Левы рэйс Владимир Николаевич Шитик Апавяданні, уключаныя ў зборнік, адзначаны прэміямі на рэспубліканскіх конкурсах «Мая міліцыя», а аповесць «Па жураўля ў небе» і апавяданне «Другая версія» атрымалі дыплом на конкурсе Саюза пісьменнікаў і МУС СССР. ЗМЕСТ: Другая версія Неспадзяваны ход Гадзіннік з бранзалеткай Левы рэйс Па жураўля ў небе Мастак: Л. М. Марчанка Уладзімір Шыцік Левы рэйс Другая версія У невялікіх гарадках усе ведаюць адзін аднаго. Пачуўшы пра гібель Грыбоўскага, Лапкоў засмуціўся. Яны не былі блізкімі знаёмымі, але гэты чалавек яму падабаўся. Напэўна, сваім адкрытым прыветлівым тварам. Сустракаючыся, Лапкоў заўсёды стараўся павітацца першы. Смерць сама па сабе жахлівая. Недарэчная, трагічная — тым болей. Грыбоўскі трапіў пад матацыкл перабягаючы дарогу… Магчыма, каб Лапкоў не быў начальнікам раённага аддзялення аўтаінспекцыі, ён, шкадуючы сімпатычнага яму чалавека, не прыняў бы трагічны выпадак так блізка да сэрца. А зараз ён адчуваў нібы і сваю віну, бо не быў нават у той час у горадзе. Быццам адна яго прысутнасць магла стаць гарантыяй ад падобных здарэнняў. З раніцы Лапкоў паспяшаўся ў райаддзел. Выпадак быў надзвычайны — загінуў чалавек, і, перш чым выканаць неабходныя фармальнасці на падставе заключэння людзей, якія займаліся гэтай справай, яму хацелася самому азнаёміцца з усімі дэталямі. — А-а, інспектар, — здзівіўся яго ранняму візіту лейтэнант Корзун. — Падводзяць шафёры? — Бяда з гэтымі аматарамі. Вадзіць як след не навучацца, а на ўвесь спідометр выціскаюць. Добра, што хоць сам жывы застаўся. А «Жыгулі» — блін. Шкада. Груду лому ўчора прывёз, — ён кіўнуў на акно, якое выходзіла ў двор міліцыі. — Бачыў,— адказаў лейтэнант. — У нас тут таксама… — Як гэта здарылася? — перабіў яго Лапкоў.— Не магу неяк паверыць. Хто тут разбіраўся? — Я, — паціснуў плячыма Корзун. — Толькі разбірацца няма ў чым. Усё — як на далоні. П'яны быў Грыбоўскі. — Не можа быць, — атарапеў Лапкоў. Неяк не стасавалася гэта з тым, што думалася пра Грыбоўскага раней. Корзун яшчэ раз паціснуў плячыма і запрасіў інспектара ў свой кабінет. Там дастаў з сейфа тоненькую папку, падаў Лапкову. Паперы былі аформлены як належыць. Пратакол агляду месца, дзе адбылося здарэнне. Тлумачэнні Сіманькова, які кіраваў матацыклам, яго дружбака Панфіловіча, што быў за пасажыра. Заключэнне медыцынскага эксперта, якое сведчыла, што Грыбоўскі быў п'янаваты і памёр не апрытомнеўшы. Лапкоў ведаў і Сіманькова і Панфіловіча. Абодва працавалі на базе грузчыкамі. У той дзень, як вынікала з іх тлумачэнняў, пасля работы яны затрымаліся ў старожцы — гулялі з вартаўніком у даміно. (Вартаўнік Трацэўскі пацвердзіў гэта.) Калі пайшлі, было ўжо цёмна. Селі на матацыкл. Сіманькоў уключыў фару. Дарога была бязлюднай, і яны паехалі. Хуткасць трымалі невялікую — кіламетраў пяцьдзесят. Грыбоўскі выбег на шашу нечакана. На асфальце, як было адзначана ў пратаколе, застаўся след: матацыкл крута вільнуў у правы бок. І не віна Сіманькова, што не ўдалося пазбегнуць сутыкнення. Кола ўдарыла Грыбоўскага, і ён упаў на асфальт. Лапкоў закрыў папку і ўздыхнуў. Корзун папрацаваў старанна. Усё выглядала правільным, абгрунтаваным. Хоць бяры ручку і падпісвай. — Ты не сумнявайся, — па-свойму зразумеў яго задумлівасць Корзун. — Яны паводзілі сябе як належыць. Сіманькоў паклаў Грыбоўскага ў люльку і павёз у бальніцу, а Панфіловіч застаўся на месцы папільнаваць, каб машыны не сцёрлі сляды. Усё гэта Лапкоў толькі што прачытаў, лейтэнант мог яму і не напамінаць. Таму крыху сухавата сказаў: — Да цябе прэтэнзій няма. Корзун здаволена пасміхнуўся і прапанаваў: — Калі хочаш, можаш агледзець матацыкл, ён у нас. Лапкоў ведаў і гэты «ІЖ», як ведаў, напэўна, усю аўтамотагаспадарку раёна. Новы магутны матацыкл Сіманькова па вынослівасці і хуткасці не ўступаў ягонаму, інспектарскаму. Сіманькоў на ім у пачатку лета, як казалі ў горадзе, па трыста кілаграмаў гуркоў за тысячу кіламетраў на ленінградскія рынкі вазіў. І хоць столькі гуркоў на той час у самога Сіманькова, напэўна, яшчэ не было і ён, відаць, скупляў першарослікі ў суседзяў, на гэта не звярталі асаблівай увагі. Раён іх быў гурочны, гуркі вырошчваў, бадай, кожны другі жыхар гарадка, і неяк лічылася, што перакупшчыкі зусім не спекулянты, а проста добрыя людзі, якія выручаюць суседзяў, збываючы лішкі зялёнай прадукцыі. Аглядаючы «ІЖ», Лапкоў думаў, што толькі дарэмна траціць час. Корзун у пратаколе не прапусціў, здаецца, нічога. Матацыкл быў амаль непашкоджаны, ніякіх адмецін на ім не засталося. Падобна, што Сіманькоў з Панфіловічам сапраўды не хлусілі — ехалі з невялікай хуткасцю. Лапкоў і не спадзяваўся знайсці нешта такое, што прайшло міма ўвагі Корзуна і яго памочнікаў — грамадскіх інспектараў. Аднак загінуў чалавек, і таму Лапкоў не лічыў для сябе магчымым апірацца толькі на чужую думку. Хаця і належала яна лейтэнанту Корзуну. Гэты невысокі чырванашчокі мацачок з універсітэцкім значком на кіцелі вызначаўся ўніклівасцю і добрасумленнасцю. Праўда, яму не ставала часам вопыту — у райаддзеле працаваў усяго паўгода. Але хватку меў. Вядома, каб Лапкоў сам аглядаў месца, дзе загінуў Грыбоўскі, магчыма, і заўважыў бы нешта такое, што не ўбачыў лейтэнант. Як-ніяк у такіх справах ён разбіраецца лепш. Але хіба магло гэта істотна адбіцца на канчатковым заключэнні? У галоўным Корзун не памыліўся, і, як высветлілася, пешаход быў п'яны. А гэта карэнным чынам мяняе справу. Корзун быў дакладны ў сваім пратаколе, падумаў Лапкоў, калі ўбачыў невялікую ўмяціну на крыле. Вось толькі не адзначыў добрую рэакцыю Панфіловіча, які паспеў своечасова ўхапіцца за скабу і ўтрымацца ў сядле, бо звычайна ў такіх выпадках пасажыр, калі зазяваецца, пералятае цераз галаву вадзіцеля. Але гэта проста разважанні. Панфіловіч тут ні пры чым, і Корзун не абавязаны быў запісваць у пратакол гэту дэталь. Збіраючыся пайсці, Лапкоў адшмаргнуў цырату, зазірнуў у люльку матацыкла. Яна была пыльная, засмечаная, быццам у ёй з самага лета ніхто не сядзеў. Лапкоў падняў кілімок, пасланы на дне люлькі, і строс некалькі буйных пшанічных зерняў. Падумаў: адкуль гэтыя зярняты? Але ўспомніў, што гаспадар заўсёды ставіў матацыкл на падворку базы, паблізу ад разгрузачнай пляцоўкі. Аднак і гэта не мела ніякага дачынення да справы. Вяртаючыся ў аддзел, Лапкоў сустрэў у калідоры Сіманькова. — Я да вас, таварыш начальнік, — сказаў той, — хачу свайго каня забраць. Лапкоў зірнуў Сіманькову ў вочы. Ён спадзяваўся ўбачыць разгубленасць, унутраны боль, адчай — усё, што, на яго думку, павінен быў адчуваць чалавек, хай нават ускосна, але вінаваты ў чыёйсьці смерці. Сіманькоў быў знешне спакойны, толькі вочы глядзелі лісліва, з просьбаю, нібы яго больш за ўсё хвалявала, аддадуць яму зараз матацыкл ці не. Лапкоў адчуў, як у ім пачала ўзнімацца непрыязь да Сіманькова. Каб не даць ёй вырвацца, ён адвярнуўся і цераз плячо кінуў: — Закончым — аддадзім. Яму вельмі хацелася паглядзець, як адрэагуе на гэта Сіманькоў, але стрымаўся і паспяшаўся ў кабінет Корзуна. — Ну, што там? — крыху занепакоены за свае вывады, пацікавіўся лейтэнант. — Усё правільна, — супакоіў ён Корзуна, адчуваючы разам з тым нейкую прыкрасць. Корзун спытаў: — Ты што, не задаволены? — Сам не разумею, — няўпэўнена адказаў Лапкоў. — Будзеш падпісваць? — Корзун зноў расхінуў папку. Лапкоў узяў быў ручку, аднак тут жа спыніўся. — Ты прабач, лейтэнант, я спачатку на месца здарэння праеду. Корзун са здзіўленнем паглядзеў на яго, нагадаў: — Пад раніцу дождж быў. Лапкоў кіўнуў і пайшоў. Ён разумеў, што хутчэй за ўсё нічога новага не ўбачыць. Дарога там была даволі бойкая, машыны снавалі часта, ды і дождж прайшоў моцны. Але ён ведаў за сабой гэту слабасць, з-за якой яго ў раёне называлі фармалістам і якую ён лічыў зусім не слабасцю, а пунктуальнасцю, — у справах ніколі і нікому не верыць на слова. Таму і імкнуўся заўсёды ўсё ўбачыць на свае вочы. Хай вывады супадуць, але хай гэта будуць і яго асабістыя вывады. На дарозе ўжо нішто не нагадвала аб нядаўняй трагедыі. Дождж расквасіў зямлю на абочыне, і на тым месцы, дзе Сіманькоў наскочыў на Грыбоўскага, цяпер былі толькі доўгія і глыбокія сляды ад колаў фурманак. Лапкоў пастаяў, спрабуючы ўявіць, як усё гэта было ў той вечар. Грыбоўскі з'явіўся на дарозе злева. Натуральна, Сіманькоў, які ехаў са святлом, быў упэўнены, што Грыбоўскі бачыць яго і пачакае, пакуль матацыкл пройдзе. Аднак нездарма кажуць, што п'янаму і мора па калена. Што для яго там нейкае вузенькае асфальтавае палатно з матацыклам? Затармазіць Сіманькоў не паспеў, ён паспрабаваў крута збочыць направа, але ўсё ж наляцеў на Грыбоўскага. Каб той упаў на мокрую зямлю, магчыма, усё абышлося б траўмай, але, на бяду, ён ударыўся галавой аб асфальт. Лапкоў азірнуўся. Метраў за трыста адсюль пачыналіся будынкі базы. З яе варот і выехаў Сіманькоў з Панфіловічам. Грыбоўскі таксама працаваў там. У той дзень пайшоў з работы, як усе, не затрымаўся. Мог бы прыйсці ў час дахаты, дык не, насіла яго ў цемры па пустым полі. Каб ён выскачыў з другога боку, дзе стаялі домікі станцыйнага пасёлка, яго яшчэ можна было б зразумець: зайшоў да некага, выпіў больш, чым мог… А так… Лапкоў кінуў позірк на поле і павярнуўся да пасёлка. Нізкае асенняе сонца, апускаючыся за домікі, сляпіла вочы. Лапкоў прыжмурыўся і аж прысвіснуў. У пасохлым бур'яне нешта блішчала. Ён пераскочыў цераз канаву і ўбачыў бутэльку з-пад гарэлкі. Яна была брудная, але наклейка на зеленаватым шкле выглядала свежай, не выцвіла. Лапкоў паківаў галавой: няўжо гэта Грыбоўскі тут баляваў? І падумаў, што, напэўна, так яно і было. Дзіўна, каб бутэльку менавіта ў гэтым месцы пакінуў хто іншы. Ён вярнуўся да свайго матацыкла, але паехаў не адразу. Усё дзівіўся з Грыбоўскага. Такі, здаецца, прыстойны чалавек, і вось на табе: тоячыся ў бур'яне, адзін высмоктвае цэлую паўлітэрку і кідаецца пад колы. А што, калі ён быў не адзін? Корзун не заўважыў у цемры бутэльку і не падумаў, што ў Грыбоўскага маглі быць кампаньёны. А ён, Лапкоў, павінен гэта праверыць. Вярнуўшыся ў аддзел, зайшоў да Корзуна і, адчуваючы няёмкасць ад таго, што нібы выказвае недавер да працы таварыша, сказаў: — Давай пачакаем з рашэннем. — Чаму? — выслухаўшы яго, спытаў лейтэнант. — Хіба мы што наблыталі? — Ды не, — памуляўся Лапкоў,— але мы не ведаем, з кім у той вечар піў Грыбоўскі. — Хіба гэта істотна? — Увогуле, вядома, не… Грыбоўскі сталы чалавек. Але мяне здзіўляе, чаму ніхто з іх не прызнаўся. — А калі іх наогул не было? — Вось у гэтым я і хачу ўпэўніцца. Корзун ведаў, што начальніка ДАІ, калі ён гэтага не захоча, не пераканаеш, і без энтузіязму пагадзіўся. — Не бядуй, я сам пастараюся высветліць, — сказаў Лапкоў, заўважыўшы яго рэакцыю, і паспяшаўся запэўніць: — Гэта не надта складана. Аднак ужо з самага пачатку зразумеў, што ўсё не так проста. Дырэктар базы, да якога ён заехаў, нездаволена спытаў: — А ты ўпэўнены, што ён быў п'яны? — Ведаеш, Гаўрылавіч, — абурыўся Лапкоў,— у гэтым пытанні медыкі разбіраюцца не горш за нас. — Грыбоўскага я з малых гадоў ведаю, — даводзіў дырэктар, — у адной школе вучыліся. Выпіць, вядома, ён мог. Але не столькі, каб сябе не помніць. І сябры ў яго такія ж, як сам. Вось каб ты пра Сіманькова ці Панфіловіча спытаў — гэтыя маглі б… — І мне Грыбоўскі быў сімпатычны, — прымірэнча сказаў Лапкоў,— ды супраць фактаў не папрэш. А сяброў ягоных ты ўсё-такі назаві. Сам разумееш, — паспрабаваў ён пажартаваць, — міліцыя на словы не верыць. — Гэта можна, — не прыняў жарту дырэктар. У той жа вечар Лапкоў пабываў у сяброў Грыбоўскага. Усе яны сцвярджалі, што пасля работы адразу пайшлі дахаты. Ніхто з іх, бадай, не маніў. Лапкоў гутарыў з імі дома, размову слухалі жонкі, дзеці, якія не далі б схлусіць. Значыць, кампаніі ў Грыбоўскага не было. Але і дадому ён не прыйшоў. Чаму — жонка не ведала. Больш таго, яна ніяк не магла зразумець, што муж напіўся. Не такі ён быў чалавек, дый грошай з сабой не меў. Пра грошы, праўда, магла і не ведаць, а вось, паколькі сабутэльнікаў не знаходзілася, вывад напрошваўся сам сабой: Грыбоўскі піў адзін. Выслухаўшы Лапкова, Корзун спачувальна сказаў: — Ты сябе ні ў чым не можаш папракнуць. А што напіўся — дык мала што бывае. Яны зноў уважліва паглядзелі нешматлікія дакументы, сабраныя ў папцы. Усё было ўжо добра вядома да апошняга радка. Толькі на медыцынскай даведцы Лапкоў нечакана затрымаўся. Прачытаў яе і раптам усклікнуў: — Нічога не разумею! Сто пяцьдзесят — дзвесце грамаў. А там жа была цэлая бутэлька. — Якая бутэлька? — не зразумеў Корзун. Лапкоў расказаў пра знаходку. — А пры чым тут бутэлька? — здзівіўся Корзун. — Грыбоўскі бег з боку поля, а яна на пустцы. — Як ты сказаў? — Лапкоў ашаломлена глядзеў на лейтэнанта. — А я ўсё думаю, што мяне там устрывожыла? Ты малайчына, лейтэнант. Не тое я шукаў, што трэба. Корзун толькі чмыхнуў: Лапкоў зноў здзівіў яго. Няўжо яму мала адной асечкі? І дакорліва параіў: — Адчапіся ты ад гэтай бутэлькі. Звычайнае супадзенне. — І гэта хачу праверыць. Больш ён нічога не тлумачыў, толькі сказаў: — Бяру папку з сабой. — Начальства цікавілася, ці хутка я закончу справу, — крыкнуў яму ўслед Корзун. Але той нібы не пачуў. Цэлых два дні Корзун не бачыў Лапкова. Ён з'явіўся аж на трэці дзень надвячоркам, узбуджаны, запырсканы граззю. — Давялося паматацца па раёне, — паскардзіўся Корзуну і, не даючы яму і рота раскрыць, здаволена дадаў: — І, здаецца, не марна. У Корзуна ёкнула сэрца, а Лапкоў, не звяртаючы на лейтэнанта ўвагі, пацягнуўся да тэлефона, старанна набраў нумар: — Дружа эскулап, ты ўпэўнены, што Грыбоўскі выпіў сто пяцьдзесят або дзвесце грамаў? Трубка заклекатала, але слоў Корзун не разабраў. Лапкоў не адрываў яе ад вуха. Так працягвалася хвіліну-дзве, і раптам Лапкоў ускіпеў: — Што значыць «прыкладна»? Ты мне дакладна скажы! А-а, не можаш, не ўпэўнены? Мажліва, і меней… Ну, добра, дзякуй і за гэта. Прышлі, аднак, афіцыйную даведачку, у дадатак да ранейшай. Сёння ж, — ён зірнуў на гадзіннік. — Можаш заўтра, толькі з раніцы. — Далася табе ў знакі гэтая доза! — нездаволена сказаў Корзун. Яму вельмі хацелася хутчэй закончыць справу. Думалася, што ў аддзеле пачалі на яго іранічна паглядаць. Маўляў, не дарос ты, маладзён, да самастойных дзеянняў. — Усё можа быць, — няўважліва, засяроджаны на нейкіх сваіх думках, адказаў Лапкоў і тут жа папрасіў: — Выкліч на заўтра Панфіловіча і Сіманькова, гадзін на дванаццаць. Калі назаўтра Корзун зайшоў да Лапкова, Панфіловіч быў ужо там. Ён сядзеў насупраць гаспадара кабінета з пакрыўджаным выглядам, панура паўтараў: — Я ўсё ўжо расказаў. І ўсё ў паперах запісана. Маглі прачытаць, чымся чалавека з працы клікаць. І таму, што Лапкоў маўчаў, ён працягваў: — Мне грошы, таварыш інспектар, ад выпрацоўкі плоцяць… Лапкоў улавіў прыхаваную здзеклівасць, унутрана пасміхнуўся: «А ты нахабнік, Панфіловіч». Не спяшаючыся, расклаў на стале перад сабой лісткі пратакола, некалькі хвілін уважліва вывучаў Панфіловіча, затым спакойна спытаў: — Вы чаго засталіся? Ад абурэння Панфіловіч ледзь не задыхнуўся. Павярнуўшыся да Корзуна, быццам заклікаючы яго ў сведкі, усклікнуў: — Я дваццаць разоў тлумачыў, вось ім, — кіўнуў ён у бок лейтэнанта. — Ну, няхай, няхай. — Панфіловіч дэманстратыўна паглядзеў на свой гадзіннік і слова ў слова паўтарыў усё тое, што было запісана раней. — А якой гадзіне гэта было? — спытаў Лапкоў. — А хто там глядзеў на гадзіннік, — насмешліва сказаў Панфіловіч. — Я падкажу вам, — строга сказаў Лапкоў.— У бальніцу прывезлі Грыбоўскага а палове дзесятай. Хвілін пятнаццаць — дарога. Гэта з запасам. Значыць, з чвэрткі дзесятай і да дзесяці дваццаці, калі прыехала група лейтэнанта Корзуна, вы знаходзіліся там неадлучна? — Час не помню, а што быў там — гэта факт, — упарта паўтарыў Панфіловіч. — Спецыяльна застаўся, яны ведаюць, — зноў ён звярнуўся за падтрымкай да Корзуна. — А куды вы паўлітэрку дзелі? — Якую? — крутнуўся ў крэсле Панфіловіч і адразу ж узяў сябе ў рукі: — Вы што мне шыеце, інспектар? — Словы якія ў вас крымінальныя, — папракнуў Лапкоў і растлумачыў: — Тую самую, што вы ў той дзень у краме купілі. У прадаўца Сулкоўскай. — Выпіў! — выдыхнуў са злосцю Панфіловіч. — Калі? З кім? — Адзін, учора… — На рабоце вы былі цвярозы. Значыць — пасля? Праверым, — Лапкоў выняў з шуфлядкі трубку, якой правяраў на цвярозасць шафёраў, прапанаваў Панфіловічу: — Дыхніце… Яшчэ… Вось бачыце, нічога няма! Можна і больш складаную экспертызу зрабіць, хочаце? Ах, вунь што! Вы пераблыталі, не ўчора, а заўучора. Праверым і гэта. Але мушу сказаць: не пілі вы тую паўлітэрку. Ні ўчора, ні заўчора. Вы яе недапітую выкінулі, ці не так? Вы што, інспектар, вы мяне п'янага за рулём злавілі? — хрыпла, нібы ў яго перасохла ў горле, прамямліў Панфіловіч. Лапкоў зноў нечакана спытаў: — А дзе вы былі, калі Сіманькоў павёз Грыбоўскага? — Я ж сказаў, сказаў! — закрычаў Панфіловіч. — На месцы сляды пільнаваў! — Не было вас там, Панфіловіч. Прынамсі, паміж дзевяццю трыццаццю і дзесяццю гадзінамі. За гэты час тры машыны ля базы прайшлі. Двое шафёраў вас не бачылі: Качанаў — ён у дзесяць гадзін у гараж прыехаў, і Буглай — якраз апошнія паведамленні а палове дзесятай па «Маяку» слухаў, праязджаючы міма базы. Панфіловіч паціснуў плячамі. — Ну і што з таго? Маглі не заўважыць. — Маглі. Дапускаю… А вось трэці вас бачыў. Як вы мех збожжа цягнулі на базу. Каля паловы дзесятай. Правільна, га? Панфіловіч не адказаў, паглядзеў на Лапкова з выклікам, незалежна, але яго выдавала правае павека, якое нервова торгалася. — Лейтэнант, — звярнуўся Лапкоў да Корзуна, — праводзьце Панфіловіча ў суседні пакой. Хай падумае, успомніць. А сюды паклічце Сіманькова. — Што, матацыкл можна забраць? — адразу з парога прабасіў Сіманькоў. За некалькі гадоў службы ў міліцыі Лапкоў нагледзеўся на ўсялякіх злачынцаў — і злосных і выпадковых. Не заўсёды яны прызнаваліся ў сваіх учынках адразу, некаторых з іх даводзілася літаральна прыпіраць да сценкі фактамі і доказамі. І ён заўсёды здзіўляўся, калі бачыў, што вінаваты ў цяжкім злачынстве не адчувае дакору сумлення, а выкручваецца, быццам справа датычыць не смерці чалавека, а нечага дробязнага, неістотнага. Ён пытаўся ў сябе — адкуль бяруцца такія, і не мог знайсці на гэта адказу. Вось і цяпер ён зусім не разумеў Сіманькова. Стаіць, быццам прыйшоў атрымаць прэмію. І таму што з кожнай секундай расло пачуццё гневу, Лапкоў, павольна расцягваючы словы, прамовіў: — Не спяшайцеся, сядайце, пагаворым крыху. — Пра што будзем гаварыць, таварыш начальнік? — ён трымаўся яшчэ больш упэўнена, чым яго дружбак. — Вы не ўсё нам расказалі, грамадзянін Сіманькоў. У вачах таго бліснулі халодныя іскаркі, рысы твару зрабіліся больш акрэсленымі, больш цвёрдымі. Лапкоў заўважыў гэтую перамену і падумаў, што яго здагадка, відаць, правільная: такі можа забіць, калі пападзешся на ягоным шляху. — Дык вось пра Грыбоўскага… — памарудзіўшы, сказаў Лапкоў.— Ён што, красці вам замінаў? — Гэта нешта новае, начальнік, — халодна азваўся Сіманькоў, ніводзін мускул не ўздрыгнуў на ягоным твары. — Вядома, новае. Таму вас і выклікалі. — Ну, ну, выдумляйце, паслухаю, — і з падкрэсленай абыякавасцю разваліўся ў крэсле. — Сядзьце нармальна, вы не дома ў сябе, — патрабаваў Лапкоў.— І раскажыце ўсё, як было. Ці варта вам нагадваць, што добраахвотнае прызнанне змякчае віну? Сіманькоў, не пярэчачы, пачаў паўтараць усё, што ўжо гаварыў раней. — Хіба я не прызнаўся? — ён нават устаў з крэсла. — Хто бачыў, як я наехаў? Ніхто. Я мог бы ўцячы, знікнуць, а я ў бальніцу павёз. Міліцыю сам выклікаў. — Правільна, Сіманькоў. Гэта ўсё было потым. А да гэтага? Што было да гэтага? — Ай, нядобра, таварыш начальнік, — раптам змяніў тон Сіманькоў.— Мы да вас з усёй шчырасцю, а вы… — Ну што ж, Сіманькоў,— стомлена сказаў інспектар, — не хочаце расказваць — не трэба. Падпішыце. Сіманькоў паставіў подпіс, уздыхнуў з палёгкай, спытаў: — Мне можна ісці? Лапкоў адмоўна паківаў галавой. — Не пажадалі самі расказаць, дык мяне паслухайце. Я вам раскажу, як было. — Давайце, калі ласка, прыемныя размовы прыемна слухаць, — Сіманькоў амаль паўтарыў сваю нядаўнюю рэпліку, але ранейшай расхлябанасці ў яго постаці ўжо не было. — Грыбоўскі даўно зразумеў, што вы з Панфіловічам крадзеце збожжа. У той дзень, заўважыўшы, што вы засталіся ў старожцы быццам бы пастукаць у даміно, ён западозрыў нядобрае і вырашыў праверыць свае падазрэнні. Ён больш трох гадзін правёў на шашы. Нарэшце ўбачыў, як адчыніліся вароты і з базы выехаў матацыкл. Яму б людзей паклікаць, а ён паспадзяваўся, што сам справіцца. Не ўлічыў, з кім мае справу. Калі вы вынесліся на шашу, Грыбоўскі выбег на дарогу і ўзняў руку. Думаў, што вы спынецеся. Заўважце, аднак, выбег з правага боку, з боку пасёлка, а не з левага, як вы сцвярджаеце. І вы не спрабавалі пазбегнуць сутычкі, наадварот, аслепленыя лютасцю, кінуліся з матацыклам на чалавека, які пагражаў выкрыць вас… — Складна малюеце, — зробленым абурэннем сказаў Сіманькоў,— але ўсё гэта вашы байкі. — У міліцыі любяць факты. — Лапкоў адчуў, што трапіў у цэль. — Слухайце далей… Грыбоўскі быў яшчэ жывы, аднак у непрытомнасці. І тут да вас дайшло, што за забойства давядзецца адказваць. Гэта не жарт, і гэта не мех са збожжам. Не ведаю, каму з вас першаму прыйшло зрабіць з Грыбоўскага п'янага. Чаго не ведаю, таго не ведаю. Панфіловіч адкаркаваў бутэльку, купленую яшчэ ўдзень, — напэўна, збіраўся сам адзначыць гэту «аперацыю» з крадзеным збожжам, — і выліў крыху гарэлкі ў рот Грыбоўскаму. Грам сто — сто пяцьдзесят. Але і гэтага было дастаткова, каб у страўніку аказаўся алкаголь. А тады можна было сцвярджаць, што чалавек — п'яны. — Кіно! Далібог, кіно, — бас Сіманькова ўжо ўзмацнеў.— Гэта трэба даказаць. — Але ж усё было так, Сіманькоў? — Я сваё сказаў. Лапкоў, нібы страціў да Сіманькова ўсялякую цікавасць, узняўся, зірнуў у калідор і паклікаў дзяжурнага: — Адвядзі, хай пабудзе, пакуль я з пракуратурай звяжуся. — Ты гэта ўсур'ёз? — спытаў Корзун, калі дзяжурны павёў затрыманага. — Па-мойму, тут сапраўды не дакажаш. Лапкоў, пасуровеўшы, запэўніў: — Я сам перш сем разоў перадумаю. А доказы?.. Слухай. Паехаў я на базу, хацеў папярэдне з вартаўніком пагаварыць: можа, ён Грыбоўскага бачыў? А там у яго — насенная пшаніца ў мяшках. Як прывезлі ў той дзень — дык да гэтага часу не разгрузілі. Тут мне і цюкнула: а што, калі тыя зярняты, што ў люльцы, адсюль? Праверыў у лабараторыі — так яно і ёсць. Праўда, гэта яшчэ не доказ, але супадзенне насцярожыла. Што заставалася? Правяраць! Прабач, што без цябе… Ведаю, як цяжка на іншую версію пераключацца. А я спяшаўся. Пачаў шукаць шафёраў, не магло ж быць, каб ніхто ў той вечар не праязджаў. І знайшоў. Са Старасельскага калгаса. Бачыў ён, як нейкі чалавек з паўнюткім мехам на плячах праз прахадную шмыгнуў. З Панфіловічам ён не знаёмы. Ён ці не — сказаць не мог, але час запомніў. Я тады за душу вартаўніка: хто мех цягнуў? Той муляўся-муляўся, потым прызнаўся: Панфіловіч. Ну, думаю, папаліся, зладзеі. Расказаў дырэктару базы, а ён мне: «Дык гэта, відаць, Грыбоўскі іх меў на ўвазе, калі аднойчы на сходзе абяцаў сяго-таго вывесці на чыстую ваду. Гэта мяне занепакоіла. Усе гаспадаркі абзваніў: ці не ехаў хто з іх шафёраў паўз базу ў той вечар? Яшчэ адзін ехаў, з Заходаў. Добры знаёмы Грыбоўскага. Убачыў яго, спыніўся, словам перакінуўся, папрасіў у яго цыгарэту і паехаў. Сказаў, што Грыбоўскі зусім цвярозы быў, стаяў на абочыне з боку пасёлка. Вось і мяркуй… Лапкоў падышоў да акна і паглядзеў у двор. Металалом, які застаўся пасля «Жыгулёў», ужо вывезлі, і пад павеццю стаяў толькі матацыкл з люлькай. Ён яшчэ пастаіць тут — пакуль не адбудзецца суд. Неспадзяваны ход Лейтэнант Корзун чытаў паперы і хмурыўся. Усё ў гэтым выпадку выглядала не так. Быццам нехта наўмысля перамяшаў патрэбнае і непатрэбнае, правільнае і няправільнае. Узяць хаця б тое, што ролю дэтэктыва з самага пачатку ўзяла на сябе прадаўшчыца магазіна Сяркова. Заўважыўшы, што няма на месцы выручкі за мінулы дзень, яна не паведаміла ўчастковаму Савачкіну або ў райаддзел, а пачала ўласнае расследаванне. Сяркова западозрыла дваіх вяскоўцаў: пенсіянера Буевіча і бібліятэкарку Грамакоўскую, якія нібыта ў розны час заставаліся ў гандлёвай зале па адным. Пенсіянер, калі злосная Сяркова выскачыла на вуліцу, стаяў яшчэ ля магазіна, гутарыў з людзьмі, і яна яго не кранула. Ці то ўзрост чалавека, ці то сам факт, што ён быў яшчэ тут і тым самым нібы пацвярджаў сваю невінаватасць, крыху ахаладзілі гнеў жанчыны — невядома. Яна толькі папытала ў Буевіча пра грошы і тады пабегла да Грамакоўскай, якая жыла непадалёк ад магазіна. Грамакоўскай, аднак, дома не аказалася. Гаспадыня сказала, што кватарантка толькі што паехала ў горад. Гэта, відаць, і пераканала Сяркову — збегла з грашамі. Яна падпільнавала аўтобус, на якім вярталася бібліятэкарка, паклікала дзяўчыну ў склад і там абшукала яе. Ні вялікіх пакупак, ні грошай не знайшла. Ды гэта Сяркову не збянтэжыла. Яна ўжо не выпусціла Грамакоўскую са склада і там замкнула яе. Па вёсцы адразу ж папаўзлі чуткі. Адны гаварылі, што сама прадаўшчыца доўгі час грэла рукі ў магазіннай касе і цяпер хоча зваліць віну з хворай галавы на здаровую. Другія, наадварот, падтрымлівалі Сяркову. Трэція, не беручы ні чый бок, чакалі, што скажа міліцыя. Сяркова ж пратрымала дзяўчыну аж да позняга вечара. Савачкін прыехаў у Клін толькі назаўтра. Вядома, яму расказалі пра здарэнне, дапоўніўшы гісторыю мноствам дэталяў, якімі немінуча абрастае кожная незвычайная падзея з цягам часу. Участковы схапіўся за галаву і кінуўся да тэлефона званіць у райаддзел. І пакуль ехала аператыўная група, ён добрасумленна выклаў на паперы ўсё, што яму было вядома пра гэта. Прачытаўшы дакладную ўчастковага, першыя пратаколы расследавання, Корзун адчуў незадаволенасць. Справа выглядала надта цёмнай, без ніякай зачэпкі. Або ўсе сляды знішчыла сама Сяркова, праявіўшы непатрэбную актыўнасць, або злодзей наогул не пакінуў пасля сябе нічога вартага ўвагі. Была мільгнула ў Корзуна яшчэ адна думка: а ці кралі на самай справе грошы? Але ён адкінуў сумненне. Не верыць Сярковай падставы не было. Корзун пагаварыў з тым-сім, наслухаўся процьму здагадак і меркаванняў — вёска не супакойвалася, хвалявалася — і падумаў, што ў такіх абставінах нічога не даб'ецца. А падумаўшы так, павярнуўся, не дайшоўшы крыху да Буевічаў, і пакрочыў назад у сельсавет. Старшыня сельсавета пагадзіўся з лейтэнантавай прапановай. Сход правялі ў той жа вечар. Людзей сабралася шмат. Корзун сядзеў побач са старшынёй сельсавета і ўвесь час лавіў на сабе цікаўныя позіркі. Людзі ўжо ведалі, што ён і ёсць менавіта той следчы, якому ў раёне даручылі разабрацца ў гэтым здарэнні з выручкай, і, напэўна, чакалі, што ён вось зараз устане і назаве вінаватага. Корзун, мажліва, расчараваў іх. Ён сказаў, што міліцыя нікога не падазрае, што Сяркова самавольнічала, і папрасіў прабачэння ў Грамакоўскай за тое, што Савачкін не змог у той дзень за яе заступіцца. А далей, з гэтага выпадку, павёў гаворку пра сацыялістычную законнасць. І хоць сход увогуле ўдаўся — і яму, і старшыні сельсавета задавалі шмат пытанняў, Корзун бачыў, што не ўсе задаволены. Тым не меней, калі назаўтра ён узяўся за расследаванне, то адразу адчуў, што вёска стала спакайнейшая. На сходзе Корзун не бачыў Грамакоўскай. Не прыйшла, бо ці саромелася, ці пакрыўдзілася. Таму ён не выклікаў яе ў сельсавет, дзе збіраўся размаўляць са сведкамі, а з раніцы сам накіраваўся да яе дадому. У Кліне Грамакоўская была чужой, прыезджай і кватаравала ў бяздзетнай калгаснай даяркі. Свой візіт Корзун падгадаў так, каб гаспадыні не было дома — раніцай даярка заўсёды на ферме. Вядома, тое, што ён заходзіў да Грамакоўскай, у вёсцы хутка будуць ведаць усе. Аднак яму было важна, каб сама Грамакоўская не бянтэжылася ад чужога позірку, гаварыла з ім смела і адкрыта. Як бы там ні было, яна пакуль што заставалася сведкай. Ён уяўляў, што размова будзе цяжкай, Грамакоўская не хутка забудзе на крыўду. І не памыліўся. Калі ён увайшоў, дзяўчына моўчкі паглядзела на яго і адвярнулася. Корзун разумеў яе і, нібы нічога незвычайнага ў гэтым халодным прыёме не заўважыў, спытаў: — Можа, дазволіце зайсці? — А хіба вы ў сенцах? — пазіраючы ўбок, адказала дзяўчына. Толькі тады Корзун убачыў у яе руцэ шарыкавы аловак, а на стале напалову спісаны лісток паперы. — Скаргу пішаце? — вешаючы на цвік шынель, спытаў ён. — На каго? У мяне ж папрасілі прабачэння, і я даравала… Дзяўчына хацела, відаць, адказаць з іроніяй, але голас сарваўся і прагучаў жаласна, бездапаможна. Яна паспешліва павярнулася да Корзуна, і ён, прывыклы імгненна схопліваць усе дэталі, адразу адзначыў і яе пабялелы твар, і пачырванелыя, заплаканыя вочы, і павіслыя на лбе завіткі цёмных валасоў. Корзун не давяраў інтуіцыі, лічыў, што верыць трэба толькі фактам. Аднак, бачачы разгубленасць дзяўчыны, падумаў, што яна наўрад ці мае якое-небудзь дачыненне да прапажы грошай. Ён яшчэ не ведаў, што прымусіла яго так падумаць: ці яе варожасць, ці, можа, просценькая — нічога лішняга — мэбля ў пакоі, якая сведчыла пра добры густ жыхаркі. Але гэта перакананасць дапамагла яму хутчэй асвоіцца ў напружанай атмасферы, якая гняла і яго, і гэтую дзяўчыну. — Не буду больш ні прасіць прабачэння, ні ўгаворваць, — наўмысна суха прамовіў Корзун, — гэтым справе не паможаш. Грамакоўская прамаўчала, толькі часта-часта заміргала, нібы стрымліваючы слёзы. Потым таропка кіўнула галавой. — Разумею, зараз будзе допыт. Ён ледзь не засмяяўся, такімі наіўнымі здаліся яе словы. Каб не паказаць гэтую раптоўную весялосць, сур'ёзна растлумачыў: — Хто ж гэта па хатах допыты робіць? У дзяўчыны зноў задрыжалі вейкі. Каб даць ёй час супакоіцца, Корзун сказаў: — Пара нам пазнаёміцца. Мяне завуць Аляксандр Антонавіч, прозвішча Корзун. А вас? — Ліда. Ліда Грамакоўская… — Дык вось, Ліда Грамакоўская, мы разам з вамі павінны паспрабаваць высветліць, куды падзеліся грошы з магазіна. І тады вам можна будзе не пісаць заявы аб звальненні з працы, — паказаў ён на паперку, якая ляжала перад дзяўчынай. — Вы ж заяву пішаце, ці не так? Ліда пачырванела і перавярнула паперу спісаным бокам уніз. Потым нервова выкрыкнула: — А я тут пры чым! Не брала я тых грошай, не брала… — Таму і прашу вас толькі аб дапамозе, — мякка перабіў яе Корзун. — Пра тое, аб чым я спытаю ў вас, буду пытаць і ў іншых пакупнікоў. — Сяркова не хлусіць, я была ў магазіне адна. — Дык што? — Ён надаў пытанню адценне здзіўлення. — Гэта ні пра што не гаворыць. — Добра, — у Ліды стомлена апусціліся плечы, — пытайцеся, калі змагу, пастараюся адказаць. — Дзякуй, — проста сказаў лейтэнант. — Вы часта бываеце ў магазіне? — Не надта. Звычайна, калі мне што трэба, гаспадыня купляе сабе і мне. А тады яна на ферме затрымалася, ацёлы ідуць, таму да снедання і не паспела. Я прасіла яе клубнічнага джэму купіць. Люблю чай з белым хлебам і джэмам піць. — Ліда ўсміхнулася, паказала на падаконнік, дзе сярод пустых слоікаў з-пад джэму стаяў адзін напалову пусты: — Цяпер на гэты джэм глядзець не магу. — Та-ак, — спачувальна працягнуў Корзун, — шкада, сапсуецца. — І без усякага пераходу спытаў: — Чаго яна выйшла? — Сяркова? — здагадалася дзяўчына. — Ды па джэм. У нас тут шмат у каго свая клубніка ў агародах, на зіму сабе робяць цёртую. Попыту ў магазіне няма, таму і не трымаюць на паліцах. — А дзе вы стаялі? — Лейтэнант спытаў і сумеўся, словы прагучалі, як на допыце. Аднак Ліда не заўважыла гэтага, спакойна адказала: — Як дзе? У прадуктовым аддзеле. — Вы з прадаўшчыцай ладзілі дагэтуль? — Не ведаю, што і сказаць. Яна ў бібліятэцы кніг не бярэ, а я ў магазін рэдка хаджу. Так, павітаемся, калі сустрэнемся, і ўсё. — Вельмі на яе пакрыўдзіліся? — На Савачкіна больш. А яе зразумець можна, грошы немалыя. — Але Савачкін тут ні пры чым. Вас абшуквала яна. — Выйдзе так, быццам я паквітацца хачу. — Чаму, патрэбна толькі ісціна. — Дзе тут ісціна, — стараючыся не паказаць горыч, пасміхнулася дзяўчына, — калі я нават не вельмі помню, што было. Як у тумане. Сяркова нешта патрабавала, а я не разумела. Пакуль маю сумачку не ператрэсла. Так крыўдна стала, што я сама ледзь не закрычала. Стрымалася. Напэўна, таму, што побач яе жаніх стаяў і ўсё казаў: «Маруся, не свавольнічай». А яна сваё: і па кішэнях, і…— дзяўчына сумелася, саромеючыся расказаць далей. — А што, і жаніх там быў? — здзівіўся Корзун. Савачкін пра жаніха не ўспамінаў. — Так, Валюжэніч. Ён пазней прыйшоў, як даведаўся. Які сорам! Не, я ўсё роўна паеду адсюль… Корзун паклаў руку на паперу. — Не спяшайцеся, Ліда Грамакоўская. Паедзеце зараз — знойдуцца людзі, якія скажуць, што, маўляў, каб была невінаватая, не збегла б. Грамакоўская слухала, апусціўшы галаву. Яна быццам замкнулася ў сабе, і, як ні стараўся лейтэнант, размова далей ужо не клеілася. Яму нічога не засталося, як развітацца. І хоць справа не скранулася з месца ні кропелькі, ён быў задаволены. Грамакоўская аказалася добрай і шчырай дзяўчынай. Магазін у гэтыя дні не працаваў, але Сяркова была там. Яна растлумачыла Корзуну, што чакае рэвізораў з сельпо: трэба было высветліць, ці не прапала яшчэ што-небудзь, акрамя дзённай выручкі. Уласна кажучы, і Корзуну лепш за ўсё было б пагутарыць з прадаўшчыцай пасля рэвізіі, калі карціна стане больш поўнай. Аднак ён не бачыў, чым мог бы заняцца ў гэты час, і спадзяваўся, што папярэдняя размова таксама, мажліва, дасць нейкую зачэпку. З Сярковай ён павёў сябе інакш, чым з Грамакоўскай, падкрэслена афіцыйна. З пратаколамі і роспісамі. Не толькі таму, што так патрабаваў парадак расследавання. Прадаўшчыца не выклікала ў яго сімпатыі. Сяркова была грубаватая, самаўпэўненая, як гэта часта бывае сярод некаторых гандлёвых работнікаў, прывыклых, што людзі ідуць да іх, а не яны да людзей. Яна і знешне не спадабалася Корзуну: празмернае ўжыванне касметыкі толькі падкрэслівала яе недахопы — тоўстыя губы і шырокі рот, крыху пукатыя вочы. Яна трымалася так, нібы гэта следчы вінаваты, што ў яе прапалі грошы, і таму лейтэнант вырашыў даць ёй адчуць сябе ў становішчы абвінавачанай. Тым болей што, акрамя самаўпраўства з Грамакоўскай, яна дапусціла яшчэ адну правіннасць — не здала своечасова выручку. Зрэшты, і Сярковай ён, відаць, не спадабаўся. Яна адказвала на яго пытанні суха, часам з непрыязнасцю. Праўда, гэтаму можна было знайсці тлумачэнне — за апошнія тры дні яе дапытвалі ўжо трэці раз. Акрамя таго, ёй дасталося за Грамакоўскую. — Часта вы пакідаеце выручку ў магазіне на ноч? — спытаў Корзун, скончыўшы з першымі фармальнасцямі. — Што вы! — паспяшалася з адказам прадаўшчыца. — Аднак пакінулі? — Позна было. — Як гэта? — Месяц канчаўся, хацела план зрабіць. Да вечара не зачыняла. У той дзень у нашым калгасе якраз трынаццатую зарплату выдавалі. Спадзявалася больш выручыць. — Атрымалася? — У нас што-небудзь зробіш! У горад больш едуць, быццам там з іншай базы даюць. — Аднак прадалі больш, чым звычайна… — Лісавы «Гарызонт» узялі, лічыце — амаль чатырыста рублёў. — Хто-небудзь ведаў, што вы грошы не здалі? — Вялікі сакрэт! — А ўсё-такі? — Ну, на пошце. Раз не прынесла, значыць, у мяне. — А яшчэ? — Не ведаю, у нас тут раней зладзеяў не было. — А цяпер, значыць, ёсць? — Значыць, ёсць. — Як я магу меркаваць, з прыезджых толькі двое: ваш жаніх і Грамакоўская? Сяркова пачырванела і ажно ашчэрылася: — Фёдара не чапайце, дома на яго болей пакідаю, і ўсё цэлае. Мы хутка разам будзем, навошта яму шкоду мне рабіць. — Бадай, рэзонна, — пагадзіўся Корзун. — Значыць, застаецца Грамакоўская… — Больш няма каму, — злосна сказала, як адрэзала, Сяркова. Корзун задумаўся. Паводзіны прадаўшчыцы ўсё бо-лей пераконвалі яго, што прапажа грошай і для яе нечаканасць. Але з беспадстаўнымі абвінавачаннямі Грамакоўскай таксама не мог пагадзіцца. — Дык дзе, вы кажаце, ляжалі грошы? — Корзун з Сярковай сядзелі ў падсобным памяшканні магазіна, за сталом, на якім былі накіданы накладныя, рахункі і яшчэ нейкія паперы, і Корзун устаў, маючы намер прайсці ў гандлёвую частку. Сяркова неахвотна паднялася, правяла яго да прылаўка, за якім на доўгіх вешалках віселі паліто. Магазін быў стары, і ў адной зале гандлявалі і прамысловымі і харчовымі таварамі. — Тут у мяне шуфлядка. Зараз яна была пустая, напалову высунутая з-пад прылаўка, у замку тырчаў ключ. — Ключ вы з сабой забіралі? — Навошта? Я ж на хвіліначку. Узяла слоік і назад. — Грамакоўская дзе стаяла? — Вунь там, — паказала Сяркова на процілеглы прылавак і падазрона зірнула на лейтэнанта. Корзун выйшаў у падсобку, узяў пратакол і вярнуўся назад. — Давайце запішам, як гэта было, — прапанаваў ён Сярковай. Неахвотна яна паўтарыла, дзе ляжалі грошы, дзе стаяла Грамакоўская, куды і на які час яна сама выходзіла. Корзун усё гэта занатаваў у пратакол і папрасіў распісацца. Сяркова крыху падумала, потым перачытала напісанае яшчэ раз і, нарэшце, паставіла свой подпіс. Яна нібы прадчувала, што зараз яе чакае непрыемнасць. І сапраўды, лейтэнант неяк вельмі мякка папрасіў: — Прынясіце мне, калі ласка, слоік джэму. Сяркова пайшла. А ён пачакаў, пакуль за ёю зачыніліся дзверы, і хутка накіраваўся ў процілеглы бок, дзе пад прылаўкам была тая самая шуфлядка, у якой, паводле слоў прадаўшчыцы, ляжалі грошы. Ён паспеў выцягнуць шуфлядку, потым засунуць назад і ўзяўся за ключ. У гэты час у дзвярах з'явілася Сяркова. — Што вы там шнарыце? — не ўтрымалася яна. — Правяраю. — Няма дурняў, назад ніхто не пакладзе. — Я не гэта. Дарэмна вы Грамакоўскую абгаварылі. Бачыце, я ведаў, дзе ляжалі грошы і як адчыняецца шуфлядка, а ўсё роўна не паспеў, пакуль вы хадзілі. Сяркова ўспыхнула: — А можа, я тады затрымалася! — Не, Сяркова, не затрымаліся, у мяне тут запісана, і ваш подпіс ёсць. — Дык што, па-вашаму, — я ўзяла, я? — Не прывыклая, відаць, каб ёй гаварылі насуперак у магазіне, яна ледзь стрымлівалася. Корзуну здалося, што прадаўшчыца зараз учэпіцца ў яго сваімі доўгімі, пафарбаванымі ў бурачковы колер пазногцямі, і на ўсякі выпадак крыху адсунуўся ўбок. — Я ўзяла? Я? — задыхаючыся ад злосці, наступала Сяркова. — Хутчэй за ўсё, не, вам сапраўды гэта не патрэбна, — заспакоіў ён разгневаную прадаўшчыцу, — а нервавацца не трэба, інакш мы з вамі злодзея не знойдзем. Яна крыху астыла, аднак глядзела на Корзуна з недаверам і ранейшай непрыязнасцю, быццам чакала новай пасткі. Пачатак следства зусім не радаваў Корзуна. Куды дзеліся грошы, па-ранейшаму было невядома. Яму ўдалося толькі ў прынцыпе даказаць невінаватасць Грамакоўскай. Праўда, амаль гэтак жа ён быў перакананы, што і Сяркова не брала грошай, і не інсцэніруе прапажу. Бо, калі злодзея не знойдуць, ёй усё роўна прыйдзецца пагашаць нястачу — доказаў крадзяжу няма ніякіх, А яна ў гандлі працуе шмат гадоў, без растрат, адзінокая, забяспечаная, нядаўна яшчэ і хату, якую атрымала ў спадчыну ад маці, прадала. Тут нешта іншае. Але што? Вось гэтага Корзун якраз і не ведаў. Вынікі рэвізіі не былі для Корзуна нечаканымі. Як ён і думаў, не хапіла толькі той сумы, якая, паводле слоў Сярковай, прапала з магазіна. Пра гэта ў міліцыю паведаміў старшыня сельпо, дадаўшы, што Сяркова згодна пакрыць нястачу. Такім чынам, улічваючы яе мінулую бездакорную працу, справу можна прыпыніць. Тое ж параіў Корзуну і начальнік аддзела падпалкоўнік Шарай, калі ён далажыў яму, што пры расследаванні зайшоў у тупік. — Але ж грошы прапалі,— з сумненнем запярэчыў Корзун. — Ты вельмі верыш Сярковай? — спытаў падпалкоўнік. — У тым вось і загваздка, што не. Нервавалася, кідалася, а цяпер сама прапанавала ўнесці грошы. — Бачыш, і ў цябе няма да яе даверу. Магчыма, што ўся гэта гісторыя — інсцэніроўка. Страты дзяржаве няма, так што давай згаджайся з кааператарамі. Для цябе ў нас ёсць больш перспектыўны занятак. Скардзяцца на трыкатажную секцыю універмага. Нібы самыя дэфіцытныя рэчы налева збываюць, з нацэнкай, вядома. Корзун устаў, абцягнуў кіцель. — Таварыш падпалкоўнік, за універмаг вазьмуся, сёння ж. Але дазвольце патрымаць яшчэ гэту справу, хоць некалькі дзён. Шарай усміхнуўся. Яму падабалася такая няўрымслівасць, гатоўнасць дзеля ісціны ўзваліць сабе на плечы дадатковы цяжар, які часта, акрамя клопатаў, нічога не дае. Аднак ён і не любіў, калі яго людзі раскідваліся, ловячы жураўля ў небе, як вось у гэтым выпадку. І таму добразычліва і разам з тым цвёрда адмовіў: — Ты мне спачатку доказы дай, доказы. Ад начальніка Корзун пайшоў незадаволены сабой. У глыбіні душы ён быў упэўнены, што расследаванне ў Кліне варта працягваць. А даказаць гэта падпалкоўніку не здолеў. Як заўсёды, самыя пераканаўчыя словы не прыйшлі ў галаву ў патрэбную хвіліну. Ужо седзячы ў сваім кабінеце, ён успомніў, што мог бы сказаць, напрыклад, пра тое, што не дапытаў жаніха прадаўшчыцы. А гэта было з боку следчага нядбайнасцю. А самае галоўнае — ён павінен быў сказаць аб тым, што справа гонару міліцыі знайсці сапраўднага злачынцу, каб апраўдаць перад аднавяскоўцамі Грамакоўскую. А вось не сказаў… Папка з новай справай, якую атрымаў Корзун, была амаль пустая. Скарга, што ва універмагу не прадаюць дэфіцытных вырабаў, даведка райспажыўсаюза, што такія тавары ва універмаг паступаюць у значнай колькасці, і ананімная заява, што работніца трыкатажнай секцыі Хруцкая жыве не па сродках. Сабраныя разам, матэрыялы пакідалі пэўнае ўражанне, і таму Корзуну трэба было высветліць, ці адпавядае заява сапраўднасці. Абдумваючы, як лепш арганізаваць праверку, каб не ўзнімаць непатрэбнага шуму, ён увесь час лавіў сябе на тым, што галава яго больш занята падзеяй у Кліне. Гэта не давала засяродзіцца. Ён раззлаваўся, выцягнуў са стала павестку і запоўніў яе на імя Валюжэніча. Бо, калі сведкам быў, паслухаць яго не пашкодзіць. Прыняўшы рашэнне, лейтэнант супакоіўся, павесялеў, уявіўшы, як падпалкоўнік, даведаўшыся пра яго ўчынак, скажа: «Любіш ты пасля бойкі кулакамі памахаць. — Паківае галавой і дадасць: — У час трэба думаць». Што праўда, то праўда. Ёсць такі грэх. Здараецца, зробіць вывад, а потым ужо, спакойна, не спяшаючыся, узважыўшы ўсе абставіны, заўважае, што нешта важнае прапусціў, праглядзеў. Стараецца зжыць у сабе гэту паспешлівасць, ды не заўсёды атрымліваецца. Праўда, у гэтым выпадку, здаецца, атрымалася нават наадварот — не ён, а начальства спяшаецца з вывадамі. Але гэта ўсё роўна не дае заспакаення… Друг Сярковай у чымсьці аказаўся такім, якім Корзун яго сабе ўяўляў. Не надта малады, крыху за трыццаць, дужы мужчына, які стараецца сачыць за сваім выглядам. Яго можна было нават назваць прыемным. Сяркова, напэўна, аб ім так і думала. А Корзун не любіў людзей такога тыпу: гладкіх, прылізаных, быццам з рэкламнага малюнка. Валюжэніч быў гаваркі, трымаўся ўпэўнена, з пачуццём уласнай годнасці. І таму размова ў іх атрымалася лёгкая. Валюжэніч з гумарам, капіруючы паводзіны кожнага ўдзельніка падзеі, расказаў пра вобыск Грамакоўскай. Аднак пра тое, што спрабаваў адгаварыць Сяркову, не ўспомніў. Корзуну гэта спадабалася, ён пачаў трымацца менш афіцыйна. Відаць, і Валюжэніч адчуў гэту перамену, бо з усмешкай, як аднадумцу, нібы між іншым сказаў: — Рву з Марусяй. — Гэта чаму? — шчыра здзівіўся Корзун. Яму здавалася, што яны вельмі адпавядаюць адно аднаму: і ўзрост, і, відаць, характары падобныя. — Грубая, ведаеце, — растлумачыў Валюжэніч. — Я даўно заўважаў. Думаў — выпадковае. А апошнім разам… — Ён змоўк, даючы субяседніку самому здагадацца, што менавіта выпадак з Грамакоўскай быў той кропляй, якая пазбавіла цярпення. — Вам лепш ведаць, — нечакана для сябе сумеўся Корзун і раптам падумаў: «Цікава, а што сказала б Сяркова, каб пачула гэта?» І спытаў: — А пра грошы вы што-небудзь можаце сказаць? Валюжэніч паціснуў плячыма, пасур'ёзнеў. Нейкі час маўчаў, нібы яшчэ раз перабіраў у памяці той выпадак, а потым адказаў. — За руку нікога не злавіў. За Грамакоўскую магу паручыцца. Наіўнае дзяўчо, яна яшчэ не ведае цаны грашам. Навошта яны ёй? А вось… — ён змоўк, як і тады, калі гаворка ішла пра яго былую нявесту. Корзун не любіў, калі яму спрабавалі што-небудзь навязаць, і сярдзіта звёў бровы: — Трэба канкрэтна! — Не, не, — ускінуўся Валюжэніч, — я ж казаў: за руку нікога не злавіў… — Давайце павестку, — сказаў Корзун. — Калі да мяне пытанняў не маеце, можаце ісці. У той дзень Корзун заседзеўся ў аддзеле: спачатку была нарада ў начальніка, пасля — камсамольскі сход. І толькі ідучы дадому, успомніў, што ў яго няма нічога на вячэру. Магазіны і сталоўка ўжо былі зачынены, і яму нічога не заставалася, як пайсці ў рэстаран. Ён не любіў хадзіць туды ўвечары. Тлум, клубы тытунёвага дыму, перамяшанага з пахамі кухні, п'яныя, якія сноўдаліся між столікамі,— усё гэта раздражняла яго. Яму было прыкра, што ёсць людзі, якія трацяць грошы і час на гэты п'яны чад. У рэстаране, як ён і прадбачыў, наведнікаў напярэдадні суботы было больш, чым звычайна. Пашчасціла ў адным — вольнае месца знайшлося недалёка ад увахода, за сталом, які стаяў ля сцяны. Афіцыянтка не спяшалася, і ад няма чаго рабіць Корзун разглядаў наведнікаў. Зайграла радыёла-аўтамат, з-за столікаў пачалі выбірацца аматары танцаў. І Корзун ад здзіўлення нават падаўся наперад: сярод пар ён пазнаў Валюжэніча і Хруцкую. Тую самую прадаўшчыцу трыкатажнай секцыі, заява на якую ляжала ў ягоным сейфе. Супадзенне спачатку здалося яму дзіўным. Аднак, прыгледзеўшыся, ён не мог не адзначыць, што Хруцкая і Валюжэніч добрая пара. Хруцкая выглядала не так вульгарна, як Сяркова: не крычала аб сабе касметыка, дый апранута яна была не проста ў дарагое адзенне, а з густам — шэры шарсцяны касцюм надаваў ёй асаблівую элегантнасць. Яна кружылася ў самазабыцці, не заўважаючы, здавалася, нікога і нічога вакол сябе. Валюжэніч трымаў сябе больш стрымана, быццам падкрэсліваючы ўсім сваім выглядам: «Ну што зробіш, моладзь». У Корзуна ў грудзях варухнулася зайздрасць. Да Валюжэніча, які ўмее паводзіць сябе так проста і натуральна з прыгожымі дзяўчатамі. Потым успомніў заяву, што ляжала ў сейфе, і раптам раззлаваўся. І на сябе, і на Хруцкую з Валюжэнічам, і нават на сваю работу, якая не пакідала яму ніколькі часу. Гэта ўспышка хутка прайшла. Ён прымусіў сябе пераключыцца на думку пра блізкі адпачынак і турысцкую паездку па Каўказе, дзе ён ужо аднойчы адпачываў без пуцёўкі — «дзікуном». Тады ў іх падабралася добрая кампанія, цікавая. Былі і дзяўчаты. І калі ён ні на якой з іх не спыніў свайго выбару, дык толькі таму, што перад дзяўчатамі губляўся гэтак жа сама, як і перад начальствам, — не знаходзіў у патрэбную хвіліну слоў. Напэўна, яго лічылі дзіваком, бо ніводная з дзяўчат так і не прыняла яго ўсур'ёз. Пажартуе, і тым справа скончыцца. Павячэраўшы, Корзун прыйшоў дадому і лёг спаць. А сярод начы раптам прачнуўся ад нейкай трывогі. Ён не разумеў яе прычыны, і ў той жа час яму здавалася, што адказ недзе вельмі блізка: варта толькі напружыць думку — і ён знойдзецца, зробіць усё ясным. Пра сваю трывогу ён думаў і пазней — па дарозе ў аддзел, і прыйшоўшы, калі пачаў прыкідваць план расследавання ва універмагу. І толькі дайшоўшы ў плане да Хруцкай, нарэшце ўспомніў: яго чамусьці занепакоіла спалучэнне — яна і Валюжэніч. Цяпер ён успрымаў іх не толькі як прыгожую пару. Ён ужо не мог забыцца, што Хруцкая, як і Сяркова, прадаўшчыца. Што гэта — выпадковасць ці Валюжэніч спецыяльна выбірае сабе дзяўчат пэўнай прафесіі? Сёння Корзун ужо не адчуваў учарашняй зайздрасці да Валюжэніча. Тут ён не крывіў душой перад сабой. Але чаму так здарылася, чаму ў ім загаварыў следчы? Што адбылося за суткі, якія мінулі з таго часу, як з яго кабінета пайшоў Валюжэніч? Толькі тое, што ён убачыў Валюжэніча з дзяўчынай, якую падазраюць у спекуляцыі? Вядома, ёсць аматары пажыць за чужы кошт. Валюжэніч, падобна, з іх. У Кліне ў яго была жанчына з грашыма — Сяркова, тут — Хруцкая За гэта да адказнасці не прыцягнеш, не ён махлюе. Але гэта можа азначаць, што Хруцкая сапраўды займаецца спекуляцыяй. А мажліва — і Сяркова ўзяла тыя грошы, каб утрымаць жаніха, — такому невядома колькі іх трэба. Корзун адклаў справу ўбок і паехаў на папяровую фабрыку, на якой Валюжэніч працаваў сетачнікам. У аддзеле кадраў яму сказалі: — Да нас Валюжэніч прыехаў з Баравіцкай фабрыкі, сам. Спецыяліст ён невялікі, але нараканняў на яго працу няма, нядаўна далі пяты разрад. Халасты, больш дакладна — разведзены. Усё гэта, за выключэннем апошняга, лейтэнант ужо ведаў. Валюжэніч расказаў, калі запаўнялі пратакол допыту. Таму, слухаючы супрацоўніка аддзела кадраў, ён пытаў у сябе: «А што, уласна кажучы, ты хочаш высветліць?» І не мог адказаць. Толькі пазней, калі вяртаўся, у галаве мільганула: «Чаму Валюжэніч не сказаў, што быў жанаты?» Аднак у гэтым нічога незвычайнага не было. Факт сам па сабе да справы дачынення не меў, а афішыраваць сваю ранейшую жаніцьбу Валюжэніч, мажліва, не хацеў, баючыся, каб пра гэта не даведаліся яго тутэйшыя каханкі. Аднак Корзун на ўсякі выпадак вырашыў пазваніць у Баравіцк. Яму адказалі адразу: Валюжэніч развёўся пасля таго, як яго жонку судзілі за буйную растрату ў магазіне, якім яна загадвала. Праз гадзіну Корзун выехаў у Клін. Сяркова сустрэла яго з ранейшай непрыветнасцю. — Я ўнесла грошы! — адрэзала яна, не выказваючы жадання працягваць размову. — Вам хочацца, каб вас лічылі растратчыцай? — ніякіх пэўных меркаванняў лейтэнант не меў, проста яму хацелася выклікаць у жанчыны патрэбу разгаварыцца, а тады магло што-небудзь і выявіцца. — Дык гэта… — Сяркова аж захліпнулася ад абурэння. — Усе ведаюць, што я не брала. — Нястачу з вас спагналі, так? — не адступаў Корзун. — Таму што, пакуль не даказан факт крадзяжу, пэўная віна ляжыць на вас. Поўны твар Сярковай перакрывіўся. Яе нафарбаваныя губы дробна дрыжалі. Але яна стрымалася. Відаць, зразумела, што гэтаму лейтэнанту слязьмі нічога не дакажаш. І ўжо амаль спакойна адказала: — Я што, я пад рукамі, на мяне ўсё спіхнуць можна. — Каб хацелі на вас спіхваць, я не прыехаў бы сюды зноў,— і Корзун папрасіў яе паўтарыць усё, што яна гаварыла мінулыя разы. Нішто не сведчыла, быццам Сяркова спрабуе нешта ўтаіць. Але і новага яна нічога не паведаміла. Пад канец размовы Корзун спытаў: — Валюжэніч у магазіне адзін заставаўся? — Вы гэта што? — Спакою Сярковай як не было. — Са мной не выходзіць, дык на жаніха хочаце паклёп узвесці? «Цікава, — падумалася Корзуну, як і тады, у час допыту Валюжэніча, — што б яна заспявала, каб пачула пра Хруцкую?» Аднак выкарыстаць гэты забаронены прыём не мог. Проста сказаў: — Трэба ўсіх праверыць. — Не быў, няма чаго яго правяраць! — Не быў, і добра, — не стаў пярэчыць Корзун, тым болей што і паказанні іншых сведак не пацвярджалі гэтага. Нервовасць Сярковай, калі размова краналася яе жаніха, здзіўляла Корзуна. Валюжэніча ж ніхто не абвінавачваў. А можа, яна сама не вельмі ўпэўнена ў ім? Хаця наўрад. Сяркова, падобна, з тых жанчын, што свайго не даруюць, нават жаніху. Ёй, напэўна, проста непрыемна, што яго могуць западозрыць. Аднак жа і яна сама не брала, бо трэба быць добрай артысткай, каб паводзіць сябе так натуральна. А хто тады ўкраў? Без усякіх спадзяванняў спытаў: — На купюрах не было якіх-небудзь паметак? Сяркова пільна паглядзела на лейтэнанта, падумала і адказала: — Дык людзі часта на грошах што-небудзь пішуць. — Значыць, і на тых былі, так? Пастарайцеся ўспомніць. Яна павагалася, быццам не была ўпэўнена да канца, і сказала: — Хто ж яго ведаў, што вам спатрэбіцца. Здаецца, былі. Так, так, я яшчэ на пошту званіла. Гэта калі Лісавы тэлевізар бралі. Іх дзеці соценкі панадпісвалі. Я баялася, што не прымуць. Таму і пазваніла. — Яны што, імёны свае напісалі? Як іх завуць, ведаеце? — Здаецца, Зіна, Каця і Мішка… — Яна насцярожана глядзела на Корзуна. — А што, знойдзеце? — Хто яго ведае, — адказаў лейтэнант, — самі ж казалі, што на грошах шмат хто піша. Ды і сцерці можна. Паметкі на купюрах — гэта ўжо след, зачэпка. І цяпер Корзун быў упэўнены, што падпалкоўнік дазволіць працягваць расследаванне. Аднак перш чым пайсці да яго, ён вырашыў яшчэ раз самастойна абдумаць усе свае довады. Думка, што ў Сярковай ёсць сумненні ў адносінах да свайго жаніха, пасля размовы з ёю адпала. Калі паметкі былі сапраўды, яна ніколі б не сказала пра іх, каб не паставіць пад пагрозу жаніха. Па ўсім было відаць, што яна кахае яго. Аднак калі не Валюжэніч, то тады нехта іншы, і абавязкова свой, сельскі. Чужых, акрамя Валюжэніча, у той дзень там не было. З гэтым ён і пайшоў да Шарая. — Клін? — здагадаўся падпалкоўнік. — А то я думаю, што гэта ў цябе такі рашучы выгляд? — Ніяк не магу даць сам сабе рады, — збянтэжыўся Корзун. — Быццам нябачны парог пад нагамі: і не відаць нічога, і не пераступіць. — Потым суха пераказаў начальніку аддзела ўсё, аб чым даведаўся за апошнія дні. Шарай доўга сядзеў, задумліва паглядаючы на лейтэнанта. Нарэшце прыняў рашэнне: — Добра, зробім так. Па-першае, трэба прасачыць, ці не сустрэнецца сёння-заўтра Сяркова з жаніхом. Бо, магчыма, тут без яго не абышлося. Калі яна ў ім упэўнена, то пастараецца сустрэцца. Па-другое, пацікаўся, хто і куды і з якой нагоды выязджаў за апошнія дні з вёскі. І папярэдзь банк, каб сачылі за надпісанымі купюрамі. Гэта, здаецца, наш адзіны больш ці менш верны след. — Баюся, спазніліся, колькі дзён мінула, — з жалем прамовіў Корзун. — Наадварот, думаю, яшчэ нават рана, — не пагадзіўся падпалкоўнік. — Калі злодзей заставаўся тут, то спачатку дробныя грошы траціў, чакаў, каб мы забыліся на яго. Так што дзейнічай. — Слухаю, — весела адказаў Корзун, не ўяўляючы ў той момант, якую работу ўзваліў сабе на плечы. Яе аб'ём ён ацаніў толькі назаўтра, калі пачаў правяраць усіх, хто выязджаў з Кліна. Такіх людзей было нямала, і ездзілі яны у розныя месцы, па рознай патрэбе. Добра, што сярод іх былі і такія, якія ў магазін Сярковай у той дзень не заглядвалі. Так што круг звузіўся. Працуючы над гэтай сваёй версіяй, Корзун, аднак, не забываўся на саму прадаўшчыцу. Яна не паехала ў райцэнтр, хаця і выклікалі па тавары, і, такім чынам, з Валюжэнічам не сустракалася. Але і гэта зусім не пацвярджала выказанае падпалкоўнікам меркаванне. Сярковай на той час быццам бы тэрмінова спатрэбілася падаць справаздачу ў сельпо, і таму на базу замест сябе паслала памочніцу, якая толькі што выйшла на працу пасля хваробы. Так што шукаць злодзея, відаць, трэба было ў іншым месцы. З усіх непрыкметна правераных вяскоўцаў Корзуна найбольш зацікавіў Буевіч. Па-першае, ён такі заставаўся адзін у гандлёвым памяшканні, і па-другое, назаўтра пасля прапажы ў магазіне паехаў у абласны цэнтр. Што ён там рабіў, дакладна даведацца не ўдалося. Стала толькі вядома, што яго сын, які там жыў, у той жа дзень купіў матацыкл. Сваіх грошай у яго наўрад ці магло столькі быць — за паўгода працы токарам трэцяга разраду шмат не назапасіш. Аднак, расказваючы таварышам пра пакупку, не гаварыў, дзе ўзяў грошы. Ці не хацеў, ці ўтойваў, што дапамог бацька. Корзун не мог нават падумаць, што тут можа што-небудзь быць нячыстым. Буевіч, з якім ён у свой час гутарыў, быў не з тых людзей, якіх можна падазраваць у чым-небудзь благім, — ветэран вайны, актывіст. Аднак гэта супадзенне з пакупкай Корзуну вельмі не спадабалася. Звязаўся з банкам абласнога цэнтра, каб высветліць, ці не паступалі да іх у той дзень мечаныя купюры з магазіна спорттавараў, які прадаваў матацыклы. Ніхто, аднак, нічога пэўнага сказаць не мог. А час ішоў. Цяпер усё выглядала яшчэ больш безнадзейным, чым напачатку. Корзун так і сказаў падпалкоўніку, калі прыйшоў на чарговы даклад. Той папракнуў: — Хутка ты здаўся, лейтэнант. Ці, можа, забыўся, што цярпенне — твая самая моцная зброя? — Мне не часу шкада, — не пагадзіўся Корзун, — баюся, што мая падазронасць на сумленнага чалавека цень кіне. — Ну, гэта ад цябе залежыць. Зрэшты, у адным ты, бадай, маеш рацыю. Важдаемся доўга. Таму давай паспрабуем падштурхнуць падзеі. — Якім чынам? — не зразумеў лейтэнант. — Папросім старшыню райспажыўсаюза выступіць у газеце. Хай раскажа пра растраты, выяўленыя ў магазінах. І Сяркову ўспомніць, не надта крытычна, а як сам факт: у час выручку не здала. Раптам той, хто сцягнуў грошы і пакуль тоіцца, асмялее. — А калі асмялеў ужо, да нас? — Думаеш на Буевіча? — Не хачу, ды… — Вось і не трэба, — перабіў Шарай. — Усё роўна высветлю, за якія грошы матацыкл куплены, — упарта сказаў Корзун. А сын Буевіча, як на тое, на асцярожнае пытанне сакратара камсамольскага камітэта завода, які пытаў у яго па просьбе Корзуна пра матацыкл, пажартаваў: «На хлебе ды на вадзе сядзеў, па капейцы збіраў». Якая ні была непрыемная для Корзуна сама гэта думка, ён усё больш разумеў, што рана ці позна, а прыйдзецца зноў сустрэцца з Буевічам. Тым часам у газеце з'явіўся артыкул, аб якім гаварыў падпалкоўнік Шарай. Прайшло яшчэ некалькі дзён. І ўсё безвынікова. Корзун ужо быў сабраўся да Буевіча, як нечакана пазванілі з банка. У грошах, якія здаў універмаг, знайшлі соценную купюру са слядамі сцёртага надпісу. Узрадаваны, Корзун заспяшаўся да начальніка, але таго не было на месцы. Давялося самому прымаць рашэнне. Дырэктар універмага, якога Корзун папрасіў выклікаць да яго касіраў, здзівіўся, але, ні аб чым не пытаючы, выканаў просьбу. Жанчыны адна за адной заходзілі ў кабінет. Ніхто з іх не запомніў пакупніка з соценнай купюрай. Гэта было тым больш дзіўна, што, як паведамілі з банка, яна была ў той дзень адзіная ў выручцы. Касіры звычайна такія рэчы не прапускаюць. Значыць, або не хочуць сказаць, або… яны сапраўды не бачылі гэтай купюры. — Вось-вось, — падліў масла ў агонь дырэктар універмага, — самі пераканаліся, ніхто не ведае. — А мы гэта зараз праверым, — зірнуў на яго лейтэнант і звярнуўся да маладзіцы, якую выклікалі апошняй: — А што вы нам скажаце? — Што гэта вы за нас узяліся, таварыш лейтэнант? — за жартаўлівым пытаннем жанчыны адчувалася хваляванне. Корзун быў з ёю крыху знаёмы, ведаў, што яна працуе ў трыкатажнай секцыі нядаўна, яе перавялі сюды з кніжнага магазіна, дзе яна зарэкамендавала сябе з найлепшага боку. І ўсё-такі, нічога не тлумачачы, спытаўся пра купюру. Яна не ведала. Тады ён пацікавіўся: — Вы ўчора не пакідалі работу? — А што здарылася? — яшчэ больш занепакоілася яна. — Значыць, пакідалі? — Так, але мне Іван Сцяпанавіч дазволіў,— касірка павярнулася да дырэктара, чакаючы падтрымкі.