Чорны павой Александр Александрович Жук Героі кнігі, напісанай у прыгодніцкім жанры, — работнікі міліцыі, якія змагаюцца з антыграмадскімі праявамі. У аповесцях «Чорны павой» і «Асабліва небяспечнае» даследуюцца і выкрываюцца прычыны хцівасці, рэцыдывы мяшчанскай псіхалогіі. Паказваецца небяспека гэтых негатыўных з'яў. ЗМЕСТ: Чорны павой Асабліва небяспечнае Мастак В. І. Валынец Рэцэнзент Дз. Я. Бугаёў Алесь Жук Чорны павой Чорны павой РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ пра тое, як журналіст выязджае на расследаванне. Туманоўскі не любіў уставаць рана. Засынаў ён запаўнач, а то і пазней — чытаў дэтэктывы. Сёння ноччу яму сніўся шкілет вялізнага ката з зялёнымі, як фары, вачыма. Кот ганяўся за Туманоўскім, не цяперашнім, а малым яшчэ хлопчыкам Янкам, па ўсёй кватэры, пакуль не загнаў на антрэсоль у калідоры. Ён так ушчаміўся з перапуду на тую антрэсоль, што нават паварухнуцца не мог, не тое што выбрацца назад. А каціны шкілет тым часам прысеў на заднія лапы, смачна ашчэрыўся і скочыў… Туманоўскі прахапіўся і спрасонку няўцямна глядзеў на будзільнік, які на поўную катушку трашчаў на століку ля ложка. Спачатку будзільнік здаўся зялёным вокам кацінага шкілета. Туманоўскі ляпнуў рукою зверху па будзільніку, скінуў з ложка ногі, працёр вочы, узяў са століка акуляры і толькі тады ўстаў — высокі, худы. З пакоя ён адразу ж пакіраваў у кухню, паставіў на пліту чайнік, каб закіпела вада, — зварыць каву. Потым выйшаў у калідорчык, паглядзеў на антрэсоль, куды загнаў яго зялёны каціны шкілет, гмыкнуў сам сабе. Тонка блюмкнуў званок над дзвярыма. Туманоўскі разгублена азірнуўся, крыкнуў: «Адну хвілінку», вярнуўся ў пакой, знайшоў халат, сунуў ногі ў шлёпанцы. Халат быў кароткі яму, вышэй каленяў. На пляцоўцы стаяла паштальёнка, нафарбаваная і напудраная, як з вокладкі часопіса мод. — Вам заказное. Яна смела глядзела на Туманоўскага сінімі вачыма. Туманоўскі працягнуў руку па канверт, халат расхінуўся, каб паказаць паштальёнцы-манекену ўсю зграбную кастлявую постаць у шырокіх сямейных трусах. — Выбачайце… — Распішыцеся, — паштальёнка ўсміхнулася і падала пакамечаную кнігу ўліку і перавязаную сіняй ізалентай шарыкавую ручку. Потым з гонарам завярнулася і няспешна пайшла па прыступках уніз. Туманоўскі вярнуўся ў пакой, разрэзаў канверт. У ім быў звычайны аркушык пісьма. «Дарагі дзядзька Янка! Я не магу супакоіцца і паверыць, што няма больш жывога бацькі. Мінулы год быў у адпачынку, і бацька так лёгка і весела ўпраўляўся з гаспадаркаю. Маці піша, што павёў прыпінаць цялё, упаў і памёр у алешнічку. А я не веру, што ён проста так упаў і памёр. Якраз жа дождж быў, навальніца. Чаму ў гэты час? Маці піша, што і заключэнні там ёсць, усё, а я не магу паверыць. Напішыце вы мне самі…» На пахаванні сябра Туманоўскі не быў таксама. Ведаў, што памёр, бо тэлеграму атрымаў толькі пасля вяртання з камандзіроўкі, на пятыя суткі. Збіраўся заехаць у Рудню, але ўсё не даводзілася быць у тым баку. Пісьмо прыйшло з Далёкага Усходу, ад Міхаілавага сына, капітана рыбалоўнага траўлера. Туманоўскі ўсміхнуўся: капітан успамінаўся яму амаль заўсёды ў шорціках і бруднай маечцы. Ен стаяў перад сваім дарослым сябрам і, не зважаючы на тое, што ў хаце былі жанчыны і тая, да каго Туманоўскі тады заляцаўся і меў сур'ёзныя намеры, сур'ёзна дапытваўся: — Янка, а ты пілаз калошку пісаць умееш? Туманоўскі расшпіліў свой стары партфель з рамантаванаю ручкаю, укінуў туды пісьмо. У першым аддзяленні ягонага халасцяцкага спадарожніка ляжалі паперы, а з другога павявала прыемным водарам хлеба — партфель служыў Туманоўскаму і гаспадарчай сумкай. Потым схадзіў, адчыніў краны, каб нацякло вады ў ванну, выпіў на кухні кавы, забраў з паштовай скрынкі газеты. Але не чыталася. Успамінаўся Міхаіл у апошнюю іхнюю сустрэчу. Сівы, нізкарослы, шустры, як хлапчук, ён смяяўся на ўсе новыя ўстаўленыя зубы, расказваў, як яны, ветэраны, ездзілі на прафілактычны агляд у раён. — Ну, сабіраюць нас, вецеранаў, у бальніцу нашу ўчастковую. А адтуль ужо ў раён разам з медсястрой, ага. А сама вясна, пусціла ўжо. Туман, макрэча. Ждом мы. А таго аўтобуса ўсё няма. Пайшлі мы ў сталоўку. Ну, мы і селі, ці ўжо абедаць, ці і снедаць. Я з Куляшом разам, помніш яго? Ён франтавік. Малады быў, здаровы, возьме качалку ў рукі і зломіць. Пытае ў мяне: як ты яшчэ, Міхаіл? Кажу, нічога. А ясі як, пытаецца. Ну, добра, кажу. А скавараду печанага сала з'ясі з блінцамі? Гледзячы якая скаварада, гавару. З'ем. І я, брат, кажа, вялікую скавараду сала напяку, з'ем усё, кубкам халоднае вады зап'ю — і хоць бы што. Ну, а калі так, то нашто нам правярацца, пажывем яшчэ. А тут ужэ з бальніцы прыбягае Абрамаўна, вецеранаў шукае. Калгасны аўтобусік, што дзяцей у школу возіць, на раён ідзе. Мы з Куляшом так і асталіся. А Васіль, сусед, тры дні яшчэ ў сына ў раёне сядзеў, ледзьве дабраўся дадому, так дарогу пусціла… Праз паўгадзіны рослы сівавалосы