік і загадаў мне ісьці за ім назад у камеру. Калі я ўжо выходзіў, сьледчы заўважыў, што супрацоўніцтва зь імі дапаможа мне атрымаць свабоду. Я прамоўчаў — павярнуўся й пайшоў за ахоўнікам. У калідорах панавала цемра. Калі дзьверы за мной зачыніліся зь ненавісным ужо бразгатаньнем, я падумаў, што зажыва пахаваны тутака. У мяне пацяжэла галава, і я пачуваўся прыгнечаным. Я зразумеў, што абвінавачаньні, якія мне прад’яўлялі, былі значна цяжэйшымі, чым я мог уявіць. Мяне падазравалі ў тым, што я засланы немцамі з мэтай арганізацыі пэўнай антыўрадавай дзейнасьці, і маю заданьні ад Беларускага камітэта ў Берліне. Прычым, я ня мог даказаць сваю невінаватасьць. А сёмай раніцы мяне йзноў пабудзілі. Мне не дазвалялі спаць удзень. Я сеў на крэсла ў куце, якое было прыкручанае да сьцяны, і паспрабаваў паспаць, але так, каб не заўважыў ахоўнік. Таксама я зрабіў з хлебнага мякіша шахматы й спрабаваў гуляць сам з сабой: левай рукой супраць сваёй жа правай. Я пачаў уцягвацца ў гульню, але баяўся, што зьеду з глузду. Некалькі дзён прайшло бяз допытаў. Кожную раніцу й удзень я рабіў зарадку, наколькі гэна было магчыма ў такой абмежаванай прасторы: выконваў хадзьбу, бег на месцы, адзьцісканьні. Я спадзяваўся, што яшчэ, магчыма, надарыцца магчымасьць зьбегчы, і я мушу быць у добрай форме. Я не хацеў мірыцца з тым, што мне прыдзецца сядзець у турме да канца маіх дзён. Я верыў, што нешта можа здарыцца й я буду йзноў вольным. Ежа кожны дзень была аднолькавая: палова фунта мокрага, ліпкага хлеба, які ня меў ніякага смаку, і рыбны суп са шматкамі бульбы на палудзень і вячэру. Гэнага было дастаткова толькі, каб не памерці, але я не пачуваўся галодным. Я страціў апетыт праз дэпрэсію, прыніжэньне й безнадзейнасьць. Я заўважыў, што губляю вагу й стамляюся хутчэй, чым звычайна. Аднойчы ў сярэдзіне лютага, апоўначы, пасьля некалькіх гадзінаў адпачынку, мяне йзноў выклікалі на допыт. Я йшоў за ахоўнікам, але гэным разам ён павёў мяне ў сутарэньні. Пакой для допытаў быў гэткім жа самым: крэсла, стол, лямпа. Мне загадалі сесьці, і затым увайшоў афіцэр-гэбіст. Калі я зірнуў на яго, то ў мяне мурашкі пабеглі па скуры. Я спужаўся, спужаўся ўпершыню за ўвесь час. Сьледчы быў надта высокім, з шырокімі плячыма, гадоў сарака-пяцідзесяці. У яго быў вузкі лоб, шырокія бровы, цёмныя вочы, гарбаты нос, вялікія вусны й цяжкое падбародзьдзе зь ямкай пасярод. Афіцэр быў гладка паголены й акуратна апрануты. У яго быў жорсткі, змрочны выраз твару, які не пакідаў вам ніякай надзеі, і стваралася ўражаньне, што гэны чалавек можа выкарыстаць якія заўгодна метады допыту. Гэбіст сеў, адкрыў маё дасье й, здаецца, не заўважаў мяне. Ён назваў мне сваё імя — калі не памыляюся, Ісаак Гіньзьберг. Раптам ён узьняўся, падышоў да мяне й сказаў, што я манюка. Ён паклаў паперы перада мною й загадаў прачытаць іх, а сам вярнуўся да стала й запаліў цыгарэту. Гэбіст утульна разьмесьціўся на сваім крэсьле, сядзеў сабе ды й пускаў колцы дыму. Я пачаў чытаць і проста ня верыў сваім вачам. Тамака было ўсё, што я расказаў у Баранавічах старому, але, акрамя гэнага, яшчэ тузін рэчаў, якіх я ніколі ня ўзгадваў. Напрыклад, што ў Налібоцкай пушчы я трымаў у падпольным складзе амуніцыю й зброю й што мой брат Вальтэр добра ведае пра гэта. Таксама там казалася, што я атрымаў ад сваіх дзядзькоў Базыля й Шчатыркі, якія, быццам бы, нямецкія шпіёны, загад пашырыць шпіёнскае кола ў раёне Любчы й Наваградка. Акрамя гэнага, я мусіў арганізаваць падпольную армію, каб узьняць паўстаньне супраць Савецкага Саюза. Я сапраўды ня верыў сваім вачам! Усё, што я наказаў старому, было праўдай, але ўсё астатняе — плён хворага ўяўленьня! Мне спатрэбілася паўгадзіны, каб прачытаць напісанае, і калі я нарэсьце скончыў, то адклаў паперы ўбок і сказаў, што гэна ўсё хлусьня. Што няма ніякай шпіёнскай арганізацыі, ніякага падпольнага руху. Я спытаўся, якім чынам, яны думаюць, я мог пасьпець сабраць склад зброі, стварыць шпіёнскае кола, падпольную армію за такі кароткі час: зь верасьня па студзень? Я нэрвова засьмяяўся й заўважыў, што гэта не я манюка, а тыя, хто спрабуе абвінаваціць мяне ва ўсіх гэных грахах. У той самы момант, калі я сказаў гэна, я зразумеў, што зрабіў памылку. Сьледчы ўскочыў, скінуў мяне з крэсла й ударыў кулаком па галаве спачатку справа, а потым зьлева. На нейкі час я страціў прытомнасьць, а калі ачуняў, то зразумеў, што ляжу на падлозе. Я паспрабаваў узьняцца. Мне было млосна, і ў галаве гудзелі званы. Пакой круціўся, і мяне ванітавала. Я здолеў сесьці на крэсла, і гэбіст, які выглядаў вельмі жорсткім, стаў насупраць мяне. Ён сказаў, што я абразіў яго, калі назваў манюкам, і што я паплачуся за гэна двума днямі йзаляцыі. Я ня мог даўмецца, якога кшталту йзаляцыю ён мае на ўвазе, бо я і так ужо быў ізаляваным у сваёй камеры. Але ў мяне, па словах сьледчага, яшчэ быў шанец выправіць становішча, калі б я падпісаў паперы. Калі я так зраблю, КГБ паставіцца да мяне інакш і будзе больш паблажлівым. Я амаль ня чуў гэных словаў і толькі круціў галавой і паўтараў, што не магу падпісаць дакументы, у якіх ні слова праўды. Тады сьледчы паведаміў мне, што мае дзядзькі й Вальтэр — часьнейшыя за мяне, і што яны якраз-такі пажадалі апраўдацца за сваю дзейнасьць. Ён сказаў, што яны ўва ўсім прызналіся й КГБ паставіўся да іх спагадліва. Я зірнуў на гэбіста й заявіў, што паверу гэтаму, толькі калі пачую гэта ад іх саміх. Не памятаю, што адбылося потым. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб ачомацца ад біцьця. Я ляжаў на падлозе, а сьледчы біў мяне нагой у пахвіну, і тады я зусім страціў прытомнасьць. Калі я ачуняў, гэбіста ўжо не было ў пакоі. Ахоўнік дапамог мне ўзьняцца, паклікаў другога, і яны напалову вывялі — напалову выцягнулі мяне з пакоя. Я заўважыў, што мы йдзем ня ў камеру, а некуды ў сутарэньні. Яны прывялі мяне да нейкіх дзьвярэй, упіхнулі ўнутр і зачынілі дзьверы. У камеры было напаўцёмна, але я заўважыў матрац у куце. Пакой быў футаў чатырох-шасьці, а то й меней. Сьцены былі вільготнымі, і стаяў смурод. Гэта й называлася йзаляцыяй. Людзі бавілі ў ёй дні й тыдні ў якасьці пакараньня. Няўжо я сапраўды абразіў сьледчага? Я толькі сказаў, што ў паперах была хлусьня, але ён прыняў гэна на свой рахунак. Альбо гэна была проста нагода зламаць мой супраціў? Я ня ведаў. Празь нейкі час мне прынесьлі вады й хлеба, якіх мусіла хапіць на цэлы дзень. Потым ізноў стала ціха. Я сядзеў на матрацы й абмяркоўваў сваё становішча й будучыню. Я пачуваўся поўнасьцю бездапаможным. Я мог спаць толькі ўрыўкамі ў гэнай халоднай вільготнай камеры. Ня ведаю, як доўга мяне тамака трымалі — магчыма, дзень ці два. Нарэсьце, дзьверы адчыніліся, і ахоўнік правёў мяне назад у маю камеру. Якая палёгка! Мая камера падалася мне тады гатэльным нумарам! Магчыма, ізаляцыя была мне нават на карысьць, бо цяпер я шанаваў сваю камеру, і яна падавалася мне сапраўды ўтульнай. Аднак я разумеў, што ня мушу рабіць ніякіх імпульсіўных учынкаў, каб нікога не пакрыўдзіць. Мяне пакінулі ў спакоі на два-тры дні. Потым мяне выклікалі йзноў і прывялі ў звычайны пакой для допытаў. Увайшоў малады лейтэнант і сказаў, што ён ведае пра непаразуменьне, якое паўстала з апошнім сьледчым, але я быў пакараны за тое, што даў волю сваім эмоцыям. Лейтэнант спадзяваўся, што я абмеркаваў сваё становішча й згодны цяпер падпісаць прызнаньне. Ён дадаў, што я яшчэ малады й мяне чакае сьветлая будучыня, калі я прыму савецкі лад як адзінае выйсьце для тых, хто пакутваў ад капіталізму, царскага самаўладзьдзя й палітычнага ўціску з боку Польшчы. Я паглядзеў на сьледчага. Я ўжо нікому не давяраў. Я пакруціў галавой у знак адмаўленьня падпісаць прызнаньне, бо ў ім няма ні слова праўды. Я дадаў, што яны могуць мяне ўзноў пасадзіць у адзіночную камеру, але я нічога не падпішу. Гэбіст заставаўся вельмі прыязным. Ён ня ўзьняў на мяне голасу, ня выказаў гневу. Ён працягваў задаваць тыя самыя пытаньні й распавёў гісторыю пра тое, як ангельцы спрабавалі атрымаць уладу над Індыяй за кошт таго, што нацкавалі індуістаў і мусульманаў адзін на аднаго. Ён параўнаў гэта з намаганьнямі Нямеччыны, якой хочацца пасварыць паміж сабой этнічныя групы ўнутры Савецкага Саюза. Я адказаў, што сумняваюся ў тым, што немцы парушаць пакт аб ненападзе, які яны падпісалі з Савецкім Саюзам. Гэбіст расьсьмяўся на гэна й спытаўся, няўжо я сапраўды думаю, што саветы давяраюць немцам, што яны могуць прыняць фашызм — архіворага савецкай сыстэмы? Ён дадаў, што Савецкі Саюз мусіць быць гатовы да барацьбы й павінны ачышчаць сваё грамадзтва ад такіх людзей, як я, якія хочуць разваліць яго знутры. І ён запэўніў мяне, што яны здолеюць выканаць свой абавязак. Мяне адвялі ў камеру й пакінулі ў спакоі на некалькі дзён, а потым ізноў дапытвалі дні два-тры. Гэта працягвалася бясконца. Напрыканцы сакавіка мяне прывялі ў зусім іншы пакой для допытаў. Я пахаладзеў: тамака знаходзілася лаўка з рамянямі, а таксама Гіньзьберг і два ніжэйшых па званьні гэбіста. Гіньзьберг сядзеў якраз насупраць мяне й выглядаў даволі пагрозьліва. Ён пазіраў то ў паперы, то на мяне. Ён паведаміў, што я маю апошні шанец прызнацца ўва ўсім, інакш я сутыкнуся зь вельмі непрыемнымі пасьледзтвамі сваіх паводзінаў. Я адказаў, што ўжо прызнаўся ўва ўсім і што мне няма чаго дадаць. Сьледчы запярэчыў, што гэта ня так, бо інфармацыя, якую яны атрымалі ад Косьціка, ягонага дзядзькі й маіх дзядзькоў, не супадае з тым, што наплявузгаў я, і што калі я не падпішу прызнаньне, у дачыненьні да мяне будуць прымененыя крыху іншыя сродкі допыту. Пагрозьлівым тонам сьледчы сказаў: «Вось папера. Вось асадка. Падпісвай!» Я не зварухнуўся зь месца — толькі моўчкі глядзеў на яго. Потым апусьціў галаву і раптам быў падхоплены двума гэбістамі, пакладзены на лаву тварам уніз і прывязаны. Яны зьнялі мае чаравікі, і я адчуў жахлівы боль. Я не магу яго нават апісаць — гэта было так, быццам нехта прыкладаў да маіх ступней гарачы прас. Гэна быў пякучы боль, які працінаў ногі й мозг. Ня ведаю, колькі яшчэ яны білі мяне па нагах, бо я хутка страціў прытомнасьць. Калі я нарэсьце адкрыў вочы, то быў зусім мокрым, зь мяне лілася вада й я сядзеў на лаве. Мне загадалі сесьці на крэсла, але я ня мог ступаць балючымі нагамі. Тады мне загадалі абуць чаравікі, і я заўважыў, як у мяне апохлі ногі. Каты падзьцягнулі мяне да крэсла, і Гіньзьберг сказаў, што гэна быў толькі маленькі прыклад таго, што робяць з ворагамі Савецкага Саюза, якія ніяк ня хочуць зьмяніцца ў лепшы бок і прызнаць савецкую сыстэму. Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб здолець хадзіць. Я фанатычна разьвіваў тулава, але пакінуў у спакоі ніжнюю частку цела. Было недзе дваццатага красавіка, Вялікдзень, дзень, калі расьпялі Хрыста. Я паспрабаваў узгадаць якія-небудзь рэлігійныя сьпевы, а таксама велікодную службу, якую наведвала мая маці, і нават пашкадаваў, што ня веру сьлепа ў Бога, які ёсьць міласэрным і ўсёдаравальным. Я стаў думаць, ці не зрабіў чага, каб заслужыць гэтае пакараньне. Няўжо гэна была Боская воля на тое, што столькі людзей арыштоўваюць, дапрошваюць, расстрэльваюць, адпраўляюць у Сібір? І калі так, то як ён можа быць такім жорсткім? Як ён можа дазволіць, каб людзей наказвалі за тое, чаго яны ніколі не рабілі? Я спрабаваў засяродзіцца, маліцца. Але я ня ведаў малітваў. А можа, я мог бы маліцца сваімі словамі, ці яны тады ня будуць пачутымі? Я паспрабаваў прасьпяваць песьню, якую звычайна выконвалі ў царкве падчас прыгожай велікоднай службы. Але я ня змог пець, бо разумеў, што ня веру ў Бога, створанага царквой. Калі ён сапраўды існаваў, то ўва ўсім сусьвеце, і ня быў адказным за тое, што людзі робяць у дачыненьні адзін да аднага. Я быў упэўнены, што Бог не вінаваты ў разбурэньні й сьмерцях, выкліканых нямецкім нашэсьцем у Польшчы й Чэхаславакіі. Што ён не вінаваты ў рэпрэсіях супраць людзей у Савецкім Саюзе. Я падумаў, што, відаць, Бога сапраўды стварылі людзі й надзялілі яго ўсімі сваімі рысамі, усімі сваімі слабасьцямі. Верагодна, гэта сапраўды так, бо калі б не было людзей, не было б таго Бога, якога мы ведаем дзякуючы царкве, не было б розных рэлігіяў. Бог розны для жыдоў, каталікоў, праваслаўных, мусульманаў, афрыканскіх, індэйскіх плямёнаў, якія не спавядаюць асноўных рэлігіяў. Усе маюць Бога ці багоў, якія створаныя па людзкім падабенстве. Я лічыў, што няварта маліцца гэтаму Богу, бо ён такі ж самы, як і людзі. Такі ж жорсткі й бязьлітасны, як і яны. А вера ў тагасьветнае жыцьцё дапамагае толькі тым, хто знаходзіцца пры сьмерці й хоча спадзявацца, што пабачыць лепшае заўтра. Але я так і не знайшоў адказу на ўсе свае пытаньні пра Бога. Па нейкай невытлумачальнай прычыне мне дазволілі чытаць кнігі з турэмнай бібліятэкі, якія прыносіў бібліятэкар-зьняволены. Большасьць кніг былі нецікавымі — у асноўным, бальшавіцкая прапаганда, але я атрымліваў таксама пераклады заходняй клясікі на расейскую мову, і чытаў па кніжцы на тыдзень. Аднойчы мне трапілася кніга Лермантава. Адзін зь вершаў у ёй быў пра маці, якая згубіла свайго сына. Тамака казалася, што, як вярба ня зможа ўзьняць свае галіны, так і маці ніколі не забудзе сваё дзіця. Я задумаўся пра сваю маці. Бедная жанчына — яна столькі пакутвала! Колькі яна натрывалася, калі згубіла свайго мужа, а затым — сына. Я думаў пра тое, што яна здолела выгадаваць мяне адна, толькі каб згубіць падчас вайны (калі яна нават ня ведала, ці жывы я), пабачыць на нейкі час, а потым ізноў згубіць. Прычым, калі я быў ваеннапалонным, яна магла хаця б спадзявацца, што я вярнуся, а цяпер, калі мне прад’яўлялі палітычныя абвінавачаньні, надзеі амаль не было. Я выўчыў гэны верш напамяць і дагэтуль ведаю яго. Празь нейкі час я ўсьвядоміў, што мне спрабуюць адстукваць нешта празь сьцяну на марзянцы альбо наўчыць ёй. Але я ня здолеў гэтага зрабіць. Ня ведаю, чаму, але я не разумеў гэтай сыстэмы й дагэтуль не валодаю ёю. Магчыма, гэта таму, што я баяўся, што любая камунікацыя са зьнешнім сьветам, нават з суседняй камерай, прывядзе да йзаляцыі, а мне гэтага надта не хацелася. Дні міналі адзін за адным, і, па маім календары, надышло першае траўня — дзень усіх працоўных. Паколькі мяне перавялі ў іншы будынак, я мог бачыць вуліцы Менску й чуць музыку й гукі параду. Мой сьледчы, малады чалавек, сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то змагу быць сярод сьвяточнага натоўпу. Я ведаў, што гэна няпраўда й што, калі я сапраўды зраблю гэта, то падпішу сьмяротны прыгавор маім дзядзькам і іншым людзям, якія ўцягненыя ў маю справу. Я йзноў паўтарыў, што не падпішу, бо тамака ўсё няпраўда. Тады гэбіст параіў мне назіраць парад праз вакно. Знадворку ўсё падавалася такім вясёлым, але я ня мог даўмецца, як людзі могуць радавацца ў турме, якой для іх стаўся Савецкі Саюз. Сьледчы сказаў, што, калі мне ўжо напляваць на сябе, і я хачу зламаць сабе жыцьцё праз сваю ўпартасьць, то мушу падумаць хаця б пра маці. Ён намякнуў, што маці могуць таксама арыштаваць, і, магчыма, яна раскажа ім пра мяне крыху больш. Гэта было горш за ўсе катаваньні. Я мог вытрымаць зьбіваньні, ізаляцыю, але ня тое, што з маёй маці можа быць тое самае. Упершыню я задумаўся пра тое, каб падпісацца й выратаваць маці. Я вельмі доўга разважаў пра гэна, але потым вырашыў, што, калі ўжо нешта мусіць здарыцца зь ёю, то гэта здарыцца незалежна ад таго, што я зраблю. Яны ўсё роўна арыштуюць яе, калі ўжо наважыліся, але калі я падпішу, яна апынецца палітычным вязьнем. Празь некалькі дзён мяне ўзноў выклікалі на допыт, і я пабачыў ката Гіньзьберга. Я прырыхтаваўся да найжахлівейшага катаваньня й баяўся, што ня вытрымаю яго й падпішуся. У глыбіні душы я адчуваў, што аднойчы ўсё роўна падпішу, і мяне тады праклянуць, заб’юць, сашлюць. Я ўжо больш ня мог трываць фізычны й духоўны зьдзек. Надзіва, Гіньзьберг нават не ўздымаў на мяне голасу, быў спакойным, стрыманым, але ягоныя словы праціналі мяне наскрозь. Ён сказаў, што такіх людзей, як я, трэба забіваць. Ён выцягнуў пісталет і сказаў, што аднойчы яны вывязуць мяне за Менск, заб’юць адной куляй, і ніхто не даведаецца, што са мной сталася. Цяпер я ведаю, што мяне зьбіраліся адвезьці ў Курапаты, парослую лесам тэрыторыю недалёка ад Менску, дзе сотні й тысячы беларусаў былі забітыя за злачынствы, якіх яны не ўчынялі, але ў якіх падазраваліся за любоў да радзімы, сваёй мовы й культуры й за супрацьстаяньне жорсткай сыстэме, створанай Сталіным. Толькі ў 1987 - 1988 гадах масавыя могілкі ў Курапатах былі адкапаныя, і ў іх былі знойдзеныя 30 тысяч чалавек, застрэленых у галаву. Я разумеў, што доўга не пражыву, што хутка нешта здарыцца. Мяне альбо заб’юць, альбо сашлюць у Сібір. Былі пэўныя моманты, калі мне, здавалася, было ўжо напляваць. Я губляў вагу й задыхваўся. Я рабіў гімнастыку, але мае мышцы атрафіраваліся. Я яшчэ ня ведаў, што ў мяне вадкасьць у левым лёгкім. Я папрасіў ахоўніка адвесьці мяне да ўрача, але салдат адказаў мне, што ўрач будзе толькі празь некалькі дзён і я тады магу да яго зьвярнуцца. Аднойчы дзьверы камеры расчыніліся, увайшла лекарка — жанчына ў форме КГБ — і спыталася, што мяне турбуе. Я адказаў, што адчуваю боль у грудзях, зь левага боку, і што, калі я дышу, то здаецца, што ў мяне вада ў лёгкім. Лекарка агледзела мяне й параіла не турбавацца, бо гэта хутка пройдзе. Я спытаў, што яна мае на ўвазе, але яна прамоўчала — проста павярнулася й выйшла. Можа, ёй ужо было вядома, што мяне расстраляюць? Ці гэта проста савецкая медыцына такая? Можа, гэта нармалёва й савецкія лекары заўсёды так ставяцца да пацыентаў? І чаго я чакаў? Каб мяне накіравалі ў лазарэт, дзе я атрымаў бы чысты ложак і мяне агледзеў бы сапраўдны лекар? Канечне ж, мне не палепшала. Наадварот, у мяне зморшчылася скура, у маім арганізме больш не было тлушчу, я адчуваў, што ў мяне вада ў грудзях, і мне балюча было дыхаць. Прайшло некалькі дзён. Я йзноў пачаў гуляць сам з сабой у шахматы, чытаў і вучыў напамяць вершы. Напрыканцы траўня альбо ў пачатку чэрвеня ўвайшоў ахоўнік і загадаў ісьці за ім. Мяне прывялі ў незнаёмы пакой, дзе за сталом сядзелі тры гэбісты. Мне загадалі сесьці. Адзін зь іх узяў аркуш паперы й пачаў чытаць услых. Ён назваў маё імя, дату нараджэньня, а потым абвесьціў абвінавачаньне ў шпіянажы, арганізацыі шпіёнскага кола на карысць Нямеччыны, распаўсюджваньні антысавецкай прапаганды, падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня ў Беларусі, а таксама прыгавор да расстрэлу. Гэныя словы зьвінелі ў мяне ў вушах. Мне было дваццаць гадоў, і мяне зьбіраліся забіць за злачынствы, якіх я ніколі не рабіў. Я толькі вярнуўся на радзіму, каб вучыцца далей і стаць лекарам. Няўжо, гэта й было злачынствам? Другі гэбіст спытаўся, ці маю я што сказаць. Я адказаў, што ўжо ўсё паведаміў ім. Тады ён загадаў мне падпісаць прыгавор. Я спытаўся, ці азначае гэта прызнаньне ў пералічаных злачынствах. Гэбіст адказаў, што ў загадзе напісана, што я азнаёмлены з абвінавачаньнямі. Ён дадаў, што я буду расстраляны ўзводам. Я падпісаў. Тады мне паведамілі, што я маю трыццаць дзён, каб напісаць Сталіну прашэньне аб памілаваньні й зьмяненьні прыгавора на дваццаць пяць гадоў у працоўным лягеры. Да мяне вярнулася надзея. У мяне было яшчэ трыццаць дзён. Мяне адвялі назад у маю камеру, дзе я сабраў свае рэчы, а потым закінулі ў іншую камеру, адмысловую — для сьмертнікаў. Тамака ўжо было каля дзевяці чалавек, якія выглядалі старэй за мяне. Адзін зь іх спытаўся, як мяне клічуць, колькі мне гадоў, які прыгавор і ці прасіў я аб памілаваньні. Я адказаў, што, на мой погляд, лягер лепш за сьмерць, бо ў нас будзе шанец выжыць. Я ўладкаваўся каля інжынера, гадоў пяцідзесяці, які быў моцна прыгнечаным. Сярод ночы ён прачнуўся, пачаў плакаць і біцца галавой аб сьцяну. Ён распавёў мне, што быў вымушаны разьвесьціся з жонкай, кінуць траіх дзяцей, бо яго абвінавацілі ў злачынствах супраць Савецкага Саюза. Цяпер жыцьцё было для яго бессэнсоўным. Я вырашыў пазнаёміцца зь ім бліжэй. Я выцягнуў свае шахматы й запрасіў інжынера згуляць раз-другі й пагутарыць. Я чытаў на сьцяне ймёны, даты, абвінавачаньні тых, хто сядзеў тутака да нас. Іх было поўна, яны былі асуджаныя на сьмерць за злачынствы, якіх не рабілі й дзень пры дні чакалі непазьбежнага. Аднойчы раніцай нас пабудзілі выбухі. Мы не ўяўлялі, што гэна магло быць. Нехта выказаў здагадку, што гэна ваенныя вучэньні. Калі так, то яны мусілі быць надта сур’ёзнымі, бо сьцены нашай камеры дрыжэлі. Гэна была раніца 22 чэрвеня 1941 года. Да нас у камеру ўвайшоў хлопец, гадоў васемнаццаці, і паведаміў: «Таварышы! Немцы бамбяць Менск!» Значыць, пачалася вайна. Мой мозг ажывіўся. Зьявілася надзея, але затым — страх. Магчыма, гэбісты расстраляюць нас усіх і мы не пасьпеем атрымаць памілаваньне ад Сталіна. Наступнай ноччу бамбілі праз кожныя пятнаццаць хвілінаў. На досьвітку ўвайшоў ахоўнік і загадаў усім выйсьці. Няўжо нас расстраляюць? Нас вывелі ў двор астрога, а потым — на вуліцы Менску. Горад гарэў. Некалькі будынкаў непадалёк ад турмы былі разбураныя. Як толькі мы выйшлі за межы астрога, мы пабачылі яшчэ адну калёну зьняволеных — недзе каля дзесяці тысячаў чалавек. Зь неба пачуўся жахлівы віск, і нехта закрычаў, каб усе паляглі на зямлю, бо зараз немцы будуць бамбіць вуліцы. Над намі праляцелі самалёты й паскідалі бомбаў у розных накірунках. Я падпільнаваў магчымасьць прыстаць да іншага натоўпу зьняволеных і забіўся глыбока між імі. Недзе праз паўгадзіны ахоўнік загадаў усім замаўчаць, і нехта з гучнагаварыцелем закрычаў, што зьняволеныя з «амерыканкі» мусяць выйсьці, інакш іх расстраляюць. Я сказаў самому сабе, што змагу выжыць, толькі калі застануся ў новым натоўпе, што й зрабіў. Мы павольна пайшлі калёнай ва ўсходнім накірунку — да мястэчка Чэрвень, якое знаходзілася кілямэтрах у шасьцідзесяці ад Менску. Калі мы йшлі, я зразумеў, што такое «бліцкрыг». Чырвоная Армія не была падрыхтаванай да вайны й адступала ў беспарадку. Калі я ўпершыню пабачыў нямецкія танкі, яны знаходзіліся ў савецкім тыле. Фронту не йснавала. Была сонечная летняя раніца — яшчэ ніякай сьпякоты й лёгкі ветрык. Як гэта цудоўна — дыхаць сьвежым паветрам! Мяне трымалі ў камеры каля шасьці месяцаў. Мне не дазволілі рабіць гімнастыку ў двары, і я пакідаў камеру, толькі калі хадзіў на допыты. Нарэсьце я выйшаў з турмы! Калёна, якая расьцягнулася на некалькі кілямэтраў, павольна рухался наперад з ахоўнікамі справа й зьлева. Рабілася ўсё цяплей, нават горача. Раптам нам усім загадалі збочыцць з дарогі, каб адпачыць. Праз колькі часу мы рушылі йзноў. Слабейшым загадалі застацца пры дарозе, а потым расстралялі, калі іх мінула калёна. Вось тады я парадаваўся, што рабіў зарадку. Нягледзячы на вадкасьць у лёгкім, я працягваў ісьці. Я трымаўся калёны, каб мяне не забілі пры дарозе. Раптам я зразумеў сваю памылку: на мне было паліто, якое маці падарыла мне на Ражаство — з футраным каўнерам, а гэта адрозьнівала мяне ад астатніх. Да мяне падышоў ахоўнік і спытаўся, ці не з «амерыканкі» я. Я адмоўна пакруціў галавой, але ён сказаў, што пазнаў мяне й загадаў мне збочыць з дарогі. Мы чакалі, пакуль калёна пройдзе, але, дзякаваць Богу, нешта іншае адзьцягнула ўвагу ахоўніка, і ён кінуў мяне. Я хуценька ўціснуўся ў калёну. Нарэсьце, мы прыйшлі ў чэрвеньскую турму, і нас пастроілі ў двары. Тамака не хапала месца для такой колькасьці людзей. Камісар КГБ аб’явіў у гучнагаварыцель, што зараз усіх правераць пайменна й адпаведна са злачынствамі, у якіх іх абвінавачваюць. Паколькі я бачыў, як адступае Чырвоная Армія, я ня мог паверыць, што ў аховы меюцца з сабой нейкія дакументы на зьняволеных. У двары пасьпешліва паставілі стол, і за яго селі тры гэбісты. Усе павінны былі падыходзіць да іх, казаць імя й злачынства. Мой сябар, інжынер з камеры сьмертнікаў, спытаўся, што я зьбіраюся рабіць. Я адказаў, што яны ня могуць ведаць, у чым нас абвінавачваюць. Я папярэдзіў яго, што ён мусіць маніць, што заўгодна: што ён вор, злачынца, але толькі не шпіён і контррэвалюцыянер. Інжынер баяўся, што гэбісты могуць знайсьці ягонае ймя. Я адказаў, што мы не павінны ні ў чым прызнавацца, каб паспрабаваць унікнуць сьмерці. Ён не адказаў. Ён быў бледным і дрыжэў. Ягоныя валасы былі зусім сівыя, і здавалася, што яны яшчэ больш пасівелі за два тыдні ў камеры сьмертнікаў. Я ня мог больш нічога параіць яму. Сам я цьвёрда вырашыў не здавацца, бо быў упэўнены, што ахоўнікі ня змогуць праверыць, хто я такі. Адзін за адным мы пасоўваліся да стала. Я стараўся падслухаць, што кажуць астатнія. Нас падзялілі на дзьве групы. Адна складалася з тых, каго абвінавачвалі ў шпіянажы й контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Іх адводзілі да турэмнай сьцяны й моцна ахоўвалі. Другая — з тых, каго абвінавачвалі ў злачынствах меншай цяжкасьці. Да вечара каля сьцяны назьбіралася недзе тысяча сто чалавек. Надышла мая чарга. Я выдумаў сабе ймя. У мяне спыталіся, у чым мяне абвінавачваюць. Я сказаў, што ня ведаю. Што мне загадалі нарубіць столькі й столькі кубічных мэтраў, але я хварэў і ня здолеў выканаць заданьня. За гэна мяне, быццам бы, і адправілі ў турму. Я ўжываў простыя сялянскія выразы й зрабіў выгляд, што дурнаваты. Я й сапраўды па-дурному выглядаў: худы, абцягнены жоўтай скурай, крыху абпаленай на сонцы. Мяне накіравалі ў натоўп, які ахоўваўся ня надта моцна. Пасьля мяне йшоў інжынер. Ня ведаю, што ён сказаў, але яго адправілі ў групу ля сьцяны. Я стаміўся й прысеў адпачыць на сонцы й сьвежым паветры. Неба было чыстым і мірным, і я разважаў, што нас чакае. Аб адзінаццатай вечара мы заўважылі, што другая група зьнікла. Каля паўночы мы пачулі кулямётныя чэргі. Выдавала на сутычку зь немцамі. Нейкі час было ціха. Мы ня ведалі, што тамака здарылася. (Пасьля мясцовыя жыхары распавялі нам, што гэна на ўсходзе ад Чэрвеня расстралялі другую групу.) Каля чатырох раніцы нехта закрычаў, што нас пакінула ахова. Усе паўставалі, узьняўся шум. І сапраўды — аховы не было. Мы адчынілі турэмныя вароты, і ўсе павыбеглі. Я бег і бег і нарэсьце апынуўся каля пакінутай сялянскай хаты. Тамака меўся подпал, у які можна было залезьці знадворку, што я й зрабіў, каб перачакаць і пагледзець, што будзе далей. Я заставаўся тамака ўвесь дзень і ўсю ноч. На наступны дзень я вылез, каб разгледзецца й, на дзіва, пабачыў на краю вёскі нямецкі танк з экіпажам у чатыры-пяць чалавек. Немцы галіліся. (Яны, відаць, не маглі ўявіць, што можна ваяваць не пагаліўшыся, альбо ім загадвалі.) Я ўзрадаваўся, што пабачыў салдат, але й пабойваўся, бо ня ведаў, што можа здарыцца. Паколькі я гаварыў па-нямецку, я падышоў да іх. Я павітаўся й яны прыязна адгукнуліся. Яны спыталіся, хто я такі. Я адказаў, што быў дагэтуль у савецкай турме, а зараз іду дамоў на захад ад Менска й хацеў бы атрымаць якое-небудзь пасьведчаньне, што дазволіць мне вольна перамяшчацца. Яны адказалі, што мне не патрэбныя ніякія паперы, бо я размаўляю па-нямецку, і мяне ніхто ня спыніць. Я ня ведаў, верыць ім ці не, але яны былі даволі прыязнымі й у добрым настроі. Я не ўсьведамляў, што лініі фронту не было. Яны альбо прарваліся, альбо іх закінулі на парашутах. Саветы былі раскіданыя й ня ведалі, дзе знаходзяцца немцы. Я пайшоў назад на захад. Ніхто не пытаўся, хто я такі ці што раблю. Я дайшоў да краю пушчы, і раптам нехта па-расейску загадаў мне ўзьняць рукі ўгору. Мяне спыталі, куды я йду. Я адказаў, што быў у турме, а цяпер хацеў бы запісацца ў Чырвоную Армію, але ня ведаю, дзе гэта можна зрабіць. Яны спыталіся, ці магу я пацьвердзіць, што быў у турме. Мне пасьведчаньне далі, калі адабралі гадзіньнік. Я паказаў гэнае пасьведчаньне й мяне адпусьцілі. Я заўважыў яшчэ двух чалавек у кустах. Магчыма, гэна таксама былі зьняволеныя, якія спрабавалі дабрацца дадому. У іх таксама, відаць, папрасілі пасьведчаньні, але мужыкі ўжо выкарысталі іх на самакруткі. Празь некалькі хвілінаў я пачуў два стрэлы й падумаў, што, відаць, іх прынялі за нямецкіх шпіёнаў і расстралялі. Я рухаўся на захад і назіраў за савецкімі войскамі, якія адступалі бяз зброі, у беспарадку. Не было арганізацыі, належнага камандаваньня. Танкі, вазы, салдаты тысячамі адступалі на ўсход. Мяне зьдзіўляла Чырвоная Армія, пра каторую я чуў столькі прапаганды. Меркавалася, што яна мусіць быць самай моцнай, аднак яна была разьбітая нямецкімі войскамі літаральна за некалькі дзён. Калі я прыйшоў у Менск, то пабачыў на перакрыжаваньні двух разьняволеных нямецкіх салдатаў, якія былі добра ўзброеныя, і якім здавалася ў палон купка чырвонаармейцаў. Але немцы ня бралі палонных і адпусьцілі іх. Многія з гэных салдатаў засталіся ў навакольных вёсках, дзе працавалі ў гаспадарках і чакалі, пакуль сытуацыя зьменіцца. Я дайшоў да акраіны Менску й атрымаў шок, калі пабачыў, як немцы расстрэльваюць палонных. Немцы, якія мусілі вызваліць нас, рабілі тое самае, што й саветы на працягу столькіх гадоў. Хаця я таксама назіраў, як у некаторых вёсках людзі выходзілі з хат з хлебам і сольлю на белых ручніках, каб павітаць немцаў і падзякаваць ім за вызваленьне. Салдаты паводзілі сябе дастаткова прыязна й прымалі паднашэньні. Я бачыў, як вяскоўцы дастаюць з тайнікоў схаваныя йконы, запальваюць лампады й моляцца Богу ад радасьці, што жорсткі рэжым Сталіна нарэсьце скончыўся. Я не ўсьведамляў, што адбываецца. Мяне зьдзівіла, што немцы, якіх сяляне сустракаюць з хлебам-сольлю, расстрэльваюць ваеннапалонных бяз суда й сьледства. На той момант я ня мог думаць і не ўяўляў, што чакае мяне наперадзе. Разьдзел 4. Нарэсьце — вызваленьне! Альбо? Мяне спыніла паліцыя й спыталася, хто я такі. Я адказаў, што сядзеў да вайны ў савецкай турме, але размаўляць буду толькі зь іхным камандзірам. Тады мяне прывялі ў маленькі паліцэйскі ўчастак, у пакой, які ахоўваўся. Я йзноў спужаўся. Да мяне хутка вярнуліся ўспаміны пра КГБ. Мяне выклікалі да мясцовага камэнданта. Я адразу пазнаў чалавека за сталом. Гэна быў Яўген Клімовіч. Мы вучыліся разам у польскай гімназіі, і ён быў на год ці два старэй за мяне. Яўген граў на гітары й сьпяваў прыгожым тэнарам. Некалі ён быў закаханым у маю стрыечную сястру, Ніну Бітус, і прыязджаў да нас у Любчу на вакацыі. Яўген спытаўся, хто я такі. Я ня мог паверыць, што настолькі зьмяніўся, што ён не пазнаў мяне. Я згубіў каля трыццаці кіляграмаў вагі й, відаць, дрэнна выглядаў. У мяне адрасла барада, валасы былі растрапаныя, вопратка — брудная й парваная. Я зірнуў на Яўгена, назваў па імені й сказаў, як мяне клічуць. Я нагадаў яму пра Ніну, цётку Любу, пра тое, як мы купаліся, лавілі рыбу летам у Любчы. Яўген зьмяніўся ў твары. Ён быў агаломшаны, але потым згроб мяне ў абдымкі й паведаміў, што ёсьць цяпер камэндантам гэтага ўчастка й мусіць ачысьцьць гэтую мясцовасьць ад камуністаў, адплаціць ім за тое, што яны зрабілі з