— Сына трэба было забраць з садзіка. Заўсёды муж забіраў, а ўчора на раёне затрымаўся… — Хто вас замяняў? — нецярпліва перапыніў яе Корзун. — Валя… Хруцкая. У нас усё роўна хто замяняе, у нас брыгадная адказнасць. — Ды я не ў прэтэнзіі,— засмяяўся Корзун, — дзякуй вам і даруйце, што патрывожыў.— У яго быў добры настрой, яму здавалася, што ён, нарэшце, выйшаў на след. — Што яны там натварылі? — спытаў дырэктар. — Нічога такога, што мела б дачыненне зараз да вашага універмага, — супакоіў яго Корзун. Ён не хацеў дачасна прыцягваць увагу да той купюры. Неўзабаве Корзун стаяў перад Шараем. — Таварыш падпалкоўнік, я ведаю, хто ўкраў грошы. Дазвольце выклікаць Хруцкую. Падпалкоўнік паглядзеў на лейтэнанта з цікавасцю, спытаў: — Што яна павінна табе расказаць? — Купюру яна мяняла, а даў яе Валюжэніч. — Чым дакажаш? — Надпісам… Імёнамі дзяцей Лісавых. — Каця, Зіна, Мішка? Ай, лейтэнант, лейтэнант… На той купюры, што ў банку, напісана: «539 рублёў». Экспертыза ўстанавіла. — Але ж яе, напэўна, мяняў Валюжэніч. — А калі і так? Ці гэта крымінал? І, наогул, мы з гэтымі надпісамі ледзь самі не заблыталіся. Не было іх, лейтэнант, не было. — Як гэта? Мне Сяркова сама казала. І на пошце я пытаўся, яна званіла. — Правільна, званіла. Раней, з іншай прычыны… — Таварыш падпалкоўнік, — неспадзяваны ход Сярковай так уразіў Корзуна, што ён нават не заўважыў, як перабіў старэйшага. — Выходзіць, яна сама? — Бачыш, твая версія мела сэнс і патрабавала праверкі. Я спачатку яе таксама прыняў. А пасля мяне насцярожыла адна акалічнасць. Чаму, думаю, Сяркова не захацела пабачыцца са сваім каханым? Раней жа, каб сустрэцца, за любую нагоду хапалася. А тут пасылаюць, а яна адмаўляецца. Між тым, з жаніхом яны рассталіся добра, і пра Хруцкую нічога яшчэ не ведае. Застаецца адно — чамусьці ўзлавалася. І я падумаў, ці не пачала яна, прыкінуўшы ўсё ў галаве, падазраваць яго? Гэта здалося неверагодным: абараняць жаніха перад табою і ў той жа час называць прыкметы, якія могуць дапамагчы злавіць яго, калі ён злодзей. І тады я падумаў: а калі гэта з яе боку хітры ход, каб адвесці небяспеку ад жаніха? Ты быў заняты сваёй версіяй, і я вырашыў успомніць старое. Сам паехаў у Клін. Не да Сярковай, ад яе нічога пакуль што не даб'ешся, хоць, вядома, сустрэцца з ёй прыйдзецца. Даведаўшыся, што яна схлусіла пра пошту, я пабываў у Лісавых. Так стала вядома, што на грошах ніякіх паметак не было. Вывад напрошваўся адзіны: варта пацікавіцца тым, каго хочуць выгарадзіць. Далейшая распрацоўка версіі дала новыя матэрыялы. Аказалася, што і Валюжэніч у тыя дні пабываў у абласным цэнтры. Браў адпачынак за свой кошт, нібыта па сямейных абставінах. Ніякімі сямейнымі справамі ён там не займаўся. Па нашай просьбе з яго ў горадзе вачэй не спускалі. Паблукаў па вуліцах, набыў у некалькіх ашчадных касах семдзесят дваццацірублёвых аблігацый трохпрацэнтнай пазыкі, паабедаў у рэстаране і ўночы вярнуўся дадому. — Выкруціўся, — засмуціўся Корзун, — цяпер нічым не дакажаш. — Ён таксама гэтак думае. Але ж і мы не лыкам шытыя. Амаль паўсотні яго аблігацый яшчэ не былі ў абароце, нумары ўстанавіць няцяжка. Запрасі яго сюды, пагаворым. Дарэчы, пакідала на яго магазін Сяркова, пакідала. Лісава сказала. Прыйшла яна на другі дзень пасля пакупкі тэлевізара паставіць на гарантыйны талон пячатку, а прадаўшчыцы няма. Толькі ля вагаў стаялі дзве пакупніцы, чакалі Сяркову. Затое ў другім баку на прылаўку сядзеў яе жаніх. Увогуле, ён часта пільнаваў там, так што гэта нікога не здзіўляла. Але факт варты, каб яго ўзяць на заметку. Валюжэніч трымаўся незалежна, адказваючы на пытанні, звяртаўся спачатку да Шарая і толькі потым пераводзіў позірк на Корзуна. Першы раз па яго твары прабег цень, калі падпалкоўнік задаў пытанне, якое быццам бы не мела ніякага дачынення да тэмы размовы. — Ваша дачка жыве ў жончынай маці? — Шарай спытаў гэта як між іншым. — Так… — Валюжэніч адказаў і паціснуў плячамі. — Колькі вы пасылаеце па выканаўчаму лісту? — Рублёў сорак… Але я не разумею… — Не багата ў вас застаецца, — Шарай нібы не чуў яго незадаволенасці. Валюжэніч падумаў і насцярожана кіўнуў. — Аднак неяк круціцеся і нават аблігацыі трохпрацэнтнай пазыкі набываеце. Суседзі ў інтэрнаце бачылі, як вы лічылі. — То за колькі часу… Ці не больш года па дзесятцы-дваццатцы выкрайваю. З прэміі, ведаеце, з трынаццатай зарплаты. Ці многа аднаму трэба. — Можна паглядзець аблігацыі? — папрасіў Корзун з нявінным выглядам. І калі Валюжэніч, недаўменна чмыхнуўшы, выцягнуў з кішэні партманет, падышоў да дзвярэй і паклікаў з калідора ў кабінет дзвюх дзяўчат. Потым растлумачыў: — Будуць панятымі. — Дык кажаце, пакрысе куплялі? — спытаў Шарай. — Ну! — Нічога не падазраючы, Валюжэніч трапіў у пастку. Корзун разгарнуў атрыманую ва ўпраўленні дзяржаўных ашчадных кас даведку і пачаў звяраць з напісанымі ў ёй лічбамі нумары аблігацый жаніха Сярковай: — Вось гэтыя вы ўзялі ў касе на Прывакзальнай, гэтыя — на Піянерскай, гэтыя… Валюжэніч нейкі час сядзеў, вылупіўшы вочы: ён ніяк не мог уцяміць, што адбываецца. З яго твару паступова спаўзала нахабная ўсмешка, саступаючы месца страху. Праз якую хвіліну перад следчым сядзеў ужо зусім іншы чалавек. Нейкі час ён яшчэ спрабаваў упарціцца, потым закруціўся, забалбатаў, хочучы паддобрыцца, зменшыць сваю віну. — Я ўпэўнены, грамадзянін следчы, што вы ва ўсім разберацеся. Калі падумаць, у каго я грошы ўзяў? У гандляра. А яны што — сумленныя? Не, яны самі жулікі, я ведаю, — гаварыў ён. — Давайце бліжэй да справы! — нагадаў яму Корзун. — Лепш раскажыце, як вам удалося сцягнуць грошы. — Чаму сцягнуць, — Валюжэніч, здавалася, нават пакрыўдзіўся, — мне Марыя давярала. Колькі разоў у магазіне аднаго пакідала. І я ні разу, ані-ні… — Правільна, разлічвалі на большае. А калі іншая перспектыва з'явілася, і дзвюх тысяч хапіла. — Хай будзе па-вашаму, — паспяшаўся згадзіцца Валюжэніч. — Я ведаў, што выручку яна не паспела здаць. Але адзін у магазіне я не заставаўся ў той дзень. Каб потым на мяне не падумала. Дачакаўся, калі ля суседніх паліц сабралася чарга, а Марыя выйшла прымаць хлеб з машыны, і тады перагнуўся цераз прылавак. Нібы паліто гляджу, а сам адчыніў шуфлядку і ўзяў пачак. Марыя яго якраз перавязала. Ніхто нават увагі не звярнуў, прывыклі, што я свой. Я думаў, Сяркова не збяднее. У яе хапае грошай, раю прыгледзецца… — Яна ж кахала вас, — Корзун не ўтрымаўся ад папроку. — Яшчэ як! — на імгненне да Валюжэніча вярнулася ранейшая самазадаволенасць, папрок да яго не дайшоў. Корзуну стала агідна і разам з тым крыўдна за тую, напэўна, не такую благую жанчыну — Сяркову, якая была вінавата толькі ў тым, што пакахала гэтага нягодніка. Ён устаў і сказаў: — Пойдзем! — Куды? — з надзеяй у голасе спытаў Валюжэніч. — Самі ведаеце — куды, — адказаў Корзун. Гадзіннік з бранзалеткай Новае назначэнне Корзун прыняў без асаблівай радасці. Вядома, служба ў абласным упраўленні ўнутраных спраў, ды яшчэ ў самім крымінальным вышуку, цешыла самалюбства. Колькі ў райаддзелах вобласці служыць лейтэнантаў і нават старшых лейтэнантаў, а, як здарылася вакансія, выбралі яго. І разам з тым было сумна расставацца з таварышамі — з участковым Савачкіным, начальнікам аўтаінспекцыі Лапковым, падпалкоўнікам Шараем. У сваім райаддзеле ён, здаецца, быў на месцы і, што самае важнае, заўсёды адчуваў сяброўскую падтрымку. А тут, напэўна, пройдзе нямала тыдняў, калі не месяцаў, пакуль ён прывыкне, асвоіцца, пакуль яго пачнуць лічыць па-сапраўднаму сваім. Калі толькі раней не праваліцца на якой-небудзь простай справе. Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку паставіліся да Корзуна добразычліва і ў той жа час неяк стрымана, сухавата. Пазнаёміліся, перакінуліся словам-другім і заняліся кожны сваім. Толькі непасрэдны начальнік маёр Юркавец падрабязна распытаў, як гэта Корзуну ўдалося так хутка знайсці ўкрадзеныя з калгаснай касы сем тысяч рублёў. Корзуну было прыемна, што і ў абласным цэнтры чулі пра гэта. І ўсё ж, калі казаць шчыра, яму хацелася нейкай іншай размовы, ва ўсякім разе, не пра мінулае. Тым болей што і начальнік аддзела яму спадабаўся: высокі, спартыўнага выгляду, элегантна апрануты, прыгожы, гадоў трыццаці пяці мужчына. Ён глядзеў уважліва і прыветна, слухаў не перабіваючы. З ім, Корзун адчуў гэта, ён мог бы падзяліцца самым запаветным. Як некалі з падпалкоўнікам Шараем. Аднак Юркавец быў не з гаваркіх. Нездарма ў аддзеле жартавалі, што ён сем разоў падумае, а тады ўжо скажа. Паслухаўшы Корзуна, маёр задаволена хмыкнуў і працягнуў танюсенькую папку. — Вось табе першае заданне, — маёр зірнуў на Корзуна, наморшчыў лоб і, папярэджваючы пытанне, дадаў: — Вёў старшы інспектар Дзюба. Пазнаёмся і выкажы сваю думку. Корзун узняў вочы. Юркавец нахмурыўся. Відаць, прывык, што падначаленыя разумеюць яго з паўслова. Але на гэты раз палічыў патрэбным сказаць яшчэ адну фразу: — Дзюбе давялося выехаць. Тэрміновая камандзіроўка супрацоўніка абласнога ўпраўлення азначала, што ў нейкім раёне спатрэбілася кваліфікаваная дапамога, і Корзун адказаў: — Будзе выканана. Начальнік аддзела, вядома, не выпадкова прыгадаў тэрміновую камандзіроўку Дзюбы. Гэта як бы падкрэслівала, што пытанне не столькі ў праверцы здольнасцей навічка, колькі ў неабходнасці нешта такое ўдакладніць. Тым не менш Корзун засмуціўся. Ён пераконваў сябе, што Юркавец, калі ў яго сапраўды ўзніклі нейкія сумненні, мог аддаць папку і якому іншаму супрацоўніку, які падвярнуўся б пад руку, што ў гэтым факце няма нічога незвычайнага і тым болей крыўднага. Аднак довады розуму не дзейнічалі. І Корзун ледзьве прымусіў сябе засяродзіцца на гэтых пратаколах, тлумачэннях, заключэнні эксперта, даведках і да таго падобных дакументах, без якіх крымінальная справа — не крымінальная. Дзюба расследаванне закончыў: злачынца затрыманы, не адпіраецца, ёсць паказанні сведак і ўсё гэта пацверджана паўторным выездам на месца здарэння. Так што Корзуну і рабіць тут, уласна кажучы, няма чаго. А гісторыя была самая банальная. Нейкі Гурыновіч падпіў і захацеў дабавіць, а грошай не было. Вось і падпільнаваў прыцемкам на выхадзе з глухога завулка дзяўчыну і спрабаваў адабраць сумачку. Аднак падаспелі людзі, і Гурыновіча затрымалі. У аддзеле міліцыі і дзяўчына і сведкі апазналі грабежніка. А калі да гэтага дадаць, што Гурыновіч прыкладнымі паводзінамі не вызначаўся, то зусім зразумела, чаму Дзюба не доўга разважаў пра яго вінаватасць. Корзун узяўся за ручку, каб пацвердзіць сваю згоду з вывадамі старшага інспектара. З іроніяй сказаў сабе: «Блыхалоў ты, а не інспектар крымінальнага вышуку. У гэтай справе, каб і хацеў, не памылішся». Ён акуратна падраўняў паперкі, перагарнуў іх тэкстам уніз. Але ў самы апошні момант падумаў: «А чаму ўсё-такі маёр падсунуў мне гэту справу?» Зазваніў тэлефон. Корзун узяў трубку. Гаварыў Юркавец. — Ну як, можаш далажыць? — Яшчэ не, — адказаў Корзун. Маёр хмыкнуў. Гэта, падобна, замяняла яму словы, якіх ён не любіў і без якіх часта добра абыходзіўся, надаючы сваім хмыкам патрэбнае адценне. Корзун яшчэ не надта разбіраўся ў адценнях голасу начальніка аддзела, аднак іронію адчуў. З прыкрасцю падумаў, што з кіраўніцтвам упраўлення Юркавец, напэўна, размаўляе ўсё-такі нармальнай мовай. У тон Юркаўцу лаканічна сказаў: — Вывучаю… Вядома, гэта было не толькі яго права, а і абавязак. Юркавец хмыкнуў яшчэ раз, і ў трубцы пачуліся кароткія, як насмешлівае пакехкванне, гудкі-сігналы. Корзун паклаў трубку на рычагі і зноў узяўся за спісаныя лісткі справы. Ён перачытаў іх адзін за другім да канца. Усё выглядала правільным, абгрунтаваным. Нават тое, што дзяўчына, Зіна Шаронава, ужо ў міліцыі заявіла, быццам бы ў яе былі залатыя гадзіннік і бранзалетка, а іх не аказалася, наўрад ці мела істотнае значэнне. Як пацвярджалі сведкі, Гурыновіч не паспеў адбегчыся. Такім чынам, Шаронава або згубіла гадзіннік раней, або яго ў прыцемках не заўважылі, аглядаючы месца здарэння. Хутчэй за ўсё апошняе, бо пільнага агляду не было — сама падзея гэтага не вымагала, Дзюба пра гадзіннік тады не ведаў. Корзун рашуча ўзяў ручку і зноў адклаў, пакепваючы з сябе: «Бюракрат ты, лейтэнант міліцыі. Чыноўнік. Прыдзіра. Фармаліст…» А потым склаў папку і пайшоў да начальніка аддзела — нешта ўсё-такі ў гэтай справе не ладзілася. Азнаёміўшыся з яго сумненнямі, Юркавец вымавіў на дзіва доўгую фразу: — Гадзіннік мог падабраць пазней выпадковы прахожы, нават назаўтра раніцай. — Не ўпэўнены, — запярэчыў Корзун. — Варта было б яшчэ раз пагаварыць са сведкамі, пашукаць новых. Бровы ў Юркаўца папаўзлі ўгору. — Бачыце, таварыш маёр, — загарачыўся Корзун, — чамусьці гэтыя сведкі,— ён тыцнуў пальцам у папку, — бачылі толькі фінальную сцэну: Шаронаву на зямлі і схіленага над ёй Гурыновіча. А падзея ж мела і пачатак. — Што гэта нам дасць? — Юркавец быў цярплівы — ці то ад характару, ці то шанаваў навічка. Але Корзуну спадабалася, што ён не аддзяліў сябе ад справы, і таму шчыра прызнаўся: — Каб я ведаў… Юркавец скептычна паглядзеў на танюткую папку, перавёў позірк на лейтэнанта і, улавіўшы яго ніякаватасць, спачувальна сказаў: — Меў я табе другое заданне, але… Згодзен, пакруці, толькі не зацягвай надта. Пасля Юркаўцовага дазволу Корзун ледзь не заганарыўся сабой. Ды ў час спахапіўся, зразумеў, што ўсё не так проста. Як вынікала з пратаколаў, Дзюба таксама думаў пра магчымых новых сведак. Ён, здаецца, апытаў усіх, хто знаходзіўся тады паблізу, адно што ў глыб часу не пайшоў. Зыходзіў з таго, што Гурыновіч дзейнічаў асцярожна, падбіраючы хвіліну, калі вакол нікога не будзе, — і каб быў цверазейшы, то наўрад ці заспелі б яго на месцы злачынства. Гэта Дзюбава лагічная пасылка, падмацаваная пэўнымі фактамі, гучала досыць пераканаўча. А калі сюды дадаць яшчэ, што гадзіннік сапраўды мог падабраць хто-небудзь іншы, зусім старонні чалавек, то ў Корзунавай прыдумцы лёгка заўважаліся праколы. Гэта Корзуну было непрыемна. Але ён не адступіўся ад свайго. Не з упартасці, не таму, што сказаўшы «а», мусіў гаварыць і «б». Не любіў справы, у якіх не было адказу на ўсе магчымыя пытанні. Як, у прыватнасці, у гэтай — павінен жа быць нехта, хто бачыў Гурыновіча да нападу? У пратаколе допыту Зінаіда Шаронава значылася як «пацярпеўшая». Корзун не любіў гэтага слова. Яму здавалася, што яно надта казённае, з чалавека, якога пакрыўдзілі, якому нанеслі шкоду, робіць нейкую статыстычную адзінку. Яшчэ на пачатку сваёй службы ў райаддзеле ён паспрабаваў быў нават замяніць гэта слова. Пра дзядзьку, у якога п'яныя хуліганы адабралі грошы, напісаў «абрабаваны». Начальнік райаддзела падпалкоўнік Шарай чырвоным алоўкам тлуста перакрэсліў напісанае і сказаў: «Ты — лейтэнант міліцыі, а не мовазнаўца, давай без словатворчасці. А пра тое, абрабавалі твайго дзядзьку ці не, суд скажа». Корзун падпарадкаваўся, хаця ў душы застаўся нязгодным. І кожны раз, складаючы пратакол або якую-небудзь іншую афіцыйную паперу, міжволі ў думках падбіраў сінонімы да «пацярпеўшых», «істцоў», «устанаўлення сведак» і да таго падобных тэрмінаў, якія бытуюць у службовых дакументах і якія, ён гэта ўжо зразумеў, пры ўсёй сваёй казённасці надзвычай дакладна перадаюць сутнасць справы. І цяпер, калі ў яго ўзнікла неабходнасць пачынаць уласнае расследаванне з Шаронавай, якая пацярпела ад Гурыновіча, ён у думках пасміхнуўся, успомніўшы свае ранейшыя моўныя пакуты, — не было б большай бяды… Зіна Шаронава працавала станочніцай на аўтарамонтным заводзе. Ужо адным гэтым — не пабаялася мужчынскай работы — яна спадабалася Корзуну. І начальнік аддзела кадраў, да якога ён звярнуўся, каб дапамог арганізаваць сустрэчу з дзяўчынай, даў ёй добрую характарыстыку. Актыўная, шчырая, нядаўна ў бытавую камісію заўкома выбралі. Корзун быў упэўнены, што такая зможа расказаць усё так, як яно адбывалася, прыпомніць нават нейкія дэталі. Звычайна перад сустрэчай з чалавекам, пра якога ўжо нешта чуў, Корзун спрабаваў скласці сабе яго партрэт. Шаронаву ён уяўляў моцнай, рослай дзяўчынай — упраўляецца ж з важкімі сталёвымі нарыхтоўкамі. А яна аказалася невысокай, худзенькай. Такую няцяжка было пакрыўдзіць, збіць з ног адным ударам. — Гадзінніка шкада, — сказала Зіна ледзь не на самым пачатку размовы. — Залаты ж, — пагадзіўся Корзун. — Прэмія, — уздыхнула яна, — за першае месца ў горадзе па прафесіі. Яшчэ раней Корзун збіраўся спытаць, ці ўпэўнена яна, што гадзіннік быў тады на руцэ. Цяпер ён ужо не сумняваўся ў гэтым і ўдакладняць не стаў. Хаця каб спытаў, то, можа, і не ламаў бы галавы пазней… — Ну што ж, Зінаіда бацькаўна, пастараемся адшукаць. Толькі і ваша дапамога патрэбна. — Каб я магла… — Раскажыце, як усё здарылася. — Ды расказвала ўжо! — Дзяўчына нахмурылася. Відаць, цаніла кожную хвіліну і, спяшаючыся да станка, не бачыла неабходнасці паўтараць тое, што і без таго вядома ўжо. — У нашай справе часам адно слова ўсю карціну перайначыць, — Корзун хацеў, каб Шаронава зразумела, што яго цікавасць не фармальная, а вымушаная. — Хіба… — без асаблівай ахвоты пагадзілася дзяўчына і пачала расказваць. Яна не чула крокаў ззаду, наогул нічога не чула, і таму ўдар быў для яе нечаканы. Ударылі моцна, яна ўпала і больш нічога не помніць. Калі апрытомнела, убачыла над сабой нейкага чалавека. Ён вырываў з рук сумачку. Закрычала. І адразу падбеглі людзі. Не, Гурыновіч — яго прозвішча яна ўпершыню пачула ў міліцыі — не мог выскачыць з-за вугла. Там якраз быў штыкетнік, за ім не схаваешся. Па дарозе да Шаронавай Корзун пабываў у тым завулку і мусіў прызнаць, што дзяўчына не памыляецца. Рабаўнік хутчэй за ўсё даганяў яе. Але якая розніца — даганяў ці сустракаў. На ўсякі выпадак, аднак, спытаў: — Калі ішлі па завулку, наперадзе нікога не заўважылі? Шаронава паматала галавой. — Разумею, успаміны не з прыемных, не крыўдуйце, калі ласка. Але, прашу, падумайце яшчэ. Можа, усё-такі хто-небудзь быў, хаця б воддаль? Дзяўчына задумалася, апусціла на вочы доўгія, нібы наклееныя, чорныя вейкі. Кароткая грыўка ўпала на лоб, і Зіна стала падобнай на хлопца-падлетка. Бледнаватая, хмурая, яна, напэўна, яшчэ не апамяталася пасля траўмы — не толькі фізічнай, а і маральнай. Корзун цярпліва чакаў, са злосцю думаючы, колькі яшчэ ходзіць па зямлі такіх Гурыновічаў, якія прыносяць людзям пакуты і гора. Ён не адразу заўважыў, што Зіна глядзіць на яго, быццам вывучае, — прыжмурыўшы і без таго прадаўгаватыя шэрыя вочы. — Здаецца… — прамовіла яна не зусім упэўнена. — Ну-ну, — Корзун падаўся наперад, баючыся, каб яна цяпер раптам не сказала, што памылілася, што нікога не бачыла. — Здаецца, — паўтарыла Зіна, усё гэтак жа ўважліва разглядаючы Корзуна, — на тым баку вуліцы, на якую выходзіць завулак, была нейкая дзяўчына. Ці не ад магазіна ішла. Калі Шаронава не блытала, тая дзяўчына павінна была тое-сёе бачыць: адлегласць паміж імі была невялікая, метраў сорак, не болей. Корзун мякка спытаў: — Як яна выглядала? Дзяўчаты звычайна адна адну разглядаюць вельмі прыдзірліва, і часам нават мімалётнага позірку ім хопіць, каб запомніць што-небудзь характэрнае ў паходцы, туалеце. Ён быў упэўнены, што Зіна з гэтага правіла не выключэнне. І зноў не ўгадаў. — Не звярнула ўвагі,— пачуў ён, — ды і пад вечар было. — Хоць што-небудзь прыкмецілі? — расчаравана сказаў Корзун. — Паліто, шапачку, сумку, можа? Не з пустымі ж рукамі яна была? — Не-е… Хаця… У руках нешта было, так. А-а, футарал! Чорны. Ведаеце, у такім чарцяжы носяць студэнты. — Вось бачыце, — узрадаваўся Корзун. — Што з таго, — засумнявалася Зіна, устаючы. — Прабачце, мне пара на працу… — Вядома, вядома, — пагадзіўся Корзун і на развітанне дадаў, насміхаючыся: — А вы казалі! Сёе-тое ж ёсць… Ёсць! Студэнтку ён адшукаў у той жа дзень, на вячэрнім аддзяленні машынабудаўнічага інстытута — адзінага тэхнічнага ў горадзе. — Не, я нічога не бачыла, — адказала яна Корзуну. Ён ужо хацеў развітацца, як нечаканая думка прымусіла выцягнуць з кішэні фотакартку. Дзяўчына мелькам зірнула і паціснула плячамі: — Дык гэта ж Гурыновіч, на нашай вуліцы жыве. Забулдыга. — Вы яго ў той дзень бачылі? — Як жа! Сустрэла, каб на яго ліха. — Чаму ліха? — Не стрымаў усмешку Корзун — надта ўжо сярдзіта прамовіла гэта дзяўчына. — Не люблю, калі перад экзаменам п'яны дарогу пяройдзе, — як піць даць двойку схопіш. — А якой гадзіне гэта было? Не прыпомніце часам? — Часам прыпомню, — з усмешкай адказала дзяўчына. — Экзамен быў назначаны на сем вечара, і таму я з дому выйшла а палове сёмай. Як заўсёды, за паўгадзіны. Не паспела далёка адысціся — Гурыновіч. Хацела нават павярнуць назад… У заліковай кніжцы, якую Корзун папрасіў у дзяўчыны, сапраўды тым днём была прастаўлена ацэнка. Корзуну стала не па сабе. Не мог Гурыновіч адначасова даганяць Шаронаву і перабягаць у процілеглым баку дарогу сваёй суседцы. А калі так, то… Гадзіннік паказваў каля дзесяці. Ва ўпраўленні, акрамя дзяжурных, напэўна, нікога ўжо не было. Корзун пастаяў каля інстытуцкіх дзвярэй, збіраючыся з думкамі. Потым асцярожна спусціўся па заледзянелых слізкіх прыступках на тратуар. Ён любіў сакавіцкія вечары — ціхія, зорныя, калі мароз ужо не мароз, калі нагрэтае за дзень сонцам празрыстае і чыстае паветра бадзёрыць вясеннім пахучым водарам, а тонкі лядок на лужынках звонка хрупціць пад нагамі. Сёння Корзун, аднак, нібы не бачыў усяго гэтага хараства прыроды. Хутаючыся ў сваё не па сезону тонкае паліто, стараўся разабрацца ў новай сітуацыі, якая раптам узнікла пасля размовы са студэнткай. Атрымлівалася, што Гурыновіч або быў не адзін, або апынуўся ля збітай з ног дзяўчыны на імгненне пазней, калі ўжо той, першы, рабаўнік сарваў з яе рукі гадзіннік і ўцёк. Гурыновіч, бадай, і сам мог і ўдарыць, і па які рубель-другі ў чужую кішэню залезці — у Корзуна ён даверу не выклікаў. Але Корзун быў ужо дастаткова вопытны, каб не адчуць слабыя месцы ў вывадах, якія яны з Дзюбам гатовыя былі зрабіць, не капнуўшы выпадак глыбей. Мала таго, што Гурыновіч на судзе можа заявіць, быццам хацеў памагчы дзяўчыне, — ударыў жа не ён, гэта амаль ясна, — і тады ўся іх праца пойдзе кату пад хвост; дык сапраўдны злачынца застанецца ўбаку, а гэта яшчэ горш. І хаця Гурыновіч наўрад ці помніць дэталі, а то адмаўляў бы ўсё, выключаць такі варыянт яго паводзін на судзе нельга. А калі Гурыновіч не ва ўсім вінаваты? У былым сваім раёне Корзун ведаў і людзей і мясціны. Сутыкніся ён там з падобным выпадкам, хутка намацаў бы напрамак новых пошукаў. Горад жа быў яму яшчэ зусім незнаёмы. І Корзун адчуў, што не ведае, у які бок кінуцца. Ісці параіцца да начальства, не маючы ўласнай прапановы, не лічыў магчымым, бо кашу заварыў сам. І яшчэ непакоіла, як паставіцца да ўсяго гэтага Дзюба. Як ні круці, студэнтку павінен быў знайсці ён, гэта, урэшце, хрэстаматыйна. Таму раней, чым звяртацца да Юркаўца, рашыў перагаварыць з Дзюбам. Старшы інспектар Дзюба быў старэйшы за Корзуна і па ўзросту на год. Але ў абласное ўпраўленне трапіў адразу пасля універсітэта. Вышэйшая пасада — большы маштаб. Паабцёршыся каля вопытных крыміналістаў, Дзюба стаў самаўпэўненым, у яго з'явілася звычка павучаць сваіх калег у райаддзелах. Корзун сустракаўся з ім раней, калі Дзюба прыязджаў у іх раён. Было, і працаваў разам. Корзун шчыра прызнаваў яго перавагу не толькі ў чыне і пасадзе, а і ва ўменні. Таму ставіўся да яго з павагай, ахвотна прымаў парады. Дзюба гэта адчуваў і, убачыўшы Корзуна ва ўпраўленні, адразу захацеў узяць яго пад сваю апеку. — Трэба ж вучыць моладзь, — як жартуючы, з усмешкай гаварыў ён таварышам у аддзеле. Корзун чуў гэта і не пакрыўдзіўся, прыняў як належнае, ён наогул быў чалавекам без прэтэнзій, сваіх здольнасцей не пераацэньваў. А Дзюба на гэтым не спыніўся. Ад'язджаючы ў камандзіроўку, папрасіў, як пазней даведаўся Корзун, каб, калі будзе патрэба праверыць Корзуна, далі яму справу Гурыновіча. У кабінеце начальніка аддзела ў той момант былі супрацоўнікі, і Дзюба, верны сабе, не прамінуў, як між іншым, заявіць: «Лейтэнант пераймае мае метады». Таварышы пасмяяліся, ведалі Дзюбаву любоў да позы. Юркавец, як звычайна, хмыкнуў. А Корзун усё роўна адчуваў няёмкасць ад таго, што вымушаны падпраўляць калегу, хаця той, падобна, і не вельмі высока ставіў яго здольнасці. Калі Дзюба прыехаў, Корзун, спрабуючы растлумачыць яму, што да чаго, доўга мямліў нешта пра Гурыновіча, Шаронаву і студэнтку, дзівячыся, чаму Дзюба ніяк не зразумее яго. Старшы інспектар слухаў, аднак, адным вухам, відаць, не чакаў нічога слушнага ад гэтага нясмелага навічка. Не ўлавіўшы сутнасці, буркнуў: — Нагарадзіў… — Ды не збіваў Гурыновіч, кажу табе… — Што ты вярзеш? — Да Дзюбы нарэшце дайшло, што лейтэнант, якога ён лічыў ледзь не сваім ценем, аказваецца, хоча мець і ўласную думку. — Сведкі… — Вось іменна сведкі! — нечакана для сябе Корзун павысіў голас. — Глядзі ты! — Дзюба быў здзіўлены яго ўпартасцю. — Ну што там такога нагаварыла твая студэнтка? Дай сюды. — Прачытаўшы пратакол, спытаў: — Юркавец у курсе? — Хіба ў гэтым справа? — Корзун раптам адчуў, што ўжо ніколі, напэўна, не зможа ўспрымаць Дзюбу так, як успрымаў яго яшчэ зусім нядаўна. — Вядома, не ў гэтым, вядома, — павесялеў Дзюба і зноў паглыбіўся ў паперы. — Трэба дзейнічаць так, як падказваюць новыя абставіны. План ёсць? Няма? Вучыш вас, вучыш… — Ён на імгненне прыкусіў губу, потым дапытліва, нібы правяраючы, паглядзеў на Корзуна і прапанаваў: — Трэба пагаварыць са сведкамі, якія ішлі ўслед за Шаронавай, пашукаць новых. Так і даложым маёру. Корзун не мог не прызнаць, што старшы лейтэнант добра арыентуецца ў справе. Не кожны так на хаду схопіць ідэю. А Дзюба ўжо ўзяў ініцыятыву ў свае рукі. Перад начальнікам аддзела ён трымаўся так, быццам выпраўляў не свой промах, а чужы. Прычым не проста падаваў думку, а адразу падмацоўваў яе аператыўна-следчым планам. Корзун толькі злаваўся на сябе, што не даўмеўся да ўсяго гэтага сам. У плане ж не было ніякіх нечаканых паваротаў, і гарадскія ўмовы не адыгрывалі ніякай ролі — проста разглядаўся звычайны крымінальны выпадак. — Можаш дзейнічаць, — ляпнуў Дзюба Корзуна па плячы, калі яны выйшлі ад Юркаўца. Корзун хацеў адказаць, што ўжо атрымаў дазвол маёра, аднак прамаўчаў. Усё-такі план прыдумаў не ён, а Дзюба. Сведак, якія ішлі па завулку за Шаронавай, было двое. Адна — бабулька — сцвярджала, што ёй ніхто не сустрэўся. Затое другі — мужчына — не вагаючыся, сказаў: — А як жа, быў. Каб знаццё, я б яго за каўнер ды к вам! Мужчына быў не першай маладосці, шчуплы, і Корзун апусціў вочы, каб не засмяяцца ад гэтай яўна запозненай смеласці. Памаўчаўшы, падкрэслена сур'ёзна спытаў: — Запомнілі яго, таварыш Ліштван? Ён адказаў не адразу, падумаў: — А як жа. Высокі, без шапкі…— Нібы ў пацвярджэнне сказанаму, паглядзеў на сваю з труса шапку, якую камячыў у руках. — Я яшчэ звярнуў увагу на доўгія валасы. Быў падумаў: не то дзеўка, не то хлопец. Па-мойму, ён быў у сіняй нейлонавай куртцы. Ведаеце, такія цяпер у модзе… Ліштван быццам бы назваў шмат прыкмет, прычым сам, без падказкі. А ўявіць чалавека па гэтых прыкметах было немагчыма. Ці мала іх цяпер — у сініх нейлонавых куртках, і без шапак, і з доўгімі валасамі? Аднак Корзун не стаў расчароўваць сведку: надта ж старанным выглядаў той, гатовым памагчы. — Куртка — курткай, а вось, мажліва, вам запомнілася што-небудзь такое асаблівае. У паводзінах, ці куды бег? Падумайце. Ліштван наморшчыў лоб, нібы ўзнаўляючы ў памяці тую карціну, і раптам, глянуўшы на Корзуна, шырока пасміхнуўся: — Гаспадарчая сумка была ў руках. Можа, у той адабраў? Імчаўся як на пажар… У Шаронавай гаспадарчай сумкі не было. Хлопец, відаць, бег у магазін. Значыць, жыве недзе паблізу. Аднак магазін і грабёж… Хаця… Корзун не стаў дзяліцца сваімі думкамі з гаварлівым сведкам, толькі напаследак пацікавіўся: — Чаму вы раней нічога пра хлопца не казалі? — Не пыталі, дык і не казаў. Магло быць і так, тады ўся ўвага скіравалася на Гурыновіча. І Корзун адправіўся да ўчастковага, у чыім раёне, як ён спадзяваўся, жыў хлопец у сіняй нейлонавай куртцы. Корзуну пашчасціла. Участковы, не надта раздумваючы, выказаў меркаванне: — Ці не Саковіча табе трэба? Ёсць у нас такі: Васіль Саковіч. Але… — Падобна, не Гурыновіч, а ён напаў на Шаронаву. — Вунь што! — участковы недаверліва паглядзеў на Корзуна. — Адкуль звесткі? — Пакуль няпэўныя. Што ён за тып? — Корзун хацеў ведаць пра Саковіча больш. — У тым-то і загваздка, што, на маю думку, прыстойны хлопец. — Як так? — здзівіўся Корзун. І засмуціўся: прыстойныя хлопцы ў завулках не грабяць. — Да арміі, праўда, павалэндаліся з ім. Было. А вярнуўся, не пазнаць стала. Ажаніўся. Працуе. Нядаўна жонка двайнят нарадзіла. Яму цяпер памалу хадзіць не выпадае, бегам бы справіцца. — Можа, грошы пільна спатрэбіліся, улічваючы гэтых самых двайнят? — Крута бярэш, лейтэнант, — нахмурыўся ўчастковы. — У нас на хлеб не крадуць, на хлеб усім хапае. У словах участковага была логіка, да таго ж участковыя ў сваіх раёнах людзей ведаюць. Але Корзун заўпарціўся: — Паглядзім… Гадзіннік быў хаця і з бранзалеткай, аднак без крылаў… Саковіч сядзеў разгублены, раз-пораз кідаючы занепакоеныя позіркі на насценны гадзіннік, які вісеў у калідоры. Корзун крыху паназіраў за хлопцам, а тады запрасіў яго ў кабінет. З размовай не спяшаўся, спрабуючы ў думках падабраць ключ, у якім можна было пачынаць допыт. Напэўна, быў вінаваты ўчастковы з сваім водгукам пра гэтага чалавека. Саковіч нечакана зрабіў на Корзуна добрае ўражанне. Звычайны, заклапочаны — з такімі на вуліцы сустракаешся штодня і нічога благога пра іх не падумаеш. І хваляваўся ён цяпер, падобна, зусім не таму, што выклікалі ў міліцыю, а ад нечага свайго, неадкладнага, недаробленага, відаць. — Скажыце, — Корзун рашыў, што досыць мардаваць Саковіча, — што вы рабілі ў мінулы аўторак у завулку паміж школай і лазняй прыкладна а сёмай гадзіне вечара? Саковіч недаўменна зірнуў на лейтэнанта: — Я заўсёды там хаджу… — Мяне цікавіць той вечар! — Не ведаю, той або іншы, але я заўсёды там хаджу, — паўтарыў хлопец. — Магчыма, і тады ў магазін бег. Прыходжу з працы і адразу па малако, жонцы няма калі, двое ж малых, — апошняе ён прамовіў нават з гордасцю. — Пастараюся нагадаць, — і хаця Корзун разумеў, што злачынца так паводзіць сябе не стаў бы, усё роўна пільна глядзеў на Саковіча, спадзеючыся нешта прачытаць на ягоным твары. — У той дзень у завулку на дзяўчыну напалі. Чулі? — Значыць, гэта было ў аўторак? Я сапраўды быў тады ў магазіне. Вяртаўся, суседзі і расказалі. — Дык вось, калі мы ўжо з вамі ведаем дзень, будзе лягчэй. Вы ў завулку нікога не сустрэлі? — У завулку? — перапытаў ён. — Чакайце, ці не тады бачыў я там бабульку? Так, калі яшчэ ў магазін бег. Спачатку падумаў, што яна сляпая. Кійком перад сабой перабірала, нібы дарогу шукала. — А за бабулькай хто-небудзь ішоў? — Нешта не прыпомню. Па-мойму, не было нікога. — У магазіне вы доўга былі? — Корзун усё хадзіў вакол. Ён разумеў, што хлопец непадобны на грабежніка, і таму не адважваўся задаць галоўнае пытанне. Але мусіў.— Так, так. Хто можа пацвердзіць? Саковіч пачырванеў, сцепануўся. — Гэта вы што, думаеце, што я! — крыкнуў ён адразу аселым голасам, а потым прашаптаў: — Валя, жонка… Зрэшты, ці мела значэнне, што Саковіч хутка вярнуўся дадому. Жонка ж, суседзі не суправаджалі яго ў магазін. Каб пераскочыць цераз плот і ўдарыць дзяўчыну, шмат часу не трэба. Аднак Корзун вагаўся. Характарыстыка, якую даў хлопцу ўчастковы, не выходзіла з галавы — трывожыла, непакоіла. І яшчэ было пытанне: адкуль Саковіч мог ведаць, што ў Шаронавай на руцэ гадзіннік? — Бабулька вас бачыла? — Корзун усё яшчэ не ведаў, якое прыняць рашэнне. — Цераз плот я пераскочыў, калі яна ўжо мінула… Корзун перачытаў пратакол, напісаны паводле слоў Саковіча, даў яму падпісаць і нечакана для сябе сказаў: — Пасядзіце ў калідоры. — Ты што, звар'яцеў? — абурыўся Дзюба, ледзьве за Саковічам зачыніліся дзверы. — Збяжыць! — У чалавека сям'я, — Корзун ухіліўся ад прамога адказу і раптам адчуў, што патрэбнае рашэнне нарэшце прыйшло. — Нажывеш непрыемнасцей, зараз жа вярні! — Дзюба не на жарт занепакоіўся, і гэта крыху прымірыла з ім Корзуна. — Няўжо ты не бачыш, што Саковіч невінаваты? — Гурыновіч невінаваты, Саковіч невінаваты, — Дзюба не мог спакойна гаварыць. — Па-твойму, Шаронаву па галаве нябесны камень пляснуў? — Гэта і мяне бянтэжыць, — прызнаўся Корзун. — Павінен быць, ёсць нехта трэці! — Гонішся ты за жураўлём, Алесь, — успомніў Дзюба сваю любімую прымаўку. — Глядзі, каб сініца тым часам з рук не выпырхнула. Зразумей, бранзалетка магла расшпіліцца раней, у аўтобусе, на вуліцы. Ведаеш, які там замок! А нават сама Шаронава не пацвердзіць, што гэта не так. Корзун слухаў Дзюбу і думаў, што, напэўна, такая ўжо асаблівасць недаказанай версіі — слабыя месцы ў ёй вылазяць быццам спецыяльна напаказ. Вось як у гэтай яго — з другім злачынцам. Таму і няма нічога неспадзяванага ў тым, што Дзюба адразу выставіў даволі слушныя контрдовады. Зрэшты, і гэта някепска. Чым болей сумненняў будзе зараз, тым меней іх застанецца пазней, тым надзейнейшы атрымаецца вынік. А правяраць узніклыя здагадкі трэба абавязкова, гэта элементарна. Толькі як правяраць? Корзун зірнуў на Дзюбу. Той, здавалася, ужо забыўся на ягоныя клопаты і сядзеў, уткнуўшыся ва ўласныя паперы, з такім выглядам, нібы выпадак з Шаронавай да яго ніякага дачынення не меў, нібы гэта і не ён пакінуў у справе белыя плямы. Корзуну стала прыкра. Сам ён не змог бы перакласці на чужыя плечы сваю ношу. Дзюба ўзняў вочы, пасміхнуўся: — Што ты мяне вывучаеш, лейтэнант? Далібог, не я грабіў! У словах Дзюбы гучала легкадумнасць, нават абыякавасць. Менавіта тое, чаго Корзун у справах не выносіў. Лічыў, што для жартаў павінна быць і сваё месца, і свой час. Ён нахмурыўся. Гэты губасты, круглатвары таўстун раптам пачаў раздражняць яго. — Чайнік ты, Алесь, — зноў пасміхнуўся Дзюба. — Табе б яшчэ свістульку ўставіць, каб сігналы падавала, калі закіпаць пачынаеш. Ну што я табе — вораг? Ён сказаў гэта нязлосна, і Корзун збянтэжыўся. Кім-кім, а прасцяком яго калега не быў. Хаваючы няёмкасць, пачаў даказваць: — Праверыць усё роўна мусіш. — Як? — паблажліва пацікавіўся Дзюба. А ў Корзуна прапала ахвота раіцца. Апошняе слова ў іх кароткай дыскусіі засталося за старшым інспектарам. Ды Корзуна ён не пераканаў. Алесь разважаў, што гадзіннік, нават залаты, не такая ўжо вялікая каштоўнасць, каб злачынца загадзя рыхтаваў напад на Шаронаву. Думка ў яго, напэўна, з'явілася раптоўна, і Шаронавай ён хутчэй за ўсё або незнаёмы, або малазнаёмы. Гадзіннік ён убачыў выпадкова неяк. Дзе, як? І на гэтыя пытанні, калі толькі ён, Корзун, не памыляецца, Зіна павінна была адказаць. Машыны Корзун прасіць не стаў — каб не трапляцца на вочы начальству, не будзеш жа тлумачыць, што здагадка табе толькі мроіцца. Але і аўтобуса чакаць не хацелася — нецярпенне патрабавала руху, дзеяння. У натоўпе Корзун непрыкметна для сябе супакоіўся. Не верыць участковаму было нельга. Вопытны, сталы супрацоўнік, з тых, хто, не абдумаўшы, характарыстык не дае. Ды і ўласная інтуіцыя падказвала Корзуну, што Саковіч падвярнуўся яму неяк дзіўна, нелагічна. А ў выніку не зводзіліся канцы з канцамі. Значыць, дапушчана памылка. Калі, у чым? Вось у гэтым і трэба было разабрацца. На скрыжаванні, дзе Корзуну трэба было перасекчы праспект Металістаў, светафор успыхнуў чырвоным вокам. Корзун затрымаўся. Транспарту не было ні злева, ні справа, а сігнал свяціў сабе, адлічваючы вызначаныя яму секунды, нікому ў гэты момант не патрэбныя. Праспект быў пусты, як… Як і той завулак, па якім следам за Шаронавай ішла бабулька. Запаліўся зялёны. Корзун машынальна ступіў на асфальт, раздумваючы, чаму гэта раптам успомнілася бабулька. Яна нікога не сустракала? І Саковіч сцвярджае, што нікога не сустрэў. Адзін мог бы і выдумаць або не заўважыць. Калі ж адно і тое кажуць двое, то гэта ўжо факт. І паказанні іх, такім чынам, дапаўняючы адно аднаго, сведчаць, што Саковіч сапраўды на месцы здарэння не быў. Аднак Ліштван сцвярджае, што быў. Нешта тут не вяжацца. З аднаго боку — няма змовы паміж Саковічам і старой, бо яны нават незнаёмыя. З другога — прыкметы, названыя Ліштванам, прымушаюць верыць і яму. Корзун паморшчыўся: чым не тыя славутыя тры сасны, сярод якіх нехта ў свой час заблудзіўся… На заводзе быў абедзенны перапынак. Зіну Шаронаву Корзун знайшоў у сталоўцы. Яна здзівілася лейтэнанту, таропка адсунула талерку з катлетай і ўстала. — Ды не спяшайцеся, — сумеўся Корзун. — Я пачакаю ў вестыбюлі. Дзяўчына выбегла неўзабаве. Корзуну падумалася, што яна не даела катлеты. Адчуваючы сябе вінаватым, сказаў: — Гэта не гарыць, проста хацеў сваю здагадку праверыць, дробязь… — А ў вашай справе, так вы, здаецца, нядаўна мне казалі, дробязяў не бывае? — І на яе шчоках зайгралі ледзь улоўныя ямачкі.— Пытайце, дзе маё не прападала! Корзун ажывіўся: з такімі вясёлымі людзьмі лёгка размаўляць, усё разумеюць. — Мне чамусьці падумалася, — пачаў ён, падбіраючы больш дакладныя словы. — Мне падумалася, што перад гэтым… Ну, як Гурыновіч на вас напаў, нехта пытаўся ў вас… Колькі часу? Так? Шаронава з цікавасцю зірнула на лейтэнанта. — Як вы дазналіся? — Значыць, праўда, пытаўся? — Дзядзька. Такі дзіўны. Грыбок. Сам худы, а капялюш шырокі. — Вы пазналі б яго? — Наўрад ці, я на твар не глядзела. Капялюш спадабаўся. Бурачковы, а паліто шэрае. Ну, сама падасінавік. Шаронава смяялася, а ў Корзуна заняло дых. Намаляваны ёю партрэт кагосьці нагадваў, быццам бачыў яго зусім нядаўна, ды не мог успомніць, калі і дзе. Вярнуўшыся ва ўпраўленне, Корзун запрасіў даведку: ці не было раней падобных, як у выпадку з Шаронавай, нападзенняў. Аказваецца, былі. Два гады таму назад. Корзун узяў з архіва справу. Ні прозвішча грабежніка, які ўсё яшчэ адбываў пакаранне, ні сведкі, якія праходзілі па справе, нічога не сказалі Корзуну. Не спадзеючыся знайсці нешта карыснае для сябе, ён усё-такі гартаў акуратна падшытыя старонкі. Мільгалі пратаколы, даведкі, заключэнні. І раптам Корзун аж прысвіснуў. Асуджаны злачынца быў затрыманы ў доме, у якім жыў… Саковіч. Праўда, паводле слоў участковага, Саковіч у той час служыў у арміі. Аднак прызваны быў незадоўга перад тым выпадкам і мог быць не толькі знаёмы з грабежнікам, а і звязаны з ім. Розніца ў дзесятак гадоў паміж імі вялікага значэння не мела. Рэцыдывісты ахвотна прыбіраюць падлеткаў да рук. А Саковіч быў хлопцам неспакойным. Дык, можа, Ліштван не памыляецца? Усё зноў скрыжавалася на Саковічу. І Корзун паехаў да ўчастковага. — Не! — катэгарычна заявіў той. — Яны не былі звязаны. Корзун вярнуў справу ў архіў і ўзяўся за свае паперы. Прайшоўся яшчэ раз па пратаколах, тлумачэннях, падумаў-падумаў і паехаў у адрасны стол. І тут яму давялося здзівіцца другі раз за гэты дзень. Адзін з галоўных сведак — Ліштван — два гады таму назад таксама жыў на той жа вуліцы, што і Саковіч, насупраць. Вуліца была забудавана двухпавярховымі васьмікватэрнымі дамамі, і жыхары, напэўна, ведалі адзін аднаго. Ці не таму Ліштван і ў змроку пазнаў Саковіча? Толькі навошта было ўтойваць, што ведае хлопца? Праўда, Корзун у яго пра гэта не пытаўся. Тут у Ліштвана знойдзецца адгаворка, хаця прыводзіць прыкметы і не назваць прозвішча, якое зрабіла б непатрэбнымі гэтыя прыкметы, мог бы хіба вар'ят. Ліштван жа выглядаў зусім нармальным. І Корзун рашыў: па-першае, пацікавіцца, што ўяўляе з сябе гэты галоўны сведка, бо з яго боку мог быць і звычайны абгавор — ці мала прычын ёсць у былых суседзяў; і па-другое, яшчэ раз сустрэцца самому з усімі вядомымі сведкамі, з якімі ўжо раней працаваў Дзюба. Асоба Ліштвана сімпатыі не выклікала. Двойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за кражы, хаця гэтым фактам сваёй біяграфіі ён ні з Дзюбам, ні з Корзунам не падзяліўся, нават пры запаўненні пратаколаў. Цяпер працаваў грузчыкам у мэблевым магазіне. Прачытаўшы гэта, Корзун падумаў: не такі ўжо, відаць, ён слабак, якім здаецца на першы погляд. Лайдакаваты. Любіць пацягнуць грошы з пакупніка за аплачаную і без таго дастаўку мэблі. За апошні год узяў тры імпартныя гарнітуры, нібыта для сябе. І хаця ў магазіне гэтаму не надта верылі, гарнітуры давалі. Як тлумачыў дырэктар, каб не кінуў працы. Корзун паківаў галавой: знайшлі незаменнага спецыяліста высокай кваліфікацыі… А можа, была і іншая прычына? Аднак, як кажуць, злодзей той, каго за руку схапілі. Так што здагадкі прыхавай да лепшых часоў. І да канкрэтнай справы яны дачынення не маюць. З паказаннямі нават несумленнага чалавека мусіш лічыцца, пакуль не абвергнеш іх. А ў Ліштвана амаль усё сыходзіцца. Зрэшты, ёсць і іншыя сведкі здарэння, словы якіх могуць таксама праясніць нешта ў гэтай справе. На службе Корзун з'явіўся праз два дні. Узбуджаны, з чорнымі кругамі вакол запалых вачэй. — Дысцыплінка, лейтэнант, — Дзюба сказаў гэта, нібы жартуючы, аднак жарт прагучаў двухсэнсоўна, з намёкам. Корзун ніколі не дазваляў сабе ўхіляцца ад працы. Нават выканаўшы заданне, усё роўна забягаў у аддзел, калі спадзяваўся заспець каго-небудзь з таварышаў або калі была якая тэрміновая праца. Таму, пачуўшы папрок, пачырванеў. Дзюба зразумеў гэта так, што яго падколка дасягнула мэты, і задаволена прабасіў: — Ну-ну, з кім не бывае… Корзун хацеў быў прамаўчаць, аднак твар старшага інспектара поўніўся задаволенасцю, і не ўтрымаўся, як пра нешта другараднае, сказаў: — Ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам… Распрануўшыся, выглянуў у калідор: — Заходзьце. Увайшоў Ліштван. Дзюба нахмурыўся, сурова паглядзеў на Корзуна — быццам абяцаў пазней выдаць за гэту гульню ў следства, мусіць, лічыў, што сам ужо выцягнуў з Ліштвана ўсё, што можна было. А ў Корзуна як чорт усяліўся. Ён непрыкметна для сведкі падміргнуў Дзюбе і, пасур'ёзнеўшы, прапанаваў Ліштвану сесці. — Раней сядзеш, раней выйдзеш, — хіхікнуў той, уладкоўваючыся на крэсле. Корзун не любіў падобных крымінальных прымавак, іншым разам ён абавязкова прыструніў бы гэтага дамарослага жартаўніка, але пакуль у яго намеры не ўваходзіла абвастраць з ім адносіны. Ён расклаў паперы на стале і папрасіў Ліштвана: — Апішыце, як і дзе вы ўбачылі таго… таго… — Саковіча? — паспяшаўся падказаць Ліштван. — Увогуле, я спачатку хацеў пачуць пра Гурыновіча, — сказаў Корзун. — Ды можна і пра Саковіча. Давайце. — Ён, значыцца, бег, не, імчаўся дай бог ногі. Быццам за ім гналіся. — Акрамя Саковіча, у завулку хто-небудзь быў? — Дыбала нейкая старэча. — А можа, Саковіч пераскочыў цераз плот пасярод завулка? Не магло так быць? — Не. На свае вочы бачыў — ад таго месца бег… Кажу, як уцякаў. Нават мяне, здаецца, не бачыў. — Значыць, і міма бабулькі прабег, так я вас зразумеў? Уніклівасць лейтэнанта чамусьці не спадабалася Ліштвану, ён грубавата параіў: — Вы ў яе папытайце, я за ўсіх не адказчык. — Яна — гэта яна, — Корзун нібы не заўважыў, што ў Ліштвана затрымцелі нервы. — А вы — гэта вы… — Старая ці не падслепаватая, кійком наперадзе мацала. Корзун задумліва паглядзеў на Ліштвана і, не мяняючы ранейшага тону, сказаў: — Не бег Саковіч з месца здарэння. Ён, калі старая прайшла ўжо, апынуўся ў завулку. Сведка нечакана абурыўся: — Не верыце! Выгараджваеце! А Васька быў бандытам і застаўся бандытам! — Навошта лішняе? — Корзун пацёр скроні.— Сказалі б, напрыклад, што не заўважылі хлопца, а то адразу — бандыт. Дарэчы, вы што, раней сустракаліся? — Ну… — Ліштван запнуўся быў.— Жылі ў адным доме некалі… — Чаго ж адразу не сказалі? — Каб не падумалі, што ў мяне з ім старое… — Дапусцім. З Саковічам, значыць, праяснілі. Цяпер з вамі. Дзе вы ўзялі гадзіннік, той, які ўчора хацелі збыць турыстам? А Ліштван, быццам даўно чакаў гэтага пытання, зноў адказаў без роздуму: — Знайшоў, знайшоў. Пасля прыйшоў на тое месца і — знайшоў. У міліцыі пачуў ад дзеўкі пра гадзіннік. — Дапусцім і гэта, — Корзун падумаў, што ўсё-такі не дарэмна ён разыгрываў сам з сабой мажлівыя Ліштванавы выкрутасы, і не без задавальнення зірнуў на ўстрывожанага Дзюбу. Потым звярнуўся да сведкі: — Аднак дапусцім і другое. Пра гадзіннік вы ведалі да міліцыі. У Шаронавай пра час пыталіся. — Што гэта вы мне вешаеце? — спытаў Ліштван, робячы выгляд, што абураны, аднак асаблівай разгубленасці ў ім не было. — Вы чалавек бывалы, павінны разумець, што ў нашай установе факты са столі не бяруць. Думалі нам Саковіча падкінуць, калі адчулі, што на Гурыновічы мы не спынімся? А я сцвярджаю: на Шаронаву напалі вы! А потым, сарваўшы з яе рукі гадзіннік, уцякалі па завулку назад. Бабку вы спадзяваліся абмінуць, што з старой за сведка. А Саковіч… Ён пазнаў бы вас і пазней успомніў бы… Прыйшлося вярнуцца і ўзяць ролю сведкі… Ліштван, Ліштван, няўжо турма вас нічаму не навучыла? — Апошняе, напэўна, можна было і не казаць. За такіх, як Ліштван, трэба было брацца раней, да турмы. — Доказы, доказы давайце, — ён дэманстратыўна павярнуўся да Дзюбы, быццам на яго збянтэжаным твары спадзяваўся знайсці падтрымку сваім словам. — На тое вы і тут, — Корзуну хацелася ўстаць, пахадзіць па кабінеце. Што б там ні было, ён цяпер таксама хваляваўся. Але расхаджваць у час допыту лічыў нетактоўным. Нават перад злачынцам нельга дэманстраваць перавагу свайго становішча. — Не маглі вы знайсці гадзіннік! — Вы што, сачылі за мной? — нахабна пасміхнуўся Ліштван, быў упэўнены, што ніхто нічога не дакажа. — Не сачылі, а прасачылі. Як кажуць, заднім чыслом. — Што калом, што аб кол… — Не зусім. Нам больш працы выпала, хто ж на вас думаў. Вось і давялося аднавіць усё, што вы рабілі і дзе былі, як выйшлі ў той вечар з райаддзела. — Мастакі-рэстаўратары! — Ліштван пачаў задзірацца. Корзун прапусціў выпад, быццам не заўважыў, спакойна ўдакладніў: — З райаддзела вы выйшлі разам з другім сведкам, Сёмкіным. Селі ў пяты аўтобус, прыпынак побач з аддзелам. Размаўлялі, дарэчы, пра тое, адкуль злачынцы бяруцца. І вы і Сёмкін выйшлі на прыпынку «Гасцініца», развіталіся. Было гэта каля дваццаці адной гадзіны. Так? — Малюйце, малюйце… — А ўжо ж. Каб атрымалася завершаная карціна. Сведка пайшоў дадому, аднак бачыў, як вы адразу зайшлі ў гасцініцу. Каб вы дарэмна не аспрэчвалі гэта, дадам: швейцар пазнаў вас па фатаграфіі. Запомніў, бо ў вас не было пропуска. Вядома, калі спатрэбіцца, правядзём і апазнанне з вамі па ўсёй форме. Далей. Вы прайшлі ў хол на другі паверх і там, каля ўвахода ў рэстаран, прапанавалі бранскім турыстам залатыя гадзіннік і бранзалетку. Гэта таксама пацверджана пратаколам. — Корзун пагартаў папку, што ляжала перад ім на стале. — Можа, не той! — ускінуўся Ліштван. — Гадзінніка ў вас не было і няма. — Аднак упэўненасці ў ім прыкметна паменшала. — Узялі аднатыпны. Не спадзявайцеся, — ён падняў руку, — гадзіннікаў, як належыць, было некалькі, розных марак. От тут запісана, — Корзун зноў пагартаў паперы. — А той пашукаем. У вас дома. Раптам знойдзем. Ды і гэта не ўсё. Разумею, вас калі ўжо класці, то абавязкова на лапаткі. Каб не вывернуліся. Ліштван больш не агрызаўся, слухаў моўчкі, стараючыся захаваць незалежны выгляд. — Я ўсё недаўмяваў,— працягваў Корзун, — чаму гэта Шаронава не пазнала вас у міліцыі. Вы ж ёй надта спадабаліся, калі пра час у магазіне пыталіся. А потым здагадаўся: няйначай, маскарад. У тым жа магазіне паміж людзей пахадзіў, і паказалі мне «чарнільшчыка», які раптам у капелюшы зафарсіў. З вамі на шапку памяняўся, без даплаты нават. Было? Маўчыце? Ваша справа. Хаця, напэўна, супраць вас будзе яшчэ адзін немалаважны доказ. У Шаронавай рука падрапаная. На вашых пальчатках павінен быць след крыві, нават калі вы паспрабавалі яго змыць. Пакажыце пальчаткі! Ліштван злосна зіркнуў на Корзуна, перавёў вочы на свае рукі, пацягнуўся быў да кішэні, дзе тырчалі карычневыя скураныя пальчаткі, і раптам панік. Корзун не ўтрымаўся, яшчэ раз зірнуў на Дзюбу, ужо адкрыта, насмешліва, — гэта была яго маленькая помста і за нядаўнюю Дзюбаву знявагу, і за падколкі. — Вы ж раней ніколі не грабілі, Ліштван, — сказаў былому сведку Корзун, калі асноўныя факты былі ўжо запісаны ў пратаколе. — Нават, казалі, з кватэрнымі кражамі скончылі. Праўда, іншыя грахі былі, былі. Аднак разбой… — Яго цікавіла і псіхалогія гэтага незвычайнага злачынства, якую, на жаль, у дакументах папярэдняга следства адлюстроўваць не абавязкова. — Выпадак, далібог, выпадак. Асляпіла золата, замуціла галаву — гадзіннік, бранзалетка. Каштуюць колькі! Корзун падумаў: мажліва, пазней Ліштван зразумее, што асляпіла яго не золата, а папярэдняе жыццё, у якім сумленнасці месца не было. А пакуль, падобна, усё роўна шкадуе, што не ўдалося замесці сляды, і вінаваціць няўдалыя абставіны, не было б якіх, не сядзеў бы зараз перад інспектарам крымінальнага вышуку, а прапіваў бы праданы гадзіннік… Да канца дня Дзюба нічога не спытаў, робячы выгляд, што вельмі заняты. Толькі калі ўжо сабраліся па хатах, памуляўся і, як бы баючыся перахваліць, выціснуў з сябе: — Спрытна ты яго… Корзун паціснуў плячамі, зноў падумаўшы, што, на добры лад, гэту спрытнасць павінен быў праявіць менавіта ён, Дзюба. І адказаў, як адказаў бы чалавеку, далёкаму ад іх агульнай прафесіі: — Гэта ж наша праца. Левы рэйс I Пакражу заўважыла прыбіральшчыца. Яна прыйшла ў кантору раніцай, гадзіне а шостай. Спачатку навяла парадак у кабінеце старшыні калгаса, потым у агранома і заатэхніка і толькі тады ўжо накіравалася ў бухгалтэрыю. Ёй адразу нешта не спадабалася ў гэтым вялікім, застаўленым канцылярскімі сталамі пакоі. Тут к канцу дня ніколі не бывала надта чыста, нават у сухое лета. А цяпер на дварэ стаяла дажджлівая восень. Прыбіральшчыца разумела, што вёска не горад, што тут тратуараў няма. Аднак, падмятаючы падлогу, патроху лаяла і сваю працу, якой ніколі не бывае канца, і неахайных наведнікаў канторы, якія не чысцяць ногі на ганку. Са злосці выліла на падлогу вядро вады і ўзялася саскрабаць засохлыя сляды абутку. Яна азірнулася толькі тады, калі ўсё памыла, і выцерла і… падалася назад: дзверцы сейфа, які стаяў побач са сталом касіркі, пагойдваліся, нібы нехта, схаваўшыся за грубкай, спрабаваў іх непрыкметна прычыніць. Жанчына напалохалася і, закрычаўшы, выбегла на вуліцу. Час быў ранні, яшчэ добра не развіднела, і на вуліцы нікога не было. Але, відаць, яна моцна крычала, бо хутка да канторы прыбег бухгалтар — ён жыў пасуседству. Бухгалтар крыху супакоіў жанчыну, распытаў, зазірнуў у бухгалтэрыю, потым асцярожна прычыніў дзверы і кінуўся да тэлефона. Аператыўная група райаддзела ўнутраных спраў прыехала ў Даманы хвілін праз сорак. Перад канторай тоўпіліся людзі — сабраліся, напэўна, усе не занятыя ў гэтую спакойную восеньскую пару на працы. Але за браму, што вяла ў будынак канторы, не зайшоў ніхто. У браме стаяў участковы Савачкін. — Такія вось справы, таварыш лейтэнант, — разгублена і таму зусім неафіцыйна звярнуўся ён чамусьці да Корзуна, хаця ўзначальваў групу начальнік райаддзела падпалкоўнік Шарай. Іншым разам Савачкін абавязкова далажыў бы па ўсёй форме і каму належыць. Ён быў стары і дысцыплінаваны міліцыянер, службу ведаў і любіў. Аднак адчынены сейф, што на яго ўчастку не здаралася яшчэ ніколі, вывеў Савачкіна з раўнавагі. Напэўна, і падпалкоўнік зразумеў стан участковага, бо, павітаўшыся, сказаў таксама не службова: — Хадзем, Раман Фаміч, паглядзім. Яны ўвайшлі ў кантору. З першага позірку Корзуну стала ясна, што слядоў засталося нямнога і эксперт наўрад ці знойдзе што-небудзь, вартае ўвагі. — Вы гутарылі з прыбіральшчыцай, Раман Фаміч? — спытаў падпалкоўнік Савачкіна. — Так, — махнуў рукой участковы. — Каб не наступіла на гэту дошку, — ён тупнуў нагой па белай, нядаўна пакладзенай маснічыне, і дзверцы ў сейфе варухнуліся, — нічога не заўважыла б. Пакуль яны ў калідоры абменьваліся думкамі, эксперт Хвыль скончыў аглядаць памяшканне. — Мне можна было не прыязджаць, — сярдзіта сказаў ён і паглядзеў на Корзуна, быццам гэта той увёў у практыку следства і экспертызу, і агляд месца, дзе адбылося злачынства. — Парадак ёсць парадак, Віктар Міхайлавіч, — пасміхнуўся Шарай, ведаў, калі Хвыль бурчыць, значыць, усё-такі скажа нешта слушнае. — Чакаем твайго слова. Эксперт чмыхнуў, пачаў нудна: — Хутчэй за ўсё ў бухгалтэрыю зладзеі праніклі цераз дзверы. Дзейнічалі адмычкай, на замку засталіся драпіны, але канчатковы вывад… — Я пазней прачытаю ў тваім акце, — падпалкоўнік паглядзеў на гадзіннік. — І пра сейф таксама. Ты нам паведамі, ці не кінулася што ў вочы — характэрнае, адметнае? — Гэтак скажаце, каб я злодзея на ланцужку прывёў,— ён нешта яшчэ прабубніў сабе пад нос і раптам сваю злосць перанёс са злачынцаў на канторскае начальства: — Каб гэты жалезны куфар, які тут гучна імянуюць сейфам і ў якім скнарыстая бабка не рызыкнула б свае старыя спадніцы хаваць, здаць на металалом, то больш за тры капейкі не выручылі б. І хто толькі надумаўся ў такой ламачыне грошы трымаць! Гэта ж не замок, а засаўка, — тыцнуў ён у паламаныя дзверцы, — яе зубілам ды малатком збілі. Хвыль заўсёды абураўся, сустракаючыся з бесклапотнасцю. У аддзеле прывыклі да яго «каментарыяў» і звычайна цярпліва чакалі, калі яны скончацца. Аднак сёння Хвыль, падобна, не збіраўся ўдакладняць свае вывады. Ён спыніўся перад Савачкіным, з якім раней ніколі не працаваў і які не ведаў яго ўвогуле бяскрыўднай схільнасці да позы, і раптам, памяняўшы тон, спытаў: — Вартаўніка дапыталі? Савачкін папярхнуўся, як вінаваты: — Хворы, два дні, як захварэў, радыкуліт… — Дзіва што! — зноў узняў голас Хвыль і перабраўся паміж сталоў да Шарая. — Было іх двое. Увайшлі праз дзверы, з грашамі выбіраліся праз акно, тое, перад якім вялізны куст бэзу. Бэз, заўважце, яшчэ лісця не паскідаў. У цемры зладзеі зламалі галінку і абарвалі, нечым зачапіўшы — хутчэй за ўсё рукзаком, — некалькі лісцікаў. Свежыя лісцікі сям-там парасцярушаны аж да штыкетніка. Пералезлі цераз агарожу, а тады падаліся на дарогу. Адбіткаў пальцаў не пакінулі, візітных картак таксама. Сляды на зямлі? Пад акном асфальт, як вы бачылі… Усё! — сказаў і зрабіўся маленькім, лагодным і стомленым чалавекам, у якога шмат гадоў за плячамі. — Дзякуй, Віктар Міхайлавіч, — кіўнуў яму Шарай. А Корзун падумаў, што адну зачэпку эксперт усё-такі даў: двух злачынцаў шукаць лягчэй, чым аднаго. — Так, Алесь Антонавіч, — Шарай абвёў вачамі бухгалтэрыю, — папрацуйце разам з Раманам Фамічом. Пашукайце сярод мясцовых. А мы паедзем, будзем думаць іншыя варыянты. Корзун з Савачкіным засталіся ўдвух. — Трэба і нам ісці, а то занялі кантору, — сказаў участковы. Корзун не паспеў адказаць. У калідоры пачуўся тупат. Праз імгненне дзверы ў бухгалтэрыю, дзе ўсё яшчэ стаялі Корзун з Савачкіным, шырока расчыніліся, і ў іх паказаўся высокі мажны чалавек. Корзун ведаў яго — старшыня тутэйшага калгаса Шынкевіч. — Шукаеце? — спачатку прабасіў ён, потым падаў руку. — Куды міліцыя глядзіць! Корзун хацеў адказаць, што не міліцыя, а сам старшыня вінаваты, бо грошы трэба было ўсё-такі раздаць своечасова, але прамаўчаў: Шынкевіч даўно кіраваў калгасам, гаспадарыў умела і, маючы круты характар, не цярпеў, калі яму пярэчылі. Пачакаўшы, пакуль старшыня аціхне, прапанаваў: — Можа, у вашым кабінеце пагаворым, Фёдар Гаўрылавіч? Шынкевіч уважліва зірнуў на Корзуна, прыжмурыўся, як ацэньваючы, і ў вачах яго бліснула сумненне — ён ці не ўмеў, ці не хацеў хаваць сваіх пачуццяў. Корзуну нават падумалася, што старшыня можа спакойна прамовіць услых: «Хіба можна даручаць сур'ёзную справу такому маладому чалавеку, як ты?» Не сказаў. Павярнуўся і пайшоў да сябе, упэўнены, што міліцыянеры пойдуць за ім. У кабінеце ўсеўся ў крэсла, строга спытаў: — Што-небудзь высветлілі? — Не-е… — Корзун адчуваў сябе ніякавата: Шынкевіч нібы прыгнятаў яго. — Дык пра што будзем гаварыць? — Старшыня ўзяў нейкую паперку, пачаў чытаць і, здавалася, адразу забыўся пра міліцыянераў, якія ў напружаных позах сядзелі насупраць. Савачкін запытальна паглядзеў на Корзуна: маўляў, ты начальства, табе і слова. Корзун раптам узлаваўся — і на Савачкіна, і на Шынкевіча, і яшчэ больш на сябе. Рэзка сказаў: — Фёдар Гаўрылавіч, мы да вас не ў госці прыйшлі. — Што? — Шынкевіч узняў галаву. — А ты калючка, лейтэнант. Давай, давай… Кажы, што ад мяне трэба. — Не надта многа, — памякчэў Корзун. — Адказаць на некалькі пытанняў. — Слухаю, — адкінуўся ў крэсле старшыня. — Часта вялікія грошы ў сейфе трымаеце? — Скажаш, парушаем парадак? Бывае, — пацвердзіў Шынкевіч. — Але я накручу хвост галоўнаму бухгалтару, можаш не сумнявацца. Корзуну здалося, што старшыня ўсё яшчэ не прымае яго ўсур'ёз, і строга зазначыў: — Бестурботнасць да дабра не прыводзіць. Шынкевіч усміхнуўся, нічога не адказаў. Ён нібы страціў цікавасць да субяседніка і зноў пацягнуўся да сваіх паперак. — Аднак нас цікавіць іншае. Хто, па-вашаму, мог ведаць, што ў сейфе засталося так многа грошай? Шынкевіч паціснуў плячамі, потым, загінаючы пальцы на левай руцэ, пачаў тлумачыць: — Уся бухгалтэрыя — раз, уся смятаніцкая брыгада — два, я — тры, мой шафёр, які возіць касірку з банка, — чатыры, любы калгаснік, які мог надвячоркам апынуцца ў бухгалтэрыі, — пяць… Бачыш, пальцаў не хапае. Але ў нас такіх зацятых зладзеяў няма. Калі што, дык па дробязі, на чарніла… Пра гэта ў Савачкіна папытай, ён тут усіх ведае, — Шынкевіч пастукаў пальцамі па стале, кінуў: — Спадзяюся, у цябе ўсё? — Прабачце, не, — матнуў галавой Корзун. Яму вельмі хацелася хутчэй скончыць размову: пра ўсё гэта, нават больш дакладна, мог расказаць галоўны бухгалтар. Але было ў Корзуна пытанне менавіта да старшыні. Ён разумеў, што пытанне не спадабаецца Шынкевічу, і ўсё адцягваў. — Ну, дык што там у цябе яшчэ? — нецярпліва буркнуў Шынкевіч. — Чаму вы так позна прыйшлі ў кантору? Чырвоны старшынёў твар стаў бурачковым. Шынкевіч павольна пацягнуўся да тэлефоннага даведніка, няспешна адшукаў патрэбны нумар і зняў трубку. Гэтак жа нетаропка пачаў набіраць лічбы. — Шарай? — грозна вымавіў ён у трубку. — Ты чаго мне пакінуў свайго лейтэнанта? Ах, сейф! То хай займаецца сейфам. Зараз дам. — І да Корзуна: — На! — Ты што, не ведаеш Шынкевіча? — пачуў Корзун, ледзь прыхінуў трубку да вуха. — Што ты ў яго пытаў? — Чаму пазней за ўсіх прыбыў на месца здарэння. — Гэта мае дачыненне да справы? — Пакуль не ведаю, — Корзун скасавурыўся на старшыню, які сядзеў з абыякавым выглядам, і растлумачыў: — Касірка чакала «газіка». На іншай машыне? — паўтарыў ён для Шынкевіча пытанне начальніка аддзела. — Дарога дрэнная, на грузавіку не дабярэшся, гэта ж дваццаць кіламетраў. Старшыня пры чым? — Ён зноў зірнуў на Шынкевіча. — Старшыня ні пры чым, проста я бачыў яго «газік» у райцэнтры, як выязджаў сюды, і падумаў, ці не без гаспадара ён там. Ёсць — правільна ставіць пытанні,— і паклаў трубку. Шынкевіч ажывіўся, сказаў: — Вось так! «Газік» са мной быў, зразумела? А цяпер ідзіце адсюль, шукайце злодзея. Мне клопатаў і без вас хапае. — Як ён нас? — усміхнуўся Корзун, калі яны з участковым апынуліся ў калідоры. — Табе што, — уздыхнуў Савачкін, — ты з раёна… Савачкін сеў за стол галоўнага агранома, далей ад акна, і са старой пашарпанай планшэткі выцягнуў чысты ліст паперы. Стоячы спіной да акна, Корзун з усмешкай сказаў: — Гатоў даваць паказанні. — А што? — як належнае прыняў закід Савачкін. — Цікава, што мае сказаць лейтэнант райаддзела? Корзун павярнуўся да акна. Імжэў дождж, і на шкле віселі драбнюткія кропелькі вады. Цікаўныя, што нядаўна тоўпіліся насупраць канторы, разышліся, і вуліца — шэрая, прамоклая — была пустая. Корзун падумаў, што ў жартаўлівай фразе, якую сказаў участковы, ёсць сэнс. Паказанні не паказанні, а першыя вывады пара рабіць. — Зладзеі хутчэй за ўсё не тутэйшыя, — сказаў Савачкін. — Адчуваецца прафесіяналізм. Пасля сябе пакінулі толькі тое, што не маглі не пакінуць. — Цяпер кожны дурань ведае пра пальчаткі,— паківаў галавой Корзун. — Вы зірніце з другога боку: надта ўдала абставіны склаліся — вартаўнік захварэў, грошы засталіся. — Думаеш, быў наводчык? — Надта гэта складана з наводчыкам, быццам спецыяльна пільнавалі выпадак, — раздумліва адказаў Корзун. — Тут тады цэлая шайка павінна дзейнічаць. Адзін жыве ў вас, ён выпадкова даведваецца пра грошы, паведамляе сваім хаўруснікам, якія дзесьці ў іншай вёсцы або нават у райцэнтры. А тыя нібы гэтага толькі і чакалі: прымчаліся, зрабілі сваю справу і зніклі. Вельмі ўжо арганізавана выглядае. — Але за свой участак я ручаюся. — Вам відней, Раман Фаміч. Хаця праверыць усё роўна варта. Дзіўна было б, каб свой не быў тут замешаны. Гэта адно. І другое. Будзем лічыць, што зладзеі залётныя. Прыехалі і паехалі. Трэба пагаварыць з людзьмі — ці не бачыў хто? І сувяззю пацікавімся, спытаем на пошце, ці не званіў хто… — Хіба па міжгароднім, — з сумненнем заўважыў Савачкін. — А калі ўнутры раёна, то на кожнай ферме, у кожнай брыгадзе тэлефон ёсць. Звані — хто хочаш. — Паспрабуем высветліць і гэта. — Значыць, пачнём з першага пункта? — спытаў участковы, занепакоена разгладжваючы паперу, на якой паспеў ужо запісаць Корзунавы меркаванні. Корзун сам сабе пасміхнуўся. Каб Савачкіну даручылі самастойна разблытваць пакражу, ён наўрад ці думаў бы пра план следства і тым больш не прыкідваў бы на паперы свае дзеянні. Яму гэта не патрэбна. Ён свае лейтэнанцкія пагоны заслужыў, кожны раз даходзячы да ісціны па-свойму, сваім розумам. І цяпер, каб быў адзін, напэўна, зашпіліў бы планшэтку, глыбей насунуў бы на галаву цеснаватую, выцвілую пад сонцам і дажджом форменную фуражку і пайшоў бы па вёсцы, спыняючыся то з адным, то з другім калгаснікам, няспешна вёў бы звычайную між знаёмых гаворку і сярод будзённых слоў непрыкметна знаходзіў бы тыя, што былі яму патрэбныя. Пры следчым з райаддзела ён губляўся, стараўся падладзіцца пад нязвыклую яму манеру расследавання. Гэта выглядала трохі наіўна, але менавіта гэта больш за ўсё і спадабалася Корзуну. — План, Раман Фаміч, мы напішам. А цяпер давайце вашы меркаванні, падумаем над імі,— сказаў Корзун, каб даць участковаму магчымасць працаваць самастойна. — І то, — адразу падбадзёрыўся Савачкін. — Варта было б з работнікамі бухгалтэрыі пагаварыць, — ён памуляўся, падбіраючы словы, — афіцыйна, з пратаколам. А то я іх так, збольшага папытаў.