чалавек у шэрым пінжачку і карычневых штанах, з пацёртым партфелем бадзёра тупаў да трамвайнага прыпынку. Ад яго свежа пахла цыгарэтай, кавай і адэкалонам. Неўзабаве пасля прыходу на работу Туманоўскага ў кабінеце рэдактара ішла наступная гаворка. — Ну і што гаворыць гэтае пісьмо? Нічога не гаворыць. Пушчу на дзень, з'ездзі на магілу сябра. Рэдактар сядзеў за сталом круглатвары і лысы, як і належыць быць рэдактару. Равеснік Туманоўскага, ён выглядаў намнога старэйшым. — Мне там трэба пабыць дзён колькі, прыгледзецца. — Знаеш, Янка, ты нядаўна прыгледзеўся, а шыю мылілі мне. Рэдактар меў на ўвазе нядаўнюю паездку Туманоўскага па пісьму маляршы з будоўлі. У выніку быў напісаны артыкул пра махляроў. Сярод іх быў і сёй-той з абласнога начальства, таму на першым часе шыю мылілі рэдактару за тое, што пусціў матэрыял у друк. Праўда, потым усё ж махляры за сваё атрымалі. — Не бойся, Павел Нічыпаравіч, я ў нашу газету пісаць не буду. Дабудзеш ты да пенсіі. — Як ты мне надаеў! — Нічога, ты цярплівы, пацерпіш. — Я пацярплю, а ты нікуды не паедзеш. — Гэта ўсё? — Усё, гаворка кончана. Рэдактар пачырванеў ад злосці. Туманоўскі моўчкі паглядзеў на яго з-пад акуляраў І выйшаў з кабінета. Калі ішоў у кабінет да шэфа, ён яшчэ не меў цвёрдага намеру ехаць. Цяпер жа быў перакананы, што не паехаць нельга. Пасля абеду Туманоўскі моўчкі пакінуў рэдактаравай сакратарцы заяву с просьбай даць яму дадатковы адпачынак як ветэрану вайны. Адвячоркам ён садзіўся ў аўтобус са сваім неразлучным партфелем, у якім ляжаў новы дэтэктыў. Выйшаў Туманоўскі з аўтобуса на перакрыжаванні шашы з гравійкай. Тут жа, у паднавесіку-прыпынку, прачытаў расклад і ўпэўніўся, што апошні аўтобус, якім можна было даехаць да Рудні, пайшоў больш чым паўгадзіны назад. Цяпер аставалася спадзявацца на якую-небудзь познюю калгасную машыну. Туманоўскі стаў на ўзбочыне пры сваім бывалым партфелі. Змяркалася. Машын не было. Зрэдку толькі праносіліся матацыклісты, пакідаючы за сабой пылок і ядавіты смурод. Толькі калі добра ўцямнела, Туманоўскі згадзіўся з тым, што нідзе не падзенешся, кіламетраў дванаццаць трэба адтупаць пяшком. У гэтым вялікага страху не было. Узышла поўня, вялікая, чырванаватая, невысокая, стала відно, як удзень. Гравійка бялелася, быццам пасыпаная алюмініевымі апілкамі. Пасля змяркання апаў халадок, ішлося лёгка. Праваруч гравійкі вільготна, у нізкі туманок сплываў вялікі капусны агарод — асушаныя калектары. Злева браўся ў колас ячмень. Цяпер і самому не верылася, што некалі тут былі балоты і прабіраліся па іх толькі па кладках. А немцы не адважваліся да іх цераз гэтае балота нават зімой. Цяпер часам пачынае здавацца, што ўсё перажытае і не з ім было. Вайна асталася за плячыма як нешта вялікае, жудаснае, чаго, здаецца, на свеце і не можа быць. Не стала і балот, усё менш і менш тых, з кім разам партызанілі. Ён маладзейшы, яму тады было толькі семнаццаць. Тады і Кухта здаваўся яму дзядзькам, хаця быў старэйшы гадоў на дзесяць. Гравійка пайшла пад узгорак. Тут некалі сярод балота быў грудок — палянка, — парослы лесам. Ён так і астаўся, гэты лясок, рассечаны напал белым нажом гравійкі. Заняты ўспамінамі, супакоены летняй палявой цішынёй, пахам збажыны, палынку збоч дарогі, Туманоўскі ішоў спорнай хадой, рады забытай радасцю ўсяму гэтаму. У гэтай радасці было нейкае спадзяванне на будучае такое светлае жыццё, якое толькі пачнецца, якое ўсё яшчэ наперадзе. Спадзяванне было адтуль, з юнацтва яшчэ, якое пачыналася з лютасці партызанскіх дзён і начэй, з жаху і знішчанай карнікамі сям'і… Туманоўскі аж схамянуўся ад нечаканасці: за метраў трыццаць наперадзе з-за кустоў выйшаў чалавек, стаў пасярод дарогі і чакаў. Чалавек рослы, шыракаплечы, сінтэтычная скураная куртка паблісквала чарнатою пры месяцавым святле. Ён стаяў цвёрда, расставіўшы ногі. Інстынктыўна, толькі на пару крокаў, Туманоўскі прыцішыў хаду, чамусьці падумаў, што ў кішэні няма нават складанага ножыка. З белае дарожнае паласы нельга было ўцякаць. Туманоўскі ўжо бачыў, што на дарозе не мужчына, а хлопец, з цяперашніх акселератаў. — У Стараселлі музыка чутна? — папытаўся хлопец. — Чутна. Туманоўскі ўспомніў, што чуў музыку, калі праходзіў паўз вёску. — А вы куды? — У Рудню. — Мо падвезці? — Не, дзякуй, ісці добра. — Як хочаце, а мы на танцы. Туманоўскі цяпер заўважыў, што за кустамі ляжаў не адзін матацыкл і там былі яшчэ людзі. Хлопец пайшоў да іх. Калі Туманоўскі выходзіў ужо з ляска, ззаду рванулі цішыню матацыклетныя маторы. Матацыклістаў было трое, з пасажырамі на задніх сядзеннях. Ён не заўважыў, што міжволі прыбавіў ходу. Праз хвілін сорак Туманоўскі звярнуў на Рудню. Вёска спала. Толькі ў драўляным кароўніку на краі вёскі свяцілася акно. Дзверы будыніны былі адчынены, каровы ляжалі ў загарадзе на двары. Не гарэў над вуліцаю ніводзін ліхтар. Пад месячным святлом густою купаю над хатамі стаялі прысады — старыя раскідзістыя клёны