намі. Я сказаў, што ўсе камуністы зьбеглі, а людзі, што засталіся, ня маюць да іх дачыненьня й самі ад камуністаў нацярпеліся. Яўген заўважыў, што нельга быць такім даверлівым, бо некаторыя бальшавікі пахаваліся па хатах і ў лясох і ўсё яшчэ пагражаюць нам. Хаця, па ягоных словах, гэта быў ня самы лепшы час, каб абмяркоўваць рэчы накшталт, і прапанаваў мне выпіць. Але я так саслаб, што пабаяўся піць. Тады мяне пакармілі, я памыўся, атрымаў чыстую вопратку й цёплы ложак і адразу ж заснуў. Нараніцу, калі я прачнуўся, Яўген прапанаваў мне сьняданак. Ён даў мне брытву, мыла й піджак. Цяпер я пачуваўся значна больш прэзентабельным. Я спытаўся, ці ня чуў Яўген чаго пра маю сямью. Той адказаў, што, як пачалася вайна, ён згубіў сувязь зь імі. Я падумаў, што ён проста ўхіляецца ад адказу, бо жыве ўсяго толькі ў дваццаці пяці кілямэтрах ад Любчы. Яўген загадаў селяніну, які меў каня й брычку, адвезьці мяне ў Любчу. Я заўважыў, што селяніна гэта ня надта ўзрадавала й паехаў ён неахвотна. Я ўзьлез у брычку й спытаў свайго сябра, ці не зрабіўся ён, часам, палякам. Яўген адказаў, што, магчыма, і так, бо вучыўся ў польскай гімназіі, жыў пад палякамі й быў каталіком. Ён сказаў, што ў гэтай мясцовасьці быць палякам выгадней за ўсё й што ён абавязаны Польшчы больш, чым якой іншай краіне. Я прамоўчаў, але быў крыху расчараваным. Мы праехалі ня больш за пяць кілямэтраў, як селянін спыніўся й загадаў мне злазіць. Я запярэчыў, што па загадзе камэнданта ён мусіць адвезьці мяне ў Любчу. Я паабяцаў, што заплачу, як прыедзем, бо ў мяне тамака сямья. Селянін адказаў, што ехаць празь лес надта небяспечна, бо наўкола поўна чырвонаармейцаў і гэбістаў. Ён не зьбіраўся рызыкаваць празь мяне жыцьцём і пагрозьлівым тонам загадаў зьлезьці. Што зробіш — я падпарадкаваўся й пайшоў пешшу. Калі я йшоў праз Налібоцкую пушчу, я пачуваўся, як у храме. Я хутка забыўся на абразу селяніна й амаль што на сваё мінулае. Я быў у стане экстазу ў гэным такім прыгожым і знаёмым лесе. Мне рабілася ўсё лепш і лепш. Стома амаль прайшла, магчыма, таксама дзякаваць добраму сну й ежы. Хаця мне ўсё яшчэ было балюча дыхаць, не хапала паветра, і я адчуваў, што ў лёгкіх у мяне вада. Я йшоў з хуткасьцю тры-чатыры кілямэтры ў гадзіну й пад вечар дайшоў да паўднёвага краю пушчы. Яна была вядомым запаведнікам і захоўвалася ледзь не ў першабытным стане. Празь яе йшла толькі адна дарога, якая вяла ў Любчу й далей — у Наваградак. У 1933 годзе беларускія патрыёты хаваліся ў пушчы ад перасьледу палякаў. Патрыёты зрэдку наляталі на паліцэйскі ўчастак, які кантралявалі палякі. Гэны лес, зь ягонай расьліннасьцю, дзікай прыродай і доўгай гісторыяй, меў вялікае значэньне для мяне. Я часта хадзіў сюды зь Любчы зьбіраць грыбы, на паляваньне альбо проста, каб пагуляць, паназіраць за прыродай. На адлегласьці я ўжо мог распазнаць Нёман, знаёмую царкву, маёнтак Набокавых. Я спыніўся й укленчыў, каб атрымаць поўную асалоду, ад гэнага відовішча. Ці пабачу я сваю маці? Што мяне тамака чакае? Я пайшоў шпарчэй. Заставалася яшчэ кілямэтры са два да пантоннага маста на рацэ. Хутка я перайшоў яе й накіраваўся да хаты майго дзеда. Кожны крок, кожны камень і куст былі мне знаёмыя й нагадвалі дзяцінства й шчасьлівыя дні разам з братам Вальтэрам. Я ўзгадаў, як мы рыбачылі, каталіся на лодцы, плавалі. У мяне паліліся сьлёзы з вачэй. Я плакаў ад шчасьця, бо быў свабодны, жывы й дома. Я падышоў да гаспадаркі свайго дзеда. Я пералез праз плот, мінуў агарод, сад і падышоў да цёплай хаты, дзе я правёў столькі шчасьлівых дзён. Я спыніўся ля дзьвярэй. Страх, што я магу ня ўбачыць сваю маці паралізаваў мяне. Потым дзьверы адчыніліся й выйшла цётка Люба. Яна была ў шоку. Затым выйшлі мой дзед і мая бабка. Яны пачалі плакаць. Яны не маглі паверыць, што я вырваўся з рук КГБ. Я ня чуў амаль нічога з таго, што яны казалі. У мяне мелася толькі адно пытаньне: «Дзе маці?» Усе замаўчалі. Тады цётка Люба паведаміла мне, што мая маці загінула ад нямецкай бомбы, калі праводзіла эвакуацыю пацыентаў з лячомніцы ў Наваградку. Яна загінула на сваім пасту, падчас выкананьня сваіх абавязкаў, якраз як і бацька. Цётка сказала, што мая маці — гераіня, якая, як і мой бацька загінула на перадавой. Я разрыдаўся. Я ніколі так ня лямантаваў. Сеў на лаўку ля дзьвярэй, сагнуўся й плакаў. Ніхто мне не перашкаджаў. Ня ведаю, колькі прайшло часу перад тым, як я знайшоў у сабе моц узьняцца й спытаць, дзе маці пахаваная. Мне адказалі, што на ваенным магільніку ў Наваградку, і я вырашыў перавезьці ейныя парэшткі ў Любчу, каб пахаваць яе побач з маім бацькам і братам. Ня памятаю, што было потым. Я, здаецца, пайшоў у хату, памыўся й пераапрануўся ў чыстую бялізну й кашулю. Вадаправоду тады не было, і ваду трэба было награваць. Мяне памыла мая цётка, якая йзноў пачала плакаць, калі пабачыла шнары на сьпіне, якія засталіся пасьля допытаў у КГБ. Яна нічога не пыталася. Не хацела верадзіць і без таго балючыя раны. Яна асьцярожна абцерла мяне ручніком і пацалавала шнары. Я пачуваўся так добра! Нарэсьце нехта пра мяне клапаціўся! Мяне йзноў нехта любіў! Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб уладкавацца дома, прызвычаіцца да сапраўднай свабоды. Сьмерць маці была цяжкім ударам для мяне, і я ня мог пакуль плянаваць далейшае жыцьцё. Я жыў аднім днём. Я пазьбягаў размоваў і бавіў шмат часу ля Нёмана, хадзіў на шпацыр уздоўж лесу. Ня ведаю, ці думаў я ўвогуле пра што. У галаве ў мяне было пуста. Я ня ведаў, што рабіць. Я ня верыў, што на гэтай зямлі ёсьць месца, дзе я змагу дасягнуць нечага. На той час я нават забыўся на сваю асноўную мэту — медыцыну. Цяпер я разумею, што знаходзіўся тады ў стане моцнай дэпрэсіі. Мне было ўсё роўна жывы я ці мёртвы. Аднак пасьля некалькіх дзён на сьвежым паветры, на сонцы, пасьля добрай ежы ўсё пачало мяняцца. Нягледзячы на зьбядненьне, выкліканае вайной, бабуля, зь ейнай дабрынёй, здолела раскарміць мяне так, што я йзноў стаў дужым мужыком. Праз тыдзень я вырашыў ісьці ў Наваградак, каб прывезьці ў Любчу цела маці. Вандроўка гэная была цяжкой. Я яшчэ добра памятаў маці. Я пачуваўся ў нечым вінаватым перад ёю, бо расчараваў яе, ня спраўдзіў свае й ейныя намеры, скараціў ёй жыцьцё. Я пачуваўся бездапаможным, бо ўжо ня мог нічога зьмяніць. Нарэсьце я прыйшоў у Наваградак. Гэта было месца, дзе я праўчыўся ў школе, перажыў першае каханьне, першыя рачараваньні й посьпехі, месца, дзе я бачыў маці апошні раз. Я накіраваўся ў лячомніцу й знайшоў медсястру, якая мела добрыя адносіны з маёй маці, дапамагала ёй на працы й у выкліках на дом. Яна расказала мне пра нямецкую атаку й як загінула маці. Яна дадала, што мая маці загінула пры выкананьні службовых абавязкаў і лічылася гераіняй. Наваградак і Менск бамбілі ў той самы дзень — 22 чэрвеня 1941. Гэна быў звычайны дзень: людзі былі ў царкве, апранутыя ў сьвяточныя строі, альбо грэліся на сонцы ў садох. Каля 10 гадзінаў раніцы невядома адкуль зьявіліся нямецкія бамбардыроўшчыкі «Стука,» якія зьнішчылі тры чвэрткі горада. Не было ніякага папярэджаньня. Немцы хацелі дэмаралізаваць насельніцтва, згодна з правіламі «бліцкрыг». Зьдзівіць ворага, разбурыць лініі сувязі й абарончыя збудаваньні. Дарогі былі блакіраваныя савецкай адміністрацыяй, арміяй, міліцыяй, гэбістамі, якія ўцякалі ад немцаў. Панавалі разгубленасьць і хаос. Ніхто не падазраваў, што немцы будуць бамбіць такі ціхі горад, як Наваградак, дзе не былі разьмешчаныя ні ўзброеныя сілы, ні ваенныя заводы. Маці была на працы. Раніцай яна рабіла апэрацыі, а паўднём аглядала пацыентаў. Звычайны працоўны дзень быў парарваны выцьцём нямецкіх бамбардыроўшчыкаў. Яны зьявіліся, бы з-пад зямлі, і пачалі бамбіць лячомніцу. Маці кінулася выводзіць пацыентаў у парк, які знаходзіўся побач, потым вярнулася ў будынак, каб дапамагчы іншым. У яе трапіў аскепак бомбы й разарваў ёй чэрап. Маці звалілася й усё яшчэ трымала за руку пацыента, які цудам застаўся жывым. Яна ўжо ніколі не пабачыць свайго сына. Гэтым разам не праз КГБ, а праз новых заваёўнікаў. Ейныя пакуты скончыліся. Я атрымаў дазвол ад гарадзкой адміністрацыі. У мяне не было грошай, і я прапанаваў работнікам адміністрацыі, што заплачу ў Любчы, калі яны дапамогуць мне давезьці цела. Гэта ўсё было надта страшна. Я павінны быў назіраць за тым, як выкапваюць згнілое цела, завернутае ў прасьціну з лячомніцы. Мне спатрэбіліся сьведкі адтуль, якія маглі б апазнаць цела. Яго паклалі ў дамавіну, паставілі яе на калёсы, і мы шэсьць гадзінаў ішлі да Любчы. Я адзін ішоў за дамавінай. Я йзноў быў са сваёй маці, размаўляў зь ёю, прыгадваў, як мы езьдзілі да магілы бацькі. Нейкім чынам, пад канец гэнай дваццаціпяцікілямэтровай вандроўкі я вырашыў, што зьмяню сваё жыцьцё. Я прывез маці дадому. Бабуля настойвала, каб мы паклікалі бацюшку, каб той адпеў маці. Мне было ўсё роўна. Я ня думаў, што ад гэных малітваў будзе нейкая карысьць. Можа для бабулі й цёткі, але не для маці. Мы аднесьлі дамавіну на могілкі й пахавалі побач з маім бацькам. Нарэсьце яны ўзьядналіся. Я ўзгадаў, як яна не хацела сыходзіцца зь іншымі мужчынамі пасьля сьмерці бацькі — так яна аго кахала. Яна была такой вернай, і нарэсьце ім абодвум быў дадзены спачын. Мы вярнуліся дамоў і дні пайшлі за днямі. Я бавіў час каля ракі. Мне не хацелася лавіць рыбу. Мне нічога не хацелася рабіць. Я даведаўся, што майго дзядзьку арыштавалі незадоўга да вайны. Дзядзьку Шчатырку саслалі. Большасьць беларускай інтэлігенцыі загналі ў вагоны для скаціны й адправілі ў Сібір. Дзядзька Базыль здолеў нейкім чынам уцячы, вярнуўся ў Любчу й распавёў, як яго арыштавалі й дапрошвалі. Мы параўналі тое, што нам казалі ў КГБ. Дзядзьку Базылю даводзілі, што я, быццам бы, агаварыў яго й пацьвердзіў, што ён належыць да шпіёнскага кола. Мне казалі тое самае пра дзядзьку. Але мяне не цікавіла палітыка. У галаве ў мяне было зусім пуста. Адзінай радасьцю было апынуцца каля ракі, на прыродзе. У мяне быў дваякі настрой. З аднаго боку я цешыўся з таго, што свабодны, а з другога — ня мог знайсьці месца, да якога я належаў. Я пачуваўся вельмі прыгнечаным пасьля савецкай турмы й сьмерці маці. Я пачаў выпіваць разам са сваімі сябрамі. Алкаголь на пэўны час дапамагаў мне, але пасьля працьвярэжваньня мне рабілася яшчэ горш. Тым часам я сустрэўся са сваёй ранейшай пасіяй Наташай. Я быў добра прыняты ейнай маці (бацька ейны памёр), якая хацела суцішыць мой боль пасьля сьмерці маці. Я ня быў закаханым у Наташу, але я ёй падабаўся, і яна рабілася надта агрэсіўнай. Яна пачала дражніць мяне, што я згубіў у палоне здольнасьць быць мужчынам. Яна падазравала, што нешта мусіла здарыцца, бо я ўжо не такі настойлівы, як у школе. Я не апраўдваўся, але й не хацеў узнаўляць нашыя адносіны, тым больш, што мой сябра Янка Хутар быў закаханы ў Наташу. Гэта было б несправядліва ў дачыненьні да яго. Я заўважыў, што паміж Наташай і ейнай маці ўсё часьцей здараюцца сутычкі. Некалькі разоў дзяўчына запрашала мяне пакатацца на ровары. Аднойчы яна прызналася мне, што замужам. Я быў моцна зьдзіўлены гэтым. Яна распавяла мне, што падчас савецкай акупацыі матэрыяльнае становішча было вельмі цяжкім, а ейны муж, на пятнаццаць гадоў старэй за яе, служыў у гарадзкой адміністрацыі. Ён меў нейкае дачыненьне да разьмеркаваньня ежы й жыў у дастатку. Калі Наташа апынулася ў цяжкім становішчы, бо да ўсяго іншага ейная маці хварэла на артрыт, яна зайшла замуж за гэнага чалавека. Яна сказала, што не кахала яго. Я спытаўся, нашто яна распавядае мне пра ўсё гэта. Проста Наташа хацела, каб я ведаў, што яна ўсё яшчэ кахае мяне. Я адказаў, што гэта нічога не мяняе. Што яна замужняя жанчына, і нам лепш не сустракацца, бо ейны муж можа гэта няправільна зразумець. Пасьля доўгага маўчаньня, яна заявіла, што хоча ад мяне дзіця. Я быў агаломшаны такой простай, адкрытай прапановай. Я быў выхаваны ў кансерватыўным духу й лічыў сямью сьвятыняй, недатыкальным саюзам двух людзей, якія мусяць заставацца вернымі адзін аднаму. Я ня ведаў, што адказаць. Яна спыталася, ці не зрабілася са мной чаго-небудзь у турме, што не дазваляе мне быць мужчынам і зрабіць дзіця. Мяне гэта моцна зачапіла, бо ў турме, сапраўды, такое магло здарыцца. Дагэтуль у мяне не было магчымасьці давесьці адваротнае ні сабе, ні каму-небудзь іншаму, але нават цяпер я ня бачыў у гэтым неабходнасьці. Я адказаў, што, незалежна ад таго, што Наташа думае, я не гатовы прыняць ейную прапанову. Празь некалькі дзён ейная маці паклікала мяне на госьці. Яна паведаміла мне, што дачка пачуваецца моцна прыгнечанай, і ёй не хапае маёй і Янкавай кампаніі. Я пагадзіўся пабачыцца з Наташай, і мы паехалі катацца на маім ровары. Яна хацела апошні раз пагаварыць са мной, і, магчыма, пасьля гэтага мы ўжо ніколі не сустрэнемся й ня будзем сябраваць. Яна села перада мной на ровар, і мы паехалі за горад на поўнач — у пекны лясок, дзе аднойчы гулялі й любаваліся прыродай. Наташа ўзяла з сабой паесьці, самагонкі й коўдры. Яна паводзіла сябе вельмі спакушальна, і мне было сапраўды цяжка не паддацца на ейныя чары. Ня ведаю, дзе яна гэтаму наўчылася. Яна заўсёды дурэла з хлапцамі ў школе, білася зь імі, але была амаль недатыкальнай. Яе немагчыма было пацалаваць, бо немагчыма было падступіцца. Нешта зьмянілася. Наташа пачала йзноў дражніць мяне й казаць, што гэта апошняя магчымасьць для мяне даказаць, што я мужчына, і што нарадзіць ад мяне дзіця — апошняя ейная просьба. Я маўчаў нейкі час, а потым устаў і рэзка загадаў ёй сесьці на ровар, інакш я пакіну яе ў лесе адну. Яна падпарадкавалася й, са сьлязьмі на вачах, спыталася, чаму я адмаўляюся ад яе. Мы больш не размаўлялі. Я завёз яе дамоў і кінуў тамака. Я ня бачыў яе пасьля таго вельмі доўга, а потым сустракаўся выпадкова некалькі разоў. Паміж іншым я закахаўся ў дзяўчыну, і гэта сталася сапраўдным каханьнем, якое прывяло да шлюбу. Хутка са Львова, дзе ён вучыўся на інжынера, вярнуўся сын дзядзькі Базыля Міхаіл. Я сказаў, што было б файна, калі б ён застаўся, бо мне няма чаго рабіць, а так бы мы маглі хадзіць вудзіць рыбу альбо купацца разам. Міхаіл адказаў, што цяпер час не адпачываць, а дзейнічаць. Ён распавёў мне пра нацыянальны ўздым на Ўкраіне, пра тое, што ўкраінцы абвесьцілі незалежнасьць, але немцы не прызналі яе. І хаця шмат хто зь дзеячоў нацыянальнага руху быў арыштаваны, астатнія не гублялі надзеі й арганізоўвалі школы, украінскую паліцыю й узброеныя сілы пад наглядам немцаў. Міхаіл лічыў, што й для беларусаў надышоў час нацыянальнага самасьцьвярджэньня й вяртаньня духу беларускасьці, падаўленага саветамі. Спачатку я нічога не адказаў на гэна, але празь нейкі час мяне захапіла гэная йдэя. Мой энтузіязм быў абуджаны патрыятызмам Міхаіла. Першыя нямецкія войскі прыйшлі ў Наваградак 5 ліпеня 1941 году, і было прызначанае ваеннае камандаваньне. Аднак палякі раптам, пры падтрымцы немцаў, пачалі арганізоўваць польскую паліцыю. Гэна была віна Беларускага камітэта ў Берліне, які складаўся з патомкаў палякаў, што размаўлялі па-беларуску. Яны зрабілі выгляд, што зьяўляюцца беларусамі, і былі пасланыя на акупаваныя тэрыторыі з мэтай стварэньня паліцыі й адміністрацыі. У Наваградку паліцыя цалкам складалася з польскіх патрыётаў, якія размаўлялі па-польску. Такая сытуацыя заставалася праз усю акупацыю. Нашыя намаганьні зьмяніць нешта сталіся няўдалымі. У 1941 годзе быў пэўны момант, калі нам падалося, што мы здолеем дамагчыся свайго, калі напалову беларус, напалову ўкраінец апынуўся на чале паліцыі, але ён быў беспрынцыповым чалавекам і хутка паддаўся ўзьдзеяньню палякаў і адмовіўся рэарганізаваць паліцыю ў больш беларускую ўстанову. Польскія актывісты выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі ва ўзьдзеяньні на нямецкае ваеннае камандаваньне. Жандары папоўнілі акупацыйныя войскі, так званы Вермахт. Яны выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі. Напрыклад, прыгожыя польскія дзяўчаты мусілі спакушаць нямецкае камандаваньне, каб дамагчыся рашэньняў на карысьць палякаў. Калі ж беларусы пярэчылі гэным рашэньням, іх абвінавачвалі ў сымпатыі да камуністаў. Спатрэбілася шмат часу, каб займець нейкі ўплыў на немцаў. Я спытаў дзядзьку Базыля, што, на ягоную думку, нас чакае. Калі ён быў у польскім парлямэнце й сенаце, ён цесна супрацоўнічаў з нямецкай меншасьцю, якая тады была арыентаваная на дэмакратыю. Мой дзядзька думаў, што немцы, магчыма, рэарганізуюць Савецкі Саюз такім чынам, што Беларусь зможа мець пэўную самастойнасьць і самакіраваньне. Дзядзька Базыль спарадзіў ува мне нацыянальную годнасьць і гонар, а таксама пачуцьцё абавязку спрычыніцца да нацыянальнага адраджэньня. Памятаю адно выступленьне дзядзькі ў Любчы, дзе ён прамаўляў на кірмашовым пляцы перад натоўпам сялянаў, што сабраліся, каб прадаць тое, што вырасьцілі. Ён гаварыў пра мінулае, пра камуністаў, пра магчымасьці адрадзіць беларускую нацыю. Ён сыйшоў з падводы на кірмашовым пляцы са словамі, што я, ягоны пляменьнік, працягну прамову. Дзядзька падпіргнуў мяне на падводу. Я быў агаломшаны. Я ніколі ў жыцьці не выступаў з прамовамі. Але мяне заахвоціў дзядзька ды й самі сяляне, таму я ўскочыў на калёсы й сказаў прамову. Я выказаў сваё расчараваньне ў савецкім рэжыме й шкадаваньне, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не апраўдала спадзяваньні, якія наш народ меў пад палякамі. Я дадаў, што Савецкі Саюз пераўзышоў палякаў у жорсткасьці й бесчалавечнасьці. Я моцна расхваляваўся, адчуваў энтузіязм, эмацыйны ўздым і нават сарваў апладысменты. Нешта засела ў маёй душы й у галаве й пачало расьці. Я раптам зрабіўся надта актыўным. Я вярнуўся да жыцьця, і мой фізычны стан таксама палепшаў, дзякаваць маёй зацікаўленасьці ў беларускім адраджэньні. Маё месца, як сказаў мне дзядзька, было ў Наваградку. У Наваградку я сустрэўся са сваім старым сябрам Базылём Плескачом. Ён быў адным з самых разумных людзей, якіх я ведаў. Ён скончыў універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні й меў дыплом юрыста. Падчас нямецкай акупацыі Базыль працаваў міравым судзьдзёй у Наваградку. Пляскач вёў крымінальныя справы й ня меў ніякага дачыненьня да палітычных справаў, якія былі ў руках немцаў і жандармерыі. Базыль распавёў мне пра апошнія тыдні савецкай акупацыі. Пра масавыя арышты й высланьне, пра зьнічтажэньне ўсяго, што было беларускім па зьмесьце ці форме. Кароткая савецкая акупацыя Заходняй Беларусі за год нарабіла больш шкоды, чым польская за дваццаць гадоў. Зьнічтажэньне ўсяго беларускага, падпарадкаваньне народу пры дапамозе тэрора й страха зьяўлялася плянам Сталіна, і ён здолеў дамагчыся свайго, хаця й няпоўнасьцю. Шмат хто зь беларусаў спадзяваўся, што ўзьяднаньне краіны будзе гістарычнай падзеяй і прывядзе да незалежнасьці Беларусі. Але на самой справе ўсё сталася інакш. Нават тыя людзі, што былі найбольш інфармаванымі пра дзейнасьць КГБ — прылады Сталіна — ня верылі, што ён можа выкарыстоўваць такія сродкі. Усе ж, хто выказваў расчараваньне, бясьследна зьнікалі. Я ведаў, што ўсё, што кажа Базыль, ёсьць праўдай, таму што я на сабе адчуў жорсткія метады гэбісцкіх расьсьледваньняў. Калі б допыты працягваліся, я сам, магчыма, падпісаў бы прызнаньне, каб спыніць псыхалягічны й фізычны зьдзек. Па-праўдзе, я ня веру, што нехта змог бы доўга вытрымліваць катаваньні й супрастаяць. Я ўяўляю, што прымусіла маршала Тухачэўскага, якога абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Нямеччыны ў перыяд з 1936 па 1937, сазнацца ў «грахах». Ён ня быў шпіёнам — проста не пагаджаўся са Сталіным. Каля 35 тысячаў афіцэраў былі абвінавачаныя ў здрадзе Сталіну й альбо расстраляныя, альбо сасланыя ў ГУЛАГ. Гэта сьведчыць пра тое, што Сталін быў параноікам. Любы, хто аказваўся больш папулярным, чым ён, разглядаўся як пагроза й зьнішчаўся. Немцы вельмі хутка прасоўваліся на ўсход і напрыканцы верасьня дайшлі да Смаленска. Генерал Браўчніц прапанаваў Гітлеру спыніць наступ, пакінуць Беларусь, Украіну й Прыбалтыку ў якасьці буферных краінаў, забясьпечыць армію ўсім неабходным і затым рушыць далей. Аднак Гітлер не пагадзіўся з гэнай прапановай, зьняў Браўчніца з пасады Камандуючага ўсходнім фронтам і замяніў яго больш паслухмяным чалавекам, які й рушыў на ўсход. Адзін з членаў «Остміністэрыюм,» барон фон Энгельхард, які меў у Берліне высокі пост, таксама падтрымліваў плян пакінуць Беларусь, Украіну й Балтыйскія краіны як буферныя дзяржавы, што стала б базай далейшага заваяваньня Савецкага Саюза, але прапанова Энгельхарда засталася па-за ўвагай Фюрэра. Гітлер наважыў да канца лістапада папіць гарбаты ў Маскве. У верасьні я сустрэўся зь дзядзькам Базылём і спытаўся, ці верыць ён яшчэ ў тое, што немцы дапамогуць нам узнавіць незалежнасьць. Той адказаў, што больш ня ўпэўнены ў гэтым, як раней, і што немцы зрабілі тую самую памылку, што й Напалеон у 1812 годзе. Напалеон, які перайшоў Нёман, заходнюю мяжу Расеі, 22 чэрвеня 1812 года, пагрэбаваў абозамі з правіянтам і кінуўся на ўсход, да Масквы. Мой дзядзька прадказаў, што немцы прайграюць і гэта пазбавіць іх будучыні. Аднойчы на сустрэчы, дзе прысутнічалі немцы, якія ўмелі па-расейску й спачувалі абодвум бакам: і нам, і немцам, — дзядзька падвыпіў і засьпяваў рускую песьню «Калі я прыйшоў у Расею, я трымаў усю Эўропу ў руках». Гэную песьню сьпявалі пасьля паражэньня Напалеона. Дзядзьку загадалі замаўчаць, бо ён моцна рызыкаваў. Немцы не данесьлі на дзядзьку й пасьля нават прызначылі яго камэндантам Дзятлава, дзе ён давёў эканоміку да найвышэйшага ўзроўню. Народ давяраў дзядзьку й верыў яму, а дзядзька даволі адкрыта выказваўся пра памылку немцаў, пра тое, што ня верыць ім больш, і што яны, у рэсьце рэшт, будуць разьбітыя. Да мяне дайшлі чуткі, што ў Наваградак прыедзе сьвятар Гадлеўскі. Ён быў вядомым патрыётам, блізкім па палітычных поглядах майму дзядзьку. Гадлеўскі жыў у аднаго польскага сьвятара, і я пайшоў наведаць яго тамака. Я прадставіўся як пляменьнік Базыля Рагулі й сказаў, што хацеў бы атрымаць інфармацыю пра стан рэчаў. Гадлеўскі адказаў, што яму патрэбны час, каб разабрацца ў сытуацыі. Ён быў няўпэўнены ў тым, што нам трэба спадзявацца на немцаў і чакаць, пакуль яны навяжуць нам заходнюю культуру замест мангольскай культуры Сталіна. Гадлеўскі дадаў, што назіраў за падзеямі на іншых акупаваных тэрыторыях і яму здаецца, што ў нас яшчэ будуць праблемы з акупацыйнымі сіламі. Гадлеўскі параіў мне не здавацца, нягледзячы ні на якія цяжкасьці, і распаўсюджваць ідэю нацыянальнай незалежнасьці, рабіць усё, каб людзі ганарыліся сваёй нацыяй. Недзе ў лістападзе нямецкая армія была спыненая пад Масквой. Гэную навіну мы атрымалі празь нелегальнае польскае радыё ў Лёндане й нелегальную радыёстанцыю ў Польшчы. Па завядзёнцы ўсіх таталітарных сыстэмаў нямецкае радыё перадавала інфармацыю ненадзейную й, часта, далёкую ад сапраўднага стану рэчаў. Яны казалі толькі, што пасьпяхова рухаюцца на ўсход, што было няпраўдай. Немцы былі спыненыя Саветамі й прымушаныя контратакаваць. Гэна дало нам надзею, што зь немцамі будзе лягчэй дамовіцца й яны дадуць нам больш свабоды й незалежнасьці, створаць буферную дзяржаву зь Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі, што дазволіць супрацьстаяць Савецкаму Саюзу. Мы ўсё яшчэ аддавалі перавагу нямецкай акупацыі, а не савецкай. Магчыма, таму, што яшчэ дрэнна ведалі немцаў. Немцы, пры дапамозе СС, зганялі жыдоўскае насельніцтва зь вёсак і гарадоў у гета, якое знаходзілася на тэрыторыі былога раённага суда на вуліцы Карэліцкай. Яны ўтрымоўваліся за агароджай і мусілі працаваць на немцаў: шыць ваенную форму, чаравікі. Матэрыял для гэтага літаральна кралі ў беларускага насельніцтва. Канечне, тое, што жыды мусілі абшываць нямецкую армію, — дзіцячая забава ў параўнаньні з тым, што рабілася Сталіным. Але абодва гэтыя дыктатары, Сталін і Гітлер, прынесьлі людзям аднолькава шмат гора сваёй жорсткасьцю, бесчалавечнасьцю й разбурэньнямі, накіраванымі супраць чалавека. Немцы хваліліся сваім тысячагадовым Рэйхам, але ён усё больш і больш рабіўся пустым месцам, як мы даведваліся, што немцы не непераможныя й іх можна спыніць. Але ўсё ж мы верылі ў моц немцаў, спадзяваліся, што яны перамогуць Савецкі Саюз і будзе знойдзенае палітычнае рашэньне, якое задаволіць былыя саюзныя рэспублікі. Мы спадзяваліся, што зь цягам часу ў нас зьявіцца магчымасьць утварыць незалежную дзяржаву й атрымаць свабоду. На той час у нас была пэўная магчымасьць разьвіваць сваю культуру, мову, сьпевы й танцы. Нам было дазволена вучыць нашую моладзь, што мы рабілі ў вельмі патрыятычным духу. Зьявіліся новыя патрыятычныя песьні, квітнелі танцы й сьпевы ня толькі ў Наваградку, але й на іншых тэрыторыях, дзе перавагала беларуская інтэлігенцыя. У Наваградку мы прыкладалі шалёныя намаганьні — мы зь вялізнай энэргіяй займаліся арганізацыяй культурных мерапрыемстваў. На шэраг канцэртаў мы запрасілі немцаў, і тым спадабалася: яны адгукнуліся на душэўнасьць нашай беларускай культуры. За Саветамі я сядзеў у турме і толькі цудам застаўся жывы. Апроч таго, я вельмі добра валодаў нямецкай мовай, а таму новы наваградзкі бурмістар ахвотна прыняў мяне на працу. Немцы хацелі, каб нейкі беларус заняў пасаду перакладніка ў новасфармаванай нямецкай адміністрацыі. Мяне прадставілі штабсляйтэру Вольфмаеру. Гэты каранасты немец у брунатнай форме з свастыкай на левай руцэ сустрэў мяне досыць прыхільна. Ён энэргічна рыхтаваў прыезд цывільнай адміністрацыі, структураў, якія ў будучыні меліся забясьпечыць кіраваньне тэрыторыяй. Хаця Вольфмаер ставіўся да мяне няблага, я ўсё ж не прызнаваўся, што быў у нямецкім палоне, бо баяўся, што мяне могуць зноў вывезьці ў Нямеччыну або арыштаваць, нягледзячы на тое, што я нацярпеўся ад Саветаў. Я нават пасябраваў з штабсляйтэрам. Гэты асабісты стасунак зрабіў мяне вельмі ўплывовым чалавекам у адміністрацыі Наваградзкай акругі, Наваградзкага «гебіту», як тады гэта называлася. Вольфмаер рыхтаваў рэзыдэнцыю, мэблю: чакаўся прыезд нямецкага камісара. Ён часта браў мяне з сабой у Вільню, едучы па мэблю. Я быў яму карысны як перакладнік, бо я валодаў і нямецкай, і польскай, і расейскай, і беларускай мовамі. Па дарозе — а дарога да Вільні няблізкая, гадзіны тры-чатыры на машыне ці грузавіку — я распавядаў яму пра Беларусь, яе гісторыю, яе народ, я тлумачыў яму, што за польскім часам беларусаў дыскрымінавалі, не давалі адчыняць школы зь беларускай мовай навучаньня, душылі нацыянальны рух. Я распавядаў, як усё беларускае бязьлітасна нішчылі Саветы і як перашкаджае разьвіцьцю беларускага народа адсутнасьць уласнай інтэлігенцыі, эліты, правадыроў. Аднойчы я наўпрост сказаў яму, што польскія перакладнікі і палякі ў адміністрацыі і паліцыі несправядліва абвінавачвалі беларускіх патрыётаў у тым, што яны быццам бы камуністы, пасьля чаго гэтыя людзі зьнікалі, мабыць, гінулі недзе. Ён сур’ёзна выслухаў мяне і паабяцаў разабрацца. Пазьней, іншым разам, ён паабяцаў мне, што калі некага будуць абвінавачваць у супрацоўніцтве з камуністамі, дык будуць пытацца ў мяне. Я ведаў мясцовых людзей і ведаў, хто чаго варты. Паступова я стаў перабіраць усё большы ўплыў пры вызначэньні лёсаў тых, каго падазравалі ў сувязях з камуністамі, і ў мяне зьявілася магчымасьць абараняць іх. Я не рабіў адрозьненьняў між людзьмі: хоць шмат хто зь беларусаў і называў сябе камуністамі за Польшчай, але насамрэч яны былі проста беларускімі патрыётамі, якія спрабавалі знайсьці нейкі шлях для спрыяньня культурнай і палітычнай справе свайго народу. Беларусі трэба было стаць незалежнай дзяржавай, і мы ўсе без разбору, стары й малы, спадзяваліся, што немец пераможа Саветы, і тым самым у нас зьявіцца магчымасьць аднавіць дзяржаўнасьць. Мой добры сябар Язэп Сажыч вярнуўся з Львову, і я хацеў, каб яго прызначылі начальнікам наваградзкай паліцыі, каб узмацніць у ёй беларускі ўплыў. Ён жа не схацеў займаць гэты пост. Сажыч распавёў мне, што адбылося на Ўкраіне: з прыходам немцаў украінскія нацыяналісты абвесьцілі аб стварэньні незалежнай дзяржавы. Але немцы схапілі іх, і іхныя сьляды згубіліся ў турмах і канцлягерах. Нямеччына была адназначна не гатова дазволіць Украіне стаць незалежнай, і той энтузыязм, зь якім украінцы кінуліся напачатку супрацоўнічаць зь немцамі, стаў згасаць. Язэп сказаў, што ён не давярае немцам, але гатовы стварыць падразьдзел беларускага войска і падрыхтаваць салдатаў, дапамога якіх магла б некалі спатрэбіцца для стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Мяне вельмі засмуціла, што немцы, па словах Язэпа, ня маюць намеру даць Беларусі незалежнасьць, а проста хочуць выкарыстоўваць нас як працоўную сілу, каб мы працавалі на іх, пакуль нямецкія жаўнеры ваююць на ўсходзе. Але што было рабіць? Савецкаму Саюзу мы былі непатрэбныя, прыходзілася выкарыстоўваць немцаў. Нам прыходзілася чакаць, наладжваць мясцовае самакіраваньне і разьвіваць беларускае культурнае жыцьцё. Мы мелі магчымасьць адкрыць школы і свабодна вывучаць сваю мову й літаратуру. А барацьбу за незалежнасьць мы былі гатовы пачаць, як толькі надарыцца спрыяльная палітычная сытуацыя. У Наваградку мы заснавалі «Народны дом», такі беларускі дом, дзе людзі арганізавалі хор, ансамбль танцу, тэатар, чыталі там лекцыі. Я сустрэўся з доктарам Орсам, каб абмеркаваць зь ім праблему адукацыі і адкрыцьця гімназыі. Аднак немцы не дазвалялі адкрываць школы вышэй сёмае клясы, нават чуць пра гэта не хацелі. Тады мы вырашылі дабівацца дазволу на адкрыцьцё настаўніцкіх курсаў, каб падрыхтаваць настаўнікаў для пачатковых школаў. Мы напісалі адпаведны мэмарандум нямецкай адміністрацыі Наваградку і неўзабаве нашу прапанову ўхвалілі. Праграма «Настаўніцкіх курсаў» адпавядала праграме старэйшых клясаў сярэдняй школы, хоць гэта было забаронена. Мы пачалі падрыхтоўку беларускай моладзі па гэтай праграме. Доктар Орса, прызначаны адказным за адзьдзел адукацыі Наваградзкай акругі, хацеў, каб знайшлося паболей здольных настаўнікаў, а знайсьці іх было цяжка. Аднак мы імкнуліся, каб адукацыйныя стандарты былі як мага вышэйшымі. Рэч у тым, што за польскім часам мала хто зь беларусаў мог дазволіць сабе адправіць свае дзеці вучыцца ва ўнівэрсытэт. Праўда, Чэхаславаччына адчыніла свае дзьверы перад беларусамі, і шмат людзей, у тым ліку і доктар Орса, і ягоная жонка Натальля трапілі ў Праскі ўнівэрсытэт. Па сканчэньні ён атрымаў тытул доктара біялёгіі. Натальля вывучала беларускую літаратуру. Вярнуўшыся ў Заходнюю Беларусь, яны знайшлі сабе працу ў школах, але ў той час Польшча дазваляла толькі пачатковую адукацыю для беларусаў. Польскі ўрад імкнуўся спольшчыць школы, а беларускіх настаўнікаў засылаў у Вялікапольшчу, каб яны не «заражалі» наваградзкую моладзь беларускім духам. Доктар Орса і ягоная жонка шчыравалі над тым, каб закласьці падмурак сыстэмы адукацыі ў