— Корзун згодна кіўнуў галавой. — Гэта я сам зраблю, — працягваў Савачкін, — а на тваю долю — ферма. Жывёлаводы рана ўстаюць. Пагавары з загадчыцай на комплексе, яна раней за даярак на працу прыходзіць. II Жывёлагадоўчы гарадок, або, як яго тут называлі, комплекс, быў на ўскраіне вёскі, паблізу ад шашы. Сучасны кароўнік, сянажныя вежы, фуражныя склады. Загадчыцу Корзун знайшоў хутка. Яна сядзела ў сваім маленькім чысценькім пакойчыку і нешта падсумоўвала на лічыльніках. Відаць, была не надта спрактыкаваным рахункаводам, бо асцярожна, як баючыся, перасоўвала па прутках па адным жоўценькія і чорненькія кружочкі. — Вы Марыя Апылінская? — няўпэўнена спытаў Корзун. Дзяўчыне было гадоў дзевятнаццаць-дваццаць, для загадчыцы такой фермы, на яго думку, малавата. — А то хто ж? — уздыхнула яна. Аднак, глянуўшы на Корзуна, ажывілася: — Што гэта я вам спатрэбілася? — От шукаю, хто мала спіць, — ён пасунуў парожні бітон і сеў на лаўку. — Тады правільна. Гэта — я. У чатыры ўстаю, у дваццаць чатыры кладуся. — Хто рана ўстае… — хацеў пажартаваць Корзун. — Таму заўсёды спаць хочацца, — перабіла дзяўчына. — Дык што вам? — Грошы ў канторы ўкралі. Чулі? — Ну і што? Я далёка ад канторы жыву. Вунь там, — паказала яна на завешанае белай фіранкай акенца. — Гэта нават лепш, — сказаў лейтэнант. — Значыць, вы ў чатыры ішлі на працу? — Не, а пятай. У чатыры я ўстаю. — Вы нікога не сустрэлі? — Каб то, — яна аж сцепанулася, — такая цемра, цішыня. Корзун уявіў, як дзяўчына таропка бяжыць спачатку па соннай вуліцы, потым недзе ў правулку збочвае на гароды, і ўвесь час, баючыся азірнуцца, чуйна прыслухоўваецца да кожнага шоргату за спіной. Яна, напэўна, і выбірала сабе дарогу цераз поле, бо там няма ні дрэў, ні платоў, за якімі ёй уяўляліся прывіды. — І сёння нікога не бачылі? — спытаў ён, шчыра спачуваючы дзяўчыне. — Адкуль? Соннае царства. Корзун не вельмі спадзяваўся, што Марыя Апылінская выведзе яго на след. Аднак адказ расчараваў — яна ж была б, можа, адзінай сведкай. — І машыны не хадзілі? — Быў нейкі грузавік, здаецца. Я якраз з хаты выйшла. На Комсенічы памчаўся. — Так ужо і памчаўся? — Корзун перапытаў наўмысля. — Як шалёны, — цвёрда запэўніла дзяўчына. — Стаяў-стаяў, а потым як ірване. Дзіва што, позна было. — Скажыце — рана, — паправіў Корзун. — А вы ўпэўнены, што грузавік стаяў, бачылі? — Не бачыла. Дзе там убачыш. Цемра. Толькі спачатку было ціха. Як звычайна ўначы: у Комсенічах сабака забрэша — у нас чутно. І раптам матор як газане. Корзун у думках пасміхнуўся. Дарога была не з бойкіх, як кажуць, мясцовага значэння, звязвала некалькі сельсаветаў і выходзіла на абласную магістраль, якраз у напрамку Комсеніч. Праўда, той факт, што па ёй а пятай гадзіне ночы прайшла машына, яшчэ ні пра што не сведчыў. Кожны шафёр выбірае час, зыходзячы са сваёй патрэбы. Вось толькі спыняцца яму не варта было б. Гэта ўжо выклікае падазрэнне. Зірнуўшы на бледны, стомлены Марыін твар, нібы просячы прабачэння, Корзун сказаў: — Я задам вам яшчэ некалькі пытанняў. Значыць, вы нікога не сустрэлі. — Я ўжо казала… — Так-так, — пацвердзіў Корзун. — Я не гэта меў на ўвазе. Я хацеў спытаць, ці ўсе ў вёсцы спалі, як вы ішлі на ферму. Можа, у каго гарэла святло? — Толькі ў Купскіх. Але і яны, як я параўнялася з іх хатай, патушылі. Ганне на працу пазней. Яна — свінарка. — А муж? — нагадаў Корзун. — Муж часам не ў жывёлагадоўлі працуе? Апылінская павагалася: гаварыць ці не пра гэта чужому чалавеку, але ўсё-такі рашыла расказаць. — Як бутэльку ўбачыць, усё забудзе. Кожны дзень п'е. Больш Апылінская, бадай, нічога патрэбнага яму сказаць не магла, і Корзун прапанаваў: — Вы дадому? Пойдзем разам, пакажыце мне хату Купскіх. — Што вы! А работа?.. — усміхнулася Марыя. — Тады жадаю не мець нястачы, — пажартаваў Корзун і развітаўся. Дом Купскіх быў не стары, але недагледжаны. Плот пахіліўся, левая фортка ў варотах вісела на адным круку, ніжняя прыступка на ганку падгніла і перакасілася. Корзун падумаў, што Марыя сказала праўду пра Купскага. За гаспадаром-п'яніцам парадку не будзе. — Вам каго? Голас данёсся з хлеўчука, які быў побач з хатай. А следам выглянула і жанчына. — Калі вы Ганна Купская, то вас. Яна выйшла, на хаду выціраючы рукі. Здзіўлена агледзела лейтэнанта міліцыі, потым захінула паддзёўку і паправіла хустку. — Слухаю вас. Ганне было гадоў трыццаць, не болей. Але яе выгляд уразіў Корзуна. Відаць, жыла яна не лёгка. Некалі сінія вочы пабляклі, глыбокія маршчыны прарэзалі лоб, ляглі на шчокі, і твар ад гэтага выглядаў старым, стомленым. Жанчына, відаць, была не з гаваркіх. — Вы чулі, што ў калгасе здарылася пакража? — спытаў Корзун. — А ўжо ж, уся вёска гаворыць, — адказала Ганна. Пытанне, відаць, здзівіла яе, і яна дадала: — Але я сама нічога не бачыла. Корзун засмяяўся. — Чаго гэта вам весела? — нахмурылася Ганна. — Не капейку ўкралі. — Прабачце, вы мяне рассмяшылі. Я і не спадзяваўся, што вы бачылі.— Яму спадабалася, што жанчына ўзяла здарэнне блізка да сэрца. — Дык што? — Вы сёння рана ўсталі? — Можа, у хату зойдзеце? — запрасіла яна, паглядаючы ўгару, дзе плылі сінія хмары. — А то каб дождж зноў не сыпануў. — Я ненадоўга, — супакоіў яе Корзун. — Можам пагаварыць і на двары. Гаспадыня зняла з вяроўкі анучу і змахнула смецце з лаўкі, якая стаяла злева ад ганка. — Сядайце, — пачакаўшы, пакуль ён сеў, сказала: — Як заўсёды, а шостай гадзіне. — Вы што, на ноч святло не гасіце? — Чаму гэта? — здзівілася Ганна. — У нас лічыльнік. — У вас сёння ў чатыры гадзіны на кухні лямпачка гарэла. — А-а… — Яна звяла бровы. — То мой, каб яго, швэндаўся. — Ён зараз на працы? Яна адказала не адразу. Напэўна, было няёмка, што муж дома. Няўпэўнена растлумачыла: — Кажа, галава баліць… Корзун зразумеў яе і згодна кіўнуў: — Бывае. Каб не гаварыць больш на гэтую непрыемную для яе тэму, жанчына ўстала. — Зараз яго гукну, — і знікла ў сенцах. Неўзабаве з дзвярэй высунуўся мужчына. — Чаго стаў? — Ганна падпіхнула мужа. — Ідзі во, пагутары з чалавекам. Вочы ў Купскага пад навіслымі рудымі бровамі бегалі. Корзун ледзь стрымаў усмешку: п'яніцы і абібокі не радуюцца сустрэчы з міліцыяй. — Вы ўначы выходзілі з хаты? — А што, можа, нельга? — Лёўка! — тузанула яго за рукаў жонка. — Як табе не сорам. Чалавек грошы шукае. — Каб я ведаў дзе, сам пашукаў бы. Мне і самому грошы не пашкодзяць, — пачаў бурчаць Купскі. Ён яўна не хацеў размаўляць. — Цьфу, дурань! — узлавалася Ганна. — Я сказала, што ты выходзіў уначы. — Ну і што з таго? — ухмыльнуўся Купскі. — А якой гадзіне вы выходзілі? — Корзун зрабіў выгляд, што не заўважыў ухмылкі. Але потым рашыў папярэдзіць: — Магу, калі хочаце, у аддзел выклікаць. — Не ведаю, не да таго было, — палагаднеў быццам Купскі. — Дзесяць хвілін пятай, — зноў падказала Ганна, — я глядзела на гадзіннік, думала — мне пара. — Можа, і так. — Вы нічога не заўважылі? — Корзун адчуваў, што размова ідзе не так, як трэба было б. Але не бачыў, як падабраць да гэтага ўпартага мужчыны ключы. — А што я павінен быў заўважыць? — Людзей або машыну. — Здаецца, не… — Лёўка! — Ганна штурхнула мужа ў плячо. — Ты мне казаў… — Дык то на шашы, а яны пытаюцца пра вёску, — як нехаця выціснуў з сябе Купскі. — Што на шашы? — насцеражыўся Корзун. — А што на шашы? На шашы машыны, — адказаў Купскі. — Але вы жонцы расказвалі, значыць, нешта вас здзівіла, — не адставаў Корзун. — Ага. Ноч, цемень, а ён фары не ўключыў і газуе. Гэтак і ў кювет, раз-два — і там. — У які бок ішла машына? — На Бярозаўку, — не задумваючыся, адказаў Купскі. Час супадаў. Калі Купскі ўставаў, Апылінская была ўжо на вуліцы. Яны павінны былі бачыць або чуць адну і тую ж машыну. Але не магла адна і тая ж машына рухацца адразу ў двух напрамках. — Вы не памыляецеся? Ведаеце, як бывае — галава трашчыць, вочы зліпаюцца, белы свет нямілы… Купскі паглядзеў на яго злосным позіркам і нічога не адказаў. — На Бярозаўку, на Бярозаўку, ён мне яшчэ тады сказаў. А што быў п'яны — вы не думайце, праспаўся. Я яго добра ведаю, — Ганне было няёмка за мужа. — Веру вам, — сказаў ёй Корзун, — і дзякую. Але да вас, Купскі, ёсць яшчэ пытанне. Якая машына, легкавая? Купскі адвярнуўся, падумаў і сказаў: — Не, грузавік. — Дык цёмна было, — паспрабаваў збіць яго Корзун. — Як хочаце, я сваё сказаў. III Начаваць Корзун прыйшоў да Савачкіна. Яны не бачыліся ўвесь дзень, бо, каб выйграць час, дзейнічалі паасобку і цяпер пачалі з абмену думкамі і назіраннямі. — І так прыкідваў, і гэтак, — гаварыў Савачкін, — нічога. — Ён адчуваў сябе ніякавата, лічыў, што паколькі здарэнне адбылося на ягоным участку, то ён і павінен назваць злачынцаў. Каб супакоіць Савачкіна, Корзун паспяшаўся паведаміць: — А я быццам бы зачапіўся. — Ого! — узрадаваўся Савачкін. — За каго? — З'явілася машына. Двое чулі гук. Толькі нехта з іх, відаць, блытае. Купскі паказаў, што машына ішла ў Бярозаўку, а загадчыца фермы — на Комсенічы. — Калі не дзве машыны, то мужыку, бадай, больш веры, — заўважыў Савачкін. — Мне Апылінская паказалася сур'ёзнай. — Купскаму таксама няма падставы хлусіць. Абібок — гэта праўда. Не пашчасціла яго жонцы. Ты яе бачыў? — Яна мне і расказала, як ейны Лёўка праспаўся і ў двор выходзіў. От ёй я і паверыў. — Праз Ганну ў мяне з Шынкевічам адносіны разладзіліся. — Як гэта? — здзівіўся Корзун. — Нібы прыстойная жанчына, чым яна перад вамі правінілася? — Мне абараняць давялося. — І Савачкін расказаў, як усё было… Здарылася гэта яшчэ на старой свінаферме. Ці то на самай справе нехта са свінарак браў сабе камбікорм, ці загадчыку проста здалося — і дасюль невядома. Але падаў ён дакладную на Ганну Купскую. Маўляў, сам бачыў, як адсыпала яна камбікорм у мех. Шынкевіч, доўга не разбіраючыся, загадаў скласці акт, а тады да ўчастковага: прымай меры. Прачытаў Савачкін акт і задумаўся. Дакумент — хоць адразу ў суд перадавай. Каб, можа, на якую іншую жанчыну было гэта напісана, паверыў бы, хаця, як кажуць юрысты, рэчавых доказаў і не было: не затрымалі з мехам у руках. Ганна ж вырасла на яго вачах. Пасля школы на ферму працаваць пайшла. Толькі і кепскага за ёй, што муж шалапутны. Але гэта ўжо хутчэй яе бяда, чым віна. Адным словам, не паверыў Савачкін акту, рашыў сам праверыць. Выклікаў загадчыка, папрасіў напісаць, што і як было. Потым запрасіў панятых, падышоў з імі да таго акенца, праз якое загадчык нібыта бачыў Ганну. Сам паглядзеў, панятым прапанаваў зірнуць. І выявілася: не мог загадчык бачыць, што рабіла Ганна. Не пацвердзілася абвінавачанне. Вярнуў Савачкін акт у праўленне. Вось тады Шынкевіч і ўсхадзіўся. — Шумнавата было, га, Раман Фаміч? — паспачуваў Корзун, выслухаўшы Савачкіна. — А то не? Наш старшыня любіць, каб апошняе слова было за ім. У аддзеле, калі потым разбіралі гэты выпадак, нават падумвалі, ці не перавесці мяне на іншы ўчастак. Так і зрабілі б, каб у райкоме не запярэчылі. Сказалі, што такому старшыні тормаз не пашкодзіць. А Шынкевіч да гэтага часу помніць… Нішто, неяк кручуся. Думаў нават без сур'ёзных здарэнняў пражыць. Не ўдалося. — Я чамусьці перакананы, што гэта залётныя зладзеі,— Корзун паклаў сваю руку на Савачкінаву. — А хоць бы і так, — сказаў той. — Хіба ад гэтага што мяняецца? Я павінен быў звярнуць увагу калгаснага кіраўніцтва на дрэнны сейф, на слабую ахову. — Любім мы, каб нас апякалі,— абурыўся Корзун. — Галоўны бухгалтар не дзіця, сам ведае, як і ў чым трымаць грошы. Так што не бярыце на сябе, Раман Фаміч, чужую віну. Давайце лепш прыкінем, што ў нас ёсць і чаго няма. — Акрамя машын — нічога… — Ну, пра машыны зараз аўтаінспекцыя клапоціцца. Я пазваніў Лапкову. Ён іх нам з-пад зямлі дастане, — Корзун падсунуў да сябе пратаколы і заметкі, якія зрабіў за дзень Савачкін. — Так-так, — загаварыў ён, гартаючы паперы, — нішто не сведчыць пакуль на карысць версіі з наводчыкам. Дапусцім, яго не было, прынамсі, у Даманах. Тады — як зладзеі даведаліся пра грошы? І што вартаўніка не будзе. Тут у нас з вамі, Раман Фаміч, самае слабое звяно. — Ты не дапускаеш выпадковасці? Корзун бачыў, што Савачкіну вельмі не хочацца блага думаць пра некага са сваіх аднавяскоўцаў. Зрэшты, і ў яго самога не было падстаў падазраваць каго-небудзь тут, у Даманах, як саўдзельнікаў крадзяжу. Аднак ён ужо меў некаторы вопыт у следчых справах і не верыў, што злачынства можа ўзнікнуць ні з таго ні з сяго. Тым не менш, каб не засмучаць участковага, адказаў: — Наш абавязак — праверыць кожную магчымасць, якой бы непраўдападобнай яна нам ні здавалася. Зазваніў тэлефон. Савачкін падхапіўся, пабег да апарата. — Участковы Савачкін. Слухаю, капітан Лапкоў. У мяне. Даю, — ён працягнуў Корзуну трубку. Корзун ведаў, што начальнік аўтаінспекцыі дарэмна званіць не будзе. Але і не хацеў паказаць Савачкіну, што з хваляваннем чакае гэтага званка. Таму павольна падняўся і няспешна падаўся да тэлефона. — Лейтэнант Корзун. Лапкоў адразу паведаміў: — Машыны не было. — Сапраўды? — не паверыў Корзун. — Правяралі свае, якія на хаду, пацікавіліся чужымі, якія знаходзяцца ў раёне. — Вось гэта фінт, — прысвіснуў Корзун, — няўжо заезджая? — Не магла, — Лапкоў гаварыў упэўнена, — за Комсенічамі, ля Пільніцы, у тры гадзіны аварыя здарылася. Абласная інспекцыя амаль да раніцы разбіралася. Не было машыны. Сведкі часам не хлусяць? — Падобна, твае інспектары нешта ўпусцілі. — Справы… — пасля паўзы сказаў Лапкоў і развітаўся. — Неверагодна, — занепакоіўся Савачкін, здагадаўшыся, аб чым гаварыў начальнік ДАІ. — Лёўка Купскі яшчэ мог бы наплясці. А Апылінская… Корзун паклаў трубку, сказаў: — Была машына, была. А тое, што яе нельга знайсці, думаю, азначае толькі адно: нехта вельмі не хоча, каб ведалі, што яго машына сёння ўначы была каля Даманаў. Гэта для нас важны факт… Прачнуўся Корзун а палове шостай. Спаў добра, нічога не сніў, як гэта з ім бывала звычайна пасля ўдалага дня. І раптам злавіў сябе на адчуванні, што няма ў ім яго колішняй упэўненасці. Лапкоў не такі прастак, яго вакол пальца не абвядзеш, і ён не будзе даваць беспадстаўныя звесткі. Значыць, прыйдзецца дакладваць начальству, што нічога яшчэ невядома і што ты, страціўшы цэлы дзень, усё яшчэ не ведаеш, у які бок кінуцца. Корзун уявіў, як Шарай, расцягваючы словы, пакашліваючы, з сумненнем будзе вымаўляць: «Што ты ўклёпаўся ў свае грузавікі! Можа, іх зусім не было, можа, гэта бура раптам наляцела. А можа, наадварот, яны сапраўды праехалі. Дык што?» І праўда, што? Грукнулі дзверы. У пярэднім пакоі нехта асцярожна пратупаў да спальні, зашаргацеў брызентавым плашчом. Адсунулася занавеска, і Корзун убачыў Рамана Фаміча. — Уставай, Антонавіч, у вёсцы рана ўстаюць, — пажартаваў той. — Вы што, вартаўнікоў правяралі? — засмяяўся Корзун. — Хай Шынкевіч іх сам правярае, — Савачкін прамовіў гэта сярдзіта: і ў ім жыла крыўда на старшыню. — Я на шашы быў, хацеў паглядзець, ці ёсць ноччу рух. З трох гадзін усяго адна машына прайшла, на райцэнтр. Некаму, відаць, была патрэба як найраней трапіць туды. — Та-ак, — хаваючы няёмкасць, працягнуў Корзун. Гаспадар зрабіў тое, што павінен быў зрабіць ён сам. — Ваша магістраль не ўсесаюзнага значэння. Але і на ёй уначы рух бывае. — Выпадак, — Савачкін адступіў у калідорчык, распранацца. — Сёння — адна, учора — ніводнай. — І вы на бок Лапкова? — папракнуў Корзун, хаця толькі што сам сумняваўся ў сваіх вывадах. Скепсіс Савачкіна раптам выклікаў у ім жаданне паспрачацца. — Тут або — або. Калі не памылілася інспекцыя, злодзей жыве ў Даманах. І мы абодва ў гэта не верым. Хай Лапкоў паварушыцца. Савачкін памаўчаў, даючы Корзуну ўстаць, апрануцца. Потым спытаў: — Затрымаешся? — Лепш паеду. Нашы меркаванні далажу асабіста. Як кажуць, калі-нікалі трэба з'яўляцца кіраўніцтву на вочы. І табе лягчэй, і начальства задаволена. — А ўсё-такі, што дакладваць будзеш? — Савачкін не падтрымаў жарту. — Добрага, як разумееце, нічога. Буду на Лапкова ціснуць. Грузавік — не цацка, у кішэні не схаваеш… Дождж перастаў яшчэ ўчора ўдзень, а сёння з раніцы паказалася сонца — скупое і падманлівае. Рэзкі вецер глуха шумеў у голых галінах высокіх бяроз, што раслі на старых вясковых сядзібах, хіліў долу высаджаныя навасёламі ля сваіх хат маладыя ліпкі і клёнікі, пакрываў рабаціннем лужыны. Корзун наставіў каўнер шыняля і паскорыў крок — вецер, здавалася, пранізвае да касцей. Аўтобусны прыпынак быў недалёка ад фермы. Корзун спыніўся ля слупа, на якім была прыбіта шыльда з белай літарай А, і агледзеўся. Калі верыць Марыі Апылінскай, прыкладна ў гэтым месцы спынялася тая машына. Ён павярнуўся да вёскі, пашукаў завулак, у якім жыла дзяўчына. Гэта было недалёка ад шашы, метраў трыста, хаця адсюль, з прыпынку, нават напрасткі, набіралася на поўны кіламетр. Уся загваздка ў тым, дзе на самай справе была тады машына. Насупраць Марыінай хаты ці, як яна запэўнівае, тут. Калі тут, то веры больш Купскаму, які жыве бліжэй да прыпынку. Корзун прыхінуўся да слупа, быццам хацеў схавацца ад ветру. Распырскваючы гразь, міма прамчаўся «ЗІЛ». Корзун прасачыў за ім. Грузавік хутка схаваўся за павароткай, а шум пасля яго быў чуцён яшчэ хвіліны дзве. «Гэта ўдзень, — падумаў Корзун, — а ўначы?.. Напэўна, сапраўды — аж з-пад Комсеніч». З боку Бярозаўкі пад'ехаў аўтобус. Пасажыраў было нямнога, Корзун прыстроіўся на заднім сядзенні, побач з акном, і апусціў каўнер. Пастаяўшы крыху, аўтобус зрушыў з месца. Шаша агінала Даманы паўкругам, і Корзун яшчэ доўга бачыў вёску. Не адну, а дзве. Старыя Даманы, дзе пакуль што была калгасная кантора і дзе жылі яго сведкі, і новыя, якія пачалі будавацца гады два таму назад. Уласна, новая вёска больш падобная на гарадскі пасёлак, забудаваны двухпавярховымі цаглянымі дамамі. На ўзгорку, у самым цэнтры, абсаджаны маладымі дрэвамі, зіхацеў вялікімі вокнамі Палац культуры. А непадалёк узвышаліся сцены будучага універмага. Зручна будзе людзям жыць тут — усё побач, усё сучаснае. Багаты калгас. Нездарма Шынкевіч у раёне такім гогалем трымаецца. Што ж, шчыра кажучы, яму ёсць чым ганарыцца. Кепска толькі, што вось гэтае адчуванне ўласнай годнасці часам заносіць яго не ў той бок… IV Падпалкоўнік Шарай падрабязна распытаў Корзуна пра іх з Савачкіным меркаванні, спакойна адзначыў, што ў пошуках няма вынікаў, і толькі пад канец размовы папярэдзіў: — Сума вялікая, так што даю табе два дні. Корзун, які чакаў горшага, падбадзёрыўся, таропка ўстаў і паабяцаў: — Будзе зроблена! — Не скачы, — асадзіў яго Шарай. — Яшчэ нічога істотнага ў яго няма, а з абяцанкамі лезе. На выпадак, калі Лапкоў не адшукае машыны, прадумай іншую версію. Нават некалькі. Спатрэбіцца — падключым сяго-таго. І трымай мяне ў курсе — з абласнога ўпраўлення ўжо званілі. Два дні — гэта, напэўна, многа, калі ўсё ясна і можна працаваць у адным напрамку. Такі напрамак, спачатку здавалася, быў. Але Лапкоў нібы перакрэсліваў іх адзіную версію, і Корзун крыху разгубіўся. Начальніку аддзела лёгка загадаць: распрацоўвай іншыя версіі. Корзун і сам ведаў, што павінен знайсці нейкі новы паварот у пошуках. Толькі слушныя думкі, як вядома, па заказу прыходзяць рэдка. Не было іх у яго раней, не з'явіліся яны і пасля Шараевага загаду. Корзун сядзеў у кабінеце адзін — напарнік быў недзе на раёне, — адключыў, папярэдзіўшы дзяжурнага, тэлефон, замкнуў дзверы. У калідоры тупалі людзі, чуліся галасы. За акном вуркаталі аўтамабілі. Корзун адзначаў усё гэта як нешта далёкае. У думках ён нібы зноў апынуўся ў Даманах, на месцы злачынства. Версія з машынай на час адступае ў цень. А што замест яе? Корзун задумаўся. Застаецца мясцовы наводчык, які ў такім выпадку робіцца галоўнай дзейнай асобай. Тады, натуральна, яму не было патрэбы карыстацца транспартам. Праўда, Савачкін перакананы, што ў Даманах такіх злачынцаў няма. Але і грошы самі з сейфа не выпырхнулі. Значыць, трэба праверыць усіх, хто выклікае сумненні сваімі паводзінамі — п'е, хуліганіць, лайдачыць. Корзун яшчэ раней папрасіў участковага назваць такіх вяскоўцаў. Іх аказалася не многа, і ён запомніў усе прозвішчы. Першым у гэтым спісе ішоў Купскі. Зноў Купскі! Цяпер усё залежыць ад Лапкова. Не знойдзе машыну — можна будзе зрабіць дапушчэнне, што яе наогул не было. І паводзіны Купскага набываюць новае тлумачэнне. Выдумляючы пра машыну, ён або адводзіў падазрэнне ад сябе, або прыкрываў хаўруснікаў. Корзун ніяк не мог забыцца пра гэты таямнічы грузавік, бо акрамя Купскага ў яго была яшчэ Апылінская. Прыкінуўшы, як весці праверку Купскага, бо ўказанне начальніка аддзела выконваць трэба было, Корзун пачаў прадумваць версію — работнікі бухгалтэрыі. Зрэшты, бадай, толькі яны або нехта з іх, дакладна ведалі, што вартаўніка не будзе ў гэтую ноч… Калі праца была скончана, Корзун рашыў пабачыцца з начальнікам ДАІ. — Знайшоў? — спытаў ён Лапкова, ледзь пераступіўшы парог. Не мог ён вось проста так адмовіцца ад сваёй першай думкі. Лапкоў нечакана абурыўся: — Я не мастак лавіць здані. Корзун разгубіўся, заміргаў вачамі. — Так-так, я гэта хацеў сказаць, — задаволены, пацвердзіў Лапкоў. — Грошы таксама яны сцягнулі? — знайшоўся Корзун. — У цябе, падобна, усё можа быць, — фыркнуў Лапкоў.— Прабач, спяшаюся. — І зноў падкалоў: — Прывітанне, чарадзей! — Аднак у дзвярах азірнуўся: — Заключэнне зараз прынясуць. І не траць надзеі. Нічога новага для сябе ў заключэнні Корзун не знайшоў. Калі верыць аўтаінспекцыі, і Апылінская, і Купскі сказалі няпраўду. У Лапкова вопыт — дай бог, і нюх ёсць, Корзун ужо меў магчымасць асабіста пераканацца ў гэтым. Ён зноў узяў у рукі заключэнне, уважліва перачытаў. Дакладнае, падрабязнае. У ім не ўпаміналіся толькі даманавіцкія машыны. Напэўна, таму, што менавіта там здарылася пакража і калгасным транспартам павінны былі пацікавіцца Корзун з Савачкіным. Даманавіцкія машыны стаялі ў гаражы — яны з Савачкіным гэта ўстанавілі адразу. У Шынкевіча без дазволу грузавік не возьмеш. На месцы не было адной старшынёвай машыны. Шынкевіч некуды ездзіў. Не, падумаў Корзун, нешта тут не так у гэтым заключэнні. А можа, і яны з участковым не ўсё ўбачылі? Да позняга вечара прасядзеў Корзун над планамі праверкі Купскага і іншых магчымых удзельнікаў пакражы. Ён рабіў іх сумленна, стараўся ўсё раскласці нібы па паліцах. І адчуваў, што не стае ягоным планам пераканаўчасці. Напэўна, была ў гэтым вінаватая Апылінская. Назаўтра з раніцы ён ужо быў у начальніка аддзела. — Сядай, — прапанаваў Шарай буркатліва. Як ні дзіўна, але гэта было вернай прыкметай, што падпалкоўнік у настроі. Корзун павесялеў і працягнуў папку з даманавіцкімі матэрыяламі. Шарай чытаў доўга, удумліва, раз-пораз заглядаючы на папярэднія старонкі. Прачытаўшы, сказаў: — Версія «Купскі — кампанія» распрацавана няблага, а астатняе — не абгрунтавана, не дадумана, так і людзей пакрыўдзіць можна, — і зноў паглыбіўся ў паперы. Але хутка здзіўлена спытаў: — Хіба Лапкоў табе нічога не гаварыў? — Чаму ж? — усміхнуўся Корзун. — Пра здані ўсё-такі памянуў. — Пра здані? А-а, — здагадаўся Шарай. — Падобна, памыліўся стары воўк. Ёсць сігнал з Комсеніч. У тую ноч, прыкладна а пятай гадзіне, тамашні дзед чуў, як па вёсцы праехала машына. Якая і куды — не глядзеў: ці мала транспарту ездзіць. — Вяртаемся да першай версіі? — узрадаваўся Корзун. — Далася яна табе, — з папрокам сказаў Шарай. — А калі неяк аб'яднаць усё, што ты тут напісаў, у адно? — Як гэта? — Давай памазгуем. Шарай выйшаў з-за стала. Ён любіў разважаць, крочачы з аднаго кута пакоя ў другі, і рабіў гэта часам нават на аператыўках і нарадах. — Ваша з Савачкіным версія, — загаварыў ён, — нібыта пра грошы многія ведалі ў суседніх вёсках, мне ўяўляецца непераканаўчай. Што «газік» не прыедзе, высветлілася толькі ў самым канцы дня. Так паказалі і касірка, і работнікі бухгалтэрыі. Галоўны бухгалтар адразу пазваніў у Смятанічы, было гэта амаль у васемнаццаць гадзін. Старонніх у канторы ў той час не было. Ва ўсякім разе, вы іх не ўстанавілі. — Спрабавалі,— сказаў Корзун, — ніхто не помніць. — Прайдзіцеся яшчэ раз па крузе. Зрабіце дапушчэнне, што злодзей — не прафесіянал-рэцыдывіст, як вынікае з вываду эксперта, а нехта іншы. Можа, ён і пакінуў сляды, але прыбіральшчыца сцерла. Паглядзіце па бухгалтарскіх кнігах, па нарадах, пуцявых лістах, хто мог пабываць у канцы дня ў бухгалтэрыі.— Ён крыху падумаў і нечакана спытаў: — З кім напіўся Купскі, ты ведаеш? — Казалі, у Комсенічах, а ў каго іменна — не цікавіўся. — Нешта мне не падабаецца гэтае супадзенне. — Шарай задумліва пацёр бараду. — Дзед чуе машыну ў Комсенічах, Купскі п'е ў Комсенічах. Мог жа Купскі ведаць, што «газік» не вернецца і грошы застануцца? Мог і сказаць каму-небудзь са сваіх дружбакоў. Большага ад яго не патрабавалася. Вось так, мне здаецца, аб'ядноўваецца ў адно ўсё, што вы з участковым напісалі.— Ён аддаў папку. — Згодзен? — Надта складана для такога гулякі,— з сумненнем прамовіў Корзун. — Можа, таму і вылез з грузавіком на Бярозаўку, што розуму не хапіла, — сказаў Шарай. — Вяртайся заўтра ў Даманы, на месцы лягчэй разабрацца. Ад начальніка аддзела Корзун выйшаў узбуджаны. Шарай не пераканаў яго, а толькі пасеяў сумненні. Корзун, напэўна, не менш за гадзіну прасядзеў у сваім кабінеце, спрачаючыся ў думках з начальнікам аддзела. У яго ўласную гіпотэзу Купскі ніяк не ўпісваўся. Ён прыкінуў і так, і гэтак і тады рашыў, што сапраўды лепш паслухацца парады Шарая і адправіцца ў Даманы. І не заўтра, а сёння, каб марна не траціць часу. Да адыходу аўтобуса заставалася каля гадзіны. Корзун падумаў, што чакаць задоўга, ды і на аўтобусе ён не заверне ў Комсенічы, і пайшоў да аўтаінспектара па матацыкл. — Што так прыспічыла? — Лапкоў быў ужо на месцы. — Табе паведамілі пра дзеда? — От я і хачу ў Комсенічы заскочыць. — Не раю, — сказаў Лапкоў,— пойдзе па вёсцы почут, што міліцыя некага шукае. Корзун давяраў вопыту Лапкова і паабяцаў, што толькі праскочыць па вуліцы. — Дзед жыве ў першай хаце пасля школы, — падказаў Лапкоў. Комсенічы, як і Даманы, стаялі крыху ў баку ад шашы, і трапіць у іх можна было з двух канцоў — ад райцэнтра і ад Даманаў. Корзун ехаў з райцэнтра і павярнуў у вёску каля школы — старога аднапавярховага драўлянага будынка. Паміж ім і сялянскімі хатамі быў спачатку сад, а потым прышкольны ўчастак. Корзун апынуўся на вуліцы ля дзедавай хаты. Гравійка была тут дагледжаная, без калдобін. Не вельмі газуючы, ён павольна праехаў да шашы. Скіроўваючы на Даманы, падумаў, што начальнік ДАІ меў рацыю: заязджаць сюды не было патрэбы — нічога не прыкмеціў. Хіба толькі вось зараз узнікла пытанне: чаму ніхто, акрамя дзеда, не пачуў машыны? Савачкін не чакаў госця, але шчыра ўзрадаваўся, убачыўшы Корзуна. — От добра, павячэраеш з намі, пагамонім, — кінуўся ён дапамагчы лейтэнанту зняць скураную куртку. — Мый рукі, а я тым часам тваю тэхніку прыстрою. Неўзабаве яны сядзелі ў зале. Корзун расказваў пра сваю гутарку з начальнікам аддзела, пра свае сумненні. Потым спытаў: — Няўжо Купскі схлусіў, га, Раман Фаміч? Чаму? — Вось і я думаю. Мог бы, здаецца, прамаўчаць. Няўжо наўмысля? А калі так, то зусім інакш выглядае тое, што ён напіўся іменна ў Комсенічах. Думаю, падпалкоўнік не памыляецца, трэба брацца за Купскага. Корзун не адразу адказаў. Яго бянтэжыла, што Купскі нібы сам плыў у рукі. Ну навошта вінаватаму выторквацца? Хаця, яго жонка вымусіла. Але ён мог і жонцы не сказаць. А калі не мог не сказаць, калі нервы патрабавалі нейкага выйсця? Як ні варажы, а Купскага з рахунку пакуль што не скінеш. — Зробім так, Раман Фаміч, — нарэшце рашыў ён, — вы бярыцеся за Купскага, асцярожна, каб і грама падазрэння ў яго не ўзнікла. А я з раніцы пайду ў кантору. V Цвёрдая рука Шынкевіча адчувалася і ў бухгалтэрыі. У дакументах быў узорны парадак. Усе паперкі, якія паступілі нават напярэдадні, былі падшыты і праведзены па бухгалтарскіх кнігах. А пра пазаўчарашні дзень і казаць не было чаго. Корзуна цікавіла, хто іх прыносіў. Як яму растлумачылі, перад пакражай у кантору ў канцы працоўнага дня маглі прынесці звесткі брыгадзір мясцовай брыгады, загадчык гаража, тры механізатары, якія выпісвалі заробленае на жніве збожжа, кладаўшчык нафтабазы, загадчыца ясляў… Ён дапускаў, што нехта прыходзіў так, без пільнай патрэбы, як звычайна бывае ў калгасных канторах, — пагаварыць або проста пабыць на людзях, паслухаць навіны. Корзун узяў сабе на заметку ўсіх, каго назваў галоўбух, і папрасіў пуцявыя лісты. Увесь калгасны транспарт у тую ноч быў на месцы — пуцёўкі былі здадзены ў бухгалтэрыю своечасова. За выключэннем старшынёвага «газіка». Корзун пра гэта ўжо ведаў, аднак пуцёўку Сямёна Гурскага, старшынёвага шафёра, паглядзеў, як і астатнія. Гурскі вярнуўся ў гараж на другія суткі, наездзіўшы каля двухсот кіламетраў,— адзначалася ў пуцёўцы. У той дзень больш не выязджаў. Корзун пагартаў ранейшыя пуцёўкі. Здаралася, старшынёў «газік» прабягаў і большую адлегласць, так што і тут прычапіцца не было да чаго… — Табе, лейтэнант, рахункаводам быць. Папяровая твая душа… Корзун узняў галаву, убачыў старшыню калгаса. — Не падмяняй маіх канторшчыкаў,— працягваў Шынкевіч, — яны ўмеюць працаваць, іншых не трымаю. І цябе не вазьму. — Ён нібы жартаваў, аднак гэтая самаўпэўненасць не спадабалася Корзуну. Старшыня, здавалася, залічыў яго ў свой штат і тым самым браў на сябе права падказваць. Корзуну захацелася паказаць, што ён чалавек незалежны, каб Шынкевіч зразумеў, што ёсць мяжа і яго ўладзе. Але не ведаў, як гэта зрабіць. Да Шынкевіча ж, як да крутой гары, не падступіцца. — Хутка мне зладзеяў зловіш? — Шынкевіч любіў парадак. Таму пасур'ёзнеў, дакорліва дадаў: — Ты сваім займайся, сваім, а мае бухгалтары табе любую даведку мігам падрыхтуюць. Толькі скажы. Корзун хацеў растлумачыць, што справа не ў даведках, але падумаў, ці не будзе гэта падобна на справаздачу, і з выклікам сказаў: — У нас не заўсёды ведаеш, дзе знойдзеш, а дзе згубіш. — А ты не брыкайся, лейтэнант, — палагаднеў Шынкевіч. — Кажы, што трэба. — Дазвольце пазваніць. Толькі не хацелася б адсюль, размова службовая. Старшыня пакруціў галавой і прапанаваў: — Давай з майго. Корзун пазваніў Шараю. «Табе гэта вельмі важна? — засумняваўся начальнік аддзела. — Загадваеш ты загадкі. Падрабязней нельга? Ну, няхай, бяру на сябе». — Перагаварыў? — Шынкевіч увайшоў і здзівіўся, што Корзун яшчэ тут. І ў гэты час падаў голас тэлефон. — А-а, Шарай, — адгукнуўся Шынкевіч, — у мяне твой лейтэнант. Што?! Ну, ведаеш… Добра, добра. Я ў сваім кабінеце з ім пагавару. Дома сцены памагаюць, — зарагатаў ён. Паклаў трубку, упікнуў: — Без начальства не мог. Заручыўшыся падтрымкай Шарая, Корзун адчуў сябе ўпэўнена і баяўся толькі, каб раптам не сарвацца. Абыякава, як аб нечым неістотным, папярэдзіў: — З пратаколам, Фёдар Гаўрылавіч. — Ты не ад злосці на мяне? — У вачах Шынкевіча бліснулі смяшынкі. — Мы не злуёмся, Фёдар Гаўрылавіч, мы справу робім. А вашы паказанні могуць адыграць істотную ролю. — Бач ты яго, паказанні! Упершыню ў жыцці. Падзея, га? Корзун узяў ручку: — Апішыце, калі і куды вы ездзілі на «газіку» ў той дзень, шаснаццатага лістапада. Шынкевіч аж папярхнуўся. — Слухай, лейтэнант, не зарывайся. У мяне нават райком пра такія рэчы не пытае. — Відаць, не было яшчэ прычыны, — вырвалася ў Корзуна. І адразу ж дадаў: — Мяне «газік» цікавіць. — Куды гэта ты хіліш? — Фёдар Гаўрылавіч, хто з нас следчы? — Ат, каб цябе! — Старшыня нечакана павесялеў.— Настыра! Але дай бог памяць… З раніцы — справы ў канторы, «газік» стаяў. Пасля з'ездзілі ў таўкачоўскую брыгаду, правяраў, як рыхтуюць насенне. Адтуль завярнуў… — У вас карта раёна ёсць? — скарыстаў паўзу Корзун. Шынкевіч пакорпаўся ў кучы папер, наваленых на паліцы, і выцягнуў запылены скрутак. Выбраў менш памятую «сіньку», падаў лейтэнанту. — Давайце разам адзначым ваш шлях, і па калгасных землях, і далей, — Корзун разгарнуў на стале карту. — Па якіх справах і ў каго начавалі, мяне не цікавіць. Шынкевіч засоп. Але прамаўчаў і пачаў паказваць на карце свой маршрут. Аказалася — прыкладна сто трыццаць кіламетраў. — Гэта ўсё, Фёдар Гаўрылавіч? — захваляваўся Корзун. — А што? — упершыню занепакоіўся старшыня. — Не хапае кіламетраў семдзесят. — А-а, дык гэта Сямён папрасіўся да цёткі заскочыць. Я дазволіў. Зноў усё нібы стала на сваё месца. Расчараваны, што і гэтая знаходка пустая, Корзун папракнуў старшыню: — А як жа смятаніцкая зарплата? — Гэта ўжо мой клопат, лейтэнант. — На жаль, цяпер і мой, — сказаў Корзун і развітаўся. У калідоры яго чакаў Савачкін. Нічога не тлумачачы, ён пацягнуў Корзуна да выхада. На вуліцы, нібы баючыся, што нехта падслухае, аднымі губамі выдыхнуў: — Купскі! — Ён? — Корзун не паверыў, не мог паверыць. — Вы маеце доказы? — Па маёй просьбе дружыннікі прасачылі за ім. Сёння, як толькі дзеці выправіліся ў школу — жонка была ўжо на працы, — вынес з хлява нейкі скрутак, зыркнуў па баках і — на гарод. Пад яблыняй закапаў. А надоечы, расказвалі мне, з жончынай сумкай у Комсенічы ездзіў. Бачыш, як збягаецца? — Мала чаго ездзіў,— Корзун не надаваў гэтаму факту значэння. — Успомні, што казаў Шарай, — загарачыўся Савачкін, — Купскі толькі наводчык, а краў нехта з комсеніцкіх. Учора ён і атрымаў сваю долю, якую сёння схаваў пад яблыняй. Пераканаўча? — Савачкін супакоіўся, з палёгкай усміхнуўся. Як аб вырашаным, сказаў: — Возьмем панятых. Корзун падумаў, што ў словах участковага пэўная логіка ёсць. Зрэшты, Купскі паводзіць сябе даволі дзіўна. Праверыць яго не пашкодзіць. І ён згадзіўся: — Дзейнічайце. Купскі здаўся, як толькі Савачкін нагадаў пра яблыню. Цяжка ўздыхнуў і павёў на гарод міліцыянераў і панятых. Корзун ішоў ззаду. Ён пазіраў на Савачкіна і не мог пазбавіцца думкі, што тут адбываецца нешта не тое. З аднаго боку Купскі — прыгнечаны, разгублены; з другога — ён сам, следчы райаддзела ўнутраных спраў, падобны на маладога пеўніка, жвавы, задзірысты: схапіўся з Шынкевічам, уцягнуў у гэта Шарая. А навошта? Корзун адстаў, прыхіліўся да плота, што аддзяляў двор ад гарода. Яму раптам расхацелася ісці на гэты гарод і капацца ў зямлі. Корзун не глядзеў, што робіцца пад яблыняй. Яго позірк чамусьці ўткнуўся ў складзенае свежае бярвенне на супрацьлеглым баку вуліцы. Нават не зразумеў адразу, што яго так зацікавіла. Толькі калі на шашы загудзеў аўтамабіль, ён спахапіўся: не мог Купскі бачыць машыну — бярвенне не дае. Купскі не ведаў, што бярвёны прывезлі, і таму рашыў, што шафёр не ўключыў фары. Але тады… На вуліцу выкаціўся старшынёў «газік», прытармазіў ля хаты Купскіх. З дзверцаў высунуўся Шынкевіч, з цікавасцю паглядзеў на гарод, перавёў позірк на Корзуна і раптам зарагатаў — моцна, на поўны голас. Корзун азірнуўся на гарод і ледзь не схапіўся за галаву — да таго камічная была сцэна пад яблыняй: злосны Купскі, разгубленыя жанчыны-панятыя і аслупянелы Савачкін з дзвюма сінімі гумавымі грэлкамі ў руках. А воддаль варушылася скамечаная газета, у якую, відаць, былі загорнуты гэтыя грэлкі, калі яшчэ ляжалі ў зямлі. — Самагоншчыкаў ловіш? А я думаў, калгасныя грошы шукаеш, — старшыня перастаў смяяцца. — Ганна табе за гэта аддзячыць. Корзун хацеў адказаць, што гэта спадарожнічае іх пошукам, але, падняўшы галаву, сустрэўся з насцярожаным позіркам шафёра Гурскага. У гэты час Шынкевіч сказаў: — От зайду да Шарая, раскажу, чым ты тут займаешся. Садзіся, падвязу ў райцэнтр. Корзун не вельмі ветліва адказаў: — У мяне свой транспарт. Калі «газік» ад'ехаў, ён падышоў да Савачкіна, пачакаў, пакуль той аформіць пратакол і адпусціць панятых, а заадно і Купскага, і пачаў супакойваць свайго збянтэжанага калегу: — Не журыцеся, Раман Фаміч, будзем лічыць, што Купскі і дзве грэлкі самагонкі — пабочны прадукт вышуку. Можа, яно нават лепш, што так атрымалася. Цяпер мы зможам засяродзіцца на адным — будзем шукаць машыну і тых, хто за ёй. Я паеду зараз у аддзел, напэўна, пара Комсенічамі заняцца. А вы ўсё-такі пагутарце ў бухгалтэрыі, у тым плане, як раіў Шарай. Дарога была свабодная, сустрэчныя машыны трапляліся рэдка, і Корзун выціскаў з матацыкла ўсё, на што той быў здатны. Лейтэнанту раптам захацелася дагнаць Шынкевіча — яго ўсё непакоіў насцярожаны позірк шафёра. Вядома, старшыня расказаў Гурскаму, чым цікавілася міліцыя. Але ў сумленнага чалавека гэтая цікавасць наўрад ці выклікала б такія эмоцыі. Да аддзела Корзун даехаў за якія паўгадзіны. Калгасны «газік» ужо стаяў там. Шынкевіч зайшоў-такі паскардзіцца. Корзуну гэта было непрыемна: вінаваты ці не, а ўсё роўна мусіш апраўдвацца. Упэўнены, што падпалкоўнік выкліча адразу, як даведаецца, што ён прыехаў, Корзун не заходзячы да сябе, ад дзяжурнага пазваніў участковаму ў Тросенку і папрасіў высветліць, ці прыязджаў Гурскі і з кім. Левы рэйс, праўда, больш лічыцца ў кампетэнцыі аўтаінспекцыі, і справа з Гурскім для яго магла скончыцца гэтак жа, як для Савачкіна з Купскім, але Корзун супакойваў сябе, што хоць раз і ён папрацуе на Лапкова. Шарай паклікаў Корзуна неўзабаве. Калі лейтэнант зайшоў, начальнік аддзела сядзеў за сталом, а Шынкевіч, стоячы пасярод кабінета, у асобах перадаваў сцэну на гародзе. Корзуну стала няёмка. Але дысцыпліна ёсць дысцыпліна. Шарай маўчаў, слухаў, здаецца, нават не без цікавасці, зрэдку кідаючы позіркі на лейтэнанта, і Корзун толькі мацней уціскаўся ў крэсла. Шынкевіч скончыў, прысеў насупраць падпалкоўніка, паклаў на стол вялікую валасатую руку і, ужо не жартуючы, разануў: — У цябе што, няма кваліфікаваных супрацоўнікаў? Усё-такі адыграўся перад Корзунам. Шарай усміхнуўся, пачаў перакладаць паперкі з аднаго боку стала на другі. Корзун насцярожыўся. Калі падпалкоўніку замінаюць на стале паперы, быць грому. Толькі на чыю галаву? — Як у цябе з зімоўкай, Гаўрылавіч? — нечакана спытаў Шарай. — А ты што… — кінуўся быў Шынкевіч і спыніўся. Зірнуў на сур'ёзнага Шарая і зарагатаў — весела, раскаціста, як там, на даманавіцкай вуліцы. — Хочаш сказаць, не мая гэта справа? Згодзен, згодзен. Толькі баюся, каб не заплакалі мае грошыкі. Пакуль ён гэта гаварыў, Корзун дастаў з кішэні блакнот, напісаў адну фразу і пасунуў лісток падпалкоўніку. Шарай краем вока глянуў на лісток, перавярнуўся і, счакаўшы, калі Шынкевіч сцішыцца, папрасіў: — Ты, здаецца, у райком? То як шафёр падкіне, прышлі яго Корзуну. А за грошы не турбуйся, знойдзем. VI Корзун даўно прыкмеціў, што, бадай, кожны шафёр як бы нешта пераймае ад свайго начальніка. І цяпер, разглядаючы Гурскага, стараўся знайсці ў ім падабенства з Шынкевічам. Фёдар Гаўрылавіч быў рэзкі, любіў настаяць на сваім. Гэта Корзун ужо зведаў на сабе. Ведаў і тое, што ў раёне Шынкевічу многае даравалася, бо быў ён адзін з лепшых старшынь калгасаў. У такіх, як ён, і шафёры бываюць самастойнымі, нікога і нічога не прызнаюць: калі што, начальнік заступіцца. Гурскі не быў выключэннем. Колішнюю насцярожанасць ён пастараўся прыхаваць глыбей і цяпер трымаўся падкрэслена незалежна. А можа, прыкінуў, што ні ў чым істотным яго абвінаваціць нельга, ці Шынкевіч паабяцаў выручыць. Напэўна, Корзун задоўга разглядаў Гурскага, бо той пачаў круціцца ў крэсле. Тады лейтэнант спытаў: — Прозвішча? Гурскі перасмыкнуў плячамі: — Гу-урскі… Корзун зрабіў выгляд, што не заўважыў гэтага, запісаў неабходныя для пратакола даныя і перайшоў непасрэдна да допыту: — Куды вы паехалі, калі трэба было везці касірку ў Смятанічы? — Вам Гаўрылавіч ужо казалі,— зноў пацепаў плячамі шафёр. — Да цёткі, у Тросенку, — Гурскі кінуў хуткі позірк на следчага. Пра Тросенку Корзун ужо чуў раней ад Шынкевіча. Сумнявацца, што так яно і было, падстаў ён не меў. Але ў яго прыкідках не хапала пятнаццаці — дваццаці кіламетраў, і потым гэты позірк… — Да цёткі, Еўдакіі Нічыпараўны Гурскай? — удакладніў ён. — Толькі ў Тросенку і больш нікуды? Так і адзначым, — Корзун цягнуў, чакаў званка з Тросенкі. — Што вы да мяне чапляецеся? — шафёр нібы абурыўся, аднак і ў голасе, як нядаўна ў позірку, пракінулася нейкая напружанасць. Корзун падумаў, што пасажыр у Гурскага быў, і, напэўна, не з Тросенкі, а з суседняй вёскі. — Перадам я цябе, Сямён Гурскі, інспектарам. — Як знаеце. — Пагроза не зрабіла на яго ўражання. — Мне дазволілі. — Разбяруцца, — паабяцаў Корзун. — А пакуль што мы з табой пра грошы пагутарым. Якія? Тыя самыя, што праз тваю Тросенку ўкралі. — Чаму гэта? — Табе да цёткі захацелася, а касірка ў Смятанічы не папала. Разумею: за гэта да адказнасці не прыцягнеш. Мне трэба ведаць: казаў ты каму, што грошы засталіся ў калгаснай канторы? Чужому? — Навошта? — Можа, выпадкова, між іншым, га? — Мне тыя грошы да лямпачкі,— адказаў Гурскі. — Не, дык не. Увайшоў Шарай, паглядзеў на сярдзітага Гурскага, спытаў у Корзуна: — Не скончыў? Шынкевіч дадому збіраецца. Гурскі павесялеў, бліснуў вачамі: — То я пайду? — Як лейтэнант скажа, — не дазволіў падпалкоўнік. І тут зазваніў тэлефон. — Корзун слухае. Быў? Так-так… Дзякуй, — і да Гурскага: — Давядзецца твайму гаспадару пачакаць. — Ого! — ускінуў бровы Шарай. — Пасяджу, паслухаю. Сядай і ты, — махнуў ён рукой шафёру. Корзун перагарнуў старонку пратакола, моўчкі перачытаў запіс і падняў вочы на Гурскага. — Чаго вы ездзілі да цёткі? — Па грошы… Пазычаў… Вы ўжо запісвалі… — Еўдакія Нічыпараўна сцвярджае, што, наадварот, доўг прывозілі. — Старая, забылася, — усміхнуўся Гурскі, але крыва, няўпэўнена. — Нават грошы паказвала, чатырыста рублёў,— Корзун глядзеў на шафёра з цікавасцю. — Дык дзе вы былі? Гурскі маўчаў, глядзеў у падлогу. Корзун не прыспешваў. Раптоўная думка маланкай пранеслася ў яго галаве. Нечакана і для сябе, і для Шарая, і тым болей для Гурскага ён прамовіў: — Магу падказаць. У Комсенічах! Гурскі абмяк, спалохана зірнуў на лейтэнанта: — Я ўсё скажу, толькі не паведамляйце майму гаспадару. — Дзе грошы? — нецярпліва ўскінуўся Шарай. — Якія грошы? Не-не в-ведаю, — пачаў заікацца Гурскі,— я да сваяка ездзіў, вепрука калолі. — Цьфу ты, — не стрымаўся Шарай, — не хапала нам яшчэ свежаніны, самагонка ўжо ёсць. А твайму гаспадару, — націснуў ён на апошняе слова, — скажу, каб прыструніў цябе. — І да Корзуна: — Аддай яго Лапкову. — Таварыш падпалкоўнік, дазвольце два-тры пытанні. — Не болей, і адпускай, Шынкевіч чакае. — Каго вы падвозілі? Толькі шчыра, бо мы ўмеем правяраць. — Во сакрэт! — Гурскі рашыў, што горш яму ўжо не будзе. — Праневіча са шваграм. Папрасіліся, чаму не падвезці? — Якога гэта Праневіча? — Ды ў нас летась працаваў. Электрыкам. Лайдакаваты, за што і выгналі. А так чалавек нішто, кампанейскі. — А швагра? — Бугеда? Комсеніцкі. Цяльпук. Абы чарку. — Вы ў іх начавалі? — Чаго? Я ж казаў, у мяне там сваяк. У яго і начаваў. У Праневіча выпілі, у сваяка. Як мне было ехаць, я дысцыпліну ведаю. Наўрад ці хлусіў ён цяпер. Але нешта ў яго словах, чым далей, тым болей, трывожыла Корзуна. — Вашы пасажыры на той жа вуліцы жывуць, што і сваяк? — Дзе ж яшчэ, там адзін пасёлак. Цераз дзве хаты. — Сваякоў дом — другі ад школы? — Не трэці,— Гурскі памуляўся і папрасіўся: — То я пайду, гаспадар будзе гневацца. — Апраўдаемся. — Вырысоўвалася нейкая, пакуль што невыразная, карціна. Здавалася, яшчэ два-тры штрыхі — і яна ажыве, набудзе рэальны сэнс. — А гэта ж на тваёй машыне па грошы прыязджалі! — вырвалася ў Корзуна. — Выдумляеце! — абурыўся Гурскі.— «Газік» у сватавым двары ўсю ноч прастаяў. — У сватавым? — перапытаў Корзун і раптам уявіў сабе комсеніцкую вуліцу — школу, хаты таго дзеда, Сямёнавага сваяка, Бугедаву. І тады бліснуў штрых, якога не хапала ў створанай Корзунам карціне. — У двары, так, вядома, у двары, — загаварыў ён. — Нават з ключамі, так? Гурскі апусціў галаву: — Не сядзем у лужыну? — усумніўся Шарай, выслухаўшы Корзуна. — Абвінавачанне сур'ёзнае, тут мы не маем права на памылку. Як яны маглі ўзяць машыну? — Галоўнае — на вуліцу выкаціць. Далей схіл аж да шашы з даманавіцкага боку, машына сама паехала. Толькі як назад вярталіся, каля школы вымушаны былі ўключыць рухавік. Шарай доўга маўчаў, абдумваючы Корзунаву здагадку. Потым параіў: — Высветлі, хто такія Праневіч і Бугеда, звяжыся з Савачкіным, ён павінен ведаць былога электрыка. VII Гаспадары, было падобна, нядаўна павячэралі. На стале яшчэ стаялі недапітыя бутэлькі з віном і гарэлкай, міскі з недаедзенай варанай бульбай і салёнымі гуркамі. Убачыўшы на парозе чужых людзей — апранутых у цывільную вопратку Корзуна, Савачкіна і малодшага лейтэнанта Падабеда, гаспадыня замітусілася. — Праходзьце, праходзьце, — і пачала падсоўваць табурэткі. З бакоўкі паказаўся медзведзяваты гаспадар і закасалапіў ля стала, п'янавата ўсклікваючы: — Госцейкі, госцейкі! За два гады службы ў міліцыі Корзун навучыўся імгненна ацэньваць становішча. У гэтай хаце ўсё выглядала быццам натуральна: і падпіты гаспадар, якому ўсё роўна, каго частаваць, абы яшчэ выпіць, і падобная на гасціннасць мітусня гаспадыні. А Корзун адчуў за ўсім гэтым напружанасць, у яго ёкнула сэрца — у хаце не хапала, прынамсі, двух чалавек, якія зусім нядаўна сядзелі за сталом. Куды яны маглі падзецца? — Ад'язная? — Корзун падміргнуў гаспадару. — Ага, на дарожку, як нашы бацькі казалі,— гаспадар гаварыў, гаварыў і цверазеў на вачах. Нешта даходзіла і да яго. — Ды сядзь ты, Бугеда! — Савачкін падвёў гаспадара да табурэткі. Корзун нахіліўся да Бугеды і шапнуў на вуха: — Дзе грошы? Бугеда адхіснуўся і плюхнуўся на табурэтку. Буйныя кроплі поту, як раса, выступілі на ягоным ілбе. — Мы з міліцыі,— удакладніў Корзун. Бугеда непаслухмянай рукой пачаў зашпільваць гузік на расхрыстаным каўняры сарочкі. Потым ірвануўся, закрычаў: — Няма! Няма! Шукайце! — Не бралі мы, — кінулася да мужа гаспадыня. Яны не пыталіся, якія грошы. Корзун быў гатовы паверыць, што грошай тут няма, але гэтак жа ён быў упэўнены, што Бугеды ведаюць пра іх. — Дзе Праневіч? — Паехалі, з жонкай. Завербаваўся — і паехалі…— Гаспадар, здавалася, узрадаваўся перамене тэмы. Ён п'яна плёў: — Даўно, даўно, — а вочы глядзелі цвяроза і насцярожана. — Не мані! — строга абарваў яго Савачкін. — Ён нядаўна тут сядзеў. — Ага-ага, — загаварыла жанчына. — Праўда, паехалі. У іх сваёй хаты няма, у нас жылі. Дык завербаваліся. «Гэтага яшчэ не хапала, — падумаў Корзун, — як бы не збеглі». Гаспадыні ён сказаў: — Мужа забяром с сабой. А пра грошы падумайце. Калі ў вас — будзе горш. Жанчына заплакала. — Мы іх зможам пераняць, — у машыне сказаў Савачкін, — быў толькі адзін аўтобус на райцэнтр. Хвілін сорак назад. Бугеду завезлі ў райаддзел міліцыі, і Корзун адразу кінуўся званіць упаўнаважанаму аддзела па выкарыстанню працоўных рэсурсаў, каб даведацца, куды і калі меўся выехаць Праневіч. — У нас меней за паўгадзіны, — занепакоіўся ён, перагаварыўшы па тэлефоне. Да чыгуначнай станцыі ад аддзела міліцыі было кіламетры тры. Дарога ляжала цераз гарадок. Толькі што скончыўся працоўны дзень, і на вуліцах было шмат людзей. У райцэнтрах мала хто прытрымліваецца правілаў вулічнага руху — кожны звычайна выбірае карацейшы шлях. Шафёр раз-пораз сігналіў, тармазіў, і Корзуну здавалася, што іх машына ледзь паўзе. Але не прайшло і пяці хвілін, як яны апынуліся на невялікай прыстанцыйнай плошчы. — Раман Фаміч, — звярнуўся Корзун да Савачкіна, — вы адзін ведаеце Праневічаў з твару. Паглядзіце, ці там яны, толькі асцярожна. А мы ўваходы перакрыем. Савачкін выбраўся з машыны і пайшоў да службовай брамкі, што вяла ў памяшканне дзяжурнага. Корзун і Падабед выскачылі следам. Падабед застаўся ля ўвахода ў вакзал з плошчы, а Корзун выйшаў на перон. Там ён прыпыніўся каля зачыненага газетнага кіёска і акінуў позіркам пасажыраў, якія тоўпіліся на асветленай пляцоўцы паміж станцыйным будынкам і чыгуначным палатном. Усе яны былі без вялікага багажу і, напэўна, чакалі прыгараднага поезда. Праневічу ж патрэбен быў скоры, які таксама прыходзіў сюды ў гэты час. Але раптам Праневічу што цюкне ў галаву, і ён захоча крыху паблытаць сляды? Да свайго месца прызначэння ён можа дабрацца і з абласнога цэнтра, калі толькі наогул не перадумае ехаць па вярбоўцы — пад'ёмныя не атрымліваў, сказаў, што возьме ў леспрамгасе. Ніхто, аднак, з гэтых людзей, што рыхтаваліся да пасадкі, здаецца, не быў падобны на Праневіча. Людзі як людзі — заклапочаныя, вясёлыя, стомленыя… Хіба вось толькі… На перон выйшаў дзяжурны, ударыў у звон, абвяшчаючы, што падыходзіць прыгарадны поезд. Пасажыры захваляваліся, пачалі расцякацца ўздоўж трэцяга пуці. Мужчына, які прыцягнуў увагу Корзуна, нецярпліва зірнуў на свой гадзіннік, потым, нібы звяраючы час, падняў галаву да электрычнага, што вісеў над званом на сцяне. Корзун падумаў, што, мажліва, гэта і ёсць Праневіч, якому не церпіцца хутчэй сесці ў поезд, а мажліва, гэты чалавек проста каго-небудзь чакае. Але на ўсякі выпадак пачаў прабірацца бліжэй. І тут убачыў Падабеда, які падаваў яму знакі. — Савачкін паслаў,— сказаў Падабед. — Ён там з жонкай Праневічавай размаўляе. — А муж? — Корзун занепакоіўся. Прыдуманы ім план рушыўся: Праневіч убачыць Савачкіна і здагадаецца, што ўчастковы на вакзале не выпадкова. Тады шукай ветру ў полі. — Мужа няма. Жонка кажа — у буфеце. «А гэты мужчына?» — ледзь не вырвалася ў Корзуна, а ўголас сказаў: — На ўсякі выпадак паназірай за ім, — і паказаў на мужчыну пад гадзіннікам. Савачкін стаяў каля даволі сімпатычнай маладзіцы ў боціках, штучным паласатым футры і стракатай хустцы. Напэўна, ніхто і не падумае, што такой жанчынай можа цікавіцца міліцыя. Жанчына нічога не падазравала. А можа, ёй і не было чаго падазраваць? Яе твар быў спакойны, нават усмешлівы. Падобна, яна ўспрымала Савачкіна не як участковага, а проста як колішняга аднавяскоўца. — Аляксандр Антонавіч! — узрадаваўся Савачкін, быццам сустрэча была выпадковая. — Вы куды? — У вобласць, — Корзун адразу ўключыўся ў гульню. — А вы? — Дачка абяцала прыехаць. Старэйшая. Ой, што гэта я? — як спахапіўся ён. — Пазнаёмцеся, мая былая суседка. Корзун схіліў галаву, назваў сваё імя. — Люда, — сказала жанчына, але таксама руку не падала. Яе правая рука ляжала на маленькім чамаданчыку, пад якім былі яшчэ два, большыя. — Вы адна з такім багажом? — роблена здзівіўся Корзун, каб неяк завязаць размову. — З мужам, ён зараз прыйдзе, — стрэліла яна вачамі ў Корзуна і затрымала позірк, як ацэньвала. Корзун не любіў такіх позіркаў, сумеўся. Маладзіца задаволена адвяла вочы. — Я пакіну вас на хвілінку, — заспяшаўся Савачкін, — па цыгарэты збегаю. Корзун падумаў, што размова з Праневічавай жонкай для Савачкіна была, відаць, вымушаная — напэўна, Люда яго ўбачыла першая, зачапіла. І што Савачкін таксама разумее, чым гэта можа скончыцца, і таму спяшаецца адысці. Савачкін ужо схаваўся за выхадам на перон, а Корзун не мог адарваць позірку ад верхняга чамаданчыка. Тут, ці не? Заўважыўшы Падабеда, якога, напэўна, паслаў Савачкін, з палёгкай уздыхнуў. Можна было дзейнічаць. — Грошы ў гэтым чамаданчыку? — як між іншым, спытаў ён у Люды. — Што? — Да жанчыны не адразу дайшоў сэнс гэтага пытання. — Што? — перапытала яна, і жах адбіўся на яе прыгожым твары. — З вамі пабудзе малодшы лейтэнант, — папярэдзіў Корзун. І да Падабеда: — Той? — Не. Раман Фаміч пакажа. Падыходзіць да Савачкіна было не след. Праўда, гэта Корзун зразумеў хвілінай пазней. А ў той момант ён не думаў, правільна робіць ці не — яму трэба было ведаць, дзе Праневіч. З Савачкіным ён перакінуўся толькі адным словам, убачыўшы ківок на Праневіча: «Бяром!» Але для насцярожанага Праневіча, які таксама выгледзеў участковага ў натоўпе і цікаваў за ім, гэта не прайшло незаўважаным. Ён пачаў павольна адступаць да пуцей. Тым часам дзяжурны ўдарыў у звон яшчэ раз — набліжаўся скоры. Яго колы ўжо цокалі па прыстанцыйных стрэлках. Корзун падумаў, што Праневіча трэба затрымаць раней, чым поезд дасягне станцыі. Бо хто ведае, што гэтаму злодзею прыйдзе ў галаву — раптам кінецца пад колы. Корзун міжволі паскорыў крок. І тады Праневіч раптам ірвануўся цераз пуць. Перад самым носам поезда, які не паспеў яшчэ нават знізіць хуткасць. Падсвядома Корзун адчуваў небяспеку. Але ў галаве сядзела адно: зараз поезд надоўга закрые Праневіча ад яго. І Корзун скочыў следам. Ззаду пачуўся чыйсьці роспачлівы крык, і тут жа яго заглушылі пранізлівы і запознены гудок, жалезны гром і пругкая і гарачая паветраная хваля. Корзун не паспеў яшчэ добра стаць на ногі, як Праневіч кінуўся да яго, ударыў у грудзі. Корзун пахіснуўся, але ў самы апошні момант, адчуваючы над галавой край вагона, перавярнуўся і, падаючы тварам уніз, ухапіў Праневіча за нагу. Бразгалі, запавольваючы ход, вагоны скорага, з прыгараднага беглі і нешта крычалі людзі, а Корзун толькі цяпер пачаў усведамляць небяспеку, якая пранеслася міма. VIII Позна ўвечары, калі Корзун закончыў папярэднія допыты Праневіча і Бугеды, у кабінет заглянуў Шарай. — Як табе прыйшло ў галаву, не разумею, — шчыра прызнаўся ён. — Вы ж мне самі параілі, таварыш падпалкоўнік, — усміхнуўся Корзун. — Помніце, сказалі, каб мы звузілі круг? Я зрабіў так і закруціўся вакол шафёра Шынкевіча. Чым далей, тым болей напрошваўся вывад, што толькі ад яго маглі выйсці звесткі пра грошы. — Дык гэта ён навёў? — Незнарок. Ляпнуў, што касірку павінен везці. Цану сабе набіваў, ці што? А Праневічу многа гаварыць не трэба, адразу змікіціў, што запахла смажаным. Падпаіў Гурскага, выпытаў пра вартаўніка. Ды ён сам жыў у Даманах, дзе што ў канторы, ведае. Пасля завёў Гурскага да сваяка, а заадно ключы сцягнуў і прыкінуў, як «газік» з двара вывесці. Месца там зручнае, насупраць ніхто не жыве, гароды. Малайчына Лапкоў, знайшоў-такі дзеда з бяссонніцай. — Хутка прызналіся? — Дзе там. Прыйшлося расказаць ім, як было, быццам я разам ездзіў. Праўда, гэта толькі Бугеду развязала язык. Праневіч усё роўна маўчыць. Думаю, больш ад злосці на нас. Здавалася, так чыста хапануў: ні слядоў, ні сведак. І збіраўся з'ехаць, маючы прыстойную прычыну — завербаваўся на лесанарыхтоўкі. Каму ў галаву прыйдзе, што гэта ён? Аднак не пашанцавала: у аддзеле не паспелі дакументы аформіць. Я і думаю — было б нам турбот, каб з'ехаў. — Знайшлі б, — Шарай, як заўсёды, калі сутыкаўся з новымі злачынцамі, хмурыўся. — Што яго штурхнула на крадзеж? — Разбэшчаны тып. Апошнія гады матаўся з месца на месца, шукаў, дзе праца лягчэй, а рубель даўжэй. Краў, што кепска ляжала. Даравалі. Той жа Шынкевіч. На нявінную Ганну Купскую накінуўся, а яго… — А Бугеда? — Пацвярджаецца старая ісціна, што гарэлка і злачынства побач крочаць. Ніколі не краў, а падпаілі — і пайшоў. І Гурскі недзе з такіх. — Не, з Гурскім больш складана, — не пагадзіўся Шарай. — Гурскі побач з Шынкевічам вырас. Начальнік не надта сябе абмяжоўвае, і шафёр, на яго гледзячы, таксама. Дарэчы, быў ён у Тросенцы ці не? — З Тросенкай Гурскі перастараўся. Адразу не сказаў Шынкевічу, што памяняў маршрут, свежанінай спакусіўся, а потым, як даведаўся, што грошы ўкралі, пабаяўся. Шынкевіч мог і не дараваць свавольства і ашуканства. — Наогул, як бы там ні было, а справе — канец. Пара нам з табой і пра адпачынак паклапаціцца. Падвезці? — Дзякуй, — устаў Корзун, — я лепш прайдуся. Ён жыў далекавата ад аддзела, па дарозе на станцыю. Старыя, у якіх ён кватараваў, спаць клаліся рана, і яму было няёмка іх турбаваць. Але сёння не зусім звычайны дзень, нервовая напружанасць, якая ўзнікла там, на вакзальным пероне, усё яшчэ не пакідала. Корзун адчуваў, што, толькі паблукаўшы па ціхіх і свежых начных вуліцах, супакоіцца… Па жураўля ў небе І Чалавек выйшаў з гасцініцы пагуляць і не вярнуўся. Дзяжурная, усё роўна як ведала, папярэджвала, што ўжо ноч, што на вуліцы завея, а ў іх гарадку і ў добрае надвор'е нічога цікавага не ўбачыш. Не паслухаўся, сказаў, што хутка вернецца. А як развіднела, яго знайшлі аж за чатыры кіламетры ад гасцініцы ў снежным сумёце, побач з пераездам цераз вузкакалейку. — Нішто сабе прагулачка, — чмыхнуў Корзун і падумаў, што апошнім часам яму пачало шанцаваць на дадатковую нагрузку. Трэба ж было паехаць у камандзіроўку менавіта ў Лясное, без асаблівай патрэбы затрымацца на лішні дзень, якраз на той самы, у які загіне тут карэспандэнт рэспубліканскай газеты, прычым пры даволі дзіўных абставінах. Корзун зірнуў на заклапочанага пракурора Ляснога раёна Пратасеню, які па загаду з вобласці ўзначаліў расследаванне гэтага выпадку, і, стараючыся падбадзёрыць, прамовіў: — Будзем шукаць… Шукаць належала яму, Корзуну, але адказваць за вынікі ў даным выпадку будзе не толькі ён, а і пракурор. Гэта слаба суцяшала. Непакоіла не адказнасць, адказнасці Корзун ніколі не баяўся, а сама справа. Выглядала яна, як у такіх выпадках любяць казаць яго калегі, глухой. Мог жа чалавек у цемнаце і завірусе збіцца ў незнаёмым горадзе з дарогі, забрысці на чыгуначнае палатно, дзе яго і збіў цягнік. Менавіта гэту версію пракурор і вылучыў адразу. Супадала ўсё: і час — састаў з лесаматэрыяламі праходзіў праз пераезд недзе праз гадзіну пасля таго, як журналіст выйшаў з гасцініцы, і траўма на целе нябожчыка, якую судмедэксперт вызначыў як удар тупым прадметам, і, нарэшце, месца, дзе знаходзіўся труп. Корзун падтрымаў бы гэту версію, не паспрабаваўшы пашукаць што іншае: яна тлумачыла амаль усё, хіба толькі за выключэннем аднаго — чаму чалавек, які абяцаў неўзабаве вярнуцца, апынуўся так далёка? У кепскае надвор'е не задумаешся настолькі, каб не заўважыць, куды ідзеш. А калі ўсё-такі задумаўся, то аб чым? Але ў каго папытаеш, аб чым думаў нябожчык за хвіліну да смерці? І тым не менш Корзун не мог пакінуць гэта пытанне без адказу, а значыць, не мог і прыняць думкі пракурора. Раней Корзуну не даводзілася працаваць з Пратасенем. У Лясным ён быў упершыню, да гэтага з пракурорам не сустракаўся і больш за ўсё баяўся, каб той не аказаўся занудай, не лез у кожную драбніцу, скоўваючы яго дзеянні. Самастойнасць Корзун любіў. Пачатак іх сумеснай працы супакоіў. Пратасеня, падобна, быў не з тых, хто падмяняе памочнікаў. Больш таго, выклаўшы Корзуну свае меркаванні, ён папрасіў не спыняцца на іх, а прыдумаць нешта іншае. — Іншае, — усміхнуўся Корзун. — На звычайнай мове гэта азначае: шукай немаведама каго. — Я сустракаўся з Рамейкам, — сказаў Пратасеня, — спакойны, разважлівы. І раптам — блукае поначы, як закаханы, нікога і нічога навокал не заўважаючы. — Ён не жанаты? — Хочаш спытаць, ці не закахаўся? — Пратасеня пагартаў пашпарт, нібы яшчэ не ведаў, што Рамейка быў халасцяком. — Адпадае. Сябры з абласной газеты, якія не адзін год ведалі яго, сказалі, што і закахаўшыся ён не забыўся б на сваё рэдакцыйнае заданне. Ён быў па натуры сухаваты, і абавязак у яго заўсёды стаяў на першым плане. Так што вывесці яго з раўнавагі мог толькі нейкі незвычайны выпадак. — Паспрабую прасачыць увесь яго дзень, можа, гэта дасць адказ на пытанне: што аказалася мацней за яго разважлівасць? — Наўрад, — з сумненнем паківаў галавой пракурор. — Журналісты маюць звычку ўсё найбольш важнае запісваць. А ў яго і блакнота не было. Адно лісткі, падобна, нататкі нейкага будучага артыкула: лічбы нарыхтаваных угнаенняў, прозвішчы лепшых механізатараў нашага раёна, звесткі пра насенне. — Ну, не ўсё запісваюць, відаць, і журналісты. Блакнот не дзённік. — І ўсё-такі, калі задумаўся, то толькі пра службовае, — не пагадзіўся Пратасеня, распраўляючы лісткі з запісамі Рамейкі. Корзун узяў гэтыя лісткі, перачытаў. Там было толькі тое, што прыгадаў пракурор. Патрымаў пашпарт, раскрыў рэдакцыйнае пасведчанне. З маленькай фотакарткі глядзеў юнак — круглатвары, белавалосы. Здымак, відаць, быў зроблены некалькі гадоў таму назад, ці не адразу пасля заканчэння вучобы. Фатограф, напэўна, смяшыў Рамейку, і ён, здавалася, ледзьве стрымліваўся, каб захаваць сур'ёзны выгляд. А можа, Рамейка наогул быў вясёлым хлопцам, радаваўся самому жыццю? Цяпер гэта, бадай, ужо не мела значэння. Цяпер яго радасці і засмучэнні сталі ўжо нябытам. Корзун адклаў карэспандэнцкае пасведчанне і разгарнуў партманет. У адной кішэньцы ляжалі грошы, не многа, якраз столькі, колькі патрэбна на не вельмі працяглую камандзіроўку, у другой — квітанцыя з гасцініцы, аплаціў за два дні, прыбыў учора, меўся выбыць заўтра. — Быццам усё цэлае, нічога не прапала, — Корзун паклаў грошы і квітанцыю ў партманет. — Напэўна, — кіўнуў Пратасеня. — Праўда, на ўнутранай сценцы ёсць невыразны чужы адбітак вялікага пальца. Але ж крадзяжу няма. У дзверы пастукалі. — Заходзьце! — крыкнуў Пратасеня. — А-а, Кунцэвіч, сядайце. — Корзуну растлумачыў: — Райсаюзаўскі нарыхтоўшчык. Гэта ён наткнуўся на Рамейку. — І Кунцэвічу: — Зараз следчы прынясе пратакол, і вы падпішаце. Там было не да папер, — зноў павярнуўся ён да Корзуна. — Можа, хочаш што дадаткова высветліць? Высокі, жылісты, вастраносы, падстрыжаны пад вожыка Кунцэвіч, бадай, быў падобны больш на спартыўнага трэнера, чым на сельскага нарыхтоўшчыка. Ён, напэўна, быў бы нават прыемным, каб не хітраватыя, скрытныя вочы — яны нібы адгароджвалі свайго гаспадара ад субяседніка нябачнай сцяной. У такіх людзей ніколі не зразумееш, аб чым яны думаюць, размаўляючы з табой. — Калі ласка, — Кунцэвіч сам нагадваў, што можна задаваць пытанні, і вочы яго на імгненне пасвятлелі, засмуціліся — як бы гаварылі, што не кожны дзень даводзіцца натыкацца на нябожчыка. Корзун усё яшчэ маўчаў, не ведаючы, пра што пытаць, — Пратасеня высветліў, што трэба. Кунцэвіч загаварыў сам: — Хаця што я магу сказаць. З раніцы трэба было ў Пцічкавічы, гэта па той бок чыгункі. Дамовіўся з тамашнім калгаснікам Мікітам Багуком вепручка прыхапіць. Запрог каня і паехаў.