і вязы. Ад іх нават у самую спякоту на вуліцы быў цень і халадок. Туманоўскі спыніўся перад Кухтавай хатай пад разложыстым клёнам. Злавіў сябе, што не верыць у тое, што не Міхаіл адамкне яму дзверы. Варотцы зашчэпленыя. Прасунуў руку між штыкецін, зайшоў на двор, пастаяў. Пад месячным святлом холадна адсвечвалі шыбы вокан. Усё роўна як хата запуставала. Але пры дарозе стаяла вядро з вадой, карытца. Толькі ля парога Туманоўскі здагадаўся, чаго не хапае, — сабакі. Міхаіл заўсёды трымаў сабаку, і той першы абзываўся, калі хто заходзіў на двор. Туманоўскі пастукаў ціха, потым мацней, пастаяў, паслухаў. Цішыня панавала такая, што было чутно нават, як адчыніліся дзверы з хаты ў сенцы. — Вера, адамкні, гэта я, Туманоўскі. — Ты, Іванка? Шахнула замыкла. Вера першая вярнулася ў хату, пратупала цераз кухню ў зал і выйшла адтуль да Туманоўскага ўжо ў сукенцы. Гэта была вясковая старэнькая бабка з цёмным маршчыністым тварам, сівымі валасамі. — Бач, як састарэла я. Даўно мы не бачыліся. — Не маладзець, а старэць і далей будзем, — толькі і знайшоўся адказаць Туманоўскі.— Маю тыдні два. Думаю, прыеду, пагасцюю. На Міхаілаву магілу зайду. — Зараз я табе перакусіць чаго гляну. Ты ж з дарогі. — Не трэба. — На газе хутка, ты прысядзь. Туманоўскі прысеў на табурэтку, выцягнуў ногі. З непрывычкі яны аж гудзелі ад хадзьбы. Потым Туманоўскі вячэраў, а Вера ціха расказвала яму пра сваё: — Пчол прадала: няма каму глядзець. Хаджу пакрысе на работу. Карову дзяржу, хоць цяжка, але дзяржу. Думаю, можа, хлопец сюды з арміі вернецца меншы. Хай бы тут аставаўся, не ехаў у гэты горад. Паслала спаць Вера Туманоўскаму на ложку пры акне. Цела гуло ад стомленасці, халодная бялізна прыемна студзіла яго. Але не засыналася. Замінала цішыня. Ён усміхнуўся, рады гэтай разгадцы, і адразу ж пачаў нібы апускацца ў цёплы малочны туман… Але апусціцца так да канца і не змог, прахапіўся ад утробнага рову на вуліцы, зірнуў у акно: пры месячным святле мільгнулі белыя шлемы. Матацыклісты кучаю праляцелі па вёсцы, падняўшы пылу, як чарада кароў, і маторы доўга былі яшчэ чутны за вёскай у палявой цішыні, нудныя, як цыркулярная піла. РАЗДЗЕЛ ДРУГІ пра здарэнне ў горадзе, якое не мае пакуль што дачынення да Туманоўскага. Малодшы сяржант Іванчык паволі ішоў па набярэжнай. У гэтым раёне ён апынуўся выпадкова, не па службе. Тут ён хадзіў, калі патруляваў разам з дружыннікамі. Але то была работа. А цяпер ён глядзеў на высаджаны паўз рэчку сквер. За скверам, цераз вуліцу, стаялі новыя дамы, а ў двары ў іх пааставаліся старыя сады, якія прыгожа цвілі вясной. Раён ціхі, на ўсю вуліцу адзін бар. Публіка збіралася ў яго не тая, што круціцца ля розных там «гадзючнікаў». Пайсці ў міліцыю Іванчыка ўгаварыў пасля арміі сусед. Ён служыў у ДАІ і пераконваў, што лепшай работы, чым служба ў міліцыі, быць не можа. Ён і дапамог Іванчыку. Пакуль што Іванчык жыў на кватэры ў цёткі, чакаў месца ў інтэрнаце. Пасля строгае ваеннае дысцыпліны ён цешыўся сваёй самастойнасцю, вялікім горадам, які быў для Іванчыка прываблівым і загадкавым. Калі прызнацца шчыра, то Іванчыка цікавілі і гэтыя гарадскія хлопцы ў туга абцягнутых на сцёгнах джынсах, рослыя, дагледжаныя, якія цэлымі вечарамі маглі сядзець у барах, нібыта гэта была ў іх галоўная работа. І дзяўчаты былі пад іх — гэтакія ж выгледжаныя, з аголенымі рукамі і спінамі. Яны адчувалі сябе гаспадарамі і на міліцэйскі нарад не звярталі ўвагі, толькі злёгку касавурыліся. Прыходзілі і кампаніі дзяўчатак па дзве-тры, сядзелі цэлыя вечары за столікамі, пастрэльваючы вачыма. Да іх падсядалі таксама джынсавыя, але ўжо лысаватыя і таўставатыя, нібы крыху пакамечаныя кавалеры і заказвалі кактэйлі… І хоць розніца ў гадах у паненак і кавалераў была дабраватая, але перад закрыццём бара дзяўчаткі выходзілі разам з новымі кавалерамі пахіхікваючы. Праз некалькі дзяжурстваў Іванчык заўважыў, што дзяўчаткі былі прыкладна адны і тыя ж і што кавалераў яны мянялі даволі лёгка і ўсё пахіхіквалі… Але найбольш уразіла Іванчыка барменша. Не пажылая, стомленая жанчына, пры якой у бары не адважваліся курыць, не грымела з магнітафона музыка, якая «забівала» залу так, што хоць крычы, як у лесе, а маладая, белавалосая, якую многія проста звалі Валечка. Яна быццам не чула гэтае «Валечкі», зеленаватыя вочы глядзелі спакойна і роўна, крышку скрозь цябе. Толькі маглі варухнуцца вусны, як у царыцы. Часам яна выходзіла з-за стойкі, і то, здавалася, дзеля таго, каб паказаць сваю царскую паходку. Іванчыка яна запомніла, віталася, калі ён заходзіў у час дзяжурства, але вочы глядзелі паўз яго, не заўважалі, не бачылі. Адна з дружынніц, якая жыла ў гэтым раёне, пажаноцку раўніва і зайздросна фыркнула: — Каралева з рыбінымі вачыма! На таксі на работу пад'язджае, дык думае, што каралева. Дзяўчына была таўставатая, непрыгожая, і ёй, мабыць, таксама хацелася прыязджаць на работу на таксі. Іванчык не хацеў прызнавацца, што