Наваградзкай акрузе. Ён арганізоўваў настаўнікаў, інспэктараў, асабіста наведваў кожную школу акругі, імкнуўся адрадзіць беларускую культуру. Ён быў маім найбліжэйшым дарадцам, і калі я страчваў меру ў сваіх поўных энтузыязму плянах, ён быў здольны сьцішыць мой энтузыязм. Дзякуючы яму я дзейнічаў больш лягічна і пасьпяхова. Ён ведаў пра БНП і папрасіў мяне, каб ён, застаючыся па-за яе шэрагамі, працаваў на агульную справу і дапамагаў мне ўсімі магчымымі спосабамі. Менавіта дзякуючы яму так званыя настаўніцкія курсы сталіся цэнтрам сярэдняй адукацыі для ўсёй акругі, прычым, магчыма, адным з найлепш арганізаваных у Беларусі. Натальля навучала беларускай мове й літаратуры і дапамагала падбіраць настаўнікаў, і я вельмі ганарыўся, што й мяне ўключылі ў групу настаўнікаў. Свайму сябру Юзіку Савічу я прапанаваў не вяртацца на службу ў паліцыю, а пайсьці настаўнікам фізкультуры да нас на курсы. Фізычнае выхаваньне, сказаў я яму, будзе насамрэч ваеннай падрыхтоўкай, каб загартаваць кадры для будучых узброеных сілаў. Мы тады ўсё яшчэ верылі, што немцы, якіх запынілі пад Масквой, будуць змушаны зьвярнуцца да нас па дапамогу ў арганізацыі ўзброеных частак. Юзік ахвотна пагадзіўся, і неўзабаве беларускія хлопцы апранулі самаробную ўніформу і практыкаваліся, маршавалі, сьпяваючы нашы песьні. Так мы рыхтавалі будучых афіцэраў. Школа знаходзілася ў будынку, які мы пачалі будаваць яшчэ за польскай акупацыяй для гімназіі. Настрой ва ўсіх быў вельмі прыўзьняты. Да нас прыходзіла шмат моладзі. На курсах выкладаліся матэматыка, фізыка, лаціна, беларуская мова й літаратура, эўрапейская гісторыя ды іншыя прадметы. Мы рыхтавалі навучэнцаў так, каб яны маглі працягваць вучобу на ўнівэрсытэтах, аднак жа ўсе ўнівэрсытэты былі закрытыя. Немцы й ня думалі даваць беларусам магчымасьць атрыманьня вышэйшае адукацыі. Мы былі патрэбны ім як працоўная сіла. Людміла, сястра майго сябра Янкі, усё яшчэ жыла ў вёсцы з маці. Ейная маці хацела, каб дачка пайшла вучыцца да нас у Наваградак — у вёсцы ёй не было чаго рабіць. А тут якраз аказалася, што нямецкая адміністрацыя шукала тэлефаністак, і я падумаў, што яна магла б пайсьці на гэтую працу. Я перамовіўся зь Янкам, ён паабяцаў прывезьці яе. Я памятаў яе яшчэ зусім дзяўчынкай, зусім дзіцём. А ўпершыню я ўбачыў яе, калі ёй было толькі пяць гадоў. Памятаю, неяк нават дражніў яе і — аж сорамна — прымушаў яе насіць нам есьці і лазіць за вішнямі. Такою я яе сабе й уяўляў, як пару гадоў таму, перад тым як мяне забралі ў Войска Польскае. І калі яна прыйшла да мяне, я быў проста ўражаны. Я ледзьве пазнаў яе: высокі лоб, даўгія цёмныя валасы, каса з руку, тонкія бровы, вялікія вочы, у якіх іграў вясёлы агенчык, прамы рымскі нос, сьвежая, як персік скура, грацыёзная шыя. Высокія грудзі, гатовыя вырвацца на волю зь цеснага станіку, уздымаліся пры дыханьні, і пад сукенкаю выдзяляліся смочкі. У яе была вузкая талія і маленькая, але вельмі харошая дупка, а спаднічка абцягвала сьцёгны. Я глядзеў на яе затаіўшы дыханьне і ня мог вымавіць ні слова. Янка заўважыў маё здумленьне і спытаўся, ці спадабалася мне ягоная сястра. Я прызнаўся, што яна проста лялечка. Ён кажа: я ня гэта меў на ўвазе, я пытаюся, ці зможаш ты ўладкаваць яе на працу. Зараз жа, кажу я яму. Мы ўсё зрабілі ў той жа дзень, і Вольфмаер пагадзіўся. У лістападзе Людміла звольнілася з працы і паступіла на курсы. Там яна была адной зь лепшых вучаніц. Яна была ва ўсім таленавітая: які прыгожы быў у яе голас, сьпявала, танцавала, а да чаго яна была пекнаю ў беларускім народным строі! А галоўнае, што ў яе быў разумны твар і прамы нос, нетыповы для славянскай расы (нос быў хутчэй нардычны), і гэта прычароўвала мяне. Але ёй было толькі шаснаццаць і яна была занадта маладая. Дык я дамовіўся зь яе бацькам, калі той прыяжджаў у Наваградак дапамагаць доктару Орсу, што яна будзе кватараваць у тым самым доме, дзе жыў я. Мне хацелася, каб яна была ў мяне на вачох, каб мне яе не перабілі ніякія кавалеры, каб мне зь ёй ажаніцца, калі яна дарасьце да паўналецьця. Толькі я яе ўбачыў, я адразу сабе падумаў, што яна стане маёй жонкай, і пасьля таго, хаця я не сказаў ёй ні слова і сустракаўся з мноствам розных дзяўчат, я ведаў, што не змагу пакахаць нікога, апроч яе. Я закахаўся ў гэтую дзяўчыну, але ня мог ёй гэтага сказаць. Я спадзяваўся, што яна заўважыць мяне, але ня мог зразумець, падабаюся я ёй, цікавы я ёй, ці не. Адно я сказаў сабе цьвёрда: яна стане маёй. Як я ўжо казаў, я трохі запіў, і вось аднойчы, вярнуўшыся дахаты позна ўвечары, а я жыў зь сям’ёй Цехановічаў, чую, яны гавораць за сьцяной, чую, кажуць, што я сымпатычны разумны хлопец, але, мабыць, сап’юся. Гэта так уразіла мяне, што, хоць я быў нападпітку, я выліў на галаву кубак халоднай вады і даў сабе слова: больш я ня вып’ю ні капкі. З тых часоў я гарэлкі ў рот ня браў. Праблема была ў тым, што тыя ў Наваградку, хто бачыў, як я п’ю, сталі распускаць чуткі, што я хворы на вэнэрычную хваробу. Тым, хто на яе хварэў, забаранялася піць, казалі, што калі п’еш, дык не вылечваешся. Кожны хворы на нейкі час пераставаў піць, і я заўважыў, што людзі думаюць: у мяне гэтая хвароба. Я спадзяваўся, аднак, што гэтая плётка ня дойдзе да Людмілы. Я пачаў пераадольваць дэпрэсію, не заглядаючы ў шклянку, і зь яшчэ большым энтузыязмам наладжваць беларускае нацыянальнае жыцьцё і браць у ім удзел. Калі немцы гналі Чырвоную Армію назад да Масквы, па вёсках паразьбягалася процьма палонных, якія баяліся, каб немцы не адправілі іх у лягеры. Яны працавалі парабкамі ў сялян. Калгасы разваліліся і сяляне сталі працаваць аднаасобна. Немцы забіралі частку прадуктаў, каб карміць сваё войска, але частку забіралі ў тэорыі, а на практыцы ўсё, выгадаванае селянінам, распрадавалася за бясцэнак, а немцы канфіскоўвалі ўсё, што маглі, пакідаючы сялянам толькі мінімум, неабходны для выжываньня. Сярод ваеннапалонных каго толькі не было, і жук і жаба, тут былі людзі паходжаньнем з розных частак Савецкага Саюзу, але ўсе яны працавалі добра, бо нікому не хацелася гніць у канцлягерох. Савецкі Саюз не падпісваў Жэнэўскую канвэнцыю, і таму немцы абыходзіліся з палоннымі, як з быдлам. Палонныя мёрлі ў лягерох сотнямі тысяч ад голаду, тыфусу, дызэнтэрыі. Іх заганялі за калючы дрот і амаль не кармілі, іх білі і расстрэльвалі. Саветы спынілі прасоўваньне нямецкай арміі на ўсход і пачалі арганізоўваць на акупаваных тэрыторыях партызанку, але людзі не хацелі ўвязвацца ў прасавецкую дзейнасьць. Немцы ж у Беларусі і іншых акупаваных краінах зрабілі вялікую памылку. Яны баяліся, што тыя былыя савецкія салдаты, якія працавалі па вёсках, уяўлялі сабой патэнцыйную сілу, якую савецкае падпольле магло б арганізаваць на барацьбу ў нямецкім тыле, таму, баючыся ўзрастаньня магутнасьці партызанаў, яны запатрабавалі, каб усе палонныя вярнуліся ў лягер. Ясна, што любы, хто прайшоў праз лягер, а пасьля папрацаваў на волі ў селяніна, ніколі назад у лягер ня вернецца. У выніку, усе гэтыя палонныя, хаваючыся ад немцаў, пайшлі ў лясы, а каб выжыць, прапітацца, сталі рабаваць вёскі. Яны накралі зброі і з дапамогай гэтай зброі ўладарылі над мясцовымі жыхарамі і зрэдку ўступалі ў сутычкі зь немцамі. Так пачалася так званая партызанка, якая змагалася зь немцамі, але нарабіла мясцоваму насельніцтву больш шкоды, чым тым немцам. Спачатку ў партызанаў не было ніякіх ідэялягічных матываў; яны проста хацелі выжыць і выратавацца ад лягероў. Адзін такі ваеннапалонны, Віктар, лейтэнант Чырвонай Арміі, дапамагаў Людмілінай маці Тацяне па гаспадарцы, бо сам спадар Мікола Гутар, Людмілін бацька, працаваў у Наваградку школьным інспэктарам, наладжваючы сістэму пачатковых школаў у вёсках. Жонка ж яго мусіла заставацца на сваёй зямлі: трэ было карміць мужа і дачку, у гарадох з харчамі было цяжка. Жыхары гарадоў напаўгаладалі і залежалі ад прывозу харчоў з навакольных вёсак. Усім служачым выдавалі нейкі мінімальны рацыён, але за гэтым чалавек ня мог выжыць. Віктар пасябраваў з Гутарамі, ён быў нечым падобны да іх. Можа, ён тым больш прывязаўся да Гутараў, што яго прыцягвала Людміла. Тады я гэтага ня ведаў. Ён і я былі па розныя бакі барыкадаў. Ён быў беларусам, хлопцам з добрага роду, і, магчыма, у душы ён думаў пра Беларусь, Савецкі Саюз і Нямеччыну тое самае, што думаў я, але ён апынуўся па іншы бок барыкадаў. Аднойчы ўвечары ён разьвітаўся з спадарыняй Гутар і пайшоў у лес, каб ня трапіць у лягер. Ён паабяцаў, што ніхто і пальцам не кране сям’ю Гутараў, неўзабаве да нас дайшлі чуткі, што ягоны партызанскі атрад, што складаўся пераважна зь беларусаў, дзейнічаў сама пад Наваградкам. Ягоны падразьдзел быў не такі, як іншыя партызанскія групы; яны ніколі не забівалі сялянаў, ня гвалцілі жанчын. Гэта была выдатна арганізаваная вайсковая частка, што жыла паводле вайсковага статуту. Пасьля я яшчэ вярнуся да Віктара, бо так атрымалася, што нашы жыцьці, нашы ідэалы аказаліся спалучанымі празь Людмілу. І ён, і я мелі адну мэту — незалежную Беларусь, прынамсі, мне хочацца ў гэта верыць. Я працягваў выкладаць нямецкую мову і весьці ваенную падрыхтоўку. Сярод маіх вучняў была і Людміла. Каб спадабацца ёй, я яшчэ больш актыўна ўдзельнічаў у школьным жыцьці. Штабсляйтэр Вольфмаер стрымаў сваё слова, і мяне інфармавалі кожны раз, калі некага зьвінавачвалі ў супрацоўніцтве з камуністамі. Так мне ўдавалася вырваць з турмаў і выратаваць ад расстрэлу шмат людзей. Немцы давяралі мне, ніколі не сумняваліся ў маёй сумленнасьці і волі да супрацоўніцтва. Я працягваў працаваць асабістым перакладнікам камісара Траўба, новага гебітскамісара. Мне прыходзілася перакладаць кожны раз, калі ён выступаў з прамовамі або ўдзельнічаў у дыскусыях. І яшчэ калі я ўпершыню сустрэўся з камісарам Траўбам, я растлумачыў яму сваю пазыцыю. Мы супрацоўнічаем зь немцамі, сказаў я, бо Савецкі Саюз не задаволіў нашы нацыянальныя памкненьні. Савецкі Саюз паабяцаў стварыць Беларускую Рэспубліку, але задушыў беларускасьць русіфікацыяй 30-х гадоў. Камісар запэўніў мяне, што нямецкая палітыка істотна адрозьніваецца ад савецкай і што немцы нават ня будуць перасьледаваць нашу мову. Я запярэчыў, што гэтага мала, што мы хочам мець пэўныя гарантыі таго, што нам будзе прадастаўлена некаторая незалежнасьць, нейкая дзяржаўнасьць. Гэта б стварыла для нас мэту, заахвоціла б нас да лепшага супрацоўніцтва зь немцамі, сказаў я яму. Як камісар, ён мусіў наладзіць у акрузе адміністрацыю, гарантаваць бясьпеку і дасылаць усё неабходнае для нямецкага войска. Вось і ўсё, што ён рабіў. Маёй задачай было настроіць яго ў прыхільным да беларускай справы духу і дасягнуць найбольшага, што тады можна было зрабіць — забясьпечыць ператварэньне беларусаў у моцную культурную групу. Яму падабаліся нашы канцэрты, ён з задавальненьнем выступаў перад народам, тлумачыў нямецкую палітыку. Я працягваў выступаць зь беларускіх пазыцый. Я казаў, што беларусы павінны быць не рабамі немцаў, а паўнапраўнымі памочнікамі ў змаганьні з камунізмам. Камісар разумеў нашы праблемы, але зьмяніць накірункі нямецкай усходняй палітыкі ня мог. У красавіку 1942 года я зьезьдзіў з камісарам Траўбам, ягонай жонкай і памочнікамі ў Нямеччыну. Я амаль упэўнены, што ён лічыў мяне добрым хлопцам; я гаварыў па-нямецку, працаваў энэргічна. Ён ведаў таксама, што я беларускі патрыёт і адчуваў, што немцы маглі б выкарыстоўваць мяне лепш. Калі мы ехалі на захад, старыя ўспаміны з палону нахлынулі на мяне. Недзе там, блізка Кёнігсбэргу, куды мы найперш паехалі, знаходзілася вёска Вайзэндорф, у якой я працаваў на нейкага нямецкага селяніна. Калі надарылася пара вольных дзянькоў, я папрасіў у Траўба машыну, каб праехацца. Ён пагадзіўся, і я адразу паехаў у Вайзэндорф. Мне хацелася сустрэцца з Гельгай. Ваеннапалонных у вёсцы больш не было, усё было ціха. Гельга зьдзіўлена адчыніла мне дзьверы. Яна трохі распаўнела, але ў яе былі тыя самыя блакітныя вочы, бялявыя валасы, тыя ж грудзі, тая ж сакавітая дупка. «Гэта ты, Барысе?» — спыталася яна. — «Цябе выпусьцілі?» Я патлумачыў, што я больш не ваеннапалонны, што я свабодны. «А я больш не свабодная,» — адказала яна і паказала мне калыску зь дзіцём. Ейны муж ваяваў на ўсходнім фронце. Ува мне ўсё зьмяшалася, але раптам усё вярнулася, наляцелі ўспаміны пра тую сустрэчу ў клуні, пра тое вострае жаданьне жанчыны, страх быць засьпетым і ўсе тыя пакуты, якія давялося перажыць пасьля таго, як я не наважыўся дакрануцца да яе. «Ты ўсё памятаеш, ты не шкадуеш?» — спыталася яна, паглядзеўшы на мяне так, як глядзела тады. — «Я на цябе не злуюся, я ведаю, што іншым разам табе, магчыма, не ўдалося б уцячы». Яна тады ня выдала мяне. Заставацца я болей ня мог. Я пацалаваў яе ў шчаку, і нешта заварушылася ў мяне ў сярэдзіне. Я хутчэй сеў і паехаў у Кёнігсбэрг. Пасьля мы паехалі ў Заходнюю Нямеччыну, і там я мог бываць, дзе хацеў. Я заўважыў, што габрэі носяць жоўтую зорку Давіда, а на вопратцы людзей родам з Усходу быў прышыты жоўты знак «OST». І да тых, і да тых ставіліся аднолькава кепска. Я бываў усюды, але найбольш мяне цікавіла, у якіх умовах жылі тыя дабраахвотнікі, што з уласнай волі падрадзіліся працаваць на немцаў. «Добраахвотнікаў» набіралі зь беларускай моладзі ў студзені, лютым і сакавіку, а таксама ў лягеры для ваеннапалонных. Іх вучылі ў прафэсыйных вучэльнях на выкананьне рабочай і дробнай адміністрацыйнай працы. Меркавалася, што яны будуць адбудоўваць заводы і рабіць іншую працу такога кшталту. Неўзабаве я іх спаткаў. Я спыніў аднаго такога чалавека з нашыўкай «OST» і спытаўся, хто ён і скуль ён. Ён па-расейску адказаў мне, што ён дабраахвотнік. Да нас ставяцца горш, чым да палонных, сказаў ён, і паказаў мне жытло, у якім іх трымалі: вялізныя баракі, у якіх людзі спалі на саламяных матрацах. Усе яны былі галодныя, стомленыя, змучаныя. Па 12 - 14 гадзінаў у дзень яны працавалі на чыгунцы, на фабрыках па пашыўцы амуніцыі. Вярнуцца дадому яны не маглі: за ўцёкі пагражала суворая кара. Ва ўсіх працоўных лягерах, якія я наведаў, панавала такая самая галеча, страх, роспач. Калі я быў ваеннапалонным, дык з мной абыходзіліся куды лепш, чым з гэтымі быццам бы свабоднымі людзьмі, якія з добрай ахвоты, самі паехалі ў Нямеччыну, думаючы, што іх там навучаць, зробяць спэцыялістамі, і яны вернуцца ў Беларусь прафэсыяналамі. Бачачы ўсё гэта, я паабяцаў сабе, што буду рабіць усё, каб беларускую моладзь не вывозілі з краіны. Я купіў у кнігарні кнігу Гітлера «Mein Kampf» (на акупаваных тэрыторыях яе не прадавалі). Цэлы вечар я чытаў яе: Гітлер пісаў пра свае пляны захопу ўсходу, сьцьвярджаючы, што ўсходнеэўрапейскія славяне — гэта гной для нямецкай культуры і што ім нельга дазваляць вучыцца. Гэтыя тэрыторыі плянавалася заваяваць і прымусіць людзей працаваць на нямецкую расу. Цяпер я зразумеў словы барона фон Энгельгарда, зразумеў, чаму ўсе ягоныя намаганьні пайшлі намарна, нягледзячы на немалую падтрымку з структураў узброеных сілаў і з боку палітыкаў, што ведалі трохі ўсходнеэўрапейскую сытуацыю. Цяпер я зразумеў, што толькі Гітлер выракоўваў лёсы кантыненту. Стала ясна, што трэба моцна думаць, перш чым супрацоўнічаць зь немцамі. Немцы не зважалі на карэннае насельніцтва Беларусі, і доказам гэтага служыла рашэньне Гёрынга, які абвесьціў Белавескую пушчу ўласным паляўнічым рэзэрватам, загадаўшы пры гэтым спаліць навакольныя вёскі, каб тутэйшыя жыхары не карысталіся з прыродных багацьцяў пушчы. Пры гэтым загінула шмат дзяцей, жанчын, старых. Ацалелыя схаваліся ў лясох і далучыліся да савецкай партызанкі. І ўсё дзеля таго, каб Гёрынг мог баляваць зь сябрамі і гасьцямі, каб ім было дзе паляваць! Ён распараджаўся непаўторным беларускім лесам, як сваёй бацькаўшчынай. Калі мы вярталіся ў Наваградак, камісар спытаўся ў мяне пра мае ўражаньні. Я сказаў, што застаўся ў захапленьні ад нямецкай арганізаванасьці, але мне не спадабалася, што работнікаў з усходу разглядаюць як людзей другога гатунку і прымушаюць іх хадзіць з нашыўкамі «OST». Гэта часовая сытуацыя, супакойваў мяне ён. Каб ня выдаць свайго вялікага расчараваньня, я прамаўчаў. Аднак рашэньне не даваць вывозіць моладзь у Нямеччыну было цьвёрдым. У Наваградку я найперш захацеў спаткацца з Людмілай. Мне яе моцна бракавала, я хацеў абняць яе, пацалаваць. Што гэта была за дзяўчына! Заўсёды шчасьлівая, жыцьцялюбная, заўжды ў гуморы, зь усьмешкаю, прыветная, усё гарэла ў яе руках. А я ўсё баяўся зрабіць рашаючы крок, хоць калі бачыў гэтае юнае цела, у грудзёх у мяне ўсё палала, і пры гэтым я мусіў удаваць стрыманасьць. А яе шчокі таксама чырванелі. Мабыць, яна таксама радая была мяне бачыць. Пасьля колькідзённых роздумаў я прыняў рашэньне распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, як жывецца нашай моладзі ў Нямеччыне. У школе ладзілі нейкі сход, і я распавёў хлопцам, якіх рыхтавалі на будучых афіцэраў, пра ўбачанае, распавёў пра пляны Гітлера, выкладзеныя ў ягонай кніжцы, і сказаў ім, што ў нас няма выбару. Камуністаў мы падтрымаць ня можам, а зь немцамі таксама трэба быць вельмі асьцярожнымі. Я папрасіў іх перадаваць тое, што я распавёў, людзям, каб ніхто не наймаўся на працу ў Нямеччыну, а калі некага будуць цягнуць туды гвалтам, дык мы мусім дапамагаць ім хавацца. Пасьля гэтага я супрацоўнічаў зь немцамі толькі каб палегчыць дасягненьне беларускіх мэтаў: дапамагаць сваім людзям і ісьці да незалежнасьці. Пасьля паездкі ў Нямеччыну і майго адкрытага незадавальненьня станам беларускіх работнікаў, вывезеных туды, пагоршыліся мае стасункі зь нямецкімі ўладамі. Мяне ўсё радзей запрашалі на сходы, дзе трэба быў перакладнік. Нешта дайшло да камісара наконт маёй сапраўднай дзейнасьці, і ў траўні 1942 года мяне скінулі з пасады перакладніка, пазбавіўшы ўсіх прывілеяў і картак на харчаваньне, цыгарэты і алькаголь. На маё месца ўзялі спадара Блескача, які падаваўся ім больш памяркоўным, але які насамрэч меў цьвёрдыя палітычныя й нацыянальныя перакананьні. Аднак і ён нядоўга напрацаваў на гэтай пасадзе, неўзабаве вярнуўшыся да юрыспрудэнцыі: ён быў судзьдзёю ў судзе па адміністрацыйных і крымінальных злачынствах, а палітычнымі справамі ён не займаўся. Толькі мае стасункі з Вальфмаерам не сапсаваліся, нягледзячы на звальненьне. Рэч у тым, што ён быў закаханы ў адну з нашых патрыётак і таму гатовы рабіць для беларусаў усё, што мог. Ён папярэджваў нас пра акцыі, якія рыхтаваліся немцамі, папярэджваў людзей, якіх меліся арыштаваць, дзякуючы чаму яны пасьпявалі ўцячы. Аднак і ён ня змог выратаваць аднаго з самых актыўных сябраў нашай арганізацыі, першага бурмістра Наваградка Панька. Панько быў палымяным патрыётам, вельмі сьвядомым чалавекам і перакананым антыкамуністам. Немцаў ён ненавідзеў амаль гэтак жа моцна, як Саветы, але прыхоўваў гэтую нянавісьць, каб утрымацца на пасадзе. Мы цесна сябравалі зь ім, але ён меў адну слабасьць: ён піў — і нам прыйшлося намучыцца, каб адвярнуць яго ад гэтай хваробы. Цьвярозы ён быў проста золата, набраўшыся ж, ён гатовы быў выдаць усё, што думаў пра немцаў і ўсё свае пляны. І вось аднойчы ён зьнік. Мы папрасілі Вольфмаера ўмяшацца, але на гэты раз нават той ня ведаў, куды падзеўся Панько. Як мы ні намагаліся адшукаць яго, усё бяз толку. Я дабіўся спатканьня з камісарам Траўбам, аднак той паставіўся да мяне вельмі варожа. Яго моцна насьцярожыла таксама маё жаданьне даведацца пра лёс Панька. Пасьля ад жандармаў мы пачулі, што Панько зьнік з уласнай ахвоты, а куды, ніхто ня ведаў, але мы гэтаму ня верылі. Я быў амаль упэўнены, што яго заарыштавалі і згнаілі недзе ў нямецкай турме на падставе нейкага фальшывага абвінавачаньня. Я ўтрымаўся выкладчыкам нямецкай мовы толькі таму, што мяне не было кім замяніць. Курсам, выхаваньню маладога пакаленьня я аддаваў увесь свой час. Памятаю першы выпуск пяцідзесяці зь нечым курсантаў, сьвята, прамову доктара Орсы, уздым энтузыязму і патрыятычных пачуцьцяў. Як усьцешна было бачыць, што новае пакаленьне беларусаў гатовае для дарослага жыцьця! У той дзень на канцэрце мая каханая Людміла сьпявала ў дуэце і сола, а я, гледзячы на яе, баяўся паварухнуцца, настолькі яна была харошая. Я бачыў толькі яе і кахаў яе ўсё мацней і мацней. Я працягваў распрацоўваць сваю ідэю наконт таго, каб выкарыстоўваць немцаў ва ўласных інтарэсах, пазьбягаючы рабаваньня нашых рэсурсаў Нямеччынай. Мы пачалі наладжваць кантакты з падпольлем, імкнучыся стварыць нейкую арганізацыю ў супрацоўніцтве зь ім, каб атрымалася дзейсная нацыяналістычная структура. Недзе пад канец траўня надарылася добрая нагода для гэтага. Мне пазваніў мой сябар Вова Родзька і запрасіў да сябе ў Менск, каб абмеркаваць сія-тыя нацыянальныя праблемы. Мы сустрэліся зь ім на пачатку чэрвеня 1942 году. Гэта было пад вечар у кватэры начальніка паліцыі Саковіча. Прысутнічалі таксама мой стрыечны брат Міхал Рагуля, Антон Адамовіч, літаратурны крытык зь Менску і вельмі таленавіты журналіст Шкялёнак. Усяго набралася чалавек з восем, і мы прынялі неабходныя меры асьцярожнасьці, напрыклад, прыходзілі на месца збору ў розны час. Наша сустрэча была нелегальнаю, бо тое, што мы зьбіраліся абмяркоўваць, мела вялікае значэньне для будучыні Беларусі. На гэтым паседжаньні была заснаваная нелегальная Беларуская незалежніцкая партыя (БНП). Партыя заставалася вернаю Ўстаўным граматам 1918 году, паводле якіх Беларусь абвяшчалася незалежнаю, а мэтаю партыі было здабыцьцё гэтай незалежнасьці. Мы хацелі ўтварыць Беларускую Народную Рэспубліку, у нашых мэтах было заснаваньне сеткі беларускіх патрыётаў, якая б уплывала на вельмі складаную сытуацыю на акупаваных немцамі тэренах. Пра тое, хто стаіць за БНП, мусілі ведаць лічаныя людзі, каб застрахавацца ад магчымага правалу і нямецкіх рэпрэсіяў. Мы публікавалі газэту «Бюлетэнь БНП», першы нумар якой выйшаў у жніўні досыць вялікім накладам. Адказным за выпуск шмат якіх нумароў быў я, а Людміла дапамагала мне, перахоўваючы, друкуючы і распаўсюджваючы выданьне. Я разумеў, што тым самым яна аказваецца ў небясьпецы, ды ня толькі яна, а таксама ўся яе сям’я, але той час я ня думаў пра асьцярогі. Бюлетэнь заклікаў беларускіх патрыётаў не скарацца, працягваць нацыянальнае змаганьне і дамагацца ад немцаў магчымасьці разьвіваць нацыянальнае жыцьцё. Мы папярэджвалі, што ў немцаў няма намеру даць нам незалежнасьць, што мы патрэбныя ім як працоўная сіла, гной для нямецкай культуры. Мы пісалі пра лёс беларускіх работнікаў у Нямеччыне і вынішчэньне жыдоў. Праца давала нам новую энэргію, і небясьпека толькі ўмацоўвала наш дух — так заўсёды бывае з моладзьдзю, уцягнутай у нелегальнае змаганьне. Старэйшым прыходзілася нават стрымліваць нас, бо празьмерная актыўнасьць магла прывесьці да правалу. Падпольная незалежніцкая сетка імкліва расла па ўсёй Беларусі, рос і попыт на інфармацыйны бюлетэнь. БНП абуджала энтузыязм патрыётаў, надавала сэнс нашаму жыцьцю. Ні хвілінкі не шкадаваў я пра страту пасады ў нямецкай адміністрацыі. Тым часам актывізавалася дзейнасьць чырвонай партызанкі, партызанскія атрады ўсё часьцей нападалі на вёскі і нямецкі транспарт. Паўстала патрэба ў атрадах самаабароны. Юзік Сажыч, які вучыўся ў Менску ў афіцэрскай школе, вярнуўся дахаты, каб надаць арганізаванасьці такім атрадам у вёсках і мястэчках. Аднак немцы перашкодзілі нашым плянам. Можа ў іх была эўфарыя ад хуткага прасоўваньня нямецкага войска пад Сталінградам. Яны думалі, што абыйдуцца і без беларускай самааховы, а таму не аддалі абяцанай зброі і рыштунку. Становішча было абмеркаванае на пасяджэньні кіраўніцтва БНП. Усе пагадзіліся, што без уласных узброеных сілаў заставацца больш нельга. А нямецкай чыгуначнай паліцыі патрабаваліся фармаваньні для абароны чыгункі ад партызанаў. Я скантактаваўся зь Юзікам Сажычам і абмеркаваў зь ім ад імя БНП пытаньне арганізацыі атрадаў чыгуначнай аховы. Для іх трэ было дастаць форму і зброю. Становішча было цяжкім, але Юзік падрадзіўся дапамагчы нам. Ён змог апэратыўна стварыць цудоўна падрыхтаваныя групы з слухачоў школы, якіх падрыхтавалі на афіцэраў. Ён атрымаў форму ад нямецкай чыгуначнай аховы. Пасьля кароткага навучаньня іх накіравалі ў Ліду, у самае сэрца польскай падпольнай дзейнасьці, у горад, дзе, магчыма, знаходзіўся штаб Арміі Краёвай. На жаль, палякі, замест таго, каб змагацца зь немцамі і чырвонымі партызанамі, імкнуліся ўмацаваць кантроль за Лідчынай і Налібоцкай пушчай, каб цалкам палянізаваць гэтую тэрыторыю. Зьяўленьне Юзікавай часткі ў Лідзе, дзе яна прайшла праз горад зь беларускімі песьнямі, было ўспрынята як чырвоная шматка быком. Раней, пад дуламі акоўцаў-палякаў, Ліда выглядала, як цалкам польскі горад. Літаральна за пару месяцаў Юзік усё зьмяніў. Да яго пацягнуліся людзі, у адміністрацыі шмат якіх палякаў замянілі беларусамі. Юзіку ў ягонай справе дапамагаў былы начальнік менскай паліцый Саковіч, які пайшоў з гэтай пасады, бо ня меў на ёй свабоды (паліцыю цалкам кантралявала гестапа). БНП паслала Саковіча ў Ліду ўзьнімаць беларускі нацыянальны супраціў. Ён меў заданьне зьвязацца з польскім супрацівам, каб наладзіць супрацоўніцтва, устанавіць давер, каб пазьбегнуць супрацьстаяньня між палякамі і беларусамі, якія мелі агульнага ворага — савецкі рэжым. Саковіч жа пабачыў, што польскія атрады сакрэтна супрацоўнічаюць зь немцамі, атрымліваюць ад немцаў баепрыпасы і амуніцыю пад умовай, што будуць ваяваць ня зь немцамі, а з чырвонай партызанкай, прычым гэта было даволі распаўсюджанай практыкай. Тым часам пры канцы жніўня трагічны выпадак здарыўся ў Наваградку. Штабсляйтэр Вольфмаер трапіў у засаду ў Налібоках і загінуў. Я называю гэты выпадак трагічным, бо Вольфмаер быў сапраўдным сябрам Беларусі і падзяляў нашы намеры, разумеў нашае стаўленьне да Савецкага Саюзу, нашыя імкненьні пабачыць Беларусь вольнаю. Гэты чалавек ведаў, што мы ніколі ня станем поўнымі хаўруьснікамі Нямеччыны, што мы проста скарыстоўваем зь нямецкае акупацыі, каб разьвіваць нашу справу, але пры гэтым разумеў, што беларускія нацыяналісты маглі б быць у дапамозе дзеля нямецкага змаганьня з камунізмам. Аднак і яму не ўдавалася — ён сам у гэтым прызнаваўся — пераканаць найвышэйшыя ўлады, каб тыя зьмянілі сваё стаўленьне да беларусаў. Ён займаў такую ж пазыцыю, як барон фон Энгельгард, які падтрымліваў ідэю стварэньня незалежнай або, прынамсі, напаўнезалежнай Беларусі ў саюзе зь Нямеччынай, своеасаблівай буфернай дзяржавы, базай для далейшых дзеяньняў супраць Савецкага Саюзу. Спачатку ягоныя погляды на беларусаў сустракалі падтрымку сярод немцаў, але пасьля немцы зьмянілі сваю пазыцыю і вырашылі вызваліць на акупаваных тэрыторыях жыцьцёвую прастору для немцаў без увагі на нацыянальныя памкненьні мясцовага насельніцтва. Энгельгарда скінулі з пасады намесьніка міністра замежных справаў, адправіўшы працаваць лесьніком пад Наваградак. Энгельгард быў аўтарам кнігі «Weissruthenia», гісторыі Беларусі, у якой ён апісаў паходжаньне Беларусі, Вялікае Княства Літоўскае і ў правільным сьвятле падыходзіў да беларускай гісторыі й культуры. Хаця ён страціў увесь свой уплыў, але сустрэцца зь ім і абмеркаваць нашы праблемы было карысна, і аднойчы такая сустрэча адбылася. Трэба сказаць, што мой дзядзька і ён цесна пасябравалі. Неяк мы былі ў яго разам зь дзядзькам, і я памятаю дзядзькавы словы: «Прабачце, барон, але немцы моцна памыляюцца, паўтараючы памылкі Напалеона. Вы перайшлі Нёман у той самы дзень, што і Напалеон; вы не спынілі прасоўваньня і не арганізавалі шляхоў забесьпячэньня войска, не стварылі буфэрных дзяржаваў у Беларусі і балтыйскіх краінах. Напалеон таксама сьпяшаўся заняць усю Расею і прайграў вайну. Ці ня думаеце вы, барон, што Нямеччына таксама прайграе вайну?» Энгельгард доўга маўчаў, а пасьля адказаў: «Баюся, вы маеце рацыю, але ня ўсё яшчэ страчана. Нямецкае войска хутка наступае на поўдні Савецкага Саюзу. Ёсьць шанцы, што праз пару дзён Сталінград будзе захоплены і тым самым будуць адрэзаны пастаўкі нафты. Гэта можа азначаць канец Савецкага Саюзу». «Я спадзяюся, што так і будзе, але сумняваюся». На тым размова й скончылася. Разьвітваючыся, мой дзядзька папрасіў нікому не распавядаць пра гэтую размову, бо тое, што разумеюць сябры, можа быць згубным, калі гэта стане вядомым каму яшчэ. У Сталінградзе немцы былі разьбітыя. Ніхто гэтага не чакаў. Пра гэта не адразу стала вядома, толькі ў сьнежні ўдалося пачуць пра гэта па BBC зь Лёндану (іншым крыніцам інфармацыі давяраць было нельга). У нас была магчымасьць слухаць савецкае радыё, але мы лічылі зводкі савецкага радыё прапагандай і ня надта давяралі ім. Немцы сталі рабіцца ўсё больш і больш заклапочанымі, рэпрэсіі ўзмацніліся, але ставала ясна, што немцы прайграюць змаганьне з партызанкай. Віктар узначальваў моцны партызанскі атрад, які дзейнічаў пад Наваградкам. Пры канцы 1942 году ён выйшаў на кантакт зь Людмілінай маці, якая тады жыла ў вёсцы Багудзенка. Жыцьцё ў Наваградку было вельмі цяжкім: па картках давалі нейкі мізэр, а на базары харчоў было не дакупіцца. Больш-менш прыстойна жылі толькі тыя, каму траплялі прадукты ад сваякоў ці сяброў зь вёсак. Віктар не адзін вечар прагаварыў з багудзенскім настаўнікам Міколам, распавядаючы яму пра жыцьцё ва ўсходняй Беларусі, сваёй бацькаўшчыне, дзе ён скончыў сярэднюю школу і скуль ён пайшоў у Чырвоную армію. Дзіўна было, што памкненьні да стварэньня беларускай дзяржаўнасьці ўсё яшчэ трымаліся і на ўсходзе. Віцебск заставаўся адным з моцных культурных цэнтраў, у тым ліку і беларускага нацыянальнага духу, нягледзячы на татальную дэнацыяналізацыю. Віктараў бацька выкладаў гісторыю і літаратуру ў беларускамоўнай школе, а маці працавала сакратаркаю ў гарвыканкаме. Віктар атрымаў беларускую адукацыю, быў выхаваны ў беларускім духу. Дзейнічаючы пад Наваградкам, вакол нашага цудоўнага возера Сьвіцязь, Віктар таксама абараняў Людміліну маці ад нападу партызанаў (тыя часта зьбівалі або расстрэльвалі мясцовых жыхароў, асабліва тых, чые сем’і жылі ў горадзе, хто лічыўся калябарантам). Дзякуючы сяброўству зь Віктарам, Людміліна маці і ўся іх сям’я жыла досыць няблага: маці не баялася часта наяжджаць у Наваградак, прывозіць сёе-тое з прадуктаў. Яна не магла не заўважыць, што я маю вялікую сымпатыю да яе дачкі, і добра паставілася да нашых стасункаў. А вось Людмілін бацька мне не давяраў, баючыся, што я пацешуся зь ягонай дачкою і кіну. Як жа ён памыляўся і якая малайчына была Людміліна маці. Ішоў час, мянялася становішча на фронце, мянялася й становішча ў Наваградку, стаўленьне немцаў да нас. Арганізавалася «Самапомач» на чале з доктарам Ермачэнкам, якога гаўляйтэр Кубэ выклікаў з Прагі. Але гэтая арганізацыя была чыста паказушнай, яна мелася стварыць уражаньне, што беларусам дазваляюць мець сякую-такую сыстэму самакіраваньня, якой некалі, магчыма, будзе нададзена адміністратыўная ўлада. Насамрэч «Самапомач» стваралася зусім не для гэтага. Я сустракаўся ў Менску з доктарам Ермачэнкам, і ён мяне ня ўразіў: таўстун, слабая асоба, які імкнуўся ўзбагаціцца пры нагодзе і задаволіць адно свае ўласныя амбіцыі. Такіх і паплечнікаў ён сабе падабраў. Сярод прызначаных ім у розныя мясцовасьці прадстаўнікоў быў і спадар Якуцэвіч з Наваградка. На маю думку, ён быў стопрацэнтовым нямецкім агентам. Уся гэтая задумка з стварэньнем «Самапомачы» хутка выдыхлася, і пасьля забойства Кубэ новы губэрнатар генерал фон Готбэрг скінуў Ермачэнку зь ягонай пасады, выслаў назад у Прагу і забараніў выяжджаць стуль. Беларускія праграма самапомачы і самааховы так шырока й не разгарнуліся: немцы не давалі ні зброі, ні амуніцыі, адзін толькі Юзік Сажыч з сваімі выпускнікамі «настаўніцкіх курсаў» рабіў посьпехі ў Лідзе, разгортваючы беларускую дзейнасьць і спрыяючы нацыянальнаму ўздыму ў гэтых складаных краях, моцна скалянізаваных і кантраляваных польскім падпольлем. З тае пары, як я выказаў свой непакой абыходжаньнем з нашымі работнікамі ў Нямеччыне, я ні разу больш не сустракаўся з камісарам Траўбам. Мяне папярэджвалі, што я магу стаць ахвяраю нейкай правакацыі, у прыватнасьці, з боку жандармаў, што знаходзіліся пад уплывам польскага падпольля праз тых палячак, якія працавалі служанкамі ў жандармэрыі. Мяне маглі ліквідаваць, адплаціўшы мне такім чынам. Мая сіла заключалася толькі ў тым, што я прайшоў праз савецкую вязьніцу, і ніхто ня мог абвінаваціць мяне ў сымпатыях да Саветаў або да камуністаў. Толькі гэта, мабыць, мяне й ратавала. Жандармэрыя сапраўды была пад моцным польскім уплывам і працягвала выбарачна перасьледаваць то аднаго, то другога беларускага актывіста, абвінавачваючы іх у сымпатыях да камуністаў, што было няпраўдаю. Людзі зьнікалі адзін за адным. Становішча ў Беларусі ўсё пагаршалася. Удзень у гарадах лютавалі немцы, уначы ў вёсках лютавалі партызаны, і яны сутыкалі людзей ілбамі. А цярпела ад усяго гэтага беларускае насельніцтва, людзі былі ў адчаі. Усе расчараваліся ў нямецкім вызваленьні, становішча было бязвыхадным. Ніхто ня меў упэўненасьці ў будучыні. На немцаў спадзявацца не прыходзілася, пра вяртаньне савецкай акупацыі таксама не хацелася нават думаць. БНП імкнулася ў такой сытуацыі выконваць ролю пасярэдніцы паміж рознымі плынямі, умацоўваючы ідэі незалежнасьці сярод людзей. Бюлетэнь гаварыў людзям праўду. Прадказваючы паразу немцаў і раючы, што рабіць. Мы правільна прадбачылі вынікі вайны, амаль беспамылкова прадказалі падзел Нямеччыны на зоны ўплыву паміж амэрыканцамі і Савецкім Саюзам і раілі людзям выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб апынуцца ў Заходняй акупацыйнай зоне, бо там, спадзяваліся мы, беларусы апынуцца пад абаронай дэмакратычнай сыстэмы. Мы меркавалі, што пасьля перамогі над Гітлерам дэмакратычныя саюзьнікі спыняць сталінскі тэрор і разбурэньне ўсяго, што было чалавечага. Мы меркавалі, што заходнія краіны сутыкнуцца з Савецкім Саюзам. Мы памыліліся: гэта даказвае, што мы ня ведалі, як дзейнічае дэмакратычны мэханізм. Мы не разумелі, што дэмакратыя — гэта лад, калі сам лідэр ня мае права прыняць рашэньне, калі перш трэба падрыхтаваць насельніцтва да нейкага рашэньня. А на Захадзе людзі думалі, што галоўны вораг — гэта Гітлер, тады як Савецкі Саюз — гэта хаўрусьнік. Нельга павярнуць зброю супраць былога саюзньніка. Мы дорага заплацілі за гэтую аблуду, гэта была сапраўды трагічная памылка. У 1941 - 42 гадах адбыўся вялікі ўздым беларускай культуры. Натальля Арсеньнева зрабіла беларускі пераклад шматлікіх лібрэта клясычных опэраў, вядомы наш кампазытар Шчаглоў напісаў новую опэру «Кветка шчасьця», а таксама з’явіўся новы гімн, напісаны Арсеньневай. Паўсюль у гарадах і мястэчках ствараліся хоры і танцавальныя ансамблі. Былі адкрытыя беларускія школы, і за адзін год беларуская культура акрыяла ад доўгага савецкага панаваньня, ад рэпрэсіяў 1929 - 41 гадоў. Мы часта бывалі ў Менску ў опэры зь Юзікам Сажычам. Незабыўныя ўражаньні засталіся ў мяне ад опэры «Кармэн», якую я ўпершыню пачуў па-беларуску. Я назаўжды палюбіў гэтую опэру. Асабліва палюбілася беларусам опэры Гофмана. Словам, 1941 - 42 гады сталі залатым годам беларускай культуры. Каб нам яшчэ пару гадоў сапраўднай свабоды, такой культурнай свабоды, наш народ, наша нацыя хутка адрадзіліся б і ўсталі нароўні зь іншымі свабоднымі народамі сьвету. Тады ж быў арганізаваны і Саюз беларускай моладзі. На чале арганізацыі стаў выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту спадар Ганько — энэргічны хлопец, вялікі патрыёт, таксама сябар БНП. Калі немцы сталі разглядаць пытаньне, ці патрэбныя ў Беларусі арганізацыі моладзі, мы праз розныя каналы імкнуліся да станоўчага вырашэньня гэтага пытаньня. На кіраўніка гэтай арганізацыі быў прапанаваны менавіта Ганько. Рост папулярнасьці гэтай арганізацыі быў нават трохі нечаканым для нас — у яе ўступалі тысячы юнакоў. Арганізацыя фармавалася на прынцыпах заходняга скаўцкага руху, і на першы погляд была падобнаю да камсамолу і гітлерюгенду. У СБМ-аўцаў была зялёная форма і бел-чырвона-белыя павязкі на рукавах. Яе сябры аддавалі салют рымскім узмахам рукі, а дэвізам было «Жыве Беларусь!» Усё гэта выглядала вельмі патрыятычна і прыцягальна, а немцы гэта ўсё цярпелі, бо не заўважалі нацыянальнага характару арганізацыі, прыхаванага пад шэрагам вонкавых рысаў, запазычаных ад «гітлерюгенду». Кіраўнікі арганізацыі зьбіраліся прыцягчы ў свае шэрагі шмат юнакоў 13 - 15 гадоў, а мы меркавалі арганізаваць ваенную падрыхтоўку гэтай моладзі і тым самым закласьці яшчэ адну аснову будучай незалежнай Беларусі. Суполкі СБМ пачалі расьці, як грыбы пасьля дажджу: у Менску, Вільні, Наваградку, Баранавічах і паўсюль-паўсюль. Ганько працаваў вельмі актыўна, лётаў з аднаго канца краіны ў другі і нават атрымаў пэўную падтрымку ад немцаў, якія давяралі яму і цанілі ягоную энэргію, ня ведаючы, што ён — сябар нашай БНП і дзейнічае паводле яе загадаў. Ганько стаў адным з выдаўцоў нашага бюлетэню, дзе выказваў свае думкі наконт палітычнае сытуацыі, выступаючы зь вельмі патрыятычных пазыцыяў. Янка Жамойцін і Людміла таксама ўваходзілі ў партыю. Людміла бывала ў Менску, прысутнічала на паседжаньнях, хадзіла на канцэрты і ў опэру, наведвала лягеры моладзі ў Слоніме. Мы ўпэўніваліся ў слушнасьці нашай справы, бачачы, зь якім энтузыязмам уступае моладзь у нашу арганізацыю, нягледзячы на неспрыяльную сытуацыю ў Беларусі, на акцыі партызанкі, на паляпшэньне становішча Савецкага Саюзу і на блізкае вяртаньне савецкай улады. ЧАСТКА 2. ДАКУМЭНТЫ Наваградзкі Эскадрон[1 - Тэкст друкуецца паводле выданьня: Рагулявец. Наваградзкі эскадрон // Наперад (Мюнхен). № 24 - 26. 1953.] Першая частка: Эскадрон фармуецца I. Па Наваградку пракацілася вестка, што мае паўстаць беларуская вайсковая адзінка зь беларускім камандным складам, беларускай камандай ды нат, як цьвердзілі сьмялейшыя, яна мае быць незалежнай ад мясцовых нямецкіх уладаў. Адны кажуць, што немцы нарэшце да толку дайшлі і хочуць Беларусам памаленьку ўладу ў рукі перадаць — таму быццам і запрапанавалі тварэньне эскадрону. Другія, наадварот, цьвердзяць, што гэта беларускі актыў дамагаецца ад немцаў такой вайсковай адзінкі, маючы на мэце абарону жыхароў Наваградчыны з аднаго боку ад чырвоных бандаў, з другога-ж — ад самых немцаў, якія, як тыя мухі пад восень, у прадчуваньні блізкага канца, паляць і нішчаць беларускія вёскі, вывозяць моладзь у глыб Нямеччыны, сеюць страх і тэрор сярод беларускага сялянства. Разьюшаныя сьвежай беларускай крывёю, яны, здаецца, уступілі ў нейкія дзікія гонкі з бальшавікамі: хто больш спаліць хатаў, хто больш заб’е нявінных дзяцей, хто мацнейшы, хто бязьлітасьнейшы. Кажуць, што пах сьвежае крыві ўзбуджае ў жывёлы зьнішчальныя інстынкты. Чалавек аказаўся горшым … Довадам гэтага былі апошнія два гады вайны ў Беларусі. Вестка аб арганізацыі беларускага эскадрону выклікала вельмі розную рэакцыю сярод насельніцтва гораду. Скептыкі сумніўна ківалі галовамі. Горкае дасьветчаньне з Самааховай і падахвіцэрскай школай у 1942 г. яшчэ было лішне сьвежым, каб браць насур’ёзна новую «бомбу». «Зьбераце людзей, справакуеце іх перад партызанамі, не атрымаеце ні зброі, ні вопраткі, і для арганізатараў на гэтым кончыцца прыгожая ілюзыя. Не забывайцеся аднак аб тым, што чакае гэных людзей ды іх бацькоў, калі вы ня здолееце стварыць такой вайсковай адзінкі, якая зможа іх абараніць», — гаварылі яны. «Ашалелі людзі, — казалі другія, — Немцы прайгралі вайну, мо заўтра будуць тут бальшавікі. Падумайце, што вы робіце. Ані ваш сумніўны эскадрон, ані батальён, ні нат дывізыя не заважаць на лёсе вайны. Немцы прайгралі вайну палітычна, цяпер іх дабіваюць за гэта мілітарна. За позна яны дагадаліся тварыць беларускую збройную сілу». І адны і другія мелі пасвойму слушнасьць. Дасьветчаньне зь мінулага і сытуацыя на фронце прамаўлялі за імі. Што-ж думала беларуская моладзь? Тая моладзь, з радоў якое і вырас пазьней «Наваградзкі Эскадрон»? Ня гледзячы на рашчараваньні ў мінулым, на бязьмежную нянавісьць да нямецкага акупанта, якая была хіба ня меншай, як да нядаўнага яшчэ бальшавіцкага і ягоных насьледкаў — чырвоных бандаў, яна ўспрыняла вестку аб тварэньні беларускага збройнага аддзелу зь вялікім энтузыязмам. Яна хацела паказаць беларускаму грамадзтву запраўдны вобраз беларускага жаўнера, здэфармаваны дасюль паводзінамі прапольшчанай і поўнасьцяй немцам падпарадкаванай паліцыі[2 - Ужываны ў артыкуле назоў паліцыі або «чорнай паліцыі» не датычыцца да беларускае паліцыі наагул, але выключна да спэцыфічных абставінаў у Наваградку. Наваградзкая паліцыя ў сваёй бальшыні складалася з палякаў. Камандны склад за выняткам каманданта, якім быў сп. К., беларус, быў польскі. «Зьбеларушчыць» наваградзкую паліцыю было амаль немагчыма, бо акруговая і раённая нямецкая жандармэрыя, якой паліцыя падлягала, была поўнасьцяй пад уплывам палякаў, ці лепш сказаць полек. Адносіны паліцыі да беларускага насельніцтва былі нязвычайна дрэннымі. Рабункі, пабоі, тэрор, п’янства былі на дзённым парадку. Наваградзкая паліцыя, гэта вялікая пляма на тагачасным беларускім актыве.]. Яна хацела паказаць, як патрапіць беларускі жаўнер бараніць інтарэсы свайго грамадзтва і стацца ягонай духовай апорай, замест сеяць тэрор і зьнішчэньне. Яна ўрэшце хацела паказаць на чыне сваё бязьмежнае адданьне беларускаму сялянству, зданаму на ласку чырвоных партызанаў або нямецкіх каральных аддзелаў. Гэта была моладзь, як тысячы й соткі тысяч беларускіх юнакоў, што любілі свой народ і бацькаўшчыну ды былі гатовыя ў кажны момант змагацца за ейны лепшы лёс, за шчасьце народу, за незалежную Беларусь. Гэта былі самародкі-патрыёты. Часта яны ня ўмелі сфармуляваць тых пачуцьцяў, якія выпаўнілі іхныя чулыя душы. Ідэя вольнасьці, свабоды фармавалася ў іх ня словамі падкутага тэарэтычна інтэлігента, а той прыгожай беларускай прыродай, сярод якое яны ўзрасьлі, у адвечным імкненьні да сонца, вольнага прастору… З казак і апавяданьняў бабулек яны пазналі слаўнае мінулае свае Бацькаўшчьшы, яны чулі аб магутных літоўскіх князёх, аб сіле й славе беларускага народу… І ўзрастала ў іхных душах туга за сьвятлом, воляй… і напаўняліся іхныя сэрцы гордасьцяй за мінуўшчыну ды адазвалася ў гэтых дзяцей натуры вялікая ідэя, якой ня вырваць людзкой сіле, бо яна Богам даная, бо яна ёсьць іхным паветрам, вадою і сонцам. Бяз гэтага нельга жыць. II. Беларускі актыў Наваградзкай Акругі сабраўся на адмысловым сходзе дзеля выслуханьня Барыса Рагулі, якому Акруговы Камісар Наваградка запрапанаваў арганізаваць беларускі эскадрон і абяцаў, у выпадку ягонай згоды, заладзіць усе фармальнасьці, зьвязаныя з арганізацыяй перад Гэнэральным Камісарам Беларусі. Барыс Рагуля ў той час меў каля 23 гадоў. Выйшаўшы з бальшавіцкай турмы, у якую трапіў, уцёкшы зь нямецкага палону, вымучаны допытамі НКВД, лячыўся ў сваім родным мястэчку ад захапіўшага ягоныя лёгкія тубэркулёзу. На другім аднак тыдні пасьля вызваленьня ён сустрэўся зь беларускімі студэнтамі, якія вярталіся пехатой із Львова. Ад іх ён атрымаў лістоўкі, што заклікалі беларускі народ да выкарыстаньня палітычнай сытуацыі з мэтай адбудаваньня свае дзяржаўнасьці. Палкія словы ягонага двуроднага брата Міхася Рагулі, студэнта палітэхнікі, зрабілі сваё. У той самы дзень ён пераяжджае ў Наваградак і стае на працу ў характары перакладчыка пры раённай управе. Месяц пазьней, раённы бурмістр Панько, вялікі беларускі патрыёт, які загінуў пасьля ад нямецкае кулі, камандыруе яго на перакладчыка да Акруговага Камісара. На гэтым становішчы ен мае нагоду дапамагчы шмат у чым сваім суродзічам. Яму ўдаецца здабыць пры дапамозе З. К. (аднэй беларускай патрыёткі) прыхільнасьць і адданасьць беларускай справе штабсляйтэра Вольфмаера[3 - Штабсляйтэр Вольфмаер — вялікі прыяцель беларусаў. Ён правільна ашацоўваў палітычную сытуацыю і быў скрытым праціўнікам нямецкай палітыкі ў Беларусі. Ён рабіў усё магчымае, каб аблягчыць лёс беларусаў, быў праціўнікам вынішчаньня жыдоў і ў супрацоўніцтве зь беларускім актывам дапамагаў ім у ўцёках. Восеньню 1942 г. ён загінуў ад партызанскай кулі.], які быў пасьля вялікай апорай у ўсьцяжным змаганьні з польскімі ўплывамі і нямецкай палітычнай тупалобасьцяй. Выкарыстоўваючы сваё становішча перакладчыка і растучы ўплыў на камісара Траўба, Б. Рагуля праводзіць у жыцьцё пляны адносна арганізацыі школьніцтва, распрацаваныя др. Орсам. Др. Орса, былы ягоны школьны настаўнік, зьяўляўся духовым бацькам маладога Рагулі, а таксама й настаўнікам у грамадзкай працы. У цесным супрацоўніцтве зь Я. Сажычам, былым школьным сябрам, ён арганізуе падахвіцэрскую школу Самааховы, якую й даручае апошняму. Траўб пастанаўляе даць нагоду Рагулі наведаць Нямеччыну, спадзяючыся, што такое падарожжа зробіць належны пераўзгадаваўчы ўплыў у про-нямецкім кірунку. Вынік аднак, паводля словаў самога-ж Рагулі пасьля павароту ў коле сваіх сяброў, быў якраз адваротны. Да гэтага спрычыніліся два асноўныя моманты: «Майн Кампф» — кніга, якую нельга было дастаць на акупованай тэрыторыі ды сустрэча зь беларускімі работнікамі, што выехалі «дабраахвотна» на працу ў Нямеччыну. Рэзультат: 7-га ліпеня 1942 г. ён прыймае ўдзел у заснаваньні Беларускай Незалежніцкай Партыі, нелегальнай антыбальшавіцкай і антынямецкай арганізацыі, беспасярэднім арганізатарам якое быў Усевалод Родзька, таксама школьны калега Рагулі. У. Родзька адзначаўся бязьмежным патрыятызмам і выдатнымі інтэлектуальнымі якасьцямі. Ён дзейнічаў у паразумленьні з кс. Гадлеўскім і М. Абрамчыкам. У далейшым Рагуля поўнасьцяй аддаўся нелегальнай дзейнасьці. Ягоныя даклады аб Нямеччыне ўзбуджаюць недавер немцаў і Траўб адсоўвае яго ад Акруговага Камісарыяту, бяручы на ягонае месца расейскага немца Гэмпэля. Рагуля аддаецца тады працы ў сэмінарыі. Будучы там настаўнікам нямецкае мовы ды фізычнага ўзгадаваньня, ён праводзіць вайсковую падрыхтоўку хлапцоў на ўзроўні да камандзера зьвязу. Ён засноўвае, у паразумленьні і з падтрымкай Акруговага Інспэктара, вайсковую арганізацыю, апранае ў саматканыя ўніформы хлапцоў і дзяўчат, уводзіцца вайсковае прывітаньне… Тут якраз і гадуюцца будучыя кадры эскадрону. Беларускі актыў перад цяжкой праблемай. Выслухаўшы інфармацыі Рагулі, у глыбокай задуме схіліліся сівыя галовы беларускіх патрыётаў. Пачалася дыскусыя. Разважаецца «супраць», абмяркоўваецца «за». Сытуацыя на фронце, недавер да немцаў, непакой аб сем’ях, будучы лёс жаўнераў з аднаго боку, а з другога незалежная беларуская нацыянальная адзінка, пачуцьцё апоры на беларускую зброю, якая ніколі не падымецца супраць інтарэсаў беларускага насельніцтва, а толькі ў іхнай абароне, незалежна ад таго, ці гэта будуць чырвоныя, ці немцы. Доўга важыліся аргуманты. І як на той вазе, раз пераважаў адзін, раз другі бок. Нарэшце сьвежая вестка аб тым, што немцы маюць мабілізаваць у недалёкай будучыні беларускую моладзь у нямецкі паліцыйны батальён зь нямецкім камандным складам ды поўнасьцяй падпарадкаваны мясцовай жандармэрыі, заважыла на канчатковай дэцызыі. Запала пастанова арганізаваць «Наваградзкі Эскадрон» выключна на базе дабраахвотнасьці ды датрыманьня немцамі пэўных умоваў. На наступны дзень Рагуля ў камісара. Гутарка кароткая. Ён дае згоду арганізаваць эскадрон пад наступнымі ўмовамі: 1) поўная незалежнасьць перад мясцовымі нямецкімі ўладамі; 2) поўная свабода ў тактыцы змаганьня з партызанамi; 3) пачатак арганізацыі пасьля атрыманьня зброі і вопраткі; 4) асабістая гваранцыя генэральнага камісара да трыманьня пастаўленых умоваў. Камісар Траўб адказаў:   «Вы можаце быць пэўны, што ўсе ўмовы будуць датрыманы. Я зразумеў нашыя памылкі. Я зразумеў, спадзяюся, не за позна, што вашыя дамаганьні былі слушнымі. Нажаль, мала хто з нас так разумее…» Ён неяк задумана сказаў апошнія словы, здаецца на момант страціў штодзённую гордую паставу, але хутка апанаваўшыся, дадаў: «Чакайце вызаву Гэнэральнага Камісара. Жадаю Вам посьпеху і рэалізацыі вашых мэтаў. Я тут больш не застануся, за некалькі дзён пераяжджаю ў Італію».  Здавалася, ён хацеў яшчэ нешта дадаць, але на гэта не дазваляла яму ягоная штучная нямецкая гордасьць. Каб зразумець гэтага немца, які едучы сюды быў падрыхтаваны на абняцьце нейкае маленькае часткі прастору іхняга новага «Лебэнсраўму», неабходна пазнаёміцца з адным, можа мала важным выдарэньнем, якое аднак беспасярэдня спрычынілася да пэўнай эвалюцыі, здавалася б ня здатнага да гэтага нямецкага ўрадаўца.  Жнівень 1943 г. У Акруговым Камісарыяце, які зьмяшчаўся ў будынку былага польскага «ваяводзтва» на Сломінскай вуліцы, насупраць «Белага Дому», як называлі папулярна наваградзкую турму, адбывалася нарада раённых бурмістраў з Акруговым Камісарам. На парадку дня: мэтады змаганьня з партызаншчынай. На залі атмасфэра даволі тугая. Нейк неспакойна круціцца на крэсьле бурмістр любчанскага раёну, сп. М. Здаецца нехта насыпаў яму пад ягоную прыладу да сяджэньня войстрых каменчыкаў. Ягоныя маленькія вочкі неспакойна пераскаквалі з камісара на перакладчыка, з перакладчыка на вакно, і пасьля зноў вярталіся на залю, быццам шукалі выхаду зь няпрыемнае сытуацыі. Карэліцкі бурмістр, тып сярэдня заможнага селяніна з шырокай усьмешкай, чалавек не легендарнай адвагі, любячы перадусім спакойнае і дастатковае жыцьцё зь некаторай дозай, зразумела, роднай самагонкі — асноўнага і бадай адзінага «дыпляматычнага» аргуманту ў зносінах зь мясцовымі «Зондэрфюрэрамі»[4 - «Зондэрфюрэр» — гаспадарчы ахвіцэр, які дапільноўваў сваечасовай здачы паставак. За малымі выняткамі, былі гэта людзі нізкай культуры, пажадлівыя нажывы, спэкулянты й п’яніцы.] — сядзеў нярухома, надзеўшы на твар штучна-абыякавы выраз. Ён уставіў вочы ў процілеглы куток, і, быццам бы нешта лічачы, стаічна чакаў канца нарадаў. Паміж імі неяк няпэўна сядзеў наваградзкі бурмістр, сп. Б. Ён крыху разьясьняў атмасфэру сваёй лысінай, робячы ўражаньне чалавека, які вельмі заклапочаны пастаўленай праблемай ды хоча, каб і іншыя гэта заўважылі. Ён устаўляў свае вялікія вочы на камісара і здаецца казаў: — Глянь, як я ўсім гэтым праймаюся, — то паглядаў на сваіх сяброў, нібы просячы рады. Адміністратар ён быў добры, толькі Бог адвагай не надарыў: уявіў ён сабе, што ўсе партызанскія сілы скірованы супраць яго. З памешканьня свайго зрабіў ён запраўдны форт, а пад падушкай у яго ляжалі два пісталеты. За імі крыху далей сядзеў, як цьвік, «дзятлаўскі ўдзельны князь», як яго папулярна называлі, бурмістр дзятлаўскага раёну, сп. Васіль Рагуля, былы сэнатар у польскім сойме. Аб ім шмат расказваюць розных гісторыяў. Прыпамінаю адну, якая здарылася добрых паўтара дзесятка гадоў таму, калі ён быў яшчэ сэнатарам.   Выбраўся ён раз з Ацукевіч у Варшаву. Набуў плеценыя лапці, чыстыя белыя анучы, аплеценыя аборкай, зрэбныя порткі, белая доўгая кашуля навыпуск, сярмяжка зрэбная ды мануфактурная «мыцка» на лысай галаве — сьлед польскай цывілізацыі ў Беларусі. За плячыма белая торбачка, завязаная на вузёл, а ў ёй кусок варанага сала і паўбулкі чорнага хлеба. Вось сядзіць ён у купэ першае клясы ды дрэмле. Насупраць яго нейкі ксёндз з кніжыцай у руках адгаварвае прыпісаныя малітвы. Відаць толькі занепакоіўся ён лёсам мужычка, бо так тут-сюд і зірне зукоса на маленькага сухарлявага прастачка. Падрамаўшы, наш «мужычок» перакусіць задумаў, а перакусіўшы й задыміць. Дастаў махры, адарваў кусок газэткі, скруціў казіную ножку ды зацягнуўся з роскашай. Засьвярбеў у носе ксянжулькі востры дым махоркі, заёрзаў ён на месцы ды кажа: — Вы, чловечку, ня сюды попадлі, тут першая кляса, штраф заплаціш. — Паночку, хто яго ведае тыя клясы, тут цёпла, мякка, дык вось і сяджу, — пры тым зноў глыбока зацягнуўся і выпусьціў хмару махоркавага дыму. Бедны ксёндз заёрзаў ненажарты. Хацеў ужо кандуктара клікаць, як той сам увайшоў: — Білеты прошэ! Ксёндз тыцнуў хуценька свой білет ды моргае, нядвузначна косячыся на «чловечка». Зразумеў кандуктар, у чым справа: — Ваш білет попрошэ! — даволі няветліва адазваўся ён да сэнатара, што скромненька сядзеў у куточку. Той пачаў шолпацца за пазухай: — Цьфу, каб цябе ліха! Нядаўна сюды палажыў, — мацаючы па кішэнях прамармытаў сэнатар. — Прэндзэй, члэку! — дэнэрваваўся кандуктар. Нарэшце «члэк» выцягвае нейкі білет і паказвае кандуктару. — Пшэпрашам, пане сэнатожэ, пшэпрашам, — і сагнуўшыся ў тры пагібелі польскім звычаем зьнік у дзьвярох купэ. І ксянжулькі штось больш ня было — мусіць пастанавіў зьмяніць купэ. Той самы Васіль Рагуля разагнаў у 1941 г. польскую адміністрацыю, якая ў беларускім Наваградку абсадзіла ўсе адміністрацыйныя становішчы, а беларусы заснавалі ў тым жа Наваградку Беларускі Нацыянальны Камітэт з судзьдзёю Паўлам Сьвірыдам на чале. — Сорам нам, братцы, — сказаў стары Рагуля на адным із сходаў, — каб мы ў сваім Наваградку ў адным пакоі хаваліся. Трэба расчысьціць атмасфэру і разагнаць польскую ўправу, у нас сваіх людзей хопіць. На працягу трох тыдняў адміністрацыя стала беларускай. 600 польскіх урадаўцаў было звольнена.  Вось гэты самы Рагуля сядзіць на залі спакойна й зраўнаважана. Акруговы Камісар, з загнутым арліным носам, сухі, малы, уставіў свае халодныя вочы й глядзіць на сэнатара. Сустрэліся іхныя позіркі. Траўб ведаў, да каго зьвяртацца. Калі гэты чалавек ня дасьць парады, дык ад іншых няма чаго спадзявацца. — Was denken Sie Herr Burgermeister? Што нам рабіць, каб эфэктоўна змагацца з партызанамі? — Перакладнік! — пачуўся цьвёрды голас сэнатара, — перакладай! — Паважаны камісар, — пачаў ён, — дазвольце вас папытаць, чаму вы не папыталі мяне аб гэтым у 1941 годзе? Сяньня лішне позна выказваць мае пагляды на закранутую вамі тэму. Прычыны сяньняшняй сытуацыі глыбейшыя і аб іх беларускі актыў даводзіў ня раз і ня два да ведама нямецкіх акупацыйных дзейнікаў — усё безрэзультатна. Мы вам прапанавалі разьвязку беларускай нацыянальнай праблемы, вы не паслухалі. Сяньня я вам не магу нічога парадзіць. На залі завалодала густая цішыня. Здавалася, што чуваць, як б’юцца сэрцы прысутных. Вялікай адвагі вымагала такая заява. Нат любчанскі бурмістр перастаў ёрзаць на крэсьле, наваградзкі стараўся схаваць сваю вялікую галаву паміж прыпаднятымі плячыма, як бы баючыся, каб прыпадкова яе хто ня зьняў. Перакладнік нейк мляўка і камечачы словы, быццам бы баючыся нясьці за іх адказнасьць, перакладаў сказанае і, як пабіты цюцька, паглядаў на камісара, нібы просячы прабачэньня, што ён забавязаны выказваць такія словы. Нарэшце сьціх. Цішыня, як у парны дзень перад бураю. Камісар нярухома стаяў, утапырыўшы вочы на сэнатара і здавалася, што ён не зразумеў ім сказанага і нібы шукаў у вачох бурмістра пацьверджаньня перакладзеных слозаў. Бурмістр стаіць дзіўна лёгка. На твары адбіваецца выраз пераможцы. Ён нейк вырас, змужнеў, гэты стары беларускі дзяяч. У вачох зайгралі дзіўныя аганькі, яны даказваюць нясказанае:   «Так, галубок-камісар, расьсёрбвай кашу, якую заварылі твае тупалобыя начальнікі, верныя служкі Розэнбэрга, што хацеў зрабіць з нашае краіны нямецкую калёнію. Перацярпелі бальшавікоў, перацерпім немцаў, перацерпім мо яшчэ акупантаў, але не памром. Народ наш моцны і ён асягне сваю мэту. А вам, даражэнькі, прыдзецца плаціць за сьлепату і дурноту…» Камісар незаўважна неяк паменшаў. Задзёрысты выраз на ягоным твары зьмякчэў, і ён сумна павесіў галаву. Яшчэ мо пару месяцаў таму паслаў бы нахабнага «айнгаймішэ» бурмістра ў турму, ці на шыбеніцу, як гэта зрабіў з Паньком, але сяньня відаць не наважваецца, а мо й пагоджваецца ў душы з тым, што сказаў сэнатар і з тым, што дачытаў у ягоных вачох. Ён бяз слова пакінуў залю нарадаў. IIІ. Па раёнах мясцовая жандармэрыя падрыхтоўвае мабілізацыю беларускай моладзі ў нямецкі паліцыйны батальён. У Наваградак даходзяць непакоючыя весткі, што калі ня будзе іншага выхаду, шматлікія пойдуць у лес. Ціхая няпрыкметная прапаганда, пушчаная па лініі БНП, узмацняе яшчэ больш варожае настаўленьне да плянаванага батальёну. Весткі арганізавана даходзяць да ведама камісара, што калі ня будзе беларускай вайсковай адзінкі, ніхто ня пойдзе ў нямецкі батальён. Скептыкі зноў заківалі галовамі. Яны хутка знайшлі водклік на падатным да недаверу грунце. Нарэшце даведваемся, што Б. Рагуля выяжджае ў Менск на выклік Генэральнага Камісара фон Готбэрга. Маленькі самалёт тыпу «Шторх» прызямліўся на ўскраі Наваградка. Групка людзей набліжаецца да самалёту ўжо крыху прымёрзлай раніцай. Ральля глухавата грукае пад іхнымі нагамі. У групе відаць Рагулю ў кароткім кажушку, падперазаным вайсковай дзягай. Пры боку — вялікі пісталет «Зьвязда», боты з закасанымі халявамі ў гармонік, галіфэ з саматканага сукна, на палёвай паўвайсковай шапцы — Пагоня. Ён лёгка пераскаквае з баразны на баразну і ўважліва слухае апошніх радаў сваіх прыяцеляў. Ужо сеўшы ў самалёт ён, махаючы рукой у бок сяброў з характэрным яму аптымізмам у вачох і на твары, клікнуў:   «Да хуткага пабачаньня з добрымі навінамі! Падтрымоўвайце дух у хлоп…» — далейшыя словы заглушыў гул матору. Самалёт падняўся й хутка зьнік на гарызонце. «Шчасьці табе Божа», — нехта ціха дакінуў уздагон нябачнага ўжо самалёту. Назаўтра ён ужо вярнуўся і неадкладна папрасіў склікаць сход актыву дзеля паінфармаваньня аб рэзультатах паездкі ў Менск. Судзячы па міне, навіны прывёз нядрэнныя. На сходзе ён расказаў наступнае: «Беспасярэдня зь лётнішча мяне прывезьлі ў Гэнэральны Камісарыят. Я апынуўся ў пачакальні, у якой ужо былі прысутныя нямецкія ахвіцэры розных рангаў. Глянулі яны на мяне нейк зукоса. Дзіўным ім паказаўся мой выгляд на фоне элеганцка апранутых нямецкіх ахвіцэраў. У вадказ на маё прывітаньне я атрымаў нязначны ківок галавой. Я адчуваў сябе зусім самотна ў гэтай грамадзе. Цераз некалькі хвілінаў, якія мне выдаліся гадзінамі, зайшоў ад’ютант камісара. Назваўшы маё прозьвішча, ён увёў мяне ў кабінэт і сам зьнік бясшумна за дзьвярыма. Камісар стаяў нярухома каля свайго бюрка. Пасьля кароткага вайсковага прывітаньня, ён проста зьвярнуўся да мяне з запытаньнем: — Welche sind Ihre Bedingungen? (значыцца ён ужо аб усім паінфармаваны, падумаў я). — Unabhдngigkeit im Ausbildung und Tдtigkeit, Waffen und Bekleidung vor der Einziehung. Sдttel und Pferde nach zwei Monaten der Ausbildung. — Wann rechnen Sie die Einheit zusammenstellen zu kцnnen? — папытаў ён. — Drei tage nach dem Eintreffen der obengenannten Sachen. — Sie haben mein Wort, Herr Hauptmann. Viel Gluck! In zwei Wochen alles wird zur Stelle.[5 - — Якія-ж вашы ўмовы?— Незалежнасьць у вышкале й дзейнасьці. Зброя й вопратка перад наборам, коні й сёдлы пасьля 2-месячнага вышкалу.— Калі спадзеяцеся Вы зарганізаваць адзінку?— 3 дні пасьля атрыманьня ўспомненых рэчаў.— Вы маеце маё слова, спадар капітан. Жадаю шчасьця. За 2 тыдні ўсё будзе на месцы (Перакл. Рэд.).]» Пераклаўшы для тых, што нямецкае мовы не разумелі, ён дадаў: — На гэтым гутарка закончылася. Атрымаю абяцаныя рэчы й пачну фармаваць эскадрон. У канцы лістапада зброя, вопратка, амуніцыя й сёдлы былі дастаўленыя зь Менску ў Наваградак і часова зложаныя ў магазынах жандармэрыі. У гэтым часе немцы пачалі набор у свой батальён. Моладзь катэгарычна адмаўляецца служыць у нямецкім батальёне і ахвотна горнецца ў сваю нацыянальную адзінку. Даслоўна на працягу трох дзён фармуецца «Наваградзкі Эскадрон». Былая польская школа сясьцёр Назарэтанак пры вуліцы 25-га Сакавіка (раней 3-га мая) напаўняецца беларускімі жаўнерамі. Нямецкія ўніформы хутка набіраюць беларускага выгляду. На патках каўняроў зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Яны ярка адбіваюцца на шэрым фоне мундзіра. Шмат каму з гэтых жаўнераў знаёмы будынак сяньняшніх казармаў. Улетку тут адбываўся месячны абоз працы для вучняў сэмінарыі, арганізаваны й кіраваны тым жа самым камандзерам сяньняшняга эскадрону. Гэны абоз быў выкарыстаны дзеля загатоўкі дроў на зіму для сэмінарыі і афармленьня пляцу пры будынку Настаўніцкае Сэмінарыі, на Замкавай вуліцы, у падножжы Замкавай Гары. Абоз быў таксама выкарыстаны дзеля правядзеньня інтэнсыўнай вайсковай падрыхтоўкі вучнёўскае моладзі. Прыйшло мне на думку, як адзін з маіх сяброў папытаў раз камандзера: — Для каго мы працуем? Можа за год тут будуць бальшавікі. Які-ж сэнс працаваць для іх? — Нашая праца пры школе, гэта сымбаль працы для будучыні нашага народу. Тое, што мы зробім з думкай аб Бацькаўшчыне, будзе вечным. Могуць прыйсьці бальшавікі, могуць зьмяніць іх іншыя акупанты, але ўсяроўна прыйдзе той дзень, калі ў гэтай школе выключным гаспадаром будзе беларускі народ, — адказаў ён, пытаючыся мо сам сябе, калі нарэшце прыйдзе той час. Зноў, як калісь, узьнімаецца ціхім вечарам над школай плаўная мэлёдыя жаўнерскай малітвы... Беларусь, Наша Маці-Краіна, Ты з нас моцных зрабіла людзей. Не загінулі мы і ня згінем… Яна ўзьлятае ў прастор, адбіваецца ад старых муроў Фарнага касьцёлу[6 - Фарны касьцёл пры вуліцы 25-га Сакавіка знаходзіўся ў падножы Замкавай Гары з усходняга боку. Праўдападобна Ягайла браў тут свой чацьверты шлюб.], узьнімаецца над старым замчышчам і ахутвае сабою слаўны горад, што дрэмле спавіты сьнежным пухам … І маці, пачуўшы родную песьню, мо скажа свайму дзіцяці:   «Паслухай дзетка, гэта песьня беларускіх жаўнераў. Няхай ім Усемагутны дапаможа зрэчаісьніць нашу Вялікую Мэту, каб ты, мой родненькі, ня ведаў, што значыць няволя…» Ціха ў казармах. Чуваць толькі сухі скрып сьнегу пад ботамі вартавога, які забясьпечвае спакойны сон сваіх сяброў. Зноў пагодная марозная раніца. Калёна за калёнай, эскадрон выходзіць на заняткі. Белая, як сьнег, зімовая вопратка амаль зьліваецца зь беляй вакольнага поля. Бадзёра гучыць жаўнерская песьня, так добра знаёмая й блізкая сэрцам жыхароў гораду. Клубы пары вырываюцца з маладых і гарачых грудзей ды ахутваючы родныя словы песьні нясуць іх у прастор. Бадзёра й ахвоча праводзяць заняткі маладыя камандзеры, бяз прымусу вучацца здысцыплінованыя жаўнеры. Горад зжываецца із сваімі дзяцьмі «эскадронаўцамі», ці «рагуляўцамі», як іх часамі звалі. Сэрца радавалася, гледзячы на іхныя вясёлыя, бадзёрыя твары, калі ў нядзелі ці іншыя сьвяты яны выйдуць у царкву, ці на вуліцу. Спраўныя, чыстыя, ветлівыя...   