— Адчувалася, што ён паўтараў гэту гісторыю не першы раз, бо словы цяклі роўна, быццам прыцерліся адно да аднаго. — Пад'язджаю да пераезда, а тым часам і развіднела. Гляджу: ці не нага з гурбы тырчыць? Не веру ні ў бога, ні ў чорта, а тут, ведаеце, рука сама пацягнулася перахрысціцца. Што за насланнё? Я да гурбы — чалавек. Ну, я ведаю парадак, нічога не крануў і адразу ў будку. Там тэлефон. А гэты, каб яго, вартаўнік сядзіць сабе і чай жлукціць… Корзун слухаў і думаў, што гэтыя падрабязнасці ужо запісаныя ў пратаколе, маюць значэнне хіба толькі для следства. Рамейку ўсё роўна не ажывіш — Кунцэвіч знайшоў яго надта позна. Але не перабіваў: хай чалавек выгаварыцца, скіне нервовы стрэс. Прынеслі пратакол. Кунцэвіч прачытаў яго і падпісаў. Не, ён і тут не разгубіўся, бо звычайна людзі, якія не сутыкаліся з пракуратурай або міліцыяй, часцей за ўсё спяшаюцца падпісваць пратаколы не чытаючы. — Больш нічога? — спытаў Кунцэвіч. — Дзякую, — адказаў Пратасеня. — Прабачце, што патрывожылі, такі парадак. — Разумею, — Кунцэвіч устаў і развітаўся. І паходка ў яго была спартыўная — лёгкая, спружыністая. Ён нібы не ішоў, а гарцаваў. — І мне пара, — Корзун таксама падняўся. — Прайдуся ўсё-такі па карэспандэнтавых слядах. — Давай, — пагадзіўся пракурор. — Зайдзі ў гасцініцу, потым у рэдакцыю. Кожны прыезджы газетчык спачатку забяспечыць сабе жытло, зойдзе да калег, каб разведаць абстаноўку, а тады ўжо дакладваецца начальству. Корзун выйшаў здаволены, што працаваць яму прыйдзецца з разумным чалавекам — менавіта такое ўражанне зрабіў на яго Пратасеня. Немалады, у тым узросце, калі многія робяцца непрымірымымі да чужых думак, буркатлівымі, пракурор Ляснога раёна быў на дзіва, як цяпер любяць гаварыць, кантактным. Быццам і не існавала паміж імі розніцы ў добрых трыццаць гадоў… У маленькіх раённых гасцініцах штат невялікі. Дзяжурная Падабедава, якая ўчора прымала Рамейку, працавала і сёння. Корзун сам жыў тут ужо амаль тыдзень, Падабедава яго ведала і нават апякала. Доўгія гады працы ў гасцініцы зрабілі яе ўважлівай да пастаяльцаў — яны бачыліся ёй людзьмі беспрытульнымі, і таму яна шкадавала іх, старалася стварыць ім хатні побыт. У час дзяжурства Падабедавай заўсёды быў гарачы чай, яна, нібы маці, выпраўляла пастаяльцаў раніцай, калі яны ішлі па сваіх справах, прыязна сустракала, калі яны вярталіся ўвечары. Была Падабедава пажылая, адзінокая, і гасцініца стала ёй, можа, найпершым домам — шумнаватым, населеным неспакойнымі людзьмі, якім была патрэбна яе жаночая клапатлівасць. Корзуну Падабедава была сімпатычная — шчырая, гатовая, нягледзячы на свой немалады ўзрост, прыняць на веру любое пачутае дзе-небудзь слова. — Які жах, які жах! — пляснула яна рукамі, убачыўшы ў сваім пакойчыку Корзуна. І гэты жах адбіўся на яе выразным хударлявым твары. Корзун асцярожна прабраўся паміж канцылярскім сталом і плацяной шафай, дзе гаспадыня гасцініцы трымала для прыезджых кнігі, пячэнне, цукар, цыгарэты і іншую неабходную людзям у дарозе драбязу, сеў на канапу побач з крэслам Падабедавай. — Трэба ж так задумацца, — яна быццам ужо ведала, як і што адбылося. — Задумацца? — Корзун зацікавіўся. Падабедава, здаецца, была апошняй, хто бачыў Рамейку жывым, і магла нешта ведаць. — Ага, — жанчына аж спалатнела ад хвалявання. — Кажуць, на чалавека часам як находзіць — ідзе і сам не помніць куды. Корзун пачакаў, пакуль Падабедава крыху супакоіцца, шукаць трэба было больш рэальную прычыну. — Напэўна, усхваляваны быў… — Што вы, — запярэчыла жанчына, — вясёлы. Я, казаў, праветруся, а то не засну. — Вось бачыце, Рыгораўна, нешта ж яго ўзрушыла. — Ды не. Я ж ведаю яго. Як ён раней прыязджаў, перад сном заўсёды гуляў. І заўчора сказаў, што далей Чыгуначнай не пойдзе. «Чыгуначная вуліца канчалася дарогай, якая вяла да пераезда. Няўжо Рамейка заблудзіўся?» Спытаў: — То, можа, раніцай, калі афармляўся, вам што незвычайнае паказалася? Падабедава сумна ўздыхнула: — Такі ветлівы, абыходлівы, нават весялейшы, чым звычайна, здаволены чымсьці. Не-е, калі б што якое, заўважыла б. З дому прыехаў. Сям'і ў чалавека няма, клопаты за ім не цягнуцца. — Адкуль вы ведаеце, што з дому? — гэта, напэўна, значэння не мела, і Корзун спытаў проста так, прывык нічога не прымаць на веру не ўдакладніўшы. — Афармляўся каля дзевяці. У гэты час аўтобус з абласнога цэнтра бывае. — Адзін прыехаў? — Ага. У той дзень больш ніхто не пасяліўся, месцы былі. У работнікаў гасцініц вока спрактыкаванае, Падабедавай можна было верыць. Напэўна, калі з Рамейкам што і адбылося, то пазней, на вячэрняй вуліцы. Але пра гэта павінны былі сказаць супрацоўнікі мясцовай міліцыі, яны атрымалі заданне знайсці сведак, якія маглі бачыць журналіста ў горадзе вечарам. І Корзун адправіўся ў рэдакцыю. У дзень вёрсткі газеты ў раённых рэдакцыях звычайна бывае пуста — усе, хто не заняты выпускам чарговага нумара, раз'язджаюцца па калгасах і прадпрыемствах, каб сабраць новыя матэрыялы. Толькі адказны сакратар, на чыю долю выпадае давесці да ладу заўтрашнюю газету, заклапочана звоніць і бегае з свайго кабінета ў друкарню і назад. — Рамейка? — перапытаў сакратар Корзуна, не адразу ўцяміўшы, што ад яго хоча гэты невысокі каржакаваты хлопец, падобны хутчэй на школьнага настаўніка, чым на супрацоўніка міліцыі.— Здаецца, быў. Зайдзі ў сельгасаддзел, там нехта павінен быць. — Саша?! Корзун застыў на парозе. За сталом, на якім стаяла пішучая машынка і былі раскіданы лісты спісанай паперы, сядзела яго даўняя знаёмая Святлана Якушава. — Ты завітаў, каб са мной пабачыцца? — дзяўчына была шчыра ўзрадавана сустрэчай. Корзун сумеўся. Некалі Святлана яму падабалася. У студэнцкім асяроддзі яна была на віду — друкавалася ў рэспубліканскіх газетах, заўсёды насілася з нейкімі ідэямі і тэмамі, вадзіла знаёмства з вядомымі журналістамі і пісьменнікамі. Да ўсіх яна мела справу. Не хапала ў яе ўвагі на аднаго Корзуна. Ён зразумеў гэта, напэўна, ужо на другім курсе, але толькі на чацвёртым перастаў заходзіць у Святланін інтэрнацкі пакой, А яна наўрад ці заўважыла такую для сябе страту. Паклоннікаў у яе хапала. Усё гэта прыпомнілася Корзуну цяпер, калі ён стаяў у дзвярах і не ведаў, як павесці сябе. Святлана сарвалася з месца, падбегла. — Ну, пацеш маё жаночае самалюбства, скажы, што прыехаў сюды дзеля мяне, — тармасіла яна яго за рукі. За гэтыя амаль тры гады, што яны не бачыліся, Святлана неяк змянілася, папрасцела, ці што. І паводзінамі, і знешнім выглядам. Гладкая прычоска, непрыкметная раней маршчынка паміж бровамі, уважлівыя, цяплейшыя вочы… Корзуну стала ніякавата, што надта пільна разглядае яе — нібы хоча запомніць найбольш характэрныя прыкметы, як для слоўнага партрэта. — Я рады, што ўбачыў цябе, Света, — стрымана адказаў ён. Мінулае, відаць, забылася не зусім. — Не сумняваюся, — іранічна сказала яна, адпусціла яго рукі і пацягнулася па цыгарэту. — Ды праходзь ты, хваліся, як жывеш. — Потым, Света, потым. Я тут яшчэ пабуду. — І на гэтым дзякуй, — яна глыбока зацягнулася. — А ты нядрэнна глядзішся. Ну-ка, ну-ка, павярніся, сынку, — дзяўчына крутанула яго ў адзін бок, у другі, здаволена прыцмокнула: — Паліто ў клетачку, гальштук паласаты… Франтам становішся, Сашок. Дзе ж твая форма? Ты, чула, у міліцыі? — А што? — пытанне нечым яму не спадабалася. Святлана засмяялася: — Дзівак. — Праўда, у міліцыі,— ужо спакайнейшым тонам сказаў Корзун. — Быў на раёне, нядаўна перавялі ў вобласць, ва ўпраўленне. — Але, як ставячы паміж сабой і ёю колішнюю мяжу, суха спытаў: — Ты ўчора Рамейку бачыла? — Недарэчная смерць… — Чаго ён сюды прыязджаў? — Меўся арганізаваць артыкул галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Пакуль чакаў агранома, у нас падшыўку гартаў. — Куды-небудзь ездзіў, не казаў? — Назаўтра збіраўся. Але што да яго маеш? Яго ўжо няма. — Хачу, трэба ведаць, чаму няма. Ты ж сама кажаш, што недарэчна загінуў. — Сядзеў бы ў гасцінічным пакоі, нічога не здарылася б! — Ты ўсё яшчэ злючка, Света, — не ўтрымаўся Корзун. Ён разумеў, што гэты папрок выкліканы не толькі яе словамі пра журналіста, а і сваім, даўнім, і зазлаваўся на сябе. — Можа быць, — нечакана дзяўчына пагадзілася. І гэта было яшчэ адно сведчанне, што яна ўжо не тая, ранейшая, не жорсткая, самаўпэўненая студэнтка, якой запомнілася Корзуну. У тую пару яна не пагадзілася б. — Прабач, — сказаў ён, сумеўшыся. — Ат, — адмахнулася яна, запытальна зірнула на Корзуна: — Падобна, ты яго не вінаваціш. Дык што? — Не разумею, чаго ён папёрся за горад? — Можа, хацеў падумаць у адзіноце. Усе, з кім Корзун гаварыў пра Рамейку, выказвалі гэта меркаванне, але ніхто не мог сказаць, аб чым ён хацеў падумаць. — Ты дапускаеш, што яго займаў будучы артыкул? — спытаў Корзун. — Ну, для вопытнага газетчыка гэта дробязь, усё, што трэба, падкажа аўтар. Якое іншае заданне? Не, не ўспамінаў — мы з ім добра пагаварылі. Напэўна, нешта іншае было ў яго, асабістае. Тут ён не надта адкрываўся, — яна наморшчыла лоб. — Але Рамейку ўжо не паможаш, ты лепш на машыніста пераключыся. — Усё-такі засталося ў Святлане нешта і ад ранейшай. Як і некалі, не магла нават думкі дапусціць, што чагосьці не ведае, у чымсьці не разбіраецца. — Ды справы — справамі, а к канцу дня заходзь, Сашок. — Калі змагу… — От мне гэты вясковы дэтэктыў! Вырвешся. Я чакаю! Ясна? Быў час, калі адно такое слова зрабіла б Корзуна найшчаслівейшым чалавекам. Зараз ён успрыняў запрашэнне спакойна, быццам было яно ад звычайнай знаёмай, а не ад Светкі Якушавай. Вецер аціх. Свяціла сонца, сляпіў вочы ярка-белы снег. Нібы і не было шалёнай завірухі, у якой заблудзіўся добры, спакойны чалавек. Корзун патаптаўся на рагу дзвюх вуліц, адна з якіх — Чыгуначная — вяла да пераезда, падумаў, што варта было б самому пабываць на месцы, дзе загінуў Рамейка. Але, зірнуўшы на гадзіннік, збочыў у сквер. Вуліцы і нават дзе-нідзе тратуары паспелі ўжо расчысціць, а ў скверы былі толькі вузенькія, пратаптаныя з раніцы сцяжынкі. Корзун насіў туфлі, неглыбокія, зручныя ў горадзе, і адразу адчуў, як сыпучы марозны снег пачаў халадзіць ногі. Не, ён у сваім мадняцкім абутку на той пераезд па снежнай замеці пацягнуўся б хіба за кампанію, і то не абы-якую. Што ж павяло туды журналіста? Пратасеня размаўляў па тэлефоне. — Так, так, вы-клю-ча-на! — крычаў ён некаму ў трубку. — А я веру. Так, — ён памаўчаў, відаць, слухаў абанента на тым канцы проваду, і паабяцаў: — Будзем думаць. — Вобласць? — зразумеў Корзун. — Непакояцца, — уздыхнуў Пратасеня. — А ў нас першая версія, падобна, лопнула. Машыніст, кандуктар і вартаўнік на пераездзе ў адзін голас паказваюць, што, як праходзіў састаў, нікога не было — ні на палатне, ні на абочыне. — Маглі не заўважыць. — Паблізу станцыі? Наўрад. Семафор, стрэлкі… Тут варон лавіць не будзеш. — Але ў такім выпадку… — Забілі і падкінулі? І я так быў падумаў. Але гэта ўжо занадта дэтэктыўна. Прасцей было пакінуць на месцы, калі раптам здарыўся наезд у горадзе. Корзун паціснуў плячамі, пачаў гартаць паперы — пракурор ужо завёў справу. Прачытаў заключэнне экспертаў. Узяў фатаграфію, зробленую раніцай на пераездзе. Рамейка ляжаў ніцма, напаўзасыпаны снегам, і толькі туфель выторкваўся з сумёта. Корзун чмыхнуў. Аказваецца, гэты журналіст не баяўся холаду. Аднак не гэты туфель на падагнутай назе трывожыў Корзуна. На фотаздымку было нешта не тое, што трэба… — Аркадзь Міхайлавіч, па які бок чыгункі ляжаў Рамейка? — Правы. Я сам бачыў. А што? — Неверагодна. Вось чытайце: эксперт сцвярджае, што ўдар быў зроблены ззаду і ў правы бок. Значыць, труп павінен ляжаць злева. — А калі чалавек стаяў спіной да цягніка, на шпалах? — Званіце медыкам, хай скажуць дакладна: мог чалавек пасля ўдару перапаўзці цераз рэйкі ці не мог? — Удар не смяртэльны, — сказаў Пратасеня, перагаварыўшы з судмедэкспертам. — Рамейка хутчэй за ўсё ўпаў, страціў прытомнасць і задыхнуўся ў снезе. — Або ва ўласным рукаве… — Можа, і так. Некалькі варсінак было ў яго на губах, — пракурор пацягнуў руку да папкі са справай, быццам хацеў свае словы падмацаваць адпаведным вывадам экспертызы. — Нешта не верыцца мне, — Корзун задумаўся. — Колькі ўсяго павінна збегчыся: падзенне, непрытомнасць, дыхавіца… — Факт ёсць факт, Аляксандр Антонавіч. — Фактаў столькі, што аж галава пухне, — Корзун адшукаў у папцы патрэбную паперу, ажывіўся. — Я гатовы з вамі пагадзіцца, Аркадзь Міхайлавіч, але пры адной умове. Усё, пра што вы гаварылі, было. Толькі не так, і ў другім месцы. Можа нават недалёка ад гасцініцы, — ён прыжмурыў вочы, быццам успамінаў нядаўна бачаную карціну. — Журналіст ішоў па праезджай частцы — тратуары былі заснежаныя, ішоў, як і патрабуюць правілы дарожнага руху, злева. Машына наляцела ззаду — шафёр не адразу заўважыў яго ў такую непагадзь. І, каб схаваць сляды, адвёз збітага чалавека, балазе быў той непрытомны, на чыгунку… — Рас-пі-саў,— Пратасеня аж прыцмокнуў языком. — Можа, у сведкі пойдзеш? — Каб-то, — Корзун не звярнуў увагі на іронію. — Сведкам што, сказаў і пайшоў, а мне тут усё гэта або даказваць, або абвяргаць прыйдзецца. А доказаў — усяго сляды зялёнай фарбы на Рамейкавым паліто. Раптам аўтамабільная? — Толькі не забудзь пра маю думку: навошта было збітага на пераезд везці? II Неба пасінела, засвяцілася халоднымі зоркамі. Ажылі, напоўніліся гоманам вуліцы. Пад нагамі суха рыпеў прамёрзлы снег. Халоднае паветра пахла дымам, бадзёрыла. Корзун крочыў і думаў, як дзіўна часам разгортваюцца падзеі. Загінуў чалавек, ёсць нават версія, што забіты, а ён, інспектар крымінальнага вышуку, замест таго каб нешта рабіць, пляцецца міма нядаўна пабудаваных тут пяціпавярховых камяніц і заглядае ў размаляваныя марозам вялікія шкляныя вітрыны, не ведаючы, ні куды пайсці, ні чым заняцца. Яны з Пратасенем прачыталі некалькі рапартаў мясцовых аператыўнікаў, пагутарылі з магчымымі сведкамі і нічога такога, што праліло б хаця праменьчык святла на гэта здарэнне, не заўважылі. Больш таго, пасля дня напружанай працы апынуліся ў тупіку, з якога, здаецца, адзін выхад — павярнуць назад. Але, што яшчэ горшае, і вяртанне нічога не абяцае. Нечакана для сябе Корзун апынуўся ля рэдакцыі. На другім паверсе, дзе размяшчаўся сельгасаддзел, свяціліся вокны. Святлана яшчэ працавала. Накінуты на плечы шэра-зялёны махеравы шаль, цыгарэта ў бледных ненафарбаваных губах, задуменны позірк надавалі дзяўчыне зусім інакшы выгляд, чым быў у яе надоечы. Рабілі нейкай сталай, непрывычна сур'ёзнай, нават непрыкаянай. У Корзуна зашчымела сэрца — непрыкаянасць дзяўчат яго заўсёды кранала. Святлана ўзняла вочы, узяла пальцамі цыгарэту і, бліснуўшы ўсмешкай, пявуча сказала: — Малайчына, дэтэктыў! А Корзун падумаў, што мог бы, каб ведаў раней, зайсці сюды яшчэ тыдзень таму назад, і не было б у яго нудных гасцінічных вечароў. — Што маўчыш? — Святлана, відаць, прыкмеціла нешта на ягоным твары. Корзун збянтэжана ўсміхнуўся. Разумеў, трэба штосьці сказаць, не стаяць ёлупнем на парозе. Але слоў не было. Святлана скаланулася, як ад холаду, паднялася. — Ведаеш, — загаварыла, ідучы да вешалкі,— я нядаўна кватэру атрымала. Асобную, аднапакаёвую. Пасядзім, успомнім былое. Ён ледзьве ўцяміў, што Святлане можна памагчы апрануць паліто, — неяк ужо адвык ад дзяўчат. Падаючы паліто, раптам адчуў, што зусім не хвалюецца. І ад гэтага сумеўся. Дзяўчына заўважыла, весела засмяялася. — Ты зусім не змяніўся, — сказала, як шкадуючы. — Каб зусім, то не, — Корзун запярэчыў, абы толькі не даць Святлане ўзяць над сабой верх, як гэта здаралася раней. Святланіна кватэра здалася нечым падобнай на сваю гаспадыню. Такая ж неўладкаваная, быццам тут не жылі, а толькі адбывалі час. Просценькая мэбля, на якую па цяперашнім часе ў магазінах і пакупнікоў няма. Ні тэлевізара, ні радыёпрыёмніка. Кнігі і часопісы мясціліся на стале, на падаконніку і нават на тумбачцы ля тахты, дзе звычайна знаходзяцца духі, пудра і шмат што іншае, без чаго жанчына нібы і не жанчына. — Мне не падабаецца, як ты жывеш, Светка, — не ўтрымаўся Корзун. — Я векавуха, — бадзёрачыся, адказала яна. — Дваццаць пяць… Узрост! — Не какетнічай! — Корзун непрыкметна акінуў яе позіркам, са здавальненнем адзначаючы, што Святлана па-ранейшаму прыгожая. — Хіба тут жаніхоў няма? — Хлопцы што, — на гэты раз у голасе дзяўчыны пракінуўся сапраўдны смутак. — Патрэбны той самы, а яго ўсё няма. — Шмат працуеш? — спытаў ён, разумеючы, што закрануў далікатную тэму. — Напэўна, шмат, — падобна, і ёй не хацелася гаварыць пра жаніхоў.— Але, ведаеш, калі работа падабаецца, гэтага неяк не заўважаеш. — Газета ці што большае? — Корзун успомніў яе студэнцкія планы. — Нарыс у мінскім часопісе надрукавала, цяпер вось над новым працую. — Святлана прыбрала са стала кнігі.— Газета шмат часу патрабуе, для сябе пішу ўначы, у выхадныя. Дзе ўжо тут пра быт думаць, — не забыла яна яго папрок. — Хіба ў цябе адной выхадных не бывае? — Можна падумаць, што ў цябе не кватэра, а гняздзечка, — пажартавала Святлана. — У мяне і кватэры няма, — засмяяўся Корзун і бесклапотна махнуў рукой: — Мне і кута хапае. — Вось бачыш. Жытла ўласнага па-ранейшаму не маеш, то, можа, хоць з такога гора віно піць навучыўся? Не? Ну, то каву прыгатую — і зерне ёсць, і млынок. Табе чорнай, з малаком? — Давай натуральную, чорную, усё роўна мне сёння не да сну. — Рамейка? — Раскажы мне пра яго, калі помніш. Ён, здаецца, гады на два раней за цябе журфак скончыў? — Таго я ведала кепска, мы ўжо тут зблізіліся. Як карэспандэнтам па вобласці стаў. Ёсць у нас, журналістаў, салідарнасць, незалежная ад пасады. Свайму брату-газетчыку ў камандзіроўцы і паможам, і падкажам, і выручым. — Ён часам вершаў не пісаў? — Думаеш, рыфму на пераездзе шукаў? — Святлана здагадалася, куды хіліць Корзун. — Ён быў,— яна крыху задумалася, — як бы табе сказаць, занадта рацыяналістычны, ці што. Нават нарысы ў яго атрымліваліся сухаватыя, пабудаваныя на адной логіцы. Умеў стрымліваць эмоцыі,— яна ўсміхнулася. — Гэта мяне і напалохала, а то закахалася б. — Святлана адвярнулася, пакорпалася ў сумачцы, закурыла. — Вельмі шчыры… быў. Учора разгаварыліся з ім, пытае: «Адкуль жулікі бяруцца?» У яго галаве не ўкладвалася, як гэта можна залезці ў чужую кішэню. Цікаўнасць Рамейкі да жулікаў магла быць не выпадковай, і Корзун, каб падтрымаць у размове кірунак, сказаў: — Напэўна, натрапіў на якога хапугу. — Хутчэй, пачуў што ў аўтобусе… Ну, давай каву піць. — Святлана прыціснула ў попельніцы цыгарэту і пабегла на кухню. Ужо адтуль спытала — А ты як, не ажаніўся? — Нявеста, мабыць, яшчэ не вырасла, — пажартаваў Корзун. — А ты сама калі на вяселле запросіш? — спытаў і сумеўся. Яна ж толькі што гаварыла, што не мае хлопца, і яго пытанне можа палічыць як спробу вярнуцца да былога. Яна быццам і не ўспомніла, што ён некалі заляцаўся да яе. Наліваючы ў кубкі каву, проста адказала: — Ёсць адзін заатэхнік, з Яснагорскага раёна. Можа, чуў — Абабурка? — Дык што ты… Калі хлопец харошы… — ён зноў адчуў сябе ніякавата. — Бачыш, у сваты запісаўся… Святлана і на гэта не звярнула ўвагі. Бадзёра і ад таго не зусім натуральна сказала: — Можа, і выйду. Чалавек быццам прыстойны, у гадах, трыццаць з хвосцікам. І то, не ўсё гарбець за пісьмовым сталом… — запнулася, ледзь прыкметна пачырванела, употай зірнула на Корзуна, які нешта надта ўважліва разглядаў на дне свайго кубка, і засмяялася з палёгкай: — Не гадай на кафейнай гушчы, бадай, не пайду за Абабурку. Рамейка вінаваты. Як пачуў пра яго, зняў акуляры, працёр шкельцы насавічком, быццам хацеў мяне яшчэ лепш разгледзець, і сказаў: «Галава, два вухі, не спяшайся…» — Яна схамянулася. — Але што гэта ўсё я ды я. Сам ты як жывеш, Саша, як працуецца? — Я што, — Корзун памуляўся, — служу… — Ну, вядома. Зараз скажаш, што ты — як усе, што табе асабіста нічога не патрэбна. Гэта я ўжо чула. І калі толькі ты перастанеш у цень хавацца! Думаеш, пра цябе хто іншы паклапоціцца? Не, самому таксама трэба, самому, чуеш, трэба аб сабе дбаць. — І, выгаварыўшыся, спакойна спытала: — Служба хаця падабаецца? — Звальняцца не збіраюся, — ён не стаў спрачацца, даказваць, што не ўмее і не хоча ўмець вытыркацца наперад іншых, робячы, як кажуць, кар'еру, хапаць, дзе толькі можна. Урэшце, справа не ў гэтым. Але яе шчыры клопат быў яму прыемны. — Праца, вядома, падабаецца, хаця ў даным выпадку гэта, напэўна, не тое слова. Як можна падабацца, напрыклад, лавіць злачынцаў? А мусіш. Каб астатнім людзям жылося спакайней. — Вось мы і вярнуліся, калі помніш, да Рамейкавага пытання: адкуль бяруцца жулікі? — Падобна, над гэтым задумвалася і сама Святлана, бо пыталася шчыра, зацікаўлена, а не толькі таму, што пад руку падвярнуўся знаёмы супрацоўнік міліцыі, з якім мусіш гаварыць на яго прафесійныя тэмы. — Сацыёлагі… — Э-э, кінь, — насмешліва перабіла Святлана, — тое-сёе я таксама чытаю. Ты сваё скажы. Твая думка для мяне не менш аўтарытэтная. Чаму, напрыклад, добры хлопчык прыстойных бацькоў пачынае хуліганіць, красці? Хто вінаваты: сям'я, школа? — Складана, Света, усё гэта, адным махам па паліцах не раскладзеш. Увогуле, відаць, і сям'я, і школа. Але, здаецца, на школу мы часам залішне наракаем. Забываем, што чалавек з першага свайго дня ў сям'і расце, усімі сваімі порамі ўспрымае яе дух. І пазней, калі ў яго душу чарвінка змалку запала, ніякімі прыгожымі і правільнымі словамі яе адтуль не выкалупнеш. Ці не таму і вырастаюць дзеці: адзін моцны, як спелы яблык, што на дрэве да позняй восені пратрымаецца, другі ж, як летні ападак, ад слабага ветру пад дрэва зваліцца… — І ты ўмееш гарачыцца! — яна пазірала на Корзуна з усмешкай. — А я думала, што ў цябе і сэрца няма. Хто ведае, можа, так яно і ёсць, як ты гаворыш, а можа, і не так. У нас нядаўна хлопца судзілі за грабеж. Бацькі — настаўнікі, на працы іх паважаюць. А сын да п'янага ў кішэню залез. Дзе ж тут дух сям'і? Пратасеня расказваў Корзуну пра гэты выпадак, які нарабіў у горадзе шмат шуму, — настаўнікі ж заўсёды на вачах. Як і Святлана, людзі дзівіліся, што ў паважаных бацькоў вырас такі сын. І мала хто задумваўся над тым, што сама прафесія яшчэ не пасведчанне на добрапрыстойнасць. Бацька гэтага хлопца выкладаў матэматыку, маці — рускую мову. Прадметы ведалі і часу, здавалася, не шкадавалі на вучняў. У канікулы, калі іх калегі ехалі ў санаторыі, вялі выхаванцаў у турысцкія паходы, яны заставаліся дома, займаліся з тымі, хто падаваў заявы ў інстытуты. Звычайна іх выпускнікі паступалі. Гэта было як слава настаўнікам, гонар. І неяк ніхто не надаваў значэння таму, што дапамога гэта была не бескарыслівая, платная, што бралі настаўнікі грошы за ўласныя недаробкі на працягу вучэбнага года. Пратасеня не рабіў вывадаў. А як на думку Корзуна, дык у паводзінах бацькоў і сына ёсць нешта агульнае — сумленнымі не назавеш учынкі ні іх, ні яго. Але Святлане Корзун гэтага не сказаў. Домыслы — не доказ, а яму ў падобных выпадках нельга карыстацца домысламі. Ён толькі пажартаваў: — Нездарма ў народзе ўспамінаюць пра той пуд солі… — Ага, чужая душа — поцемкі,— не без іроніі пагадзілася Святлана. — І гэта правільна, — Корзун усміхнуўся. — Нешта мы з табой прапіснымі ісцінамі загаварылі. Напэўна, нагаварыліся. Самы час мне пайсці, га? III Яшчэ было не позна, і Корзун рашыў прайсціся. Ён думаў пра Святлану. Сёння яна ў нечым яго расчара вала. Працавітая, здольная, шчырая, а ніяк не можа (або не хоча?) пазбавіцца свайго былога, якое Корзун некалі лічыў наносным, гульнёй. Яму стала шкада Святлану. Заняты сваімі думкамі аб ёй, Корзун не заўважыў, як апынуўся на пераездзе. Схамянуўся, толькі калі шлях яму перагарадзіў апушчаны паласаты шлагбаум. Корзун чмыхнуў. Няйначай, магніт, пра які гаварыла Падабедава, прывёў і яго сюды. Абмінуўшы агароджу, перайшоў пуць і ля вартавой будкі лёг грудзьмі на жэрдку, да якой, відаць, улетку прыстаўлялі ахоўныя шчыты. Ноч была марозная, ясная. Над галавой чарнела неба, усеянае бліскучымі зоркамі. Злева, на станцыі, падміргвалі чырвоныя сігнальныя агні. Вакол было ціха і пуста. Нават вартаўнік у сваёй будцы ці не задрамаў над сталом, спадзеючыся, што ў такую пару нікога не пагоніць па гэтай глухой дарозе. Зрэшты, Корзуну не было патрэбы прыходзіць сюды, ды яшчэ ў позні час. Гэта, напэўна, ногі самі ішлі — думаў жа ён зусім не пра Рамейку. Яны са Святланай, здаецца, праз увесь вечар больш аб ім не ўспаміналі. Гаварылі пра агульных знаёмых, пра напаўзабытае ўжо студэнцкае жыццё, пра сябе. Корзун нават пазайздросціў Святланінай апантанасці, якая, бадай, адна дазваляе чалавеку нечага дасягнуць у працы. Святлане былі быццам абыякавыя і асабістая неўладкаванасць, і няўтульная кватэра. Нарыс, які яна пісала, быў, адчувалася, важнейшым за ўсе магчымыя дзявочыя радасці. А вось ён не змог бы так. Гэта думка занепакоіла, засмуціла, бо і яму хацелася быць не проста інспектарам крымінальнага вышуку, хай сабе і абласнога маштабу, а добрым, сапраўдным сышчыкам, здольным раскрываць самыя заблытаныя справы. Але да быту ён усё роўна не застаўся б абыякавым. Калі б у яго была кватэра, абавязкова зрабіў бы стэлаж і запоўніў бы яго самымі цікавымі кнігамі. У вольную хвіліну чытаў бы аж да раніцы, запоем. Корзун падфутболіў наском туфля лядзяк, які ляжаў побач на пратаптанай сцежцы, расшпіліў гузік на кашулі пад гальштукам, глытнуў сухога, пякучага паветра, з прыкрасцю думаючы, што з яго нічога вартага не выйдзе. У той час, калі трэба даўмецца, чаму чалавек апынуўся за ўскраінай на чыгунцы, дзе, мажліва, яго і падбіла, ён корпаецца ва ўласных і дробязных перажываннях, глядзіць на зоркі і чамусьці ўяўляе, як у такой жа начной цемры, пужліва азіраючыся на кожнае маўклівае дрэва, спяшаецца на працу ў далёкіх адсюль Даманах загадчыца фермы Марыя Апылінская. Агеньчыкі на станцыі замігцелі, у чырвонай чарадзе ўзнік зялёны ланцужок. І адразу ж за лесам, быццам толькі і чакалі гэтага сігналу, загуў гудок, затарахцелі колы. Да пераезда набліжаўся цягнік. У будцы дзінькнуў тэлефон. Праз імгненне рыпнулі дзверы, і з ліхтаром у руках паказаўся вартаўнік. З-за павароту вынырнуў лакаматыў. Святло яго пражэктараў упала на чыгуначнае палатно, асвяціла абочыны. З кабіны высунуўся машыніст. Мінаючы пераезд, ён павітаў рукой вартаўніка. Састаў прагрукацеў міма і пакаціўся да станцыі, свецячы чырвоным папераджальным сігналам. Тады таксама, напэўна, было так. Толькі шалела завіруха, намятаючы снежныя гурбы… Вартаўнік апусціў ліхтар, падышоў да Корзуна. Прыгледзеўшыся, сказаў: — Не замёрз? І то, маладога кроў грэе. — Вы і ўчора дзяжурылі? — А як жа. Гэты тыдзень — мая ноч, — ён узняў ліхтар. — Нешта я цябе не пазнаю? — Камандзіровачны, з абласной міліцыі. — І то я гляджу, — пакрэктваючы, вартаўнік усеўся на лаўцы побач з будкай, выцягнуў з глыбокай кішэні пачак «Севера»: — Падымі, палягчэе. — Дзякуй, не куру. Вартаўнік зацягнуўся, кашлянуў. — Як вашы хлопцы пыталіся, я пасля цэлы дзень думаў. Не мог Апаровіч збіць таго чалавека. — Апаровіч — гэта машыніст? — Ён. Са мной, як звычайна, павітаўся, значыць, глядзеў з свайго акна. Ды і я, дзякуй богу, без акуляраў жыву. — А завіруха? — То-та ж, што завіруха! У такую пагоду Апаровіч вочы ў рукі бярэ. Кажу табе, нікога на пераездзе не было! Гэта супадала з меркаваннем самога Корзуна, але нешта яму тут не падабалася, быццам чагосьці ў словах старога не хапала. — Дык што, нябожчык сам на пераезд прытупаў? Нечакана вартаўнік падняўся, сказаў, быццам чагосьці зазлаваў: — Табе відней… Узяўшы лапату, пачаў адграбаць снег ад складзеных каля пуці запасных рэек. І ўсё бурчаў сабе пад нос, што чысціш-чысціш, а яно мяце-мяце… — Не сярдуйце, — Корзун пастукаў застылымі нагамі, наблізіўся да вартаўніка. — Мне гэта вось як трэба зразумець, — правёў ён далонню пад падбародкам. — Як поезд праходзіў — нікога не было, — стары не вельмі памякчэў.— А што было пасля — не бачыў. — Пасля? — здзівіўся Корзун і раптам уцяміў, што гэта і ёсць менавіта тое самае, чаго яму не хапала ў вартаўніковых словах. Вартаўнік уторкнуў лапату ў сумёт, агледзеўся, быццам правяраў, ці ўсё зрабіў, і пашморгаў да будкі. — Дабранач! — крыкнуў яму ўслед павесялелы Корзун. Хаця падстаў для весялосці не было. Калі труп Рамейкі з'явіўся на насыпе пазней, трэба было рашаць новую задачу: дзе быў журналіст аж цэлую гадзіну — жывы або мёртвы? Гарадок ужо спаў, толькі дзе-нідзе свяціліся вокны. Напэўна, і дзяжурная ў гасцініцы не пагасіла святла ў адміністратарскай, з непакоем паглядае на дзверы і нядобрым словам успамінае непуцёвых кватарантаў, якія швэндаюцца поначы немаведама дзе і тады пападаюць нават пад цягнік. Корзун уявіў сабе Падабедаву і пасміхнуўся. Нічога, няхай трохі панепакоіцца. Ён неўзабаве вернецца, толькі дадумае невялічкую драбніцу і вернецца ў цёплы, крыху прапахлы саладкаватым брыкетавым чадам пакой. Корзун засунуў глыбей рукі ў кішэні свайго дэмісезоннага паліто, запаволіў крокі. Кажуць, пара дэтэктываў-адзіночак мінае, бо і міліцыя паставіла сабе на службу самыя новыя дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу. Сапраўды, эксперт, узброены дасканалымі прыборамі, знойдзе, здавалася б, нябачны след, інфармацыйны цэнтр за лічаныя хвіліны выдасць даведку, дзе і калі было падобнае здарэнне, ці зарэгістраваны знойдзеныя на месцы злачынства адбіткі пальцаў, і шмат што іншае. Але як быць, калі выпадак не мае аналагу? Як вось гэты. Тут ніводзін інфармацыйна-даведачны цэнтр з усімі сваімі электроннымі архівамі не дапаможа. І застаецца адно — круці, інспектар крымінальнага вышуку, мазгамі, шукай тое, што без цябе не ўбачыць магутны мікраскоп, не ўспомніць ЭВМ… Корзун спыніўся, глыбока ўздыхнуў, быццам хацеў свежым і халодным паветрам прагнаць стому. Бадай, кожны другі вулічны ліхтар не гарэў. Калі ў такім месцы аўтамабіль саб'е чалавека, здалёк і не здагадаешся, што адбылося. Можа, і з Рамейкам так здарылася? Як версія гэта падыходзіла — зялёную фарбу трэба ж неяк растлумачыць. І тады… Корзун разумеў, што ў іх справе, сказаўшы «а», трэба гаварыць і «б», інакш кажучы — пракруціць версію да канца і або прыняць, або адкінуць. І ён пачаў думаць далей. Калі ж усё-такі ўдарыла Рамейку машына? Напрошваецца вывад, што раней, чым прайшоў поезд, — не мог жа чалавек больш гадзіны блукаць па начной непагадзі, не было ў яго такога намеру. Аднак яго не бачылі ні машыніст, ні вартаўнік. Не заўважылі? Не падобна. Цягніковы пражэктар і завіруху святлом праб'е, а труп ляжаў блізка ад каляі. Корзун пацёр шарсцяной пальчаткай застылы лоб. Дапусцім, што так. Але час… Час ніяк не супадае. Хаця хіба не магло быць, што шафёр перачакаў, калі поезд пройдзе? Значыць… Значыць, шафёр ведаў расклад руху паяздоў па гэтай ветцы. Хаця гэта, напэўна, ведае кожны тутэйшы жыхар. І ўсё-такі гэта зачэпка, яна некалькі звужае кола пошукаў — шафёр павінен быць мясцовы. З гэтага боку чыгункі, інакш вартаўнік адкрываў бы яму шлагбаум. Трэба заўтра націснуць на «даішнікаў». Корзун адчуў, што «пракрутка» закончылася, версія мае права на існаванне. IV З раніцы Корзун зайшоў у райаддзел, каб падзяліцца з аператыўнікамі сваімі меркаваннямі. Хлопцы папрацавалі нямала. Абышлі ледзь не ўвесь гарадок, шукаючы людзей, якія, магчыма, бачылі журналіста ў той вечар. Знайшлі нават мужчыну, які а палове дзесятай вяртаўся са станцыі дадому якраз па Чыгуначнай вуліцы. Мужчына жыў за гасцініцай і павінен быў бы сустрэць Рамейку. Але ён не бачыў нікога. Дапытваў мужчыну капітан Шабуня, ён узначальваў мясцовы крымінальны вышук. Корзун давяраў яго вопыту і спытаў, што гэта магло б азначаць? — Або Рамейка кудысьці заходзіў, або ў гэты час быў ужо нежывы. Першае, бадай, выключаецца, праверылі, здаецца, усё. — А раптам хто не хоча сказаць, Васіль Андрэевіч? — Прычына? — Значыць, другое? — Корзун задумаўся. — Дарэчы, Аляксандр Антонавіч, інспектары ўжо шукаюць машыну. — Так-то яно так… — Не верыш? — Ты, Васіль Андрэевіч, лепш скажы, дзе быў Рамейка з адзінаццаці да абеду? — Цябе паслухаць, дык журналіст у сваёй смерці сам вінаваты, — паціснуў плячамі Шабуня. Корзун пасміхнуўся — Шабуня, сам таго не ведаючы, паўтарыў Святлану Якушаву. — А ўсё-такі? — Корзуну не хацелася раней часу раскрываць сваю задуму. — На мясакамбінаце, — і дадаў уедліва: — Можа, інфармацыю браў. — Можа, ці браў? — ад Корзуна было не так лёгка адчапіцца. — Не цікавіўся, — Шабуня праверыў, ці замкнёны сейф. — Я да пракурора. Пойдзем? — Буду пазней. — Няўжо на мясакамбінат? — Шабуня паглядзеў на яго, як на блазна. Начальніка раённага аддзялення крымінальнага вышуку можна было зразумець: яго супрацоўнікі пабывалі на камбінаце, даведаліся, што Рамейка гутарыў з галоўным інжынерам, што цікавіўся, хто і колькі жывёлы здае. Для карэспандэнта гэта было натуральным, і Шабуневы падначаленыя здаволіліся пачутым. Але Корзун адчуваў сябе так, нібы сядзіць на беразе незнаёмай і бурлівай рэчкі, чакаючы, што вынесе яму свавольная імклівая плынь. І таму мусіў пераправяраць нават тое, што здавалася неаспрэчным. Корзун не меў падстаў папракнуць у чым-небудзь мясцовых аператыўнікаў і Пратасеню — яны, на яго погляд, не дапусцілі пакуль ніводнай памылкі. Так што паўтараць іх працу патрэбы не было. Але газетчык зацікавіў яго як чалавек малазнаёмай і ў той жа час у нечым блізкай яму, супрацоўніку міліцыі, прафесіі. Захацелася разабрацца ў сутнасці карэспандэнцкай справы, паставіць сябе на Рамейкава месца, зразумець яго ўнутраны свет, кола абавязкаў. Думалася, тады лягчэй, можа, будзе ўстанаўліваць прычыну яго гібелі. На мясакамбінат Корзуну пайсці не давялося. Пазваніў Пратасеня: — Давай, Аляксандр Антонавіч, да мяне! Машына ўжо выехала. Корзун падумаў, што, напэўна, знайшлі шафёра, які збіў журналіста. Зрэшты, так яно і павінна быць. Бо, калі на Рамейкавым паліто выявілі аўтамабільную фарбу, пошукі адразу замкнуліся на абмежаванай колькасці машын. Мужчына, які сядзеў ля пракуроравага стала, — гадоў трыццаці — трыццаці пяці, разгублены, з чырвоным ад нервовага напружання тварам, толькі пацвердзіў яго здагадку. Корзун кіўнуў Пратасеню і сеў побач з Шабунем. У кабінеце было ціха, і гэта чамусьці не спадабалася Корзуну. Ен запытальна зірнуў на пракурора. Пратасеня пераклаў стосік чыстай паперы з правага боку стала на левы і толькі тады звярнуўся да мужчыны: — Раскажыце, Кучаронак, яшчэ раз, як было, хай прадстаўнік абласнога ўпраўлення паслухае. Мужчына каўтануў сліну і аселым голасам сказаў: — Ён быў жывы… — Да гэтага мы яшчэ падыдзем, — спыніў яго пракурор, — вы з самага пачатку. — А што тут гаварыць, — мужчына безнадзейна махнуў рукой. — Пад снегам быў лёд, машыну занесла ўлева, ну і збіў чалавека. Пакуль спыніўся, падбег, ён ужо стаяў. Кажу, паедзем у бальніцу. А ён матляе галавой: «Не магу, шэф, мне яшчэ з адным тут пабачыцца трэба. А ты матай, матай адсюль, а то яшчэ адказваць будзеш, што наехаў». Мне б яго не паслухаць, я цяпер разумею. А тады ўзрадаваўся, сарваўся з месца і — у гараж. Толькі ўчора ўвечары даведаўся, што памёр нейкі журналіст. — Чаму адразу не прыйшлі да нас? — не вытрымаў Корзун. — Як даведаліся. — Дык жа таго цягнік збіў… Корзун насцеражыўся: ці не гэты самы шафёр падкінуў забітага на пераезд? Ён хацеў быў задаць яшчэ пытанне, але Пратасеня ўзняў руку. — Цягнік — цягніком, — сказаў ён. — Але на паліто забітага фарба, падобна, ад вашага грузавіка, Кучаронак. Шафёр недаверліва паглядзеў на пракурора. — Так, так, Кучаронак, — Пратасеня пасуровеў.— Апошняе слова скажа экспертыза, але ж і вы не адмаўляеце, што наехалі на невядомага чалавека. Вось бачыце. Пасядзіце пакуль у суседнім пакоі. — Як ён да вас трапіў? — спытаў Корзун. — Загадчык гаража прыслаў. Праўда, Кучаронак і сам перад ім не таіўся, калі ўмяціну на левым крыле заўважылі. Задаў ён нам загадку! — Лічыце, не маніць? — Паспрабуй цяпер правер, — Шабуня скрыпнуў крэслам. — Медыцына сцвярджае, што Рамейка памёр не адразу, — сказаў Пратасеня, — так што ўсё можа быць… — Трэба праверыць у медыкаў, ці мог у такім стане Рамейка дабрацца сам да пераезда, — Корзун у думках узважваў пачутае. Прызнанне Кучаронка ставіла ў яго версіі ўсё на месца. Справа аказалася даволі хрэстаматыйнай: галалёд, завіруха і раптоўны прахожы на дрэнна асветленай вуліцы. Вось толькі ці не хлусіць, што паехаў, пакінуўшы Рамейку на вуліцы? — Ну, гэта дэталі, Аляксандр Антонавіч, — паціснуў плячамі Шабуня. — Хай імі следчы займаецца ды суд. А наш з табой клопат, бадай, скончыўся. — Падобна, — падтрымаў яго Пратасеня. Корзун прамаўчаў. Не на ўсе пытанні, калі ўжо на тое, былі атрыманы адказы. Але ці мела гэта значэнне, ён не ведаў. — Ты сёння дадому? — Напэўна… — Маю што перадаць твайму начальству. — Юркаўцу? — Яму. Як ты там, асвоіўся? — Не магу паскардзіцца. З маёрам Юркаўцом цікава працаваць, не заціскае. — Ну, то завярні ў аддзел перад ад'ездам, — папрасіў Шабуня. V Да адыходу аўтобуса заставалася яшчэ каля дзвюх гадзін. Корзун рашыў развітацца са Святланай. Па рыпучых прыступках вузкай лесвіцы ён падняўся на другі паверх. Праз няшчыльна прычыненыя дзверы чуліся галасы. У Святланіным кабінеце нехта быў. Мажліва, па справе. Корзун нерашуча спыніўся. Ён не любіў замінаць занятым людзям. Аднак і паехаць, не пабачыўшыся са Святланай, было б няветліва. Пастукаўшы, Корзун адчыніў дзверы. — Уваходзьце! — дазволіла Святлана. Убачыўшы Алеся, засмяялася: — Гэта ты такі далікатны? У нас проста, заходзяць без дазволу. — Раптам размова сам-насам, — усміхнуўся Корзун у адказ. І сумеўся: дзяўчына сапраўды была з маладым мужчынам. — Гэта ў вас там сакрэты ды таямніцы, — працягвала жартаваць Святлана, — а мы ў раёнцы працуем адкрыта. — І да свайго субяседніка: — Пазнаёмся, мой універсітэцкі друг Саша, Аляксандр Корзун. Мужчына ўстаў, падаў руку: — Міхаіл Абабурка. «Мажлівы жаніх, — успомніў Корзун і ўважлівей паглядзеў на мужчыну. — Гадоў крыху за трыццаць, гладзенькі, укормлены, з светлымі, кучаравымі і доўгімі бакамі, ружовашчокі. Херувімчык, і годзе. Толькі вось позірк нейкі не анёльскі, ліпучы. Што ў ім Светка знайшла?» Абабурка сеў, і было відаць, што ён не надта ўзрадаваны: трэці зараз яму быў не патрэбны. «Нічога, — падумаў Корзун, — пацерпіш. Ты тут ледзь не штодня аціраешся». Сказаў, звяртаючыся да Святланы: — Даруй, калі адрываю ад пільнай справы, я неўзабаве еду. — Візіт ветлівасці, разумею, — уздыхнула дзяўчына. — Міша вунь не такі. Калі ўжо захацеў бы развітацца, то па-шляхетнаму. Маўляў, шаноўная Святлана бацькаўна, з болем у сэрцы пакідаю ваш цудоўны гарадок і праклінаю тую гадзіну, а якой кранецца на Яснагорск мой рэйсавы аўтобус, сапсавацца б яму недзе па дарозе сюды… Абабурка выцягнуў сваю белую шыю, быццам каўнер пад стракатым гальштукам стаў яму цесны. Святлана Якушава заставалася сама сабой, як і некалі,— насмешлівай з тымі, каму падабаецца, і гарэзлівай з тымі, на каго яе чары не дзейнічаюць. Корзун нават пашкадаваў гэтага, відаць, закаханага заатэхніка. Сказаў Святлане: — Баюся… — Каго, няўжо мяне? — ёй гэта жартаўлівае прызнанне раптам спадабалася. — Твайго язычка! Дзяўчына зарагатала, гучна, весела, занадта весела, каб Корзун паверыў у яе весялосць. І ён пашкадаваў ужо непрыкаяную Светку, якая, напэўна, і гэтаму залётніку дасць паварот ад свайго ганка. — Я чула, — пасур'ёзнела яна, — Рамейку шафёр падбіў? Яшчэ адна адметная асаблівасць невялікіх гарадкоў — тут навіны распаўсюджваюцца імгненна. Корзун пацвердзіў, патрэбы ўтойваць гэта не было. — Ведаеш, — Святлана быццам забылася на Абабурку, — я паўночы, мабыць, думала сёння пра Ігара… Рамейку. Каб знаццё, чым гэта абернецца, запомніла б слова ў слова нашу гутарку, а так… Адны здагадкі. І ўсё-такі, мне здаецца, быў ён нечым заклапочаны, нешта яго гняло. Ці не праз гэта трапіў пад машыну? — Але гэта ўжо, відаць, не мае значэння, — уставіў Абабурка. Корзуну не хацелася абмяркоўваць здарэнне, і ён прамаўчаў. — Вы таксама карэспандэнт? — спытаў Абабурка. — Нешта падобнае, — усміхнуўся Корзун. Святлана толькі бліснула вачамі, аднак удакладняць Корзунаў адказ не стала. — Цікавая ў вас прафесія, — Абабурка як зайздросціў.— Ездзіце, сустракаецеся з новымі людзьмі, нешта выкрываеце. Не тое што я, — свінні ды каровы… — А я думаў, што жывёла — гэта потым, а спачатку для заатэхніка людзі. Якія даглядаюць кароў і свіней. — Гэта ваш брат, журналіст, так піша. А ў нас, заатэхнікаў,— рацыёны, кармы, хваробы. Напэўна, Абабурка не любіў сваёй працы. Але Корзун не сказаў яму гэтага. Зрэшты, ён не так з ім знаёмы, каб выказваць папрокі. А Света магла і сказаць. А можа, і казала. Ды ў падобных выпадках кажы не кажы, словамі рады не дасі. Трэба было збірацца, і Корзун памкнуўся ўстаць. — Час ёсць, — Святлана заўважыла ягоны рух. — Білет яшчэ не набыў,— адказаў Корзун, думаючы, што павінен даць ім пагаварыць. — Паправім, — яна зняла трубку тэлефона. Корзун усміхнуўся: што-што, а білет ён мог узяць і без яе дапамогі. Зірнуў на Абабурку і заўважыў на яго твары нездаволенасць. Чалавек такі пра нешта не дагаварыў з дзяўчынай. Дзіўна, але сваю крыўду за гэта ён перанёс на яго, Корзуна, хаця званіць прыдумала Святлана. Ці не рэўнасць часам? Можа быць, закаханыя заўсёды, Корзун помніць гэта па сабе, крыху нагадваюць дальтонікаў: не бачаць сапраўдных адценняў. Ён хацеў усё-такі пайсці, хаця Святлана і дамовілася з дыспетчарам аўтастанцыі пра месца ў аўтобусе, і пайшоў бы, каб не Абабуркава рэпліка: — Каробка цукерак, і не толькі білет, імпартны гарнітур з-пад прылаўка выцягнуць. Відаць, Святлана зразумела, чым выклікана гэта павучальная заўвага, бо хітравата зірнула на Корзуна: маўляў, твая чарга. Ранейшы Корзун, якім яна ведала яго некалі ў студэнцкую пару, не стрымаўся б, кінуўся б у бойку — ён заўсёды не цярпеў даставалаў. Цяперашні — прамаўчаў, з цікавасцю чакаючы, што Абабурка скажа яшчэ. Аднак той, як зразумеў нешта, насупіўся і абыякава забарабаніў пальцамі па стале. Святлана ўздыхнула: сутыкнення паміж былым і цяперашнім кавалерамі не адбылося. Прыйшлося спрачацца самой. — У тваіх прыёмах, Мішачка, ёсць нешта брыдкае. «Ты мне, я — табе». — У маіх — не, — запярэчыў Абабурка. — Цукеркі — гэта як бы дадатак, мне асабіста і без іх зробяць. Дзяўчаты нюхам чуюць ва мне халасцяка, — паспрабаваў ён жартам адвесці ад сябе Святланін папрок. І раптам не вытрымаў, загарачыўся: — Але без гэтага «ты мне, я — табе»… Успомні свой фельетон… Корзун акінуў позіркам Абабурку. Што і казаць, апрануты ён модна — дублёнка, сіні, з іскрынкай, касцюм, андатравая шапка, цёплыя чаравікі. Усё імпартнае, як кажуць, дэфіцытнае. Без цукерак або, можа, чаго большага тут наўрад ці абышлося. Аднак хай Светка з ім сама разбіраецца, бо міліцыі, на жаль, пакуль не да такіх праныраў. Яму стала непрыемна, ён як схамянуўся: — Ой, ледзь не забыўся, трэба яшчэ ў адно месца забегчы. Абабурка адразу павесялеў, зарагатаў. — Ты чаго? — накінулася на яго Святлана. — Анекдот успомніў,— давячыся смехам, сказаў ён. — Сустрэліся двое. Першы пытае: «Ты куды?» Другі адказвае: «Ды так, у адно месца». — «Па якой справе?» — «Ёсць адна!» Вось якія мы зараз засакрэчаныя. Корзун зірнуў на сур'ёзную Святлану і развітаўся. У аўтобусе, у якім ехаў і Абабурка, іх месцы аказаліся ў розных канцах. Але Корзун паспеў заўважыць, што заатэхнік быў не надта вясёлы. Напэўна, і застаўшыся ўдваіх з Святланай, не пачуў таго, што хацелася б яму. VI З таго дня, як Корзун упершыню прыйшоў у абласное ўпраўленне ўнутраных спраў, мінула менш года, а яму здавалася, што ён працуе тут даўным-даўно. Хутка прывык да новых таварышаў, больш складаных абавязкаў. І калі здаралася, як вось на гэты раз, не быць ва ўпраўленні тыдзень, а то і болей, пачынаў сумаваць. Па кабінеце з старымі сталамі, за якімі сядзела, напэўна, не адно пакаленне інспектараў, па начальніку аддзела крымінальнага вышуку нешматслоўным маёру Юркаўцу, нават па старшым лейтэнанце Дзюбе, які сядзеў насупраць і не вельмі прыязна паглядаў на яго. Тут для Корзуна ўсё зрабілася сваім, блізкім. Сюды ён заўсёды вяртаўся са здавальненнем, з нецярпеннем. Часам папракаў сябе: хутка ты, шаноўны, адцураўся райаддзела, які пусціў цябе ў крыміналістыку. Хаця, калі разабрацца, папрок быў несправядлівы. Падпалкоўніка Шарая, капітана Лапкова, участковага Савачкіна ён не забываў. А тое, што іх пакінуў, азначае толькі адно: прыйшла пара ўзяць на плечы большую ношу. Падпалкоўнік так і сказаў на ад'езд. Ідучы раніцай на працу, Корзун прыкідваў, што будзе дакладваць Юркаўцу. Яго цяперашні начальнік знешне зусім непадобны на падпалкоўніка Шарая, чалавека хуткага, гатовага загарэцца ад любой цікавай ідэі, думкі, слова. Юркавец больш спакойны, стрыманы. Але, дзіўна, і аднаму і другому Корзун звычайна дакладваў аднолькава, не падладжваючыся пад іх характары, настрой. Ён гаварыў шчыра, не хаваючы ні сумненняў, ні няўдач. Бо толькі так, на яго думку, і павінны ладзіцца службовыя адносіны паміж падначаленым і начальнікам. Сённяшняя нарада ў Юркаўца не вельмі непакоіла Корзуна. Запазычанасці па мінулых справах у яго не было. А ў расследаванні гібелі Рамейкі яму і ўдзельнічаць не давялося. На нарадзе Корзун сядзеў зусім спакойна, можа, упершыню дазволіўшы сабе ў час дакладаў таварышаў думаць пра старонняе, сваё. Непрыкметна разглядаў Юркаўца. Маёр усё болей і болей цікавіў яго. Знешне ў ім не было нічога ад сышчыка. Больш таго, каб ён замест гальштука завязаў «бабачку», Юркаўца можна было б прыняць за артыста. Высокі, хударлявы, з тонкім бледным тварам і доўгімі чорнымі валасамі, у строгім цёмна-шэрым касцюме — маёр меў даволі піжоністы выгляд. Корзун заўсёды зайздросціў людзям, якія ўмеюць прыгожа насіць самае звычайнае адзенне, як, напрыклад, рабіў гэта Юркавец. Бо ў яго, Корзуна, так не атрымлівалася — і касцюм, які ён, паўгода збіраўшы грошы, пашыў у атэлье, сядзеў на ім мешкавата, нібы куплены гатовым; і гальштук чамусьці заўсёды з'язджаў набок, і яго прыходзілася ўвесь час папраўляць… Аднак яшчэ больш, чым знешне, падабаўся яму Юркавец як чалавек. Маёр глядзеў на свет карымі вачамі адкрыта, прыязна і разам з тым уважліва, дапытліва. Здавалася, ён ніколі не злуе. Ва ўсякім разе, амаль за год сумеснай працы Корзун не бачыў, каб Юркавец ускіпеў. Адно, калі быў ён чымсьці нездаволены, глыбокая маршчынка праразала ягоны лоб. Думаючы пра сваё, Корзун не адразу заўважыў, што Юркавец нахмурыўся. Прыслухаўся. Старшы лейтэнант Дзюба, Корзунаў візаві па кабінеце, бадзёра, як на рапарце, расказваў аб справе па кватэрных кражах. За два тыдні былі абрабаваны пяць кватэр навасёлаў. Злачынцы дзейнічалі дзёрзка, сярод белага дня, калі гаспадары былі на працы. Рэчы вывозілі на машыне не тоячыся. У мітусні, якая заўсёды бывае, калі засяляецца новы вялікі дом, каму кінецца ў вочы, хто прывозіць, а хто адвозіць. Але за паўмесяца, што прайшло з часу першай заявы аб пакражы, Дзюбе, якому даручылі гэту справу, трэба было б мець не толькі агульныя меркаванні, а і нешта больш пэўнае. А ён жа, як вынікала з даклада, усё яшчэ таптаўся на месцы, не знайшоў ніякай зачэпкі. І гэта выклікала нездаволенасць начальніка аддзела. Корзун не любіў спяшацца з вывадамі. Асабліва калі гэта датычыла чалавечых якасцей ці здольнасцей. Бывае так, што нейкія акалічнасці не дазваляюць чалавеку раскрыцца поўнасцю. Аднаму можа справа трапіцца не па душы, другому нешта перашкодзіць засяродзіцца ў адказны момант, трэцяму сапсуюць настрой дома або на працы, чацвёртаму не хапае вопыту, а ўрэшце акажацца, што заданне выканана не зусім дакладна, нешта ўпушчана, зроблена не так, як трэба было б. А калі яшчэ не пашчасціць, то так можа здарыцца і раз, і два. Таму важна праявіць да такога работніка спагадлівасць, цярпенне. Бо падтрымка акрыляе, а знявага наадварот, як бы падразае крылы. Корзуну часам думалася, што і Дзюбу даюць замнога заўваг. Ен і сябе адчуваў крыху вінаватым перад ім. У свой час яму, Корзуну, тады яшчэ навічку ва ўпраўленні, даручылі закончыць справу, якую вёў Дзюба. А ён пачаў з таго, што абвергнуў Дзюбаву версію і потым знайшоў сапраўднага грабежніка. Дзюба, здаецца, пакрыўдзіўся, нават і цяпер ставіцца да яго не надта добразычліва. Корзун яго не асуджае. Разумее, што асабістае не павінна ўплываць на службовыя адносіны, на справу. У Дзюбы таксама ёсць добрыя якасці. Смелы, рашучы. Мінулым летам, калі ў мікрараёне бралі ўзброенага бандыта, не пабаяўся пад кулю сунуцца. Яму б паводзіць сябе больш самастойна, выконваючы заданні. А менавіта тут ён праяўляе нерашучасць: або чакае падказкі начальства, або бярэ тое, што ляжыць на паверхні. Адсюль і памылкі. Напэўна, і з гэтымі кватэрнымі кражамі ў нечым паспяшаўся. Хай бы Юркавец пагаварыў з ім цёпла, шчыра, пастараўся б падтрымаць яго. Можа, гэта дапамагло б. Тое, што Дзюба сказаў на нарадзе, нібы толькі падмацавала Корзунаву думку аб ім. Старшы лейтэнант не даў ніводнай уласнай прапановы, не вылучыў ніводнай версіі. — Застанецеся пасля нарады, — сказаў Юркавец, калі Дзюба скончыў і выказаліся таварышы. А Корзун падумаў, што і на гэты раз Дзюба атрымае не столькі прачуханку, колькі падказку. Дзеля адной вымовы начальнік аддзела супрацоўнікаў не пакідае. — Цяпер паслухаем старшага лейтэнанта Корзуна, — Юркавец адвярнуўся ад Дзюбы. — Што рашыў раённы пракурор? Корзун быў упэўнены, што трагічнае здарэнне ў Лясным з крыміналістычнага боку выпадак нескладаны, і не чакаў, што аб ім прыйдзецца расказваць перад усім аддзелам. Але маёр Юркавец ніколі і нічога не рабіў проста так, і ў Корзуна ёкнула сэрца: няўжо дапусціў прамашку? Ён сцісла, толькі самыя фак-ты, расказаў, што адбылося, якія захады зрабілі мясцовыя таварышы, устанаўліваючы прычыну гібелі карэспандэнта, як з'явіўся ў пракуратуры шафёр Кучаронак. — Якія будуць меркаванні? — спытаў Юркавец, калі Корзун скончыў. — Колькі ад месца наезду да чыгункі? — ажывіўся лейтэнант Манега. У аддзеле ён быў навічок, прыйшоў пасля вучобы ва універсітэце. Весялун, непаседа, ён у кожнай справе стараўся знайсці свой, непадобны на іншыя, паварот. Часцей гэта было не надта ўдала, але здаралася, што і Манега даваў слушную прапанову. Напэўна, таму Юркавец ніколі не спяшаўся адкідваць яго ідэі. І зараз ён прыхільна паглядзеў на Манегу. А Корзун раптам адчуў прыкрасць. Не вельмі прыемна, калі цябе на людзях пачынаюць нібы распранаць, быццам ты сам не пракруціў усе магчымыя варыянты не адзін раз. — Чатыры кіламетры, — адказваць на пытанне Манегі трэба было. — Можа чалавек у шокавым стане прайсці такую адлегласць? — не сунімаўся лейтэнант. Перш чым адказаць, Корзун зірнуў на Юркаўца. Няўжо яны тут не згодныя з вывадам пракурора Пратасені? Але на роздум часу не было. — Судмедэксперт не выключае такой магчымасці. Ды і са мной было, — ён разумеў, што гэта не надта пераканаўча, што ставіць сябе, мажліва, пад агонь насмешнікаў, і не мог не сказаць, бо такі выпадак сапраўды быў,— мне тады было гадоў дванаццаць. Каталіся на лыжах з абрывістай гары… — У-у, — Дзюба ўзрадаваўся, прадчуваючы пацеху. — Панесла! Юркавец строга паглядзеў на яго і даў Корзуну знак працягваць. — Я ўпаў і моцна ўдарыўся галавой аб сасновы корань. Як уставаў, абтрасаўся, помню, а потым правал у памяці. Ачнуўся хвілін праз трыццаць, як пад'язджалі к дому. Таварыш, які паехаў суправаджаць мяне, расказваў, што я ўвесь час, а праехалі мы кіламетраў пяць, пытаўся адно і тое: дзе хлопцы? Праўда, я ачомаўся, а Рамейка… — ён развёў рукамі. — Слухай, Сашка, — Дзюба аж зайшоўся смехам, — а як пасля таго? Манега хмыкнуў. — Не бачу нічога смешнага, — абарваў іх Юркавец. Памаўчаўшы, сказаў Корзуну: — Ты накіраваўся дадому, а ён у другі бок… — Горад чужы… — Так-то яно так, — Юркавец абвёў супрацоўнікаў уважлівым позіркам, спыніў яго на Корзуне: — Сам ты прымаеш пракурораву версію? — Цяпер прымаю. — Значыць, раней былі сумненні? — Былі.