з-за гэтае барменшы ён і зараз, нібыта гуляючы, ідзе да бара. У вымытай адпрасаванай новенькай рубашцы, ён падабаўся сам сабе, калі, выходзячы з дому, зазірнуў у люстра. У зале ў кутку сядзелі дзве падпітыя красуні і пры іх два цвярозыя хітраватыя кавалеры. У другім канцы залы, дзе былі дзверы ў пасудамыйку, за столікам сядзела беленькая худая дзяўчынка з ярка падфарбаванымі губамі, у светла-ружовай сукенцы, вузенькія шлейкі якой цудам не спаўзалі з плеч. Сукенка ледзь-ледзь прыкрывала маленькія грудзі. З краю сядзеў сярэдняга росту таўсматы малады хлопец з каротка астрыжанай, «вожыкам», галавой, падобны з выгляду на баксёра. Ля дзяўчыны чуць адкінуўся на спінку крэсла малады мужчына з роўнаю лысінай і доўгімі, вычасанымі на вушы і на плечы валасамі, паверх рубашкі вясёлкава ляжалі на плячах падцяжкі. І барменша бачком прысела да гэтага століка, перад ёй таксама стаяў бакал. Іванчык падышоў да стойкі, Валя толькі раз коратка зірнула на яго, нават не на яго, а некуды вышэй і збоку, як заўсёды, больш нават і вокам не павяла, працягвала гаварыць, потым устала, адчыніла дзверы і хутка была за стойкай, не спыталася, а толькі падняла голаў на Іванчыка. Вочы глядзелі недзе паўз плячо і не бачылі яго. Не, не прывычнае раўнадушша было ў гэтым паглядзе, а пагарда. Калі не да яго асабіста, то да такіх, як ён, па другі бок стойкі, якая, як барыкада, аддзяляла іх. Іванчык адчуў, што ў грудзях у яго пачынае падымацца злосць. Злосць не прайшла і пасля таго, як ён сядзеў за сталом, пакрысе адпіваў з бакала шампанскае. Яно было занадта халоднае і не мела смаку. Тоненькае шкло зашарэла ад холаду. Цяпер толькі Іванчык адчуў, што Ў бары душнавата, пахне цыгарэтным дымам, і яму захацелася хутчэй пайсці адсюль. Валя з-за стойкі раптам наструнілася, яе халодныя зялёныя вочы ажылі. Іванчык перахапіў яе позірк і быццам працягнуў яго на вуліцу — там павольна ехаў, уключыўшы левы паварот, сіні «жыгуль». Іванчык не заўважыў, што кінулі вока на сінюю машыну і лысы мужчына ў падцяжках, і «баксёр». Невядома, што павяло Іванчыка, але ён устаў і выйшаў на двор, завярнуў за вугал дома. Машына стала ў двары ля металічнай прадаўгаватай скрынкі, у якой дворнікі звычайна хаваюць свой няхітры рыштунак. На двары ні дзяцей, ні дарослых, прыцемна. Мужчына якраз адамкнуў скрынку, адкінуў цяжкае вечка і з багажніка адна за адною хутка пераставіў тры вялікія сумкі. Іванчыку здалося, што ён пачуў, як глуха стукнула шкло. У гэтае ж самае імгненне сяржант улавіў лёгкі шоргат чалавечага кроку ззаду, памкнуўся азірнуцца, але нешта цяжка абрынулася яму на голаў, нібы з даху ўпала цагліна. Мужчына ля машыны нічога гэтага не заўважыў. Ён замкнуў скрынку, сеў у машыну, матор якой працаваў, і паволі, без агнёў выруліў на вуліцу. П'янаватыя дзяўчаты не заўважылі, калі выйшаў з залы Іванчык, не звярнулі ўвагі і на «баксёра», і на тое, што пасля таго, як той вярнуўся ў залу і нешта сказаў лысаму, той пачаў падганяць сваю беленькую сяброўку, у якой шлеечкі ўжо ніяк не хацелі трымацца на плячах. Кампанія пакінула бар. Недзе праз паўгадзіны барменша пазваніла ў міліцыю і паведаміла, што ў двары ляжыць міліцыянер. Яна заўважыла яго пасля таго, як зачыніла бар і ішла дадому. РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ пра тое, як Туманоўскі пачынае распрацоўваць свае версіі. Туманоўскі прачнуўся, калі толькі засвятлелася неба. Адчуванне было, што і не засынаў. Стомлена і горача гудзелі ногі. Дзіўна, але за многія тады журналісцкай работы ён не прывык спаць на новым месцы, як гэта ўмеюць людзі, якія часта бываюць у раз'ездах. Вобмацкам знайшоў на падаконніку акуляры, сеў на ложку, звесіўшы ногі. Гэта была прывычка. Вера спала яшчэ ў суседнім пакоі. Туманоўскі ўзяў у зубы цыгарэту, але не прыкурыў. Адзеўся і ціха выйшаў на двор. Рукамыйнік вісеў на плоце, і па саску ў яго капала вада. Туманоўскі злосна паглядзеў на рукамыйнік — мыцца давядзецца халоднай вадой, нікуды не дзенешся, а гэтага ён не любіў. Прыкурыў цыгарэту, прайшоў да варот. Вёска спала, але з нечыйга коміна павявала ўжо гаркавым дымком. Туманоўскі вярнуўся ў хату, узяў ручнік, збольшага памыўся сапраўды халоднай вадой. Вада, аднак, надала бадзёрасці, і пакуль смактаў другую цыгарэту, ён успомніў, дзеля чаго ехаў сюды і што трэба даказаць упартаму рэдактару. Успамін пра рэдактара надаў бадзёрасці і рашучасці дзейнічаць неадкладна. Цераз вуліцу, потым па суседскім, зарослым дзядоўнікам і лебядою двары ён пайшоў да выгану. Ён ведаў, што сюдэю на свой агарод хадзіў Міхаіл, і таму прыпінаць бычка ён вёў гэтаю дарогаю, не інакш. Туманоўскі сам не прыкмеціў, калі перайшоў на прысадзісты бясшумны крок. У брызентавай штармоўцы, турысцкіх чаравіках, ён адчуваў сябе паляўнічым, які ідзе па следзе. Лёгкі ранішні туманок засцілаў лагчыну. Над ім, як купіны, віднеліся верхавінкі альховых купчастых кусцікаў. Рудня забудавалася некалі на грудку між