Мімаволі на твары кажнага наваградчаніна, пры сустрэчы зь беларускім жаўнерам, зраджалася радасная ўсьмешка, якая сьветчыла аб вялікай сiмпатыі гораду да сваіх жаўнераў.   Прыгожыя наваградзкія дзяўчаты ды сэмінарысткі ўздыхалі паціху да «швадронаўцаў». Яны падбілі іхныя дзявочыя сэрцы. Яны былі прычынай тога салодкага суму-тугі, які баламуціў крыштальную чысьціню душы сінявокіх сэмінарыстак.   З другога-ж боку «геройскія» жаўнеры былі ў палоне наваградчанак. Кажны зь іх, пачынаючы ад камандзера ды канчаючы на жаўнера, пакінуў сваё сэрца ў мурох сэмінарыі. Настаўніцкая сэмінарыя сталася адначасова асяродкам духовага жыцьця беларускага жаўнера. Яны там шукалі адпачынку пасьля цяжкога жаўнерскага жыцьця, там яны чэрпалі духовую пажыву, там фармавалі свае ідэі, там гартавалі нацыянальную стойкасьць. Аб гэтым дбалі нястомныя настаўнікі сэмінарыі на чале з др. А. Орсам, ейнаю душою, імя якога застанецца вечна ў памяці наваградчанаў. Маладыя паэты пішуць новыя песьні, беларускія кампазытары складаюць новую музыку … Наваградчына ўжо ня сьпіць, На варце эскадрон стаіць. І целам і духам ён малады… Падняты родны сьцяг дзяржавы… Бывай мой родны кут і зьвяз, Бывайце вы, лугі, і гоні, Хай бачу ў лучнасьці я вас Пад сьцягам слаўнае Пагоні… …уздымаюцца ў прастор, абадзёрваюць змучаныя душы наваградчан, і недзе далёка рэхам адбіваюцца па ўсёй Беларусі… IV. Ня мінуў тыдзень ад дня заснаваньня эскадрону, як даведваемся, што прыяжджае на інспэкцыю гэнэрал Гэльлер ці Гальле зь Менску. Увесь эскадрон на занятках. Дыжурныя прыбіраюць калідоры казармаў. Вартавы, як махавік гадзіньніка, рэгулярна ходзіць перад галоўным уваходам. Пад’яжджае машына. Зь яе вылазіць маленькага росту, ужо даволі пажылога веку чалавечак у вайсковай уніформе з чырвонымі кляпамі. Гэта відаць ён. У таварыстве ад’ютанта заходзіць у казармы. Яго прывітаў камандзер. Гэнэрал пацікавіўся, як прайшоў набор у эскадрон, які настрой жаўнераў. Яшчэ некалькі стэрэатыповых пытаньняў, якія павінен паставіць кажны, хто прыяжджае на інспэкцыю. Агледзеў казармы, кухню, сталовую і ўрэшце папрасіў даць яму нагоду пабачыць жаўнераў. Паехалі санкамі на месца заняткаў, якія адбываліся ўздоўж гарадэчанскага тракту. Гэта быў пэрыяд вышкалу паасобнага жаўнера. Групы раскіданы далёка па полі. Чуваць галасы камандаў. Спраўнае выкананьне. Усё гэта, відаць, робіць добрае ўражаньне на старога жаўнера. Ён прыглядаецца, як пасьля заняткаў паасобныя зьвязы фармуюцца ў калёны і з песьняй вяртаюцца ў казармы. Зьвяртаючыся да камандзера ён папытаў: — Як доўга вы займаецеся з эскадронам? — Амаль тыдзень. — адказаў камандзер. — Гм, гм… — замармытаў гэнэрал. Вярнуўшыся ў казармы, ён падзяліўся ўражаньнем зь інспэкцыі батальёну пад нямецкай камандай. Ён не разумеў, чаму той батальён, хоць і раней сфармаваны, робіць уражаньне арганізацыйнай стадыі. Заняткі адбываюцца нерэгулярна, жаўнеры няспраўна выконваюць каманды. Наагул немагчыма параўнаць узровень абыдвух адзінак. — Там не хапае ўздыму. Жаўнеры выконваюць загады з мусу або страху. Няма ніякага духовага кантакту паміж камандзерамі-немцамі і жаўнерамі-беларусамі. Калі яны патрапяць выясьніць, супраць чаго ён змагаецца, дык ніколі жаўнер яго не зразумее, за што ён мае змагацца. Доўга яшчэ «ўсьведамляў» гэнэрала камандзер эскадрону, але ці асела нешта з гэтага ў ягоных цьвёрдых мазгах, цяжка сказаць. Коратка перад ад’ездам гэнэрал нейк нявыразна запрапанаваў: — Бачыце, можа дзеля лепшага ўзгадненьня вышкалу нашага эскадрону зь нямецкай вайсковай сыстэмай, мы вам далі б нямецкага ахвіцэра, як лучніковага? Наш камандзер добра ведаў, што абазначае такі лучніковы. І стоячы на пазыцыі поўнай незалежнасьці эскадрону ветліва, але катэгарычна адмовіў. Пры гэтым дадаў: — Калі вы будзеце на гэтым настойваць, я распушчу безадкладна эскадрон. — Не, не! Гэта толькі прапанова, але калі вы лічыце гэта непатрэбным, дык усё ў парадку.  На гэтым закончылася гутарка і больш ніколі падобная тэма ня была закранутая. Аднак ня ўсё йшло так гладка, як бы гэтага хацелася. Хутка пачалі даходзіць весткі, што партызаны непакояць ceм’і жаўнераў эскадрону. Гэта абніжае настрой жаўнераў. Цяжкі непакой закрадаецца ў сэрцы юнакоў. Лёс бацькоў, братоў, ці сясьцёр загрожаны чырвонымі бандамі. Адзін з жаўнераў дэзэртуе. Неабходна хуткая рэакцыя. Камандзер склікае нараду ахвіцэраў. Розныя рады, прапановы, але ніводная не выдаецца добрай. Адзін з ахвіцэраў нясьмела запрапанаваў рэпрэсыі адносна сям’і, але зараз-жа гэтага пашкадаваў. — Чым-жа мы будзем розьніцца ад чырвоных бандаў, калі ўжывем такі мэтад, — сказаў камандзер, дэзэрцыя зусім зразумелая з псыхалягічнага гледзішча. Трэба шукаць іншага выхаду… Ніхто не забірае голасу. — Выхад ёсьць, — раптам павесялеўшы ўскрыкнуў камандзер, — але… так… добра… — неяк нявыразна замяўся ён. — Дзякую, нарада закончана, — сказаў нарэшце цьвёрда. Відаць зрадзіўся нейкі плян, аб якім не хацеў гаварыць на нарадзе. Больш гэтая тэма не закраналася, але й сем’і жаўнераў эскадрону сядзелі спакойна на вёсках. Партызаны іх не чапалі. Шмат пазьней выйшла наяў, што камандзер выслаў ліст да партызанаў з ультыматыўнай прапановай спыніць усялякія рэпрэсыі адносна сем’яў жаўнераў, з пагрозай, што эскадрон будзе змушаны на акцыю адказаць контраакцыяй і ўжыць падобныя рэпрэсыі адносна сем’яў людзей, што пайшлі ў партызаны. Як ні дзіўна, але гэта падзейнічала. Паміма ўсяго, паложаньне эскадрону і ягонага камандзера было даволі цяжкое і скамплікаванае. Немцы з зайздрасьцяй глядзелі на рост беларускага аддзелу. Пасьля выезду Траўба ў камісарыяце ня было ніводнага немца, хто-б разумеў палітычную сытуацыю. Жандармэрыя наскоўвала СД[7 - S.D. — Sicherheitsdienst; нямецкая служба бяспекі, нешта падобнае да савецкага МВД.] ды іншых немцаў супраць эскадрону і асабліва супраць ягонага камандзера. Жандармэрыю з другога боку ўраблялі палякі за пасярэдніцтвам маладых полек лёгкага паводжаньня. Ня меншай «сымпатыяй» цешыліся нямецкія жандармы і ў жаўнераў эскадрону. Пры такім паложаньні «высокага напружаньня» цяжка было ўнікнуць канфліктаў, якія часта прымалі камічныя формы. Нельга ня ўспомніць тут аднаго інцыдэнту, які здарыўся пару тыдняў пасьля паўстаньня эскадрону.  На той самай вуліцы, дзе знаходзіліся казармы, крыху далей на краю гораду, жыла група полек, да якіх адчувалі нейкі асаблівы сэнтымэнт адкормленыя беларускім салам нямецкія жандармы. Калі ўжо горад засынаў і на вуліцу не паказваўся ніхто, шануючы сваю галаву, яны, як духі начныя, ехалі да ўспомненых дзяўчат, каб там пацешыцца моцай іхнай самагонкі ды рэлятыўнай якасьці чарам іхных целаў. Гэтыя начныя «шпацыргангі» адбываліся штодня на вачох вартавога эскадрону. Вось у адну марозную ноч, калі расслабленыя п’янствам жандармы вярталіся дамоў, выскаквае спад брамы казармаў двух вартавых з стрэльбамі напагатове: — Стой! Лягай! — прарэзаў начную цішьшю звонкі голас падахвіцэра Д., ведамага із сваіх асаблівых «сымпатыяў» да немцаў. — Halt! Hinlegen! — паўтарыў ён яшчэ грозьнейшым голасам. — Hier deutsche Qendarmen! — адазваўся адзін зь іх, відаць больш цьвярозы. — Hinlegen oder ich schiesse! — ужо голасам, не пакідаючым ніякага сумніву ў сур’ёзнасьці ягоных намераў, зароў Д. Як адкормленыя парсюкі, п’яныя жандармы паскочваліся ў сьнег, а спалоханы конь паймчаўся з пустымі санямі. Адзін з жандармаў прабаваў нешта выясьняць, але вострае «Маўчаць! Нікс фэрштэен» змусіла яго ўспакоіцца і церпяліва чакаць зьмены вартавых, каб магчы гутарыць з камандзерам варты. Пасьля блізу гадзіны прывялі працьверазеўшых жандармаў на старожню. — Дакуманты! — папрасіў ужо больш ветліва Д. Яны неахвотна выцягнулі свае паперы. Прыгледзеўшыся бліжэй паперам, Д. заявіў пратэктарскім голасам: — Nicht Partisanen. Gute Кегlе. Geht nach Hause aber lieber nie mehr hier vorbeifahren[8 - — Не партызаны. Добрыя хлопцы. Ідзеце дадому, але лепш тут больш не праяжджаць (Перакл. Рэд.).]. Камандзер, слухаючы на наступны дзень расказу Д. аб начным выдарэньні, ня мог не заліцца шчырым сьмехам. Зразумела, не абыйшлося бяз вострай дыскусыі з акруговым начальнікам жандармэрыі. Інцыдэнт аднак апраўдваўся пільнасьцяй беларускага жаўнера ў выкананьні сваіх абавязкаў. Тым больш, што здараліся выпадкі, калі партызаны, перапрануўшыся ў нямецкія ўніформы, уяжджалі ў горад. На гэты аргумант цяжка знайсьці адказ, але гэтае дробнае выдарэньне завайстрыла яшчэ больш суадносіны зь мясцовымі нямецкімі ўладамі.  З кажным днём усё больш узрастаў давер наваградчан да свайго эскадрону. Ён стаўся для іх сымбалем беларускага войска. Сяляне не хаваліся па гумнах пры ўваходзе ў вёску жаўнераў эскадрону, як гэта яны рабілі, калі набліжалася нямецкая жандармэрыя. Беларускі жаўнер, замест рабаваць свайго селяніна, прыносіў дзецям цукеркі, а іхных бацькоў частаваў цыгарэтай. Паволі прывыклі жыхары наваградзкае акругі адрозьніваць сваіх ад чужых. Бел-чырвона-белы сьцяжок на патках каўняра — гэта свае, родныя дзеці, якія ня крыўду, а пацяшэньне й апеку нясуць. Эскадрон стаўся асяродкам, куды зьвярталіся вакольныя сяляне з жалямі на паліцыю й немцаў, просьбамі аб дапамозе пры палагоджаньні нейкай справы ў камісарыяце, ці нат з чыста прыватнымі справамі, як спрэчкі між суседзямі або, як гэта раз здарылася, у сямейных справах, калі муж у спрэчцы з сваёй жонкай ужыў «фізычны аргумант». Але ня толькі фізычнай і духовай апорай быў эскадрон для Наваградзкае акругі. Ен стаўся прыпынішчам для ўсіх тых, хто шукаў ратунку ад бальшавіцкага ці нямецкага прасьледу. Наступны выпадак зьяўляецца адным з найбольш яскрава насьвятляючых гэты бок. ...коратка кінуў ён у бок юнака, аб якім ужо меў кароткія інфармацыі ад дыжурнага. Калі-ж дзьверы канцылярыі зачыніліся за імі: — У чьш справа? Гаварэце сьмела! — дакінуў ён. Юнак глянуў зь недаверам у бок пісара, пасьля паволі перавёў позірк на дыжурнага, што стаяў за ім. Камандзер зразумеў адразу. — Пакіньце нас самых! Пісар з дыжурным выйшлі з канцылярыі. Пасьля аднак для нас аднаго дня зьяўляецца ў казармы эскадрону малады хлапец гадоў васемнаццаці. На маладым ягоным твары адбіліся страх, змучаньне й некалькі нявыспаных начэй. Цёмна-карыя вочы шырака глядзяць на акружаючых яго жаўнераў. Ён напамінаў прасьледаванага дзікага казла, які пажадліва хапае паветра й шукае безнадзейна ратунку ад перасьледуючых яго гончых сабак. — Хачу бачыць камандзера эскадрону, — зьвярнуўся ён нарэшце да жаўнераў, і пасьля пэўнага перапынку дадаў, не пакідаючым ніякага сумніву ў пільнасьці справы голасам: — вельмі пільна, гэта пытаньне майго жыцьця. Дыжурны затэлефанаваў камандзеру. Празь некалькі хвілінаў, якія напэўна прыбыламу юнаку здаліся вякамі, пачуўся тупат каня ў галёпе і ў наступны момант дзьверы старожкі шырака адчыніліся. Камандзер ужо быў тут. — Заходзьце ў канцылярыю, — ня было сакрэтам, што адбылося за зачыненымі дзьвярыма. Камандзер, частуючы прыбылага цыгарэтай, зьвярнуўся да яго больш лагодным голасам, запрашаючы расказаць спакойна аб тым, што яго сюды прывяло. Малады хлапец быў Барыс X. зь Дзятлава. Бацька ягоны быў адміністратарам дзятлаўскага маёнтку. Пэўнага дня палякі зьвярнуліся да яго з просьбай, каб той пастараўся ўладзіць трох палякаў на працу ў маёнтку. Паколькі аднак усе месцы былі занятыя, ён адмовіўся. Палякі пачалі дамагацца звальненьня беларусаў, каб на іх месца ўзяць палякаў. Ен адмовіўся зноў. — Пожалуеш, с… с…! — гаркнуў паляк, паказваючы воўчыя зубы спад авечай скуры. Праз два дні прыбег да Барыса X. перакладнік мясцовае жандармэрыі, школьны калега Барыса, шчыры беларускі патрыёт, і расказаў яму падслуханую гутарку паміж начальнікам жандармэрыі і загадчыкам Ц.Г.О.[9 - Z.H.O. — Zentralhandelsgesellschaft Ost — нямецкая каляніяльная ўстанова, што выкуплівала вартасныя рэчы на акупаванай Беларусі за нізкай якасьці прамысловыя нямецкія прадукты ды розныя пабразгушкі. Абсаджана палякамі пад прыкрыўкай «Фольксдойчаў».], палякам, нейкім Длубкам. Гэты апошні абвінавачваў Барыса X. у падтрымцы партызанаў харчамі, якія ён быццам краў у маёнтку, ды, што яму ведама з пэўных крыніцаў, што Барыс X. зьяўляецца бальшавіцкім агентам і яго неабходна ліквідаваць, зразумела, дзеля дабра «новага парадку ў Эўропе». Для абмежаванага немца гэтага хапала, каб арыштаваць нявіннага юнака і перадаць у СД. Гэта раўналася амаль расстрэлу. Пры гэтым начальніку жандармэрыі не хацелася спрачацца з палякамі, каб ня страціць ласкі ў польскіх «дзевушэк», якія асалоджвалі «цьвярдое» вайсковае жыцьцё, папхнутыя на гэты шлях ці то самай нізкаю похацяй, ці матарыяльнай нажывай, але заўсёды выконваючы загады й інструкцыі сваіх польскіх шэфаў. — І вось я ў вас, — неяк лягчэй уздыхаючы, закончыў Барыс. — Я чуў аб вашым эскадроне. Я не хацеў шукаць ратунку ў варожых нам партызанаў, але ня хочу згінуць дарма ад нямецкае кулі. Вазьмеце мяне да сябе!.. — дакінуў ён голасам, які зраджваў глыбокую трагэдыю беларускай юнацкай душы.   Мала старэйшы ад Барыса X., камандзер павесіў галаву й глыбока задумаўся. Аб чым мог ён думаць у гэткі момант? Можа перад ягонымі вачыма ўстаў вобраз беларускай моладзі, вернай сваім нацыянальньш ідэалам і нясучай цяжкі крыж за ўсе крыўды гісторыі… У родных лясох ненавісныя чырвоныя банды, сьлепа выконваючыя загады Масквы, у гарадох і мястэчках — смаглы «лебэнсраўму» нямецкі акупант. Адзін абяцае «белорусскую республіку», другі кажа «Вас чакае зямля»… Ісьці зь немцамі супраць Масквы — капаць сабе магілу, пайсьці з Масквою і «аліянтамі» — шукаць сабе вяроўку. Сотні, тысячы, дзесяткі тысяч беларускіх юнакоў шукаюць разьвязкі і… часта яе не знаходзяць ды йдуць, нясьведама зьведзеныя фальшывай прапагандай, насустрач свае гібелі… Дзе ён, той ратунак?! Уратуецца адзін, а сотні гінуць ад сьцякаючае беларускай крывёю рукі акупанта. Народ зьняможаны ўзьнімае вочы да Ўсявышняга. Але ён здаецца сьляпы, глухі й нямы. Ня бачыць і ня чуе. А мо адвярнуўся й ня хоча пачуць голасу таго народу, які калісьці, у далёкім мінулым так геройска бараніў Ягонае Імя і Ягоную Навуку перад татарскай навалай? Дзе вы, часы слаўных Вялікіх Князёў?! Дзе вы, Рагвалоды, Усяславы, Вітаўты?! Дзе вашыя магутныя палкі,што разьбівалі ў пыл стальныя крыжацкія рады, што ўбівалі свой меч у брамы Масквы? Ці ёсьць яшчэ вашы нашчадкі? Ці жыве яшчэ ваш дух у народзе? «… На крыві ахвяраў за сьвятыя ідэалы народу вырастае магутнае дрэва…»[10 - Словы Карля фон Кляўзэвіца, прускага гэнэрала, аўтара слаўнае кнігі «Аб вайне (1800 - 1831)».]. Дзе ты, тое магутнае беларускае дрэва? Ці вырасьцеш Ты на гэтай беларускай зямлі, пранікнутай сьлязамі і крывёю?… Хто дасьць на гэта адказ?… Не, не чакай адказу ад нікога, але вер, вер у гэта! Не разважаньні, але вера, не аблічэньні, але вера і толькі вера дасьць табе адказ! Моцная, нязломная вера. Яна мацней за сілу аружжа. Яна пераможа непераможнае, яна асягне недасягальнае!.. Дык верыць! Трэба верыць самому і навучыць верыць іншых. Верыць у нашую праўду, нашу будучыню, у самых сябе. Верыць у ласку Ўсемагутнага, бо яна ёсьць бязьмежнай. Верыць у Беларускі Народ і ягонае прызначэньне. Верыць у васкрошаньне слаўнае мінуўшчыны!.. Камандзер паволі падняў галаву і позірк ягоны лёг на старыя муры наваградзкага замчышча. Чароўна-магутны флюід гісторыі эмануе з гэных муроў. Ён пранікае ў глыбіню беларускае душы, будзіць дзіўныя пачуцьці, улівае незразумелую сілу. Камандзер стаў перад вакном, прыцягаючы да сябе Барыса X. і моцна сьціскаючы яго за плячо, ужо голасна дадаў, нібы канчаючы свае думкі: — Так, трэба верыць. Вось гэны замак! Гэта сымбаль нашага Народу. Ён ператрываў шмат нападаў, бураў, пажараў, але стаіць і горда глядзіць у неба. Ён магутны, ён велічны, ён непераможны! Ён дачакаецца часоў, калі залунае над Беларусяй бел-чырвона-белы сьцяг. Так і наш народ не памрэ, пакуль будзе горда стаяць і бараніць сваіх ідэалаў… — Бо ён магутны … Бо ён велічны … непераможны … — паўтарыў, як рэха Барыс X. — Дыжурны! — ужо бадзёра гукнуў камандзер. — Завесьці нашага новага сябру да мундзіровага. Барыс X. ня быў ужо больш сумным. У яго загарэліся новыя аганькі. Камандзер з жаўнерам сьціснулі рукі. Так, яны зразумелі адзін другога. Два дні пазьней, а 8 гадзіне раніцы, калі эскадрон рыхтаваўся да штодзённых заняткаў, перад казармай замітусілася група нямецкіх жандармаў, узброеная стрэльбамі і скарастрэламі, як на выезд на акцыю. — Aufmachen! — крыкнуў на вартавога, збліжаючыся да галоўнага ўваходу, нямецкі вахтмайтар. Вартавы спакойна папытаў, чаго ён жадае. — Неадкладна адчыніць! — пачуў ён у адказ, — я маю загад арыштаваць Барыса X., які паводля дайшоўшых да нас вестак хаваецца ў вашых казармах. Ён нам ведамы, як бальшавіцкі агент, які стаіць на службе чырвоных бандытаў. Адчынеце неадкладна! — крыкнуў ён зноў, грозна паказваючы «машынкай» на дзьверы. — Мая ня справа, ці тут хто хаваецца, ці не, але я ведаю, што тут загадвае толькі адзін чалавек — камандзер эскадрону, — адказаў вартавы крыху ўжо падэнарваваным тонам. — Verstanden, Wachtmeister? — зласьліва дакінуў ён. У міжчасе дыжурны склаў рапарт камандзеру аб дамаганьні нямецкіх жандармаў. Камандзер у той час абгаварваў із сваімі ахвіцэрамі плян прадбачаных на гэты дзень заняткаў. — Ня ўпушчаць нікога! Я зараз зыходжу наніз! — сказаў ён дыжурнаму зь нейкім дзіўным адценкам у голасе, прапускаючы словы праз заціснутыя вусны. Пры гэтым вочы ягоныя загарэліся нябачаным дагэтуль блескам. — Lassen sie ihren… ihren Kommandanten kommen — зацінаючыся із злосьці сіпеў вахтмайстар. У дзьвярох казармаў паказаўся камандзер. Ён затрымаўся на хвіліну і здаецца разглядаў сытуацыю ды разьмяркоўваў сілу. Паміж галоўным уваходам у казармы і вонкавай брамай сабраліся жаўнеры. Яны панура паглядалі праз драцяны плот і браму на сабраных за ім жандармаў і даволі нядвузначна сьціскалі стрэльбы. Сытуацыя выглядала даволі сур’ёзна. Камандзер паволі падыйшоў да вонкавай брамы: — Sie wunschen? — папытаў ён жандармаў. — У вас у казармах схаваўся Барыс X. зь Дзятлава. Мы маем загад яго арыштаваць, — адказаў жандарм, паясьняючы прычыны арышту. — Ад каго маеце загад? — запытаў камандзер. — Ад акруговага начальніка жандармэрыі, — ужо нецерпяліва адказвае вахтмайстэр. — Дык прымеце да Вашага і вашага акруговага начальніка ведама наступнае: Барыс X. не хаваецца ў казармах эскадрону, а зьяўляецца жаўнерам эскадрону, як і ўсе іншыя. Арыштаваць, судзіць і караць яго, як кажнага іншага жаўнера можа толькі камандзер эскадрону і ні ў якім выпадку нямецкая жандармэрыя. Перадайце, калі ласка, гэта вашаму начальніку. — Ен сказаў гэта цьвёрдым пагамована-зраўнаважаным голасам, і адвяртаючыся плячыма да анямелых жандармаў, даў загад выходзіць на заняткі. Жандармы, зьбянтэжаныя неспадзяваным для іх і дасюль ніколі нябачаным захаваньнем «айнгайміша», няпэўна затапталіся каля брамы. На іхных тварах адбіваўся выраз чалавека, што хацеў глынуць гарачую бульбу вялікаватага абыйма ды якая засела ў горле. Цераз некалькі хвілін іх ужо ня было перад брамай казармаў. — Калі будзе тэлефон з камісарыяту, перадайце, што я на занятках і ў камісарыят прыйду каля паўдня, — сказаў камандзер дыжурнаму і зьвяртаючыся да Барыса X., які няпэўна стаяў пры дзьвярох дакінуў: — Ня бойцеся нічога. Вы бачылі, як за вамі стаіць увесь эскадрон. Мне няведамы далейшы паварот інцыдэнту. Камандзер хадзіў у камісарыят. Барыс X. застаўся ў эскадроне. Гэта была нашая першая перамога і наяўны доказ, што «Наваградзкі Эскадрон» быў незалежнай беларускай вайсковай адзінкай. Другая частка: Эскадрон у акцыі І. Жыцьцё эскадрону йшло нармальным шляхам. Інтэнсыўныя заняткі выпаўнялі дні й тыдні. У сутнасьці бадай немагчыма разьмежаваць пэрыяд пераходу эскадрону ў акцыю ад пэрыяду вышкалу. Засяг дзеяньня пашыраўся з кажным днём усё далей ад Наваградка і, зразумела, дробныя сутычкі з партызанамі былі няўхільныя. Тымчасам жыхарства Наваградчыны, а асабліва Наваградка, зжывалася із сваім эскадронам і перажывала нараўні зь ягонымі камандзерамі і жаўнерамі ўсе дасягненьні й няўдачы. Агулам наваградчане неяк спакойна глядзелі ў будучьню, дарма, што фронт з кажным днём усё больш выгінаўся на захад. На пачатку 1944 году ня было хіба ніводнага чалавека, які, цьвяроза думаючы, верыў у нямецкую перамогу. На чым жа асноўваўся тады гэны супакой наваградчан? Напэўна не на разумовым разважаньні. Гэта проста псыхалягічны мамэнт, выніклы з даверу беларусаў да свайго жаўнера. — Я ведаю, што немцы вайну прайгралі і за некалькі месяцаў фронт перасунецца на ўсходнія межы Нямеччыны. Але я маю нейкае ўражаньне, што падзеі абмінуць Наваградак. Чаму, сам ня ведаю… Мо таму, што мы маем тут свой эскадрон, — дадаў пасьля колькіх хвілін маўчаньня адзін з урадаўцаў гарадзкое ўправы ў гутарцы зы мною. Гэта вынік веры ў вадданасьць беларускага жаўнера да свайго народу й Бацькаўшчыны. Гэты прыклад Наваградзкага Эскадрону, чыста беларускай вайсковай адзінкі, даверанай беларускім камандзерам, хоць маленькай і нязначнай у вялікім нацыянальным маштабе, аднак пацьвярджаў праект, настойліва падтрымоўваны галоўнакамандуючым усходнім фронтам фэльдмаршалам Браўхічам: затрымаць фронт на ўсходніх межах Беларусі й Украіны, даць ім поўную свабоду арганізаваць сваё дзяржаўнае жыцьцё, сваю армію, памагчы ім тэхнічна, і пасьля злажыць частку цяжару трыманьня ўсходняга фронту на гэтыя народы. Зразумела, Гітлер, які шукаў на ўсходзе Эўропы калёніяў для нямецкага народу, адкінуў гэны плян і зьняў Браўхіча із становішча галоўнакамандуючага. Гэта дзеялася ў канцы 1941 году. Не ўваходзячы глыбей у сутнасьць гэтага пляну, можна аднак было цьвердзіць на маленькім прыкладзе эскадрону, што беларуская армія, давераная сваім камандзерам, поўнасьцяй справілася б із сваім адрэзкам фронту.   Штож да партызанскага руху, дык маем поўныя асновы на тое, каб прыпушчаць, што ў вабставінах незалежнага дзяржаўнага жыцьця, ён калі й існаваў бы, дык быў бы вельмі абмежаваны ды поўнасьцяй адарваны ад шырэйшых масаў беларускага народу. Партызанскі рух у Беларусі быў вынікам спэцыфічных палітычных абставінаў, выніклых зь няведаньня нямецкімі палітычнымі дзейнікамі нацыянальнае праблемы эўрапэйскага ўсходу, як таксама і іхнай палітычнай засьлепленасьці. Поўная адсутнасьць палітычнае праграмы, нялюдзкае абыходжаньне зь мясцовым жыхарствам, прымусовыя вывазы на працу ў Нямеччыну, фізычнае вынішчэньне беларускага народу, адносіны да палонных, голад — гэта ўсё тыя асноўныя мамэнты, што спрычыніліся да вялізарнага росту партызанскага руху ў Беларусі.   Парашутаванае партызанскае кіравецтва не знайшло б ніякага водгуку ані сярод масаў беларускага сялянства, ані беларускай інтэлігенцыі. Гэнае кіравецтва было для беларускага народу чужым як па крыві, так і па духу. І калі б яно наткнулася на тэрыторыі Беларусі на гатовую палітычную праграму, што задаваляла беларускі народ, дык наагул увесь бальшавіцкі партызанскі рух памёр бы натуральнай сьмерцяй.   Сталін вельмі добра ведаў, чаго хоча беларускі народ, калі, скідаючы сваіх партызанаў, казаў ім: «Забудзьцеся, хто вы былі. Ад сяньня вы беларускія патрыёты, што змагаюцца за вызваленьне Беларускай Рэспублікі ад нямецкага акупанта». Савецкая прапаганда, кіраваная на Беларусь у беларускай мове, абяцае падняць Беларусь на ўзровень незалежнай дзяржавы з асобным міністэрствам замежных справаў. Абяцаньні дакладнага выкананьня параграфаў канстытуцыі аб праве выступу з Саюзу Рэспублікаў, паварот да рэлігіі, візія аграрнай рэформы — ўсё гэта аргумэнты, якія не сустрэліся зь ніякім паважным контраргумэнтам, за выняткам плякатаў: «Вас чакае зямля!» Аб гэтым ужо часткова пераканаўся беларускі селянін, бо сотні й тысячы ляглі ў зямлю ад нямецкай кулі.   Беларускі актыў аднак верыў яшчэ ў перамогу здаровай палітычнай думкі нямецкіх адказных дзейнікаў. Але мэмарыял за мэмарыялам бязь ніякіх вынікаў губляецца ў нямецкіх архівах. «Перш трэба выйграць вайну, а пасьля пабачым», — быў адзіны адказ немцаў. У іхнай праграме была толькі мэта нэгатыўная: змаганьне супраць бальшавізму. Поўнасьцяй адсутнічала другая і самая асноўная частка: за што. Што да беларускага народу, дык яму ня было на каго спадзявацца. Заставалася адна надзея — гэта вера ў собскія сілы. Гэта быў адзіны мамэнт, які дамінаваў у Наваградзкім Эскадроне. Ягоныя маладыя жаўнеры былі люстрам народных пачуцьцяў. Іхная дзейнасьць сьветчыла аб гэтым. Дзе толькі пабываў эскадрон, усюды здабываў сэрцы беларусаў. Сяляне пераканаліся, што ня толькі бел-чырвона-белыя сьцяжкі на нямецкіх уніформах эскадрону розьнілі яго ад нямецкага акупанта. Пад гэтымі чужымі ўніформамі хавалася беларускае сэрца. Жаўнеры гарэлі жаданьнем шырэйшай акцыі. Яны хацелі як найхутчэй ісьціць пастаўленую мэту: стацца запраўднымі абаронцамі свайго народу. На працягу студзеня й лютага плянава рабіліся маршы ў ваколіцы Наваградка, але ўжо ў поўным баявым парадку, з набітымі кулямаётнымі стужкамі ды дыскамі. Першая маленькая сустрэча з ворагам была ў Сяльцы, падчас ночных заняткаў. Ціхая зімовая ноч. Эскадрон бясшумна мінае Сялец. Пярэдняе забясьпячэньне зьнікае ў густым лесе. Дрэвы, здаецца, дрэмляць, прыкрыўшы свае галіны пухам сьнегу. Гэтую цішыню парушае толькі раўнамерны скрып сьнегу пад нагамі жаўнераў. Раптам начную цішыню праразае сухі адрывісты рогат «фінкі» і тут-жа, у вадказ, некалькі паасобных стрэлаў ды ў сьлед за імі ўжо паважней адказаў «дзехцяр». — Гэта мусіць нашы, гэта мусіць нашы, — пачуўся ціхі шэпат у радох эскадрону. Пачуўся тупат жаўнера: пры выхадзе зь лесу перадавое забясьпячэньне сустрэлася з ворагам: трое саней з партызанамі. Яны ўцяклі ў кірунку Мотчы. — Першы зьвяз далучыць да пярэднага забясьпячэньня. Кірунак Мотча. Перашукаць вёску і варочацца назад. Трэйці зьвяз: затрымацца ў Сяльцы і падрыхтаваць кватэры для першага. Другі зьвяз забясьпечыць пастой. Ізноў усё пакрыла цішыня. Стратаў ня было ні з нашага боку, ні з боку партызанаў. Усю ноч солтыс Сяльца зь яшчэ колькі сялянамі правёў у сяброўскай гутарцы з камандзерам і жаўнерамі. — Каб не эскадрон, дык сяньня ўначы нехта заплаціў бы жыцьцём, а мо й я сам. Дзякую вам, хлопцы. Шкада, што ня можаце застацца даўжэй… Першыя чатыры месяцы 1944 году былі выпаўнены падобнымі большымі ці меншымі выбегамі ў тэрэн. Ваколічныя вёскі Лагадкі, Рутка, Ваўкавічы, Куравічы, Попкава, Лазьневічы, Жданавічы, Асмолава, Каменка былі чарговымі аб’ектамі нашага эскадрону. У сакавіку паасобныя зьвязы выяжджалі ў паветы, дзе ў гэтым часе падрыхтоўвалася і праводзілася мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, загаданую Беларускай Цэнтральнай Радай. БЦР мела пачаткава пераняць у свае рукі цывільнае судоўніцтва, школьніцтва, і пазьней адміністрацыю. Гэны твор быў вынікам нямецкіх няўдачаў на фронце і партызанскага руху, які ўсьцяж рос. Немцы думалі, што змогуць задаволіць незадаваленьне беларускіх масаў гэтым «эрзацам» улады. У практыцы аднак палажэньне не зьмянілася. Назначаныя на акругі Акруговыя Намесьнікі ня мелі практычна большага значэньня, як дасюлешнія кіраўнікі Самапомачы, ці Мужы Даверу. Немцы не хацелі выпускаць лейцаў з сваіх рук. Там, дзе мясцовы актыў здабыў сабе сякую-такую пазыцыю, там яе і ўтрьмаў: там дзе яе ня было, не памог і гэны штучны наватвор. Абвешчаная мабілізацыя ў БКА выклікала шмат камэнтараў. Калі ставілася пад сумлеў мэтазгоднасьць фармаваньня эскадрону з гледзішча агульнага палітычнага палажэньня і ў васаблівасьці палажэньня на франтох, дык тым больш паўставала пытаньне дамэтнасьці падрываньня беларускіх масаў да згары асуджанага на няўдачу пачыну. Не на гэтым аднак месцы крытычны агляд таго пэрыяду ды й гэта было б адыходам ад тэмы. Мабілізацыя была агалошаная. Набор у БКА праводзіўся па ўсіх куткох Беларусі ў засягу цывільнае ўлады. Практычна яна абмяжоўвалася па пунктах, неапанаваных партызанскім рухам. Камандзер Наваградзкага Эскадрону, які спаўняў адначасова функцыі Акруговага Намесьніка, у паразуменьні зь мясцовым актывам наважыўся скарыстаць з гэтае нагоды, каб пашырыць эскадрон да велічыні баталёну. З гэтай мэтай былі адкамандыраваныя на паветы, а найменна ў Любчу й Карэлічы, паасобныя зьвязы ці групы дзеля выбару лепшага элемэнту ў батальён, а таксама дзеля забясьпечаньня ходу мабілізацыі. У Любчу было адкамандавана каля 30 жаўнераў на чале з лейтэнантам К. У ліку падахвіцэраў быў таксама Д., малады, палкі й энэргічны жаўнер, што выйшаў з кадраў наваградзкае сэмінарыі. Партызаны даволі часта непакоілі ваколічныя вёскі. Апошнім часам яны сыстэматычна грабілі Падзагор’е, Воўкаразь і нат Далятычы. Мясцовая паліцыя й нямецкая жандармэрыя запрапанавалі лейт. К. супольную акцыю. Ня надта ахвотна ехалі эскадронаўцы на супольную акцыю, асабліва з гэтымі апошнімі, але пусьціць іх самых, дык наробяць яшчэ больш шкоды, чымся карысьці. Лейт. К. дае сваю згоду. Распрацоўваецца супольны плян дзеяньня. Аб’ект: Воўкаразь. Наш зьвяз пайшоў дарогай на Зarop’e, паліцыя й жандары на Далятычы. Кантакт мелі навязаць на вышыні зарасьляў на ўзгорку, на паўночны захад ад Загор’я. Ужо ў Загор’і чуліся стрэлы. Паліцыя ўвязалася ў бой з партызанамі. Наш зьвяз, мінуўшы вёску, разгарнуўся ў баявы парадак да наступу. — Паадзіночна скокамі наперад маарш! — пакацілася па лініі. Спраўна пасоўваўся ланцуг эскадронаўцаў наперад. Стрэлы з боку ворага пачалі радзець. Было відаць, як партызаны адзін па адным зьнікалі за ўзгоркам. — На ўзгорак бягом маарш! …Прыгнуўшыся, з заціснутымі стрэльбамі ў руках, рынуліся эскадронаўцы на ўзгорак. Партызаны ў міжчасе хаваліся ў забудовах Воўкаразі. Зьвяз хутка дасягнуў вёскі. Партызаны зьніклі ў ляску за вёскай. Далейшая пагоня была бессансоўнай. — Рукі ўгару! — пачулася раптам на адным панадворку. З-за хаты паказаўся партызан з паднятымі рукамі, а за ім двух нашых жаўнераў. У міжчасе ўвайшлі ў вёску немцы й любчанская паліцыя. Усе сталі вакол камандзера зьвязу, які выпытваў палоннага. — Скуль ты? — З Бору, — быў адказ. — Чаму пайшоў у партызаны? — пытаў далей лейтэнант. — Падчас апошняе акцыі немцы спалілі вёску. Шмат пастралялі цывільнага жыхарства, якое нічога супольнага з партызанамі ня мела. Іншых забралі на працу ў Нямеччыну, а некаторым удалося ўцячы ў лес. Я быў паміж гэтых апошніх. Вакол запала глыбокае маўчаньне. — Я не бальшавік, — нясьмела пачаў зноў палонны, — я быў першы, які супрацівіўся калектывізацыі. Я ненавіджу бальшавікоў, але хто дасьць мне сяньня ахову? Усяроўна прыходзіцца гінуць. Толькі ня мучце, — папрасіў ён глуха. У міжчасе прыбліжыўся вахтмайстар зь любчанскай жандармэрыі. — Ah, Gefangener, gut, gut,[11 - А, палонны, добра, добра.] хлопцы. Давай яго сюды, мы зь ім расправімся. У лейтэнанта загарэліся вочы. — Падахвіцэр Д., — гукнуў ён, — адкажы вахтмайстру! Падахвіцэр Д., відаць зь вялікай натугай, але стрымана паінфармаваў, што гэта палонны не жандармэрыі, а наш, ды што мы маем асобныя інструкцыі адносна абыходжаньня з палоннымі. — Гэта наш палонны і мы зробім зь ім, што нам спадабаецца, — закончыў ён цьвёрда. — Was werden sie denn mit ihm tun?