— Верны сабе, Корзун не прамаўчаў, хаця ранейшыя сумненні зараз здаваліся яму неістотнымі.— Паміж наездам і тым часам, калі, падобна, Рамейка апынуўся на пераездзе, прайшло больш гадзіны. Мнагавата. Вядомы чалавек, які ішоў прыкладна ў гэты час ад пераезда ў гарадок, але ён нікога не сустрэў. — Жыццё мацней за нашы гіпотэзы, — уставіў Дзюба. — Так, — пагадзіўся Корзун. Ён ужо супакоіўся і на закіды Дзюбы не звяртаў увагі.— Напэўна, толькі геніяльны сышчык умее загадзя ўсё расставіць па паліцах. — Але і нам трэба развіваць інтуіцыю, — Манега закруціўся на крэсле. Корзун уздыхнуў. Ён і сам не любіў у сабе гэтай уедлівасці, якая часам была падобна на прыдзірлівасць. Але нічога зрабіць з сабой не мог. Увесь час думалася, што менавіта гэта, не вартая на першы погляд, дэталь раптам возьме і вырасце ў доказ. — Хутчэй за ўсё, — Корзун загаварыў запінаючыся, Дзюба ўсё-такі сапсаваў яму настрой. — Хутчэй за ўсе гэта не мае дачынення. Я ведаю, карэспандэнты, як і мы, маюць камандзіровачныя пасведчанні, прыкладаюць да справаздачы праязныя білеты. Чаму ў Рамейкі іх не было? — Загнуў, браток, загнуў,— засмяяўся Дзюба. — Хіба толькі ў шафёра самаабгавор. — З шафёрам усё правільна, — Корзун не шкадаваў сябе, разважаў.— Але ні білетаў, ні камандзіровачнага ліста няма. — На спадарожнай прыехаў,— Манега таксама не прыняў сумненні ўсур'ёз, — не паспеў выправіць дакументы, тэрмінова трэба было. А камандзіроўку і пазней прыслаць можна, каб адзначылі. — Вось бачыш? — падтрымаў лейтэнанта Дзюба. — Так што бяры, Корзун, тое, што ў руках, не ганіся за жураўлём у небе: ён высока, і невядома, ці будзе яшчэ тваім. — Хто знае, — Корзун не спрачаўся. — Будзем закругляцца, — Юркавец зірнуў на гадзіннік і неспадзявана для ўсіх дадаў: — Ты, Алесь, супакой душу, правер, так было ці не. З пракуратурай дамоўлюся. VII Пра камандзіроўку прасцей за ўсё было даведацца ў мясцовай рэдакцыі. Корзун пазваніў туды. Яму растлумачылі, што ўласныя карэспандэнты, якія жывуць у абласцях, маюць так званыя пуцявыя лісты, у якіх адзначаюць свае маршруты і да якіх, даючы справаздачу ў бухгалтэрыю, прыкладаюць транспартныя білеты, квітанцыі з гасцініцы і да таго падобнае. Як растлумачылі Корзуну, карэспандэнты іншым разам, каб пазней не траціць часу, загадзя настаўляюць у розных раёнах пячатак на свае пуцявыя лісты. Не заўсёды карэспандэнт, выязджаючы, паведамляе рэдакцыі, куды і чаго едзе. Значыцца, і Рамейка мог так зрабіць, а тады галоўны повад для Корзунавых сумненняў выглядаў непераканаўчым. Праўда, заставаліся яшчэ білеты. Аднак калі чалавек не браў камандзіроўку, то яму не быў патрэбны і білет, праехаў і проста выкінуў або прыехаў на спадарожнай, як казаў Манега, машыне. А ён, Корзун, шукае нешта. Вечна ён чапляе сабе хамут на шыю. Лаючы сябе, Корзун, аднак, не паддаўся спакусе, не пайшоў да Юркаўца, каб паведаміць, што расказалі хлопцы з абласной газеты. Бо не пабываў яшчэ на аўтавакзале, не пагутарыў з шафёрамі аўтобусаў. У працы Корзун не прызнаваў паспешлівасці, тут Дзюба не выдумляў. Памылка, якую ён некалі дапусціў на хлебнай базе, стала яму добрым урокам. Вадзіцель ранішняга аўтобуса, які хадзіў з абласнога цэнтра ў Мінск і на якім, калі верыць дзяжурнай гасцініцы, Рамейка хутчэй за ўсё прыехаў у Лясное, паглядзеўшы фатаграфію, адразу пазнаў свайго нядаўняга пасажыра. — У Яснагорску сеў,— упэўнена заявіў ён. — Вы не памыляецеся? — Корзун меркаваў, што журналіст прыехаў у Лясное з дому. — У мяне вока напрактыкаванае, — стаяў на сваім вадзіцель. — Машыну вёў напарнік, а я на кантролі сядзеў. Ведаеце, рэйс у нас дальні, пасажыры звычайна да канца едуць, а тут двое зайшлі да Ляснога. Адзін з іх вось гэты, — ён яшчэ раз тыцнуў пальцам у фотакартку. — Яны што, знаёмыя паміж сабой, гэтыя двое, што ўвайшлі ў Яснагорску? — спытаў Корзун, прадчуваючы, што прыйдзецца шукаць яшчэ і гэтага Рамейкавага спадарожніка. — Здаецца, знаёмыя, хаця… Думаю, не паладзілі чагосьці. — Ого! — здзівіўся Корзун: не шафёр, а псіхолаг. — Той, другі, мне здалося, узрадаваўся, калі я іх паасобку пасадзіў — свабодных месцаў побач не было. — Вы запомнілі другога? — Чаму, прызнаў бы, — і дадаў: — Не люблю рахітыкаў! Корзун засмяяўся — вельмі ўжо мудрагелістай была характарыстыка. Паспрабаваў удакладніць: — Вялікі жывот мае? З твару бледны? — Гэта яшчэ чаму? — не зразумеў вадзіцель. — Вам бы яго здароўе, — ён крытычна агледзеў Корзуна. — Румяны, як штрыфель пад восень. — Дык чаму рахітык? — Уласныя «Жыгулі» мае, летам часта тут ездзіць, пад коламі блытаецца. Я прыватніка як агню баюся. — І нумар помніце? — Я ж не інспектар, — усміхнуўся вадзіцель. — Мне яго нумар да лямпачкі. Не вельмі многа, але сёе-тое размова з шафёрам Корзуну дала. Ведаючы колер і марку машыны, начальнік Яснагорскай ДАІ, напэўна, назаве і прозвішча яе ўладальніка, і адрас. Корзун спачатку і хацеў быў пазваніць у Яснагорск. А потым перадумаў. З тым чалавекам усё роўна неабходна сустрэцца, так што не пашкодзіць і самому пабываць у тым горадзе, дзе Рамейка знаходзіўся цэлыя суткі, перш чым адправіцца ў Лясное, і дзе, калі паверыць вадзіцелю аўтобуса, нешта не паладзіў з уладальнікам шакаладных «Жыгулёў». Корзун не меў пуцявога ліста, як уласныя карэспандэнты, і таму не мог, не ўзгадніўшы гэта з начальствам, адразу сесці ў аўтобус і паехаць у суседні раён. Пакуль дамаўляўся з Юркаўцом, выпраўляў дакументы, званіў у Рамейкаву рэдакцыю, дзень скончыўся. Вечар, што здаралася не часта, аказаўся свабодны. На добры лад трэба было пайсці дахаты і адаспацца. Але ў драмтэатры сёння ставілі «Паўлінку» — любімы Корзунаў спектакль. Як вучыўся ў Мінску, напэўна, глядзеў яго па два ці тры разы за сезон. Зацятыя тэатралы расказвалі яму пра былых выканаўцаў галоўных роляў. Корзун іх не заспеў і вельмі шкадаваў, што кіно не ўвекавечыла «Паўлінку» на роднай мове. У знятым жа фільме, дзе акцёры размаўляюць па-руску, згубілася самае галоўнае — нацыянальны каларыт. Мажліва, і ён, Корзун, не быў бы ў захапленні ад «Паўлінкі» сучаснай, каб бачыў яе тую, ранейшую, са славутымі, амаль легендарнымі выканаўцамі. Бо, напэўна, кожны чалавек моцна трымае ў сваім сэрцы першае захапленне, не можа расстацца з ім. Аднак Корзун палюбіў «Паўлінку» цяперашнюю. І хаця ў гэтым абласным цэнтры былі іншыя выканаўцы, у нечым слабейшыя за сталічных, а ў нечым, напэўна, мацнейшыя, са сваім творчым почыркам, спектакль ён глядзеў са здавальненнем, штораз адкрываючы сабе нейкія новыя рысы і ў бессмяротных купалаўскіх вобразах, і ў акцёрскім майстэрстве. Корзун любіў тэатр. Хадзіў на спектаклі, каб убачыць кавалак жыцця, у якім ёсць і добрае, і дрэннае, але ўсё вартае ўвагі. Героі п'ес былі для яго нібы жывымі людзьмі, з якімі ён мог сустрэцца і на вуліцы, і на службе. Таму з аднолькавым хваляваннем сядзеў упершыню на прэм'еры і пазней, прыйшоўшы на спектакль другі ці нават пяты раз. Праўда, не на ўсякі спектакль. Але гэта ўжо іншая размова. Тэатральны будынак быў яшчэ дарэвалюцыйнай пабудовы, адноўлены пасля вайны. Прыгожы фасад — шырокія прыступкі, мармуровыя калоны, высокія дубовыя дзверы. А ў завулку — змрочныя голыя сцены, быццам быў гэта не тэатр, а нейкі склад. Ля калон моладзь прызначала спатканні, і тут к канцу дня было заўсёды людна, нават пасля трэцяга тэатральнага званка. Корзун, калі выпадала, любіў прыходзіць на спектакль загадзя. Святочнасць, урачыстасць, якія панавалі тут, ля тэатральнага пад'езда, захоплівалі і яго, захоўваючыся потым на ўвесь вечар. Рыпеў пад нагамі снег. Чыстае зорнае неба абяцала марозную ноч. Корзун прайшоўся туды-сюды ўздоўж прыступак і спыніўся ля крайняй калоны. Тут ён нікому не замінаў і мог, пакуль не замерзне, пастаяць колькі хвілін з выглядам, што і сам кагосьці чакае. Ён нават паднёс да вачэй гадзіннік, пасміхнуўся сам сабе: паглядзець збоку — не інспектар міліцыі, а нецярплівы закаханы. Падкаціў аўтобус і, праспяваўшы тармазамі, спыніўся непадалёк ад Корзуна. Адчыніліся дзверцы, і з салона са смехам і ўзбуджанымі воклічамі пасыпаліся пасажыры. Відаць, які-небудзь калгас ці саўгас наладзіў чарговы культпаход, і людзі не пабаяліся ні дальняй дарогі, ні позняга часу, абы толькі пабыць у горадзе, у тэатры. А цяпер жа ў кожнай хаце ёсць тэлевізар, і спектакль — у самым добрым выкананні — жыхару нават глухога закутка не дзіва. Аднак, напэўна, ніякі тэлевізар — каляровы, аб'ёмны ці яшчэ які — не заменіць натуральнага тэатра. Са сцэнай, заслонай, залай, фае, суседзямі, са сваім адметным водарам. І як гэта добра, што такіх культпаходаў робіцца ўсё болей і болей, і гараджанам часам нават бывае не проста дастаць білет… — Таварыш Корзун?.. Ён азірнуўся. Перад ім стаяла Марыя Апылінская, загадчыца фермы з вёскі Даманы, дзе ён пазалетась расследаваў пакражу грошай. Ад гэтай неспадзяванасці ў Корзуна скаланулася сэрца. — Дык гэта вы прыехалі? — спытаў Корзун і сумеўся. Не тыя былі словы, якія хацелася сказаць гэтай дзяўчыне. — Ага, на сесію ў інстытут. — А я думаў на спектакль, вунь тым аўтобусам, — сказаў і толькі тады разгледзеў нумар. Машына была яснагорская. — Не. Сёння экзамен агорала і вось вырвалася… А вы таксама? У вас які рад? Дзяўчына, аказваецца, магла быць не толькі заклапочанай, як тады на ферме, а і вясёлай, гаваркой. Корзун адчуў сябе вальней. — Недзе ў канцы, узяў, што ўдалося. — Па-студэнцку? — яна засмяялася. — То, мабыць, будзем побач. Марыя Апылінская засталася ў Корзунавай памяці не па гадах сталай, занятай справамі. Ён шчыра спачуваў ёй: на яе юныя дзявочыя плечы быў узвалены немалы службовы цяжар, сур'ёзная адказнасць. І на табе. Апылінская зусім не выглядала зануджанай. Такая ж, як і іншыя дзяўчаты навокал, — прыбраная, узрушаная. Адно — яркая чырвань на белых шчоках, як кажуць, кроў з малаком, выдае, бадай, вясковую жыхарку. — Ой, прабачце! — Корзуну здалося, нібы хмарка прабегла па адкрытым дзявочым твары. — Можа, вы каго чакаеце? — Калі і чакаў,— раптам набраўся смеласці Корзун, — то толькі вас. — Глядзіце! — Яна, вядома, не прыняла гэта ўсур'ёз і пагразіла пальчыкам: — Магу паверыць. Што тады будзеце рабіць? Корзуну спадабалася, што дзяўчына паводзіла сябе проста, быццам даўняя і добрая знаёмая. Больш за ўсё яго засмучала ў людзях ненатуральнасць, якая, як ні маскіруй яе, абавязкова пракінецца або развязнасцю, або ўяўнай сціпласцю. А чалавек заўсёды павінен быць самім сабой. Зараз Корзун мог бы сказаць, што ён сапраўды ўспамінаў яе і вельмі рады сустрэчы. У яго хапіла б смеласці. Аднак у гэты самы момант адчуў, што хочацца павярнуць галаву. Туды, дзе прыпыніўся яснагорскі аўтобус. Ён скасіў вочы і ўбачыў Абабурку з двума незнаёмымі мужчынамі. Той стаяў расхрыстаны, шырока, па-марацку, расставіўшы ногі, і з-пад насунутай на лоб рыжаватай шапкі з яўнай цікавасцю разглядаў яго, Корзуна, а хутчэй Апылінскую. «Зараз падыдзе», — нездаволена падумаў Корзун і не памыліўся. — Аляксандр? І табе музы не чужыя? — Абабурка крычаў, не зважаючы на адлегласць і людзей, якія бесперапынку снавалі па невялікай плошчы. Праз імгненне ён ужо прабіраўся да іх. — Вось не спадзяваўся. Ну, здароў, здароў! О, ты з дзяўчынай? Корзун усяго і сустракаўся з ім адзін раз, у Святланіным кабінеце. Іх размова была кароткай, больш ветлівай, чым цёплай. Але Абабурка, відаць, быў з тых, хто адразу запісвае ў сябры сяброў сваіх знаёмых. Што ж, ёсць і такія беспардонныя натуры. Перад іх напорам Корзун звычайна пасаваў. Ён і зараз не знайшоўся, што сказаць. А Абабурка ўжо торкаў руку Марыі. — Міхась, — прадставіўся ён і, як падсмейваючыся з сябе і сваёй прафесіі, дадаў: — Вучоны заатэхнік калгаса. Дзяўчына прыняла выклік і ў тон адказала: — Марыя, заатэхнік, аднак яшчэ недавучаны. Абабурка, паказваючы, што зразумеў іронію і не крыўдуе, гучна зарагатаў. — Я чамусьці палічыў, што вы таксама журналістка. А тут, аказваецца, свой брат, прабачце, сястра, калега, так сказаць. У абласным упраўленні працуеце? — На калгаснай ферме, — Апылінскую, падобна, гэты націск пачаў раздражняць, бо сказала яна, як адчапіцца. — А-а, разумею… — Абабурка шматзначна акінуў позіркам іх з Корзунам. — Слухай, — ён ляпнуў Корзуна па плячы, — сачу-сачу за газетай, нешта твайго прозвішча не знаходжу. Тэму за хвост не зловіш, ці што? Прыехаў бы да нас у «Зялёны Бор». Не пашкадуеш. Ёсць што паказаць, не хвалюся, ёсць… Гэта размова, калі табе і слова ўставіць не даюць, была Корзуну непрыемная. Каб скончыць яе, ён перабіў Абабурку і прапанаваў: — Пойдзем, хутка званок. Абабурка прывычным жэстам закінуў за шыю чырвоны шалік, паблажліва пасміхнуўся: — У спектаклі самае лепшае — буфет. Таму, каб не нудзіцца да антракту, я адразу ў карчму, — ён паказаў на суседні будынак, які гасцінна запрашаў у свае адчыненыя дзверы зіхатлівай назвай «Рэстаран «Вечарок». — Дзеля гэтага і прыехаў. Пакуль масы тут, мы — там. — А напаследак падпусціў шпільку: — Перадам, Алесь, перадам Святлане, з якой прыгажуняй ты па тэатрах гуляеш. Рагатнуўшы, Абабурка накіраваўся да тых двух мужчын, што цярпліва чакалі яго ля апусцелага ўжо аўтобуса. Корзун паглядзеў яму ўслед і сярдзіта сказаў: — Тарахцёлка!.. — Гумарыст, — сказала і Марыя, але як бы ўхваляючы. Шпілька, падобна, укалола. — І мне пара. — Куды ж вы? — разгубіўся Корзун. — На балкон, таварыш… Нават не ведаю, як вас цяпер называць, — і нырнула ў чаргу, якая паспела ўжо вырасці ля тэатральных дзвярэй. Ні ў антракце, ні пасля спектакля Корзуну не ўдалося знайсці Марыю. VIII Гаспадар уставаў рана. Ён працаваў качагарам у домакіраўніцтве і на гэтым тыдні кожны дзень у шэсць гадзін змяняў напарніка. Звычайна Корзун не звяртаў увагі на тое, што дзед, устаўшы, шморгае хворымі нагамі па калідорчыку, у які выходзілі дзверы з яго пакоя, апранаючыся, нешта бурчыць сабе пад нос, доўга прыладжвае непаслухмянымі пальцамі падламаную клямку і напаследак моцна ляпае брамай. Па-першае, ранішняя змена ў гаспадара была адзін тыдзень за месяц, а па-другое, Корзуну падабалася кватэра. Дом стаяў на ціхай зялёнай вулачцы, яна была ўсяго за два кварталы ад галоўнай гарадской. І блізка і зручна. Адзінае акенца ў яго пакойчыку-бакоўцы выходзіла ў сад, і летам тут было вельмі прыгожа, духмяна пахлі кветкі, спакусліва чырванелі спачатку вішні, а потым спелыя ігрушы і яблыкі. Адчыні акно, працягні руку, і што-небудзь ды трапіцца табе ў далонь. І зараз, зімой, у садзе было хораша — снег на галінках надаваў дрэвам нейкі казачны выгляд. Так што можна было і пацярпець ранішнія дзедавы кашаль, буркатню, няўклюднасць. Але сёння Корзун, разбуджаны, ужо не заснуў. Клопаты, якія, здавалася, павінны былі застацца на ноч у службовым кабінеце, на самой справе прыйшлі з ім у гэты пакойчык і толькі чакалі зручнага моманту, каб нагадаць аб сабе. Вінаваты ў гэтым, напэўна, быў тэлефонны званок у рэдакцыю, дзе працаваў Рамейка. Збіраючыся ў Яснагорск, Корзун не ўяўляў сабе дакладна, чым там будзе займацца. Ён нават не склаў плана сваіх дзеянняў, без якога звычайна не абыходзіцца ніводзін пошук, і пунктуальны і патрабавальны Юркавец, які ў іншым выпадку абавязкова зрабіў бы заўвагу, на гэты раз прамаўчаў. Відаць, таксама не бачыў, за што можна там зачапіцца. І ў Мінск Корзун пазваніў проста так, дзеля парадку. А пазваніўшы, зразумеў, што ледзь не дапусціў сур'ёзнае памылкі. Бо даволі прыблізна ўяўляў, як працуе карэспандэнт. Загадчык аддзела карэспандэнцкай сеткі сказаў Корзуну, што Рамейка павінен быў праверыць ананімнае пісьмо. Корзун, вядома, пацікавіўся: пра што і адкуль яно было? І вось тут узнікла першая закавыка. У рэдакцыі не змаглі назваць ні адраса, ні дакладнага зместу. «Вы што, не рэгіструеце пісьмаў?» — здзівіўся Корзун. «Абавязкова, — адказаў загадчык аддзела, — нават, пасылаючы на рэагаванне, робім копію». — «Але ж, падобна, не заўсёды», — упікнуў Корзун. «Так атрымалася, — напэўна, на тым канцы проваду супрацоўнік рэдакцыі, каб словы гучалі больш пераканаўча, развёў нават рукамі, бо ў размове ўзнікла паўза і пачуліся староннія галасы. Тым не менш удакладніў: — Пошту толькі прынеслі, а Рамейка спяшаўся на самалёт. Сігнал быў важны, учотчыца помніць, што нібыта пра махінацыі… Хто ж ведаў…» Сапраўды, прадбачыць, што журналіст загіне, было цяжка. А што прычынай гібелі можа стаць пісьмо — і зусім неверагодна. Гэтага Корзун і зараз не дапускаў. Не той час, каб забівалі карэспандэнтаў. І пры ўсім тым, узнікшы, пісьмо давала повад для яшчэ адной версіі, патрабавала праверкі: а раптам? Старонняму чалавеку можа здацца, што супрацоўнікі міліцыі свае рабочыя версіі складаюць па натхненню, кіруючыся інтуіцыяй. Мажліва, ёсць і такія выпадкі, асабліва калі, апроч меркаванняў і дапушчэнняў, больш нічога няма. Корзун, аднак, пачынаючы справу, на інтуіцыю не спадзяваўся. Спачатку — факты. А вось пасля ўжо, набраўшы гэтых самых фактаў, можна і клікаць на дапамогу інтуіцыю, каб выбраць найбольш верагодны напрамак у працы. Праўда, здаралася, і тады інтуіцыя падводзіла. Бо яна, як кажуць, дапамагае толькі тым, хто мае вопыт. У Корзуна яго малавата. Значыць, тым больш прыдзірліва мусіць працаваць ён з фактамі. І без плана, які дапаможа распрацоўваць адну ці, можа, некалькі версій, ехаць у Яснагорск — марнатраўства. Пасля званка ў рэдакцыю Корзун адразу зайшоў да Юркаўца і папрасіў дазволу затрымацца. — Нарэшце хоць нешта бліснула, — згадзіўся з ім начальнік аддзела. — Памаракуй, як будзеш дзейнічаць. Заўтра даложыш. Маёр Юркавец мог загадаць больш канкрэтна, напрыклад: зайдзі з раніцы… Але ён стараўся не загружаць сваіх супрацоўнікаў даручэннямі ў нерабочы час, калі пільнай патрэбы не было. Сказаўшы «заўтра», ён даваў Корзуну расцягнуты тэрмін, ведаючы, што чалавек, маючы час, усё роўна будзе думаць над справай, а не маючы — ёсць жа і асабістае жыццё, — падумае на працы. Ды і псіхалагічная разрадка інспектару таксама патрэбна, ён не вылічальная машына, а звычайны чалавек, здольны стамляцца, цікавіцца музыкай, літаратурай, хадзіць на спатканні ці памагаць жонцы. Сустрэча з Марыяй Апылінскай і асабліва яе яўнае нежаданне пабачыцца з ім пазней выбілі Корзуна на час з прывычнага роўнага настрою. Пасля спектакля ён доўга блукаў па глухіх, як вясковыя, вуліцах, ні аб чым канкрэтна не думаючы, а проста стараючыся забыць на ўсе свае клопаты і няўдачы. Урэшце маладосць сваё ўзяла. Вярнуўшыся, ён хутка заснуў, і каб не гаспадар, напэўна, спаў бы аж да васьмі гадзін. А так прыйшлося ўставаць — не любіў качацца на ложку. Корзун прынёс гаспадыні вады з калонкі, потым замест зарадкі накалоў дроў. Бадзёры, пасвяжэлы, сеў за пісьмовы стол. Вакол цішыня, паўзмрок. Маленькая лямпачка з-пад крэмавага абажура высветлівала на стале невялікі яркі кружок. Якраз для ліста паперы. Корзун узяў ручку і задумаўся. Сапраўды, пісьмо надавала яго паездцы нейкую пэўнасць. А калі так, то варта праверыць усё, што магло мець да яго дачыненне. Перш-наперш трэба зайсці ў райком партыі. Карэспандэнты, прыязджаючы ў раён, часцей за ўсё трымаюць сувязь з райкомам. Ну, а калі не з райкомам, то з райвыканкомам, сельгасупраўленнем. Так растлумачылі Корзуну ў Рамейкавай рэдакцыі. Але гэта ўжо дэталі. Значыць, адрас, куды ён накіраваўся, — на прадпрыемства ці ў калгас, табе, інспектар Корзун, падкажуць. Нават калі Рамейка на гэты раз, зыходзячы з сваёй мэты, ні да кога не звяртаўся, а дзейнічаў самастойна. Тут ужо дапамогуць калегі з райаддзела. Мажліва нават, ці ў іх, ці ў камітэце народнага кантролю таксама былі сігналы пра махінацыі, якімі зацікавіўся карэспандэнт. Бывае ж так, што людзі ў ананімках пішуць пра ўжо вядомыя факты, па якіх меры прынятыя, — або нездаволеныя вынікамі, або каб лішні раз насаліць каму-небудзь. Корзун запісаў гэтыя свае меркаванні, перачытаў і ўсміхнуўся. Як усё гладка. Можна не ехаць — дастаткова пазваніць, і гатова. А раптам сігналаў не было? І тады, нават даведаўшыся, дзе пабываў журналіст, ты ўсё роўна рызыкуеш застацца з носам. Бо не вядомы ні махінатары, ні хаця б сутнасць махінацый. Не будзеш жа комплексную рэвізію арганізоўваць па прынцыпу: ідзі туды, не ведаю куды, знайдзі таго, не ведаю каго. Некалі падпалкоўнік Шарай гаварыў Корзуну: чым болей у цябе сумненняў, тым лепей. Калі зыходзіць з гэтага, то план атрымліваецца проста выдатны: бяры і выконвай, а астатняе само прыкладзецца. Паіранізаваўшы з сябе, Корзун падумаў, што варта пагаварыць з касірамі і білетнымі кантралёрамі на яснагорскай аўтастанцыі. Рамейкаў спадарожнік, як сцвярджаў вадзіцель аўтобуса, быў з мясцовых, мажліва, яны запомнілі яго. Неабходна не толькі знайсці гэтага спадарожніка, а і паспрабаваць высветліць, якая кошка паміж імі прабегла. Але і гэты пункт быў хліпкі, кошка магла шафёру проста паказацца. Напісаў Корзун нямала, аднак захаплення ад сваіх прыдумак не адчуў. І маёр Юркавец, прачытаўшы план, пасядзеў хвіліну-другую, гладзячы левай пяцярнёй лоб, потым пасунуў лісткі Корзуну. — Можна выконваць? — яго збянтэжыла, што Юркавец нічога не параіў. Гэта было не ў стылі начальніка аддзела. — План не догма, — адказаў Юркавец, — чуў такі выраз? — і кіўнуў галавой як развітваючыся. Корзун выйшаў у роздуме: што ўсё-такі не спадабалася начальніку аддзела? Гэта ён зразумеў толькі ў Яснагорску. Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі сказаў яму: — Рамейка пабываў у калгасе «Зялёны Бор» і саўгасе «Ляды». Перад паездкай пытаўся, ці добрыя гаспадаркі. Што я мог адказаць? У «Зялёным Бары» раённы семінар жывёлаводаў праводзілі, свінагадоўля там, глядзі, на першае месца ў вобласці пацягне. «Ляды» — слабейшыя, новаму дырэктару бедная спадчына дасталася. Нішто, ён чалавек дзейны, адукаваны — выдужае. Начальнік упраўлення гаварыў павольна, стараючыся паўней успомніць колішнюю размову з карэспандэнтам. — І адну гаспадарку, і другую можна паказваць з станоўчага боку. Я так і параіў. Нам хочацца падтрымаць іх, асабліва «Ляды». Добрае слова ў газеце заўсёды акрыляе. Рамейка, аднак, нічога не адказаў на гэта і папрасіў памагчы з транспартам. Якая ў яго была задума, я не ўдакладняў — у кожнага сваё начальства. Прапанаваў быў, як звычайна, праважатага, спецыяліста. Адмовіўся, сказаў, што заданне простае, не варта адрываць людзей… — Падобна, у яго быў сігнал пра нейкія махінацыі,— Корзун быў здзіўлены, што Рамейка не падзяліўся з ім, чаго прыехаў. — Вось як! — начальнік упраўлення нахмурыўся. — Напэўна, пабаяўся, каб мы не апярэдзілі, не падмаскіравалі. Ёсць яшчэ, на жаль, такія журналісты. Быццам мы не адну справу робім. Увогуле, гэта так, справа сапраўды агульная. Але Корзун ведаў і другое: правілы валодаюць прыкрай здольнасцю мець выключэнні. Інакш, напэўна, і міліцыя не была б патрэбная. У даным жа выпадку гутарка магла ісці пра гонар мундзіра. Раптам пісьмо замахвалася на славутую ў раёне гаспадарку? Такія рэчы далёка не ўсе ўспрымаюць са здавальненнем. А магло быць і другое — Рамейка не вельмі давяраў ананімцы. Гэта Корзун таксама разумеў. У яго самога ад пісьма, падпісанага: «група калгаснікаў» ці чым-небудзь падобным, міжволі ўскіпала злосць. Бо якіх толькі памыяў часцей за ўсё не выліваў такі добразычлівец пад выглядам праўды. Аднак, на жаль, здаралася, што і ананімка не была хлуснёй. Ведаў гэта Корзун, ведаў, напэўна, і Рамейка, таму і ўзяўся правяраць сігнал. І да пары да часу рашыў не паказваць яго нікому. Гэта было падобна на таго Рамейку, вобраз якога Корзун склаў сабе з расказаў і водгукаў таварышаў,— мяккага, тактоўнага. Не хапала толькі, каб і загінуў ён менавіта праз гэтыя свае добрыя чалавечыя якасці. Корзун выцягнуў шыю, прагна хапіў паветра. Начальнік сельгасупраўлення падазрона паглядзеў на яго. — Прабачце, — сумеўся Корзун, — гузік рэжа. — Не скажаш жа, што табе бязглуздзіца ў галаву лезе. — Бывае… Хочаце праехаць па журналіставых слядах? — Трэба… Але не турбуйцеся, машыну ў райаддзеле дадуць. — Калі што знойдзеце — скажыце, ваша паведамленне і мяне зацікавіла. Хаця, па шчырасці, не веру. — У мяне нічога пэўнага няма, — Корзун, павагаўшыся, паясніў: — Проста не ўсе акалічнасці высветлены, а чалавек жа загінуў. Корзун зразумеў: Рамейка адмовіўся ад праважатага. Мяккасць, тактоўнасць? А калі нешта іншае? — У «Зялёны Бор» спачатку, — сказаў ён шафёру райаддзелаўскай машыны. Рашыў паўтарыць Рамейкаў маршрут. І раптам успомніў, што некалі раней ужо чуў гэтую назву. Ці не… — Слухай, — павярнуўся ён да шафёра, — ты тамашняга заатэхніка ведаеш? — Абабурку? Хто яго не ведае. Аўтаўласнік. Нядаўна прыганяў свае «Жыгулі» на тэхагляд. І то, у такім калгасе заатэхнік не тое што легкавушку, самалёт купіць — не пачэшацца. Корзуну не хацелася сустракацца з Абабуркам. Не спадабаўся яму гэты чалавек: ні тады, як бачыліся з ім у Святланы, ні наступным разам — ля тэатра. Аднак служба — не дружба, мусіш свае сімпатыі і антыпатыі трымаць пры сабе. — Ты? Так хутка? — Абабурка быў прыемна ўражаны: ён лічыў Корзуна газетчыкам. — От удача. Я ж збіраўся ў вобласць, камбікармоў расстарацца. Во, гэта трэба ж, — ён не мог супакоіцца, — ледзь не размінуліся. Ды ты распранайся, у мяне паляць, не замерзнеш. Кабінет быў невялікі, утульны, цёплы. Пісьмовы стол, завалены паперамі, тэлефон, шафа з кнігамі па жывёлагадоўлі, падшыўкі газет. Корзун не без зайздрасці падумаў, што аб такім кабінеце можа толькі марыць. — Сам ведаеш, — працягваў гаспадар, — не выб'еш — табе не прынясуць. Ды ты сядай, сядай, вось сюды, — пасунуў ён крэсла да стала. Выбівалы ніколі не выклікалі ў Корзуна спагады. У гэтым слове яму чулася нешта недазволенае, жаданне пажывіцца за кошт іншых. Аднак на Абабуркаву рэпліку не адрэагаваў услых. Па-першае, дрэнна ўяўляў, якім чынам забяспечваюцца калгасы, а па-другое, баяўся ўнесці ў размову сваю непрыязнасць. — Ну дык што, — калі Корзун уладкаваўся на крэсле, хітравата паглядзеў на яго Абабурка, — можа, спачатку паабедаем? Ты на машыне? — ён зірнуў у акно. — Ого, міліцэйская. Хто ж адмовіць карэспандэнту. — Хіба я не магу працаваць у міліцыі? — усміхнуўся Корзун, час быў называць сваю прафесію. — А мне ўсё роўна, — засмяяўся Абабурка. — Усіх маіх грахоў перад міліцыяй — адна дзірка ў вадзіцельскім талоне. Дык як з абедам? — Іншым разам, — больш суха, чым вымагала сітуацыя, адказаў Корзун. — Служба… Заатэхнік прыкметна спахмурнеў. — Пра што будзем гаварыць? — Трынаццатага лютага, напярэдадні гібелі, Рамейка ў вас быў? — Прыязджаў… — З кім гутарыў? — У асноўным са мной. Усе даведкі бухгалтэрыя і эканамісты давалі мне сюды, — Абабурка, аказваецца, умеў быць і дзелавітым, афіцыйным. — Мне хацелася б, каб ты паўтарыў вашу з ім размову. — Няўжо ты сапраўды з міліцыі? — Паказаць пасведчанне? — Цуды! Ай ды Святлана Рыгораўна! Містыфікатар, — ён рагатнуў.— Ну добра, добра, гэта, як кажа тая ж самая Святлана, наша агульная прыяцелька, лірычнае адступленне. — Я так і зразумеў. Дык чым канкрэтна цікавіўся Рамейка? Калі зможаш, то слова ў слова. Гэта не надта спадабалася гаспадару. Пэўна, было непрыемна ўспамінаць гутарку з нябожчыкам ды яшчэ для інспектара міліцыі. Міжволі адчуеш сябе ў чым-небудзь вінаватым яшчэ, апрача парушэння правіл дарожнага руху. — Зразумела. — Абабурка задумаўся. — Табе патрэбны дэталі. Хто ж ведаў, што спатрэбіцца… Прыехаў, як звычайна прыязджаюць карэспандэнты. Сказаў, што начуўся пра нашы поспехі. Папрасіў лічбы. Што помніў, я сказаў, астатняе далі спецыялісты. А ты што, таксама газетны артыкул рыхтуеш? — пажартаваў ён, убачыўшы ў Корзунавых руках блакнот і аловак. — Каб не забыцца. — Запісвай, запісвай. Я тыя лічбы цяпер не забуду… Потым Рамейка спытаў, ці хапае ў нас кармоў. Тут у нас, праўда, не вельмі. Але круцімся, дзе можам разжываемся, — памаўчаў, паглядзеўся ў зашклёную шафу, паправіў гальштук. — Вось, здаецца, і ўсё, пра што гаварылі. — Усё ці здаецца? — Корзун падняў вочы ад блакнота. — От ужо мне гэтыя следчыя, — прытворна ўздыхнуў Абабурка. — Журналіст не быў такім уніклівым. — Ты не адказаў на маё пытанне. — Хіба? Пра калгас мы на тым і скончылі. А як вяскоўцы прадаюць сваіх вепрукоў — не мой клопат. — Хочаш сказаць, што Рамейка і пра гэта пытаўся? Так я цябе зразумеў? — Іменна, дарагі Алесь. Хавай ты свой блакнот. Усё табе як на споведзі выклаў. Салаўя ж, як вядома, песнямі карміць не рэкамендуецца, так што пайшлі перакусім і мы таго-сяго. Усё роўна дзень ты мне сёння сарваў. Корзун лічыў, што без пільнай патрэбы адрываць людзей ад працы нельга, і адчуў няёмкасць. Таму больш мякка, чым у пачатку, адмовіўся: — Прабач, сапраўды не магу. Трэба яшчэ ў «Ляды» заскочыць. — Гэй, — Абабурка дапытліва ўставіўся на Корзуна. — Вы што, згаварыліся былі? Гэта ж самае Рамейка мне слова ў слова сказаў. — Тым болей, — развёў рукамі Корзун. Калі толькі заатэхнік не хітрыў, Рамейка, падобна, і намёкам не выдаў, чаго прыязджаў у калгас. Але навошта яму хітрыць? Прычын быццам бы няма… Да саўгаса Корзун дабраўся ў канцы дня. У дырэктара сядзелі людзі, і ён хацеў пачакаць у прыёмнай, побач з маладзенькай сакратаркай, якая, смешна моршчыўшы нос, адным пальцам друкавала нейкую, напэўна, важную, паперу: націсне на клавіш і паглядзіць спачатку ў чарнавік, а потым у закладку — што атрымалася. — У нас тут бягучыя пытанні,— выйшаў да яго дырэктар, — не перашкодзіце. Корзун не стаў упірацца, падумаўшы, што нават у час кароткай нарады можна атрымаць уражанне аб атмасферы, у якой жыве кіраўнік. І тут размова ішла аб кармах. «Ляды» — не «Зялёны Бор», гэта Корзун зразумеў адразу, на дапамогу збоку ў саўгасе не разлічвалі. Дырэктар напомніў аднаму з загадчыкаў фермы пра ашчаднасць, сказаў, што за апошні тыдзень на яго ферме двойчы давалі жывёле непрыгатаваную салому. У кабінеце дырэктар з выгляду быў самы маладзейшы. Але слухалі яго ўважліва, з павагай. Нездарма, відаць, у сельгасупраўленні спадзяюцца, што ён выцягне гаспадарку. Корзун шчыра пазайздросціў дырэктару — лічы, аднагодак, а якую справу робіць! Не тое што ён, крыміналіст, — ведае, здаецца, усё, а разабрацца — нічога: закончыць справу, як вось цяпер, і застанецца ў яго аб жывёлагадоўлі даволі прыблізнае ўяўленне. І так, бадай, будзе з наступнай справай, з кожнай новай… Корзун разумеў, што і крыміналістыка — навука, прафесія, вынікі працы ў якой не заўсёды памацаеш рукамі, што і тут ёсць неабмежаваны прасцяг для ўдасканалення, творчасці, нарэшце. А ўсё роўна здаволенасці не адчуваў. Ці не таму, што перажываў цяжкі момант, што тыцкаўся туды-сюды, дакладна не ведаючы, чаго хоча? Нарада скончылася, як дырэктар і абяцаў, хутка. Корзун міжволі параўнаў дырэктара саўгаса са сваім Юркаўцом. У Юркаўцовым кабінеце супрацоўнікі таксама не заседжваліся. — Давайце спачатку пазнаёмімся, — сказаў гаспадар, калі кабінет апусцеў.— Рабека, Васіль Паўлавіч. Корзун назваў сябе і расказаў, чаго прыехаў. Рабека хвіліну разглядаў яго, быццам не зусім зразумеў пытанне. Нарэшце, відаць, зрабіўшы нейкі вывад, з жалем прамовіў: — Шкада, такая недарэчная смерць. — Смерць, бадай, заўсёды недарэчная, — Корзуну не спадабалася, што Рабека яго ўважліва разглядаў. — Малады ён, гэта наогул не ўспрымаецца, — дырэктар спакойна ўдакладніў сваю думку і нагадаў: — Мы, здаецца, ухіліліся. — Не зусім, — Корзуну гэта было прыемна: Рабека цаніў і чужы час. — Мае значэнне любая дробязь. Дырэктар кіўнуў галавой. — Цікавыя людзі карэспандэнты, — успомніўшы жывога Рамейку, Васіль Паўлавіч усміхнуўся. — Занатоўваў-занатоўваў у блакнот лічбы, факты, а тады схаваў яго ў кішэню і да мяне: «Ці не мала васемнаццаць парасят ад асноўнай свінаматкі?» — Ён да вас у «Зялёным Бары» быў… — Здагадаўся. Там паказчыкі проста выдатныя. Але і ў нас будуць, не такія, можа, але будуць. Я і карэспандэнту гэта гаварыў, расказваў, як збіраемся дабівацца павелічэння вытворчасці мяса. Ён слухаў нават больш, прабачце, зацікаўлена, чым вы, — Рабека адняў ад стала руку, папярэджваючы пярэчанне. — Думаю, у адрозненне ад вас, што, дарэчы, натуральна, ён меў пэўную мэту. Мне здалося, ён нібыта параўноўваў з нечым усё, што я гаварыў яму. Корзун са здавальненнем падумаў, што пазнаёміўся з разумным, назіральным чалавекам. Развітаўся з ім цёпла, з жалем. Гравійку пасля нядаўніх снежных заносаў расчысцілі, машыны паспелі яе ўжо добра ўкатаць, і райаддзелаўскі «газік» упэўнена бег па гладкім палатне, асвятляючы фарамі белыя адвесныя сцены-гурбы на абочынах. Шафёр ці саромеўся інспектара з абласнога ўпраўлення, ці наогул быў маўклівым. Ён сачыў за дарогай, не паварочваючы галавы да пасажыра. Іншым разам Корзун сам загаварыў бы з вадзіцелем, бо і непрыгожа, і непрыемна сядзець з чалавекам поплеч як вады ў рот набраўшы. Тым болей што дарожная няспешная размова з новым субяседнікам заўсёды цікавая, нешта табе адкрывае. Але сёння было не да этыкету і цікаўнасці. Хацелася па свежых уражаннях адгадаць, што такое спадзяваўся карэспандэнт дазнацца ў гэтых гаспадарках. Корзун мусіў прызнаць, што, калі Рабека і Абабурка, вядома, нічога істотнага не ўпусцілі, Рамейка правёў гутаркі з імі па-майстэрску. Як кваліфікаваны следчы, які не хоча дачасна раскрываць свае карты. Здаецца, нічога асаблівага не спытаў, а паехаў, як думае Рабека, здаволены. А калі дырэктару гэта толькі здалося? Вунь ён, Корзун, лічы, нічога не ўлавіў, а едзе таксама здаволены — самім фактам знаёмства з Рабекам. Так што сэнс трэба шукаць у нечым іншым. Логіка падказвае, што нічога пэўнага Рамейка не даведаўся. Бо, каб сігнал пацвердзіўся б хаця напалавіну, на меншую частку, самы просты шлях ісці ў народны кантроль, міліцыю, райком, нарэшце. Каб з іх дапамогай праверыць да канца. А ён нікуды не пайшоў, больш таго, паехаў у суседні раён. Нічога не раскрыў ці, не будучы ўпэўнены да канца, збіраўся нешта высвятляць яшчэ? Верагодна і гэта. Зарыпелі тармазы, «газік» прыпыніўся перад выездам на шашу. Мільгануўшы чырвоным ліхтарыкам, іх абагналі «Жыгулі». — Вось так выконваецца план па металалому, — абурыўся шафёр. — Гора ад гэтых уласнікаў. — Ліхач, — пагадзіўся Корзун, заняты сваімі думкамі. — А ўжо ж! Дарэчы, ваш знаёмы, — Абабурка. Прыйдзецца ў ДАІ паведаміць. — Выкруціцца, — усміхнуўся Корзун. — А ўжо ж, — шафёр сярдзіта пераключыў хуткасць… Шасцерні, як падзяляючы абурэнне гаспадара, загырчалі. Машына рванулася з месца. Далёка наперадзе паказаліся агні Яснагорска. — Ён на абед запрашаў,— з запозненым жалем успомніў Корзун. — Адмовіліся? Нішто, пацерпім, такая ўжо наша служба. — Што праўда, то праўда, — пацвердзіў Корзун. Быў бы час, завярнуў бы ён куды-небудзь з шафёрам, каб перакусіць. Не ў яго правілах было марыць голадам таварыша. А ўсё карэспандэнт-нябожчык, задаў ён сваёй смерцю задачку, да якой ні пад'ехаць, ні падступіцца. Бадай, самае правільнае — паведаміць пра пісьмо ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі, хай разбіраюцца. У іх ёсць для гэтага і бягучыя і раптоўныя рэвізіі. Але нешта не давала Корзуну зрабіць так. Не толькі тое, што пісьмо пакуль не мела зваротнага адраса. Ён, вядома, ведаў, што калегі — хто жартам, паблажліва, а хто і сур'ёзна, ухваляючы, — гаварылі пра яго: «фактавік». Маўляў, учэпіцца за факт і не адпусціць, пакуль не выцягне, як той рыбак: або рыбку, або карчагу. Тут жа не было і факта, тут ён, як кажуць, за паветра ўхапіўся. Дык чаму ж, як і Рамейка, не заехаў, вярнуўшыся, ва ўпраўленне? Хаця… Факт, ці, дакладней, факцік усё-такі ёсць. Не знойдзены не толькі праязныя дакументы, а і пісьмо, запісная аб якой успаміналі і Рабека, і Абабурка… Тут ёсць над чым паламаць галаву… Але што гэта за факцік? Запісная кніжка магла выпасці з кішэні, калі Рамейка папаў пад машыну, а камандзіроўка з білетамі ляжалі ў кніжцы. Мясцовасць аглядалі, але праз два дні і пасля завеі. Мог і раней згубіць, у іншым месцы. Можа, некалі нехта і знойдзе яе. А пісьмо… Напішуць другое, ды яшчэ з прэтэнзіяй да рэдакцыі, чаму меры не прынялі. І ўся паездка сюды акажацца пустой, больш таго, паспешлівай і таму ўрэшце непатрэбнай. Праз пэўны час усё стане зразумелым само сабой, і застанецца толькі няшчасны выпадак на пасялковай вуліцы. А ў гісторыі аддзела крымінальнага вышуку будзе запісана пагоня за зданню. Праўда, апошняе Корзуна не вельмі хвалявала. Як казаў адзін з яго настаўнікаў, адсутнасць вынікаў — таксама вынік. З гэтага хіба старшы лейтэнант Дзюба пасмяецца… «Газік» ужо каціў па яснагорскай вуліцы, зрэдку на скрыжаванні папярэджваючы аб сабе кароткімі пявучымі сігналамі. Корзун падумаў, што калі ўдасца хутка ўстанавіць Рамейкавага спадарожніка, то паспее яшчэ сёння вярнуцца дадому. Ён скоса зірнуў на засяроджанага шафёра. У раёне людзі звычайна ведаюць адзін аднаго, а вадзіцелі тым болей. — Мне трэба выявіць аднаго ўласніка, — павярнуўся ён да шафёра. — Прыкметы: шакаладныя «Жыгулі», жоўтая андатравая шапка, зялёнае дэмісезоннае паліто і яркі чырвоны шалік, — пералічваў ён прыкметы, якія яму назваў у свой час вадзіцель міжгароднага аўтобуса. — Сур'ёзна? — Корзун пачуў смех. — Вы ж з ім сёння размаўлялі. Зялёнаборскі заатэхнік. — Хто-о? От неспадзеўка!.. — Паміж сабой мы яго Светафорычам завём. Аднойчы пачуў. Не пакрыўдзіўся, нават пажартаваў. «Гэта я, — кажа, — каб мне дарогу саступалі». А што, такому мусіш саступіць, калі хочаш уцалець. Ганяе як сабе хоча. Корзун падумаў, што вось і апошняя графа ў ягоным плане займела «птушку» — праверана. Шкада, вядома, што раней не чуў пра Светафорыча, можна было б папытаць у Абабуркі, якая кошка паміж ім і Рамейкам прабегла. Хаця, хутчэй, ніякая. Дзяліць ім няма чаго, знаёмства блізкага ў іх не было. Проста на досвітку людзі, недаспаўшы, часта хмурныя, ім бы хутчэй прытуліцца да чаго-небудзь і дадрамаць. А вадзіцелю аўтобуса здалося немаведама што. IX Маёр Юркавец, якому Корзун аднёс справаздачу аб сваёй паездцы ў Яснагорск яшчэ да абеду, выклікаў яго ў канцы дня. — Што-небудзь дадаць можаш? — спытаў ён, прыціснуўшы Корзунавы паперы да стала. — Не. — Цёмны лес, — Юркавец як бы вывучаў нешта на твары свайго падначаленага. — Парасяты, ураджайнасць, кармы. — Ён наморшчыў лоб. Усё, што Корзун падрабязна і добрасумленна выклаў, ніякім бокам не стасавалася да крымінальнага вышуку. — Мне самому гэта здаецца звычайнай газетнай інфармацыяй. — Корзун быў верны сабе: ацэньваў сваю працу, можа, стражэй за начальства. — Якую, заўваж, няма падстаў утойваць. Наадварот, — Юркавец сёння разгаварыўся. — Абабурка, прымаючы цябе за журналіста, быў гатовы пахваліцца гэтымі лічбамі. Чым яны зацікавілі Рамейку, ты можаш сказаць? У саўгасе паказчыкі, падобна, горшыя. Але там і дырэктар новы, з яго строга пакуль не пытаюць. Што знайшоў у яго працы Рамейка! Што і з чым параўноўваў? Мы не ведаем. Каму мог спатрэбіцца блакнот з лічбамі, якія, напэўна, друкаваліся ў раённай газеце? Баюся, нікому… Корзун слухаў і думаў, што і сёння Юркавец хутчэй за ўсё не разгаварыўся, а проста разважае сам з сабой, аднак прысутнасць падначаленага прымушае яго рабіць гэта ўголас. — Ты ўпэўнены, што і Абабурка і Рабека сказалі праўду. Я таксама не маю падстаў сумнявацца ў гэтым. Так што прыйдзецца пагадзіцца з табой: камандзіровачнае пасведчанне і блакнот згубіліся выпадкова, — маёр расклаў веерам спісаныя круглым роўным Корзунавым почыркам лінаваныя лісты. — Толькі зрабі яшчэ ласку, Аляксандр, схадзі ў абласное ўпраўленне сельскай гаспадаркі. Хай спецыялісты скажуць, прывёз ты інфармацыю ці яшчэ што. Юркавец быў вопытным супрацоўнікам крымінальнага вышуку. Корзун пераканаўся ў гэтым яшчэ раз, атрымаўшы добры ўрок. Маёр падказаў яму, што ў пытанні, у якім ты не разбіраешся, нельга накладацца толькі на свае сілы. Раззлаваны на сябе, Корзун адправіўся ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі, выпісаўшы папярэдне паказчыкі абедзвюх гаспадарак на асобны лісцік. Старшым заатэхнікам Мухінай, да якой Корзуну параілі звярнуцца, аказалася жанчына сярэдніх гадоў, з выгляду заклапочаная, стомленая. Побач з яе сталом з-за шторы вытыркаўся кончык прадуктовай сумкі з малочнымі бутэлькамі, якую яна паставіла на падаконнік, каб у цёплым пакоі да вечара не пракісла малако. Корзун адзначыў просценькую стрыжку, выцвілую шэрую кофтачку і падумаў, што наўрад ці дапамогуць яму тут. У жанчыны, відаць, сям'я, процьма хатніх турбот, якія цягнуцца за ёю і на працу. Дзе ўжо ёй ламаць галаву над яго пытаннем, якое ён не ведае, як задаць, і да таго ж не ведае, што хацеў бы пачуць у адказ. У такой сітуацыі ён апынуўся ўпершыню. Жанчына ўзяла паперку. Чытаючы, раз-пораз кідала хуткія позіркі на Корзуна, і ён пачаў ужо апасацца, што менавіта яго асоба цікавіць старшага заатэхніка болей, чым просьба, — не часта людзям даводзіцца сустракацца з сышчыкамі. Нарэшце яна дачытала. — Дык што вы хацелі пачуць? — яна не разумела, чаму гэты інспектар лезе ў іх, спецыялістаў сельскай гаспадаркі, сферу. Каб ён мог растлумачыць сваю патрэбу! Гэта было кепска, вельмі кепска. Мухіна магла падумаць, быццам ад яе нешта ўтойваюць, пакрыўдзіцца і тады, каб адчапіцца, сказаць першае, што прыйдзе ў галаву. Напэўна, у яго позірку ці выразу твару прамільгнула разгубленасць, бо жанчына спачувальна ўсміхнулася і пачала сама, без падказкі: — Саўгас — сярэдні. Я бывала ў ім. Але, упэўнена, неўзабаве гэта гаспадарка стане добрай. Дырэктар — з галавой, правільна гаспадарыць. У іх неблагія ўраджаі, значыць, будзе чым карміць жывёлу, — яна інтуітыўна ўзяла правільны тон у размове, Корзун пакуль разумеў усё. — Тое, што вы паказалі па саўгасе, у мяне пытанняў не выклікае, для сябе, вядома. «Зялёны Бор»… Спецыялізацыя — свінагадоўля… Корзуну здалося, што нешта не дае ёй гэтак жа катэгарычна, як пра саўгас, гаварыць пра «Зялёны Бор». Ці не таму, што сама ў калгасе не была? Павагаўшыся, ён рашыў дапамагчы: — Вас нешта бянтэжыць? Яна зноў усміхнулася бледнымі ненафарбаванымі губамі, адмоўна пакруціла галавой: — Бадай, наадварот, прыемна дзівіць. Па дваццаць шэсць парасят ад асноўнай свінаматкі — гэта ці не рэспубліканскі рэкорд! — Дзіва што Абабурка карэспандэнтаў зазывае. — Іхні заатэхнік? Абыходлівы малады чалавек. Ведае, што рабіць. Не глядзіце, што яны кармоў мала вырошчваюць. Абабурка, не сеяўшы, умее ўраджаі браць. — Але ж гэта, відаць, не зусім законна? — Скажыце лепш — неэтычна. Ды што паробіш. Мы тут таксама не без слабасцяў. Як адмовіш чалавеку, які каму камплімент скажа, каму ў дзень нараджэння — чый трэба, помніць — кветкі або цукеркі прэзентуе, а каму і што іншае паднясе ці дастане. Вось і даём, вядома, за кошт іншых, не такіх рахманых. — Бог з ім, з Абабуркам, ён — ваш, упраўлення, я хачу сказаць, клопат, — Корзун вярнуў размову ў ранейшае рэчышча. — Вы мне скажыце, пра што, напрыклад, вы пыталіся б у калгасе, калі б зацікавіліся свінагадоўляй? — і раптам адчуў, што нарэшце намацаў стрыжань, вакол якога павінен закручваць размову. — Думаю, тэхналогія, пра якую я абавязкова папытала б, вам не патрэбна. Хаця тых шэсць-восем лішніх парасят, якія яны атрымліваюць на свінаматку ў параўнанні з сярэдняй масай гаспадарак, з'ява цікавая і, напэўна, павучальная. Але ж вы, спадзяюся, не збіраецеся мяняць прафесію? — Ад вас залежыць, — Корзун павесялеў: «хатняя гаспадыня», як ён паспеў ужо ахрысціць яе ў думках, аказалася разумніцай. — Раптам сагітуеце. — Э-э, не варта, да Абабуркі вам далёка. — Што праўда, то праўда, — Корзун зноў успомніў, як спрытна надоечы падсек яго «абыходлівы чалавек» ля тэатра, і ўздыхнуў. — Не шкадуйце, — жанчына махнула рукой. Ёй было лёгка адмахвацца, яна не здагадвалася, аб чым былі яго думкі зараз. — Дык вось, — яна пастражэла, — вернемся да нашых бараноў, як некалі любілі гаварыць, ці, што больш надзённа, да нашых свіней. Вашы лічбы па «Зялёнаму Бору» мала што гавораць. Ведаеце, ёсць гаспадарнікі, ды і журналісты, бывае, грашаць гэтым, якія любяць біць лічбамі. Вывезлі дзесяць тысяч тон угнаенняў, надаілі сто тысяч кілаграмаў малака! Гучыць, праўда? Але ў нашым свеце ўсё адноснае, і часам за вялікімі, здавалася б, лічбамі хаваюцца слабыя вытворчыя паказчыкі. Так і ў «Зялёным Бары». Прадукцыі быццам бы даюць нямала, а раскласці яе на зямельную плошчу, і атрымаецца, што далёка гэтаму калгасу да перадавых. Не вельмі туманна я «чытаю лекцыю»? — жанчына ажывілася, вочы ў яе заблішчалі. Хатнія клопаты — клопатамі, іх не адкінеш, але ёсць яшчэ і праца, якую яна вельмі любіць. — Будзем лічыць гэта ўступам да галоўнага, — Корзун шчыра ўсміхнуўся жанчыне. — Што, акрамя нізкай эфектыўнасці вытворчасці, можна сказаць пра «Зялёны Бор»? — Вы ўзялі толькі тое, што для калгаса выйгрышнае. А мне, як чалавеку, зацікаўленаму непасрэдна, хацелася б ведаць і так званую тэхналогію: што, як і адкуль бярэцца? — Шкада, што я загадзя з вамі не пракансультаваўся, прывёз бы вам гэтыя даныя. — Навошта вам такая дакладнасць? — шчыра здзівілася Мухіна. — Вы ж не газетчык, які абагульняе перадавы вопыт. — Зрабіце скідку на маю ўедлівасць. — Перадавы вопыт Корзун сапраўды паказваць не збіраўся, хай гэтым займаюцца тыя, каму належыць. Але і не мог жа ён зараз сказаць нешта накшталт таго, што задача міліцыі хутчэй наадварот — ускрываць вопыт неперадавы, які яго аўтары шырока паказваць намеру не мелі. Але лічбы, якія не папалі ў Корзунаў блакнот, маглі быць у запісной кніжцы Рамейкі. Раптам Абабурка не ўсё з іх размовы ўспомніў? — Ат, — Мухіна не без жалю паглядзела на запоўненыя напалавіну нейкія справаздачныя лісты, якія ляжалі перад ёю, — дзе маё не прападала. Зайдзіце ці пазваніце заўтра, пастараюся пагаварыць з калгасам па тэлефоне. Дабяру тое, што вы не ўзялі. Аднак назаўтра, калі Корзун пазваніў, Мухінай на месцы не аказалася. Сказалі, што яе тэрмінова паслалі абагульняць у адным з раёнаў станоўчы вопыт. Вядома, у Мухінай свае абавязкі і сваё кіраўніцтва, прэтэнзій да яе за паездку Корзун прад'яўляць права не меў. Аднак адчуў сябе пакрыўджаным, ён жа не з вуліцы прыйшоў, не трэба было абяцаць. Не можаш зрабіць — так і скажы, папярэдзь, загад не дахаты ж ёй прынеслі з упраўлення. Звярнуўся б да другога спецыяліста. Чакаць Мухіну цэлы тыдзень склаўшы рукі не выпадала — хлопцы ў аддзеле вольнай хвіліны не маюць. Могуць і яго падключыць да каго-небудзь у дапамогу. А які з яго памочнік, калі ўсё роўна падсвядома будзе трымаць у галаве Рамейку. Напэўна, ніколі не навучыцца адразу, калі гэтага вымагаюць акалічнасці, пераключаць увагу на іншае. Нават закончыўшы справу, яшчэ немалы час у думках вяртаецца да яе, аналізуе, шукае прамашкі і памылкі. Але нічога не папішаш. Такая праца, яна не дае перадышкі, паслаблення. І Корзун пайшоў да Юркаўца. Напэўна, маёр навучыўся разбірацца ў магчымасцях і характарах сваіх падначаленых. Выслухаўшы Корзуна, самастойнага задання не даў, а сказаў: — Падключыся да Дзюбы. Гэта таксама не было падарункам — Дзюба ніяк не мог разабрацца ў тых кватэрных кражах, пра якія нядаўна дакладваў на нарадзе ў аддзеле. Праўда, прыпражным быць быццам бы лягчэй, чым самому цягнуць воз. Але Корзун і прыпражным будзе паводзіць сябе, як караннік, не ўмее адседжвацца за чужой спіной. Толькі перад тым, як акунуцца ў новую справу, звяжацца з Пратасенем, ці няма там чаго новага? — Аляксандр? Здароў, здароў, рады чуць цябе! — забасіў пракурор. — Сваю лінію ўсё-такі цягнеш? Давай, давай, мы тут таксама нешта маем. — Што гаворыць шафёр? — Корзун паспеў ужо трохі вывучыць Пратасеню, лічыў яго чалавекам памяркоўным, нязлосным і дараваў яму паблажлівы тон. Відаць, мае падставы іранізаваць з Корзунавых прыдумак. — Усё тое ж. Маўляў, падняўся журналіст на ногі і сказаў, каб ехаў. — Мабыць, не хлусіць… — уставіў Корзун, успомніўшы, як паводзіў сябе шафёр Кучаронак тады ў пракуратуры. — Мабыць, усё-такі хлусіць! — Пратасеня гаварыў упэўнена. — Для яго гэта вельмі выгадны варыянт. Чалавек быў жывы, а чаго памёр — хто скажа? Я думаю, было так. Падбіў і завёз на пераезд, спадзяваўся віну на цягнік звярнуць. Не атрымалася, умяціна падвяла — прыйшоў да нас. Маўляў, і я, і не я. Пратасеневы вывады адмаўлялі Корзунаву версію. Але Корзун не хацеў пагаджацца з пракурорам па іншай прычыне. Кучаронак, як паказалася, быў чалавекам сумленным, адказваў шчыра. Хаця, калі над табой павіснуць гадоў дзесяць турмы, усё зробіш, каб выглядаць шчырым. Корзун нахмурыўся. Што за пасада — ва ўсім сумнявацца, нічога без праверкі не прымаць. А можа, пракурору на месцы відней? Мухіна аб'явіла аб сабе раней, чым Корзун чакаў. — Прабачце, што з'ехала не папярэдзіўшы. Паслалі па адно, прывезла другое, — сказала яна. — Хацела б пабачыцца. У яе голасе Корзуну пачулася нешта таямнічае. Ён паморшчыўся — не хапала, каб жанчына занялася ўласным расследаваннем. Памаўчаўшы, прапанаваў, стрымліваючы прыкрасць: — Можаце і па тэлефоне. — Лепш не трэба, — адмовілася яна цвёрда. Корзун згадзіўся, лаячы сябе за легкадумнасць, — складзе сабе партрэт чалавека, дасць яму характар і зыходзіць з гэтага, нібы хто застрахаваў яго ад памылковых вывадаў. — Зараз буду, — паспяшаўся ён загладзіць сваю нетактоўнасць. — Лепш я да вас. Корзун паклаў трубку, зірнуў на Дзюбу, які заткнуў далонямі вушы, бо сваіх клопатаў хапала, і сказаў: — От гэта характар! Паглядзіш — ніколі не падумаеш, хатняя гаспадыня, і годзе. — Бойся гаспадарлівых жанчын, старшы лейтэнант Корзун, — на секунду адпусціў далонь Дзюба ад левага вуха. — Бегаць табе з авоськай па базарах, — і зноў заткнуў вушы. Тое, што пачала гаварыць Мухіна, ашаламіла Корзуна. Ён прыпыніў яе і павёў да Юркаўца. — Дрэнная арганізацыя працы, няправільнае размеркаванне кармоў — гэта кампетэнцыя сельскагаспадарчых органаў, і я прыйшла да вас не з гэтым, — Мухіна была ўсхваляваная, але гаварыла не збіваючыся, абдумаўшы ўсё. — Вам бы зацікавіцца прыпіскамі або куды знікае жывёла. У справаздачы значыцца, што калгас атрымаў прыкладна сем з паловай тысяч парасят. Хаця, па самых сціплых падліках, павінен быў атрымаць не меней дванаццаці тысяч. Спрабавала высветліць, чаму такая розніца ў лічбах, і не змагла. Улік заблытаны. Вось вам і славуты «Зялёны Бор». Ай, як прагледзелі мы! — Куды ж падзеліся парасяты? — недаўменна спытаў Юркавец, нібы не чуў, што і Мухіна гэтага не ведае. — Тлумачаць вялікім адходам, — сваёй думкі ў яе не было. — Але там, дзе няма ўліку, адход можа быць і натуральны, і штучны. Апошняе — ваша, здаецца, епархія. — Любіла, аднак, яна рэдкія слоўцы. — Таму не хацела гаварыць па тэлефоне. — Та-ак, — Юркавец наўмысля прапусціў міма вушэй намёк Мухінай на крымінальны акцэнт яе адкрыцця, — кароль, такім чынам, голы? Як жа ім удавалася хадзіць у перадавіках? — Містыфікатары! Умелі пыл пускаць у вочы. Вось ніхто і не праверыў, ці так гэта. — А можа, і не хацелі? — Юркавец спакваля падводзіў жанчыну да думкі, што галоўнае ў гэтай гісторыі — ашуканства. Інакш пойдзе почут, што «Зялёным Борам» міліцыя зацікавілася, а хто зараз ведае, як Корзунава версія далей будзе развівацца. — І так, на жаль, бывае. — На жаль, — пагадзілася яна. — Вам даведку зрабіць? — Бадай, не трэба. Вы па сваіх каналах дзейнічайце, там разбяруцца, тым болей што, відаць, туды рэвізоры цяпер накіруюцца. А вам, Галіна Раманаўна, шчырае дзякуй, што так адказна паставіліся да нашай просьбы, — маёр праводзіў Мухіну да дзвярэй. Вярнуўшыся, не сеў за стол, прыхінуўся плячом да цёплай сцяны, унутры якой па-сучаснаму былі схаваныя трубы цэнтральнага ацяплення, задумаўся. — Ці не гэтымі махінацыямі зацікавіўся Рамейка? — занепакоіўся Корзун. — Тады ўся гісторыя з ног на галаву становіцца. — Думаеш, Абабурка нешта ад цябе ўтаіў? — Юркавец, аднак, паставіўся да паведамлення Мухінай стрымана. Але выпадак быў не той, калі можна абысціся адной-дзвюма фразамі.