балотаў. Яе аточвалі з усіх бакоў зараснікі дрэў, кустоў, і таму, калі яшчэ ў час вайны выходзілі з лесу да Рудні, то здавалася, што яна затулілася, схавалася за дрэвамі. Цяпер перад Туманоўскім ляжалі роўныя, як сталы, абшары, парэзаныя на калектары канавамі. Гэтыя альховыя кусцікі, уяўлялася, толькі і ацалелі тут, пад самай вёскай. Пацягнутыя туманком палі здаваліся халоднымі і мёртвымі. Толькі зрэдку на беразе канавы стаяла дрэва альбо кусцік. Туманоўскі паспрабаваў уявіць сябе сярод гэтых палёў зімой, у завіруху, калі на дзесятак кіламетраў навокал ні вёсачкі, ні прыкметы жытла, толькі безаблічныя дарогі паўз магістральныя канавы. Тады, калі ў час блакады на гэтых балотах па партызанах білі нямецкія танкі, здавалася, што можна схавацца за кусцікамі, і ад гэтага было крыху лягчэй, нейкую надзею давалі яны. Туманоўскі ступіў насустрач гэтай балотнай пустэчы па разорцы між бульбоўніку. Яму нельга было спяшаць, трэба было ўсё запамінаць і ўсё бачыць. Хаця што заўважаць? Бульбоўнік як бульбоўнік, мокры ад расы, і ад яго прамоклі калашыны. За бульбоўнікам грады з капустаю, а за імі і поплаў. За градамі Туманоўскі агледзеўся і рушыў далей, да кустоў, дзе павінна быць болей травы і дзе можна цяляці схавацца ад гарачыні ў цень. Абыходзячы кучу смецця, якую нехта вывез туды, Туманоўскі зачапіў чаравікам парожнюю бляшанку, і яна загрымела, здалося, як парожняя цыстэрна з гары. Туманоўскі прыглядаўся, адкуль можна было высачыць Міхаіла. У кустах пад нагамі слізка ад расы, і торф наліпаў на чаравікі. Тут жа ляжала ўтаптанае ў гразь ламачча, далей, мабыць, зусім пачыналася гразь ад крынічак, якія яшчэ варушыліся ў гэтай лагчыне пад кусцікамі. Туманоўскі пачуў, што ззаду, гэтак жа, як у яго пад нагою, бразнула бляшанка, скочыў уперад, рэзка завярнуўся, але нагу працяў боль, і ён ляпнуўся вобзем. Нейкі час ляжаў нерухома, прыслухоўваўся, расплюшчыў вочы — зірнуў. Адно шкло акуляраў было залеплена граззю, другім вокам Туманоўскі ўбачыў сівае барадатае стварэнне, якое спачувальна глядзела на яго сумным спагадлівым вокам, нахіліўшы голаў. — Гэта ты!.. Туманоўскі гэтак падхапіўся насустрач свайму ворагу, што той спалохана мэкнуў ад нечаканасці і крыўды, гэцнуў убок і даў дзёру. Пасля Туманоўскі доўга выціраў сваю фацэтную штармоўку ад балотнае руды, чысціў штаны, і толькі пасля, накульгваючы на падвярэджаную нагу, цераз пляцы падаўся да хаты. Вера, як угледзела яго, аж рукамі ўспляснула. — А божачкі, што з табой, Іванка? — Нічога, вот паслізнуўся… — Раздзявайся… Вой, вой… Я перапаласну, пакуль не засохла руда гэтая. Толькі за снеданнем Туманоўскі адважыўся запытацца: — А хто гэта ў вас коз дзяржыць? — Коз? А, гэта Аляксандр канцавы. Каб жа хоць казу, а то казлішчу. Ён, каб здох, за ім следам цэлы дзень, як сабачка, бегае, а ноччу, як чорт які, сноўдаецца. І ваўка на яго няма. Прыстроіцца ўслед за чалавекам, адале як мэкне, утрупець можна. Цябе не напужаў? — Не, — пакруціў галавой Туманоўскі, але бачыў, што Вера яму не паверыла і старалася, каб не засмяяцца. Усё ж пасля снедання настрой у Туманоўскага палепшаў. Дзень устаў ясны і сонечны. Памытае Верай адзенне сохла на плоце, чаравікі на ганку. Туманоўскі ў прыкараткіх Міхаілавых штанах і ягонай сарочцы спачатку падправіў плот ад вуліцы, а потым заняўся рамонтам веласіпеда. Тэхніка яму магла спатрэбіцца, бо да цэнтра калгаса сем кіламетраў. Палуднаваў Туманоўскі наварыстым маладым баршчом і пасля абеду не ўтрымаўся, задрамаў на пару гадзінак, а вечарам з Вераю позна глядзеў тэлевізар. Пра далейшы росшук думак ніякіх пакуль што не ўзнікала. Назаўтра ён зрабіў самае элементарнае — пайшоў да аўтобуса, каб з'ездзіць у райцэнтр, паглядзець медыцынскае заключэнне. Новенькі «пазік» прывёз Туманоўскага ў райцэнтр недзе праз гадзіну. У гарадскім пасёлку была асфальтаваная цэнтральная вуліца, а хаты патаналі ў раскошных садах. Усё былое мястэчка хораша аглядалася з цэнтральнае плошчы, якая якраз і ляжала на самым большым узгорку. Але мястэчка было і тое, якое памятаў Туманоўскі, і не тое, якое яны штурмавалі перад вызваленнем да прыходу армейскіх падраздзяленняў. Туманоўскі прыпыніўся перад невялікім атынкаваным шэрай тынкоўкай двухпавярховым будыначкам з шыльдамі абапал дзвярэй. Тады домік гэты быў, здавалася, самы большы і галоўны на плошчы, з чырвонае цэглы, старое, купецкае яшчэ кладкі. З гэтага доміка на Туманоўскага вочы ў вочы зірнула смерць. Ён потым спазнаў франтавыя дарогі, ляжаў паўгода ў шпіталях пасля мінамётнага ранення, і апошні асколак яшчэ не выйшаў з параненае нагі,— а смерць ніколі не бачыў гэтак блізка, ва ўпор. Яна глядзела на яго аўтаматным ствалом, потнаю і круглаю шчакой і востра прыплюшчаным вокам. Ён толькі адчуў, што не ўспее падняць карабін — аўтаматная чарга перарэжа напал. Ён міжволі заплюшчыў вочы, калі пачуў трэск першага стрэлу. Стрэліць немец не паспеў. Стрэліў Міхаіл Кухта. Туманоўскі пачуў, як