[12 - Што-ж вы зь ім зробіце?] — Павесім за…, — весела ўжо адказаў Д. — О, гут, гут, — задаволена адказаў немец. У міжчасе лейтэнант працягваў гутарку з палонным. — Мы ня немцы, — казаў ён, — мы беларускія жаўнеры. Палонных не расстрэльваем. Мы не змагаемся супраць беларускага народу. Нашая мэта, гэта вольная ад усіх акупантаў Беларусь. Перадумай аб гэтым, раскажы сваім сябром. Шлях да нас для цябе заўсёды адчынены. Ідзі з Богам. Але памятай, каб твая рука ніколі не паднялася супраць твайго брата-Беларуса. Ідзі! Палонны не разумеў. Ён нясьмела адступаў назад, паглядаючы неспакойна ўбок немцаў. Ён ня верыў сваім вушам. Пот сьцякаў па ягоным твары. Раптам ён кінуўся бегчы, і па нейкім часе зьнік у бліжэйшых кустох. Гэтай сцэне прыглядаліся жыхары вёскі, якіх у міжчасе загадаў сагнаць вахтмайстар. Бяз слова прыглядаліся яны. Вахтмайстараў твар набег крывёй. — Sofort das Dorf abbrennen. Hier sind alle Partisanen. Anstekken[13 - Неадкладна спаліць вёску. Тут усе партызаны. Падпальваць!], — зароў ён дзікім голасам. Падахвіцэр Д., схапіўшы вахтмайстра за грудзі, выціснуў цераз сьцятыя вусны: — Ня ты будаваў і ня ты спаліш. Zurrucktreten, oder ich schiesse![14 - Назад, або страляю!] — дадаў ён па-нямецку тонам, які ўжо не пакідаў ніякага сумлеву што да далейшых кансэквэнцыяў. Пасьля хутка адскочыў узад і адцягнуўшы ручку «дзехцяра», накіраваў рулю ўбок немцаў. Грозна заляскалі замкі эскадронаўцаў. Аргумэнт здаваўся дастаткова пераконвальным.   Немцы й паліцыя паволі аддаляліся ў бок Любчы. Неяк дзіўна ціха стала на вуліцы вёскі. Жыхары глядзелі на сваіх жаўнераў шырока адчыненымі вачыма. Раптам з грамады пачуўся плач жанчыны. Плач гора й шчасьця. Плач беларускай маці:   «Сынкі мае, вы-ж нашы дзеткі, вы-ж нашы збаўцы…» Далейшыя словы ўтапіліся ў вагульнай мітусьні. Сяляне абдымалі жаўнераў. Зь іхных вачэй зьзяла радасьць і шчасьце. Нашага лейтэнанта яны на руках унесьлі ў хату. II. Аднэй сакавіковай раніцы прыйшла ў Наваградак навіна, што палякі перайшлі Нёман і занялі шкляную гуту ў Бярозаўцы. Гэта была першая паважная акцыя польскіх партызанаў зь Лідчыны ў Наваградзкай Акрузе. Тут трэба даць колькі словаў паясьненьня адносна польскага партызанскага руху ў тых ваколіцах.   Пачатак польскага руху датуецца прыблізна з пачатку 1942 году. Асноўнай ягонай базай была якраз Лідчына. Жыхарства Лідчыны ў сваёй аснове амаль стопрацэнтна беларускае, ня лічачы невялікае колькасьці асаднікаў і былых польскіх урадаўцаў, насланых польскім урадам у часе існаваньня польскае дзяржавы. Жыхарства гутарыць прыгожай беларускай мовай і не зважаючы на надлюдзкія палянізатарскія высілкі польскага ўраду, яно засталося ў сваёй аснове беларускае. Аднак дзякуючы таму, што ў пераважальнай бальшыні было яно каталіцкага веравызнаньня, польскія сьвятары мелі тут шырокае поле дзеяньня. Выкарыстоўваючы свой духоўны сан і глыбокую традыцыйную рэлігійнасьць беларускага народу, яны вязалі паняцьце веравызнаньня з нацыянальнасьцяй. Зразумела, гэная акцыя не закранала сьведамай часткі беларускай інтэлігенцыі, якая бачыла ўсю пэрфіднасьць тактыкі польскага клеру, але сярод шырэйшых масаў гэта пакінула ці малы сьлед. Тыя нешматлікія беларускія каталіцкія сьвятары, якім нейкім цудам удалося здабыць сьвятарскі сан, залежалі ад польскай каталіцкай герархіі, якая пры першай праяве нацыянальнай дзейнасьці гэткага сьвятара высылала яго ў польскія асяродкі. Вось гэная акцыя польскага клеру і падрыхтавала падатны грунт для польскіх партызанаў у Лідчыне. У часе нямецкае акупацьгі палякі захапілі ўсе ключавыя адміністрацыйныя і гаспадарскія становішчы. Яны абставілі немцаў сваімі перакладнікамі, засноўвалі польскія школы. Касьцёлы сталіся асяродкамі польскае акцыі. Беларускія патрыёты прадстаўляліся палякамі як камуністы, былі перасьледаваныя нямецкім СД.   Наваградзкая Акруга старалася дапамагаць у меру магчымасьцяў беларускаму актыву Ліды, высылаючы туды першым чынам маладых настаўнікаў. Трэба адцеміць, што яны прарабілі там вялізарную нацыянальную працу.   Нельга не адцеміць той фізычнай і духовай апоры для беларусаў Лідчыны, якую ім даў чыгуначны баталён, зарганізаваны ў Наваградку капітанам Сажычам, ды высланы ў Ліду. Зразумела, што насельніцтва Наваградзкае Акругі зь непакоем сачыла за падзеямі ў Лідчыне. Кажны новы атэнтат палякаў на беларускі актыў выклікаў хвалю абурэньня й жаданьне помсты. Змаганьне аднак было тым цяжэйшае, што пачынаючы ад канца 1943 году польскія партызаны зьмянілі тактыку й спынілі змаганьне супраць немцаў, дамовіўшыся з апошнімі на супольную акцыю супраць чырвоных партызанаў. Немцы давалі ім зброю, амуніцыю й уніформы, а таксама пакрывалі іх крымінальныя вычыны ў дачыненьні да беларускага жыхарства. Зусім зразумела, што заняцьце шкляной гуты ў Бярозаўцы палякамі выклікала абурэньне сярод наваградчан. Жаўнеры эскадрону дамагаліся неадкладнага дзеяньня. Гульня немцаў была тут ясная: палякі занялі гуту із згодай нямецкіх уладаў, якім належала адначасна аслабіць эскадрон. Для эскадрону сутычка з добра ўзброенымі палякамі, нат пераможная, была нявыгадная. Аднак пакінуць палякаў на «сваёй» тэрыторыі было абсалютна недапушчальна. На нарадзе камандзераў зьвязаў з камандзерам эскадрону было пастаноўлена здабыць гуту, але раней папрабаваць прымусіць палякаў пакінуць гуту бяз бою. Каманду пераняў ст. лейт. С. Цэлы дзень кіпела рыхтоўля да маршу. Папаўняліся стужкі «максімаў», набіваліся дыскі «дзехцяроў». На сьвітаньні эскадрон выйшаў у паход. Каля паўдня перад жаўнерамі зарысаваліся коміны гуты, а на найвышэйшай зь іх вісеў польскі сьцяг. Заціснуліся рукі на стрэльбах. Зьвязы занялі вызначаныя пазыцыі. Мінамёты і на той час адзіная супрацьпанцырная гармата з гатовай да бою абслугай чакалі на загад каб пачаць бой. Ст. лейтэнант С. меў гатовы плян. Ліст да камандзера польскага аддзелу ляжаў у ягонай кішані. У ім было сфармуляванае ўльтыматыўнае дамаганьне неадкладнага адступу палякаў за Нёман. С. падклікаў аднаго селяніна і даручыў яму перадаць ліст собскаручна камандзеру польскага аддзелу. Палякам было дадзена дзьве гадзіны часу. Камандзер глянуў на гадзіньнік. Роўна поўдзень. Ён дапісаў нешта ў ліст, заклеіў і перадаў селяніну. За некалькі часінаў той ужо быў каля першых забудоваў вёскі. Два польскія жаўнеры выскачылі з-за хаты насупраць яго і неўзабаве зьніклі ў забудовах. Памаленьку пасоўваецца стрэлка гадзіньніка. Жаўнеры гараць нецерпялівасьцяй. Ніхто ня верыць у мірнае палагоджаньне канфлікту. У іхных вачох устаюць постаці дзесяткаў і сотняў забітых беларускіх патрыётаў. Тыпічны праяў рыцарскасьці польскіх партызанаў: данос у СД або куля ў плечы. Стрэлка мінае першую гадзіну. Камандзеры зьвязаў маюць апошнюю нараду з С. — Пачынаем пунктуальна ў дзьве гадзіны. Другі зьвяз павінен заняць як найхутчэй мост цераз Нёман. Пакінуць адну дружыну і атакаваць Бярозаўку з паўночнага боку. Трэйці зьвяз пад прыкрыцьцём мінамётаў і цяжкіх кулямётаў зойме першыя забудовы. Першы зьвяз у рэзэрве. На белую ракету заняць першыя забудовы ўправа ад гуты! — палі апошнія словы С. Гадзіна 1,45. На дарозе паказваецца постаць селяніна. Адначасна польскі сьцяг на коміне гуты паволі апушчаецца. За некалькі часін камандзер трымае ліст у руках: Палякі пастанавілі адступіць за Нёман. Роўна а 2-й гадзіне эскадрон увайшоў баявым парадкам у гуту. Тэлефанічная сувязь з Наваградкам была навязана неадкладна. І паплыла па дроце радасная вестка аб бяскрывавай перамозе эскадрону. Маланкай разьнеслася вестка па Наваградку. Ягоныя жыхары ўспрынялі яе з энтузіязмам. «Малайцы хлопцы. Палякі здрэйфілі. Гэта ім не з-за вугла страляць. Эх, брат, каб такіх эскадрончыкаў з сотню ў Беларусь. Сьпярылі б і белых і чырвоных, ды й немцы йначай засьпявалі б».  Гэтым вечарам падобныя гутаркі чуліся бадай у кажнай беларускай хаце. Тымчасам эскадрон заняў гуту. На комін усьцярэбліваецца жаўнер. За колькі часінаў разгарнуўся на ветры бел-чырвона-белы сьцяг і залунаў у праменьнях сонца. Як на каманду вырвалася з маладых грудзей «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» і падхопленае ветрам паняслося далёка за Нёман. Дзесь зь бесканцовасьці пачулася рэха: «…у крывавых муках мы адродзім жыцьцё Рэспублікі свае …» На наступны дзень палякі прыслалі дэлегацыю з прапановаю наладжаньня сустрэчы камандзераў польскіх партызанскіх аддзелаў у Лідчыне з ахвіцэрамі эскадрону. Як месца сустрэчы, яны запрапанавалі адзін хутар каля двух кілямэтраў ад Бярозаўкі. З кажнага боку будзе трох дэлегатаў. Адны й другія павінны забавязацца прыйсьці бяз эскорты і толькі з бакавой зброяй. Мэта сустрэчы: шуканьне паразуменьня між двума бакамі ў супольным змаганьні супроць чырвоных партызанаў. Ст. лейт. С. пасьля кароткае нарады даў сваю згоду. Трэба сказаць, што пры наяве ведамых падступных мэтадаў палякаў, такая сустрэча была больш чым рызыкоўная і вымагала вялікай адвагі нашых камандзераў. Ст. лейт. С. у таварыстве лейт. М. і падахвіц. У. роўна а дванаццатай гадзіне выйшаў на ўмоўленае месца сустрэчы. Дзьве дружыны ў поўнай баёвай гатоўнасьці былі вызначаны на ўсялякую непрадбачаную эвэнтуальнасьць. На хутары сустрэў нашых камандзераў маёр Рогэр (так ён прынамся прадставіўся). Перад быстрым аднак вокам падахвіцэра У. не схаваўся аддзел польскіх партызанаў у сіле каля 30-х чалавек, што залёг ў кустах мэтраў 300 ад хутару. Ён паінфармаваў аб гэтым камандзераў. Маёр Рогэр, зразумеўшы сказанае, зрабіў выгляд, што ён аб гэтым нічога ня ведаў, і што гэтыя жаўнеры апыніліся там безь ягонага ведама. Ім ён даў загад неадкладна пакінуць раён хутару. Атмасфэра была даволі напружаная. Паміма добрага абеду і самагону, гутарка ня клеілася. Нашы адмовіліся піць. Нарэшце палякі прыступілі да справы. Пасьля доўгага ўступу аб міжнароднай сытуацыі ды няўхільным прыходзе бальшавікоў, яны імкнуліся пераканаць, што польскі лёнданскі ўрад будзе мець дастаткова ўплываў на міжнародныя падзеі, каб захаваць Польшчу незалежнай дзяржавай у старых межах ды што для беларусаў адзіны выхад — гэта супрацоўніцтва цяпер з палякамі. Гэта будзе дастаткова ацэнена апошнімі, і ў будучыні належна ўзнагароджана ў шырэйшым нацыянальным маштабе. На вуснах С. паявілася дабратлівая нядвузначная ўсьмешка. — За нашой вольносьць і вашой, ня так? — папытаў ён. — Як сен цешэн жэ пан мне зрозумял, власьне о то ходзі, — ускрыкнуў радасна маёр, пасьпяшаўшыся з выснавамі. — Вось у гэтым і справа, — ужо паважна адказаў С. — Нельга ашукваць два разы на тую самую прынаду. Гэта не бярэ. Зрэштай такога характару гутаркі павінны весьціся ў дзяржаўным маштабе. Вашую вольнасьць мы пазналі і нацешыліся ёю дастаткова за дваццаць гадоў вашага панаваньня. Маем годзе. Прапаную гутарыць больш аб нашых лякальных справах. Мне ведама, што вы атрымоўваеце зброю ад немцаў. Мы таксама. Мы змагаемся супраць чырвоных партызанаў. Вы ад некаторага часу таксама павярнулі зброю супраць бальшавікоў. Але ёсьць адно «але»: вы змагаецеся першым чынам супраць беларусаў, вынішчаючы нацыянальна сьведамы элемэнт, які ў канчальным выпадку таксама як і вы змагаецца супраць бальшавікоў. Не за немцаў, але за лепшую будучыню свайго народу. Нашая мэта — незалежная Беларусь. Зразумела, што пажадана, каб нашыя народы жылі ў добрасуседзкіх дачыненьнях, але дзеля гэтага трэба ўжо сяньня палажыць да гэтага асновы. Вашая праступная тактыка адносна беларусаў у Лідзкай акрузе ў ніякім выпадку ня спрыяе гэтай мэце. Дайце выясьненьні што да забойстваў беларусаў. Маёр быў выразна занепакоены. — Бачыце, цяжка ўтрымаць дысцыпліну ў партызанскім жыцьці. Гэта былі выпадкі, зробленыя бязь ведама галоўнага камандаваньня. Вы разумееце, што існуюць паасобныя нездысцыплінаваныя банды, і нам цяжка мець над імі кантролю. Але ў нас ёсьць загад не чапаць беларускага насельніцтва. Вы павінны гэта зразумець… — Так, я добра разумею і раблю з гэтага адпаведны выснаў: нельга дагаворвацца аб супольнай акцыі з камандзерамі, якія ня маюць аўтарытэту над сваімі жаўнерамі. З майго боку наступная прапанова: вы павінны неадкладна спыніць тэрарыстычную акцыю супраць беларускага актыву. Даём вам час да перакананьня нас у вашых добрых намерах. Прапаную пасьля аднаго месяца сустрэцца зноў. У выпадку аднак, калі тэрарыстычная акцыя паўторыцца, мы будзем змушаны адказаць тэрорам на тэрор і пачнем сыстэматычную акцыю вынішчаньня палякаў на тэрыторыі Наваградзкае Акругі. Я скончыў.   Разьвітваючыся, С. дaдaў: — Прапаную Вам да сяньня вечара вывесьці ўсе вашы аддзелы за Нёман, каб ухіліцца ад непатрэбных сутычак. Увечары нашая дэлегацыя, расказваючы аб сустрэчы, знайшла поўную падтрымку ў занятым у гутарках з палякамі становішчы. Месяцы сакавік і красавік у вялікай меры былі прысьвечаны коннаму вышкалу жаўнераў. Эскадрон атрымаў коні ў палавіне сакавіка. Вышкалам заняўся лейт. Д-а, добры кавалерыст, які задзіўляў нас уcіx сваімі вычынамі на кані. Гэта быў незраўнаны жаўнер. Перад уступленьнем у эскадрон ён быў кіраўніком карэліцкай паліцыі і адзначыўся ў баёх з партызанамі. Колькі разоў ранены, ён рабіў уражаньне чалавека, якога кулі не бяруць, бо ніразу пасьля раненьня, нат паважнага, не пайшоў у больніцу. Ён ведаў сабе цану і таму канфлікт зь мясцовай жандармэрыяй, якой падлягала паліцыя, быў няўхільны. Пасьля аднэй вострай дыскусіі, у якой яго абразіў жандар, ён не паўстрымаўся, і выцяў яго па твары, і каб не сябры, застрэліў бы яго на месцы. Пасьля гэтага факту быў арыштаваны й вывезены ў наваградзкую турму, скуль уступіў у эскадрон. III. Набліжалася 25 сакавіка. На гэны дзень была вызначаная прысяга. Дзьве сястры М-а, аднаго з эскадронаўцаў, зрабілі прыгожы сьцяг з вышытай Пагоняй і гэрбам Наваградка. На чорным трыкутніку пры дрэўцы надпіс: Першы Беларускі Эскадрон. Наваградак рыхтуецца да вялікай урачыстасьці — прысягі. Лейт. Д-а інтэнсыўна рыхтуе маладых кавалерыстау. Ён хоча, каб прынамся адзін зьвяз выступіў конна. 25 Сакавіка. У Наваградку сьвяточны настрой. На галоўны пляц выходзяць калёны сэмінарыстау, прагімназіі, паліцыі, беларускага батальёну пад нямецкай камандай. Таксама й жыхарства гораду масава накіроўваецца на наваградзкі рынак.   Эскадрон выстраіўся на Горадзенскай вуліцы да параднага маршу. Загучэлі гукі вайсковага маршу. Падае каманда. На чале калёны сьцяг эскадрону, на які будуць складаць прысягу маладыя жаўнеры. Парадны марш вядзе сам камандзер эскадрону. Зьвяз за зьвязам, роўным крокам набліжаецца эскадрон да трыбуны. Камандзер узыходзіць на трыбуну, на якой ужо знаходзяцца адказныя беларускія кіраўнікі ды прадстаўнікі нямецкіх уладаў. Гукі музыкі заглушаюцца воплескамі й спантанічнай маніфэстацыяй сымпатыі наваградчан да эскадрону. Эскадрон выстраіўся перад трыбунай у рады да прысягі. Перад ім сьцяг эскадрону. Штандаровая тройка, трох рослых юнакоў, стаіць фронтам да эскадрону. З радоў выступае трох жаўнераў — па адным ад кажнага зьвязу. Падае каманда: — Да прысягі! З адкрытай галавой і горда паднятым чалом, із сьмелым і ясным позіркам стаяць жаўнеры. Паважны настрой аўтаматычна перадаецца і прысутным. Усе здымаюць шапкі і сканцэнтравана чакаюць урачыстага мамэнту. «Прысягаю…» «Прысягаю,  ― як рэхам паўтарылі жаўнеры, — у ймя Бога верна служыць свайму народу й Бацькаўшчыне». Звонка гучаць словы прысягі з вуснаў жаўнераў. У левай руцэ палатно сьцягу, правай тры пальцы паднятыя ўгару. Гэны дзень застанецца заўсёды жывы ў успамінах кажнага, хто яго перажываў. Настаўніцкая сэмінарыя запрасіла эскадрон на ўрачыстую акадэмію. Былыя вучні — сяньняшнія жаўнеры, настаўнікі, сяньняшнія вучні і прышлыя жаўнеры — усё гэта сцэмэнтавалася ў вадну неразлучную сям’ю, споеную аднэй ідэяй, заключанай у сымболіцы Акту 25 Сакавіка. IV. Па паветах мабілізацыя ў поўным разгары. У Карэлічы быў высланы падахвіцэр М. — былы студэнт права віленскага ўнівэрсытэту, зь дзьвюма дружынамі дзеля аховы забясьпечаньня спраўнага ходу і выбару жаўнераў у плянаваны батальён.   Аднаго дня кіраўнік павету паведаміў М., што ў вёсцы Красна партызаны перашкаджаюць людзям прадстаўляцца перад мабілізацыйнай камісіяй. М. хутка выстраіў сваю групу й накіраваўся ў бок Краснае.   Партызаны зрабілі засаду ў першых забудовах. Падпусьціўшы групу М. на 50 мэтраў ад вёскі, яны адчынілі па іх густы агонь. Эскадронаўцы ўпалі на зямлю. Гладкае поле. Ніякіх магчымасьцяў прыкрыцьця. Наш «дзехцяр» хутка адказаў, але шансы былі няроўныя. Партызаны ў добрым прыкрыцьці, нашы ў чыстым полі. М. хутка ар’ентуецца ў сытуацыі. Праз траскатню стрэлаў чуваць ягоны голас: «Падрыхтаваць гранаты!»   А пасьля колькі хвілінаў: «У вёску бягом маарш!..» Падарваўся сам і за ім ягоная група. Раптам зваліўся, падняўся зноў, вьшусьціў з правай рукі «фінку», схапіў у левую пісталет, зноў паміж першых. Агонь ворага сьціх. Нашыя занялі вёску, людзі маглі свабодна йсьці ў Карэлічы. — Перамаглі, хлопцы. Слаўна было, — сьмяючыся казаў М. І толькі цяпер жаўнеры заўважылі, што ён быў ранены ў плячук. З рукава сьцякала кроў. Ён стараўся трымацца на нагах, але хутка асунуўся. Зрабілі правізарычныя насілкі, знайшлі воз і адвезьлі свайго камандзера ў Карэлічы, а адтуль у Наваградак. Рана выдавалася нецяжкая, але пры адсутнасьці адпаведных лекаў хутка наступіла заражэньне крыві і М. памёр у Наваградзкай больніцы. Першая ахвяра эскадрону на аўтар Бацькаўшчыны.  Пахіліўся штандар. Труна апусьцілася ў магілу. Цішьшю прарэзалі тры разьвітальныя сальвы. Эскадрон разьвітваўся із сваім сябрам. Глуха грукацела зямля аб труну. Гэны гук ўпіваўся ў сэрцы сяброў. Яшчэ адна, але ўжо ціхая прысяга — памсьціць свайго сябру. Вырасла новая магілка на вайсковых могілках Наваградка. «…На крыві народу вырасьце магутнае дрэва…» І гэтае дрэва будзе звацца Беларуская Сувэрэнная Дзяржава. Неяк у гэты дзень завітаў у эскадрон барон фон Энгэльгард — немец з Латвіі. Ён вырас сярод беларусаў і палюбіў іх. Ягоныя пробеларускія сымпатыі выразна прабіваюцца ў ягонай кнізе «Weisruthenien», якое карэкту ён рабіў якраз у гэтым часе. Ён любіў эскадрон і быў ягоным частым госьцем. У гэты дзень ён быў прыгнечаны паховінамі М. Гутарылася на розныя тэмы і зразумела скончылася тэмай змаганьня з партызанамі. Раптам, зьвяртаючыся да камандзера эскадрону, ён сказаў: — Я маю добры плян змаганьня з партызанамі. Гэтую праблему можна ліквідаваць добра й хутка. Позіркі прысутных падняліся на яго. — Сабраць усіх немцаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі, палавіну расстраляць, а палавіну выслаць на фронт. А на іх месца паставіць беларусаў, — выпаліў ён злосным тонам. Пры гэтым устаў і выйшаў. Нас ня трэба было пераконваць у праўдзе ягоных словаў. Гэта была ідэя, за якую ён у 1941 годзе змагаўся ў Міністэрстве Ўсходніх Справаў, дамагаючыся шырэйшай аўтаноміі аж да незалежнасьці для Беларусі. За гэта заплаціў ён сваім становішчам і быў пераведзены ў Наваградак на становішча звычайнага лясьніка. V. У міжчасе йшла падрыхтоўка да фармаваньня батальёну. Немцы звольнілі былыя польскія кашары ў Скрыдлеве. Камандзер эскадрону падбіраў афіцэрскія кадры. Вялікай дапамогай у гэтым часе быў капітан б. царскай арміі Ф. Родзька. Ён фактычна пераняў на сябе абавязкі заступніка акруговага намесьніка, якім быў Рагуля, і да гэтага чыста адміністрацыйныя справы плянаванага батальёну. Адносіны паміж немцамі і эскадронам нацягваліся штораз больш. Немцы выпрабоўвалі розныя спосабы, каб скампрамітаваць камандзера эскадрону ў вачох Гэнэральнага Камісара, якому беспасярэдня эскадрон быў падпарадкаваны. Яны ведалі, што камандзер эскадрону мае кантакты зь некаторымі партызанскімі аддзеламі, але ня мелі довадаў. А кантакты былі. Прыкладам зь Віктарам, камандзерам паважнага партызанскага аддзелу. Віктар быў лейтэнант савецкай арміі, які пасьля ўцёкаў бальшавікоў зь Беларусі застаўся працаваць у вёсцы Багудзенка ў Г. Ён быў беларус з Смаленшчыны і моцна ненавідзеў бальшавікоў. Калі ж немцы пачалі заганяць у лягеры ўсіх былых палонных, ён разам зь іншымі апыніўся ў лесе. Пачаткова пасыўныя, пасьля арганізаваныя парашутаванымі камандзерамі, ня маючы іншага выхаду, яны паддаліся савецкаму камандаваньню. Віктар меў аддзел сілай каля 300 чалавек. Адзначаўся ён вялікай рыцарскасьцяй у вадносінах да ваколічных жыхароў і ня было выпадку, каб ягоны аддзёл грабіў ці забіваў безбароннае цывільнае жыхарства. На перамовы зь ім была высланая сэмінарыстка Г. Была вызначаная асабістая сустрэча дзеля плянаваньня супольнае акцыі. Аднак гэтыя перамовы праніклі да партызанскага штабу і Віктар быў пачаткова перанесены ў іншыя ваколіцы, а пасьля расстраляны партызанамі. Аднаго дня камандзер эскадрону застаў у сваім памешканьні былога вучня сэмінарыі Г-а, які лічыўся загублены ад пэўнага часу. Вось гэны вучань прынёс ліст ад аднаго зь ведамых партызанскіх аддзелаў з рознымі нявіннымі прапановамі, дамагаючыся неадкладнага пісьмовага адказу. Камандзер аднак адмовіўся даць пісьмовы адказ, просячы перадаць, што ён згодны сустрэцца, але аб часе і месцы паведаміць сваечасова. Колькі тыдняў пасьля аказалася, што ліст быў высланы не партызанамі, а лідзкім СД у паразуменьні з наваградзкай жандармэрыяй. Яны спадзяваліся мець пісьмовы адказ, наяўны довад кантакту з партызанамі. Тымчасам вышкал эскадрону пасоўваўся шпарка наперад. Цяжкавата прыходзілася часам пасьля штодзённых заняткаў на кані. Партызаны ж з кажным днём усё больш правакавалі эскадрон. Не абыходзілася і без дацінкаў, скіраваных пад адрысам камандзера і ягоных маладых сяброў. Аднаго дня, калі вучні сэмінарыі варочаліся з Карэлічаў у Наваградак, іх перахапілі партызаны з аддзелу слаўнага Міцькі. Яны цікавіліся сілай і ўзбраеньнем эскадрону. Пасьля Міцька прасіў перадаць камандзеру эскадрона, каб ён перад тым, як сустрэцца ў баі зь ім, выцер малако з вуснаў і прыдбаў лішнюю зьмену хусьця. Ня доўга яму прыйшлося чакаць на гэтую сустрэчу. VI. У канцы красавіка эскадрон атрымаў новы транспарт амуніцыі і папаўненьне зброяй. У паветры вычувалася шырэйшая акцыя. Настрой эскадрону падняўся. 27 красавіка цэлы дзень йшла інтэнсыўная падрыхтоўка да даўжэйшага маршу. Куды? На як доўга? — Ніхто ня ведаў.   Нарэшце доўгачаканы дзень. Ураньні 26-га красавіка грукат конскіх капытоў разбудзіў наваградчан. Заспаныя твары паказваліся ў вокнах. Жаўнеры ім прыветліва махалі рукамі. Усе яны знаёмыя, родныя, блізкія сэрцу жаўнераў. — Эскадрон выходзіць на акцыю, — казалі адзін другому. — З Богам, хлопцы, вяртайцеся зь перамогай! — кідалі яны ўздагон эскадрону. Эскадрон накіраваўся на Баранавіцкую вуліцу. Мінае апошнія хаты гораду. За Кораставам камандзер заклікаў да сябе камандзераў зьвязаў і дружынаў. — Першы этап: Гарадышча. Там начуем. Найбольш небясьпечны адрэзак сяньняшняга этапу, гэта Сьвітазь. Уехаўшы ў Сьвітазянскі лес, пярэдняе забясьпечаньне перашукае дакладна лес углыб. Пільна забясьпечыць бакі. Не забывайцеся, што фронту няма. Мы ўваходзім у чыста партызанскі раён. Камандзеры вярнуліся да сваіх зьвязаў і дружынаў. Хуткім трухтам адна дружына высунулася наперад. Зь ёю лейт. Д-а — з такім забясьпечаньнем страху няма. Эскадрон крануўся зь месца. Спакойна, бязь ніякага інцыдэнту даехалі да Валаўкі. Ужо пярэдняе забясьпечаньне выехала на горку пад валяўскую царкву, мінула яе. Адзін з жаўнераў застаўся, а пры ім нейкі дзядок. Калі камандзер зраўнаўся зь ім, жаўнер склаў рапарт, што гэты дзядок хоча бачыць камандзера. Камандзер прыблізіўся да старога. — У чым справа, бацька? — Не забівайце мяне толькі, я нічога не вінаваты. Мне даручылі партызаны перадаць вам вось гэты ліст, — сказаў дрыжачьм ад страху голасам стары. Камандзер уважліва прачытаў ліст. Пасьля голасна засьмяяўся і сказаў старому: — Перадай партызанам, што мы ня ў іхны тэрэн едзем, а ў свой собскі. Калі-ж нам стануць на дарозе, дык зумеем маскоўскіх валацугаў прыняць з дарогі. Як пасьля выявілася, партызаны перасьцерагалі эскадрон перад уваходжаньнем у іхныя раёны. На нікога гэта не зрабіла ніякага ўражаньня. Эскадрон прадаўжаў свой марш. Здалёк на гарызонце зарысаваўся цёмнай лініяй сьвітазянскі лес. VII. У радох эскадрону заціхлі гутаркі. Кажны дакладна ўяўляў небясьпеку, што чакала іх наперадзе. Шаса парасла зельлем: даўно ўжо гэтая терыторыя лічылася партызанскай і толькі добра ўзброеныя «Geleitzug’i» наважваліся часамі яе праяжджаць. З правага боку збліжаўся выцягнутым галёпам ганец. — Два партызанскія конныя патрулі пасоўваюцца паралельна да нас і накіроўваюцца ў сьвітазянскі лес, — адрапартаваў ён камандзеру. — Ня ўвязвацца ў бой з дробнымі аддзеламі. Пры ўваходзе ў лес зьменшыць адлегласьць да зрокавага кантакту з эскадронам, — загадаў той. Было відавочна, што ён не хацеў увязваць эскадрону ў бой. Мэтай гэтага маршу ня была баёвая акцыя, а хутчэй дэманстрацыя сілы ды ўзьняцьце маралі жыхарства, запужанага як Немцамі, так і бальшавіцкімі партызанамі. І вось, ня гледзячы на даволі нахабныя правакацыі з боку партызанскіх патрулёў, з нашага боку ня паў ніводзін стрэл. Тымчасам пярэдняя ахова збліжалася да лесу. Камандзер павольна апусьціў руку, і эскадрон затрымаўся. — З ко-о-оней! — пачулася каманда. — Кулямёты на стачовішчы!   Замітусіўся эскадрон. Неўзабаве коні былі адведзеныя ў бясьпечнае месца, і эскадронаўцы ляжалі на вагнявых становішчах. Пярэдняя ахова схавалася ў лесе. Зьніклі таксама й бакавыя, заглыбіўшыся ў гушчу сьвітазянскага бору. Наступіла цішыня, поўная чаканьня. Камандзер не адрываў вачэй ад біноклю. Урэшце зь лесу вынырнуў жаўнер — дарога вольная! Эскадрон паволі ўехаў у бор. Міжволі падымалася рука, каб скінуць шапку, апыніўшыся ў гэтай сьвятыні натуры. Сэрца білася моцна ў грудзёх, напоўненых гамай розных пачуцьцяў. Здавалося, што хопіць падняцца на страмёнах, каб дастаць гордыя верхавіны соснаў. Стук конскіх капытоў па шасе прыклікаў жаўнераў да рэчаіснасьці. Ганец ад лейт. Д-кі паведамляў, што дарога вольная, ды што пяпэдняя ахова на выгадных становішчах за возерам; на працілеглы край лecу высланы патруль. Цераз прагаліны лесу ўсьміхнулася блакітная глядзь Сьвітазі, гэтага цудоўнага, таемнага ляснога вока. — Камандзер, камандзер, — пачулася з розных бакоў, — затрымаемся тут хоць на часінку! — Трымаць зрокавы кантакт з аховамі, — ужо неяк менш празаічна сказаў той. — Дзесяць хвілінаў адпачынку. Жаўнеры былі ўжо пры возеры. Адны пілі крыштальна-чыстую ваду, другія паілі коней, іншыя з асалодаю змывалі сабе твар ад дарожнага пылу. Сьвітазь хавалася ад вачэй эскадрону за гушчай лесу. Яшчэ раз усьміхнулася возера прагалінамі лесу на разьвітаньне ды зьнікла ў гушчы бору. Неўзабаве выехалі зь лесу. Здалёк, направа ад дарогі віднеліся папялішчы Парэчча, спаленага п’янай нямецкай жандармэрыяй. Вастрыём нажа ўбіваліся ў сэрцы жаўнераў напоўразваленыя каміны. Людзей ня было відаць: калі й засталіся дзе якія, дык і тыя хаваліся ў лясох. Узброены жаўнер ніколі ім нічога добрага не прарочыў. Увечары гэтага ж дня эскадрон уяжджаў у Гарадышча. Жаўнеры былі паднечаны яшчэ сьвежымі ўражаньнямі. Яны дзяліліся сваімі перажываньнямі з дарогі. Пазьней мела месца сяброўскся сустрэча зь мясцовьм беларускім актывам. Усе цікавіліся жыцьцём эскадрону, плянамі на будучыню, ходам мабілізацыі ў наваградзкай акрузе. Выменьваліся думкамі, спасьцярогамі й дазнаньнямі. Не абыйшлося й бяз крытычных заўвагаў. — Зразумела, плян ваш нязвычайна сьмелы, сказаў адзін з старэйшых ахвіцэраў гарадышчанскага батальёну, зварочваючыся да ахвіцэраў эскадрону, — але ня ведаю, ці ня лішня вы тут кіраваліся пачуцьцямі. Ён мог ужо, або можа хутка скончыцца загубай красы наваградзкай моладзі. Вонкавы эфэкт прыгожы, але канкрэтная карысьць — сумляюся, ці надта вялікая. — Нельга кіравацца толькі розумам, — адказаў лейт. М. — Паколькі камандзер адказвае ў першую чаргу за жаўнераў, дык у яго павінен розум браць верх над пачуцьцямі. Пачуцьці й энтузіязм патрэбны для жаўнера, але павінны быць выключаны ў камандзера, або прынамся іх роля зрэдукавана да мінімум. — З гэтым цяжка пагадзіцца, не здаваўся лейт. М. — Што варты разумны й разважны ахвіцэр, але без энтузіязму? Ён хутка страціць духовы кантакт з жаўнерам і адарвецца ад яго. — Гэта нязвычайная праблема, — умяшаўся ў гутарку камандзер эскадрону. — Трэба ўмець спалучыць энтузіязм з развагай, а гэта нялёгкая рэч. У эскадроне як жаўнеры так і камандзеры — усе маладыя, усім ім хапае энтузіязму, праўда, магчыма й за кошт халоднага розуму. Але ж ў сяньняшні час, пры сяньняшнім палітычным і франтавым палажэньні, можна кіравацца вылучна развагай? Нас асудзяць за бязьдзейнасьць, вычэкваньне лепшых мамэнтаў, а вычэкваньне й бязьдзейнасьць раўназначна з духовай сьмерцяй адзінкі й народу. Энтузіязм жа парывае да акцыі. — А што, калі гэты неразважны энтузіязм спрычыніцца да сьмерці цьвету нашае моладзі, не дазволіўшы ёй даць зь сябе ўсяго тога, што ад яе мы можам спадзявацца? Падахвіцэр У-іч, яшчэ нядаўны вучаць сэмінарыі, умяшаўся ў гутарку. Ён ужо даўно шукаў зручнага мамэнту, каб выказаць сваю думку. — Ці ж былі б мы сяньня Беларусамі, каб нашыя мінулыя пакаленьні, страціўшы сваю дзяржаўную незалежнасьць, злажылі рукі ды чакалі зручнейшых мамэнтаў дзеля рэалізацыі нашай канчальнай мэты? Ці ж пралітая кроў Каліноўскага й яго сучасьнікаў не давала й не дае нам сяньня сілы да далейшага змаганьня? Ці-ж магчымы быў бы Акт 25-га Сакавіка бяз тых нязьлічоных, неразважных часта, пачынаў нашых бацькоў ды дзядоў? Ці ж быў бы ён магчымы бяз энтузіязму як беларускіх масаў, так і тагачасных кіраўнікоў?  ― Магчыма, — працягваў ён ужо больш спакойна, — што наш сяньняшні высілак дарэмны на кароткую мэту. Магчыма гісторыя забудзецца аб гэтым малым эпізодзе — нашым эскадроне. Але паколькі гэты эскадрон зьяўляецца маленькай часткай вялізарнага, магчыма неразважнага, але энтузіястычнага высілку ўсяе сучаснае беларускае моладзі, дык аб гэтым гісторыя не прамаўчыць. Гэты сяньняшні энтузіязм будзе маленькай можа, але неабходнай цэглінай пры будове Незалежнай Беларусі. У У-ча іскрыліся вочы, гарэлі шчокі. Ягоныя словы й тая духовая сіла, якая праменявала ад яго ў гэны мамэнт, былі дастаткова пераконвальнымі. Стала ціха пасьля слоў маладога жаўнера. Яшчэ ў гэты самы вечар нямецкая жандармэрыя папярэдзіла aфіцыяльна камандзера эскадрону, што ён ня можа разьлічваць на іхную дапамогу паза засягам гарадышчанскага гарнізону. Яны паясьнілі, што вёска Ясенец — кілямэтраў тры ад Гарадышча — ужо ў засягу партызанаў. У Паланэчцы пост паліцыі разьбіты. Аж да Міра ніякага апорнага пункту. Эскадрон павінен лічыць толькі на свае сілы. Аб гэтым апошнім мы ведалі загадзя… На сьвітаньні эскадрон ужо стаяў гатовы да выезду. Раніца была прыгожая. Сьцюдзёны вецярок праймаў дрыжыкамі вырванае із сну цела. Нязвычайна рэзкім здаваўся стук конскіх капытоў па бруку местачка, што спала яшчэ глыбокім сном. Камандзер даваў апошнія настаўленьні:   «Сяньня мусім асягнуць Мір. Пойдзем праз Паланэчку, Серамовічы, Малыя й Вялікія Жухавічы. Ахова — ухіляцца бою з малымі патрулямі. Трэба быць асабліва ўважнымі, бо праціўнік мог ужо зарыентавацца ў прадбачаным намі маршруце. Як пярэдняя, так бакавыя і задняя аховы — ня траціць зрокавага кантакту з эскадронам. У выпадку неспадзяванай атакі, не адступайце без загаду: эскадрон павінен мець час заняць выгадныя пазыцыі. З Богам, сябры!» — дадаў ён. Праз колькі часінаў эскадрон у поўным баявым парадку рухаўся ў кірунку Паланэчкі. Ранішняе сонца прыветліва глядзела на маладых жаўнераў. Ізноў склонная да рамантызму беларуская натура аддавалася лятуценьням. Але мамэнтамі іхныя вочы загараліся іншым блескам: папялішчы й разваліны хутароў ды вёсак, сьлед праступнай бальшавіцкай і нямецкай акупацыі, прыклікаў іх да рэчаіснасьці. Пярэдняя ахова хавалася ў Паланэчцы. Сьляды нядаўнага бою былі яшчэ зусім сьвежыя. Беларуская паліцыя змагалася да апошняга патрону з удзесяцёра большай сілай партызанаў. Мала каму ўдалося выйсьці з жыцьцём. Бальшыня згінула ў няроўным змаганьні. Некаторыя захавалі апошні патрон для сябе, каб ня трапіць жывымі ў бальшавіцкія рукі. Жыхары Паланэчкі перажылі ня менш жудасныя дні. Пасьля партызанскай навалы прышлі каральныя нямецкія аддзелы. Зноў пацярпелі нявінныя сяляне: каго расстралялі на месцы, каго схапілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну.   Пакаралі партызанаў… Таму ня дзіва, што сяляне панура глядзелі на незнаёмы аддзел войска. — Цяпер гэтая свалата. Уначы адны, удзень другія. Ніколі няма супакою ад іх, — можна был б прачытаць у іхных вачох. Памалу аднак іхныя твары разьясьняліся. Бел-чырвона-белыя сьцяжкі і ветлівыя ўсьмешкі жаўнераў рабілі сваё. — Гэта ня немцы! — пачулася ў грамадзе. — Свае, дальбог свае! З грудзей жаўнераў вырвалася песьня:   «У гушчарах затканых імглою… Беларусь, Беларусь залатая…» — Свае! Эскадрон! Рагуляўцы! — штораз весялей чулася з грамады. Кароценькі адпачынак. Жаўнеры частуюць сялянаў цыгаркамі. Дзецям раздаюць цукеркі, старанна адкладаныя дзеля гэтай мэты. Жанчыны частуюць малаком і пахучым чорным хлебам, печаным на сьвежым аеры. — Куды ты з малаком сваім пхаешся, — адазваўся адзін вусаты дзядзька гадоў каля пяцьдзесяцёх. — Ім трэба малака ад шалёнай каровы, — хітра міргаючы жаўнерам, дадаў ён, дастаючы з-за пазухі пляшку самагонкі. — Вып’ем хлопцы, а то й так немцы ці партызаны забяруць. Жаўнеры крыху разгубіліся. Урэшце адзін здабыўся на адказ: — Дзякуем, дзядзька, шчыра дзякуем, але нам нельга. Перад намі вялікая дарога. Хто ведае што нас яшче чакае ўперадзе. Лепш мець цьвярозую галаву. Вось ад малачка ды хлеба дык не адкажамся, — каб ня скрыўдзіць селяніна адмовай, злагодзіў ён. Дзядзька шырака адчыніў вочы й зьдзіўлена глядзеў на жаўнераў. Ён прывык толькі й чуць: «Давай самагонку!» А гэтыя адмаўляюцца… — Эх, хлопцы, вы нейкія іншыя ад другіх… — ен стаяў, ня ведаючы, куды дзець пляшку. — Мы дзядзька, узялі зброю не па тое, каб грабіць, але каб бараніць сваіх. — Цяжка вам давядзецца, хлопцы, — нейк задумана сказаў селянін. Аднак словы жаўнера падзеілі на яго відавочна. — На ко-о-оней… — пачулася здалёк. — Ну што-ж, нам ужо пара, — сказаў жаўнер і працягнуў руку. Шчыльна прыстала да яе мазольная долонь селяніна. У Серамовічах эскадрон спыніўся на полудзень. І тут, як усюды, лёд першага недаверу хутка быў пераламаны. Жаўнераў акружылі групкі сялянаў. Пасыпаліся пытаньні. Эскадронаўцы адказвалі, выясьнялі, дыскутавалі. — Мы хочам мець сваю дзяржаву, — чулася, прыкладам, з аднаго боку. — Хочам, каб на нашай зямлі былі гаспадарамі мы, нашы дзеці, як некалі нашы дзяды ды прадзеды… VIII. Мір. Прыгожае беларускае местачка. Там яшчэ да сяньня стаіць прыгожы замак — былая сяліба мірскіх князёў. Мір ведамы ўсім у Беларусі з сваіх слаўных кірмашоў, куды зьяжджаліся купцы з усяе Эўропы дзеля закупу коней. Жыхарства, праўда крыху бунтарнае, але сьведамае свае мэты. Мір, Турэц, Карэлічы шмат далі сьведамай беларускай інтэлігенцыі. У гэты ж вечар была наладжана на прасторным пляцы сустрэча эскадрону зь мясцовым баталёнам БКА. Жаўнеры баталёну выстраіліся на пляцы. Яны яшчэ ня мелі вайсковай вопраткі, не хапала зброі. Ня гледзячы на гэта, жаўнеры бадзёра глядзелі ў будучьшю, верачы, што тыя, хто іх паклікаў у імя Бацькаўшчыны, падумаў аб усім і ў хуткім часе яны атрымаюць усё патрэбнае. На пляц уехаў эскадрон. Ён заняў трэйці бок квадрату. Камандзер выехаў перад фронт і гукнуў: «На чэсьць Мірскога Батальёну тройчы: Жыве!» «Жыве! Жыве! Жыве!» — вырвалася дружна з грудзей наваградчан. — На чэсьць Эскадрону, — адазваўся з вышыні трыбуны камандзер Мірскога Батальёну, — тройчы: Слава! — Рэхам пакацілася магутнае «слава». Камандзер батальёну ў палкіх словах вітаў сваіх гасьцей. Далікатнае вуха магло аднак пачуць у іх тоны трывогі за будучы лёс сваіх жаўнераў, што прыйшлі сюды за клічам патрыятызму, але недастаткова забясьпечаных. — Я веру, — канчаючы сваю прамову, сказаў ён, — што нашы высілкі, часамі здавалася б безнадзейныя, ня будуць дарэмнымі. Няхай Усемагутны дапаможа нашаму народу зісьціць ягоныя натуральныя дамаганьні дасягнуць тога, што Бог даў усім народам на адвечнае карыстаньне — Свабоду й Незалежнасьць! Камандзер эскадрону, відавочна ўсхвалёваны словамі свайго сябры па зброі, моцна паціснуў яму руку. Ён узыйшоў на трыбуну й прывітаў ад імя эскадрону й наваградчан мірскі батальён. Цяжка ўспомніць увесь зьмест ягонай прамовы. Засталіся толькі некаторыя мамэнты.   «Нашае палажэньне, як і ўсяго нашага народу, нязвычайна цяжкое й скамплікаванае, гаварыў ён. Некалі мы спадзяваліся на немцаў, што яны задаволяць нашыя нацыянальныя дамаганьні, але пераканаліся, што моцна памыляліся. Бальшавіцкае панаваньне й іхныя хлусьлівыя лёзунгі ды абяцаньні мы пазналі дастаткова. Заходнія народы сяньня хаўрусьнікамі нашага найбольшага ворага — бальшавікоў. Хаўрусьнікаў ня маем. Ды зрэштай ніводзін хаўрусьнік не дароўвае дзяржавы. За яе трэба змагацца. У змаганьні галоўнае, гэта собскія сілы й вера ў сябе. Гэты хаўрусьнік ня зрадзіць. Маючы яго, мы знойдзем іншага, але страціўшы веру ў собскія сілы, у свой народ, мы нідзе ня знойдзем дапамогі…» «Кажуць, што мы немцам служым, — у іншым месцы працягваў ён. — Мана! Няважна, што мундзіры аднаго колеру, але пад мундзірамі іншыя сэрцы б’юцца. Чыны нашы няхай будуць сьветкамі службы нашаму народу».   «Вораг наш кажны, хто супраць нашага ідэалу — Незалежнай Беларусі. Сяньня мы павіны выкарыстаць нагоду, каб давесьці нашаму народу, што ён мае яшчэ верных сыноў. Наше заданьне — вярнуць веру народу ў свайго жаўнера. Пераканаць стэрарызаванага селяніна, што стрэльба ў руках беларускага жаўнера не дзеля тэрору, а дзеля абароны Беларуса перад тэрорам чужынцаў. Гэта першая мэта нашага змаганьня. Дасягнем яе, дасягнем і іншых…» Сустрэча двух беларускіх вайсковых адзінак моцна падняла на духу як жаўнераў, так і камандзераў гэых адзінак. 28-га красавіка эскадрон прыбыў у Турэц. Тут адбылася паважная нарада з бурмістрам і начальнікам мясцовай паліцыі што да далейшага маршу. Паводля іхных інфармацыяў, этап Турэц - Карэлічы — найбольш небясьпечны. Апошнім часам быў загледжаны ўзмоцнены рух партызанаў у гэтых ваколіцах. Як бурмістр, так і начальнік паліцыі перакананы, што Міцька, адзін з найздальнейшых партызанскіх камандзераў і маючы да свае дыспазыцыі вялізарныя сілы, не прапусьціць нагоды, каб не заатакаваць эскадрон пры пераправе цераз Сэрвач, найбольш небясьпечны пункт этапу. Паміж Турцом і Карэлічамі сувязь ужо ад даўжэйшага часу была зусім перарваная. Гаспадарамі ў раёне былі партызаны. Плян маршу быў дэтальна распрацаваны: два цяжкія кулямёты з чатырох наяўных павінны быць усьцяж на становішчах; пераправа цераз Сэрвач мела адбывацца малымі групамі, пад аслонаю кулямётаў і мінамётаў. Эскадрон гатовы да маршу. Шмат жаўнераў, улучна з камандзерам, былі родам з Турца. Таму разьвітаньне з гэтым утульным местачкам было мо крыху больш сантымэнтальным, як зь іншымі. — Бывайце здаровы! З Богам хлопцы, з Богам, заглядайце часьцей! — чулася з розных бакоў. Эскадрон паволі пасоўваўся наперад. Каля Тарасэвіч паказаліся першыя партызанскія конныя патрулі. Двух коньнікаў галёпам рвалі ў бок Слабодкі. На лева, з Навасёлак, два патрулі галяпавалі ў кірунку Бярозаўца. Трэба было лічыцца паважна з магчымасьцяй атакі на пераправе. Тэрэн быў адкрыты — гэта давала нам перавагу. Дзякуючы цяжкім кулямётам, мы мелі ўсе магчымасьці затрымаць праціўніка на належнай адлегласьці. Здалёк пала некалькі паасобных стрэлаў. Ізноў цішыня. Тымчасам пярэдняя ахова ўжо на Сэрвачы. Яна заняла выгадныя абаронныя пазыцыі. Неўзабаве кулямёты былі на сваіх месцах. — Трэйці зьвяз дружынамі цераз Сэрвач! — паў загад. — Эскадрон з коней! — пакацілася па лініі. Пачалася пераправа. Мамэнт напружанага чаканьня. Першая дружына ўжо на другім баку. Другая пачынае перапраўляцца. Раптам густы агонь з боку Карэліч. Што здарылася? Няўжо партызаны заляглі на тым баку, Сэрвачы? Тут жа пачуўся звон трывогі ў Карэлічах. Сытуацыя стала яснай: карэліцкая паліцыя прыняла нас за партызанаў. — Ганец! Навязаць кантакт з карэліцкай паліцыяй за Сэрвачай! Выцягнутым галёпам рваў коньнік у кірунку Карэліч. Агонь спыніўся. Праз колькі часінаў паказалася карэліцкая паліцыя. Пераправа прайшла спакойна, бяз выпадкаў: яшчэ раз партызаны не адважыліся ўступіць у вадкрыты бой з добра ўзброеным эскадронам. IX. У Карэлічах эскадрон спадзяваўся належнага адпачынку й багатага прыняцьця: ужо даўно бурмістар карэліцкага раёну запрашаў эскадрон да сябе ў госьці. Нядоўга аднак давялося цешыцца гэтай думкай. Яшчэ падарозе ў Карэлічы паліцыя паінфармавала аб апошніх выпадках: уначы з 26-га на 27-га красавіка, калі эскадрон быў у Гарадышчы, партызаны напалі на кашары, дзе былі ўжо закватэраваныя першыя кантынгенты батальёну БКА. У той час знаходзілася ў Карэлічах група жаўнераў эскадрону, заданьнем якой быў выбар кандыдатаў у плянаваны наваградзкі батальён. Кашары былі пад аховаю мясцовай паліцыі, паколькі батальён БКА не атрымаў яшчэ зброі. У гэную ноч у кашарах меў службу падахвіцэр К-кі з адным жаўнерам эскадрону. Нечакана ўварваліся ў службовы пакой партызаны. Геройска змагаўся К-кі. Ранены ад першага стрэлу ў галаву, ён, заліты крывёй, адстрэльваўся зь пісталету; калі ж ня стала патронаў, выхапіў гранату. Партызаны кінуліся на яго. Ен аднак пасьпеў адбясьпечыць і адпусьціць ручку: магутны ўзрыў закончыў ягонае жыцьцё, але разам зь ім на месцы засталося трох партызанаў. Як пазьней выявілася, партызаны ведалі пароль. Зьнялі пост паліцыі, і зусім бясьпечна ўвайшлі ў кашары. К-кі сваёй гераічнай сьмерцяй уратаваў колькі дзесяткаў нованабраных жаўнераў БКА. Гэтае здарэньне прыгнятаюча адбілася на настроі эскадрону. Але прыгнечаньне замянілася ў жаданьне помсты свайго сябры. Яно ахапіла ў роўнай меры жаўнераў і камандзераў эскадрону. Хутка родзіцца плян: выправа на партызанскі штаб у Забалоцьці. Калі аб гэтым даведаўся бурмістар і кіравецтва мясцовай паліцыі, зь якой супрацоўніцтва было неабходнае, яны войстра запратэставалі: — Ваш плян — гэта шаленства. Нічога не дасягнеце, толькі загубіце свой эскадрон. Застанецеся лепш дзень нашымі гасьцьмі ды варочайцеся ў Наваградак. Вас чакаюць большыя заданьні, — намагаўся пераканаць камандзера й ягоных сяброў бурмістар. — Яшчэ нядаўна быў тут нямецкі батальён, першарадна ўзброены. Яны мелі падобны плян, але мусілі павярнуць з палавіны дарогі. Што ж зробіце вы з вашай сотняй жаўнераў? Разважце раз паважна, — прасіў ён настойліва. Але на развагу ня было месца ў маладых галовах. Камандзер падзякаваў бурмістру за перасьцярогі й парады ды прыступіў да абгутараньня пляну. Ён быў наступны: зьвяз коннай паліцыі выедзе над сьвітаньнем на Равіны, Руткавічы, Зарэчча. Трэба спадзявацца, што ў ваколіцах Руткавіч іх заатакуюць партызаны. Эскадрон заляжа ў ярох на паўночны захад ад Руткавіч і ў вадпаведны мамэнт уступіць у бой. Калі ж зьвяз дойдзе да Руткавіч і да дзесятай гадзіны партызаны яго не заатакуюць, эскадрон далучыцца да іх у Руткавічах і адтуль пойдзе нармальным маршам на Зарэчча й Забалоцьце. Ня было ніякага сумлеву, што гэтым разам давядзецца сустрэцца з асноўнай сілай партызанаў. Плян быў падрыхтаваны ліхаманкава і распрацаваны недакладна. Ён апіраўся на меркаваньнях, якія, ня гледзячы нат на найвялікшую праўдападобнасьць, маглі выявіцца памылковымі. Яшчэ перад сьвітаньнем эскадрон і зьвяз паліцыі крануліся ў паход. Тэрэн быў нязвычайна цяжкі. Глыбокія яры, густа пакрытыя зарасьлямі і падшытым лесам, давалі вялікую перавагу партызанам, якія свой тэрэн добра ведалі. Магчымасьці для цяжкое зброі былі невялікія. У такой мясцовасьці асноўную ролю могуць згуляць скарастрэлы ды гранаты. На кажным кроку відаць было сьвежыя сьляды партызанаў. Нідзе ні жывой душы — ціха і неяк несамавіта. Эскадрон дайшоў да вызначанага месца. Ахову абмежавалі да колькіх подслухаў, каб нічым ня зрадзіць свае прысутнасьці. Час плыве памалу. Урэшце дзесьці каля дзесятае гадзіны наглядчык рапартуе, што паліцыя ўехала ў Руткавічы. Высланы патруль у вёску навязвае зь ёю кантакт. Хутка пасьля гэтага эскадрон апыніўся ў Руткавічах. Вёска здавалася вымерлай — ні жывой душы. Што здарылася? Чаму паліцыя бясьпечна праехала аж у вёску? Ці ня крыецца нейкая хітрасьць з партызанскага боку? Лепш быць падрыхтаванымі. Пасьля кароткае нарады высунулі аховы ў кірунку Забалоцьця, Зарэчча й Тупалаў. Апошняя была даручана дазнанаму падахвіцэру С. з прычыны на вялікую адлегласьць ад эскадрону і небясьпечны адрэзак. Камандзер з ахвіцэрамі распрацоўваў далейшы плян дзеяньня. Мёртвая цішыня ў вёсцы неяк няпрыемна дзеіла на нэрвы. Пачуцьцё даволі няёмкае. Ад аховы спад Зарэчча збліжаецца ганец: — Партызанскі патруль у сіле шасьцёх чалавек збліжаецца да нашых становішчаў. У ваколіцах Забалоцьця выразны рух вялікай колькасьці партызанаў. Конныя й пешыя. Частка накіроўваецца на Тупалы, другая — на Палужжа. — Падпусьціць патруль і годна прыняць. Чакаць далейшых загадаў. Тымчасам з Руткавіч нат бязь бінокля можна было бачыць партызанскую масу. Можна было меркаваць, што было іх там каля тысячы. (Як пасьля мы даведаліся, у акцыі прыймала ўдзел прыблізна паўтары тысячы партызанаў). Плян іх быў відавочны: абыйсьці эскадрон з двух бакоў, адрэзаць ад Карэліч, і змусіць прыняць бой у нявыгаднай пазыцыі ў Руткавічах, на дне даліны паміж узгоркамі й ярамі. Ахвіцэры хутка зарыентаваліся ў палажэньні: далейшы марш немагчымы. Трэба заняць якнайхутчэй пазыцыі на ўзгорках за вёскай, і там прыняць бой. Камандзер высылае ганцоў да аховаў зь інструкцыямі адступіць на вызначаныя пазыцыі. Лейтэнанту С-ко даручана неадкладна адступіць з асноўнай часткай эскадрону на вызначаныя ўзгоркі і арганізаваць абарону. Камандзер, лейтэнант Д. і 7 жаўнераў засталіся ў вёсцы, вычэкваючы на зварот ганцоў да аховаў з рапартам аб іхным адыходзе на ўзгоркі. Тымчасам падкова партызанаў заціскаецца. Ганцы спад Зарэчча й Забалоцьця вярнуліся; аховы выканалі загад. Ганца ад С. усё няма. — Паедзем самі, так іх ня можам пакінуць, — сказаў камандзер. ― Пры нагодзе агледзім тэрэн эвэнтуальнага бою. Стралою прамчаліся коні праз апусьцелую вёску. Дзіўным рэхам адбіваўся стук конскіх капытоў аб пустыя хаты. Мінуўшы зарасьлі, група выехала на прасторную паляну. Нідзе ні сьледу аховы С. Павінны хіба быць на наступным узгорку, густавата пакрытым лесам. Накіраваліся туды. Ціха. Нашых ні сьледу. — С…! — прыглушана гукнуў Д. Ціха. Выяжджаем на край лесу. Раптам густы агонь «фінак» і стрэльбаў прарэзаў глыбокую цішыню. Высока над галовамі засьвісталі кулі. Коні крута павярнулі назад. Выехалі зноў на паляну. Едзем уздоўж левага краю над глыбокім ярам, шырынёю мэтраў з пяцьдзесят. Перад намі ўзгоркі, на якіх залёг эскадрон. На права Руткавічы. Раптам на тым баку яру нешта зарухалася. — Паліцыя, — ціха кінуў нехта. Пільна прыгледзеўшыся, можна было разрозьніць групу людзей, чалавек сорак-пяцьдзесят. Партызаны! Скуль яны маглі тут узяцца? Няўжо залеглі тут ад раніцы? Няўжо яны ведалі аб нашых плянах? Ня было часу аб гэтым думаць. — Секанём па іх! — адазваўся Д. — Давай! — адказаў камандзер. Доўга ня думаючы, адкрылі агонь. На адказ доўга чакаць ня давялося: партызаны адказалі густым, але няцэльным агнём. Мы хуткім галёпам збліжаліся да ўзгоркаў, спускаючыся ўздоўж яру, які мэтраў сто далей крута паварочваў улева. Камандзерава кабыла прысела на задзе й пачала аставацца, але хутка ён зноў зраўнаўся з групай. З чорнага заду кабылы сачылася кроў. Калі даехалі да павароту яру й завярнулі налева, каб лёгкім адкосам падняцца на ўзгоркі, насустрач выехаў неспадзявана конны аддзел партызанаў. На часіну адны й другія застылі ад нечаканай сустрэчы. Адзіны выхад, каб ухіліцца ад няроўнага бою ў нявыгаднай сытуацыі — проста ўсьпінацца на стромую сьцяну яру. У галовах ня месьціцца, што гэта магчыма. Д., стары кавалярыст, відаць расцаніў гэную магчымасьць інакш, бо крыкнуўшы «За мною!» накіраваў каня проста на абрыў яру. Упіліся шпоры ў конскія бакі: тыя дзіка кінуліся на стромую сьцяну. Цераз колькі часінаў мы былі ўжо сярод сваіх. Там чакала нас добрая вестка: група С. ужо далучылася да эскадрону.   Эскадрон быў разьмешчаны на ўзгорку формы трыкутніка, падстава якога была ад боку Карэліч і на бакі працягвалася даволі роўным і параўнальна адкрытым тэрэнам. Правы бок, ад Тупалаў, спадаў глыбокім ярам, густа пакрытым кустамі й маладым лесам. Левы бок, ад Равінаў, лагодна спушчаўся ў даліну ды канчаўся шырокім адчыненым полем. Верхні кут трыкутніка быў з боку Руткавіч. Гэта быў найбольш небясьпечны адрэзак, бо надта парэзаны ярамі ды равамі, густа пакрыты кустамі і маладымі зарасьлямі ды да гэтага шмат ніжэй паложаны. Гэты адрэзак быў адарваны ад рэшты тэрэну, занятага эскадронам — поле бачаньня ў той бок было практычна роўна нулю. Аднак тут неабходна было пакінуць тры дружыны, каб зачыніць найбольш выгадны падыход да пазыцыяў эскадрону. Пры гэтай групе застаўся таксама й камандзер эскадрону. Правы бок трыкутніка быў даручаны другому зьвязу, на чале зь лейтэнантам Д. Левы абсадзіў лейтэнант П. зь першым зьвязам. Адзін цяжкі кулямёт быў памешчаны з правага боку верхняга кута трыкутніка, крыху ззаду, каб пабольшыць поле бачаньня й абстрэлу. Другі заняў пазыцыю ў правым рагу на падставе трыкутніка. Ён меў вялікае поле абстрэлу і пакрываў агнём блізу ўвесь правы бок, за выняткам шматлікіх мёртвых поляў, якія трэба было пакрыць агнём «дзехцяроў» і стрэльбаў. Гэны кулямёт мог зьмяніць хутка кірунак агню і ў выпадку патрэбы пакрыць усю падставу трыкутніка. Менш-больш такую пазыцыю мелі два куляметы па левым баку, з тэй розьніцай, што поле абстрэлу было шмат лепшае. Тры дружыны засталіся пры конях, якія былі памешчаны ў катлавіне пры падставе трыкутніка. Нявыгада конных аддзелаў ляжыць якраз у тым, што блізу трэйцяя частка аддзелу, а ў найлепшым выпадку чацьвертая, мусіць заставацца пры конях. Тут жа зьвяз паліцыі служыў задняй аховай. Партызаны не далі на сябе доўга чакаць. Яны адчынілі нерэгулярны й даволі рэдзенькі агонь на пазыцыі эскадрону. З нашага боку ня паў ніводзін стрэл: суровы загад забараняў страляць да таго часу, пакуль ня зьявіцца праціўнік. Гэткае маўчаньне дзеіць даволі прыгнятаюча на праціўніка. Агонь гусьцеў і ад часу да часу ўжо быў чуцён над галовамі сьвіст куляў. Раптам у ярох узьняўся гоман і мітусьня. Зь дзікім крыкам кінулася партызанская маса на абрывы яру. Гэта быў мамэнт для нас. Забрахалі паважна кулямёты. Адрывіста, кароткімі сэрыямі, пакрывалі яны бакі яру. Тонам вышэй і неяк сьпяшаючыся, сакаталі «дзехцяры». Ад часу да часу ўмешваліся сюды «фінкі», а стрэльбы намагаліся ўтрымаць нейкі такт. Партызаны атакавалі пазыцыі на высунутым куце трыкутніка і ўвесь правы бок. Зь левага чуліся толькі рэдкія стрэлы. Пры найбольш высунутым кулямёце сядзеў падахвіцэр К. — А ну давай, нарывайся, сабачая пошасьць! Во вам, сталінскія халуі! — прыгаворваў ён пры кажнай сэрыі. Ня гледзячы аднак на густы агонь, партызаны пхаліся на яры. Ужо чуліся паасобныя ўскрыкі партызанаў, густа перакладаныя «сакавітай» расейшчынай. «Гранаты!» — паў загад па лініі. Дзесяткі гранатаў узарваліся блізу адначасова. Хмары дыму й пяску засланілі зарасьлі й партызанаў. І раптам стала ціха. Партызаны скочваліся ўніз: першы наступ заламаўся. Але нядоўга трывала цішыня: цяпер зь левага боку пачуліся стрэлы. Зноў дзікія крыкі, гоман: атакуюць сьвежымі сіламі. Але там ужо разумней, больш разважна, ня кучай. Зразумелі, што шапкамі нябось не закідаюць. Другі зьвяз адчыніў агонь. Абслуга, прыладзіўшы свае мінамёты, спрытна выбірала мёртвыя полі ды цэльна мацала іх мінамі. Партызаны пачалі мітусіцца. Адзін з каманды мінамётаў быў тоўсьценькі жаўнер Т. з дабрадушнай усьмешкай. Яна ня зыходзіла зь ягоных вуснаў нат у найбольш паважных мамэнтах. І цяпер, закладаючы ў мінамёт міну, ён цалаваў яе і з дабрадушна-хітрай усьмешкай казаў:   «Занясі, душачка, прывет ванькам!» Калі ж міна не трапляла ў мэту, ён цмокаў нездаволена, папраўляў прыцэл і, гладзячы новую міну, ласкава прасіў:   «Папраўся, сястрычка, чырвоным прывет перадай!..» «Вось так!» — казаў ён задаволена, калі слуп дыму й пылу падымаўся ў належным месцы. «Гэта вам за М., а гэта вось за К…» На левым баку наступ партызанаў узмацняўся. Нечакана ні то крык, ні то выцьцё ўзьнялося блізу перад самымі пазыцыямі на куце трыкутніка збоку Руткавіч. Партызаны не атакавалі, але ўжо штурмавалі, падпоўзшы ціха да нашых пазыцыяў. Тонка засьвісталі кулі «фінак», густа пакрылі пазыцыі эскадрону. Узрыў гранатаў, крыкі партызанаў «Здавайся!» і «салёныя» адказы эскадронаўцаў, — усё зьмяшалася разам. Падахвіцэр В. замахнуўся прыкладам і зьехаў нейкаму нахабніку, які асьмеліўся дабрацца аж да яго. — Зацяўся максім, — крыкнуў кулямётчык. Камандзер падскочыў да кулямёту й адчыніў замок: у рулі засеў нявыпал. — Шомпал! — гукнуў ён ды высунуўся зза прыкрыцьця, каб паспрабаваць выбіць набой. Тут жа нехта з жаўнераў крыкнуў: «Рагуля, лажыся!» і бадай у той самы мамэнт сноп куляў зь «фінкі» ўрэзаўся ў вал перад кулямётам. Калі камандзер падняў галаву, дык партызан ужо выпускаў «фінку» з рук, прашыты куляй эскадронаўца. Спакойны і зраўнаважаны агонь эскадронаўцаў, эфэкт масавага ўжыцьця гранатаў зрабіў сваё: яшчэ раз давялося адступіць партызанам. Камандзер выслаў ганца па Д. Незадоўга той падпоўз да камандзера і зь вясёлай усьмешкай папытаў: — Ну як? Далі крыху перцу?! У вас тут весялей, — дадаў ён. — Можа пяройдзем у наступ? — запрапанаваў камандзер. Але Д., дасьветчаны ў партызанскіх баёх, катэгарычна адрадзіў. — Пачакаем, яны яшчэ раз паспрабуюць. Няхай сьцякаюць крывёй, а наступаць на нішто ня здасца: жывой душы ня знойдзем, а сваіх можам палажыць здорава. Жаўнеры падцягалі скрынкі з амуніцыяй, папаўнялі дыскі й стужкі, абвешвалі сябе гранатамі. Цэннай зброяй аказаліся яны! Ужо два разы ратавалі палажэньне. Тымчасам партызаны зноў адчынілі агонь па пазыцыях эскадрону. Цяпер ён быў радзейшы, але больш цэльны. Зь левага боку выстройвалася партызанская кавалерыя, відавочна зьбіраючыся шаржаваць. Агонь па правым боку ўзмацняўся. Да камандзера прыбег ганец. — Кавалерыя хоча адрэзаць дарогу на Карэлічы. Рыхтуецца салідны наступ. — Кінуць зьвяз паліцыі ў левы рог. Трымацца да апошняга. Перадайце лейтэнанту Д., што я выцягну тры дружыны й узмоцню ваш бок. Выцягнуць дружыны было толькі дзьве магчымасьці: або цераз адкрытае поле, што даволі строма падымалася ў кірунку пазыцыяў эскадрону, або абыйсьці левым бокам зарасьлямі й ярам. Першае больш рызыкоўнае, але пэўнае, другое — небясьпечнае, бо ў зарасьлях ды яры маглі быць партызаны. Камандзер выбраў першы шлях. У першую чаргу — воз з амуніцыяй. Цяжка храпучы, усьпінаўся па мяккай ральлі конь. Ня гледзячы на агонь праціўніка, жаўнер вёў каня за аброць. Іншыя скокамі падымаліся на ўзгорак. Партызаны, зар’ентаваўшыся ў нашым манэўры, узмоцнілі агонь. Кулямётчык застагнаў і павіс на кулямёце: з правага пляча сачылася кроў. Жаўнер пры амуніцыйным возе, пабачыўшы гэта, вярнуўся, і з дапамогай стужкавага загрузіў кулямёт на воз. — Усе з вашай дружыны? — папытаў камандзер жаўнера з групы К-кі, якая была на найбольш высунутым становішчы. — Усе. Засталося 5-ёх зь сержантам К-ам, але яны пайшлі налева, каб абыйсьці адчыненае поле. Камандзер пры дапамозе жаўнера падняў раненага і захапіўшы яшчэ скрынку амуніцыі, што засталася ад кулямёту, накіраваўся на адкос. Ён ня бачыў, як з-заду паднялося колькі партызанаў. Але ў гэты мамэнт падскочыў зь «дзехцяром» жаўнер К-іч — той самы, што месяц таму меў заданьне ад партызанаў ліквідаваць камандзера — і засланіў яго. Неўзабаве дзьве дружыны з трох занялі пазыцыі фронтам на Руткавічы. Гэтая пазыцыя выявілася больш выгаднай, бо давала лепшае поле абстрэлу. Тымчасам на левым баку, проста на нашыя пазыцыі, рвала партызанская кавалерыя. Грозна выглядала іхная шаржа, але як жа неабдумана: два разы мяшаліся ейныя рады пад агнём нашых кулямётаў, два разы яны перафармоўваліся. Урэшце мусілі пакінуць свой неразважны плян. Агонь на правым баку заціхаў. Штораз радзей падалі стрэлы. У гарачцы бою страцілі разьлік часу — сонца хілілася ўжо на захад. Падлічаем свае страты: лейтэнант Д. ранены ў нагу, але сядзіць на кані; кулямётчык — у плячо, яшчэ адзін жаўнер — у руку й нагу; сержанта К-кі і 4-ох жаўнераў нестае. Паводля аднаго, што выратаваўся з гэнай групы, яны ўсе трапілі ў палон. Аб стратах партызанаў мы даведаліся шмат пазьней ад аднаго з нашых, што ўцёк з партызанскага палону (яшчэ двух уцякло пазьней) і ад мясцовых сялян: 65 забітых і каля гэтулькі ж раненых. Хоць мэты не дасягнулі, але партызанаў навучылі рэспэктаваць беларускага жаўнера. Прыгнечаныя крыху стратай чатырох сяброў, але задаволены з канчальных вынікаў, эскадрон варочаўся ў Карэлічы. Назаўтра, перад адыходам, мы разьвіталіся з сваім сябрам К., пахаваным на могілках у Запольлі. Яшчэ адна ахвяра на аўтары Бацькаўшчыны.  Апошні этап: Нягневічы-Наваградак. Першага травеня. Наваградак прыняў сьвяточны выгляд. Калёны вучняў машыруюць на замковы пляц, дзе мае адбыцца ўрачыстая акадэмія з нагоды сьвята працы. Наваградчане групамі накіроўваюцца на замак. Настрой аднак невясёлы. Розныя весткі даходзілі аб эскадроне. «Разьбіты, зьліквідаваны, Міцька акружыў, Рагуля ў палоне…» Ніхто ня ведаў праўды. Камісар выходзіць на трыбуну з прамовай. На падвышэньні каля трыбуны сядзяць немцы з камісарыяту. Абыякава прыглядаецца гэтаму зыбраная гушча. Нечакана, як электрычны ток прашыў дасюль інэртную масу: з валу замчышча нейкі юнак гукаў: «Эскадрон! Рагуляўцы едуць!» Загула грамада, і натоўпам кінулася на валы замчышча. Камісар застаўся адзін на трыбуне. Перад ім — пусты пляц. За ім пару немцаў нязручна круціліся на лавах. Тымчасам эскадрон з песьняй заварочваў на замковую гару. Ім насустрач, з грудзей юнакоў - СБМ-аўцаў, няслася песьня, ведамая ўжо ўсяму Наваградку — «Наваградзкі Эскадрон». Цяпер толькі пачалося для наваградчан запраўднае сьвята.  