— Сумняваюся. Ты не спецыяліст, каб ухапіцца за сутнасць пытання, чаго яму ад цябе хавацца?! І ад Рамейкі таксама. І збіў жа Рамейку не ён, а Кучаронак, з якім Абабурка нават не знаёмы. — Гэта так, — Корзун нахмурыўся. — А вам гэтыя супадзенні падабаюцца? Ці не мнагавата іх? Журналіст быў у калгасе, дзе махлярства пераступіла не толькі маральны, а і крымінальны парог — за прыпіскі асудзіць могуць. Затым. Журналіст і заатэхнік гэтага калгаса едуць у адным аўтобусе, і шафёр думае, што яны паспрачаліся, — ці не таму, што журналіст нешта адкапаў? Абабурка начаваў у Лясным, дзе гэтым жа вечарам журналіст загінуў…— ён узняў руку. — Пачакайце, зараз даскажу. Загінуў пры абставінах, да канца не ясных. Ці не факт гэта? — Хутчэй — мешаніна з фактаў. Ты з Абабуркам сустракаўся назаўтра. Можаш ты сказаць, што было ў яго паводзінах, выглядзе нешта незвычайнае, ненатуральнае? — Не. — Вось бачыш. — Усё-такі маёр меў большы запас слоў, чым звычайна паказваў падначаленым. — А ён жа не прафесійны забойца, для якога ўсё адно: што муху забіць, што чалавека. Не мог ён, калі вінаваты ў гібелі Рамейкі, чым-небудзь ды не выдаць сябе. Ты ж быў для яго не інспектарам крымінальнага вышуку, а Святланіным таварышам, журналістам, перад якім іграць было неабавязкова. — Юркавец прыпыніўся, як бы раздумваючы, ці не многа нагаварыў, але палічыў патрэбным дадаць яшчэ: — Прыпіскі, безгаспадарчасць — гэта ў даным выпадку несуразмерна забойству. — Слухаю вас і ўспамінаю падпалкоўніка Шарая. Ён любіў гаварыць: «Табе б у адвакаты падацца». — Разумны чалавек падпалкоўнік Шарай, між іншым. Не толькі цытуй яго, а і ўжывай парады. Нам уменне абараняць чалавека ад несправядлівага абвінавачвання таксама патрэбнае. А тваю версію не адмаўляю. Толькі вось што. Пратасеня не з тых, хто лёгка адступаецца ад сваёй думкі, тым болей маючы моцныя довады. Таму на яго дапамогу не разлічвай, ва ўсякім выпадку, пакуль. Будзеш дзейнічаць самастойна, уласнай галавой. З абласной пракуратурай дамоўленасць ёсць. І глядзі, упэўненасць — добра, але факты — лепш. Не падганяй пад схему. X Пасля размовы з Мухінай у Корзунавай версіі Абабурка высунуўся на першы план. Аднак прад'явіць яму нешта канкрэтнае Корзун не мог. Здагадкі, асабістую непрыязь да справы не падшыеш. Патрэбны пераканаўчыя факты, і іх неабходна было сабраць. Значыць, настала пара пазнаёміцца з Абабукавым жыццём больш блізка. Абабурка быў мясцовы, скончыў у гэтым абласным цэнтры інстытут, пасля вучобы працаваў у адным і тым жа раёне. Карацей кажучы, быў, здавалася, на віду. А ўсё роўна пайсці і прама спытаць у раённых арганізацыях, у калгасе, што за чалавек іх заатэхнік, Корзун не мог. Падазрэнне чалавека ганьбіць. Нават невінаватаму потым цяжка бывае пераканаць людзей, што ён ніколі і нічога кепскага не рабіў. Магло стацца, што і Абабурка не мае ніякага дачынення да Рамейкавай смерці. Таму Корзун наводзіў даведкі асцярожна, кружным шляхам, каб дачасна не пакласці на яго цень. Вядома, гэта патрабавала лішніх часу, працы, ды затое ніхто не здагадваўся, менавіта кім і чаму ён цікавіцца. Хаця ў адным, прынамсі, Абабурка быў вінаваты бясспрэчна — за жывёлагадоўлю ў «Зялёным Бары» ён нёс галоўную адказнасць, і заблытаны ўлік, прыпіскі ляжалі на яго сумленні. Аднак і пра гэта гаварыць на поўны голас было яшчэ рана. Корзун няспешна збіраў звесткі і ў той жа час стараўся прыпомніць уласныя сустрэчы з Абабуркам, размовы, яго і свае словы, жэсты. На сваю памяць ён паскардзіцца не мог. Нішто, аднак, не наводзіла на думку, што ў гэтага заатэхніка ёсць другое, нябачнае старонняму воку жыццё. Быццам бы звычайны чалавек са звычайнай біяграфіяй. Вось толькі студэнцкі перыяд… Уступныя экзамены Абабурка здаў даволі пасрэдна, атрымаў бал, ніжэйшы за прахадны. А на заняткі прыйшоў, паступіў, аказваецца. Вучыўся не без двоек, аднаго разу хацелі нават выключыць. Не выключылі. Меў вёрткага заступніка — дзядзьку, які кіраваў мясцовым райспажыўсаюзам. Праўда, Абабуркавых здольнасцей ніхто не адмаўляў. Мог бы і добра вучыцца, каб не швэндаўся па рэстаранах. Грошай хапала, бацькі-калгаснікі не шкадавалі для яго нічога, абы вучыўся. Як бы там ні было, але ці не гэта вось спадзяванне на добрага дзядзьку, які не дасць у крыўду, выручыць, і нарадзілі ў Абабуркавай душы несур'ёзнасць, адчуванне ўседазволенасці? Ратаваў дзядзька ад двоек, выратуе і ў больш складаных абставінах. А можа, знайшоў сабе і новага заступніка? Неабавязкова Абабурка павінен быў стаць тым, кім стаў,— чалавекам без цвёрдых прынцыпаў, мажліва нават злачынцам. Яго праца пасля інстытута ў другім яснагорскім калгасе пацвярджае гэта. Ніхто нічога благога за ім не прыкмячаў. Быў энергічны, умеў ладзіць з людзьмі, таму і вылучылі ў «Зялёны Бор» з павышэннем. А тут асяроддзе аказалася іншым, ці што? Бо іншым стаў і сам Абабурка. І для Корзуна ўжо набывала другі, патаемны сэнс многае з таго, што ён чуў пра яго раней. Рамейка прама не сказаў Святлане: «Не выходзь за Абабурку», проста параіў не спяшацца, калі яна, можа, какетліва, з ёй гэта бывала, спытала: «Што мне рабіць?» Мухіна назвала Абабурку гэтакім добрым дзедам-марозам, які не паскупіцца на дарагія цукеркі або сярод зімы на жывыя кветкі. Дробязь? А падумаўшы — не. Рамейка не быў закаханы ў Святлану, значыць, ім кіравала не рэўнасць, Абабурка быў яму несімпатычны не як сапернік, а з іншай прычыны. Напэўна, Рамейка не сумняваўся, што заатэхнік не надта сумленны чалавек. Мухіна называе Абабуркаву шчодрасць абыходлівасцю. Але яго падарункі небескарыслівыя, Мухіна, напрыклад, іх не атрымлівала, яны ішлі тым, хто меў магчымасць даць (і, напэўна, даваў) нешта ўзамен. І вось тут узнікае новае пытанне: ці бескарыслівы сам заатэхнік, ці са сваёй кішэні ён плоціць грошы за кветкі і цукеркі? Або ў калгасе для гэтага ёсць нейкі спецыяльны, прыхаваны ад рэвізораў фонд? Корзун не вельмі доўга працаваў у міліцыі, аднак ужо ведаў, якімі спакуслівымі бываюць часам бескантрольныя грошы. Тое, што Абабурка мог мець у калгасе, хапіла б хіба толькі на цукеркі ды рэстараны. Праўда, Мухіна казала пра натуральны і штучны адход парасят. Шкада, што Юркавец не папрасіў удакладніць гэта. Але з другога боку… Модны, элегантны Абабурка з мехам, у якім пішчыць парася… Надта маляўнічая карціна, каб быць рэальнай. А яшчэ праз дзень высветлілася, што смехам намаляваная Корзунам карціна, якая прынесла яму некалькі вясёлых хвілін, блізкая да ісціны. Не так прымітыўна, не ў зрэбным сялянскім мяху, а ў багажніку ўласных «Жыгулёў» прывозіў сяму-таму Абабурка падгадаваных парсюкоў. Корзун пацікавіўся людзьмі, якія з прыемнасцю прымалі прэзент, і аказалася, што выбіраў іх Абабурка не выпадкова. Адзін быў рэвізорам, другі дырэктарам маслазавода — выдзяляў за кошт іншых свежы адгон, якім кармілі свіней, трэці працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі… Корзун пачухаў патыліцу. Дзеянні заатэхніка мелі ўсе адзнакі крыміналу, хоць зараз падавай у следчыя органы. Але ўсе гэтыя факты вялі Корзуна некуды ўбок, не надта ўпісваючыся ў прыдуманы ім круг Рамейка — Абабурка, хаця хутчэй за ўсё ў журналіста і было пісьмо пра махінацыі. Цяпер Корзун у гэтым амаль не сумняваўся. Людзі, якім Абабурка завозіў далёка не капеечныя пачастункі, маглі саслужыць і, напэўна, саслужылі калгасу пэўную службу — падкідвалі дадатковыя кармы, павярхоўна праводзілі рэвізіі, не прыдзіраліся… Мажліва, не без іх удзелу ў раёне не заўважалі, якім чынам «Зялёны Бор» дабіваецца высокіх паказчыкаў у свінагадоўлі. Але тут галоўны заатэхнік не самая зацікаўленая асоба. Таму праўду казаў маёр Юркавец, не той гэта выпадак, калі ўзнікае неабходнасць знішчаць сведку. Абабурка і кампанія, а ў тым, што яна павінна за ім быць, Корзун не сумняваўся, дзейнічаюць так нахабна, бо разлічваюць на паблажлівасць, на падтрымку тых, каму падносіліся вепрукі. І хутчэй за ўсё адзіны вынік яго, Корзуна, працы вельмі падобны да дзвюх грэлак з самагонкай, знойдзеных некалі ім з участковым інспектарам Савачкіным у Даманах замест украдзеных з калгаснай касы грошай. Розніца хіба толькі ў маштабах знаходкі — для канкрэтнай жа справы, як тады, так і зараз, здабытак аднолькавы. Здараецца, што звер бяжыць на лаўца, калі сам лавец гэтага яшчэ не жадае, калі ён не гатовы да сустрэчы. Нешта падобнае атрымлівалася зараз у Корзуна. Няма пра што гаварыць яму з гэтым увішным заатэхнікам. Прыпіскі і разбазарванне грамадскай маёмасці — клопат супрацоўнікаў іншага аддзела. Самы час перадаваць ім сабраны матэрыял. Корзун рашыў, што ўдакладніць яшчэ некаторыя дэталі і тады расстанецца з гэтай справай. І не будзе сустракацца з Абабуркам, не патрэбны яму гэты спрытнюга. Шкада толькі, што не мае права Святлану Якушаву прама папярэдзіць. Раптам не прыме ўсур'ёз тае Рамейкавай парады і выйдзе замуж назло ўсім і сабе. Ад гэтай думкі настрой у Корзуна зусім сапсаваўся. Ён схаваў паперы ў сейф, паглядзеў на гадзіннік і паківаў галавой: заседзеўся, хутка дзевяць. На вуліцы Корзун спыніўся. Дадому ісці не хацелася. Гаспадару сёння на працу ў ноч. У хаце цішыня, тэлевізар не ўключаны. Чытаць — не хочацца, за дзень начытаўся, аж галава гудзіць. Лепш проста прагуляцца — бяздумна, расслаблена, адпачываючы. Зімнімі вечарамі і ў горадзе на вуліцах народу мала. Ніхто табе не перашкаджае, ніхто не аклікае. Корзун павольна накіраваўся да цэнтра. Неўзабаве паказаўся кінатэатр. Хутка, відаць, павінен быў пачацца апошні сеанс. Перад уваходам тоўпіліся людзі, некаторыя спынялі прахожых, напэўна, пытаючы лішні білецік. Корзуну нечакана захацелася апынуцца ў гэтым вірлівым юным натоўпе — бо хто, акрамя моладзі, ходзіць на апошнія сеансы, ды яшчэ не маючы загадзя купленага білета. Ён перасек наўскасок дарогу, пасміхаючыся, што і яго зараз могуць аштрафаваць за пераход вуліцы ў недазволеным месцы. Абышлося. Познім вечарам і служба бяспекі руху, відаць, адпачывае, рэзонна спадзеючыся, што ўначы на дарозе машын паменей і парадак захоўваецца нават без яе ўдзелу. Корзун пастаяў перад кінатэатрам, адказаў нават двум-тром хлопцам, што не мае лішняга білета, і ўжо збіраўся адысці, як раптам яму здалося, быццам ля касы, дзе найбольш стойкія аматары кіно чакалі, ці не засталося што ад забраніраваных білетаў, мільгануў белы пуховы берэцік. Зусім такі, які быў на Марыі Апылінскай у драмтэатры. Корзун узрадаваўся, пасунуўся да касы. Напэўна, таму, што глядзеў ён толькі на белы берэт, Абабурку побач з Марыяй заўважыў у самы апошні момант, калі адступаць было позна, — дзяўчына, нешта гаворачы свайму суседу, махала, як клікала, Алесю рукой. Так, не збіраючыся, Корзун мусіў усё-такі зноў сустрэцца з Абабуркам. — Яшчэ адзін экзамен скінулі? — Хочаш не хочаш, прыходзілася хаваць сваё расчараванне. — Угадалі,— Марыя была ўзбуджаная, вясёлая. — Збіралася адаспацца, а Міхась, — задаволена кіўнула яна на Абабурку, — не дазволіў. І то праўда, калі яшчэ ў горад вырвуся. Корзун з прыкрасцю падумаў, што і сам мог даўмецца да такога запрашэння. Але мусіў тут жа прызнаць: калі ўжо Абабурка возьмецца, яго не абскачаш. — Маеш білет? — Абабурка, здаецца, быў нават здаволены, што бачыць Корзуна. Пра яго цікавасць да сваёй асобы ён, натуральна, не ведаў, а за дзяўчыну не турбаваўся, упэўнены, што менавіта інспектар сапернічаць з ім не мог. — Дарэчы, пазнаёмся, — паказаў на мужчыну, які моўчкі стаяў побач. — Спазніўся, Карпавіч, — сказаў мужчына, — мы ўжо сустракаліся. Помніце, таварыш інспектар? Корзун уважліва ўгледзеўся ў мужчыну, спахмурнеў: не любіў, калі памяць падводзіла, тым болей што сустрэча, відаць, была службовай, аб чым сведчыў зварот «таварыш інспектар». Але яму спадабалася, што чалавек не спяшаецца нагадаць пра яе. Разумее, што неабавязкова на кожным рагу крычаць, дзе і чым цікавілася міліцыя. Усмешка прабегла па губах мужчыны: — Ну дык як? І тады Корзун нарэшце ўспомніў: нарыхтоўшчык з Ляснога, які знайшоў труп Рамейкі на пераездзе. — Добры вечар, таварыш Кунцэвіч, — павітаўся ён і пажартаваў: — І вы ў студэнты запісаліся? — Дзе нам. Нам не да навук… Вайна… І потым… Ён меў за сорак, чалавеку такога ўзросту ў дзяцінстве сапраўды магло быць не да вучобы. А час ішоў. Падлетак стаў юнаком, пайшоў працаваць, завёў сям'ю. Не кожны падумае пра навуку, якая, як вядома, часам патрабуе паступіцца прывычным, наладжаным. А Кунцэвіч выглядаў сытым, дагледжаным, задаволеным жыццём. Хаця ад моднага Абабуркі адставаў. Чорная шапка, шэрае паліто з пыгейкавым каўняром, купленае ў райунівермазе… Ці магчымасці не тыя, ці наогул за адзежай не ганяўся. Зрэшты, і Корзун піжонства не прызнаваў: абы чыста і акуратна. Доўга разглядваць Кунцэвіча, аднак, было непрыстойна, і ён паспяшаўся нешта сказаць: — А я дык міма ішоў. — Вось і ў нас няма білетаў,— зразумеў яго Абабурка. — Якія будуць прапановы? Няма прапаноў? Тады дэмакратыю далоў, кіраваць буду я, — ён яўна дурыўся. — На дварэ холадна, на печцы цёпла. Печкі ў сучасным горадзе няма, махнём у карчму. Га? Я — за. Федя, — звярнуўся ён да Кунцэвіча. — А-а, што я пытаю, дзе гэта бачана, каб нарыхтоўшчык ад чаркі адмовіўся? Алесь?.. Звер так і пёр на лаўца. Корзун не любіў рэстаранаў, асабліва ў чужой кампаніі. А тут яшчэ запрашаў Абабурка, якога ён падазраваў у злачынстве. Ён ужо хацеў быў адмовіцца, але, сустрэўшы пільны позірк Марыі, у якім яму ўбачылася запрашэнне, нечакана для сябе адказаў: — Давай… — Цудоўна. Спадзяюся, наша дама нас не пакіне? Інакш нашы палкія сэрцы будуць разбітыя і завянуць, як ружы на марозе, і мы замест марачнага рыслінгу нажлукцімся прымітыўнага чарніла. Прашу, панове, — і, падхапіўшы Марыю пад руку, накіраваўся ў бок рэстарана. Свабодных столікаў не было. Швейцар аж вочы закаціў, замітусіўся: — Што ж вы, шаноўны Міхась Карпавіч, не папярэдзілі.— Акінуў іх, чацвярых, ацэньваюча, позіркам і, нібы прапаноўваючы, нібы сцвярджаючы, заклапочана сказаў: — Парамі я мог бы вас уладкаваць… — Ну, стары, — Абабурка трымаўся тут сваім чалавекам, — не расчароўвай мяне. Швейцар задаволена закэхкаў, прапанаваў, паказваючы на далёкі кут: — Пабаўцеся колькі хвілін, а я ўжо для вас пастараюся. У рэстараннай зале было тлумна, накурана. Корзуну ўжо расхацелася ісці туды, нават з Марыяй, нешта вакол адбывалася не так. І ён першы накіраваўся ў гэты адносна ціхі куток, аддалены і ад рэстаранных дзвярэй, і ад гардэроба. Тут, як спецыяльна для такіх няўдачнікаў, стаялі вакол нізкага, пакрытага чорным непразрыстым шклом століка чатыры скураныя крэслы. — Прашу, — гасцінна схіліўся Абабурка і памог Марыі апусціцца ў крэсла. Зноў ён аказаўся больш уважлівым, здагадлівым, чым Корзун, — крэслы ж былі глыбокія і мяккія, і без падтрымкі дзяўчыне ў даўгаватай і вузкай спадніцы ўсаджвацца было нязручна. Настрой у Корзуна сапсаваўся зусім. Абабурка прынёс аднекуль вялікую сінюю попельніцу, кінуў на стол нераспячатаны пачак цыгарэт, запалкі. Абмінуўшы Кунцэвіча, які далікатна чакаў, пакуль ён сядзе, уладкаваўся насупраць Марыі. — Самае сумнае чакаць і даганяць, — здзіраючы з пачка цэлафан, загаварыў ён. Распачаў цыгарэты, прапанаваў: — Калі ласка, — закурыў.— Але ў нашых сілах зрабіць, каб гэтыя быццам бы нудныя хвіліны сталі вясёлымі. Не, не, — перабіў ён самога сябе, перахапіўшы Корзунаў позірк. — Ніякіх анекдотаў, толькі смешныя выпадкі з жыцця. Згода? Тады дазвольце мне першаму, так сказаць, для развіцця ініцыятывы мас. А можа, ты, Федзя? — За табой паспееш! — буркнуў Кунцэвіч, аднак больш здаволена, чым пакрыўджана. Корзун, з усмешкай пазіраючы на Абабурку, думаў, чаму часам пачынаюць сябраваць зусім розныя з выгляду людзі, як вось гэтыя заатэхнік і нарыхтоўшчык, — і па ўзросту, і па адукацыі, і па характару? Праўда, кажуць, што супрацьлеглае, вунь як у фізіцы плюс з мінусам, прыцягваецца. Але то ў фізіцы. А тут, акрамя супрацьлеглага, павінна быць у іх і нешта агульнае. — У нашым інтэрнаце, — пачаў тым часам Абабурка, — працавала надта цікаўная прыбіральшчыца. Пакуль мы на занятках — усе тумбачкі праверыць, кожную кніжку перагартае. Што шукала, — паводзіў ён вачамі на слухачоў,— ніхто не ведаў, бо ў нас нічога не прападала. А можа, і красці не было чаго, адно слова — студэнты. Але нарэшце нам надакучыў гэты ненародны кантроль. Рашылі хлопцы… — Ен, збіраючыся выдаць «соль», зрабіў паўзу, абвёў слухачоў вачамі, як правяраў іх рэакцыю на ягоны гумар. Кунцэвіч глыбока ўздыхнуў, як здалося Корзуну, каб не пазяхнуць. Затое Марыя, чакаючы нешта смешнае, аж прыкусіла ніжнюю губу і так прыжмурыла вочы, што вакол іх разбегліся тоненькія праменьчыкі. Корзун замаркоціўся: не такой бачыў ён дзяўчыну ў сваіх думках. — …Знайшлі прыгожы карабок з-пад папярос і пасадзілі туды маленькае шэранькае мышаня з такім доўгім-доўгім хвосцікам, — Абабурка развёў указальныя пальцы. — Вось такім. — Ён яўна смакаваў дэталі гэтага колішняга выпадку, не дазваляючы, аднак, сабе і намёку на ўсмешку. — Прыбіральшчыца, вядома, пацікавілася, што там, адкрыла карабок… — Неінтэлігентна, — фыркнуў Кунцэвіч. — А мне падабаецца, — Марыя шчыра смяялася. — Няхай не совае нос. — Брава, Марыся! — Абабурка перагнуўся цераз столік і пацалаваў ёй руку. — Шаркун ты, Карпавіч, — Кунцэвіч прыжмурыўся на Абабурку. — Далібог, шаркун. Згубіць цябе паказуха! Як піць даць! — Давай без крытыкі,— заўвага Абабурку не надта спадабалася. — Лепш бы падтрымаў мужчынскі гонар, або не маеш што сказаць? — Якія там нашы гісторыі,— Кунцэвіч схіліў галаву, — хіба мужыка абдурыш: возьмеш карову, заплоціш за цялушку. Так, таварыш следчы? — павярнуўся ён да Корзуна. Вочы яго хітра блішчалі, быццам хацеў ён сказаць: і я, каб палічыў патрэбным, сёе-тое выдаў бы не горш, але не хачу. — Федзя, — паморшчыўся Абабурка, — пры чым тут следчы? — Ну па імені ж няёмка, не раўня… Корзун сустрэўся позіркам з Кунцэвічам, здаецца, абыякавым, нават крыху тупаватым, і чамусьці падумаў, што гэты нарыхтоўшчык — штучка, голымі рукамі не бяры, апячэшся. Да іх падкаціўся тоўсценькі швейцар: — Зачакаліся, даражэнькія? Зараз, зараз, Міхаіл Карпавіч. Толькі чысты абрус накрыюць. — Парадак, не турбуйся, стары. — А ўжо ж, як для вас… — За мной не прападзе, ты мяне ведаеш, — выставіў далонь Абабурка. Кунцэвіч употай стрэльнуў вокам на Корзуна. Корзуну стала непрыемна: нарыхтоўшчык, падобна, правярае па ім Абабуркавы паводзіны, быццам адчувае ў іх нейкую ненатуральнасць, незвычайнасць. Напэўна, добра ведае свайго сябра, бо сам ён, Корзун, нічога такога не прыкмеціў. І падумаў, што трэба ісці адсюль, не яго гэта кампанія. Тым болей што Марыя да яго без увагі. І, як нешта ўспомніў, паляпаў па кішэнях. — От што значыць загаварыўся, — нібы шкадуючы, сказаў ён, — павінен на працу пазваніць, а забыўся. — Выцягнуў з кішэні дзвюхкапеечную манетку. — Даруйце… Тэлефон-аўтамат вісеў ля выхада — паміж дзвярамі і люстэркам. Корзуну пашанцавала, натыкнуўся на лейтэнанта Манегу, і можна было сапраўды перакінуцца словам-другім, а не рабіць выгляд, што размаўляеш. У люстэрку ён бачыў, як Абабурка, скалячы зубы, стараўся рассмяшыць Марыю, а Кунцэвіч хмура глядзеў на яго. Загаварыўшыся, Корзун ледзь не прапусціў, калі Марыя раптам азірнулася. Там, відаць, гаварылі пра яго, і ён хуценька адвёў позірк. Праз хвіліну Корзун вярнуўся да століка: — Прашу прабачэння, трэба… У Марыіных вачах успыхнуў цікаўны агеньчык. Напэўна, успомніла, што Корзун — прадстаўнік таямнічай для многіх людзей міліцэйскай службы: з начнымі выклікамі, засадамі, пагонямі за небяспечнымі злачынцамі. Толькі гэта і выклікала ў яе Корзунава паведамленне. І Кунцэвіч прыняў яго абыякава. Адзін Абабурка, здавалася, шчыра засмуціўся. Корзун адышоў далей ад асветленых рэстаранных акон і прыхіліўся да нейкага высокага плота. Падставіў разгарачаны твар калючаму марознаму ветру, які з посвістам вылятаў з вузенькага завулка, гонячы перад сабой па бліскучай зацвярдзелай дарозе сыпучы снег, шматкі паперы, сена. Корзун ніколі не меў асаблівага поспеху ў дзяўчат. Можа, таму, што, як некалі зло ўпікнула Святлана, выбіраў надта прыгожых. Паміж радкоў гэты папрок, падобна, трэба было чытаць так: не па сабе. Але што рабіць, калі так здаралася? Ён не шукаў дзяўчыну, каб проста прабавіць час, каб было з кім схадзіць у кіно ці на танцы. А такую, да якой гарнулася сэрца. І хіба ён вінаваты, што гарнулася яно чамусьці да тых, каго лічылі прыгожымі? Ды і глупства гэта: прыгожая, непрыгожая. Бо міма сотні самых відных дзяўчат пройдзеш і нават не звернеш увагі, не запомніш. А сто першую ці дзвесце першую раптам не абмінеш. Пакажацца яна табе такой, якую не сустракаў дагэтуль і якую ніколі больш не сустрэнеш. Напэўна, у кожным чалавеку ёсць нешта такое прывабнае, незвычайнае. Толькі адкрываецца яно не адразу і не ўсякаму, а каму-небудзь аднаму, прызначанаму. Няўжо ён менавіта з тых, міма каго дзяўчаты праходзяць абыякава, як вось сёння Марыя Апылінская? Гэта прыкра. Тады ў Даманах дзяўчына вельмі ўразіла яго. Была ў ёй нейкая даросласць: загадвала вялікай сучаснай фермай і разам з тым заставалася яна дзяўчо дзяўчом. Шчыра прызналася, што кожны раз, бегучы начной бязлюднай вуліцай на ферму, дрыжыць ад страху. Часта яму пазней успаміналася гэта прызнанне, і тады думалася, што Марыі патрэбна падтрымка, моцная дружба і што даць гэта можа ёй толькі ён. Гэта не было яшчэ каханнем. Корзун быў не з тых, хто можа закахацца з першай сустрэчы. Дый сустрэча была кароткай, службовай. І нішто яму не давала поваду думаць, быццам Марыя таксама ўспамінае яго. Так што самы момант спытаць сябе: ці не прыдумаў ты ўсё? І Марыю, і асабліва яе патрэбу ў табе?.. З рэстарана вываліла шумная кампанія. Патупаўшы на прыступках, ажыўленыя, гаваркія хлопцы і дзяўчаты накіраваліся ў Корзунаў бок. Каб не пападацца ім на вочы, ён павольна пакрочыў у цемру. XI Перад абедам прынеслі пошту. У пачку канвертаў Корзун заўважыў пакет з Яснагорска, і рука міжволі адразу пацягнулася да яго, таропка скрышыла сургуч. Прадчуванне не падвяло. Яснагорскія таварышы паведамлялі, што на аддаленым хутары ў глухой пушчы выяўлена самая сапраўдная свінаферма, якая ў дакументах зялёнаборскага калгаса не значыцца. Ферма невялікая, за год тут адкармілі свіней пяцьдзесят. Робяць гэта двое старых — муж і жонка. З калгаснага начальства на хутары бываў як быццам бы адзін заатэхнік. Звесткі пра ўсё гэта даў шафёр машыны, якая прывозіла сюды кармы. Хто і як забіраў адгадаваных свіней, не ведае. Але ў рэдакцыю пісаў ён, толькі пабаяўся падпісаць уласнае прозвішча. — Было б, каб ты ўчора з Абабуркам чарку ўзяў,— нахмурыўся Юркавец, прачытаўшы паведамленне. Корзун пачырванеў. Пра рэстаран ён, вядома, не ўспамінаючы Марыю Апылінскую, расказаў начальніку аддзела яшчэ раніцай. І добра зрабіў. Бо цяпер, у святле новых фактаў, вячэра з Абабуркам у рэстаране магла выглядаць двухсэнсоўнай. Юркавец хутчэй за ўсё адхіліў бы яго ад справы. — Твае прапановы? Корзун быў удзячны свайму начальніку, што той абмежаваўся заўвагай, бо вывады ён ужо зрабіў сам для сябе. — Не насцеражыць бы?.. — Спазніўся, — з прыкрасцю сказаў маёр, — і Рамейка, і ты, і Рамейкаў блакнот з пісьмом… — У Абабуркі яго няма, — запярэчыў Корзун. — Але ж ты сабраўся ў Лясное?.. Слушныя думкі, відаць, сапраўды лунаюць у паветры, бо начальнік і зараз апярэдзіў Корзуна. — Я яшчэ болей упэўнены, што менавіта там знаходзяцца сляды гібелі журналіста, — сказаў Корзун. — Прычым, падкрэсліваю, не выпадковай. Юркавец адным вокам паглядзеў на яго, пабарабаніў пальцамі па стале, як заўсёды, калі сур'ёзна задумваўся, потым загадаў: — Так ці не — гадаць не будзем. У Яснагорску хай паназіраюць за хутарам. Куды гэта яны сплаўлялі свіней? Корзун зразумеў, што ў начальства няма ўпэўненасці, быццам Абабурка мае дачыненне да смерці журналіста. Сваім загадам Юркавец як бы размяжоўваў махінацыі ў Яснагорску і здарэнне ў Лясным. А яму самому чамусьці здавалася, што нейкая нітачка павінна ўсё-такі звязваць гэтыя дзве разрозненыя з'явы, інакш не ўпісвалася ў падзеі пісьмо калгаснага шафёра, якое правяраў Рамейка. Пяцьдзесят адгадаваных свіней, улічваючы, што іх, падобна, на прэзенты не выкарыстоўвалі, пераведзеныя на грошы, выліваюцца ў кругленькую суму — добрыя дзесяць тысяч рублёў. Не мог жа Абабурка сам з'есці столькі мяса. Мяса — не мог, а забіць чалавека? У ім жа не відно жорсткасці. Няўжо, як лічыць пракурор Пратасеня, тут простае супадзенне фактаў, якія выпадкова звязаліся ў адзін вузел? Каб Абабурка не быў у тую ноч у Лясным!.. Аўтобусу-экспрэсу да Ляснога ходу было гадзіны на тры. Мароз апаў, вокны ачысціліся ад ледзяной нарасці, і Корзун усю дарогу глядзеў на чорны, толькі сям-там як аздоблены зялёнай хвояй, лес, які, здавалася, бясконца цягнуўся ўздоўж шашы. Аднастайнасць пейзажу крыху стамляла, аднак думаць не перашкаджала. А Корзун, перш чым прайсці яшчэ раз па Рамейкавых слядах, — зноў пацвярджаецца старая ісціна: пачаўшы, не кідай на паўдарозе, прайшоў бы тады, не трэба было б ехаць зараз, — хацеў разабрацца ў сітуацыі сам, прадумаць кожны крок. Каб не паспяшацца, не збочыць з галоўнага кірунку, як гэта здарылася, калі ў пракуратуру прыйшоў Кучаронак. Корзун разумеў, што шафёрава прызнанне на час засланіла ад следства ўсе іншыя версіі, яно нібы адразу падвяло рысу пад іх пошукамі. Але гэта не апраўданне. Бо былі пытанні, на якія ў яго і тады не было адказу. Як ні круці, а Абабурка пэўнае дачыненне да ананімнага пісьма меў. Праўда, тады ён, Корзун, гэтага не ведаў. Але што пісьмо знікла, і знікла ў Лясным — падазраваў. Цяпер, вядома, яму разважаць прасцей. Ведае, што Абабурка вінаваты, прынамсі ў махінацыях са свіннямі. Але разам з тым не трэба забываць, што падазрэнняў супраць Абабуркі ў галоўным — у дачыненні да гібелі журналіста — у яго быццам паменшала. Па натуральнай логіцы, даведаўшыся, што ферма на Вадвянскім хутары выяўлена, Абабурка павінен быў паспяшацца з яе ліквідацыяй, пакуль не напісалі новага пісьма. А ён паводзіць сябе так, нібы нічога не адбылося. Што гэта? Не ведае пра пісьмо і, такім чынам, не вінаваты ў гібелі Рамейкі, ці добра прадуманы ход — пісьмо знікла, і ёсць час зрабіць усё без небяспечнай паспешлівасці? Лес тым часам парадзеў, пацягнуліся прагаліны, за якімі бачыліся заснежаныя палеткі, далёкія вёскі. Неўзабаве з-за павароту вынырнулі жоўценькія аднапавярховыя камяніцы — пасёлак Яснагорскага льнозавода, і аўтобус прыцішыў свой бег. Пачаліся гарадскія вуліцы. Вадзіцель аб'явіў у мікрафон: — Стаянка пятнаццаць хвілін. Выходзіць не хацелася — у салоне было цёпла, утульна. Вадзіцель, пайшоўшы на станцыю, уключыў, каб пасажыры не засумавалі, радыёпрыёмнік. «Крыніца» перадавала мелодыі з класічных аперэт — самых любімых Корзунам. Ён апусціў спінку крэсла, як збіраючыся спаць, уладкаваўся ямчэй і заплюшчыў вочы. Нехта прыемным тэнарам выпраўляў у плаванне свой човен, і Корзун уявіў высокі скалісты бераг, сіняе мора з пеністымі белымі бурунчыкамі, залацісты бясконцы пляж, яркае гарачае сонца… — Салдат спіць, служба — скача, — нечая рука лягла на Корзунава плячо. Ён нехаця павярнуў галаву і ўбачыў начальніка яснагорскага аддзялення крымінальнага вышуку — вясёлага чарнявага вусача Галіцу. Зразумеўшы, што той тут не музыку слухае, падхапіўся з хуткасцю, якую толькі дазвалялі пастаўленыя дзеля эканоміі месца блізка адно ад аднаго цесныя крэслы. Выбраўся на праход, каб не паказаць сваёй вялікай зацікаўленасці, прабурчаў: — Такую песню сапсаваў… — Зараз я табе новую напяю, — падміргнуў Галіца, — за ўсіх песняроў разам. Трымай вуха! — Ну, што там? — Корзун раптам занепакоіўся. — Прагуляемся? — замест адказу спытаў Галіца. Калі аддаліліся ад аўтобуса, прамовіў: — Як казаў класік, лёд крануўся. Аднак супраць плыні. — Слухай, ты, дамарошчаны Эзоп! Умееш ты гаварыць па-людску? — Вядомая табе фірма ліквідуе асноўныя фонды… Корзун ухапіў сэнс, але яму было не да жартаў, і ён з'едліва спытаў: — У вас тут што, міліцыя ці студыя мастацкага слова? — Чалавек без гумару, што… што… — вочы ў Галіцы смяяліся. Нарэшце прыдумаў: — Што кола без спіц: круціцца можа, а да воза не прыстроіш. — І тады ўжо другім тонам дадаў: — Не крыўдуй, сам пачаў з запеўкі. А з фермай вось што: трох вепрукоў гаспадар на кані адвёз у калгасны гурт. Пры іх уліку — не падкапаешся… — Значыць, пісьмо знайшло адрасата? — раздумліва сказаў Корзун. — Гэта я так, сам сабе, — растлумачыў, злавіўшы недаўменны позірк таварыша. — Летуценнік! — той паківаў галавой і развітаўся. Зноў імчаў аўтобус па чыстым, як падмеценым, асфальце. Зноў за акном праносіліся лясы, пералескі і палі, а ў дынаміку гучала лёгкая музыка. Корзун нічога гэтага ўжо не заўважаў. Навіна, прынесеная Галіцам, хоць ён у прынцыпе і чакаў нечага падобнага, прагучала, як выбух у цішыні. Яна звязвала ў адзін вузел не выпадковыя і несумяшчальныя факты, а пэўныя ўжо, нават ці не запланаваныя. Няўжо Абабурка здагадаўся пра пісьмо і пачаў паляваць за ім? Але якім трэба быць акцёрам, каб забіць чалавека і паводзіць сябе як нічога ніякага! Корзун рашыў, што, як толькі прыедзе ў Лясное, адразу пазвоніць, каб затрымалі гэтага заатэхніка. Некалькі хвілін ён абдумваў варыянты допыту яго. І раптам цюкнула: адкуль Галіца даведаўся, што ён едзе гэтым аўтобусам? Няйначай, ад Юркаўца. Але гэта азначае, што і маёр ведае пра Абабуркавы захады. Загад аб арышце ён мог, каб лічыў патрэбным, аддаць і сам. І калі не аддаў, то наўрад ці толькі таму, што спадзяваўся на яго, Корзунаву, здагадлівасць. Відаць, меў нешта яшчэ на прыкмеце. Сапраўды, Корзун адразу астыў, заатэхнік нідзе дзенецца ды пакуль, мяркуючы па ўсім, і не збіраецца нікуды дзявацца. Думае пакрысе пазбавіцца ад галоўнага доказу — падпольнай фермы, а іншага ніхто і шукаць не будзе. Бо вінаваты ў гібелі журналіста ёсць — Кучаронак, шафёр. Чым даўжэй Корзун раздумваў, тым болей супакойваўся. Нічога, зрэшты, непрадбачанага не адбылося. Ад махінацый з свіннямі Абабурка не адкруціцца. А Рамейку да яго ўсё роўна пакуль ніяк не прывяжаш. Так што ўсё застаецца як ёсць. Незразумела адно: навошта было пераймаць яго ў дарозе? Цікава, чыя тут ініцыятыва — Галіцава ці Юркаўцова? Хутчэй за ўсё — Юркаўцова. Каб ён, прыехаўшы, ужо ведаў пра самыя апошнія падзеі. Або каб адразу пачаў звязваць Абабурку з гібеллю журналіста? Задалі яму таварышы задачку. Не толькі адказу няма, умова і тая невядомая. Бо мог жа Абабурка і тыя, хто за ім, па ўласнай задуме ліквідаваць ферму. Жывёлу не сплаўляюць на старану. Вось і круціся, інспектар, апраўдвай сваю пасаду!.. — Ну, Алесь Антонавіч, ты, няйначай, у пракуроры меціш, — такімі словамі сустрэў Корзуна Пратасеня. — Мне і ў міліцыі няблага, — падтрымаў Корзун тон. — Хачу форму надзену, хачу — у цывільным франчу. — Форма што, форма раз — і знасілася. А пракурорава крэсла… — Дзень у мяне сёння, — Корзун павесіў паліто, паправіў касцюм, — як апошняя старонка «Огонька»: адны красворды. Спачатку яснагорскі калега шарады падкідваў, цяпер — паважаны ахоўнік закону. З чаго б гэта, Аркадзь Міхайлавіч? — Не разумееш? Ай, бедалага. З хітрым і сам мусіш па крывой хадзіць. Вось мне, напрыклад, як быць? — А што такое? — Падкоп хто пад мяне вядзе? Ты! І не спынішся, пакуль ад мяне хіба адна макаўка на паверхні астанецца. Так? — Калі ўдасца. — Вось бачыш, — Пратасеня ўздыхнуў. Можа, роблена, а можа, і не зусім. — Дык што ў цябе? Краем вуха чуў, быццам вы там нешта зачапілі. — Ёсць трошачкі,— і ён расказаў пра тое, аб чым даведаўся за апошнія дні.— Як, слушна? — Ты маю думку ведаеш, — паківаў галавой Пратасеня. — Магу толькі паўтарыць: гэта адно з тых супадзенняў, якія часам у нашай практыцы здараюцца. Але цябе не пераканаеш, — ён пасміхнуўся, пацёр скроні,— ты ўпарты, пакуль сам гузак не наб'еш, галаву не ўтуліш. А што замест цябе другі з гузаком застанецца… Не зважай, усяк бывае, абы справе шкоды не было. Спатрэбіцца дапамога — калі ласка. Я не злапамятлівы. Корзуну не надта падабаўся характар гэтай размовы. Не хацелася яму, каб Пратасеня крыўдзіўся. Хіба ён, Корзун, вінаваты, што Абабуркаву свінню пад пракурора падкладае? Але абяцанне памагаць абнадзеіла. Шчыра кажучы, ён баяўся, што пракурор заўпарціцца, будзе настойваць на сваім. Маўляў, свінні — свіннямі, а здарэнне — здарэннем. У яго ж ёсць такі важны козыр, як прызнанне шафёра, пацверджанае і экспертызай, і выездам на месца. А маленькая неадпаведнасць — наезд на вуліцы, а труп на чыгуначным пераездзе — сякое-такое тлумачэнне мае, яе можна пад увагу не браць. Так што справа, лічы, закончана. Аднак і Пратасеня недзе ў глыбіні душы сумняваецца, бо не спяшаецца з абвінаваўчым заключэннем. Ці не таму і згадзіўся памагаць, хаця гэта і будзе супраць яго версіі? Відаць, чалавек ён прынцыповы. Такому можна шчыра расказваць і пра планы і параду папрасіць. — Пабуду на мясакамбінаце, пагавару з галоўным аграномам сельгасупраўлення, але раней, калі дазволіце, сустрэнуся з Кучаронкам. — Не пярэчу, — сказаў Пратасеня. — Хаця наўрад ці што новае гэта дасць. З яго мы выціснулі, здаецца, усё. Зрэшты, пачытай спачатку пратаколы, пераканаешся. — Але ён стаіць на сваім. — Чапляецца. Адно — падбіў, а не забіў і сам пры гэтым прызнаўся, другое — забіў і спрабаваў скрыць сляды. Пакаранне рознае. Цяпер усе адукаваныя: кніжкі чытаюць, перадачы «Чалавек і закон» па тэлевізары глядзяць. Корзун мог і не заглядаць у пратаколы, каб пагадзіцца з тым, што следчы выцягнуў з шафёра, бадай, усё. Усё, што меў або хацеў сказаць той. Але пракуратура працавала над адной пэўнай версіяй, і тыя дэталі, якія да яе не мелі дачынення, не выключана, прайшлі міма ўвагі следства… Выглядаў Кучаронак кепска — няголены твар, парослы рыжаватай шчацінай, расхрыстаная, без верхняга гузіка кашуля, пакамечаны пінжак, які на яго, быццам яшчэ больш патанчэлай, фігуры матляўся што пудзіла на крыжы. Чалавек панік. Пратасеня быў упэўнены, што Кучаронак вельмі перажывае сваю віну, баіцца расплаты і вось-вось зломіцца, раскажа, як было на самой справе. Пазіраючы на Кучаронка, Корзун думаў, што такім чалавек часам робіцца і тады, калі не можа даказаць сваю шчырасць. Апатыя абвінавачанага для следчага не саюзнік, а вораг, тут і да памылкі недалёка. Трэба было неяк вярнуць шафёра да жыцця, даказаць яму, што ягоны лёс зараз залежыць таксама і ад яго самога. — Восіп Антонавіч, — пачаў Корзун, — я чытаў вашы паказанні. Я вам веру. Але і мае, і вашы словы — толькі словы. Іх трэба падмацаваць фактамі. Дапамажыце мне і сабе. Раскажыце яшчэ раз, як было. Падрабязна, нават, калі ўспомніце, не толькі словы — свае і таго чалавека, а і інтанацыі. Вам зразумела? — Навошта ўсё гэта, канчалі б хутчэй. Пішыце што хочаце! — Калі вы забойца… — трэба было вывесці Кучаронка з шокавага стану. — Не! — падаўся назад шафёр. — Як мне даказаць, што не! — Раскажыце, спакойна, толькі праўду. — Колькі можна? — Пакуль мы вам або паверым, або канчаткова не паверым. — Э-эх, — абмяк Кучаронак, — кепскія мае справы, вунь вы з вобласці прыехалі. Па маю душу? — Па вашу, — засмяяўся Корзун, хаця смешнага было тут мала, проста яму хацелася неяк падбадзёрыць чалавека, якому чамусьці верыў.— Толькі і мне не ўсё роўна — чыстая душа ці не чыстая. Што вы расказвалі пракурору, я чытаў. Але мяне цікавіць не сам наезд, тут усё ясна, а тое, што адбылося пасля. — Не вазіў я яго на пераезд! — Згодзен. Таму давайце пачнём з таго, як вы, убачыўшы перад радыятарам чалавека, націснулі на тормаз і пасля выскачылі з кабіны. Што было далей? — Чалавек, ну журналіст, падняўся на ногі і, хістаючыся, падыбаў да плота, — Кучаронак гаварыў ціха, засяроджаны ў нейкіх сваіх думках. Корзун слухаў і непакоіўся: як дабіцца, каб Кучаронку захацелася той вечар, які ён, падобна, рады быў забыць назаўсёды, успомніць да драбніц? Можна, вядома, сказаць прама, што суд улічвае шчырасць, праўдзівасць абвінавачанага, яго дапамогу следству. Аднак раптам Кучаронак тады ўхопіцца за гэта, як за саломінку, і пачне выдумляць, нагаворваць на сябе. Пакуль ён быццам бы не маніў, Корзун яму верыць. Але прайшло нямнога часу, не выключана, што проста не паспеў звыкнуцца з нечаканым трагічным паваротам у сваім жыцці, яшчэ не ўсвядоміў, што паміж яго мінулым і будучым узнікла неадольная мяжа. І калі зразумее гэта, можа кінуцца ў другую крайнасць. Корзун пагартаў справу. Аўтабаза дала Кучаронку добрую характарыстыку. Малайцы. А то часам бывае, што трапіць чалавек пад следства, яшчэ нічога не даказана, а на яго ўжо чорных фарбаў не шкадуюць. Ды і сам факт, што Кучаронак не паспрабаваў утоіць здарэнне, хаця тады ніхто яшчэ на базе пра гэта не ведаў, таксама гаварыў многае. Ці не той гэта выпадак, калі чалавек нечакана, у выніку непрадбачаных абставін, трапляе ў бяду? І Корзун рашыўся. — Восіп Антонавіч, — падаўся ён да шафёра. — Не хачу вас абнадзейваць. Скажу толькі, што ад нашай з вамі размовы залежыць многае. Зразумейце, у суд і так можна перадаваць справу. Але не наша мэта засудзіць вас. Так што зараз у нас з вамі адзін клопат: як мага дакладней аднавіць падзеі таго вечара. Пастарайцеся ўспомніць усё, нават тое, што вам уяўляецца неістотным, не вартым увагі. Слова, сказанае Рамейкам, жэст, рух… Кучаронкавы вочы як ажылі, у іх з'явілася нешта падобнае на цікавасць да субяседніка. Праз імгненне яны зноў пацямнелі. Аднак гэта была ўжо не абыякавасць, а засяроджанасць. Калі ён загаварыў, Корзуну здалося, нібы перад ім не шафёр, які наехаў на журналіста, а нехта старонні, які выпадкова аказаўся на месцы здарэння і цяпер, не спяшаючыся, успамінае. — Ён прыхінуўся да плота, — Кучаронак знайшоў над інспектаравай галавой нейкую кропку і неадрыўна глядзеў на яе. Усё-такі ён адчуваў сябе ў гэтай гісторыі зусім не староннім назіральнікам. — Я сказаў, што трэба ў бальніцу, такі парадак. Ён адмахнуўся, сказаў: «Ёсць справы важнейшыя. А ты, шэф, каці адсюль, а то бяды нажывеш. А я цэлы, нішто. Пратру акуляры і буду ў норме». Ён, — Кучаронак не мог назваць журналіста па прозвішчу, — дастаў з кішэні насавічок і зноў загаварыў. Як цяпер думаю, напэўна, быў ён не ў сабе, бо пераскокваў з аднаго на другое… — Запомнілі? Кучаронак доўга думаў. Паспрабуй успомні праз некалькі дзён словы, на якія і тады не вельмі звяртаў увагу. — Вось… Здаецца… «Шкельца, каб яго, трэснула, нічога, адным вокам усё ўбачу», «каці, шэф, адсюль, каці», «прыйдзе, не прыйдзе»… А потым я паехаў… — Таму што Рамейка настойваў? — Корзун не хацеў змірыцца, што шафёр, хаця і больш падрабязна, але, па сутнасці, паўтарае сказанае раней. — А што я мог зрабіць? Упёрся, і ўсё. «Галава ты, два вухі,— кажа, — у мяне тут спатканне». Я і падумаў, калі яму пагоршае, будзе каму памагчы. Хто ж ведаў… У Корзуна бровы палезлі на лоб. Значыцца, нехта павінен быў прыйсці! Хто? Ці не Абабурка? Гэта ўжо быў след, няпэўны, але след. Усхваляваны, ён, аднак, не забыўся на Кучаронка. — Вы раней калі-небудзь сустракаліся з Рамейкам? І агульных знаёмых у вас няма? Ну, дзякую, Восіп Антонавіч! Пратасеня, аднак, быў менш аптымістычны. — Што Кучаронак пра пачатак драмы не хлусіў, я не сумняваўся. Але ў ёй быў і канец. Чаму абавязкова твой фермер павінен мець да яго дачыненне? — Версія, Аркадзь Міхайлавіч, версія! У яго былі падставы жадаць, каб Рамейка не даў ходу пісьму. — Або дожджык, або снег, або будзе, або не! — Ну, Рамейка меўся з некім пабачыцца. Спадзяюся, тут вы не маеце пярэчанняў? На маю думку, з Абабуркам. Дакажыце, што не. — Нагаварыліся ў калгасе, калі не дагаварылі — дык у аўтобусе маглі, разам ехалі,— Пратасеня, як дасціпны апанент, аспрэчваў Корзунавы довады. — Зрэшты, магло здарыцца, што Рамейка не дачакаўся таго чалавека. — Значыць, не Кучаронак зацягнуў яго на пераезд, хоць з гэтым вы згодны? — Як дапушчэнне, не болей. У гарачцы Рамейка, дрэнна разумеючы, што робіць, паплёўся куды вочы глядзяць. — Вочы… Вочы… — Корзун машынальна паўтарыў за пракурорам. Ён не крыўдаваў. Бо менавіта так яны з розных бакоў павінны былі прыйсці да ісціны. — Ведаеце, Аркадзь Міхайлавіч, Рамейка, як падаў, разбіў акуляры. — Аслеплы і папёрся не ў той бок. — Не, ён у Лясным не першы раз, і гасцініца блізка. Так што прыйдзецца праверыць, што б вы ні казалі, дзе быў Абабурка ў той вечар. — Твая версія — твой клопат, — усміхнуўся Пратасеня. — Дакажу, пабачыце, дакажу, — закрануты недаверам, запальчыва сказаў Корзун. Вільготны вецер — зменлівая зіма пасля марозу абярнулася адлігай — хутка астудзіў Корзунаву гарачнасць. Падыходзячы да мясакамбіната, Корзун ужо разважаў спакойна, няспешна. Ён бачыў, што яго перакананне грунтуецца больш на інтуіцыі, чым на фактах. Гэта, вядома, дрэнна. Аднак пагадзіцца з пракурорам усё роўна не хацеў. Надта ўсё сыходзілася вакол зялёнаборскага заатэхніка, якому, напэўна, трэба было выйграць час, і таму ён не выпускаў з-пад нагляду журналіста. Паехаў у Лясное, хаця здаць жывёлу на камбінат мог і хто другі, прызначыў спатканне Рамейку, паабяцаўшы прадставіць нейкія новыя факты, растлумачыць што-небудзь. Рамейка, чалавек даверлівы, клюнуў на гэта. А паколькі ўдзень быў заняты, згадзіўся сустрэцца ўвечары. Ён наогул, здаецца, не вельмі верыў у злачынства як такое, інакш бы не пытаўся ў Святланы са здзіўленнем: «Адкуль бяруцца жулікі?» Вядома, Абабурка пры ўсёй сваёй хапужнасці не забойца, яму гэта і ў галаву не прыходзіла, проста спадзяваўся выйграць час. Дапамог выпадак, а тады не ўтрымаўся, каб назаўсёды не пазбавіцца ад небяспечнага сведкі. Так махінатар ператварыўся ў бандыта. Фінал лагічны, падобных прыкладаў крыміналістыка налічвае нямала. І тут Корзун зноў злавіў сябе, што думае пра здарэнне як ужо даказанае. Ці не забягае ён наперад? Віну Абабуркі яшчэ трэба даказваць і даказваць. Усё нібы збягаецца, так, а ў руках — пуста. На мясакамбінаце Корзун зайшоў да галоўнага інжынера. Было вядома, што з ім гутарыў у той трагічны для сябе дзень Рамейка. З-за стала насустрач Корзуну падняўся немалады, таўставаты мужчына з пачырванелымі вачамі і шэрым тварам. — Малевіч, — назваў ён сябе, потым, як скардзячыся, усміхнуўся: — Лінія села, цэлую ноч правазіліся. — Бывае, — неазначальна прамовіў Корзун і ўзлаваўся на сябе, што не знайшоў цяплейшых слоў чалавеку, які, можа, і не спаў яшчэ сёння. А ў грудзях варухнулася зайздрасць, што вось ёсць людзі, якія робяць нешта пэўнае, што можна змераць, ацаніць, узважыць, нарэшце, у тых цэнтнерах або тонах мяса, каўбасы, што будуць выпушчаны на адрамантаванай лініі. Ніякавата сказаў: — Я журналістам займаюся. Які загінуў. Чулі? — А як жа. Былі ў мяне супрацоўнікі міліцыі. Заходзіў Рамейка, заходзіў. — Інфармацыю браў? — Корзун не ведаў, пра што пытацца. Такое з ім бывала. І раней, як вучыўся ва універсітэце, і пазней, калі стаў працаваць у крымінальным вышуку. Апануе з раніцы вяласць, і тады ніяк не прымусіць сябе на патрэбным засяродзіцца. Нават таварышы заўважалі гэта. У час экзаменаў жартавалі: «На тваім чале, Алесь, напісана двойка». Двоек, праўда, не бывала, а тройкі здараліся. Падобна, і сёння ён вышэй чым на тройку не выцягне. — Так, запісаў асноўныя паказчыкі. Яны ў нас, бадай, сёлета будуць ці не лепшыя ў вобласці. — І ўсё? — здзівіўся Корзун. Ён лічыў, што журналіст, як і следчы, павінен цікавіцца не толькі фактам, а і яго асновай, сутнасцю. — Нашы лічбы верныя, — не зразумеў яго Малевіч, — праверкі не патрабуюць. — Я не пра гэта, — паспяшаўся растлумачыць Корзун. — Мне здаецца, голыя лічбы можна ўзяць і па тэлефоне. А калі прыехаў на прадпрыемства, то скарыстай выпадак, зазірні глыбей. На тое ты і карэспандэнт, — сказаў і збянтэжыўся, ці не занадта павучальна? — Слушна, — інжынер з цікавасцю паглядзеў на Корзуна. А той раптам заўважыў, што ўсё-такі ўхапіў нітку размовы за кончык. Цяпер трэба толькі асцярожна цягнуць, каб не парвалася. — То ён, можа, яшчэ чым цікавіўся? — Гм… Хіба для прыліку… — Чаму вам паказалася? — Калі чалавек хавае блакнот, гэта азначае, што ўсё патрэбнае ён ужо запісаў. Корзун усміхнуўся: следчы таксама не заўсёды гутарыць з алоўкам у руках. Прыглушыўшы ўсмешку, спытаў: — А пра што гаварылі без блакнота? — Хіба прыпомніш… Так сабе. Пра пагоду. Потым, ці вытрымліваецца графік здачы жывёлы… Якія гаспадаркі і колькі прывезлі на той дзень свіней… — І што вы адказалі? — У мяне на стале даведка. Паказаў, і ўсё. Корзун пакруціў даведку. Не было ў ёй нічога, на чым магло спыніцца вока. Гэта яго. А Рамейкава? — Рамейка да каго-небудзь з вашых заходзіў? — У бухгалтэрыю. Але чаго, я не пытаўся. Ды і ў ажуры ўсё ў нас. — Добра хадзіць у перадавіках, — пажартаваў Корзун. — Ні рэвізор, ні газетчык не страшныя. — Дзеля таго і стараемся, — падтрымаў жарт галоўны інжынер. Корзун развітаўся і пайшоў у бухгалтэрыю. Дзяўчаты, якія сядзелі ў пярэднім пакоі, у момант адсунулі лічыльныя машынкі і з цікавасцю ўставіліся на Корзуна. Яму падумалася, што ў іх жыцці інспектар крымінальнага вышуку быў даволі рэдкай з'явай. — Памажыце, падружкі,— Корзун зняў шапку, сеў ля дзвярэй, каб бачыць усіх дзяўчат адразу. — Да вас заходзіў карэспандэнт Рамейка, ну, той, які загінуў. Пра што ён пытаўся? — Гэта вам Валя скажа, — дружна паказалі дзяўчаты на сваю худзенькую, строгую з выгляду сяброўку. Начапіць ёй на нос акуляры — будзе гатовы партрэт рахунковага работніка, якім мы сабе яго звычайна ўяўляем. — Як, Валя? — Корзун са стулам падсунуўся да яе стала. — Падумаю, — адказала Валя. З сумежнага пакоя, на дзвярах якога вісела шкляная шыльда з надпісам: «Старшы бухгалтар», выглянула сярдзітая жанчына. Сурова агледзела падначаленых і адчытала: — Балаболкі! Вам абы языкамі паматляць. А ў таварыша інспектара, можа, важная справа. Так, таварыш інспектар? — Па ўсім відаць, ёй хацелася самой пагаварыць. Корзун да яе яшчэ не заходзіў. Але нейкім чынам яна ўжо ведала, хто ён. Няйначай, падслухала, калі прадстаўляўся. Трэба было выпраўляць становішча, а то яшчэ гэта надта сур'ёзнае начальства пакрыўдзіцца. — Калі дазволіце, я з вашымі дзяўчатамі спачатку пагутару, — сказаў ён. — Калі ласка, — памякчэла старшы бухгалтар. Аднак дзверы за сабой не зачыніла — жаночая цікаўнасць была вышэй за гордасць адміністратара. — Дзякую, — прамовіў услед Корзун і павярнуўся да Валі. — Слухаю, — суха адказала дзяўчына і раптам, кінуўшы хуткі позірк на адчыненыя дзверы, гмыкнула, нібы падавілася смехам. Корзун па-змоўніцку падміргнуў, але тут жа нахмурыўся з сваёй вольнасці — нагода, што прывяла яго сюды, была не з вясёлых. — Хачу даведацца, як загінуў карэспандэнт, вось і хаджу па ягоных слядах. — Хіба яго не Кучаронак забіў? — зноў выглянула з свайго кабінета старшы бухгалтар. У раённых цэнтрах заўсёды ўсе ўсё ведаюць. А гэта кабета, падобна, не любіла, каб навіны праходзілі міма яе. — Ведаеце, — супакоіў Корзун, — наша міліцэйская справа, што ваша бухгалтарская. Пакуль апошнюю клетачку не запоўніш, справаздачу не здасі — не прымуць. — Як жа, як жа, — згодна заківала яна галавой, нібы нешта зразумела. І вярнулася на месца. — Карэспандэнт папытаў, ці часта гаспадаркі парушаюць узгоднены графік здачы жывёлы, чым гэта выклікана, — дзяўчына была памятлівая. Напэўна, праца з лічбамі прывучыла да такой дакладнасці.— Паглядзеў рахунак яснагорскага калгаса «Зялёны Бор». У той дзень адтуль без чаргі свіней прывезлі. — Прынялі? — Не хацелі, да дырэктара дайшло. Загадаў прыняць. — Што ты, мілачка, — умяшалася бухгалтар з свайго пакоя. — З «Зялёным Борам» у нас ніколі не бывае канфліктаў. Валя так паглядзела ў яе бок, што Корзуну здалося, быццам дзяўчына зараз язык высуне. — У такіх выпадках, напэўна, сам заатэхнік прыбывае? — Корзун пачаў нешта разумець. — Як кожны дбайны гаспадар, — перабіла старшы бухгалтар, і ў яе голасе загучалі павучальныя ноткі. — З цукеркамі? — наіўна закончыў пытанне Корзун. Дзяўчаты захіхікалі, а дзверы ў сумежны пакой сярдзіта ляпнулі, не пакінуўшы нават шчылінкі. — Пра што яшчэ цікавіўся журналіст? — нібы нічога не адбылося, спытаў Корзун. — Ці могуць калгаснікі прадаваць дзяржаве асабістую жывёлу праз калгас. — Што вы адказалі? — Што толькі пасля адкорму ў гаспадарцы, хаця, вядома, парушэнні бываюць. Купяць — і адразу вязуць, а пішуць, што гадавалі. — І ўсё? — Здаецца… А-а, карэспандэнт яшчэ пытаўся, ці прымаем мы жывёлу ад нарыхтоўшчыкаў і прыватных асоб. Вядома, не. — Я здаволены, — падзякаваў Корзун і на развітанне, кіўнуўшы галавой на белую шыльду з вялікімі чорнымі літарамі, усміхнуўся: — Будзе вам. — Міліцыя абароніць! — бліснула падфарбаванымі вачамі Валя. Але не было відаць, каб яна або яе сяброўкі надта баяліся свайго грознага непасрэднага начальства. Напэўна, у добрых калектывах узаемаадносіны грунтуюцца не на боязі, а на нейкіх іншых прынцыпах. Наведаўшы мясакамбінат, Корзун яшчэ болей упэўніўся, што выбраў правільны шлях. Інтарэсы Абабуркі і Рамейкі перапляталіся ўсё цясней. Журналісту, каб паставіць апошнюю кропку ў праверцы пісьма, падобна, трэба было разабрацца, як рэалізуюцца лішнія свінні. Відаць, атрымаўся б неблагі, востры фельетон. І Корзун зноў параўнаў працу газетчыка са сваёй. Як многа агульнага! Асабліва калі трапляюцца вось такія выпадкі. А Рамейка малайчына, за колькі дзён раскруціў справу. Так што ў Абабуркі былі прычыны ўзненавідзець яго, а тады і знішчыць… — Як ты гэта ўяўляеш? — спытаў Пратасеня, калі Корзун выклаў яму вынікі свайго паходу на камбінат і ўзніклыя пасля меркаванні. — Убачыў, што Рамейка страціў прытомнасць, завёў на пераезд і пакінуў. А можа, яшчэ і прыстукнуў. — Кучаронкава прызнанне пацверджана і выездам на месца, і экспертызай. А чым ты падмацуеш абвінавачанне супраць заатэхніка? — Над гэтым думаю, — шчыра прызнаўся Корзун. — Зразумей, кінуць можна было і ў полі, наўрад ці ён бачыў, як журналіста ўдарыла машына. А ў нашым выпадку падробка пад чыгуначнае здарэнне. Гэта адно. Другое: чалавека, які, хай і з дапамогай, але дайшоў да пераезда, проста так не кінеш. Што яму не дало зайсці ў будку вартаўніка? Акно ж свяцілася. — Гарачка… — Не ўскладняй. Што ён, як ты кажаш, у гарачцы, Абабурка павінен быў здагадацца адразу, як толькі сустрэліся, — Пратасеня перасмыкнуў плячамі, нібы ўявіў сябе на гарадской вуліцы ў той позні завірушны вечар. — Неверагодна. Усё неверагодна. Абабурка — не бандыт, — адказаў ён на нямое запытанне Корзуна. — Рамейкава гарачка і без таго давала яму тую перадышку, пра якую ты, прабач, дзяўбеш. Пакуль ён ачуняў бы, мінула б некалькі дзён. Не, — паўтарыў Пратасеня. — Неверагодна. І сама гарачка, і прагулка да чыгункі, і сустрэча… — Вы не ведаеце Рамейку. Мог ён, мог прызначыць сустрэчу без сведак, бо не хацеў кідаць цень, не ўпэўніўшыся. — На Абабурку? — перапытаў Пратасеня. — Ты ж казаў, што ён раскусіў заатэхніка. Не, ты заблытаўся, сам сабе пярэчыш! — Але ж Рамейку знайшлі на пераездзе, — упарціўся Корзун. — І шафёру ён казаў аб сустрэчы. — Адны домыслы, інспектар. Як пракурор папярэджваю — не прыму без доказаў,— і пасміхнуўся, не хацеў крыўдзіць чалавека, хаця і гаварыў яму суровую праўду. — Шукаю, Аркадзь Міхайлавіч, доказы, абяцаю знайсці. — Так. Начуўся пра тваю настойлівасць. Дай бог, як кажуць, нашаму цяляці воўка спаймаці. Буду толькі рады. А зараз ты што збіраешся рабіць? То, можа, пасядзіш? Кунцэвіч прыйдзе, хачу ўжо і з ім закончыць. Мы хутка. — А што, пасяджу паслухаю. Ён у маім плане таксама значыцца. Кунцэвіч паўтарыў сказанае мінулы раз, нічога новага не дадаўшы. Ды і Пратасеня не дамагаўся. Адчувалася, што паўторны допыт проста неабходная фармальнасць. Праўда, і ў Корзуна да нарыхтоўшчыка пытанняў не было. Паказанні Кунцэвіча былі дакладныя, а аўтар іх у даным выпадку быў пасіўным сведкам. Заўважыў і паведаміў. Што было раней ці пасля, яго не датычылася. Можна было закругляць допыт. Зазваніў тэлефон. Пратасеня ўзяў трубку, выслухаў і сказаў: — Я вам перазваню. З райкома, — паведаміў ён Корзуну і Кунцэвічу, — прабачце. — І выйшаў у прыёмную. Кунцэвіч правёў вачамі пракурора і павярнуўся да Корзуна. Яго позірк нібы пацяплеў, і з твару знікла сухая афіцыйнасць якая была ў час размовы з Пратасенем. Корзуна ён, напэўна, палічыў тут выпадковым чалавекам. Памаўчаўшы, як вагаючыся — гаварыць ці не, хітравата, аднымі губамі ўсміхнуўся: — А вы тады збеглі, Аляксандр Антонавіч. — Чаго гэта? — Корзуну стала няёмка. Здаецца, прыдумаў пераканаўчую прычыну, а гэты з выгляду праставаты чалавек, аказваецца, раскусіў яго. Не, што б там ні казалі, а ў кожным нарыхтоўшчыку гіне вучоны-псіхолаг. — Вось і я думаю, — усміхнуўся Кунцэвіч. — Дзяўчына ці, можа, кампанія не да стала? Урэшце ён сам пачаў размову. Гэта развязвала Корзуну рукі. Цяпер любое яго пытанне будзе выглядаць больш-менш натуральным. А пытанне ў яго было. Праўда, асабіста да Кунцэвіча, які знайшоў мёртвага Рамейку і раней з ім не сутыкаўся, яно дачынення не мела. Таму і не мог задаць яго раней, у час афіцыйнага допыту. — Дзяўчыну я трэці раз у жыцці бачу. А кампанія?.. Дык яна мне нават болей падыходзіць, чым вам. Вам жа гадоў на дваццаць болей, чым любому з нас. — Калі лічыць Міхася Карпавіча, на пятнаццаць… — Сябруеце ж… — Не без таго, — Кунцэвіч развёў рукі, маўляў, у каго не бывае дзівацтваў.— Маладзею з ім. За гэта і люблю. — Дзіўная дружба, — паддзеў Корзун. — Што так? — выпнуў падбародак Кунцэвіч. Тое, што Корзун хацеў даведацца яшчэ нешта пра Абабурку, вядома, не давала яму права ўспамінаць, мажліва, непрыемныя для Кунцэвіча моманты. Ён гэта разумеў, але размова была як паміж знаёмымі, з нейкай агульнай таямніцай, так што можна было не выбіраць выразаў. — Вы да яго «Карпавіч», а ён… — Ну, гэта глупства, — усміхнуўся зноў Кунцэвіч, хаця вочы яго нібы наліліся холадам. — Галоўны заатэхнік, начальства. Прывык да пачцівасці. А мне што, цяжка? Мае чыны невысокія, як пачынаў Федзем, так Федзем і скончу, хіба пракурор у пратаколе Сяргеевіч дапіша… Абы дружба была. Кунцэвіч прамовіў гэта раўнадушна, нібы пытанне было не вартае сур'ёзнай увагі. І сапраўды, у дружбе не гэта важна, былі б вернасць, шчырасць. Корзун не меў падстаў думаць, што ў адносінах Кунцэвіча і Абабуркі няма шчырасці. Проста нарыхтоўшчык ставіўся да маладзейшага таварыша паблажліва, дараваў фамільярнасць, можа, недзе ў глыбіні душы ганарыўся дружбай з чалавекам больш высокай пасады, адукаваным, непрывычным. Мог жа Абабурка выклікаць у Кунцэвіча захапленне шырокімі жэстамі, непадобнасцю на ягоных калег, людзей, з якімі ён пастаянна сутыкаўся як нарыхтоўшчык… — Сумняваецеся? — паўза зацягнулася, і ў Кунцэвічавым голасе пракінулася насмешка. — Мне ён здаваўся больш тонкім, чулым. — Корзун так не думаў, Абабурка яму не спадабаўся з першай сустрэчы, але Кунцэвічу зараз зусім не абавязкова было гэта ведаць — ён міжволі мог дадаць да Корзунавага ўяўлення аб заатэхніку які-небудзь новы штрых. — Са мной ён адкрыты: які ёсць, такі ёсць. Гэта можна было разумець так, што перад іншымі Абабурка іграе прыдуманую ролю. Вядома, такія людзі таксама ёсць. Але навошта Кунцэвічу раскрываць яго, гэта не па-сяброўску. Не зусім абыякавы да Абабуркавай зняважлівасці? То што вымушае цярпець яе? Цікавы, шчодры сабутэльнік ці… хаўруснік?! Свіней жа Абабурка мусіў неяк збываць, і Рамейка цікавіўся на камбінаце, ці не здаюць туды закупленую жывёлу нарыхтоўшчыкі. Кунцэвіч з гэтай дзіўнай дружбы меў навар, вось і зносіў крыўду. Корзун адчуў горыч. Не таму, што Кунцэвіч мог таксама аказацца жулікам, хаця лепш бы ім не быў, хопіць аднаго Абабуркі. Крыўдна было, што ў яго такая прафесія — як што паварушыш, няйначай, брыдоту выцягнеш. Вярнуўся Пратасеня. Зірнуў на спахмурнелага Корзуна, паківаў галавой і нечакана спытаў: — Фёдар Сяргеевіч, заатэхнік зялёнагорскага калгаса, як яго… Абабурка. Калі бывае ў Лясным, у вас спыняецца? Кунцэвіч, які ўжо ішоў да дзвярэй, затрымаўся, павёў поглядам на здзіўленага Корзуна, павярнуўся да пракурора: — А што? — Кучаронак сцвярджае, што карэспандэнт меўся з кімсьці сустрэцца, — Пратасеня не тлумачыў, хто такі Кучаронак, аб ім у Лясным усе ведалі зараз, не таіў ён і ягоных паказанняў — той, перш чым пайсці ў пракуратуру, усё расказаў на аўтабазе, і сёе-тое магло стаць вядомым Кунцэвічу. Хай пытанне выглядае як давер. — Заатэхнік ехаў сюды разам з карэспандэнтам, то, можа, чуў што ад яго? — У мяне, — каротка і недаўменна адказаў Кунцэвіч, паглядаючы то на Корзуна, то на пракурора. — Вам ён нічога не казаў? — Не, мы гэта здарэнне неяк не паспелі абмеркаваць. Кунцэвіч быццам не прыдаў значэння пытанню. Але Корзуну здалося, што ён нібы падабраўся, напяўся. — І ў той вечар, як загінуў журналіст, ён у вас начаваў? — Як вам сказаць, — Кунцэвіч задумаўся. — Як было, так і скажыце, — Пратасеня склаў папкі, засунуў іх у шуфлядку, падкрэсліваючы, што істотнага значэння пытанню не надае. — Вярнуўся пазнавата, можа, пад раніцу — я на гадзіннік не глядзеў,— кінуў позірк на Корзуна, — справа маладая… — У Абабуркі тут нявеста, — Корзун забаяўся, што нарыхтоўшчык здагадаецца пра іх другую цікавасць да заатэхніка, і паспяшаўся прыпыніць размову. — Тады канешне, — згадзіўся Пратасеня. — Дзякую, таварыш Кунцэвіч, спадзяюся, да канца следства больш вас не патурбуем. — Цяпер бачыш, — сказаў Пратасеня Корзуну, калі нарыхтоўшчык пайшоў,— твой Абабурка ніякага дачынення да справы не мае. — Можа, наадварот? — захваляваўся Корзун. — Нявесту я наўмысля прыплёў. Не начаваў ён у гэтай дзяўчыны. Не такая яна. З Рамейкам быў Абабурка, з ім! — Не ведаеш ты жанчын, інспектар, — паляпаў яго па плячы Пратасеня. — Ну-ну, не бычся. Высвятляй, калі хочаш, ці ёсць у Абабуркі алібі. Баюся толькі, на чужы ложак натрапіш. Як у ваду глядзеў пракурор, хаця пра ложак і загнуў… XII Следчы выказаў Абабурку даволі сур'ёзныя абвінавачанні. Прыпіскі, нядбайнасць, якая прывяла да паморку жывёлы, наўмысля заблытаны ўлік. Пра Вадвянскую ферму ён пакуль не ўспомніў. Так прапанаваў Корзун, каб дачасна не насцеражыць заатэхніка. Хай думае, што гібель карэспандэнта з ім ніяк не звязваюць. Толькі папрасіў адзін з першых допытаў даручыць яму. Корзуну вельмі не хацелася б яшчэ раз сустракацца, размаўляць з Абабуркам. Гэты прайдзісвет ніколі не быў яму прыемны. Тым болей зараз, калі выявіліся яго злачынствы. Аднак падазрэнне ў забойстве — толькі падазрэнне, яго трэба або пацвярджаць, або знімаць, і Корзун мусіў перасіліць сябе. Да таго ж ва ўласнай версіі ён мог разабрацца лепш за іншых. Арышт падзейнічаў на Абабурку. Але не так, як Корзун уяўляў сабе гэта, рыхтуючыся да сустрэчы з ім. Галоўны заатэхнік «Зялёнага Бору» выглядаў больш заклапочаным, чым разгубленым. Корзун ведаў, што на першым допыце Абабурка трымаўся агрэсіўна — не пагаджаўся, спрачаўся, даводзіў сваю асабістую невінаватасць. Следчы не ўтойваў, што яго чакае. Адных прыпісак хапала, каб не хутка вярнуцца дадому. Абабурку гэта, аднак, падобна, не палохала. Нават цяпер, калі ўжо мінула некалькі дзён, за якія можна было абдумаць сваё становішча. Ва ўсякім выпадку, Абабурка трымаўся так, нібы ўсё яшчэ быў галоўным заатэхнікам вядомага калгаса, верыў у свае магчымасці, сілу. Корзун засмуціўся. Ведаючы ўсё ці многае з таго, што натварыў Абабурка, ён у глыбіні душы чакаў ад яго іншага. Не мог, думалася, нармальны чалавек, у якога крута і далёка не лепшым чынам ламаецца жыццё, не азірнуцца, не ўзважыць сваё мінулае. Інакш кажучы, не магло ў ім не абудзіцца сумленне — хаця б у чым-небудзь пракінуцца. У Абабуркі яно, відаць, як і раней, спала. Адзінай рэакцыяй Абабуркі, калі ён увайшоў, было здзіўленне, што ў крэсле следчага сядзіць Корзун. — Чым гэта я зацікавіў крымінальны вышук? — спытаў ён, бадзёрачыся, нібы іх сустрэча адбывалася дзе-небудзь на вуліцы пасля нядаўняга і цёплага расстання. — Хіба ў вашых дзеяннях няма нічога крымінальнага? — Корзуну раптам стала цікава: паядынак абяцаў быць напружаным. — Ого, «вы»!.. Значыць, масты спалены, і мне дарогі назад няма? — Вы не адказалі на пытанне. — Як вам сказаць… э-э… Напэўна, я павінен гаварыць «грамадзянін інспектар»? — Абабурка яўна цягнуў час, стараючыся выбраць правільную лінію ў паводзінах, з'яўленне Корзуна азадачыла яго. — Увогуле так. Але можна і «Аляксандр Антонавіч». Спаленыя масты заўсёды наводзяць на сумны роздум. — Следчы лічыць… — Міхаіл Карпавіч, — Корзун усё яшчэ не губляў надзеі, што тое добрае, якое павінна быць у кожным чалавеку, возьме верх над тым злачынным, якое чамусьці з'явілася ў Абабурку. — У такіх абставінах для вас і для нас таксама зусім не ўсё роўна, што думаеце вы. — Чыстасардэчнае прызнанне. Так, Алесь Антонавіч? — іранічна ўсміхнуўся Абабурка. — Але ў чым? Былі прыпіскі? Былі, не адмаўляю. І ўлік заблытаны быў. Але ці мы хавалі ўсё гэта? Рэвізоры вунь з першага заходу заўважылі. Гэта адно. А другое — ці для сябе мы стараліся? Ён выбраў-такі лінію. Маўляў, не я, а мы, і ніякае мае асабістае зацікаўленасці тут няма — усё, што рабіў, было на карысць раёну, бо і прадукцыі давалі нямала, і для іншых служылі маяком. І яшчэ ў словах, паводзінах Абабуркі было спадзяванне, што тыя, каму ад яго перападалі цукеркі, кветкі і парсюкі, нарэшце, у крыўду не дадуць. Корзун падумаў, што ўсё-такі правільна не нагадалі пакуль Абабурку пра свінаферму на хутары. Нават калі ён і не забіваў Рамейку, то не пашкодзіць выкрыць яго як звычайнага ашуканца. Паказаць яму ўсю тую шкоду — і матэрыяльную, бо калгас мог даваць значна болей мяса, і маральную, бо махінацыі, якія знаходзяць падтрымку, разбэшчваюць няўстойлівых, выклікаюць расчараванне ў сумленных працаўнікоў,— што нанёс ён сваімі нібыта клопатамі пра калгас. Аднак быў і чыста следчы момант, які раіў не спяшацца раскрываць усе карты, якімі Корзун валодаў. Свінаферма на хутары, мажліва, вяла непасрэдна да Рамейкі, і тады Абабурка будзе асабліва пільны да ўсіх пытанняў, якія так ці інакш звязаны з карэспандэнтам. — Ну, вы таксама без прыварку не заставаліся, — Корзун у тон яму іранічна пасміхнуўся. — Я не кажу аб прэміях. А пашана! Помніце, вы, думаючы, што я газетчык, запрашалі мяне прыехаць, каб паказаць ваш вопыт? Так? — Пра нас і без вас пісалі,— Абабурка абурыўся, і Корзун не мог уцяміць, шчырае абурэнне ці найгранае. — Той, хто пісаў, не дурны быў, нешта разумеў! — Не, абурэнне было шчырае, Абабурка з усяе сілы чапляўся за свае довады. — І Рамейка, скажаце, таксама станоўчае ўбачыў? — Момант, каб памяняць напрамак допыту, здаўся Корзуну ўдалым. Ён узняў вочы, каб праверыць, як Абабурка ўспрымае гэта даволі хітрае пытанне. — Ён з вашай пароды, — нахмурыўся падследны. — Прычапіўся не горш за рэвізора. — Уедлівы быў журналіст, шкада, загінуў. — Што і казаць. Лепш бы ён нас прапісаў у газеце, чым тая Мухіна з абласнога ўпраўлення ў акце. — Думаеце, вам лягчэй было б? — Корзун занепакоіўся. Нешта ў паводзінах Абабуркі, які не ўхіляўся ад, здавалася б, небяспечнай для яго тэмы, не ўпісвалася ў загадзя пабудаваную Корзунам схему допыту. — А то не? У раёне адрэагавалі б, і кропка, не было б крымінальнай справы. Пэўны рэзон у гэтым сцвярджэнні быў. Сапраўды, не на кожнае выступленне друку адгукаецца міліцыя, асабліва калі ёсць так званае рэагаванне. Але што, калі Абабурка спрытна адводзіць ад сябе Рамейку? Часу, каб прыдумаць гэты, увогуле ўдалы, ход, у яго хапала. Ліквідацыю ж фермы на Вадвянскім хутары, напэўна, пачалі не выпадкова. — Нават так? — Корзун зрабіў выгляд, што здзіўлены такой магчымасцю. — Я думаў, што журналісты не вельмі дзеляцца планамі, збіраючыся крытыкаваць. — І здагадацца не цяжка, калі грэх ёсць… — Нарэшце, Міхаіл Карпавіч, — засмяяўся Корзун. — Нарэшце вы прызналі за сабой сёе-тое. Праўда, грэх — не крымінал, — ён наўмысля на