бразнуў аб брук аўтамат. Потым ён прыходзіў паглядзець на таго немца. Вяртаўся Туманоўскі з райцэнтра адвячоркам, пасля таго, як абышоў, агледзеў пасёлак. Заключэнне было кароткае, лаканічнае, сумнявацца ў ім не выпадала — інсульт, які даўно наспяваў у бадзёрым, але старэчым ужо арганізме. Цяпер толькі і сам Туманоўскі ўспамінаў, што Міхаіл жаліўся на тое, што часта баліць галава. РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ пра сышчыкаў, якія загараюць. Лейтэнант Камар зняў трубку і пачуў насмешлівы, як некалі ў студэнцтве, вясёлы голас Семежава: — Прывет, Камар! Звініш? Я тут на выхадныя выбраўся ў сталіцу, забягу да цябе. Дасі прытулак аднакурсніку? У час студэнцтва Камар не быў надта блізкі з Семежавым, ды і той з ім таксама. Аднак пасля, калі Камар астаўся ў абласным упраўленні, а Семежава размеркавалі ў раённы цэнтр, Семежаў часам пазвоньваў Камару. Стройны і чарнявы Паша быў з тых студэнтаў, у якіх клопат узнікаў толькі два разы на год — «перажыць» сесію. Астатні час ішоў весела, па-студэнцку. Камар жа з тых, якія не толькі акуратна наведвалі заняткі, але сур'ёзна канспектавалі ўсе лекцыі, пунктуальна рыхтаваліся да ўсіх семінараў. Выкладчыкі лічылі іх сталымі і сур'ёзнымі людзьмі, многім з іх прарочылі надалей навуковую кар'еру, а наконт перавагі пры размеркаванні не ўзнікала і сумнення. Паведамленне Семежава пра тое, што ён прыедзе на выхадныя, вялікага энтузіязму Камару не надало. Ён знаў кіпучую дзейнасць Семежава пры арганізацыі выхаднога адпачынку, але адмовіць не выпадала. Камар апрануў светлы адпрасаваны пінжак, які вісеў на спінцы крэсла. Ён ходзіць у касцюме, акуратным, адпаведна пасадзе і званню. Потым прыбраў са стала ў сейф да крыўднага тоненькую папку. У ёй былі матэрыялы пра крадзеж у людзей з хлявоў падсвінкаў, Цялят і нават гусей. Перадушылі ноччу ў цёткі гусей і вывезлі на машыне. Цяпер у яго — Камар лічыў, з насмешкай — перапытваліся: «Ну, як там твае гусі?» Наогул Камар пачынаў падумваць, што яму не так ужо і не пашанцавала. Застаўся ў горадзе, нават кватэру атрымаў, на зайздрасць аднакурснікам, якіх размеркавалі па раёнах. Камар падумваў, што яны прытвараюцца, калі крыўдзяцца на свой лес, бо пасля запрашалі і на рыбалкі, і па грыбкі, адчувалі сябе там, «дома», гаспадарамі. Ён жа тут быў адзін са следчых у абласным упраўленні, прытым малады следчы. Сур'ёзнае справы яму за чатыры гады так і не траплялася, відаць, прайшлі тыя часы, калі з калгасных кантор выносілі сейфы з грашыма. Ды каб такое і здарылася, наўрад ці даверылі б такую адказную справу маладому следчаму. А так вось гусей шукай, якіх падпіўшыя жулікі ці хуліганы даўно з'елі. Камар выйшаў з упраўлення. Сонца прыпякала, і не пашкодзіла б праехаць дзе-небудзь да вады, пакупацца. Але ехаць дадому пераадзявацца і тады дабірацца да возера не ставала часу. Выезд за горад Камар планаваў на выхадныя. Ля пад'езда дома Камара чакаў Семежаў, і Камар падумаў, што планы ягоныя лопнулі. Назаўтра Камар прачнуўся як звычайна. Праз акно шчодра свяціла сонца. Ён памкнуўся, каб рыўком ускочыць на ногі, але ўгледзеў Семежава, які хораша і нявінна спаў на раскладанцы пасярод пакоя. Семежаў учора ўсё ж выцягнуў Камара вячэраць у «Ягадку» — параджэнне сучаснае архітэктуры і сучаснага рэстараннага густу. Зала хутчэй нагадвала танцпляцоўку, на якой наставілі столікаў. На пятачку грымеў электрычнай магутнасцю аркестр, выгіналася і абцалоўвала мікрафон салістка. Праўда, у зале курыць было забаронена, і курыльшчыкі выходзілі курыць на першы паверх, у хол. Але ўвесь дым падымаўся сюды, у залу. Семежаў узяўся камандаваць, заказаў вячэру. За суседнім столікам жаночая кампанія адзначала дзень нараджэння сяброўкі. Кіравала імі белазубая, грудастая Вера Іванаўна. Пакрысе жанчыны расхрабрыліся, загудзелі, і Семежаў падабраў момант, запрасіў на танец чарнявенькую сімпатычную імянінніцу Наташу. Ён, мабыць, нешта нашаптаў Наташы ці жанчынам, бо на адзін з наступных танцаў Вера Іванаўна гулліва выцягнула танцаваць Камара і нават пачала пакрысе «спакушаць». Камар танцуючы паказваў кулак Семежаву, але той толькі пасміхаўся. Праўда, пад канец вечара было з чаго пасміхацца і Камару — калі падышла пара разыходзіцца дадому, кабеты неяк надзіва ж хутка працверазелі і ніякіх праважатых мець не хацелі, у тым ліку і Наташа. Камар папхнуў раскладанку. Семежаў лыпнуў вачыма: — Уставай, Наташа званіла. — Якая Наташа? — Тая, што не ваша. — Ану іх! — Чаго ты так? — Курыцы сямейныя. — Ладна, певень калгасны, пад'ём. Сёння на возера, бяром лодку і загараем. — Ідзёць, Камарык! Прапанова спадабалася Семежаву. Прыехалі яны на мора электрычкай пазнавата. Лодкі напракат разабралі, але Паша сумеў прарвацца «да мясцовага кіраўніцтва», і лодка знайшлася, са сцяжком выратавальнай службы. Першую гадзіну адрабляў на вёслах Семежаў, і Камар зайздросціў і ягонаму загару, і тугім мускулам. Камар цешыўся вадою, якая цурчала