Апісаны выезд эскадрону ў тэрэн быў апошнім актам існаваньня эскадрону, як зусім самастойнай адзінкі. На пачатку травеня ён быў перафармаваны й улучаны ў арганізаваны Наваградзкі Батальён. Лепшыя падахвіцэры й жаўнеры былі ўзятыя на камандны склад трох пяхотных ротаў батальёну. Каманду над батальёнам пераняў капітан Рагуля, дасюлешні камандзер эскадрону. Ягонае месца ў эскадроне заняў старэйшы лейтэнант С-ко. Язэп Сажыч. Мілітарызацыя Наваградчыны ў часе нямецкае акупацыі 1941 - 1945 Вайна нямецка-савецкая ў 1941 годзе застала мяне ў Львове, дзе я студыяваў на ўнівэрсытэце. Быў сьведкаю наступу й паходу немцаў, якія акружылі Львоў, пайшлі далей, а  ўкраінцы перанялі часова ўладу ўключна з агалашэньнем Незалежнасьці, якая доўга ня трывала, бо не задоўга [быў прызначаны] губэрнатар Галіцыі, які аб’явіў акупацыйную ўладу. Разам з украінцамі перажыў гэтае расчараваньне й перакананьне, што ад немцаў-нацыстаў няма чаго спадзявацца й думаць нейкай незалежнасьці ці аўтаноміі. Пабачыўшы, што многія з маіх сяброў-украінцаў былі арыштаваныя, а многія пайшлі ў падпольле — вырашыў вярнуцца на Бацькаўшчыну, адкуль да нас — беларускіх студэнтаў — падсылалі заклікі й ўлёткі, каб вярталіся дадому й памаглі будаваць беларускую адміністрацыю пад нямецкай акупацыяй. Прыбыўшы позна восеньню 1941 году ў Наваградак, застаў там інтэнсыўны беларускі рух у напрамку абароны перад палякамі, якія адразу пасьля акупацыі захапілі ў свае рукі паліцыю, «сакратарства» й перакладчыкаў пры нямецкай жандармэрыі й акупацыйных уладах. Стараліся нішчыць беларускую інтэлігенцыю даносячы, ў жандармэрыю ці ў СД на іх як на камуністаў. Нават і на мяне, хутка як вярнуў дадому, усьпелі ўжо данесьці немцам, што яшчэ адзін беларус-камуніст зьявіўся ў Наваградку. Але пры гэбітскамісары ўжо добра быў уладжаны мой сябра Барыс [Рагуля], які ня толькі адразу зьліквідаваў гэты данос, але запрапанаваў мяне Камісару як кандыдата на акруговага камэнданта паліцыі дзеля пераняцьця гэтай функцыі ад палякаў. Я быў заскочаны гэтым і не згадзіўся, заяўляючы, што на ніякае супрацоўніцтва зь немцамі не пайду (маючы дасьведчаньне з Украіны). Асабліва ў паліцыю не хацеў ісьці, а хіба толькі калі будзе магчымасьць арганізаваць сваё войска. Тут паўстала поўнае непаразуменьне сярод нас — быўшых добрых сяброў. Далей былі пераконваньні маіх сяброў і старэйшых нашых беларускіх дзеячоў, што мусім нешта сваё арганізаваць, адміністрацыю й, асабліва, школы, каб не загінуць з рук акупантаў і іх памочнікаў — нашых ворагаў. Бязумоўна, хутка ўцягнуўся ў культурны рух «Беларускі дом», хор і г. д. Перабраўся з гаспадаркі ўдома ў Гарадэчні жыць у Навагарадку, каб быць разам зь сябрамі й зь беларускай моладзьдзю. З пачатку прыняў функцыю Сакратара Міравога Суду пры судзьдзю Біруковічу. Потым стаў загадчыкам адміністрацыі нацыяналізаваных маёмасьцяў (асабліва земляў) пры камісару Ройтару — блізкаму памочніку гэбіткамісара. Але гэтага было мала. Хутка Барыс прыказаў мне рана ўставаць і йсьці ў настаўніцкую сэмінарыю, каб вучыць там хлапцоў «гімнастыкі», якая палягала ў вайсковай муштры й маршах з палкамі і з жаўнерскімі песьнямі. «Гімнастыка» ў Настаўніцкай Сэмінарыі, можна сказаць, была пачаткам беларускага вайсковага руху й вышкаленьня кадраў у Наваградку. Для мяне давала вялікае задавальненьне выявіць свае «капральскія» здольнасьці ў муштраваньні юнакоў-рэкрутаў. Маючы здольнасьць і добры голас да вайсковых сьпеваў і падаваньня камандаў, выбіўся яшчэ з гэтым у польскай падхаранжоўцы. Некаторыя хлопцы — студэнты Сэмінарыі — наракалі, што гімнастыка гэтая крыху зажорсткая, аднак бальшыня адносілася зь вялікім энтузыязмам да паўвайсковага вышкаленьня. Пачалі на хаду вышукваць і кампанаваць беларускія маршовыя песьні. Маршыруючы вельмі прыгожа сьпявалі, што ўмелі. Паўстала таксама праблема зь беларускімі камандамі. Вечарамі часта разважалі, як iх перакладаць на беларускую мову, пераважна з польскіх камандаў. Пыталіся ў старэйшых, якія каманды й вайсковую тэрміналёгію ўжывалі Случчакі і Балахаўцы (напэўна, расейскую). Зіма 41/42 году пакінула даволі прыемныя ўспаміны з жыцьця моладзі ў Наваградку. Культурнае жыцьцё — канцэрты, забавы — шумела. Разбудоўвалася пачаткавае школьніцтва й сэмінарыя. Але ўжо пачалася штораз большая актыўнасьць партызанская. Барыс недзе часта выяжджаў (у Менск, у Вільню) і не заўсёды дзяліўся з намі, дзе быў і што чуў. Меў нейкія кавалерыйскія замашкі, арганізуючы часта конную паездку на конях нямецкіх чыноўнікаў, калі тыя былі на выездах. Дзесь у пачатку 42-га году, аднойчы дзесь каля гадзіны 2 раніцы, позна вярнуўшыся зь Менску, Барыс разбудзіў мяне й кінуў мне на стол жмутак папераў і загадаў, кажучы: «На табе войска, аб якім усё марыш». Схапіўшыся, пачаў чытаць і разглядаць гэтыя загады ды пастановы, якія былі падпісаныя нейкім гэнэралам Цэннэрам. Беларусам дазваляецца арганізаваць «Самаахову» супраць нападаў і нішчэньняў вёсак з боку штораз актыўнейшае дзейнасьці чырвоных партызанаў, а потым рэпрэсіяў з боку немцаў. У Менску арганізуецца першы курс перашкаленьня беларускіх афіцэраў пад камандаю капітана Ф. Кушаля. У кажнай акрузе будзе зарганізаваная падафіцэрская школа, а ў кажным раёне будзе стаяць батальён Беларускае Самааховы БСА. Немцы забавязваюцца даць зброю, а Беларуская Самапомач павінна забясьпечыць гэтыя беларускія вайсковыя адзінкі харчамі й абмундзіраваньнем. Плян пачаў хутка рэалізавацца. Пашылі мне мундзір зь льнянага палатна, памаляванага на зялёны колер. Хутка вызвалі мяне ў Менск на першыя курсы афіцэрскія з многімі іншымі змабілізаванымі Беларусамі — вайскавікамі, пераважна быўшымі падхаружымі з польскай арміі, малодшымі афіцэрамі з быўшай царскай арміі, і хоць у малой колькасьці, але і зь лейтэнанты чырвонае арміі, якім удалося вырвацца з палону й далучыцца да нас. Памятую разьвітаньне з маім начальнікам, які быў злы, што адыходжу з працы, і быў перакананы, што нічога з гэтага беларускага войска ня будзе, цьвердзячы, што мы — немцы — ня можам давяраць Беларусам і даць ім узбраеньне, але мусіў прызнаць загад вышэйшых уладаў зь Менску. У Менску ішло інтэнсыўнае перашкаленьне афіцэраў — здаецца, два месяцы. Абзнаёміліся зь нямецкай зброяй і крыху камандамі, а таксама з савецкімі вінтоўкамі й кулямётамі. Барыс на курсе ня быў, бо мусіў астацца ў Наваградку, прадбачаны як камандзер акруговы БСА, арганізаваць мабілізацыю ў падафіцэрскую школу ў Наваградку і ў батальёны па раёнах. Часта прыяжджаў у Менск зь візытаю ў нашыя кашары, а ў суботы й нядзелі мы заўсёды пёрліся на беларускія опэры. На афіцэрскіх курсах адразу выбіліся некаторыя быўшыя польскія падхаружыя — завадовы й рэзэрвы, зь якімі лічыўся й нямецкі інспэктар (наглядчык) і, асабліва, камандзер Кушаль. Нейк, як прадбачана, з кажнае акругі адзін альбо пару й так памятую гэных выдатнікаў: Мікуліч, Сажыч, Кажан, Качан, В. Русак з Баранавіч; Чайкоўскі й Зыбайла із Слоніму. Із старэйшых Сокал-Кутылоўскі, хоць гэтаму было цяжкавата адаптавацца да нямецкае тэхнікі й мовы. Пасьля заканчэньня курсаў перашкаленьня афіцэраў у Менску, я быў назначаны камандзерам падафіцэрскай школы БСА ў Наваградку. Прыехаўшы ў Наваградак, я ўжо застаў гатовыя кашары й змабілізаваных быўшых падафіцэраў — пераважна з польскае арміі й некалькі з чырвонае арміі. Пастанавілі сфармаваць тры зьвязы з гэтых рэзэрвістаў і чацьвёрты — з дабравольцаў-юнакоў зь сямігадоваю асьветаю, якія дасюль нідзе ня служылі ў войску. Паехалі ў настаўніцкую сэмінарыю, дзе калісь вучыў «вайсковую гімнастыку», і гукнулі пра падафіцэрскую школу, дык ахвотнікаў зьявілася болей, чым мы маглі прыняць. Выбралі 60 чалавек у чацьвёрты зьвяз, названы «Зьвяз Стрымгалоўцаў». Камандзерам гэтага зьвязу я назначыў лейтэнанта Матысяка, які разам зы мною быў на курсе ў Менску. Выбар быў добры, бо ён запраўды фахова й добра школіў «рэкрутаў», а пазьней кандыдатаў на камандзераў дружынаў. Часам хлопцы наракалі, што ён быў завельмі срогі й вымагаючы. Напрыклад, часта баявыя цьвічэньні адбываліся пад гарою й на высокай стромай наваградзкай замкавай гары, дзе, бягучы ў атаку пад гару, давалася каманда «сядай», а бягучы з гары — каманда «лягай», дык хлапцы казалі, мусіць, камандзер мыляецца, бо было б больш талкова з гары «сядай», а пад гару «лягай», але гэта ўсё асталося толькі ў памяці й жаўнеры дацэньвалі цьвёрдую й цяжкую дысцыпліну. Кажны дзень пачынаўся зборкаю на пляцы ў чатырохкутніку з «хворымі» на левым крыле. Службовы афіцэр здаваў мне рапарт, прывітаньне «Жыве Беларусь» й адсьпяваньне малітвы «Беларусь наша Маці-Краіна», і тады кажны зьвяз маршыраваў у сваім напрамку на заняткі. Часам на такую цырымонію пад'яжджаў Акруговы Камандзер БСА Барыс на інспэкцыю. Тады здаваўся рапарт яму. Характэрным для гэтай школы было, што вельмі прыгожа сьпявалі, як і маршыравалі на занятках, а гэта ўжо заслуга камандзера школы, які сам любіў сьпяваць. Першыя месяцы школы адбываліся ў вельмі энтузыястычным настроі й духу. Дасылаліся індывідуальныя новыя кандыдаты, напр., студэнты Малешка й Кавэліч, якіх змабілізавалі, каб эвэнтуальна вышкаліць іх на афіцэраў. З пачатку цяжка было іх уламаць у вайсковую дысцыпліну як вольнадумцаў-студэнтаў, але потым некаторыя зь іх выйшлі добрымі афіцэрамі й энтузыястычнымі беларускімі вайскавікамі як, напр., лейтэнант Малешка, які пазьней загінуў у Лідзе з рук польскай партызаншчыны, альбо Бітус Валодзя. Сярод старшых падафіцэраў выбіліся некаторыя вельмі здольнымі камандзерамі, якім акруговы камандзер прапанаваў надаць рангі лейтэнантаў — напр., Орсічу, Сацэвічу і некалькім іншым. У школе, апрача вайсковага вышкаленьня, адбываліся таксама курсы агульнага вышкаленьня беларускай мовы, гісторыі, геаграфіі. Прыходзілі паважныя настаўнікі даваць лекцыі, як Акінчыц, д-р Орса й іншыя. На жаль, як прадбачыў мой былы начальнік, немцы слова не датрымалі. Гэнэрал Цэннэр дзесь прапаў. Немцы спалохаліся вялікага беларускага вайсковага ўздыму. Не даставілі абяцанага ўмундзіраваньня й лепшай зброі (апрача старых савецкіх стрэльбаў). Хлопцы-падафіцэры падзерлі на цьвічэньнях свае апошнія боты — абутак і адзёжу. Дух пачаў падупадаць. Сам я быў добры да камандаў і загадаў, але слабы прамоўца. Часта прасіў камандзера Барыса пад'яжджаць у школу, каб талкова прамаўляць да курсантаў і падтрымоўваць іх на духу. Ня помню, як ішла арганізацыя батальёнаў у раёнах, куды мае курсанты павінны былі пераходзіць у якасьці камандзераў дружынаў ці зьвязаў. Немцы пачалі прапанаваць і разьбіраць нашых падафіцэраў у іншыя дапаможныя паравайсковыя аддзелы, як, напр., лейтэнанта Орсіча забралі ў Менск на камандзера добра ўмундзіраванай і ўзброенай роты пры жандармэрыі, Ул. Сацэвіча й Бітуса на камандзераў лясной аховы. Мяне асабіста выклікалі ў Менск, дзе ў вялікім будынку — быўшым доме «правіцельства» — спаткаў мяне ў чорным і гранатовым чыгуначным мундзіры капітан Кушаль і таксама нізенькі палкоўнік Мірскі ў такім самым мундзіры. Капітан Кушаль дае мне загад: забраць з Наваградку мінімум 50 чалавек і ехаць у Ліду, дзе будуць дабаўленыя змабілізаваныя ў БСА жаўнеры, каб школіць і камандаваць т. зв. «чыгуначным батальёнам». Паўстала гарачая дыскусія. Я прабаваў пратэставаць ізноў, што зь немцамі немагчыма йсьці на нейкае супрацоўніцтва, але капітан Кушаль, пасьля сьцьверджаньня, што нам трэба хапаць зброю, дзе толькі даецца, закончыў — «непатрэбныя далейшыя дыскусіі, а мусіце падпарадкавацца загаду» — павёў мяне ў канцылярыю галоўнага камандзера чыгуначнай аховы, які быў у чыне гэнэрала. Там ён мяне прадставіў як кандыдата на камандзера ў Ліду. Той выясьніў мне, што атрымаем добрае абмундураваньне, зброю й закватэраваньне з харчамі, а таксама, што буду мець поўную свабоду ў шкаленьні й камандаваньні гэтай адзінкі, толькі мушу пазнаёміць і навучыць крыху сваіх школьнікаў нямецкае каманды і, бязумоўна, пазнаць добра лёгкую нямецкую зброю: вінтоўкі, пісталеты, кулямёты й мінамёты і ў вагульным — гранаты. Будуць прызначаны да мае адзінкі двох немцаў-афіцэраў з чыгуначнай аховы як інспэктары. Падаў мне руку й пажадаў добрых усьпехаў. Спадары Кушаль і Мірскі абнімалі мяне й падкрэсьлівалі нейкую гістарычную ролю новаарганізаванага беларускага чыгуначнага батальёну. Завялі мяне дзесь у нейкі чыгуначны склад і выбралі прыгожы да меры кангэровы гранатовы мундзір, выдалі новы бэльгійскі браўнінг. На круглай шапцы была начэпленая беларуская Пагоня, а на каўнярох — Ярылавыя крыжы. Прыехаўшы назад у Наваградак, я перадаў камандаваньне ўжо расьцярушанае падафіцэрскае школы штабс-капітану Сьцяпуржынскаму. Выбраў дзесяць падафіцэраў, пераважна маладых, ізь зьвязу «стрымгалоўцаў» на інструктараў у Ліду. Агаласіў:   «Хто хоча, на ахвотніка, ехаць зы мною ў Ліду [працаваць] спасярод радавых жаўнераў, далучаных ужо ў той час да школы для фармацыі батальёну БСА». Ізноў з ахвотнікамі ня было праблемы, бо згаласілася замнога й трэба было выбіраць найлепшых, напр., адзін вельмі гарачы беларус і адважны жаўнер Міхась Чартко з Далятыч, прасіўся з плачам, каб яго ўзяў з сабою. У мяне былі засьцярогі, што ён часам выпіваў замнога. Ня ведаю чаму, але мне прышлося зарганізаваўшы аддзел замэльдавацца ў Акруговага Кіраўніка Беларускай Самапомачы сп-ра Якуцэвіча. Той прыняў мяне ў сваёй канцылярыі зь вялікай «помпай». Даў мне напісаны загад — гэтым загадваецца Вам на чале аддзелу ў сіле 50 чалавек неадкладна ехаць у горад Ліду й замэльдавацца ў «Бангофсафіцыра». Таксама выдаў мне пасьведку па-нямецку із штэмпелем Гэбіткамісара. У Лідзе па прыбыцьці нас памясьцілі ў кашары (быўшая фабрыка галёшаў у Лідзе). Даслалі, больш зь Лідзкай акругі, змабілізаваных жаўнераў, на чале зь вельмі добрым камандзерам Клінцэвічам. Разам стварылі тры зьвязы па 60 чалавек. Цікава, што немцы вельмі неахвотна прызнавалі афіцэрскія рангі, як лейтэнанта або капітана, а ўжылі тытулаў «фюрэр» — zugführer і gruppenführer. Мяне мае падначаленыя называлі «Спадар ротны». Пачаліся заняткі вышкаленьня. Нямецкія афіцэры-інспэктары падавалі прапановы, каб галоўна школіць у валоданьні аружжам, муштры й вартавой функцыі. Але пакідалі поўную свабоду камандзеру як школіць, бачачы спраўнасьць, дысцыпліну й прагрэс нашых вайскавікоў — некаторых зусім без вайсковага вопыту перад гэтым. Бязумоўна, нашым цэлем было даць поўнае ваеннае вышкаленьне, дык выходзілі за горад у поле, цьвічачы наступ і абарону (з капаньнем акопаў). Маршыруючы праз горад на цьвічэньні ці заняткі, заўсёды вельмі спраўна грымелі беларускія маршавыя песьні. Памятаю на каталіцкія грамніцы 2-га лютага, якраз рота маршыравала па сьнягу, па вуліцы каля касьцёла і сьпявала песьню «У гушчарах». Усе вырынулі з касьцёла на двор і прыглядаліся, ня ведаючы, што гэта за вайсковы аддзел (не паліцыя), а ў чорных мундзірах у поўным баявым узбраеньні, плецакі з лапаткамі, вінтоўкі і штыхі, гранаты й тры кулямёты. Расказвалі потым мне, што паніка панавала сярод «палякаў» — думалі, што гэта нейкі карны атрад і распаўсюджвалі плёткі, што ямы за горадам капаюць; а мы цьвічыліся ў рыхтаваньні акопаў, хоць вельмі плыткіх і правізарычных. Вечарамі часта з падафіцэрамі прыгатоўвалі новыя песьні. Прыслалі мне зь Менску ад Саковіча словы і ноты да песьні першага зьвязу штурмовага «Чутно гоман — там войска сьпявае». Падафіцэры, быўшыя сэмінарысты з Наваградку, памагалі мне развучыць гэтую песьню пры помачы мандалінаў, але неяк не выходзіла гэта добра да маршу, а словы вельмі прыгожыя і баявыя, дык я сам дабраў мэлёдыю да гэтай песьні і цікава, што яна сталася вельмі папулярнай сярод нашых вайсковых аддзелаў па ўсёй Беларусі. Да прыезду «беларускіх чыгуначнікаў» у Лідзе ўжо працавалі ў школах маладыя настаўнікі, якія закончылі сэмінарыю ў Наваградку і пачалі беларусізаваць спольшчаныя пачатковыя школы, але спачатку ім ішло гэта вельмі цяжка, бо былі тэрарызаваныя й [знаходзіліся] пад страхам польскай помсты. Як пачаў дзейнічаць чыгуначны батальён, дык палякі на чале зь іхнай паліцыяй прыціхлі, а нашыя настаўнікі «паднялі вушы». Ніколі не забуду, як у нядзелю спацыруючы з маладою настаўніцай Соняй у цэнтры гораду, многа якраз праходзіла па ходніках людзей з касьцёлаў. Ідуць супроць нас дзьве панюсі зь дзьвюма дзяўчынкамі-школьніцамі, а гэтыя, убачыўшы настаўніцу, паднімаюць ручкі і голасна вітаюць: «Жыве Беларусь». Я прыгожа адсалютаваў ім, а панюсі-полькі аж захлыснуліся: «Co sie robi, pani droga, świat się kończy». Вельмі сардэчна мы пасьмяяліся з Соняю і цешыліся сваёй перамогай. У вольным часе пазнаёміўя зь беларусамі, працуючымі пры gebiets-камісары, і дзіўна быў заскочаны, што там у канцылярыях панавала поўнасьцю польская мова, але сьведамейшыя беларусы пачалі «адважна» гаварыць па-беларуску, маючы за плячыма сваё «войска». Памятаю, спаткаў там інж. Клімовіча, т. зв. палкоўніка Дзямідава, сп-ра Вітаўта Рамука. Хутка ўсе мы — афіцэры і падафіцэры, бел.[арускія] чыгуначнікі, настаўнікі, пераважна маладыя і прыгожыя паненкі і працаўнікі з адміністрацыі — наладзілі вялікае спатканьне — банкет і забаву. Забава была вельмі ўрачыстая. Помню, як плачучы горача прамаўляў палкоўнік Дзямідаў, вітаючы нашых вайскавікоў першы раз тут у гісторыі Ліды. Не абышлося й без малых інцыдэнтаў. Танцуючы ў поўнай салі мае падафіцэры, як пачуюць, што нейкая парачка танцуе й па-польску гаворыць, дык ня могуць устрымацца й зачапаюць такіх, гаворачы «хто вас сюды запрасіў — палякаў». Здарылася гэта нават і са сп-ром Рамуком, які танцаваў зь нейкай сакратаркай і па-польску гаварыў. А мне прыкра было ўспакайваць іх і тлумачыць. Цікава таксама, што мы даведаліся, што ёсьць дзесь на могілках праваслаўная царкоўка, а я сам любіў у нядзелі быць на богаслужбах і многія з маіх жаўнераў жадалі. Дык у нядзелю стройна са сьпевам маршыравалі ў царкву, але як пасьля службы выйдуць усе з царквы й знаёмяцца, дык цяжка было паверыць, што асабліва маладыя пераважна гавораць між сабою па-польску. Знаёмячыся з нашымі вайскавікамі, цяжка ім, дзяўчатам, было пераломлівацца і нейк са страхам, аглядаючыся — гаварыць па-беларуску. Паколькі ў Лідчыне быў тэрор і палянізацыя, многія ўспамінаюць, што пакуль нашае «войска» там стаяла, панаваў крыху беларускі дух. На жаль, доўга гэта не патрывала, толькі 2 - 3 месяцы й немцы, пераканаўшыся, што нашыя «ваякі» ўжо добра пашколеныя — загадалі разьдзяліць гэтую вялікую роту на малыя аддзелы (па 10 да 15 чалавек) і рассылаць па меншых чыгуначных станцыях для аховы. Да кожнае дружыны я вымагаў далучыць свайго падафіцэра, каб камандаваў сваімі людзьмі. Пакінуў пры сабе сталы «штаб» — інструктараў, зь якімі пасьля Ліды быў пераведзены ў Маладэчну, дзе вышкаліў таксама роту маладых юнакоў, потым у Стоўпцы, а там, цікава, атрымаў рэкрутаў пераважна з усходняй Беларусі — са Случчыны, якія спачатку вельмі насьцярожана на нас, камандзераў, глядзелі (заходнікаў — ці «нямецкіх наймітаў»), але потым у часе шкаленьня здабылі да нас давер і пашану. Адзін з такіх пазьней стаўся падафіцэрам, расказваў мне, што баяўся мяне і не разумеў, чым я «пахну» — ці я за немцаў, ці за чырвоных, бо ў сваёй прамове казаў «напляваць нам на новую Эўропу ці новыя парадкі, а толькі трэба аружжа ў свае рукі хапаць й свайго дабівацца». Ад случчакоў шмат падхапіў песьняў і ўвёў іх да маршавога сьпеву. Са Стоўпцаў перавялі мяне ў Баранавічы й тут ужо астаўся як бы ў «Галоўнай кватэры чыгуначнага батальёну». Паралельна з арганізацыяй мною роты ў Лідзе была арганізавана падобная рота ў Менску пад камандаю Зьмітрука Чайкоўскага, але зь Менску гэтая арганізацыя далей не пасунулася.   Будучы ў Баранавічах, мяне лічылі «Verbindungs-афіцэрам»[15 - Сувязным афіцэрам (ням.).] паміж усімі аддзеламі, раскіданымі па станцыях.   На мясцох па станцыях нямецкія «вахтмайстры» стараліся апанаваць нашых чыгуначнікаў і поўнасьцю камандаваць імі, абкрадаючы іх у Verpflegung[16 - Харчовым пайку (ням.).] і іншых запасах. Нашыя падафіцэры змагаліся за ўтрыманьне кантролі над сваімі жаўнерамі й часта здараліся інцыдэнты варожасьці, сутычкі. Так, напр., на станцыі Выгода — паміж Баранавічамі і Менскам — камандзер зьвязу Слонімскі збунтаваўся супроць нямецкай Bahnschutzpolizei[17 - Чыгуначнай паліцыі (ням.).], разаружыў іх, разьдзеў і пашоў са сваім аддзелам у лес, залажыўшы беларускі партызанскі атрад імя К. Каліноўскага. Прысылаў ганцоў да мяне й наракаў, што доўга ня зможа самастойна ўтрымацца й будзе змушаны здацца чырвоным партызанам. Апошнiя два хлапцы вярнуліся да нас зь лесу, якіх мы захавалі перад немцамі. Расказвалі, што камандзера Слонімскага загналі дзесь узад у табар — не давяраючы яму. Мяне з гэтай прычыны вызывалі ў галоўную кватэру Bahnschutzpolizei у Менску, пагражалі, але я скарыстаў з гэтага, каб здабыць большае права лучнасьці й нагляду над сваімі хлапцамі, каб іх ня крыўдзілі немцы. На адрэзку Клецак - Слуцак будавалі новую лінію чыгункі і туды скіравалі даволі многа нашых чыгуначнікаў для аховы будовы й мабілізацыі рабочых сілаў з падводамі. Паехаўшы туды адведаць сваіх, вадзілі мяне ў вёскі сярод сялян, якія на маю гордасьць і пацеху выражаліся вельмі прыхільна аб нашых хлапцах. Разумеючы, што яны мусяць выконваць загады немцаў, але робяць гэта справядліва й лагодна, а ня так, як «белашыйкі» (паліцыя), якіх можна было «падкупляць» і [якія] паказвалі сваю брутальнасьць улады. Будучы ў Баранавічах (на станцыі) пасьля заканчэньня шкаленьня, меў шмат часу й свабоду руху, чыгункаю мог езьдзіць ува ўсе бакі. Асабліва часта прабываў у Менску, быў зьвязаны з БНП. Прыяжджаў да мяне Барыс, калі дастаў дазвол арганізаваць конны швадрон, прапануючы мне вярнуцца ў Наваградак й абняць каманду якогась плютону. Аднак зразумеў, што мне не выпадае пакінуць сваіх чыгуначнікаў. Адно, што змог парадзіць яму, якіх камандзераў выбраць з кадраў быўшай школы БСА. Усевалад Родзька запрапанаваў мне быць камэндантам кашараў, дзе адбываліся курсы кіраўнікоў СБМ, а ён быў кіраўніком і выкладчыкам на гэтых курсах. Вельмі цікава і прыемна было правесьці некалькі тыдняў з нашаю моладзьдзю, сярод якой трымаў дысцыпліну і меў пашану (сьведка М. Ганько). У часе Другога [Усебеларускага] кангрэсу мне даручана было зь іншымі нашымі афіцэрамі ахова гэтага кангрэсу — у выпадку нападу партызанаў або немцаў, якім магло не спадабацца завялікае вымаганьне незалежнасьці. Абладаваны двума пісталетамі й гранатамі, хадзіў дзесь па бальконах і кругом будынку, мала абсэрвуючы, што адбывалася на кангрэсе. Хутка пасьля кангрэсу — адступленьне на Захад. Наш быў апошні цягнік, які адыходзіў з цэнтральнае станцыі ў Баранавічах (Палеская станцыя ўжо была занятая чырвонымі). Некалькі дзён перад гэтым былі сьведкамі вялікіх калёнаў пешаходаў і фурманак адступаючых бел. сялянаў і іншых у кірунку на захад. Многія падафіцэры, напр., Русак й жаўнеры, падыходзілі да мяне, пытаючыся, што рабіць. Радзіў ім, калі нічога ня ведаюць удома — дзе ты й калі зможаш захавацца перад тэрорам чырвоных — аставайся. Мы едзем няведама куды й калі вернемся. У апошні мамэнт далучыліся да нас пару дзяўчатак у зялёных уніформах (сярод іх Юзя Брэчка), даў ім асобнае месца ў вагоне, і забралі іх. Падарожжа было доўгае й цяжкае. Міны і атакі партызанаў на дарозе. Нейк абмінулі Варшаву, паехалі праз Чанстахову, Сьлёнск на Прагу — у Чэхію. Адтуль уздоўж Баварыі ў раён Saarbrücken, дзе нас разаружылі, загналі ў Durchgangslager[18 - Перасыльны лягер (ням.).], а потым паразьдзялялі па станцыях, каб папраўляць калейкі пасьля аліянцкіх бамбёжак, якія там былі вельмі цяжкія й частыя. Аднаго разу зьяўляецца да мяне маёр Барыс і загадвае мне пакавацца і ехаць зь ім у Берлін. Загад з БНП быў трымацца з хлапцамі й пры аказіі перайсьці да францускіх партызанаў. Але ж Барыс быў маім спонсарам у БНП, дык ня мог яму супраціўляцца. У Бэрліне на «Weissensee» тры дні правёў на рапартах з палк. Езавітавым — сколькі людзей пакіну і дзе яны і т. д. Гэты прапанаваў мне ўступіць у новаарганізаваную ў Баварыі Беларускую Дывізію. Заядлыя дыскусіі — БНП прапанавала лепш скідаць уніформу й йсьці ў рабочыя лягеры, наклейваючы сабе значкі «Ostarbeiter»[19 - Усходні работнік (ням.).], каб у часе капітуляцыі быць сярод сваіх людзей і не пападаць у паніку. На нейкі час прыняў я камандаваньне нейкім «запасным батальёнам» у Бэрліне — гэта разьбіткі з БКА — шмат афіцэраў і падафіцэраў, але панавала там анархія і бесдысцыплінаванасьць. Далей, таму што ўпіраўся ня ўступаць у дывізію, папаў у няласку прэзыдэнта Астроўскага, які выкрасьліў мяне зь лісты павышэньня рангаў (на маёра), ня мог атрымаць Verpflegungskarte[20 - Харчовых картак (ням.).]. Ня ведаю, дзе ў гэты час Барыс боўтаўся. Сп. Ю. Сабалеўскі запрапанаваў мне разам зь Бяленічам быць інспэктарам па расьсяленьні бежанцаў у Нямеччыне, якіх часта пасялялі ў Ostarbeiterlagers[21 - Лягерох для ўсходніх работнікаў (ням.).]. Дастаў прымэльдаваньне й харчавыя картачкі. Пачаў езьдзіць па Нямеччыне, знайшоў сваю сымпатыю Вару М. у Турынгіі. Урэшце йзноў зьявіўся Барыс і заявіў мне, што нідзе ня выкруцішся. Дывізія ўжо зарганізавана й мне прапануецца камандаваньне афіцэрскай школы пры гэтай дывізіі. Атрымаў зялёную вайсковую ўніформу з пагонамі капітана і выехаў у Баварыю. Тут пачаліся нармальныя заняткі ў школе і ў батальёнах «дывізыйных». Барыс прыпыніўся пры штабе гэнэрала Зыглінга як лучнік да дывізыі (Verbindungsoffizier). За пару тыдняў прысылаюць у школу «Sturmbahnfüher’а»  Marbach, які пераймае каманду школы, якую пераймяноўваюць у «падафіцэрскую школу (Unteroffizierschule). Мне прапануюць астацца, як «Verbindungsoffizier». Паўстала замяшаньне. Кадэты пачалі бунтавацца, ня прызнаючы нямецкага камандзера, а дэманстрацыйна здаючы мне рапарты і т. д., як, напр., Зьмітро Зыбайла (?). Немцы загадалі мне й некалькі афіцэрам-інструктарам больш не паяўляцца ў школе, а сядзець у асобным бараку да дальшага распараджэньня. Ізноў зьяўляецца Барыс — забірае мяне ў штаб, дзе быў у нейкім замку на ўрачыстасьці з усім нямецкім гэнэралітэтам і даволі блізка абсэрваваў самога гэн. Зыглінга, які выдаваўся мне вельмі прыстойны, высокі й даволі сымпатычны. Атрымоўваем з Барысом паперы й напраўленьне на поўнач у Ростак. Гэта мне вельмі заімпанавала, бо вельмі ж калісь прагнуў папасьці ў нямецкую акадэмію ваенную. Там школілі нас на камандзераў батальёнаў і брыгадаў. Ня было афіцэра ніжэй капітана, шмат маёраў і палкоўнікаў Ritterkreuzträgers[22 - Кавалераў «Рыцарскага крыжа» (ням.).]. З чужаземцаў было з намі пяць афіцэраў мадзярскіх. Вадзілі на палігоны, дэманстравалі панцэрфаўсты й панцэршрэкі. На выкладах вучылі, як арганізаваць штаб батальёнаў і новыя дывізыі «45» з малою колькасьцю людзей, але вельмі сільнаю зброяй, кожны жаўнер з аўтаматам. Падкрэсьлівалі немцы, што ім не хапае добрага вышкаленьня ваяваць уночы і ў лясох г. зн. з партызанамі. Вазілі нас ува ўнівэрсытэт у Ростак на цікавыя выклады й дыскусіі. У часе перарываў высокія афіцэры акружвалі нас пры перакурцы, распытвалі хто мы, бо мелі на шапках Пагоні, а на каўнерах ярылаўскія крыжы. Асабліва захопленыя былі Барысом, які сярод іх выглядаў молада, быў у ранзе маёра й бадзёра трымаўся. Я асабіста нейк слаба разумеў панямецку, ды агарнуў мяне пэсымызм, чуючы часта гарматныя стрэлы недалёка пад Штэтынам. Пыталіся і радзіліся нас практычных заўвагаў пра барацьбу з партызанамі. Цікава, што часта заяўлялі, калі б нас (немцаў) аліянты пакінулі бамбіць і атакаваць з захаду, дык мы гэтым герояў чырвоных яшчэ здольныя былі б загнаць назад з-пад Бэрліна й Штэтына за Маскву.   Аднаго разу выгналі нас на пляц кашараў, пастроілі ў трыкутнік (чалавек каля пару тысяч). Зьяўляецца фэльдмаршал з булавою, якому здалі рапарт, а ён кажа:   «Спадары, на ўсходнім фронце дрэнна, таму што шмат дэзэрцыі. Я патрабую пару сотняў ахвотнікаў сярод вас, якіх мы кінулі-б на фронт каб устрымаць дэзэрцыю. Ахвотнікі, прашу выступіць наперад». Цішыня і ніхто не варушыўся. Фэльдмаршал ня гневаўся, а спакойна заявіў — я разумею, таму мушу сам вызначыць, і ідучы перад лініямі пастроеных паказваў булавою:  ― «Вы-Вы-Вы», ― каб выступалі, і наткнуўся на Барыса, які заўсёды строіўся ў першы рад, а я за ім у другім раду. Барыс самлеў, а я ззаду   «Кажы, што Ausländer[23 - Замежнік (ням.).], дык ён мэльдуе, што з Беларускае Дывізіі, да якой ён хоча вярнуцца». Маршал лепш прыгледзеўся да ягоных адзнакаў і загадаў: ― «Zurücktreten», ― адступі назад. Зараз пад’ехалі аўтобусы й «ахвотнікаў» павязьлі недзе, а Барыс падзякаваў мне за параду. Песьні Першага Беларускага Штурмовага Зьвязу Чутны гоман — там войска сьпявае, Ўвёсцы водгалас рэха чуваць. Беларускі жаўнер прыбывае Ў сваю вёску начлегам стаяць Гэта йдзе першы зьвяз наш штурмовы, Беларусь — родны край бараніць. Хоча скінуць чужыя аковы Ў вольным краі, каб вольным мог жыць Людзі кветкамі іх абкідаюць, А дзяўчаты цалункі ім шлюць Яны з радасьцяй гэта прыймаюць Так прыгожа празь вёску ідуць. Па кватэрах гаворка, шаптаньні, Прысяганьні, ў вачох поўна сьлёз, — Ноч прайшла, надыйшло развітаньне Бо жаўнера такі ўжо лёс. Беларускае войска сьпявае — У крывавы гатуецца бой, А дзяўчына жаўнера пытае, Чаму браць ён ня хоча з сабой. Родная краіна Шкода роднае Краіны І тый міленькай дзяўчыны, Шкода, шкода, баліць сэрца, Яна гіне ў паняверца. Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі! Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны! Яна, бедная, чакае, Горкі сьлёзы пралівае А я тутка між чужымі Тужу вечна за сваімі. Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі! Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны! Але прыйдзе і хвіліна Калі любая дзяўчына Зможа пры мне пасядзеці І ў вочкі паглядзеці. Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі! Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны! Ў нас гаворкі будзе многа, Ў аднога і ў другога. Што чуваць і як жывецца Да чаго кожны імкнецца. Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі! Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны! Будзем Бога мы прасіці, Каб пазволіў разам жыці Па прайшоўшай завірусе Ў сваёй роднай Беларусі. Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі! Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны! Новыя часы Ўжо новыя часы для нас наступаюць, Бо і нас у войска сваё заклікаюць. Ня сумуй, дзяўчына, і ня плач сьлязамі Як зло пераможам, дык зноў будзем з вамі. Мы роднай старонцы йдзём усе служыці І ворага злога ўсюды будзем біці, Бо дзе лясы, рэкі, дзе старонка тая, Гэта край наш родны — Беларусь сьвятая. Дык мы ж, яе дзеці, будзем ёй служыці І колькі сіл хваце будзем бараніці. Каб наша змаганьне марна не прапала І Беларусь вольнай як найхутчэй стала. Дык я заклікаю ўсіх з усёй сілы Бараніць край родны да самой магілы. І хоць бы прыйшлося жыцьцё ёй аддаці, Мы ўсе ж гэта зробім, бо яна нам маці. Нямеччына, травень 1941 г. Б. Д-ч. notes Примечания 1 Тэкст друкуецца паводле выданьня: Рагулявец. Наваградзкі эскадрон // Наперад (Мюнхен). № 24 - 26. 1953. 2 Ужываны ў артыкуле назоў паліцыі або «чорнай паліцыі» не датычыцца да беларускае паліцыі наагул, але выключна да спэцыфічных абставінаў у Наваградку. Наваградзкая паліцыя ў сваёй бальшыні складалася з палякаў. Камандны склад за выняткам каманданта, якім быў сп. К., беларус, быў польскі. «Зьбеларушчыць» наваградзкую паліцыю было амаль немагчыма, бо акруговая і раённая нямецкая жандармэрыя, якой паліцыя падлягала, была поўнасьцяй пад уплывам палякаў, ці лепш сказаць полек. Адносіны паліцыі да беларускага насельніцтва былі нязвычайна дрэннымі. Рабункі, пабоі, тэрор, п’янства былі на дзённым парадку. Наваградзкая паліцыя, гэта вялікая пляма на тагачасным беларускім актыве. 3 Штабсляйтэр Вольфмаер — вялікі прыяцель беларусаў. Ён правільна ашацоўваў палітычную сытуацыю і быў скрытым праціўнікам нямецкай палітыкі ў Беларусі. Ён рабіў усё магчымае, каб аблягчыць лёс беларусаў, быў праціўнікам вынішчаньня жыдоў і ў супрацоўніцтве зь беларускім актывам дапамагаў ім у ўцёках. Восеньню 1942 г. ён загінуў ад партызанскай кулі. 4 «Зондэрфюрэр» — гаспадарчы ахвіцэр, які дапільноўваў сваечасовай здачы паставак. За малымі выняткамі, былі гэта людзі нізкай культуры, пажадлівыя нажывы, спэкулянты й п’яніцы. 5 — Якія-ж вашы ўмовы? — Незалежнасьць у вышкале й дзейнасьці. Зброя й вопратка перад наборам, коні й сёдлы пасьля 2-месячнага вышкалу. — Калі спадзеяцеся Вы зарганізаваць адзінку? — 3 дні пасьля атрыманьня ўспомненых рэчаў. — Вы маеце маё слова, спадар капітан. Жадаю шчасьця. За 2 тыдні ўсё будзе на месцы (Перакл. Рэд.). 6 Фарны касьцёл пры вуліцы 25-га Сакавіка знаходзіўся ў падножы Замкавай Гары з усходняга боку. Праўдападобна Ягайла браў тут свой чацьверты шлюб. 7 S.D. — Sicherheitsdienst; нямецкая служба бяспекі, нешта падобнае да савецкага МВД. 8 — Не партызаны. Добрыя хлопцы. Ідзеце дадому, але лепш тут больш не праяжджаць (Перакл. Рэд.). 9 Z.H.O. — Zentralhandelsgesellschaft Ost — нямецкая каляніяльная ўстанова, што выкуплівала вартасныя рэчы на акупаванай Беларусі за нізкай якасьці прамысловыя нямецкія прадукты ды розныя пабразгушкі. Абсаджана палякамі пад прыкрыўкай «Фольксдойчаў». 10 Словы Карля фон Кляўзэвіца, прускага гэнэрала, аўтара слаўнае кнігі «Аб вайне (1800 - 1831)». 11 А, палонны, добра, добра. 12 Што-ж вы зь ім зробіце? 13 Неадкладна спаліць вёску. Тут усе партызаны. Падпальваць! 14 Назад, або страляю! 15 Сувязным афіцэрам (ням.). 16 Харчовым пайку (ням.). 17 Чыгуначнай паліцыі (ням.). 18 Перасыльны лягер (ням.). 19 Усходні работнік (ням.). 20 Харчовых картак (ням.). 21 Лягерох для ўсходніх работнікаў (ням.). 22 Кавалераў «Рыцарскага крыжа» (ням.). 23 Замежнік (ням.).