час адводзіў размову ўбок, — але, спадзяюся, урэшце пагодзіцеся… — Што гэта вас развесяліла? — Абабурка пакруціў галаву. — Мне асабіста не да смеху. — Даруйце, правільна, радавацца нагоды няма. Менавіта вам, столькі начапіўшы на сябе. — Вось я і кажу, — ён пачынаў злавацца, не разумеючы, да чаго хіліць інспектар. — А начапіў, як вы кажаце, не я, а вы на мяне… — Стаміліся ад ношы? Ну то, каб даць вам перадыхнуць, — падхапіў Корзун, зноў мяняючы кірунак размовы, — успомнім што іншае, — ён зрабіў выгляд, што раздумвае. — Ну то хаця б… Як я да вас у калгас прыязджаў. Мы тады, па-мойму, не дагаварылі, нешта перашкодзіла. Справа, вядома, мінулая, але, калі не супраць, задавольце маю інспектарскую цікаўнасць. Пытанне было пастаўлена, як кажуць, у лоб. І зноў на Абабуркавым твары не здрыгануўся ніводзін мускул. — Пра што? — Ускосна вы мне ўжо сказалі, што прывяло карэспандэнта ў «Зялёны Бор». Але адкуль ён даведаўся пра вашы, скажам мякка, дасягненні ў перадавым вопыце, чаму апынуўся ў Лясным? Абабурка паціснуў плячамі, аднак адказаў: — На нас ці не капнуў хто, цяпер не прапусцяць, толькі дай повад. А ў Лясным… Бачыў яго на мясакамбінаце, што ён там рабіў — не пытаўся. — І ў дарозе нічога не казаў? Праўда, вы сядзелі паасобку, — Корзун спецыяльна паказаў, што тое-сёе ведае, каб Абабурка раптам не пачаў выдумляць. — Ого! — упершыню ў Абабуркавых вачах акрамя злосці прамільгнула нешта іншае — яшчэ не страх, хутчэй насцярожанасць, ад якой да страху, аднак, ужо блізка. — Умееце вы прыбядняцца, Шэрлак Холмс. — Няўжо? — Корзун быў здаволены: заатэхнік заўважыў пагрозу там, дзе яе хвіліну назад не было, і зараз будзе выкручвацца. — А ўжо ж. Не сумняваюся, што вы ўвесь яго шлях аж да пераезда прасачылі. Так, ён захваляваўся. Аднак Корзун зноў адчуў, што нечага ў яго паводзінах не хапае. Каб пазбавіцца гэтай няпэўнасці, прызнаўся: — На жаль, не ўвесь. Ведаю, што павінен быў з кімсьці сустрэцца. А з кім — не ўстанавіў. — Ай-яй, інспектар, — Абабурка, як забыўшы, дзе ён, ажывіўся. — Не, вы не Шэрлак Холмс, я памыліўся. Такой дробязі, а не раскусілі. Са мной павінен быў сустрэцца Рамейка, я назначыў спатканне. — Жартуеце? — Корзун адчуў млявасць у целе, так не хлусяць вінаватыя, так на віселіцу папасці можна. — У маім становішчы, Алесь Антонавіч? Кепскі вы псіхолаг. — Навучуся, — легкадумна махнуў рукой Корзун. — Аднак, згадзіцеся, ваша заява даволі нечаканая. Не баіцеся? — Чаго? — цяпер здзівіўся Абабурка. — Чалавек хацеў нешта высветліць. Прыёмных пакояў у Лясным ні ў мяне, ні ў яго не было. Чаму нельга нам пабачыцца на вуліцы ў позні час, тым болей што гэта побач з гасцініцай — яму блізка, і мне ад Кунцэвіча недалёка. — Ён зусім не тоіўся. — Яна адбылася, — Корзун стрымліваў сябе, — сустрэча? — Ён не верыў у такую ўдачу. Два-тры пытанні, і Абабурка будзе прыпёрты да сценкі. — Напэўна, я спазніўся. На дамоўленым месцы нікога не было: ні Рамейкі, ні машыны, якая яго збіла. — Раптам яго вочы шырока раскрыліся. — Дык… — Што? — падаўся да яго Корзун. Абабурка не заўважыў гэтага руху, уражаны ўласнай здагадкай: — Няўжо шафёр закінуў мёртвага на пераезд? Гэта ўжо было занадта. Корзун не лічыў сябе псіхолагам. Допытаў не любіў, і яны, падобна, плацілі яму ўзаемнасцю, даваліся цяжка. Не ўмеў распачынаць размову на пустым месцы, тушаваўся, сутыкаючыся з яўным нахабствам. Таму і не пайшоў пасля вучобы ў следчыя. Аднак, нават маючы малы вопыт, бачыў зараз, што Абабуркавы паводзіны натуральныя. Гэта азначала толькі адно: стройная, добра распрацаваная версія рассыпалася на вачах. І ў той жа момант нешта быццам бы ад яе заставалася, нейкая маленькая, але важная дэталь. Яна была вядомая яму і раней і, здавалася, павінна паставіць усё на сваё месца. Звязана яна з Абабуркам? Мажліва, хаця, відаць, не напрамую. Але засяродзіцца не ўдавалася. Абабуркаў калючы позірк быццам свідраваў яго, і гэта раздражняла. Думкі пераскоквалі з аднаго на другое, не клеіліся ў цэлае. Стрымана сказаў: — Пакінем шафёра мясцоваму пракурору. — Мая перадышка скончылася, так вас разумець? — самаўпэўненасці, нахабства Абабурку пазычаць не трэба было, сваіх хапала. Тое, што ён не ўхіляўся ад размовы аб карэспандэнце, збівала Корзуна з толку. Каб перад ім быў спрактыкаваны злачынец, можна было б падумаць, што гэта выдатны прытворшчык, які не баіцца хадзіць па краі кручы, адводзячы тым самым падазрэнне ад сябе. Прызнаць такія якасці за Абабуркам было немагчыма. Як злодзей ён сфарміраваўся зусім нядаўна. Корзун ужо добра вывучыў і яго характар, і біяграфію. Прыпіскі — прыпіскамі, яны былі і да Абабуркі ў гэтым калгасе, а ферма на хутары праіснавала каля дваццаці месяцаў. Нішто ёй не пагражала, так што і апасенні наўрад ці ўзнікалі ў Абабуркі. Цікава, хто яму падказаў гэту ідэю з фермай? Не старшыня ж, які, падобна, і сам аб ёй не чуў. Кунцэвіч? Корзун ледзь не пляснуў сябе па лбе. Менавіта нарыхтоўшчык сцвярджаў, што ў тую злашчасную ноч вярнуўся Абабурка аж пад раніцу. Вось тая дэталька, трымайся, вучоны заатэхнік! Корзун з усмешкай зірнуў на Абабурку: калі ты не хочаш, то пойдзем табе насустрач, перадышкі не будзе. Абыякава сказаў: — Зрэшты, засталося адно пытанне ў гэтай серыі. Дзе вы былі ў той вечар, калі загінуў Рамейка? — У той вечар? — Абабурка, было прыкметна, разгубіўся. — Я заўсёды ў Лясным спыняюся ў Федзі… Прабачце, у Кунцэвіча. Напэўна, і тады быў… — Напэўна ці дакладна? — Дакладна, — а голас прагучаў няўпэўнена, хрыпла, быццам у горле раптам перасохла. Корзун з палёгкай уздыхнуў: Абабурка папаўся. Ён дастаў з папкі, у якой ляжала заведзеная на Абабурку справа, загадзя падрыхтаваную выпіску з паказаннямі Кунцэвіча, і прачытаў яе. А тады з націскам спытаў: — Дык дзе вы былі? Абабурка, напэўна, цэлую хвіліну злосна глядзеў Корзуну ў вочы, пакуль крыва не прамовіў: — А вам не ўсё роўна? — Як бачыце. — Эх вы, адным словам, міліцыянер! Хіба для вас існуе мужчынскі гонар? Хіба вы ведаеце, што не на ўсякае пытанне сапраўдны мужчына мае права адказаць? — Так, я міліцыянер і ганаруся гэтым, — Корзун нават не абурыўся, Абабурка не заслугоўваў, каб на яго крыўдзіцца. — А вы, як можна зразумець, сапраўдны мужчына? Дык вось, Міхаіл Карпавіч, каму-каму, а вам варта было б ведаць, што нават сапраўдныя мужчыны могуць і, заўважце, абавязаны ўрачу і міліцыянеру адказваць на пытанні толькі праўду. Гэта ў іх інтарэсах. Ну, а цяпер канкрэтна. Намякаеце на жанчыну? — Не ваш клопат! — Мой, на жаль, Міхаіл Карпавіч, — Корзун адчуў стому. — Ёсць сур'ёзныя падставы падазраваць, што гэта вы завезлі яшчэ жывога карэспандэнта на чыгуначны пераезд. І без таго пукатыя Абабуркавы вочы, здалося, зусім выкаціліся з арбіт. Ён ашалела глядзеў на Корзуна і шырока, як выкінутая з вады на бераг рыба, адкрываў рот. — Прыдумалі…— нарэшце выціснуў ён. — Мастакі. Ну добра, Федзька спрасонку на гадзіннік не паглядзеў. Яму што. А вы — афіцыйная асоба… — Ён адвярнуўся. Бадай, варта было б падаць шклянку з вадой. Аднак вырашыў пачакаць, што будзе далей. Пакой для допытаў — не амбулаторыя, дзе лечаць нервы. Тым болей таму, хто толькі што назваў сябе сапраўдным мужчынам. — Я разумею, — пачаў Корзун, — абвінавачваючы, мы павінны прадстаўляць доказы. — Ён памаўчаў, даючы магчымасць падследнаму сабрацца з духам. Допыт неспадзявана набыў востры характар. — Але я толькі сказаў, што ў нас ёсць падставы падазраваць вас. Шчыра кажу: буду рады, калі вы абвергнеце гэта сур'ёзнае падазрэнне. Абабурка аціх і папрасіў дазволу закурыць. Упершыню за цэлую гадзіну. Усё-такі вытрымку ён меў. Толькі нечаканы паварот у допыце пазбавіў яго раўнавагі. — Дык дзе вы былі? — паўтарыў Корзун. — Ад вашага адказу многае залежыць, Міхаіл Карпавіч. — Ён не хацеў, каб яго версія зараз жа атрымала пацвярджэнне, і адчуваў, што шчыра хоча, каб забойцы наогул не аказалася. Абабурка выкурыў, напэўна, паўцыгарэты, перш чым, зразумеўшы, што адказваць неабходна, кінуў: — Спытайце ў Якушавай… Корзун пазней не здолеў сабе растлумачыць, чаму ён адразу паверыў у Абабуркава алібі. Бо званіў Святлане проста дзеля пратакола, упэўнены, што так яно і было. Пакуль давалі Лясное, пакуль нешта гаварыла Святлана, ён ліхаманкава шукаў, якім чынам закончыць допыт. Нельга было, каб Абабурка зразумеў, што яго цікавіў толькі Рамейка. Але і адысці ад Рамейкі проста так, нават калі версія лопнула, не хацелася. Надта многа было аддадзена ёй думак і часу, каб расстацца раптоўна. Паклаўшы тэлефонную трубку, папракнуў: — Міхаіл Карпавіч, Міхаіл Карпавіч, навошта была гэта сцэна, га? — Вы ўсё роўна не паверылі б. — Хто ведае. Размова ж была шчырая, ва ўсякім разе, з майго боку, і ад вас чакаў шчырасці. — Як у ваўка з авечкай, — Абабурка пакрысе рабіўся самім сабой. — Гэта вы авечка? — Корзун рассмяяўся, да яго раптам вярнуўся добры настрой. — Хто вас ведае — пальца ў рот не пакладзе. — І вам таксама! — То я ж воўк. Але хопіць нам гуляць у словы. Каму вы казалі, што маеце сустрэцца з карэспандэнтам? — Падумаеш, падзея. Хіба ўспомніш. — Вядома. Але цяпер, кінуўшы вам падазрэнне, мушу праверыць вас да канца. Выйшлі з даверу, Міхаіл Карпавіч, не крыўдуйце. — Калі так… — Абабурка нервова пацёпаў правым плячом. — Якушавай, ёй я ўдзень яшчэ казаў, калі прасіў дазволу завітаць. Сакратарка дырэктара мясакамбіната чула, мы пры ёй дамаўляліся ў прыёмнай. Яшчэ?.. Не, не помню. Каб-то знаццё… — Ну, успомніце — скажаце следчаму, ён мне перадасць. Наогул пра ўсіх, з кім размаўлялі ў той дзень. — Няўжо не шафёр? — Абабурка на хвіліну, падобна, забыўся на сваё становішча. — Вы лепш аб сабе падумайце, — не стрымаўся Корзун. — А зараз да справы, бо спатканне наша зацягнулася. Як гэта вы вынайшлі прыпіскі? — Не мы аўтары, — Абабурка, як адмяжоўваючыся ад іншых аматараў прыпісак, выставіў наперад далоні.— Толькі адным хоць бы што, а нас вось… — Гэта вы дарэмна, Міхаіл Карпавіч. Ашуканствам у наш час не пражывеш, не соладка цяпер махлярам. Столькі часу ўводзіць у зман грамадскасць, як вы, мала каму ўдаецца. Таму і цікаўлюся вамі. — Але ж мы не пра сябе дбалі, што-кольвек прыбаўляючы… — Ён яшчэ спрабаваў трымацца свайго. — Да таго, самі хацелі пакончыць. — Добрымі намерамі, кажуць, пекла толькі забрукавана, — паківаў галавой Корзун. Ён ведаў пра гэтыя намеры больш, чым разлічваў Абабурка. І яшчэ ён ведаў, што злодзей, пачаўшы красці, спыніцца толькі тады, калі возьмуць яго за каўнер. — А пра сябе ці не пра сябе дбалі — гэта сутнасці справы не мяняе. Корзун пагаварыў яшчэ з ім пра ўлік на калгасных фермах, пра рэвізораў раённага сельгасупраўлення, якія так і не заўважылі махінацый. У пратаколе, які падпісаў Абабурка, пра Рамейку не было ні слова. XIII Пасля допыту Корзун раз за разам перабраў усе вядомыя яму факты. Тое, што нядаўна ўяўлялася неаспрэчным, зараз пачало выглядаць зусім інакш, наводзіла на думку, што ў гібелі Рамейкі Абабурка не вінаваты. Але куды падзець тыя самыя факты, на якія ён увесь час абапіраўся? Яны ж засталіся і самі па сабе, бадай, існаваць не могуць. Такім чынам, сказаўшы «а», ён мусіць гаварыць і «б»: не зялёнаборскі заатэхнік, дык хто? А вось на гэта пытанне і не бачылася адказу. Маёр Юркавец лічыў, што падначалены заўсёды павінен мець хай і памылковую, але ўласную думку, ад якой можна было б пачаць распрацоўку версіі, вядома, калі спатрэбіцца, зрабіўшы неабходныя папраўкі. Корзун не прывык карыстацца выпадковымі здагадкамі, спадзявацца, што за яго нешта прыдумае хто другі. Гэта не азначала, што ён заўсёды трапляў на прамую дарогу. Было, што і блукаў, як кажуць, шукаючы вугал у круглым пакоі. Але нават няўдалыя прапановы ў яго вызначаліся абгрунтаванасцю, адпавядалі тым звесткам, якія на той момант былі ў следства. Падпалкоўнік Шарай неяк сказаў, што ў яго інтуіцыя сапраўднага крыміналіста. Корзун з гэтым не пагадзіўся. Не ад сціпласці. Адзнака кіраўніка райаддзела была прыемнай, і ён нават злавіў сябе на тым, што пачаў задзіраць нос, нямнога, але заганарыўся. А разабрацца, дык інтуіцыя ні пры чым, проста ён, можа, больш уважліва, грунтоўна працаваў над матэрыялам, не пакідаў без увагі, не адкідаў без праверкі ніводнай дробязі, стараўся зразумець, чаму і як адбылося злачынства. Выпадак з Абабуркам выглядаў няўдачай. Так, напэўна, і скажа начальнік аддзела. А ён запярэча: адноснай, таварыш маёр. Бо ўсё роўна перакананы, так ці інакш уся гэта гісторыя неяк з Абабуркам звязана: зніклі паперы, якія наводзілі менавіта на «Зялёны Бор». Таму падазрэнне ўзнікла не выпадкова, не на пустым месцы, яно мела падставу і, што самае важнае, не можа не мець працягу. Якаясьці нітачка ад галоўнага заатэхніка калгаса павінна працягнуцца да таго, каго яны з маёрам Юркаўцом прыдумалі, не ведаючы яшчэ пра Абабурку. Вось толькі ці пагодзіцца з гэтымі разважаннямі сам маёр? Дабраўшыся да гэтага месца, Корзун нібы ўткнуўся ў глухую сцяну. А раптам сапраўды забойца толькі ўяўны і нітачка — апошняя саломінка, хапаючыся за якую, ён, інспектар крымінальнага вышуку, хоча апраўдацца і перад сабой і перад начальствам за марна страчаны час? Карэспандэнт мог згубіць паперы раней, пакінуць на стале ў гасцініцы або ў сталовай, адкуль прыбіральшчыца па прывычцы, не надта прыглядаючыся, выкінула іх у сметнік. Маглі, нарэшце, паперы ляжаць і ў папцы, якую карэспандэнт меў пры сабе, калі трапіў пад машыну, няважна, што дзяжурная ў гасцініцы не помніць гэтага. З гэтай папкай ён сунуўся на пераезд і па дарозе недзе згубіў. Чым следства можа абвергнуць гэта? Нічым. Снегу ў тую ноч намяло нямала. Дык ці не пагадзіцца з такім вывадам? У кожным расследаванні распрацоўваюць адразу некалькі версій, а пацвярджаецца толькі адна. Так што і папрокаў у адрас Корзуна не будзе. Думка была спакуслівая, дазваляла разам пакончыць з усімі турботамі і нават апраўдвала, маўляў, ты зрабіў болей, чым патрабавалася. Успомні Дзюбаву параду пра сініцу. Навошта табе той журавель, калі сініца ўжо ў клетцы, і не сініца, а цэлы крумкач, прычым злоўлены не без твайго ўдзелу. Няма Абабуркі-забойцы, ёсць затое Абабурка-раскрадальнік… Корзун паглядзеў на стол, за якім сядзеў Дзюба. Наморшчыўшы нос, старшы лейтэнант нешта засяроджана пісаў. Напэўна, маючы ў руках такую справу, ён не стаў бы ламаць галаву — сумненні рэдка наведвалі яго. Зайздросная, увогуле, якасць, толькі не ў супрацоўніка міліцыі. Ен, Корзун, напэўна, спаць не змог бы, каб зараз пахаваў сваю версію. Зрэшты, ён і без таго не спіць. Круціць і так і сяк, сілячыся звязаць у адно дзве знешне зусім розныя нітачкі. Танюткія, слабенькія — адна яго, другая Пратасенева, якую Пратасеня хоча ўжо аформіць у закончаную справу. Падумалася: але і нахабнік ты, Корзун, такія ад сціпласці не паміраюць. Параўнаў сябе з Пратасенем, у якога гадоў на трыццаць большы крыміналістычны стаж! Па дзіўнай асацыяцыі чамусьці прыпомнілася гісторыя, якая, здавалася, не мела ніякага дачынення да цяперашняга расследавання. У гарадок, дзе жыў Корзун да універсітэта, прыехаў артыст-матэматык. Ёсць сярод артыстаў, аказваецца, і такія спецыялісты. Выклікаючы захапленне дзятвы, гэты матэматык імгненна перамнажаў пяці-шасцізначныя лічбы, з аднага позірку запамінаў табліцу, у якой было да сотні напісаных гледачамі лічбаў. Пасля гэтых гастроляў слава Корзуна — першага матэматыка школы — страціла бляск. У гарадку гаварылі толькі пра артыста-віртуоза. На пераменках на класных дошках з'яўляліся табліцы, і вучні адзін перад адным стараліся запомніць і паўтарыць напісаныя крэйдай лічбы. Корзун не ўдзельнічаў у гэтым матэматычным буме. Ён быў здзіўлены і абражаны. Здзіўлены здольнасцямі заезджага гастралёра, абражаны непастаянствам славы. Ён тады яшчэ не ведаў, што слава, нібы вогнішча, — каб не згасла, трэба ўвесь час падкідваць дровы. Корзун рашыў, што паўторыць праграму матэматыка-артыста, і пачаў практыкавацца. Ён не ўмеў, ды, напэўна, і зараз не ўмее, рабіць што-небудзь напалавіну. Гэта неўзабаве адбілася на вучобе. Яго захапленне, вядома, не засталося тайнай для аднакласнікаў. І калі выкладчык алгебры аднойчы на ўроку спытаў: «Што з табой, Саша?», даволі блізкі таварыш, які горача падтрымліваў яго задуму, з нявінным выглядам — на жаль, і так бывае — растлумачыў настаўніку: «У артысты меціць!» Настаўнік у той дзень пасля заняткаў са школы пайшоў разам з Алесем. Яны гаварылі пра матэматыка. Алесь захапляўся яго здольнасцямі, даказваў, што той хутка будзе акадэмікам. Настаўнік слухаў моўчкі, а потым сказаў: «Акадэмікамі вялікія матэматыкі становяцца да трыццаці гадоў, а твайму ўжо за сорак. Ён не валодае самастойным мысленнем. Нават настолькі, каб рашыць больш-менш складаную задачу з падручніка для дзесятага класа. Проста ў яго добрая механічная памяць, — і, счакаўшы некалькі хвілін, дадаў: — Натрэніраваўшыся, ты, мажліва, паўторыш усё, што робіць ён. Але ці задаволіць цябе праца, у якой не будзе месца для палёту думкі, для творчасці?» Алесь нічога не адказаў настаўніку. Аднак размовы не забыў. На матфак ён не паступаў, хаця мог бы — лепш за яго ў школе, пакуль ён вучыўся, задачы не рашаў ніхто. Алесь выбраў іншую прафесію, калі прыгледзецца, блізкую да матэматыкі менавіта логікай. Яна таксама патрабавала таго самага палёту думкі, пра які так у час нагадаў настаўнік. Бывае, над дэтэктыўнай загадкай трэба думаць не меней, чым над цяжкай матэматычнай задачай, прычым у адказе не лічбы, а людскі лёс. Корзун іранічна пасміхнуўся сам сабе: так-то яно так, але ці не ў Пратасенеў гарод, паважаны інспектар абласнога ўпраўлення, кідаеш ты каменьчык? Ён, значыцца, шматгадовы вопыт і веды прымяняе механічна, бярэ вывады з паверхні, а ты, маладзён, імкнешся ўзняцца над фактам! А чым ты можаш падмацаваць сваю пазіцыю? Нічым, і гэта галоўнае… Увайшоў Юркавец. Начальнік аддзела часта, жадаючы высветліць тое ці іншае пытанне, не выклікаў да сябе падначаленага, а сам ішоў да яго. «Дома сцены памагаюць, — любіў ён жартаваць, — то хай яны памагаюць інспектарам». Юркавец паставіў пасярод пакоя стул, каб бачыць і Корзуна і Дзюбу, сеў верхам і традыцыйна спытаў: — Што намудрылі, светлыя галовы? — Заканчваю план аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў,— сказаў як адрапартаваў Дзюба. Толькі што не ўскочыў з крэсла. — Так, — маёр зірнуў на гадзіннік, — адразу пасля абеду абмяркуем. — Усё распісаў,— у начальнікавых словах Дзюба адчуў адабрэнне, — возьмем тых дамушнікаў! — Ну-ну, — сказаў Юркавец і звярнуўся да Корзуна: — А ты? — Думаю… — Мысліцель! — фыркнуў Дзюба. Юркавец зірнуў на Дзюбу ацэньваюча, быццам бачыў упершыню, тады пасунуўся на стуле, як на кані, да Корзунавага стала. — Даведка гатова? — Напалавіну, пра Абабурку, а далей… — Пратасеня дакончыць, — зноў падаў рэпліку Дзюба. — Нарада яшчэ не пачалася, старшы лейтэнант, — крутануў галаву ў яго бок Юркавец і вярнуўся да Корзунавай даведкі. Прачытаўшы, сказаў: — Паспрабуй зацікавіць Пратасеню. Калі ты маеш злавіць не падпаручніка Кіжэ, то, мусіць, некага з яго раёна. Два дні табе, і ні гадзіны лішняй. Ці так, ці гэтак! Корзун пачырванеў. І ад нядаўніх думак аб пракурору Ляснога, і ад катэгарычнасці начальнікавых слоў, за якімі чуўся прыхаваны папрок. Калі да гэтага ён спадзяваўся на Юркаўцову дапамогу — усё-такі ўдвух з тупіка выбірацца лягчэй, то цяпер бачыў, што разлічваць павінен толькі на сябе. Ад Пратасені ён многага не чакаў. Відаць, і начальніку аддзела гэта крутня вакол уяўнага — інакш пакуль не скажаш — забойства ўелася ў пячонкі. Ды і над ім начальства ёсць. Краем вока Корзун улавіў Дзюбаву яхідную ўсмешку і неахвотна выціснуў: — Ёсць!.. — Ну-ну, — працягнуў сваё любімае Юркавец, паставіў на месца стул і накіраваўся да дзвярэй. А Корзун падумаў, што ён усё роўна пойдзе па жураўля… Збіраючыся ў дарогу, Корзун ніколі не спяшаўся. Калі яго падганялі, жартаваў: — Аўтобус для мяне ці я для яго? Пачакае! І сёння, зірнуўшы на гадзіннік, вырашыў, што мае некалькі лішніх хвілін, каб зрабіць яшчэ адну важную справу — наведаць Марыю Апылінскую. Крыўда на яе хутка прайшла. Зрэшты, і падстаў не было для крыўды. Хто ён дзяўчыне? Выпадковы знаёмы. Больш ні разу не прыехаў у Даманы, не адшукаў тады ў тэатры. Дык якія могуць быць прэтэнзіі? А вось цяпер не зайсці ён проста не мае права. Бо менавіта цяпер, мажліва, ёй сапраўды патрэбна падтрымка. У інтэрнаце было ціха, пуста. Завочнікі, відаць, параз'ехаліся, а пастаянныя жыхары яшчэ не вярнуліся з канікулаў. Вахцёрка доўга вадзіла пальцам па спісе, шукаючы Марыіна прозвішча. Па вузкай стаптанай лесвіцы Корзун падняўся на трэці паверх, прайшоў у канец калідора, разглядаючы на аднолькавых карычневых дзвярах белыя бляшанкі з сінімі нумарамі. Перад Марыіным пакоем спыніўся, пастукаў. Ніхто не адказваў. Ён пастукаў яшчэ раз, мацней, потым прыхінуўся да сцяны, раздумваючы, што рабіць. — Летуценні хоць салодкія? Корзун падняў галаву, усміхнуўся: — Паспіш тут, не інтэрнат — а прахадны двор. — А ўжо ж, раз'язджаемся, — Марыя апусціла на падлогу свае дзве паўнюткія гаспадарчыя сумкі. Яна смяялася, а Корзун раптам з сумам падумаў, як правільна падмечана: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Ці не Абабуркавы ўрокі так змянілі дзяўчыну? Вясёлая, пасмялелая, нават бойкая на выгляд. Шчокі густа і не надта ўмела прыпудраны, напэўна, каб схаваць свой, натуральны румянец; вакол вачэй сінія фарбаваныя кругі. Некалі Святлана Якушава тлумачыла яму, што гэтак модна. А ён і да гэтага часу не разумеў, чаму часта дзяўчаты не берагуць тое сваё, чым іх так шчодра адарыла прырода, — натуральную прыгажосць, індывідуальнасць? Сукенку ці боты, як у сяброўкі, не надзене, а прычоску, плямы на твары — калі ласка. І не падумае, што менавіта ў гэтым яны бываюць падобныя адна на адну, як інкубатарскія кураняты. Напэўна, ён надта прыдзірліва разглядаў яе, бо Марыя сумелася. Аднак адразу авалодала сабой. — Вы да мяне, Саша? — Да вас… — Усё, — загаварыла яна, адчыняючы дзверы. — З дыпломам? Віншую! — Дзякую. У нас учора выпускны быў. От адсвяткавалі — жах! — Чаму жах? — усміхнуўся Корзун. — Напэўна, наадварот. — Не чапляйцеся да слова, — яна пасунула яму крэсла, вярнулася да дзвярэй, выглянула ў калідор. Потым не вытрымала, спытала. — Вашага сябра часам тут няма? — Якога? — Корзун спачатку не зразумеў, пра каго яе думкі. — Ну, майго калегі, калі хочаце, — Марыя сказала гэта з выклікам: ёй, бясспрэчна, было прыемна адчуваць сябе заатэхнікам з вышэйшай адукацыяй. — Міхаіла Карпавіча. — А-а, — Корзун ужо і сам здагадаўся, хто дзяўчыне патрэбны, але ж не казаць ёй, дзе ён зараз. — Абяцаў на вечары быць, грошы за яго ўнесла. А ён не прыйшоў. Як вам гэта падабаецца? Корзун уздыхнуў: не ведаў, што больш — падабаецца яму гэта або не. Зірнуў на Марыю, хаваючы спачуванне. Была пудра, была фарба, але была і бездапаможная, праставатая дзяўчына, у якой так хутка закружылася галава. Аднак ён не папракаць яе прыйшоў сюды. Мяняючы тэму, спытаў: — Аўтобус хутка? — Зараз, — яна пакорпалася ў сумачцы, шукаючы білет. — Дзе ж ен? Ага, вось… Яшчэ з гадзіну маю. — Шкада, што не ў адным кірунку едзем. А то і ў Даманах памог бы. — Там будуць чакаць, — Марыя з сумненнем паглядзела на пузатыя сумкі, што красаваліся побач са сталом. — Падарункаў дзяўчатам набрала. Як яны там без мяне? Марыя сказала гэта задуменна, і Корзуну раптам убачылася тая самая загадчыца фермы — простая, заклапочаная, працавітая. А на сэрцы палягчэла. Падумалася, што, урэшце, памадай карыстацца яна навучыцца, справа, відаць, не ў гэтым. Бо ў галоўным — у адносінах да працы — Марыя засталася ранейшай. Ён разумеў, што разважае, бадай, занадта прамалінейна, але ці так ужо гэта важна? Павесялелы, падхапіў важкія сумкі: — Крануліся? Па дарозе дзяўчына толькі адзін раз успомніла пра Абабурку. Калі Корзун спытаў, ці застанецца яна цяпер, атрымаўшы дыплом, на сваёй ферме. — Старшыня прапаноўваў пайсці заатэхнікам-селекцыянерам, — адказала Марыя. — Пасада важная, жывёла ў калгасе ледзь не напалову беспародная. А Міхаіл Карпавіч не раіць. — Чаму так? — Яго зразумееш? Баламут! — Апошняе слова дзяўчына прамовіла сярдзіта. — Проста жартаўнік, — Корзуну падумалася, што яна не можа дараваць Абабурку, які не прыйшоў на выпускны вечар. — Гэта праўда, — нечакана спакойна пагадзілася дзяўчына. — Выдумшчык. Каб не Фёдар Сяргеевіч, ён бы немаведама што выкінуў бы. Дзіўны ён нейкі. — Хто? — Ды гэты дзядзька. Сядзіць, маўчыць, а часам як зыркне на Міхаіла, той і аціхне. — Стары… — Усё роўна непрыемны. Ён і пра вас сказаў Міхаілу: што гэта опер да нас прычапіўся? — Марыя страсянула галавой. — Ды ну яго. Не цяжка? Сумкі былі напакаваны, як для сябе. Але Корзуну яны падаліся пушынкамі. Ён пазнаваў дзяўчыну і не пазнаваў. Аказваецца, яна ўмела назіраць, ацэньваць людзей, і Абабурка ёй не затлуміў галавы… Яны прыйшлі на станцыю. Корзунаў аўтобус адпраўляўся раней, і цяпер Алесь шкадаваў, навошта загадзя набываў білет. Ён паставіў сумкі ля пасадачнай пляцоўкі, адкуль адыходзіў даманаўскі аўтобус, і ў гэты момант дыспетчар праз радыёдынамік аб'явіла: «Грамадзяне пасажыры, на пятай платформе пачынаецца пасадка на Лясное». — От, нягоднік, — пагразіў Корзун пальцам рэпрадуктару, што вісеў на слупе над іх галовамі,— і пагаварыць не дае. Адна надзея, што вы паступіце ў аспірантуру. — Чаму? — здзівілася Марыя. — Прыедзеце на сесію, і мы зноў сустрэнемся… Ля тэатра… — А я культпаход арганізую! — засмяялася дзяўчына. — Усёй фермай прыедзем. — То я не буду знаць калі,— Корзун сказаў гэта сур'ёзна. Марыя на імгненне задумалася, потым хітра бліснула вачамі: — Мы з сабой участковага Савачкіна возьмем. Спадзяюся, вы захочаце з ім пабачыцца?.. XIV За тыя тры гадзіны, пакуль Корзун ехаў у аўтобусе, дзень паяснеў, пасвятлеў. І хаця сонца яшчэ грэла слаба — белы снег па-ранейшаму іскрыўся на цёмнай шашы, — бледна-блакітнае з залацінкай неба ўжо радасна абяцала, што вясна недзе блізка, на падыходзе. Вуліцы Ляснога адразу ажылі — пабольшала людзей, запаволіўся іх крок. Вірлівы натоўп заўсёды вабіў Корзуна. Напэўна, таму, што сярод людзей, нават занятых нечым сваім, ён не адчуваў так востра сваёй адзіноты. Пазіраючы на вясёлыя, узбуджаныя твары прахожых, на хвіліну-другую забываў уласныя нягоды. Яму і зараз захацелася прайсціся, не спяшаючыся, па гэтым раптам пацяснелым шырокім тратуары, пастаяць дзе-небудзь на рагу, ловячы дзявочы смех, кароценькія рэплікі, выпадковыя словы, і зусім не думаць пра нагоду, якая трэці раз за апошнія дні прыводзіць яго сюды. Але не выпадала: чакаў, папярэджаны тэлефонным званком, пракурор Пратасеня. Шчыра кажучы, Корзун не хацеў бы звяртацца да Пратасені па дапамогу. Што б там ні было, а ў колішнім пракуроравым жарце мелася доля ісціны. Усё, што ён, Корзун, хацеў даказаць, абарочвалася супраць Пратасені. Бо менавіта Пратасеня ў першую чаргу абавязаны быў высветліць усе абставіны, пры якіх загінуў журналіст, і тады немінуча выйшаў бы на Абабурку — не забойцу, дык раскрадальніка. Гэта за Пратасеню зрабіў, прытым насуперак яго думцы, Корзун. Па шчырасці, Пратасеня не павінен быць на яго ў вялікай крыўдзе. Як сумленны чалавек, ён найперш сабе не даруе прамашкі. Ён не выбіраў лягчэйшага шляху, расследваючы здарэнне. Відаць, проста сам не заўважыў, як павёў справу напаўсілы, і ўхапіўся за тое, што само прыплыло на следчы стол. Шмат гадоў пражыўшы ў Лясным, ён не хоча, не можа паверыць у наўмыснае забойства, бо ведае і раён і людзей. А можа, гэта гады вінаватыя — хватка аслабла. Праўда, яшчэ невядома, ці не спяшаецца ён, Корзун, спраўляць перамогу, толькі будучыня пакажа, хто з іх са шчытом, а хто на шчыце. У пракурораў кабінет Корзун зайшоў, хаваючы насцярожанасць. Жадаў шчырасці, узаемнасці і баяўся непрыязнасці. Пратасеня быў невясёлы. Корзуна сустрэў, стоячы пасярод пакоя. Напэўна, чакаючы, не адзін раз памераў, колькі крокаў ад дзвярэй да процілеглай сценкі. Павітаўся стрымана. — Заходзь, заходзь, — пачакаў, пакуль Корзун распранецца, і павёў яго да мяккага глыбокага крэсла з падлакотнікамі, сеў сам насупраць. — Размова ў нас не кароткая. — Гаварыў ён такім тонам, што Корзун не разумеў, ці то будзе ў іх нарада, ці вывалачка яму аднаму за настырнасць. Бо гэта праз яго, Корзуна, у справе, якая, здавалася, завяршаецца, раптам узнік лішні Абабурка і цяпер можа пабурыць так моцна закляпаную канструкцыю. На ўсякі выпадак, шкадуючы сімпатычнага яму чалавека, Корзун сказаў, чырванеючы, аднак: — Даруйце, Аркадзь Міхайлавіч… — Ты пра што? — ускінуў галаву Пратасеня. — Не крыві душой, так мне старому дурню і трэба, заслужыў! У Корзуна адлягло на сэрцы. — Вучыся хаваць пачуцці,— усміхнуўся пракурор, — спатрэбіцца. — Зноў усміхнуўся: — Добра, што хоць такую параду магу даць… — То я ж не на допыце, Аркадзь Міхайлавіч, — Корзуну не спадабалася парада. Успомнілася свая універсітэцкая практыка. Тады папаў ён у райаддзел, у якім усе супрацоўнікі — ад начальніка да юнага інспектара — хадзілі строгія, з застылымі тварамі і халоднымі цяжкімі позіркамі. Корзуну здавалася, што нават і на яго, практыканта, паглядалі як на патэнцыяльнага крымінальніка. Напэўна, на ўсё жыццё далася ў знакі яму першая практыка, пасля якой ледзь не расчараваўся ў выбранай прафесіі. Таму зараз, успомніўшы тую практыку, загарачыўся і дадаў: — Але і на допыт неабавязкова надзяваць маску. — Гэта у вас, маладых, цяпер псіхалогія, абыходлівасць, душэўныя кантакты з падследным, — Пратасеня быў сцішаны, сумны. — А ў наш час мы ведалі адно: не ў лялькі гуляем. — Ён памаўчаў, паўздыхаў, пакруціўся ў крэсле, нібы хацеў яшчэ глыбей уціснуцца. — Не думай, не лекцыю чытаю і не спавядаюся, просячы адпушчэння грахоў. Проста засмуціў ты мяне, прымусіў адчуць старасць. Вось і бурчу, як дзед. — Ён пацёр пальцамі патыліцу. — Ну, давай вернемся ў сягонняшні дзень. Аднак адразу расставім кропкі над «і». З Абабуркам, прызнаю, прашляпіў. Хаця, як бачыш, твой Абабурка калі і вінаваты ў смерці Рамейкі, то толькі таму, што спазніўся на сустрэчу. Што датычыць непасрэдна гібелі карэспандэнта, то тут я стаю на сваім. Пакуль не давядзеш адваротнае. Прымаеш такую зыходную пазіцыю? — Ахвотна. Пры ўмове, што і маё і ваша будзем даказваць сумесна. — Хітрун ты, Аляксандр Антонавіч, хітрун, — падняў Пратасеня рукі.— Загнаў у вугол і пытае, ці хачу выбрацца. Хачу, хачу. Згодзен. — Я рады, — сказаў Корзун. — Вось і добра, лічу дыпламатычныя перагаворы скончанымі. Пераходзім да справы. Значыцца, робім тваю версію асноўнай, рабочай. Выкладвай усё, што ведаеш, што надумаў, да самых апошніх драбніц. Пратасеня ўстаў, перасеў у сваё пракурорскае крэсла, відаць, там адчуваў сябе больш упэўнена, і паклаў перад сабой чысты ліст паперы. Не перабіваючы, уважліва выслухаў. З прыкрасцю прамовіў: — Улавіў маё самае слабое месца і кружыш, як коршун над квактухай з вывадкам. Ну добра, я не даказаў, як Рамейка апынуўся на пераездзе. Але ж і ў цябе адны толькі меркаванні. — Аркадзь Міхайлавіч, — нагадаў Корзун, — мы не вашу, мы маю версію круцім. — Помню, помню, не напамінай. Гэта я каб пераезд пакуль адкінуць. Перад тваім прыездам я перачытаў заключэнне медэксперта. Як прадбачыў твае закіды. Мог Рамейка сам дабрацца, гарачка завяла, а там страціў прытомнасць, уткнуўся носам у снег ці ў каўнер, рукаў і задыхнуўся. Гэта адзін магчымы варыянт. Другі — памаглі задыхнуцца. Верагоднасць аднолькавая. Але, калі не ўстановім, хто памог, хочаш не хочаш, прыйдзецца спыніцца на першым, маім. Кучаронка я, здаецца, праверыў па ўсіх пунктах. Тут твая праўда, на чыгунку ён не ездзіў. — Што ж, гэта абмяжоўвае задачу. Пратасеня кіўнуў. — Бачыш, твая настойлівасць і ва мне сякія-такія сумненні пасеяла, — падміргнуў ён Корзуну, але, нібы засаромеўшыся гэтай гуллівасці, нахмурыўся. — Твой круг з Абабуркі пачаўся, на ім і замкнуўся. Ён быў самай зацікаўленай асобай, бо яму патрэбны быў час, каб расцягаць вадвянскую ферму. Таму ці не магло быць, напрыклад, так: Абабурка ўсё-такі прыйшоў у дамоўленае месца. Убачыўшы, што карэспандэнт не ў сабе, забраў паперы. Га? — Хапіла б з яго пісьма… — буркнуў Корзун. Перад допытам заатэхніка ён яшчэ мог пагадзіцца з такім паваротам. Цяпер — не. — Ну-у, заадно прыхапіў і білеты з камандзіроўкай, — заўважыўшы рэакцыю Корзуна, пагадзіўся Пратасеня. — Але мы дамовіліся на час, умоўна Абабурка ні пры чым. То хто яшчэ? Выпадковы чалавек або прайшоў бы міма, маўляў, п'яны за плот трымаецца — на жаль, і так бывае, — або дапамог бы. Гэты выпадак нарабіў у гарадку шуму. Тое, што ніхто нічога не паведаміў ні ў міліцыю, ні ў пракуратуру, зноў-такі сведчыць надвае: або ніхто не бачыў, або бачыў і не хоча аб'яўляцца. Згодна з нашай умовай, спыняемся на другім… …Пратасеня гаварыў лагічна, прадумана, нібы расстаўляў фігуры на шахматнай дошцы. Ён не кідаўся ад адной думкі да другой, як гэта апошнімі днямі часта рабіў Корзун. Ён адразу ўхапіў асноўную, адкінуўшы ўсе астатнія. Ці не наведвалі і яго сумненні, нават калі ён упарта адстойваў свае вывады? — Такім чынам, павінен быць нехта яшчэ, хто таксама хацеў утаіць сляды. Прызнацца, выслухаўшы цябе, прыкінуўшы зробленае мною, я ўсё роўна не магу за што-небудзь зачапіцца. Не бачу, і хоць ты плач. — Няўжо няма нават малюпасенькіх, вось такусенькіх кончыкаў? — Корзун сціснуў вялікі і ўказальны пальцы. — Пад мікраскопам ты збіраешся іх разглядаць, ці што? — усміхнуўся Пратасеня. — Ёсць у мяне знаёмыя электроншчыкі, Аркадзь Міхайлавіч, што хочаш на святло боскае выцягнуць: хоць малекулу, хоць атам, — Корзун жартаваў, а сам з надзеяй глядзеў на пракурора. Надта задумлівы быў той, каб не мець нечага яшчэ, акрамя версіі, якую ён так упарта адстойваў зусім нядаўна. — Смала… — Што-што? — Ну, дзядоўнік, калі табе смала незразумела. Кажу, прычапіўся ты. Нюхам чуеш, ці што? — Ага, трэніруюся. — Ды не строй блазна, не паверу, што з цябе весялосць прэ. Ёсць быццам бы дэталька… — Якая? — нецярпліва выпрастаўся ў крэсле Корзун, адразу пасур'ёзнеўшы. — Неістотная ўвогуле, на мой погляд, але… — Не цягніце, Аркадзь Міхайлавіч! Якая? — А ты сам што думаеш? — А якой гадзіне вярнуўся Абабурка да Кунцэвічаў — я так і не ўстанавіў. Адзін пропуск у ланцужку. З кім ён у той дзень пасля абеду бачыўся? Пра сустрэчу яны дамовіліся з Рамейкам на мясакамбінаце… Другі пропуск. — Усё? — Быццам бы… — Так-так, — Пратасеня ўважліва глядзеў на Корзуна, — наклёўваюцца тут дзве няпэўныя лініі, якія перасякаюцца ў адной кропцы. Дакладней, могуць перасекчыся. Аднак я табе не дзед-мароз, сам папрацуй. На сябе ж! — Дык я хоць зараз! — Зараз пойдзем да мяне вячэраць, Аляксандр Антонавіч, жонка там напякла-насмажыла, пакрыўдзіцца, калі не ацэнім. Гасцініцу табе заказалі. Так што заўтра і праверыш, праўду казаў заатэхнік, называючы час вяртання да Кунцэвічаў, ці хлусіў. Лады? Даўно Корзуну не даводзілася дзейнічаць вось так усляпую, не ведаючы дальняга прыцэлу. Ініцыятыва ў справе, якую ён хацеў павярнуць па-свойму, нечакана была перахоплена Пратасенем. Праўда, фармальна так яно і павінна быць: пракурор ёсць пракурор, а інспектар крымінальнага вышуку — толькі інспектар, якому належыць шукаць, лавіць, знаходзіць, а не весці расследаванне. Аднак Корзун любіў, каб кожнае слова, рэпліка, паварот у размове з пачатку і да канца былі вынікам яго задумы, яго волі. А Пратасеня не сказаў, што хацеў бы атрымаць ад гэтай размовы. Ці то сам яшчэ блукаў у тумане і не хацеў другога вадзіць за сабой, ці то, дрэнна ведаючы гэтага другога, баяўся, каб не падагнаў ён факты да няпэўнай здагадкі. Як бы там ні было, Корзун мусіў падпарадкавацца, хаця ў душы быў пакрыўджаны. З Юркаўцом яны працавалі як бы на роўных. Думка, якая прыйшла пракурору ў галаву, непакоіла Корзуна. Ён не забываў на яе і вечарам, пакуль сядзелі ў Пратасені пад апекай яго гасціннай жонкі, і пасля, калі ён прыйшоў у гасцініцу. Было б някепска не толькі здагадацца, а і крыху падыграць пракурору, адплаціць і за псіхалогію, і за душэўныя кантакты. А дзеля гэтага варта паламаць галаву. Кунцэвічава жонка ўзімку не працавала, яна афармлялася мужавай памочніцай толькі на гарачую пару нарыхтовак — канец лета і восень. Так што ці яе, ці самога гаспадара застаць дома можна было. Пабудаваліся Кунцэвічы на ціхай вуліцы, паралельнай цэнтральнай. Дом быў на каменным падмурку, абшаляваны жоўтай вагонкай і накрыты белай ацынкаванай бляхай. Чатырма сваімі шырокімі светлымі вокнамі ён глядзеў на палісаднік, які аддзяляў яго ад тратуара. Але і астатнія пабудовы падворышча былі не горшыя; бярвенчаты хлеў, каменны гараж. Людзі цяпер жывуць добра, будуюцца найчасцей не з апошняй капейкі і хочуць, каб жытло было прасторнае, прыгожае, утульнае. Адно толькі плот у Кунцэвічаў быў шчыльнейшы і вышэйшы за суседскія. І то, у сезон тут, напэўна, на тыдзень-другі, пакуль вывезуць, заставалася нямала нарыхтаванай гародніны і садавіны. Па высокіх прыступках Корзун падняўся на ганак. Дзверы ў цёплыя сенцы былі прачыненыя, адтуль курыўся смачны пах прыгарэлага перасмажанага сала. Невысокая чарнявая жанчына ў зашмальцаванай ватоўцы з закасанымі рукавамі завіхалася ля газавай пліты. Убачыўшы незнаёмага, гаспадыня абцерла рукі аб крыссе ватоўкі, не надта прыветна аб'явіла: — Мужа няма. У яе быў моцны з хрыпінкай голас. Корзун назваў сябе і сказаў, што можа пагаварыць і з ёю. Жанчына замітусілася, пачала запрашаць у пакоі. Непрыветнасць на твары змянілася ліслівасцю. Калі чалавек мае справу з матэрыяльнымі каштоўнасцямі і пры гэтым тое-сёе не надта законна выгадвае сабе, з супрацоўнікамі міліцыі ён стараецца на ўсякі выпадак не псаваць адносін. А што Кунцэвічы, ва ўсякім разе, муж, былі такімі, Корзун не вельмі сумняваўся. Іх дружба з Абабуркам наўрад ці была чыста духоўная, нездарма, напэўна, спрабаваў Рамейка высветліць, куды дзяваюцца свінні з вадвянскай фермы… І знутры Кунцэвічаў дом выглядаў новым, завершаным. Па калідоры, засцеленым дывановай дарожкай, гаспадыня правяла Корзуна ў гасціную. Тут на падлозе таксама ляжаў дыван — на ўвесь пакой, паласаты, чорна-жоўты, з нявытаптаным яшчэ ворсам. Корзун разгублена спыніўся ля дзвярэй. Як ні выціраў ногі, а пакінуў на дарожцы расталыя кропелькі. Жанчына злавіла яго позірк, паспяшалася заспакоіць: — Зімой снег чысты. Але крэсла пасунула бліжэй да дзвярэй. Сама засталася стаяць, трымаючы пад модным стракатым фартушком рукі — ватоўку паспела некуды сунуць. Корзун не меў прэтэнзій да гэтай жанчыны, у версію Абабурка — Рамейка яна ніякім чынам не ўпісвалася. — А ў вас утульна… Ён не надта пакрывіў душой. Гасцінны гарнітур яму сапраўды спадабаўся. Падумалася нават, Светцы такі б. Толькі, бадай, пакой яе для гэтай мэблі быў малаваты. Але і ў Кунцэвічаў чалавеку сярод канапы, серванта з падсервантнікам, стала і шасці крэслаў было цеснавата — напэўна, гаспадары тут і не жылі. — Праўда? — Жанчына павесялела, якой гаспадыні не прыемна, калі хваляць яе густ. — Імпартны гарнітур, нямецкі.— Аднак усё-такі, як апраўдваючыся, дадала: — Мы сёлета добра зарабілі, па чатырыста рублёў за месяц выходзіла. Корзун усміхнуўся: — Я, уласна, да вас вось чаму. Вы Абабурку ведаеце? — Ну… — Чатырнаццатага лютага ён у вас начаваў? — Чатырнаццатага? — перапытала жанчына. Яна, напэўна, ведала, што Абабурку арыштавалі. Таму на ўсякі выпадак не хацела адказаць прама. — Гэта калі? — У той вечар, як карэспандэнта машына падбіла. Муж ваш яшчэ знайшоў яго. — А-а… У нас… А што? — Калі ён прыйшоў? — Мой казаў, позна, у тры гадзіны. — А вас што, дома не было. — Чаму? Спала. — Позна ляглі? — Ды не рана. У суседкі тэлевізар глядзела, — яна адчула сябе вальней — інспектаравы пытанні непасрэдна ні ёй, ні мужу не пагражалі.— Цікавы фільм, пра нашага разведчыка ў белых, трэцяя серыя. — У вас жа свой, каляровы тэлевізар. — Адной нудна, слова няма каму сказаць. — А Фёдар Сяргеевіч? — Першую і другую глядзеў. А тут не схацеў, сказаў, у складзе яму нешта трэба. У нас склад у двары. Вось я і пайшла да суседкі. — І вы адразу пасля фільма вярнуліся? — Пагаварылі, і вярнулася. Дванаццатая ж гадзіна… — Абабурка быў дома? — зрэшты, у час, калі памёр Рамейка, заатэхнік знаходзіўся ў Якушавай і да той гісторыі дачынення не меў. Але Корзун, як і Пратасеня, нешта намацваў у гэтым неістотным на першы погляд факце. — Як ён мог быць дома? — пачала жанчына і раптам як запнулася. — Мой казаў… — Муж — мужам, а вы?.. — Корзун уважліва паглядзеў на яе і неспадзявана для сябе спытаў: — Калі распраналіся, Міхаілавы чаравікі бачылі, так? Яна памулялася, насцярожана спадылба пазіраючы на Корзуна, — не разумела, што азначае гэта пытанне, і неахвотна выціснула: — Ну… Ён не паказаў выгляду, што здаволены яе адказам, спакойна кіўнуў галавой: — Магло, вядома, быць. Чалавек, можа, на спатканне хадзіў, другія надзеў, маднейшыя, — прыцягваць увагу жанчыны да Абабуркавых чаравікаў не трэба было. Хто ведае, навошта яны спатрэбіліся Пратасеню, раптам у ягоных руках гэтыя паношаныя макраступы кладам абернуцца. — Тут Фёдар Сяргеевіч, напэўна, лепш ведае, ён жа дзверы адчыняў. — А ўжо ж, — жанчына зноў памулялася, запытальна паглядаючы на інспектара. — Вы хочаце нешта сказаць? — За што яго? Такі малады, відны з сябе… — Каго? Абабурку? Малады, але ранні. Прыпіскі, нядбайнасць. За гэта зараз строга… Па завулку, які быў нешта хаты за тры ад Кунцэвічавай, Корзун выйшаў на галоўную пасёлкаўскую вуліцу. Злева над прыватнымі дамамі ўзвышаўся чатырохпавярховы будынак райкома і райвыканкома — мясцовы дом урада, як называлі яго ў раёне. Крыху далей стаяў Палац культуры, за ім пачыналіся гандлёва-бытавыя прадпрыемствы. Усе раённыя ўстановы імкнуліся перабрацца сюды, у новы гарадскі цэнтр. Толькі пракуратура па-ранейшаму займала ледзь не на самай ускраіне старую, мабыць, яшчэ дарэвалюцыйнай пары драўляную будыніну — доўгую, з ганкам-верандай, якая цягнулася паўз усю бакавую сценку, з мудрагеліста выразанымі ліштвамі, сям-там ужо абламанымі і пацямнелымі ад часу. Да яе Корзуну было тупаць хвілін дваццаць, і ён у думках памянуў нячыстага. Надвор'е зноў крута, па-лютаўску, памянялася. Паўднёва-заходні вецер прынёс завіруху. Мокры снег сляпіў вочы, лез за каўнер. Тут не вельмі засяродзішся на чым-небудзь, акрамя пагоды. А так хацелася ўгадаць, што меў на ўвазе Пратасеня, пасылаючы яго сюды, каб, прыйшоўшы ў пракуратуру, не кленчыць падказку, а ўразіць уласнай здагадлівасцю. Не любіў хадзіць у прыпражных. Корзун скасабочыўся, утуліў галаву ў каўнерык свайго падбітага ветрам імпартнага дэмі, тужэй зацягнуў шалік. Што б гэтаму Пратасеню трымаць сваю кантору недзе ў процілеглым баку — ішоў бы зараз да яго, як пад парусам. А так па яго ж міласці немаведама чаго прэшся, разводзіш гамонку з надта нефацэтнай жанчынай, а тады, вяртаючыся, зайздросціш псу, якога добры гаспадар у двор не выганяе, і яшчэ спрабуеш чужыя задачкі, нібы старанны вучань, рашаць. Не абы-якія, геаметрычныя. Пра дзве лініі, якія, мажліва, перасякаюцца. Дзівак пракурор. Калі дзве, то абавязкова перасякуцца. Нават паралельныя. Гэта, здаецца, яшчэ ў мінулым стагоддзі Лабачэўскі даказаў. Так што, паважаны Аркадзь Міхайлавіч, перасекчы дзве прамыя не фокус. Калі вы такі геаметр, падкажыце, што рабіць, маючы адну лінію, ды не прамую, а крывую, якая, кажуць, ніколі да дабра не вядзе? І не проста лінію, выразную, бачную, а ў адным адрэзку пункцірам пазначаную. Дай бог, каб гэты пункцір у суцэльнік не ператварыўся. Бо тады з задняга рада, з ценю на авансцэну высунецца асоба, якой наканавана ў гэтай драме быць не статыстам, а прэм'ерам. На ганку Корзун доўга абтрасаў сваё ўзмакрэлае і адразу пацяжэлае, нібы было зімовым, паліто. Не адважваючыся нацягнуць яго зноў, у прыёмную пракурора ўвайшоў, трымаючы паліто на выцягнутай руцэ. — А я думала, што гэта дзед-мароз да нас, — сустрэла інспектара маладзенькая сакратарка Наташа. — Намякаеш на падарунак? Каляды даўно мінулі, не абломіцца. — Што ў вас за прафесія, Алесь Антонавіч? Людзі ж працуюць ужо ў лік, можа, наступнага снежня або нават студзеня — калі там каляды, забылася. А вы і лютаўскі план, мабыць, у сакавіку выканаеце, — яна была смяшлівай, вясёлай дзяўчынай. — Нашы планы, Наталля, сакрэтныя. Сама можаш здагадацца, што ў мяне сёння на календары, — і выцягнуў з кішэні два «мішкі» — у буфетчыцы, калі снедаў, не аказалася дробязі на рэшту, замяніла цукеркамі.— Цяпер пераканалася? Вось так! Тады скажы — сам прысутнічае? — Жывуць жа некаторыя, — дзяўчына закаціла вочы ад задавальнення, сунуўшы цэлага «мішку» ў рот. — Вы, Саша, цуд. Аднаму вам, па блату, адкрыю: паспяшайцеся, на адзінаццаць ён выклікаў аднаго, — яна зірнула ў кнігу, што раскрытай ляжала на стале, — не зусім аўтарытэтнага грамадзяніна. Пратасеня нешта пісаў. Пачуўшы, як рыпнулі дзверы, падняў галаву, хвіліну разглядаў Корзуна, быццам хацеў угадаць, з чым ён прыйшоў, і, не ўгадаўшы, мармытнуў: — Ну? Корзун зарагатаў. — Што гэта цябе развесяліла? — Пратасеня спытаў асцярожна, ведаў — Корзун умее шпільку падпусціць. — Такімі «ну» мяне цэлую раніцу Кунцэвічава жонка за нос вадзіла. — І сама з носам засталася? — Як сказаць… Але, думаю, Абабурка не схлусіў. У той вечар ён адразу ад Якушавай вярнуўся да нарыхтоўшчыка. Там у яго асобны пакой, адразу з пярэдняй уваход. — Значыць, няпраўду сказаў Кунцэвіч? — Выходзіць… — Ну… Цьфу ты! Што гэта азначае, па-твойму? — Гадзіннік, відаць, сапсаваўся. — А ты жартаўнік, інспектар, — Пратасеня задаволена ўсміхнуўся. — Як табе сядзібка? — З размахам. Што ў хаце, што ў двары. Хоць сам падавайся ў нарыхтоўшчыкі. Па сумяшчальніцтву, ці што? Глядзіш, па пракуроравых заданнях не на сваіх дзвюх, а ў машыне ездзіў бы. І зручна, і паважна, і аўтарытэтна. — Гараж бачыў? Гэта ён ад запаслівасці, на «Жыгулі» яшчэ чарга не падышла. — Тады не пайду ў нарыхтоўшчыкі, мне машына зараз патрэбна, хоць які лядашчы «масквічок». Га, Аркадзь Міхайлавіч? — Вымагальнік! — Пратасеня паківаў пальцам. — І ў каго? Самога пракурора, — ён са здавальненнем падладзіўся пад гуллівы Корзунаў тон, адчуваў, гэта не проста, за гэтым нешта ёсць. — Сапсавала цябе, Алесь Антонавіч, сапсавала кліентура. Але са мной хітрыкі не пройдуць. Я табе асоба афіцыйная. Не скажаш навошта — не дам, на тваіх дзвюх адпраўлю. — Учора я тут з адным геаметрам гутарыў. Падсунуў ён мне пару ліній па дабраце натуры сваёй, — Корзуна панесла так, што ён не мог спыніцца. — А мне дзве не трэба, я чалавек не прагны, мне і адной хопіць. Яна і адна канкрэтна на мясцовасць кладзецца. — Улавіў, значыцца? — у голасе Пратасені былі і захапленне і сум. — А я спадзяваўся… Дзе ж за вамі, маладымі, угонішся. Корзуну стала няёмка, не блазнуючы ўжо, сказаў: — Не прыбядняйцеся, Аркадзь Міхайлавіч. Каб не вы, блудзіў бы я паміж трох соснаў. — Суцяшай… А на пенсію ўсё роўна час, — ён націснуў кнопку. Калі сакратарка заглянула ў дзверы, сказаў: — Наталля, хай Пятровіч звозіць інспектара, куды яму трэба. — Пачакаў, пакуль сакратарка зачыніць дзверы. — Паспрабую і я сам даўмецца куды. Але нешта ты не надта бадзёры на фінішы? — Больш за ўсё, Аркадзь Міхайлавіч, мне хочацца памыліцца. Хай лепш на свеце будзе адным нягоднікам менш. — Некалі я таксама пра такое марыў. На жаль, марна… Нашай з табой службовай увагай сумленныя людзі не карыстаюцца. А несумленныя ўсё яшчэ ёсць. — Так, на жаль. Пастараюся не затрымлівацца. Зможаце — пачакайце. Вярнуўся Корзун аж к канцу дня. Пратасені на месцы не было. — У райкоме, — растлумачыла Наташа. — Неўзабаве абяцаў вярнуцца. А мне загадаў заняць вас, каб не сумавалі. Корзун павесіў паліто, прысеў збоку да стала: — Займай! Ён быў узбуджаны, гаваркі, інстынктыўна хаваючы за гэтым нервовасць. Сёння ў яго быццам бы ўсё атрымлівалася: і гутарка з Кунцэвічавай жонкай, і гэта паездка… Яны дадалі карціне ўсяго два штрышкі, і яна, яшчэ надоечы невыразная, расплывістая, нават надуманая, раптам ажыла, набыла акрэсленасць: як фотакартка ў праявіцелі. Толькі гэта ўдача не прынесла Корзуну заспакаення, ён і з Наташай размаўляў неяк механічна, думаючы аб сваім… Дзяўчына засмяялася: — Расказаць казку? — Толькі страшную. З ведзьмай, пеклам і абавязкова жабай-царэўнай, — ён ледзьве адключыўся ад намаляванай у думках карціны. — А заадно, — дадаў,— як ты апынулася ў гэтым кіруючым крэсле. — Яму заўсёды думалася, што сакратарка павінна быць сталая жанчына, у якой жыццё даўно ўжо выдзьмула з галавы вецер і якая разбіраецца ў людзях, многае ведае. Бо сакратарыць — гэта не толькі на званкі бегаць, акуратна падшываць паперы, а і сустракаць наведвальнікаў, нешта вырашаць, падказваць, раіць. — Казку вам лепш за мяне раскажа мая плямяшка, вось пазнаёмлю вас. А я… — Наташа нахмурылася, сумелася. — У нашым гарадку не разгонішся. Адно на мясакамбінаце вантробы чысціць вакансій хапае. Але вы не думайце, не за чысцінёй пагналася, мне тут сапраўды падабаецца. І Аркадзь Міхайлавіч, здаецца, не наракае, што ўзяў. — А потым? — Што потым? — Наташа спытала гэта сярдзіта. — Потым для мяне было, калі сюды ішла. Мроілася немаведама што. А цяпер… Робата ж не пасадзіш. Буду працаваць, і ўсё! — Адсекла, — Корзун усміхнуўся, здаволена, шчыра. Гэта дзевятнаццацігадовая дзяўчына, відаць, нямала думае аб жыцці. Разумее Пратасеня людзей. — Ты малайчына, Наталка! — Ведаю, ведаю, — яна прытворна ўздыхнула. — Хочаце падлашчыцца, каб без чаргі прапускала? Не выйдзе. Без «мішкі» не пушчу. — Хабарніца ты, Наталля бацькаўна. Вось далажу пракурору, хай разбярэцца, каго прыгрэў. — Ай-ай, Алесь Антонавіч, — Пратасеня ўвайшоў ціха і з усмешкай слухаў іх жартаўлівую пікіроўку. — А яшчэ крыміналіст. Хіба не ведаеш, што вінаваты не толькі той, хто бярэ, а і хто дае хабар! Так што, злоўлены за руку, будзь ласкавы ў пракурораў кабінет. — Добрая ў вас памочніца, Аркадзь Міхайлавіч, — сказаў Корзун, калі яны апынуліся за дзвярыма. — Не прымярайся, не аддам. — Я не ў гэтым сэнсе, — збянтэжыўся Корзун. — А падумаўшы, шкада, што не ў гэтым, — Пратасеня прыклаў далоні да кафлянай грубкі.— Зноў на мароз бярэцца. Чаму затрымаўся? — У Пцічкавічы ездзіў… — Гэта я здагадаўся, іншага адраса ў нас, здаецца, няма пакуль. — Ён сеў там жа ля цёплай грубкі, пацёр пальцамі патыліцу, паскардзіўся: — Солі, каб іх хвароба, ціснуць… Дык што сказаў Багук? — Больш суседзі. А ў яго месяц, як на падворышчы нават парсюка няма. Ды ўвогуле, як высветлілася, Багук ніколі свіней не прадаваў. Сам есць. — Зноў мана, — паківаў галавой Пратасеня. — З аднаго боку так, з другога — не… — Круці, але знай меру, — усміхнуўся Пратасеня. — Усё-такі перад табой пракурор. — Па дарозе ў Пцічкавічы заскочыў у райаддзел і папрасіў навесці адну даведку. І аказалася менавіта так, як я кажу. Як напісана ў райспажыўсаюзаўскіх ведамасцях, летась Багук прадаў аж тры адкормленыя вепрукі, на дзевяцьсот рублёў. Што і засведчыў подпісам. — Можа, і ў яго падпольная ферма, ад жонкі, напрыклад? — Пратасеня з цікаўнасцю глядзеў на Корзуна. — Як па мне, то хопіць і Вадвянскага хутара. — Думаеш адтуль? — Не сумняваюся. — Але ж Кунцэвіч падстаўляў пад удар Абабурку… — У гэтым-то ўвесь фокус. Пачуўшы ад мяне, што я цікаўлюся яго сябрам, зразумеў: Абабурку не ўтрымацца. Галава ў яго, напрактыкаваная на махінацыях, што вылічальная машына: ураз усе магчымыя варыянты прыкінула. Вось і рашыў падкінуць нам сябра. — Паверым — сам ён убаку, не паверым, праверым — што спрасонак не падасца, так? Перастараўся. — Мог не старацца, усё роўна на чарзе стаяў. Толькі паскорыў падзеі. Бо хлусня пра Абабурку яшчэ магла быць выпадковай, хлусня пра Багука — гэта ўжо занадта. — Адапрэцца і ад яе. Не па свінні, дык па подпіс ехаў. Ферму цяпер адмаўляць не рэзон, за ферму ён цяпер абедзвюма рукамі ўчэпіцца, пабачыш. Маўляў, нячысты ў вобразе яснагорскага заатэхніка папутаў. На ўсё пагодзіцца, абы карэспандэнта яму не прад'явілі. А злавіць яго нам, падобна, няма на чым. Адны падазрэнні, прычым нават не ўскосныя. — Вобыск? — Корзуну падабалася такая гутарка. Чым болей пярэчанняў зараз, тым дакладней стане план далейшых дзеянняў. А хто і што прыдумае, зрэшты, прынцыповага значэння не мае. — Калі і было што, адчуўшы ўвагу, знішчыў. І пісьмо, і камандзіроўку, і білеты. — Ці не занадта рашуча ты, га? Успомні Абабурку. — Не забываю. Таму і думаю: як даказаць, што гэта ён завёз Рамейку на пераезд? — Машыны ў яго няма, — Пратасеню спадабалася Корзунава ўпэўненасць. Ён адхінуўся ад цёплай грубкі, ускочыў на ногі — не ўмеў думаць седзячы: — Ва ўсякім разе, машыну не ўстанавілі. — А каня? — Корзун сказаў і раптам таксама падхапіўся на ногі.