паўз барты лодкі, любаваўся возерам, стракатым пляжам і цішынёй, бо ведаў, што потым Семежаў не змоўкне да канца дня. Потым на вёслы сеў Камар, а Паша адразу ж пачаў каменціраваць пляжную публіку, у асноўным жаночую. «Коля, глянь, як хораша ляжаць, як галубочкі!.. Якая каралева!» На шчасце, Семежаў не дамагаўся, каб Камар абавязкова глядзеў туды, куды хацелася яму. Гадзіна здалася Камару бясконцай — пот засцілаў вочы, а на руцэ ўсхапіўся і лопнуў мазоль. Але толькі праз гадзіну Семежаў дазволіў Камару прычаліць да невялікага астраўка пасярод возера. І пакуль той адсопваўся, выцягнуў на бераг лодку, разаслаў на траве коўдру. Потым яны «смажыліся», плавалі, абедалі, зноў плавалі і проста драмалі, нібы зліваліся з травой, востравам, пахам травы, вады, возера… Праўда, пасля другога перакусвання Семежаў не вытрымаў больш, перабраўся ў цянёк і соладка засоп. Дадому выбраліся адвячоркам, калі спала гарачыня. Цела прыемна пашчыпвала, але яно было лёгкае, пругкае, памаладзелае ад вады і сонца. Камар нават ужо не звяртаў увагі на тое, што тараторыць Семежаў, і не здзівіўся, калі ён пацягнуў яго да дзвюх дзяўчат, якія стаялі на абочыне дарогі, чакалі спадарожную машыну. На здзіўленне Камара, старэйшая з дзяўчат, прыгожая, загарэлая, усміхнулася Семежаву, нават першая здалёк працягнула руку. І на твары яе была шчырая радасць, жаданне бачыць яго: — Пашка! Адкуль ты тут? Яна нават прытулілася да яго на нейкае імгненне. — Валька! Каго я бачу! — А ты не мог знайсці мяне? — Я пісаў у тваю школу. Там ніхто не ведаў, куды ты прапала. Дзе ты цяпер? У школе? — Ну ты што? Потым раскажу. — А жывеш як? Замуж выскачыла? — Паглядзіш, як жыву. А замуж?.. Цябе чакаю, — пажартавала яна. — Знаёмся, аднакурснік мой былы, Мікола. Грозны сышчык Мікола Камар. Валя падала руку Семежаву, назвала сваю напарніцу: — Алёна, разам робім. Алёна была маладзейшая за сваю сяброўку, не гэтакая выгледжаная, але па-свойму прыгожая той натуральнай маладой прастатой, якой не трэба яшчэ прыхарошвацца, умець паказваць сябе. — Ну што, у горад, дзяўчаты? А на вечар «Свіцязь» асвоім ці яшчэ што? — прапанаваў Семежаў і падхапіў Валіну сумку. Камару не асталося нічога, як узяць сумку Алёны. — Адстаў ты, Паша, у правінцыі. Рэстаран — пройдзены этап, там як на базары. Больш далікатна цяпер весяляцца, у інтэлектуальнай кампаніі. Я запрашаю цябе ў госці, думаю, твой сябар не пакрыўдзіцца? Валя ўсміхнулася, але на нейкае імгненне Камару здалося, што ў яе проста таргануліся вусны. — Пра што ты, Валя?! — замест адказу ўсклікнуў Семежаў. І Камар адчуў палёгку ад таго, што ніякія мерапрыемствы Семежава яго сёння на захопяць. Аднак ён памыліўся. На вакзале Валя ўзяла таксі, паказвала шафёру дарогу, разлічылася з таксістам і паперадзе пайшла ў двор, абгароджаны цаглянаю агароджай. У двары ляжалі кучы цэглы, заляпаныя цэментавым растворам дашчатыя шчыты, абрэзкі рэек, водаправодныя трубы. Добра натаптанаю сцяжынкай між усяго гэтага Валя падышла да пафарбаваных карычневай фарбай дзвярэй, націснула кнопачку званка. За дзвярыма нібы стаялі і чакалі — яны адразу ж адчыніліся. Чарнявы, хлюсткі хлопец з рэдзенькімі вусікамі мазнуў вачыма па ўсёй кампаніі, павітаўся з Валяй, і яна кіўнула — заходзьце. Яны апынуліся ў невялікім пакойчыку, ашаляваным вагонкай. На сцяне замест вешалкі былі паўбіваны ў дошкі драўляныя кіёчкі. Вільготна пахла лазняй… Алёна зайшла апошняй і зачыніла за сабой дзверы на шпінгалет. Яны апынуліся ў невялічкім пакойчыку, ашаляваным вагонкай. — Валя, што гэта за падземнае царства? — Гэта не царства. Гэта сучасны рай. Прашу паглядзець, як жыве просты савецкі чалавек. Раздзявайцеся, а мы пакуль што паплаваем у басейне. Вы будзеце плаваць потым. Дзяўчаты выйшлі з пакоя, зачынілі за сабой дзверы. Камар паглядзеў на Семежава. — Павел, што гэта абазначае? — Амаралку. Лазня разам з бабамі. — Пайшоў ты! — агрызнуўся Камар. — Тады раздзявайся. Выпарымся як людзі. У наступным пакойчыку іх чакаў самавар, прасціны і махровыя палаценцы. У перадбанніку ляжалі на лаве прыгатаваныя венікі, у куце стаяла вялізная дубовая балея, напоўненая халоднай вадой. — Бо, гэта банька! Калі праз дзве гадзіны Семежаў і Камар дачакаліся Дзяўчат у двары, Валя не ўтрымалася: — Вось так гегемон жыве. Гэта заводскі воднааздаравіцельны комплекс. Камару захацелася папытацца, а якія адносіны яна мае да гэтага комплексу. Семежаў на хаду шапнуў Камару: — Ты правядзі Алёну дадому. Камар правёў дзяўчыну да аўтобуснага прыпынку і развітаўся. РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ пра тое, чым займаўся ў выхадны дзень Міхаль Руды і што здарылася з ім ноччу. Міхаль спаласнуў касу ў канаве, вылез на бераг. З выгляду гэта быў не дзед, а пажылога веку дужы мужчына з сівымі, коратка астрыжанымі, густымі, як шчотка, валасамі. З касою на плячы ён прайшоў па беразе, па свежаскошанай і разбітай траве, дастаў з-пад травы прыкрытую ад