— Помніце ў пратаколе: «Запрог каня і паехаў»? Гэта назаўтра зранку, а ці нельга было гэта зрабіць і ўвечары? — Навошта ж было яму знаходзіць мёртвага карэспандэнта, навошта ў кола следства трапляць? — Не ўседзеў, хацеў упэўніцца, што памёр Рамейка. Упэўніўся, але была ўжо раніца, маглі яго заўважыць, вось і прыйшлося шум паднімаць. Тут і Пцічкавічы з Багуком прыгадзіліся, хаця, куды ён ехаў, нікога не цікавіла тады. Пратасеня, можа, хвіліну глядзеў на Корзуна, а тады не вытрымаў: — Ну, інспектар, ну, галава! А я цэлы тыдзень машыну перад носам трымаў! — Не вы адзін, Аркадзь Міхайлавіч, — заўсёды, як яго хвалілі, Корзун адчуваў няёмкасць. — Але ж і вазок пакуль не знайшлі. — Гэта ўжо што, гэта дробязь, — Пратасеня ўхапіўся за тэлефон. Блытаючы ад хвалявання лічбы, закруціў дыск. — Зараз выклічу капітана Шабуню, можа, у яго рука на каня будзе шчаслівейшая. А вобыск можна. Зараз? — ён неяк адразу і ахвотна перадаваў ініцыятыву Корзуну. — Кунцэвіч казаў жонцы, што заначуе на раёне. Як з'явіцца, так і мы з візітам. Тым болей што да вобыску падрыхтавацца трэба: пратаколы перачытаю, вопратку пагляджу. І яшчэ адно, Аркадзь Міхайлавіч, праўда, невядома дзе Кунцэвіча носіць, а паназіраць за ім не пашкодзіла б. Каб не надумаўся ўцячы часам. — І аб гэтым папрашу Шабуню. Ён яго пад зямлёй знойдзе, калі возьмецца, — Пратасеня нарэшце дазваніўся да райаддзела, паспакайнеў і сціпла, нічога не тлумачачы, выклаў сваю просьбу. XV Корзун лічыў, што ён не з тых, каму чорт дзяцей калыша, бадай, наадварот — той самы чорт стараўся ўласнаручна выкідваць яго дзяцей з калыскі. Інакш кажучы, Корзуну шанцавала рэдка. Як вось і на гэты раз. Калі ўвечары развітваўся з пракурорам, справа выглядала яснай і простай, а з раніцы пачаліся непрыемнасці. Засмуціў капітан Шабуня. Сведку, які бачыў увечары чатырнаццатага лютага вазок на Кунцэвічавай вуліцы, яго супрацоўнікі знайшлі. Але, хто сядзеў у вазку і чый быў конь, сведка не разглядзеў. І патрэбы не было, і завіруха мяла. А каб і пазнаў, то хіба не мог Кунцэвіч, скажам, свежым паветрам дыхаць? Як той Рамейка, ідучы ў позні час з гасцініцы. Аднаму падабаецца на сваіх дзвюх, другому — седзячы на сене ва ўласным вазку. І хаця на Кунцэвічавай вуліцы ніхто больш каня не мае, доказ гэты толькі ўскосны, яго нават да справы не прыкладзеш пакуль. Нічога не даў і новы агляд карэспандэнтавых рэчаў: паліто цэлае, не чаплялася ні за цвік, ні за сук, нават сухой травінкі і той на ім не засталося, быццам не ў сене, а на вычышчаным дыване яго на пераезд везлі. Зрэшты, гэта ўсё ў пратаколе даўно адзначана. І эксперт, і следчы — людзі ўважлівыя, нічога не прапусцілі, Корзун мог іх і не правяраць. Яны не вінаватыя, што яму не хапае доказаў для чарговай версіі. А ў выніку паганая сітуацыя: быццам бы і ведаеш, а вымушаны рабіць выгляд, што не ведаеш. У дрэнным настроі Корзун прыйшоў у пракуратуру. Не затрымаўся, нават словам не перакінуўся з Наташай, толькі каротка павітаўся і падаўся да Пратасені. — Пастанову на вобыск і санкцыю на арышт я падрыхтаваў,— хмурна паведаміў Пратасеня, адсоўваючы ад сябе, нібы што брыдкае, падпісаныя афіцыйныя бланкі. І яго не радавалі гэтыя працэдуры, хаця сёння, нарэшце, справа магла закончыцца. Напэўна, і ён адчуваў, што ў іх з Корзунам не ўсё адпрацавана, што ў вывадах ёсць слабыя месцы, і гэта абяцала новыя клопаты, новыя непрыемнасці. Корзун склаў паперы, схаваў у кішэню. — Не звязаўся ланцужок, Аркадзь Міхайлавіч, — паскардзіўся пракурору. — Адных свіней і маем. Як бы не выслізнуў… — Перакінь ад іх масток, ты ж умееш, — Пратасеня падбадзёрваў, а Корзун бачыў, што ён сам хвалюецца. — Каб-то… Штосьці я ўпусціў, а што — не магу даўмецца. Зазваніў тэлефон. — Васіль Андрэевіч? Слухаю. Так, так. Добра. Рыхтуй групу, — Пратасеня паклаў трубку. — Даўмеўся ці не — гэта, браце Алесь Антонавіч, зараз непатрэбныя сентэнцыі. Часу ў нас не застаецца на іх. Шабуня званіў, нарыхтоўшчык едзе дадому. — Не хапала б яшчэ, каб не даехаў! — Нідзе дзенецца. Мясцовы ўчастковы ў спадарожнікі напрасіўся. Даставіць, як заказную бандэроль, — Пратасеня няспешна паторгаў шуфлядкі, быццам збіраўся ісці і правяраў, ці зачыніў усё. Праверыўшы шуфлядкі, наморшчыў лоб, як стараўся ўспомніць, ці не забыў што дарабіць, і тады матнуў галавой: — Галоўнае, не раскісай, Алесь. Бывае, на месцы такая ідэя раптам мільгане, што ў кабінеце за тыдзень не выдумаеш. — Ён устаў, правёў Корзуна праз прыёмную і веранду аж да ганка і жорстка, разам адкідаючы сумненні, сказаў: — Кунцэвіча адразу на допыт! Як бывае часам зманлівы знешні выгляд. Корзуну здавалася, што імпартныя гарнітуры вызначаюць у Кунцэвічавай хаце адносіны да рэчаў наогул: нічога лішняга, строгасць густу, разборлівасць. А пачаўся вобыск, і з прыгожай трохстворкавай шафы раптам вываліўся цюк з брызентавымі плашчамі, у падсервантніку аказаўся пакунак стракатых шарсцяных хустак, са скрыні для бялізны выцягнулі некалькі пар новых кірзавых ботаў. Як па сучасным разуменні, усё гэта, калі і патрэбна, то хіба якому меліяратару на асушальным канале, а не звычайнай, нават і вялікай сям'і. Старым — не перанасіць, моладзь — не надзене. А ў Кунцэвічаў і дзяцей не было. Выходзіць, граблі пад сябе што маглі,— і тое, што траплялася ў магазінах па зніжаных цэнах, і тое, што заставалася ў іх, нарыхтоўшчыкаў, ад выдзеленага ім для сустрэчнага продажу. Нібы збіраліся пражыць не адно жыццё, а, прынамсі, два ці тры. Пацвярджалася старая ісціна: не кожны злодзей хцівец, затое кожны хцівец — можа ўкрасці. На заробленыя мазалём грошы куты непатрэбнымі рэчамі набіваць не будзеш. Кунцэвіч спакойна пазіраў, як супрацоўнікі міліцыі асцярожна ператрасалі гэтыя залежы тавараў, якіх хапіла б на невялікі сельмаг. Нібы гэта адбывалася не ў яго, а ў чужым доме. Нават на жонку прыкрыкнуў, калі яна пачала была войкаць і галасіць, спрабуючы выклікаць спагаду ў суседзяў-панятых. Але Корзун адчуваў, што Кунцэвічаў спакой — звычайнае ўменне стрымлівацца. Колішняй самаўпэўненасці ў яго паменшала, і ён раз-пораз, не заўважаючы гэтага, выціраў рукавом кропелькі поту на высокім і гладкім лобе. За апошнія дні Корзун не раз задумваўся аб тым, што прывяло Кунцэвіча да злачынства. Зарплату меў добрую, не кожны прафесар за ім нават угоніцца. Да таго ж такім мантачом, як Абабурка, не быў. Навошта яму крадзеныя грошы, калі і на хату, і на імпартную мэблю, і нават на машыну хапіла б сумленна заробленага? Каб зачыніць шчыльней ад чужога вока аканіцы і перабіраць употай дзесяцірублёвыя або соценныя купюры? Ёсць такія, што ствараюць з грошай ідала. Корзун і пра Кунцэвіча гэтак падумваў. Аднак зараз, пазіраючы на яго, міжволі пачынаў сумнявацца. Кунцэвіч, здавалася, не ўстрывожыўся, не пашкадаваў, калі ў схованцы пад падлогай была знойдзена жалезная скрынка, поўная пяцідзесяцірублёвак. Толькі забуркацеў на жонку: — Казаў, дура, у ашчадкасу занясі. І кінуў на Корзуна хуткі і, як таму здалося, насмешлівы позірк. Відаць, ён не вельмі баяўся пытання, якое, на жаль, цяпер не часта задаюць: адкуль столькі грошай? А калі грошы Кунцэвіча не турбавалі, то што магло быць іншае? Махлююць усё-такі не з любові да самога гэтага працэсу. Махлююць, каб мець грошы, многа грошай, хаця, напэўна, ніводзін злодзей не скажа, навошта яны яму патрэбныя. Быў жа час, калі і Кунцэвіч працаваў сумленна. Не адразу ён стаў жулікам. А як стаў? Корзуна заўсёды хвалявала гэта пытанне. Думаў: не будзе прычын, умоў для крадзяжу, не будзе і зладзеяў. Бо, напэўна, некалі выпадкова (ці не) прыліпла нешта да Кунцэвічавых рук. Што красці кепска — ведае кожны малы. А вырасце — глядзіш, і забыў дарослы дзядзька гэту ісціну. Спадабалася яму зарабляць не працаваўшы. Мы многія ўчынкі спрабуем вытлумачыць так званай чалавечай слабасцю, церпім тады, калі ўжо трэба ўжыць закон. Былі ж на Кунцэвіча скаргі, што аблічвае, абважвае, падманвае. І не было ні грунтоўных рэвізій, ні праверанае адважваліся кіраўнікі райспажыўсаюза пакрыўдзіць чалавека, за якім ім лёгка жылося: Кунцэвіч адзін ці не за трох нарыхтоўшчыкаў спраўляўся, забяспечваючы раёну план. Больш дакладна, вядома, пра гісторыю Кунцэвічавага падзення, як, дарэчы, і Абабуркавага, скажуць следчы, суд. Ад Корзуна пакуль што ніхто высвятлення прычын не патрабуе, яго абавязак — лавіць злачынцаў. Аднак, ён у гэтым упэўнены, каб злавіць, трэба добра спасцігнуць сутнасць таго, каго хочаш злавіць… А Кунцэвіч нібы знарок ставіў перад ім загадкі, не ўкладваўся ў прыдуманую схему. Ён не зварухнуўся і тады, калі з шуфляды ў серванце Шабуня дастаў старыя пісьмы, пажоўклыя квіткі, нейкія даведкі. Корзун вельмі чакаў гэтага моманту і быў расчараваны. Паперы, мажліва, мелі каштоўнасць хіба толькі для рэвізораў. Рамейкавы, калі і забраў іх Кунцэвіч, напэўна, даўно знішчыў. Інакш бы не паглядаў так абыякава-іранічна на Корзуна: улавіў-такі, хто тут самая зацікаўленая асоба. А ў Корзуна раптам з'явілася ўпэўненасць, што ён абавязкова падловіць Кунцэвіча. На чым, як, ён яшчэ не ведаў, але гэта ўжо не мела для яго значэння. Вобыск — ёсць вобыск. Як ні старайся, парадку ў доме пасля гэтай працэдуры не дабавіш. Корзуну тады-сяды даводзілася прысутнічаць на вобысках. Ён разумеў іх неабходнасць і нават вымушанасць, але ўсё роўна кожны раз адчуваў сябе ніякавата. Вінаваты ж найчасцей адзін, а маральны ўрон нясуць усе, хто жыве ў кватэры. Гэты выпадак, не выключана, быў не зусім тыповы: у гаспадыні носік, няйначай, пушку не абмінуў. Але падазрэнне не ўпэўненасць, і яшчэ ёсць гаспадыніна маці, якая ўсё жыццё сумленна працавала ў калгасе даяркай і толькі нядаўна, пайшоўшы на пенсію, перабралася да дачкі. Мажліва, Корзуну і не трэба было надта перажываць пра вобыскі, хай аб гэтым загадзя думаюць тыя, хто іх вымушае. Але ўсё роўна думкі, што ёсць у гэтым нешта недарэчнае, як і ў самім злачынстве, пазбавіцца не мог, хаця і быў вобыск выкліканы злачынствам. Нічога вартага ўвагі больш не знайшлі. Усе вынікі для Корзуна мелі, так сказаць, пабочны характар, на асноўную версію не працавалі. І ён толькі назіраў, як следчы паклікаў да сябе панятых, каб падпісалі пратакол. Кунцэвіч, які ў цёплых сенцах стаяў, увесь час прыхінуўшыся да кажуха, што вісеў на вушаку, знясілена сеў. — Што ж, Кунцэвіч, мы возьмем вас з сабой, — папярэдзіў яго Шабуня. — Вось санкцыя. Кунцэвіч перасмыкнуўся, паволі ўстаў, адчужана, як развітаўшыся ўжо даўно, павёў вачамі вакол сябе. Узяўся быў за кажух, але адхапіў руку, сказаў: — Я лепш у паліто… Кажух быў не новы, дый пры Кунцэвічавых запасах шкадаваць яго наогул не мела сэнсу, і Корзуна гэта рэакцыя крыху здзівіла. Раптам падумалася, што гэты кажух быў, бадай, адзінай рэччу, якую Шабуневы хлопцы не агледзелі. Ён працягнуў руку, каб зняць яго. — Я сам, я сам, — паспяшаўся гаспадар. Корзун усміхнуўся: — Спачатку я. Ён засунуў руку ў кішэню, потым у другую. Адно рукавіцы. Цёплыя, футравыя, у такіх і сібірскія маразы не страшныя. Што ж занепакоіла Кунцэвіча? Корзун пакруціў рукавіцы. Нічога ні на іх, ні ў іх не было. Ён пачаў засоўваць рукавіцы ў кішэню і тады ўбачыў рукаў. Парваны. — То я… За калючы дрот зачапіўся, — пачаў тлумачыць Кунцэвіч, хаця ніхто ў яго пра гэта не пытаўся. — Хіба я спрачаюся? — Корзун задумліва пакруціў рукаў, нават на святло паглядзеў і нечакана вырашыў: — Гаспадар не хоча апранаць, дык мы як рэчавы доказ возьмем, га, капітан? — А мне што? — паціснуў плячамі Шабуня. — Тады запішыце ў пратакол. Белы цень прабег па чырвоным Кунцэвічавым твары і адразу знік. У наступны момант Кунцэвіч зноў стаў абыякавым, быццам гэта не яго забірала міліцыя. У машыне, як вярталіся з вобыску ў райаддзел, Корзун спытаў эксперта: — Установіш, на якім дроце парваны рукаў? — Я не маг. — А кажуць, НТР і ў крыміналістыку прыйшла. — Яна-то прыйшла, ды мы з табой на месцы засталіся. Ты ж пра Рамейку думаеш? Так? А дзе твая разумная галава была, як мы труп аглядалі? Чаму не папрасіў прыкус зубоў зняць? — Зробіш эксгумацыю. — Як усё проста! А раптам сапраўды ржавы дрот? — Слухай, тэхнакрат, не пазбаўляй апошняй надзеі, дай пацешыцца. — Дрот ці сабака, я табе, бадай, скажу, — памякчэў эксперт, — а на большае пастарайся не разлічваць. — І на тым дзякуй, — узрадаваўся Корзун. Гэта ўжо было б нешта пэўнае ў яго няпэўным становішчы. Пратасеня чакаў у кабінеце начальніка райаддзела, які захварэў і ляжаў у бальніцы. Не хацеў, каб трацілі час на дастаўку Кунцэвіча ў пракуратуру. — Пачну я, — прапанаваў ён Корзуну. — А ты пасядзі, нібы старонні. Што ўзнікне — спытаеш. — Па-мойму, ён улавіў, хто ёсць хто. — Ну, хто вядзе забойствы, ён таксама ведае, — Пратасеня памасажаваў патыліцу. — Як захвалююся, нібы абручом сціскае. — Ён дастаў з нагруднай кішэні запісную кніжку, разгарнуў і адразу як аддаліўся ад Корзуна, падцягнуўся. — Калі аформілі, скажы, каб вялі сюды. — Сядайце, Кунцэвіч. — Пратасеня паказаў рукой на стул, пастаўлены воддаль ад яго стала — каб можна было бачыць Кунцэвічаў твар і Корзуну. — Не думаў, што прыйдзецца нам сустракацца з такой нагоды. — Не мая ініцыятыва, — сказаў Кунцэвіч, і голас яго задрыжаў. Але ён хутка ўзяў сябе ў рукі і наступную фразу вымавіў іранічна, як пакепваючы з сябе: — Вось і адбіткі ўзялі, не хутка адмыешся. — І пакруціў пальцамі ў паветры. — Што праўда, то праўда, Фёдар Сяргеевіч, — Пратасеня быццам ушчуваў яго. — На ваш выпадак хімікі яшчэ парашкоў не вынайшлі. А шкада. — Вядома, шкада, — Кунцэвіч на дзіва хутка здаваўся, нават выціснуў з сябе смяшок: — А то пасадзілі б вы нас з Абабуркам у ванну, пацерлі б парашкамі… Ураз бы пасвятлелі нашы грэшныя душы. — Калі-небудзь зробяць і такое, — заглядаючы ў сваю кніжку, прамовіў Пратасеня. — А пакуль з прычыны таго, што спяць хімікі ў шапку, паспрабую я калі не адбяліць, то хаця б тое-сёе высветліць у вашай, як вы кажаце, грэшнай душы. Прэтэнзіі маеце — выкладвайце. Не? Тады прыступім. Вашай справай, як звычайна, будзе займацца следчы, але да таго мне хацелася б удакладніць некаторыя моманты. Корзун слухаў і адзначаў, што Пратасеня сёння больш гаваркі, чым звычайна. Відаць, не знайшоў яшчэ дакладнага плана для першага допыту, а імправізацыя — не яго стыхія. Цяжка яму пераходзіць на чужую версію. — Фёдар Сяргеевіч, — працягваў Пратасеня, — каму — вам ці Абабурку — прыйшла ідэя прадаваць калгасных свіней з мэтай уласнага абагачэння? — Хіба гэта так важна? — пасміхнуўся нарыхтоўшчык. — З часам узнікне абвінаваўчае заключэнне, яно пойдзе ў суд, і ў ім павінна быць дакладна вызначана роля кожнага з вас. — Вы аб прытворы? Я згодзен пароўну. Разам бралі, разам і адкажам. Раней Кунцэвіч уяўляўся Корзуну даволі хітраватым. Думалася, і на допыце ён будзе адмаўляцца, выкручвацца. А ён нават не паспрабаваў паблытаць следства, паадпірацца. Гэта было неспадзявана, выклікала падазрэнне: не мог Кунцэвіч так хутка зламацца, не ведае ён усяго таго, што вядома следству. — Абабурка можа не пагадзіцца, — адказаў Кунцэвічу Пратасеня. — Я лепш яго ведаю! — Паверце майму вопыту, — Пратасеня гаварыў добразычліва, — на лаве падсудных не бывае злейшых ворагаў, чым нядаўнія сябры-хаўруснікі. — Пабачым, — паціснуў плячамі Кунцэвіч, — да суда яшчэ далёка, ці не так? — Не блізка, — пацвердзіў Пратасеня. — Не хочаце на гэта пытанне адказваць, то, можа, пра Вадвянскі хутар што скажаце? Кунцэвіч сцяў зубы, кінуў злосны позірк на Корзуна, які сядзеў убаку з самым ціхамірным выглядам. — Неблагая ферма была, га, Фёдар Сяргеевіч? — Вам відней, — Кунцэвіч ухіліўся ад прамога адказу. — А віна ўсё роўна на дваіх. — Кожнай сястрыцы па завушніцы? Размова неяк збочвала, драбнела, і Корзун вырашыў, што наспела яго пара: — Дазвольце, Аркадзь Міхайлавіч? Пратасеня кіўнуў. — Дапусцім, Кунцэвіч, дапусцім, — звярнуўся Корзун да нарыхтоўшчыка. — Але чаму вы ў такім выпадку нагаворваеце на сябра? — Не выдумляйце! — Не забывайцеся, Кунцэвіч, мы вас не ў госці паклікалі. І нічога я не выдумляю. Хіба не вы паведамілі нам, што Абабурка ў той вечар, калі загінуў карэспандэнт, вярнуўся ў тры гадзіны ночы? Навошта? Кунцэвіч трохі падумаў і ўпарта заявіў: — І сёння скажу. — Абабурка і ваша жонка сцвярджаюць, што не пазней адзінаццаці… Вытрымка нечакана здрадзіла Кунцэвічу, ён ускіпеў: — І што з таго? — Вось і я думаю, чаго гэта вы падстаўляеце пад удар друга сардэшнага? — Я за чужыя справы не адказчык! — А за свае? Бо Абабурка спакойна спаў, калі вы на кані раз'язджалі,— Корзун нічым не рызыкаваў, выстаўляючы гэты довад. Наўрад ці хто другі мог тады ехаць. Драбнюткія кропелькі зноў заблішчалі на Кунцэвічавым ілбе, ён пацягнуўся, каб выцерці іх. — Асцярожна, — папярэдзіў Пратасеня, — запэцкаецеся. — А-а, — Кунцэвіч няўцямна пазіраў на свае рукі са слядамі чорнай фарбы. — Пальцы… — Так, пальцы, — вырвалася ў Корзуна, і ён нахмурыўся: паспяшаўся з рэплікай. А перад вачамі раптам узнік чысты ліст паперы, дзве кропкі, злучаныя лініяй, перарванай пасярод пункцірам. Пункціранкі пачалі выцягвацца, замыкаючы разрыў. І Пратасеня і Кунцэвіч павярнуліся да Корзуна. — Грамадзянін Кунцэвіч, — Корзун ужо не мог звяртацца да яго іначай, — вы, як заўважылі Рамейку на пераездзе, падыходзілі блізка? — Я казаў раней, не. — Пытанні сыпаліся адно за адным, аднак яны не мелі дачынення да махлярства з свіннямі, у якім абвінавачвалі Кунцэвіча, і гэта яго занепакоіла. Ён круціў галавой, ловячы позіркі то Пратасені, то Корзуна, каб зразумець, што яны хочуць, чаго дабіваюцца. — Зазначым у пратакол, не пярэчыце? Падпішыце. Веру, веру, на здымках таксама слядоў не відно. І вартаўнік казаў, што не падыходзіў ніхто. — А на які ляд мне гэта было, што я, правілаў не ведаю? — Правілы — правіламі, а іншым разам бывае цікава. — Ну, ведаеце, мярцвяк жа, — Кунцэвіч нібы не на жарт абурыўся. — А раптам мярцвяк ажыў за ноч? — Ці мне не ўсё адно? Ён мне што, сват, брат? — Нарэшце яму ўдалося спаймаць Корзунаў позірк. — Вы пра што гэта? — Пра тое самае, Кунцэвіч, — Корзун таксама пільна разглядаў яго, нібы ўбачыў упершыню. — У Рамейкі павінна было быць пісьмо пра Вадвянскі хутар. — Але… — пачаў быў Кунцэвіч і спахапіўся: — Я ў яго кішэні не лазіў, можа, там куча грошай была. Адкуль мне ведаць? — Чуць маглі. Ад Абабуркі, напрыклад. — Ён вам і гэта сказаў, так? — Кунцэвіч, на здзіўленне Корзуну, трымаўся ваяўніча. — Спадзяюся, скажа. Як даведаецца, што і да чаго, — паабяцаў Корзун. — Тады і будзе размова, — ён яшчэ трымаўся, але, відаць, пачаў здагадвацца, што Корзун спакваля падбіраецца да прамога пытання: ці не ты забіў Рамейку? Гэта не крадзеж, не вадвянская ферма. Кунцэвіч не мог не разумець гэтага. Аднак, напэўна, разумеў і другое: былі б у следства доказы, пытанне задалі б даўно. — Доўга чакаць не прыйдзецца, — супакоіў Корзун і, як паміж іншым, спытаў: — Чаго вы раніцай на пераезд паехалі? — Грамадзянін пракурор, вы чулі? — Кунцэвіч павярнуўся да Пратасені.— Колькі разоў можна пра адно і тое? Абараніце ад прыдзірак. — Адказвайце, — суха сказаў Пратасеня. Кунцэвіч неахвотна прамовіў: — З Багуком дамовіўся. — У Багука няма свіней. — А мне не свінні, мне подпіс быў патрэбны. Свіней у мяне хапала, — Кунцэвіч узбадзёрыўся, адказ здаўся яму даволі ўдалым. Не ведаў ён, што Пратасеня з Корзунам прадбачылі і такі ход і загадзя пацікавіліся, ці была ў яго з Багуком папярэдняя дамоўленасць. Ён хлусіў, і гэта насцярожвала. — Не хочаце гаварыць — не трэба, — сказаў Корзун. — Як, Аркадзь Міхайлавіч, дадзім яму час, каб падумаў над пытаннем? Дык вось, Кунцэвіч, адкладзём допыт. Але раю ўлічыць, што гэта, мажліва, ваш апошні шанц быць шчырым, — і выклікаў дзяжурнага. — Ты што, у покер гуляеш? — накінуўся на Корзуна Пратасеня, калі яны засталіся ўдвух. — Аркадзь Міхайлавіч, я ніколі не бяру на пушку, — узмаліўся Корзун. — Не сварыцеся. Кунцэвіч абкладзены з усіх бакоў, няма куды яму падзецца. — Ну, пралаз ён мае. Што ты прад'явіш? Парваны кажух? Гэта не доказ. — Але ён вінаваты! Вы згодны? — Як Пратасеня — так. Як пракурор — не. Мы з табой пакуль не можам прад'явіць яму доказаў. — Мне здаецца, Аркадзь Міхайлавіч, што галоўны доказ ёсць, можа, ён у мяне ў руках, можа, у гэтым пакоі,— ён азірнуўся, быццам спадзяваўся ўбачыць доказ побач. — Як знойдзеш, пакажаш, — усміхнуўся Пратасеня. — А зараз давай яшчэ пройдземся па тым, што маем. Корзун супакоіўся, задумаўся. Потым як схамянуўся: — Помніце адбітак на партманеце? — Гэта было б надта проста, — паківаў галавой Пратасеня. — Але мы не правяралі. — Кучаронак у Рамейкавы кішэні не лазіў. — Ён — не, а нарыхтоўшчык? — Параўнай, — згадзіўся Пратасеня. Ён не верыў, што той адбітак мае дачыненне да іх справы, але было прыкра, што не зрабіў праверку раней, паддаўся версіі «Кучаронак». Паклікалі эксперта, Віктара Пятровіча Шчэрбу. Корзун падаў яму адбітак і папрасіў: — Правер, ці не Кунцэвічаў часам? — Ну, гэта проста, — угледзеўся ён у адбітак, — гэта, як кажуць шахматысты, справа тэхнікі, прычым нескладанай… — Балбатун ты, Віктар Пятровіч, як табе толькі вераць у гэтым раёне, — Корзун ведаў, што Шчэрба любіць пагаварыць, але зараз яму было не да жартаў, і ён падагнаў эксперта: — Ты давай у лабараторыю, давай… Шчэрба ўсміхнуўся і выйшаў. Ён вярнуўся праз некалькі хвілін, пераможна зірнуў на Корзуна і сказаў: — Ты памыліўся! Але тваё шчасце, што ты маеш справу са мной. Я пайшоў далей, так сказаць, праявіў ініцыятыву. — Гэты, — паклаў Шчэрба першы здымак на пракурораў стол, — быў на партманеце. — Прыладзіў побач другі.— А гэты належыць Абабурку, нам яго прыслалі заўчора. Да ведама, бо нешта там у яснагорскага заатэхніка і на наш раён выходзіць… Ен тлумачыў яшчэ, гэтак жа не надта дакладна падбіраючы словы, а Корзун тупа думаў: няўжо ён памыліўся з Абабуркам? Ён заўважыў, як раптам змоўк, здзіўлена паглядаючы на яго, эксперт, як уздыхнуў Пратасеня. Разумеў, што трэба гаварыць, даказваць, аспрэчваць, але ў галаве было пуста. XVI За акном увачавідкі сінела зусім нядаўна яшчэ такое светлае неба. Толькі на захадзе была затрымалася вузенькая палоска барвіны, аднак і яна неяк у адначассе згасла. У пакоі стала цёмна, няўтульна. Але Корзун паленаваўся ўставаць і ісці да дзвярэй, дзе быў уключальнік. Ён сядзеў і слухаў, як за сцяной Святлана дыктавала машыністцы ці то нарыс, ці то артыкул. Чытала яна манатонна, не адцяняючы голасам асобныя словы або фразы, быццам гаворка была аб бяздушных лічбах, а не людзях. А можа, так і трэба дыктаваць — суха, без эмоцый, каб машыністка не захапілася зместам і не прапусціла што-небудзь? Ён слухаў і хацеў, каб гэта — і цёмны пакой, і роўны голас за сцяной — працягвалася доўга, бясконца. Сёння яму, як ніколі раней, патрэбна была адзінота. Ён і ад пракурора пайшоў адразу, следам за экспертам. Пратасеня не затрымліваў, не суцяшаў. Кіўнуў на развітанне, і ўсё. А потым, відаць, пазваніў Святлане. Бо чаго інакш яна раптам завітала б у гасцініцу сярод дня? Сцягнула Корзуна з ложка і прывяла ў рэдакцыю, загадаўшы пасядзець, пакуль вызваліцца. Быццам ён у роспачы, у адчаі і наогул згубіў галаву і яго нельга пакідаць без догляду. А яму падумаць трэба, ён з тых, хто доўга ідзе да вываду, але ўжо затое цвёрда стаіць на сваім. Гэта не натурлівасць, гэта — вера ў сябе. Бо калі ты, як флюгер, калі хапаешся за кожны факт і факцік, лёгка адкідваючы папярэдняе, памылка будзе ўвесь час хадзіць з табой побач… Вярнулася Святлана, уключыла электрычнасць, бадзёра сказала: — Чаго хаваешся ў цемры? — Я не хворы, Света, — усміхнуўся Корзун, — я толькі злы. — Спадзяюся, не на мяне? — яна кінула хуткі, востры позірк на Корзуна і пачала раскладваць аддрукаваныя лісты. — От і добра. Пакуль я вычытаю, пагартай падшыўку. Супакойвае, па сабе ведаю. Корзун хацеў быў адказаць — уедліва, здзекліва, але засаромеўся: хіба Святлана вінавата, што ў яго нелады ў рабоце? Калі і вінаваты хто, дык толькі ён сам. Не адказаўшы, узяў падшыўку і пачаў чытаць. Здаецца, маленькая газета раёнка і выходзіць на тыдзень усяго тры разы, а калі робяць яе людзі таленавітыя, зацікаўленыя, то і ў кароценькіх матэрыялах можна ўбачыць, як і чым жыве раён. І Корзун непрыкметна захапіўся. Спачатку прачытаў некалькі выступленняў Якушавай. Усё-такі была яна разумная дзяўчына, умела мысліць — не проста пісала аб падзеях, а як бы ўзнімалася над імі, абагульняла асобныя факты, гутарыла з чытачом. Корзун скоса паглядзеў на яе — засяроджаную, далёкую, здавалася, нават ад гэтага кабінета — і задаволена пасміхнуўся: здольны чалавек яго знаёмая Якушава! Гартаючы далей, заўважыў інфармацыю аб матчы на першынство вобласці па валейболу. Пра каманду Ляснога ён чуў даўно. Яна нават у рэспубліканскіх сельскіх гульнях удзельнічала. І інфармацыю прачытаў з цікавасцю. Перамаглі мясцовыя валейбалісты, але сустрэча была напружанай, з пяці партый, і гульня ішла ачко ў ачко. Корзун задумаўся і раптам злавіў сябе на тым, што ўжо даўно глядзіць не на заметку, а на дату, калі выйшла газета. Ён аж пакруціў галавой: насланнё нейкае! І тады зразумеў, што матч адбыўся менавіта ў той вечар, калі загінуў Рамейка, чатырнаццатага лютага. Гэтыя дзве падзеі, вядома, ніяк не былі звязаны, проста ён, не зважаючы на сённяшнюю знаходку, у думках працягвае распрацоўку сваёй апошняй версіі з Кунцэвічам на першым плане… — Можна здаваць! — Святлана патрэсла ў паветры рукапісам. А Корзун зноў усміхнуўся: усё-такі яна абыходзіцца з ім, як з хворым. Прапанаваў: — Паблукаем? — А што? Здаецца, пацяплела. — Не, на мароз бярэцца, — ён на хвіліну выключыў святло, пачакаў, пакуль вочы прывыкнуць да цемры, — вунь якое неба чыстае. — Нішто, у мяне кажушок. На вуліцы было ціха, не вельмі холадна, і Корзун са здавальненнем крочыў, поўнячыся ад марознай свежасці маладой сілай. Дзённыя нягоды нібы адсталі, адсунуліся кудысьці назад, як і не было іх, і ў душы нараджалася ўпэўненасць, што ўсё будзе добра. Ён не задумваўся, адкуль гэта адчуванне, мае яно дачыненне да Абабуркі з Кунцэвічам або да чаго іншага. Не хацелася думаць. Бо не часта выпадае вось так бесклапотна, без пэўнай мэты ісці па вуліцы, раптам паварочваць у незнаёмы завулак, у другі, трэці… Усё роўна куды, абы рухацца, адчуваць сябе дзейным, моцным, здаровым. Святлана моўчкі ішла побач, хутаючыся ў пушысты футравы каўнерык. Пра што яна думала? Пра штосьці сваё? Або, можа, пра яго, Корзуна, баючыся неасцярожным словам нагадаць нядаўняе, непрыемнае? Калі-нікалі выбралася з хлопцам пагуляць, і такая сумная атрымліваецца прагулка. — Не замерзла? — Корзун сёння не баяўся адзіноты, як, напэўна, думалі Святлана з Пратасенем, наадварот, але ўсё роўна быў удзячны ёй — за ўвагу, клопаты. — Мне падабаецца, — дзяўчына адгукнулася ахвотна. — Тры гады жыву ў Лясным, а тут — упершыню. Як цудоўна! Вечар сапраўды быў прыгожы. Свяціў месяц, кладучы на белую зямлю доўгія чорныя цені, іскрыўся снег, ледзь чутна шумелі голыя галінкі старых таполяў на ўзбочыне. — Вось бачыш. А то, каб не я, а можа, Пратасеня, га, не выбралася б, — Корзун спыніўся, павярнуўся да Святланы. — Страшны ты чалавек, Сашка, — засмяялася дзяўчына, — нічога ад цябе не скрыеш. — Такая мая прафесія, — ён узяў дзяўчыну пад руку. — Магу яшчэ дадаць, што я зусім не засмучоны, як вы з пракурорам надумалі. — Веру, няўдачы цябе заўсёды толькі падсцёбвалі, як пуга рысака. — Напэўна, рысакоў падганяюць усё-такі шпорамі. А мне дык заўсёды хочацца працаваць без памылак. У нас гэта асабліва неабходна. — Абабурка сапраўды злачынец? — і да яе дайшоў почут. — Без доказаў не арыштоўваюць. — Гэта так, цяпер часам нават з доказамі не арыштоўваюць. А не кожнага ж можна перавыхаваць. — У кожным асобным выпадку пракурор вырашае, — адказаў Корзун. Гэта прагучала, аднак, надта казённа, і ён жартаўліва дадаў: — Асабіста я за перавыхаванне. — Абабурку многа наканавана? — Каб я знаў,— пасля параўнання адбіткаў ён сапраўды нічога пэўнага не мог сказаць. — Службовы сакрэт? — Шчыра кажу, — і падумаў, што яго таксама непакоіць, у чым вінаваты заатэхнік. — Негрунтоўны ён нейкі,— задумліва прамовіла Святлана. — Гэта не заднім чыслом кажу, павер. Вось зараз пастаралася ўспомніць, ці ставіўся ён да чаго сур'ёзна. Усё жартачкі ды прыгаворачкі. Да мяне сватаўся, то прыйшоў і як усё роўна браму за сабой не зачыніў: каб можна было, калі адмоўлю, з добрай мінай адступіць, маўляў, пажартаваў.— Яна памаўчала. — Быў бы іншым, напэўна, пайшла б. Відны, вясёлы — што яшчэ бабе трэба? — Кажуць яшчэ: падабенства душ… Святлана засмяялася — сумна, стрымана. — Аднойчы папрасіла: раскажы, як працуеш? «Яшчэ фельетон напішаш», — сказаў. Думала — чарговы жарт. А цяпер здаецца, што тады адзіны раз ён быў праўдзівы… Яны падышлі да Святланінага дома. — Зойдзем, — прапанавала дзяўчына. — Ты не павячэраў… — Дзякую, Света, — адмовіўся Корзун. — Хопіць і таго, што ты мне сёння вельмі памагла, — заўважыўшы яе сумненне, растлумачыў крыху: — Ты сама не здагадваешся як. Сказаў бы болей, але гэта ўжо сапраўды службовы сакрэт. Ён не хлусіў. Але каб нават Юркавец папрасіў бы зараз канкрэтызаваць гэта, наўрад ці сказаў бы больш. Проста ў яго з'явілася ўпэўненасць, што гэты вечар, няспешная шчырая размова заўтра, паслязаўтра, можа, пазней, але абавязкова дадуць яму нешта важнае. Дзяжурная ў гасцініцы, Падабедава, чакала Корзуна. — Вы, Саша, самы позні. — Прабачце, Рыгораўна, можа, першы вольны вечар за тыдзень. — Разумею, дзела маладое. А лепш не хадзіць поначы, — яна, напэўна, усё гэтыя дні жыла пад уражаннем выпадку з Рамейкам і баялася за кожнага свайго пастаяльца. — Чаю пап'еце? — Самы вялікі кубак! З добрым настроем заснуў Корзун. Спаў моцна, нічога не прысніў і раніцай устаў бадзёры, са свежай галавой. Была субота, выхадны, ніякіх аператыўна-следчых мерапрыемстваў не прадбачылася, і можна было не надта спяшацца. Тым болей што сусед па пакоі паехаў, а новы яшчэ не пасяліўся. Корзун устаў, праслухаўшы радыёперадачу «Дзень добры, таварыш!», пазваніў дзяжурнаму ў райаддзел, пацікавіўся, ці не было для яго распараджэнняў — Юркавец ужо ведаў аб супадзенні адбіткаў і мог загадаць вяртацца. Не, пра яго нібы забылі. У сваім пакоі Корзун узяў быў у рукі томік з «Новай зямлёй». Гэту паэму ён вельмі любіў, часта перачытваў, прычым неабавязкова з пачатку, а адкрываў на любой старонцы. І кожны раз яго здзіўляла і захапляла незвычайная назіральнасць паэта, уменне праз маленькія, нязначныя паасобку штрышкі і дэталі намаляваць карціну, вобраз, час. Але сёння не чыталася, не далі ўчарашнія падзеі, яны нібы вярнуліся і цяпер непакоілі, прымушалі думаць толькі пра іх. Яшчэ надоечы здавалася, што віноўнік гібелі Рамейкі ўжо ў руках. Адзін штрышок, і Кунцэвічу не выкруціцца. Таму і задаваў яму тыя калючыя пытанні. Цяпер Пратасеня, напэўна, зробіць за іх вымову. Корзун пачухаў патыліцу. Па шчырасці, вымову ён заслужыў. Бо палез у бойку наскокам, бы зухаваты кавалерыст, хаця бачыў, што цвёрдых доказаў не мае. Паспадзяваўся на інтуіцыю, падмацаваную пэўнымі данымі. Але, як на цвярозую галаву, на жаль, ускоснымі. Алесь падняўся з ложка, сеў на тумбачку ля акна. Насупраць будаваўся шматпавярховы дом. Сёння быў выхадны, і на будоўлі не снавалі муляры, не гудзелі машыны. І вежавы кран знерухомеў, як бацян на балоце, падпільноўваючы здабычу. Гэты кран раптам здаўся Алесю падобным на яго: абодва закансервіраваныя і абодва праз два дні павінны ажыць. Ды крану што. У панядзелак зрушыць з месца. А вось ён, Корзун, наўрад ці. Аднак, справа нават не ў гэтых двух днях, вызначаных Юркаўцом. І нават не ў яго, Корзуна, самалюбстве. За дапушчанымі, можа, памылкамі стаяў людскі лёс. І гэта прыгнятала больш за ўсё. Праўда, Корзун пакуль не збіраўся ўзнімаць рукі. Ён лічыў, што проста часова вымушаны адступіць на зыходную пазіцыю, з якой зноў пойдзе наперад, толькі на гэты раз больш падрыхтаваным. Дык дзе дапушчана памылка? Быў час, калі Корзун не на жарт падазраваў у забойстве Абабурку. Шукаючы доказаў яго віны, ён неспадзявана выйшаў на Кунцэвіча. Нарыхтоўшчык адразу здаўся яму больш вартым увагі. Надта розныя былі яны. Абабурка імпульсіўны, гэта так. Але ён балбатун, шаркун, як некалі трапна ацаніў яго той жа Кунцэвіч. І не адчуваецца ў ім жорсткасці, без якой на забойства не пойдзе нават адпеты злодзей. Да таго ж такое забойства не ажыццявіш раптам, яго трэба падрыхтаваць, а ў Абабуркі не было, здаецца, на гэта часу. Аднак, бадай, самае галоўнае, ён і цяпер ахвотна ўспамінае Рамейку, паводзячы пры гэтым сябе зусім натуральна. У Кунцэвіча прычын апасацца журналіста было не меней, чым у яго хаўрусніка. І жорсткасці ў Кунцэвіча хапае. І тэхнічны бок забойства яму лягчэй забяспечыць, чым Абабурку — меў і час і транспарт. Праўда, пра нябожчыка і ён гаворыць зусім спакойна. Так што і да яго не падкапаўся б, каб не паездка ў Пцічкавічы, якая была яму непатрэбная і пра якую ён не сказаў чамусьці праўды. І вось новы паварот. Адкуль узяўся на Рамейкавым партманеце след Абабуркавага пальца? Гэты адбітак надта сур'ёзны доказ, каб не браць яго ў разлікі. І разам з тым Корзуну ён здаваўся не надта пераканаўчым, захацеўшы, яму можна было даць тлумачэнне, якое суд, напэўна, прыме. Нізкае сонца светлым крайчыкам бліснула з-за цаглянай кладкі недабудаванай камяніцы. У пакоі пасвятлела, стала ўтульней, цяплей. Корзун зажмурыўся і перасеў да стала, з прыкрасцю думаючы, што на вуліцы зараз вельмі добра, што можна зайсці да Светкі і выцягнуць зноў яе на прагулку або, можа, нават расстарацца на лыжы і махнуць куды-небудзь далёка-далёка. Ён уздыхнуў і ўпарта сціснуў рукамі скроні — не да прагулак. Корзун прымусіў сябе пераключыцца з сонечнай вуліцы на Кунцэвіча з Абабуркам. Што, калі ён памыляецца, і ні адзін, ні другі да забойства дачынення не маюць? Аднак і гэта ўсё роўна трэба або даказваць, або абвяргаць фактамі. Бо над Абабуркам навіс хісткай скалой адбітак яго пальца, а над Кунцэвічам — мана з Пцічкавічамі. І наогул, можа быць і так, што яны вінаватыя абодва і ўмела блытаюць сляды. Алесь некаторы час і так, і сяк круціў гэту думку і ўрэшце адкінуў яе. Змова патрабавала яшчэ больш часу. Так што дзейнічаў хтосьці адзін. Абабурку, безумоўна, правераць яшчэ раз без яго, Корзуна. А ён тым часам возьмецца за Кунцэвіча. Некаторыя меркаванні з'явіліся. Корзун узяў чысты ліст паперы і пачаў вычэрчваць план гарадка. У апошнія дні, як прадбачыў, што спатрэбіцца, шмат блукаў па вуліцах і ведаў, дзе і што знаходзіцца. На Чыгуначнай Кучаронак наехаў на Рамейку, на вуліцы Навасёлаў жыве Кунцэвіч, на Падгорнай яго бачылі ў санях… Паводле Корзунавай версіі, там Кунцэвічу не было чаго рабіць: пераезд у процілеглым баку. Так што выходзіць, быццам нарыхтоўшчык не ездзіў і не вазіў туды Рамейку… Алібі? Неблагое. Яшчэ адна пятля на Абабуркаву шыю? Няўжо нарыхтоўшчык такі хітрун, няўжо нават друга не шкадуе? Ды пра што гаворка, такія нават украдзенай разам капейкі адзін аднаму не перададуць, а тут жыццём пахне. Толькі вось Абабурка пакуль Кунцэвіча не вельмі топіць, толькі ў дробязях прызнаецца. Затое Кунцэвіч… На словах — пароўну карайце, а сам непрыкметна стараецца галоўнае на чужы карак пераваліць. Корзун ад агіды міжволі перасмыкнуў плячамі. І падумаў, што не аддасць распрацоўку сваёй версіі Пратасеню і мясцовым сышчыкам, сам давядзе яе да ладу. — Саша, вас да тэлефона! — пастукала ў дзверы Падабедава. «Няўжо маёр Юркавец? — падумаў Корзун. — Няўжо выклікаюць дамоў?» Адчуваючы прыкрасць, пайшоў у адміністратарскі пакой. Званіў, аднак, Пратасеня, і ў Корзуна адлягло на сэрцы. — Нудзішся? — пытаў ён. — То давай да мяне. — Сёння выхадны, — весела загаварыў Корзун, — маю я права на адпачынак, маю? — Я цябе, можа, на бліны клічу, для выхаднога самы раз. — Люблю бліны, з салам, маслам, смятанай і без яе, — плёў Корзун у трубку, чакаючы, калі Падабедава зачыніць за сабой дзверы. — Аркадзь Міхайлавіч, я сёння якраз успомніў, што я аператыўнік, а не следчы. Не, ад бліноў не адмаўляюся. Што вы, хто іх для мяне яшчэ напячэ? Але спачатку папрацую. Падгорная вуліца была недалёка ад гасцініцы. Корзун дайшоў да яе хвілін за дзесяць. Старыя драўляныя хаты з маленькімі вокнамі — такіх цяпер ніхто не робіць; кантора гаргазу — арганізацыя новая, яшчэ не паспела адбудавацца па-сучаснаму; пустэча з рэшткамі цаглянага падмурка — відаць, будыніну ці разбурылі, ці перавезлі на другую сядзібу, і побач некалькі замкнёных хлявоў. Вуліца як вуліца. Корзун прайшоўся з канца ў канец і выйшаў на невялікую заасфальтаваную плошчу, спыніўся перад будынкам з бетону і шкла. Чорная шыльда горда абвяшчала залатымі літарамі: «Спартыўны комплекс». А трохі ніжэй было пазначана, калі працуе басейн, гімнастычная зала, валейбольная… Корзуну ўспомніўся свой гарадок. Тады яны, вучні, фізкультурай маглі займацца толькі ў цеснай школьнай зале, а пра басейн нават не марылі. А цяпер у звычайным раённым цэнтры — спартыўны комплекс! Хутка бяжыць час, але яшчэ хутчэй мяняецца аблічча гарадоў і пасёлкаў. Ён пастаяў, пачытаў афішы, якія паведамлялі аб спаборніцтвах, і павярнуў назад. Быў час ісці да Пратасені. Але яшчэ раней трэба было завярнуць у райаддзел. Сякія-такія думкі з'явіліся, іх неабходна праверыць. Тым болей што дзяжурыў сёння сам начальнік аддзялення крымінальнага вышуку капітан Шабуня. — Здаволены? — сустрэў ён Корзуна. Лічыў, што цяпер справа, нарэшце, закончыцца. — Прагрэс рухаюць скептыкі, капітан, — адказаў Корзун, — так што пазбягай заспакоенасці. А каб ты не заснуў у шапку, вось табе заданне: знайдзі зацятага аматара спорту. Хай паводзіць мяне па гарадку. Гадзіны праз дзве. Шабуня паціснуў плячамі. І таму ўвесь яго выгляд нібы казаў: табе так хочацца — дастаўлю, і не толькі аматара спорту, а спатрэбіцца — і музыканта, і шаўца з краўцом, і наогул, каго хочаш. Корзун пасміхнуўся, падумаўшы, што капітан няйначай цяпер будзе ламаць галаву, стараючыся даўмецца, якая такая патрэба ўзнікла ў інспектара абласнога ўпраўлення. Бо ён сам, Корзун, не супакоіўся б, пакуль не адгадаў бы ў падобным выпадку чужую задуму. Здарэнне ж адбылося ў Лясным, следства працягвалася, і начальніку крымінальнага выпуску не павінна быць абыякава, як і чым яно скончыцца. XVII Пра што думаў Шабуня гэтыя дзве гадзіны, пакуль яго не было, Корзун так і не даведаўся. Аднак, калі ён прыйшоў у аддзел, у капітана сядзеў белабрысы цыбаты хлопец у караткаватым дэмісезонным паліто і тупаносых чорных чаравіках на тоўстай белай падэшве. «Як піць даць музыкант», — мільганула ў Корзунавай галаве. Ды, зрэшты, для яго задумы гэта істотнага значэння не мела — абы добрым гідам быў. Напэўна, нейкая нездаволенасць усё-такі адбілася на Алесевым твары, бо цяпер пасміхнуўся ўжо гаспадар кабінета і падкрэслена раўнадушна адрэкамендаваў модніка: — Выступае за зборную вобласці, баскетбаліст. — А ўжо ж, росту хапае, — Корзун больш прыязна паглядзеў на хлопца. А той ускочыў з крэсла, выцягнуўся па стойцы «смірна», стаўшы яшчэ нібы даўжэйшым, і назваўся: — Малодшы лейтэнант Наркевіч… — З майго аддзялення, — задаволена дадаў Шабуня і ўдакладніў: — Мясцовы, у курсе справы. — От, гэта добра, капітан, — узрадаваўся Корзун. — Дзякую. — І да хлопца: — Як тваё імя, малодшы лейтэнант? Мікола? Дык вось, Мікола, пашукаем зацятых валейбольных балельшчыкаў. — Усіх? — разгубіўся Наркевіч. — Яно не пашкодзіла б, аднак пакуль з нас, спадзяюся, хопіць тых, што жывуць на поўнач ад спартыўнага комплексу. — Геаграфія… — заклапочана паматаў галавой Шабуня. — Мне б з вамі… На заўтра нельга адкласці? — Баюся, на мяне ўжо данос у пракурора ляжыць, — адказаў Корзун, — мушу спяшацца, — і павярнуўся да малодшага лейтэнанта. Наркевіч адступіў на крок убок, прапускаючы Алеся ў дзверы. На вуліцы спыніліся. Ярка свяціла сонца. Прамерзлы белы снег пад яго промнямі зіхацеў рознакаляровымі вясёлкамі, пявуча рыпеў пад нагамі. Корзуну зноў падумалася, што ў такі суботні дзень не сведкаў шукаць бы, а на лыжах па наваколлі гойсаць, і ўздыхнуў. — Вы не турбуйцеся, Алесь Антонавіч, к вечару ўсіх выявім, наш гарадок невялікі. — Я не пра тое, Мікола, — прызнаўся Корзун. — За нашай працай часам забываеш, што ты не толькі дэтэктыў, а і звычайны чалавек, якому хочацца адпачыць, з сябрамі пра жыццё-быццё паразважаць. — Ну, забойствы не кожны дзень бываюць, — разважліва прамовіў Наркевіч. — І то верна, — пагадзіўся Корзун. Не яму было расчароўваць гэтага хлопца, які толькі пачынаў службу ў міліцыі і якому яшчэ ўсё бачылася ў асаблівым святле, нагадваць, што, акрамя забойстваў, ёсць нямала іншых сур'ёзных злачынстваў і яны таксама патрабуюць часу. Некалі і ён, Корзун, быў такі. Тады яму кожнае дзяжурства ў выхадны дзень здавалася святам, ён нават ганарыўся, што нясе вахту, калі іншыя супрацоўнікі адпачываюць. Зараз ён святочнымі дзяжурствамі не ганарыўся, зараз ён прымаў іх як звычайную службовую неабходнасць, хаця ў душы было і зайздросціў тым, хто можа вольна распараджацца сваім часам. Аднак, каб яму давялося выбіраць службу спачатку, ён усё роўна пайшоў бы ў крымінальны вышук. З усімі клопатамі, нягодамі і да таго падобнымі праявамі, якімі характарызуецца гэта служба. Толькі цяпер у яго поглядзе на яе было зусім мала колішняй рамантыкі — яна саступіла месца цвярозаму разуменню сутнасці салдата міліцыі. Алесь зірнуў на суровы твар Наркевіча і сказаў: — Не будзем бядаваць, дружа, можа яшчэ пашчасціць, то мы тады і прагулку ў лес арганізуем. Яны няспешна пакрочылі ў бок цэнтра гарадка. Калі апынуліся на ціхай бязлюднай вуліцы, Корзун спытаў: — Табе задача ясная? — Збольшага… Сам Корзун не любіў, выконваючы даручэнне, дзейнічаць, як кажуць, з завязанымі вачамі, не ведаючы добра сутнасці задання. І рашыў растлумачыць сваю задуму таварышу: — Прыкладна ў той час, калі скончыўся валейбольны матч, на Падгорнай або на бліжэйшых да комплексу вуліцах мог быць чалавек у вазку ці без вазка, пеша, адзін, удвух, з кампаніяй… Разыходзячыся, балельшчыкі маглі яго або іх бачыць. Нам важна ўстанавіць, ці бачылі, калі бачылі, то каго, ну і, вядома, больш-менш дакладна час. Зразумела? — Так… — Бачу, не зусім, — пасміхнуўся Алесь. — Справа ў тым, што я маю вялікае падазрэнне супраць нарыхтоўшчыка Кунцэвіча. Нават амаль упэўнены, што ён тут быў і што яго знаходжанне тут неяк звязана са смерцю журналіста Рамейкі. — Але адбітак… — Нягледзячы на адбітак! — жорстка сказаў Корзун. — У той вечар вельмі падобнага на Кунцэвіча чалавека бачылі на Падгорнай, ехаў на кані. Што яму там было рабіць? — Пыталіся, мабыць, у яго? — Паспрабаваў. Цяпер скаргі чакаю. Ды гэта дробязь. Абы мы каго-небудзь знайшлі. — На Падгорнай райспажыўсаюзаўскія склады, заявіць, што па справе прыязджаў. — Вось я і хачу пераканацца, што гэта так. Раптам людзі бачылі, як заходзіў, як выходзіў са склада. — Інакш кажучы, калі Кунцэвіч увесь час быў адзін, у забойстве ён не вінаваты? — Калі быў адзін, — упарта сказаў Корзун. Падгорная вуліца намячалася пад забудову, была з шырокімі тратуарамі, з свяцільнікамі на слупах. Сустрэчнага тут разгледзець можна было і ў начную завею, і на гэта Корзун вельмі разлічваў. Жыхароў вуліцы Шабуневы хлопцы апыталі, так што іх шлях можна было не паўтараць. Тым болей што, як сцвярджаў Наркевіч, вядомыя яму балельшчыкі тут не жылі. І Корзун павярнуў на паралельную вуліцу. Наркевіч добра ведаў свой горад, яго жыхароў. Яны з Корзунам абышлі не адзін дом, папыталі многіх хлопцаў і дзяўчат. Аднак вынік пакуль што быў не той, якога чакалі. Ніхто дакладна не сказаў, сустрэўся яму хто на вуліцы ці не. Відаць, не да таго было: надта гарачы матч выйграла любімая каманда, каб сапраўдны балельшчык помніў пра што-небудзь іншае. Наркевіч задумаўся. Корзун цярпліва чакаў яго рашэння, радуючыся, што раскрыў перад ім сваю ідэю. Цяпер Наркевіч не проста праважаты, ён актыўны ўдзельнік пошукаў. І Корзун не памыліўся ў сваіх спадзяваннях. — Ведаеце што, — нарэшце ажывіўся Мікола. — Ёсць у нашай другой школе фізрук Масальскі. Ён, па-першае, чалавек сталы, а па-другое, валейболам асабліва не захапляецца. Але на матчы быў. — Вядзі,— згадзіўся Корзун, пазіраючы на пацямнелае неба. Паўдня яны такі прабегалі, і падобна, дарма. Школа стаяла на пагорку і свяцілася шырокімі незанавешанымі вокнамі. Толькі што скончыліся ўрокі, і дзятва шумным патокам вырывалася з высокіх і вузкаватых для такой установы дзвярэй, імкліва расцякаючыся па спадзістых заезджаных схілах пагорка. Корзуну з Наркевічам прыйшлося доўга чакаць, пакуль ля ўвахода ў школу крыху пацішэе. Спортзала знаходзілася на трэцім паверсе. Паднімаючыся па даволі крутой лесвіцы, Алесь з Міколам яшчэ здалёк пачулі звонкія воклічы, гулкія ўдары па мячы, прарэзлівыя свісткі судзейскай сірэны. Значыць, Масальскі быў на месцы. Наведвальнікаў Андрэй Андрэевіч прыняў з цікавасцю: міліцыянеры ў школе бываюць не часта. Пачуўшы просьбу пагаварыць, паківаў галавой: — Ніколі не думаў…— Аднак пра што не думаў, удакладняць не стаў. Паклікаў хлопчыка ў паласатай майцы, які сядзеў на лаўцы запасных. — Пасудзі, Вася, — працягнуў яму свісток. — Прашу вас, — запрасіў ён міліцыянераў у бакоўку. Счакаўшы, пакуль госці ўсядуцца, спытаў: — Дык што ў вас? Корзун адказаў: — Матч быў чатырнаццатага, а сёння — дваццаць чацвёртае. Як бы не памыліцца. — То быў апошні завірушны дзень, вось вам прыкмета, — падказаў Наркевіч. Андрэй Андрэевіч прыжмурыўся, як успамінаючы, потым усміхнуўся: — А што, прыкмета сапраўды запамінальная, у нас даўно такой завеі не было. Вось што значыць дэтэктывы, умееце накіраваць думку… — І сам спахапіўся: — Што гэта я, вас жа не зіма трывожыць. А сустрэча была. Адзін, відаць, добра падпіў, другі як не нёс яго. П'янага не ведаю. Цвярозага быццам бы недзе бачыў, але як параўняліся яны са мной, ён адвярнуўся, друга хацеў падтрымаць, ці што. Апрануты быў у светлы кажух фабрычны. Вушанка чорная, з труса. Але найбольш мне паказаліся буркі. Высокія, белыя, абшытыя карычневай скурай. Такія цяпер толькі ў кіно бачыш, калі даўніх дзеячаў паказваюць. — Можа, яшчэ і на гадзіннік паглядзелі, як выходзілі пасля гульні? — Корзун забраў ініцыятыву ў размове ў свае рукі. — Была палова дзесятай. — Дакладна. Цяпер бы нам каго-небудзь, хто крыху затрымаўся ў комплексе, пасля вас ішоў, га, не падкажаце? — Напэўна, мае вучні, яны, пакуль спартсмены з раздзявалкі не пойдуць, будуць таўчыся пад дзвярыма. Вася, Юра! — гукнуў ён у залу. Хлопцы аказаліся кемлівымі і дружна заявілі: — Нейкага дзядзьку бачылі, мы яго яшчэ перагналі. Не, аднаго. У белым кажуху і валёнках, такіх белых, абшытых. Можа, паляўнічыя, бо пад самыя калені. — Вы яго раней сустракалі ў горадзе? Не? То, можа, што адметнага кінулася ў вочы, каб пазнаць можна было, сустрэўшыся. Хлопчыкі пераглянуліся. Вася сказаў: — Спартыўная хадзьба. — Як гэта? — не зразумеў Корзун. — Ну, ходзіць дзядзька, як падскоквае, — удакладніў за сябра Юра. — Трохі падобна на спартыўную хадзьбу, ёсць такі від у лёгкай атлетыцы. — Малайчына, — Корзун ускудлачыў ягоныя густыя валасы, — запомніў, што трэба. Дзякую вам. — У цвет? — спытаў Мікола, калі выйшлі са школы. — Нешта ў гэтым ёсць, хаця хацелася б большага… — Калі дазволіце, я заўтра яшчэ пабегаю, — прапанаваў Наркевіч. Корзун згадзіўся. XVIII — Усё-такі разумны чалавек некалі сказаў, што панядзелак цяжкі дзень. — Пратасеня пачаў здалёк. — Ты сядзіш, зубы скаліш, а Кунцэвіч скаргу накатаў — во такую, — паказаў ён рукамі,— і яшчэ ў вобласць абяцаў пісаць. Маўляў, у прысутнасці раённага пракурора інспектар міліцыі дапытваў недазволенымі прыёмамі. Скарга, напэўна, была яшчэ ў пятніцу, і Пратасеня ведаў аб ёй. Аднак загаварыў толькі ў панядзелак, у службовым кабінеце. Не хацеў псаваць Корзуну выхадны. Добра зрабіў, бо сёння ў Корзуна ўжо што-кольвек было, каб не толькі адбівацца ад скаргі Кунцэвіча, а і прапаноўваць нешта пазітыўнае. — Аркадзь Міхайлавіч, — дачакаўся ён паўзы, — трое сутак не мінулі, як скарга пададзена? — Законнік! — Пратасеня сярдзіта засоп і сеў за свой стол. — Болей нічога не прыдумаў? — Што вы, Аркадзь Міхайлавіч! Пустую торбу не нашу. Давайце абмяркуем. — Гляджу я на цябе, інспектар Корзун, і думаю: ёсць для цябе нейкія рамкі ці не? — Навошта так, Аркадзь Міхайлавіч? Быццам я толькі і раблю, што крымінальна-працэсуальны кодэкс парушаю. А ў мяне і дапушчэнне ёсць, па нашай справе. Абабурка сустракаўся з журналістам у калгасе, у Якушавай, у аўтобус білет разам браў… — Твой Абабурка не цыркач-фокуснік, каб, не трымаючы ў руках рэч, сляды пальцаў пакідаць на ёй. — То я і кажу: мог трымаць і яшчэ потым заявіць: «Вельмі спадабаўся мне Рамейкаў партманет, папрасіў паглядзець». — Юркавец званіў. Не заявіў Абабурка, не помніць. — Як прыпячэ — успомніць. Пратасеня ўскіпеў: — Тады тое будзе! Корзуну стала крыўдна. Зноў Пратасеня хапае першае, што плыве на следчы стол. Сам загарачыўся: — На Падгорнай засталіся некалькі райспажыўсаюзаўскіх памяшканняў. Варта агледзець. — У Кунцэвіча меціш? — Махлярства ён не адмаўляе. Так што падставы ёсць. — Але гэта не твой клопат, — Пратасеня амаль адкрыта намякаў, што далей следства пойдзе без Корзуна. — Не Кунцэвіч, дык Абабурка. А адбітак усё роўна падмацоўваць трэба, для вернасці. Пратасеня дапытліва паглядзеў на Корзуна, пасміхнуўся: — Ну давай, давай, развязвай сваю торбу. Корзун толькі і чакаў гэтага. — На Падгорнай чатырнаццатага лютага а палове дзесятай вечара былі двое п'яных, дакладней, відаць, цвярозы п'янага вёў. Хвілін праз дзесяць цвярозы вяртаўся адзін, а яшчэ хвілін праз дваццаць там нехта ехаў у санях. — Не бачу сувязі. — Думаю, нехта, назавём яго, як у матэматыцы, іксом, бо ён пакуль нам невядомы, прывёў туды Рамейку, а потым збегаў па каня. — Думаеш ці факты маеш? — Пратасеня зацікавіўся. — І таго і сяго пароўну. У суботу гуляў па Падгорнай… — Выпадкова, вядома, — падкалоў пракурор. — Ага, перад блінамі,— адпарыраваў Корзун. — А там, на Падгорнай, — выдатны спартыўны комплекс. У ім, дарэчы, чатырнаццатага лютага — у той дзень, як загінуў Рамейка, — адбыўся валейбольны матч. Гэта я ў раённай газеце вычытаў. А яшчэ ў газеце было напісана, што гульня зацягнулася. Прыкінуў, і атрымалася, што разыходзіліся балельшчыкі прыблізна а палове дзесятай. Звярнуўся да Шабуні па дапамогу. І недарэмна. Хаця пахадзіць пахадзіў, прыйдзецца вам купляць мне новыя мадэльныя тупаносыя, не, вастраносыя туфлі… — Не мялі,— паморшчыўся Пратасеня. — За гэтай лухтой сэнсу не відно. — Даруйце, — прыняў папрок Корзун, — але, баюся, неўзабаве на жарты ў нас не стане часу. — Рабацяга! — Пратасеня ўсё яшчэ злаваўся. — Можа, я цябе раней дадому адпраўлю. Тады хоць па вуліцах гуляй, хоць у кіно хадзі з валейболам. Корзун падумаў, што і пракурор па словы ў кішэню не лазіць, аднак палічыў за лепшае прамаўчаць. — Значыць, балельшчыкі п'яных бачылі? — ужо іншым, дзелавым тонам спытаў Пратасеня. — П'яных, вядома, не ўстанавіў? — Як у вадзе ўтапіліся! А на рэчцы ж лёд. Чаго ім хавацца, асабліва цвярозаму? Пратасеня доўга глядзеў у акно, быццам там мог быць адказ на гэта пытанне. — На Падгорнай, здаецца, некалькі хлявоў,— нарэшце сказаў ён. І Корзун зразумеў, што пракурор згадзіўся з яго довадамі.— Што, усе аглядаць? — Відаць, хопіць аднаго, які адкрыецца ключом з Кунцэвічавай звязкі,— і асцярожна паабяцаў: — Лішняга пытаць не буду. — Нажыву я з табой непрыемнасцей, сышчык, — але гэта ўжо было толькі рэхам нядаўняй навальніцы. Як і мінулы раз у Кунцэвічавай хаце, на новым вобыску Корзун трымаўся нібы ўбаку. Толькі скоса пазіраў на Кунцэвіча. Той быў абыякавы, раўнадушна глядзеў, як ягоным ключом адмыкаюць стары ржавы замок, як адчыняюць абабітыя бляхай рыпучыя дзверы на даўно нямазаных завесах. Рабіў выгляд, што ўсё гэта яго не цікавіць. Корзун зазірнуў у хлеў і падумаў, што Кунцэвіч нездарма спакойны. Нічога тут для ягонай версіі няма, Кунцэвіч можа не баяцца. У гэты склад даўно ніхто не заходзіў. Ад парога і далей на падлозе ляжаў непарушаны слой пылу. Пакуль аглядалі памяшканне, Корзун стаяў на вуліцы, грэючыся цёплым, зусім вясеннім сонцам. І думаў. Двое аматараў спорту незалежна адзін ад аднаго сказалі пра тых п'яных. Двое сцвярджалі, што цвярозы, ці цверазейшы, быў у кароткім белым кажусе і белых бурках. Гэта наводзіць на Кунцэвіча. Застаецца даказаць, што ў абодвух выпадках — удвух і адзін — быў ён. Сведкі асабліва не прыглядаліся, да таго п'янейшы наогул брыў, апусціўшы галаву, а другі, сустракаючыся з прахожымі, адварочваўся, быццам менавіта ў той момант яму трэба было падтрымаць таварыша. Такім чынам, поўнай гарантыі, што гэта быў Кунцэвіч, а не Абабурка або, можа, хто іншы, няма. І ніякіх доказаў у гэтым хляве, дзе, было ў Корзуна такое спадзяванне, Кунцэвіч пакідаў непрытомнага Рамейку. Да Корзуна падышоў Шабуня, сказаў: — Скончылі. Пуста. — Будзем… — Корзун хацеў сказаць, што прыйдзецца вяртацца, і спаймаў Кунцэвічаў позірк — здзеклівы і разам з тым насцярожаны, неспакойны. Падумалася: што трывожыць яго? Што? — Віктар Пятровіч, — паклікаў ён эксперта, яшчэ добра не ўяўляючы, аб чым папросіць яго. — Віктар Пятровіч… Якія дзверы з гэтых, — паказаў ён рукой на астатнія хлявы, — адчынялі нядаўна? Эксперт павёў вачамі па замках, завалах. — Бадай, скажу. А праз некалькі хвілін упэўнена паказаў: — Гэтыя. — Чый гэта склад, Кунцэвіч? — спытаў Шабуня. — Цяпер нічыйны, — нарыхтоўшчык адказаў не адразу. — Там нічога каштоўнага няма. — Я ў райспажыўсаюз, — Шабуня накіраваўся да машыны. — Пачакайце, — ён улавіў Корзунаву здагадку. — Чаго вы прычапіліся да гэтых сховішчаў старога хламу? — Кунцэвічу ўжо не стаялася спакойна, ён прыкметна занерваваўся. І хаця вобыск праводзілі іншыя, звярнуўся ўсё-такі да Корзуна. «Вось ты і забаяўся, — падумаў Корзун, — напэўна ж, не праз махлярства. Зараз я табе тое-сёе падкіну, ды так, што новую скаргу пісаць і не захочацца». Адказаў без асаблівай зацікаўленасці: — Чатырнаццатага лютага па вуліцы Падгорнай ішлі двое, а недзе тут як праваліліся. Вы часам не бачылі, калі на кані праязджалі? Час быццам супадае. — Завіруха круціла, — ён не ўдакладняў, што за дзень быў чатырнаццатага лютага, помніў. — Ну, вам завіруха нішто, вы ж свежым паветрам дыхалі. Кунцэвіч не захацеў працягваць размову. Корзун не настойваў. Прыехаў Шабуня, і не адзін, з незнаёмым Корзуну чалавекам. — Кладаўшчык Бачэйка, гэта яго былы склад, — растлумачыў капітан. — Ключ толькі ў вас? — спытаў Корзун. — Адзін. Быў другі, але неяк яго ўзяў вось ён, — кіўнуў Бачэйка на Кунцэвіча. — Трымаў часам што. — Адчыніце, калі ласка, — папрасіў Шабуня. Бразнула завала, прапішчалі дзверы, прапускаючы ў прапахлы нежылым, затхлы хлеў сонечнае святло. — Нехта сядзеў,— здзіўлена працягнуў эксперт, спыніўшыся перад лаўкай, што стаяла злева ад увахода. — Лямпу, — загадаў.— Так, так. Адна рука ў пальчатцы, другая — голая. За лаўку трымаўся. Зверху сляды сцёртыя, знізу… Ёсць! Зараз здыму. — Ён устаў, азірнуўся. — Падобна, гэты след нам скажа болей… Сіне-белыя палосы пайшлі па Кунцэвічавым твары. Корзун занепакоіўся: раптам хопіць удар. Але нічога не сказаў, хаця пытанняў меў нямала. Выконваў абяцанне, дадзенае пракурору. Пратасеня доўга глядзеў на пратакол, у якім былі запісаны вынікі вобыску на Падгорнай. Так доўга, што Корзуну нават здалося, быццам ён наогул забыўся і на пратакол, і на яго, інспектара абласнога крымінальнага вышуку, які прынёс яму гэты пратакол, а думае нешта сваё, далёкае ад пракуроравага кабінета. Корзун не напамінаў аб сабе, здагадваўся, як нялёгка зараз Пратасеню. Пратасеня не паддаўся новаму павароту ў расследаванні, які быў раптам узнік. Аднак толькі ці не дзякуючы яго, Корзунавай, настойлівасці? Бо быў, шчыра кажучы, гатовы паддацца. І разумець гэта, прызнаваць было не надта прыемна. Нарэшце Пратасеня паварушыўся, пацягнуўся па тэлефонную трубку і коратка прамовіў: — Давайце! Кунцэвіча прывялі неўзабаве, але, пакуль яго не было, Пратасеня не сказаў ні слова Корзуну: безуважна глядзеў у акно. Раней Кунцэвіч уваходзіў у пракурораў кабінет больш упэўнена. Яшчэ нават у пятніцу храбрыўся, спрабаваў жартаваць, кпіць з сябе. Потым пісаў скаргу, пагражаў. А зараз быў ён нейкі завялы, нібы хто ўзяў і адключыў ад яго былую энергію. — Сядайце, — сказаў Пратасеня. — К канцу дня вы атрымаеце адказ на заяву. — Як будзе, — асцярожна адказаў Кунцэвіч. — я не настойваю, калі ўсё будзе па закону, — і паглядзеў на Корзуна. — Дамовіліся. А цяпер, з майго дазволу, вядома, інспектар абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Корзун высветліць з вамі некаторыя акалічнасці. — Спадзяюся, мне не будзе поваду зноў пісаць, — крыва ўсміхнуўся Кунцэвіч, ці то пагражаў, ці то прапаноўваў дагавор. Корзун прапусціў закід міма вушэй. — Помніце, на чым мы перарвалі размову мінулы раз? Маеце што-небудзь сказаць? Не ведаеце, што хачу? То паслухайце, мажліва, зразумееце. На лаўцы ў Бачэйкавым складзе сядзеў, ведаеце хто? Рамейка! — А мне што? — напружыўся Кунцэвіч. — Вельмі падазраю, што вы яго прывялі.— Корзун чакаў выбуху, як мінулы раз. — Буду рады, шчыра кажу, калі вы абвергнеце падазрэнне. Кунцэвіч маўчаў, марудзіў, нібы ўзважваў свае доказы і інспектаравы. — Вы часам свой кажух каму-небудзь не пазычалі, Абабурку, напрыклад? — падкінуў Корзун матэрыялу для роздуму. Кунцэвіч памуляўся. Відаць, яму вельмі хацелася пацвердзіць гэта і было боязна, каб пытанне не аказалася новай пасткай. — Не, — выціснуў ён. — Гэта праўда, — пагадзіўся Корзун. — А наконт Рамейкі? Не можаце нічога сказаць? Можа, вочную стаўку зрабіць або следчы эксперымент? Праўда, твар вы стараліся затуляць. Але буркі… Кажуць, у Лясным у такіх толькі чацвёра ходзяць… І паходка… Вельмі адметная паходка. — Што паходка, што? — ухапіўся за апошняе слова Кунцэвіч. — Калі, як вы кажаце, чалавек п'янага вядзе, якая ў яго паходка? Зноў выдумляеце! — Бачылі, Кунцэвіч, бачылі, як чалавек у бурках і белым кажуху ад Падгорнай ледзь не подбегам некуды спяшаўся, заўважце, адзін без таго, каго мы пакуль называем п'яным. Кунцэвіч апусціў галаву, нават руку быў адарваў ад калена, быццам захацелася яму памацаць белыя, абшытыя карычневай скурай буркі, у якіх ён, напэўна, яшчэ зусім нядаўна адчуваў сябе відным дзеячам. І тады яго як прарвала. — Не забіваў я, не забіваў! — Падобна, думка аб немінучай расплаце ўсё-такі ўвесь час трымцела ў ім, нягледзячы на ўпэўненасць, што не засталося ніводнага следу, што няма ніводнага сведкі. Зараз яна вырвалася крыкам і адчаем: — Вы не дакажаце! — Спыніце істэрыку, Кунцэвіч. Калі мы памыляемся, скажыце дзе, у чым. Паўтараю, будзем толькі рады. Кунцэвіч аціх, утаропіўся ў Корзуна. Пасля нервовай успышкі ён, напэўна, кепска кеміў, што з ім адбываецца. І раптам да яго дайшло. Ён аберуч абхапіў галаву, сіпла вымавіў: — Не хацеў, сам не разумею, як здарылася… Корзун з сумненнем пахітаў галавой. — Паверце, — працягваў ныць Кунцэвіч. — Не хацеў. Усё атрымалася выпадкова. Абабурка сказаў, што хоча пабачыцца з карэспандэнтам, наконт пісьма з Вадвы. Хацеў наплесці што-небудзь, каб выйграць пару дзён. Мы і так збіраліся згарнуць справу, адчулі небяспеку. У мяне на гэта нюх. Я не паверыў, што майму вучонаму заатэхніку, — вось калі нарэшце прабілася доўга хаваная нянавісць да хаўрусніка, ад якога мусіў раней цярпець залежнасць, — удасца ўладзіць пагрозу. Не ў яго характары. Прайдзісвет — гэта праўда, а слязу пусціць не ўмее… Корзун зірнуў на Пратасеню. Той усміхнуўся ў адказ краем губ. Яшчэ не дайшло да лавы падсудных, а адзін саўдзельнік ужо гатовы паболей навесіць на другога. — …Як ведаў. Прыходжу — Абабуркі няма. Карэспандэнт стаіць як не ў сабе. Кажа, упаў, моцна пабіўся. Думаў, што я прахожы. — Кунцэвіч спыніўся. Гарачка мінула, і ён, напэўна, цяпер прыкідваў, ці нельга зменшыць сваю віну. — Я рашыў памагчы чалавеку. Прывёў на склад, пасадзіў на лаўку і пабег вады прынесці.— Калі ён і хлусіў, то даволі праўдападобна. Вось толькі чаму ў склад павёў, у чужы, калі да свайго дома ці бальніцы было бліжэй? — Вярнуўся, а ён нежывы. І… — У вас мільганула думка, — падказаў Корзун, бо Кунцэвіч запнуўся на слове. — Так. Я рашыў забраць пісьмо, а тады выклікаць «хуткую». Забраў, і тады мне стала страшна. Хто паверыць, што не забіў? — І вы пабеглі ў свой двор, запрэглі каня, паклалі ў сані мёртвага чалавека і рушылі на пераезд? — Вы нібы бачылі,— Кунцэвіч сказаў гэта лісліва, а вочы выдавалі нянавісць. Не хацеў ён шчырасці. — А каб не ажыў, рукавом рот заткнулі, так? — Корзун павысіў голас. — Быў у вас, Кунцэвіч, шанс, не выкарысталі вы яго. Крыўдуйце на сябе. Наўрад ці суд знойдзе акалічнасці, якія б зменшылі вашу віну. Кунцэвіч не адказваў. Корзун і Пратасеня не прыспешвалі, цярпліва чакалі. Нарэшце ён прамовіў: — Усё роўна ваш журналіст быў не жылец… Машына да смерці падбіла. Прызнанне было, раскаянне — не. — Што ж, на сёння, бадай, хопіць, — Пратасеня даў Кунцэвічу падпісаць пратакол. Кунцэвіч страпянуўся, як бы хацеў што спытаць, але не спытаў і пайшоў да дзвярэй… Корзун ускочыў, забегаў па кабінеце. — Спакойна, Алесь, спакойна, — Пратасеня падышоў да яго, абняў за плечы. — Хай цябе суцяшае, што злачынства будзе пакарана. Гэта справа — сведчанне тваёй крыміналістычнай сталасці. — Згодзен усё жыццё хадзіць у пачаткоўцах, абы не было такіх вырадкаў,— гарачыўся Корзун, — абы не было забойцаў! Я гэтага нарыхтоўшчыка век не змагу забыць! — На жаль, так, — Пратасеня не суцяшаў, некалі і ў яго была першая справа аб забойстве, і помніў яе да гэтага дня. — А сваёй працай можаш ганарыцца! — Яшчэ б, — іранічна адказаў Корзун, крыху супакоіўшыся. — На мяне два райаддзелы і адзін раённы пракурор горбіліся. Мне было толькі пенкі знімаць. — Падзелімся славай, — усміхнуўся Пратасеня з затоеным сумам. — Будзе час, і ты дзеля мяне пабегаеш. А цяпер да ліха справы, пойдзем да нас, павячэраем, пагаворым. — Даруйце, Аркадзь Міхайлавіч, — Корзун зірнуў на гадзіннік, — праз пятнаццаць хвілін апошні аўтобус. — Як знаеш, — Пратасеня не пакрыўдзіўся. — Машына ёсць, падкіне на станцыю. — І раптам спытаў: — Ты кватэру ў горадзе маеш? — За дваццаць пяць рублёў у месяц, затое дровы гаспадарскія, — ён здагадаўся, куды хіліць пракурор. — Хочаш асабняк, хочаш аднапакаёвую кватэру ў новым доме? — прапаноўваў Пратасеня, быццам быў не пракурорам, а распарадчыкам бескантрольнага жыллёвага фонду. — Э-э, — засмяяўся Корзун. — У памочнікі не пайду. Не той маштаб, раён для мяне — пройдзены этап. Я — супрацоўнік абласны. — Ну і марней на сваёй прыватнай кватэры, лаві кішэннікаў, пакуль не забудзеш, што такое сапраўднае следства. Але як надумаеш, Алесь… — Не спакушайце. Я свайго начальніка люблю, не хачу яго, маладога, да інфаркту даводзіць. — Балбатун, — махнуў рукой Пратасеня. Неўзабаве Корзун сядзеў у аўтобусе. Усе месцы былі занятыя, і па салоне плыў няспешны людскі гоман. Нехта нечага звярнуўся і да яго, Корзуна. Ён нешта адказаў, хаця, каб праз імгненне спыталі — што, наўрад ці ўспомніў бы. Гэта няпраўда, што следчы або інспектар крымінальнага вышуку можа ставіцца да злачынства і злачынца як нейкая раўнадушна-аб'ектыўная машына. Крыміналіст — таксама чалавек. Ён мае звычайнае сэрца, здольнае радавацца, перажываць, балець. Толькі не ў час працы… За акном стала цёмна. Вадзіцель уключыў верхні пражэктар, і моцны прамень святла нібы прасек у вячэрнім лесе вузкую і бясконцую дарогу. Па ёй, пакідаючы за сабой нерухомыя заснежаныя дрэвы, імчаўся хуткасны міжгародні аўтобус. І гэта імклівасць машыны-экспрэса нібы сінхранізавалася з Корзунавым душэўным непакоем, прыглушала смутак. Ён заплюшчыў вочы, адкінуў на пакатую спінку мяккага крэсла стомленую галаву. Першая горыч апала. Застаўся сум. Аб Рамейку, якога ён, Корзун, ніколі не бачыў жывым і якога, ён гэта ўжо ведаў, будзе доўга ўспамінаць, як жывога…