сонца старую гаспадарчую сумку, замест адной ручкі ў якой прывязана аборка. У сумцы ў яго пастаянна ляжаў малаток, запасны клін, банька, мянташка. Паверх сумкі — закручаная ў анучу запасная каса. У сумку з сабою Міхаль браў літровую бутэльку малака, кавалак хлеба і сала. Берагам канавы Міхаль выйшаў на высыпаную, высакавата паднятую дарогу, якая вяла да самае вёскі. Дарогу зрабілі меліяратары. Яны далі Міхалю апошнія гады і работу — рабіў раманцёрам на каналах, цяпер, хоць і на пенсіі, на адхонах канаў накошваў сена на карову. Рабіць сена на адхоне — гэта не на роўным месцы. Але Міхаль прывык да гэтае работы. Наогул, ён прывычны быў да любое работы і рабіў яе ўдзень і ўночы. Ішоў Міхаль цвёрда, шырока расстаўляючы ногі. І лад у ягоным жыцці быў гэтакі ж цвёрды і пастаянны. Спаўна сваё адрабіў у калгасе, узяў добрую пенсію. Потым пабыў на канавах — цяпер мае дзе пастаянна касіць сена. Ен не хадзіў у перадавіках, але ніхто ніколі не папракнуў яго. Дома ён меў дастатак і багацце. Заслужана. І гэтым ганарыўся. Цяпер, калі выйшлі новыя законы, Міхаль заняўся гаспадаркай. Кожнага году ён гадаваў альбо цялушачку, альбо бычка на здачу, двух кармлякоў на сябе і на дзяцей, а двух — на здачу. Дзяржаў яшчэ гусей і курэй. Здаваў многа малака ў калгас — была выгада, меў за гэта камбікорм. Да ўсяго прыкупляў мукі, падкідаў сын на машыне з горада мяшкоў колькі круп. Сын атабарыўся ў Салігорску, не так і далёка, рабіў электрыкам. Міхаль пабудаваў яму кааператыўную кватэру і дапамог купіць машыну. Сярэдняя сама добра ўстроілася — выйшла за ваеннага, мела і кватэру, і добрыя грошы, але гаварыла, што муж гуляў і піў, разышлася з ім. Не прапала адна, працавала ў магазіне і добра зарабляла. Праўда, дадому паказвалася мала, другі раз замуж не выходзіла, і гэта не падабалася Міхалю. Але яна не зважала на ягонае незадавальненне, і ён збіраўся паехаць сам да яе, ды ад гаспадаркі не гэтак лёгка адарвацца. І самая маладзейшая зачапілася ў горадзе, у сталічным. Праўда, не паступіла ў тэхнікум, але ўстроілася на заводзе аператарам на машынах, якія лічаць. Казала, што завочна паступіла ў тэхнікум. Вялікае навукі ад яе Міхаль і не патрабаваў. Цяпер не той добра жыве, хто вялікую навуку мае, а хто добрую работу сабе знойдзе і ўстроіцца жыць. Гэта ён прыкмеціў. На добры лад, сама лепш цяпер і жыць і зарабляць дома, на вёсцы, але на гэта трэба быць нейкім спецыялістам. Ды ў вёсцы, як ні круці,— гэта не ў горадзе, тут зямля, бруд былі і будуць. А дзеўцы трэба добра выйсці замуж. Алёне ў яго былі гатовыя грошы на кааператыўную кватэру, а да таго часу кончыць і навуку. Дзеўка яна ў яго з віду нічога, доўга не заседзіцца. Міхаль думаў пра гэта, ідучы з балотаў. Яшчэ ён адчуваў стомленасць. Пахла скошанай прывялаю травой, вадой і ўсё роўна крышку балотам. Гэты пах з'яўляўся заўсёды, калі нізка на захад схілялася сонца. Ад балотнага духу не магла пазбавіцца зямля. Міхаль любіў гэты пах, цішыню, як і сваю дамоўку, — пры гэтым ён вырас, гэтым жыў. Ён ведаў, што ў горадзе ён не вытрываў бы і тыдня. Там не было прастору. Але не шкадаваў, што дзеці пайшлі ў горад. Хата Міхалёва стаяла з краю. На двор ён пайшоў сцежкаю ад агарода, на пляцы. У тым, што хата стаяла з краю, была свая выгада, — воля на выган і гусям, і курам. Яны не псавалі дома агарод. — Каб вы падохлі! Аўсь, лезеце сляпіцаю! — пачуў ён голас жонкі, якая крычала на свіней. Потым было чутно, як пацягнула адну з іх кіем і тая аж віскнула. — Каб вы паздыхалі! Як вы мне надаелі! У магілу мяне загоніце! Аўсь! Міхаль зайшоў у хляўчук, дзе трымаў запасы камбікорму, павесіў на цвік касу, паставіў сумку. Гэты хляўчук ён збіў на сынаву машыну, пакуль той пабудаваў гараж. Пабудова спатрэбілася ў гаспадарцы. — Ног за дзень не чую, як калоды сталі! Каб яна здохла, плойма гэтая! Жонка села на парог, правяла рукою па нагах. — А я, па-твойму, гуляю, — кінуў Міхаль і, каб не сварыцца, пайшоў з двара: па цялё, якое пасвілася, прыпятае, на выгане. Потым ён выкасіў у садзе травы карове. Пакуль жонка даіла карову, паналіваў у вёдры халоднае вады з калодзежа, каб было куды паставіць на ноч малако. Перад тым як зайсці ў хату, праверыў, ці зачыненыя хлявы, зашчапіў варотцы на вуліцу. Вячэралі з жонкаю моўчкі пры ўключаным тэлевізары, скупа перакідваліся словамі. Абое ведалі, што рабіць заўтра, а заўтрашні дзень будзе доўгі, гэтакі, як і сённяшні. Спаць Міхаль лёг на ложку ў сенцах — там здаравей дыхалася. Заснуў ён адразу — за кароткую летнюю ноч трэба ўспець адпачыць. Ён і сам не мог зразумець, што пабудзіла яго. Быццам нехта штурхануў пад бок. Міхаль здзіўлена прыслухаўся і пачуў, што на двары нехта ходзіць. Потым свіння рохнула. «Я ж, здаецца, добра зачыніў дзверы», — падумаў ён і ўстаў з ложка, выйшаў у веранду і адтуль пачуў, што за хлявом нешта нібы грукнула. Ужо без усякіх думак ён круцянуў у замку ключ, выйшаў на парог. Свіння хадзіла па двары, дзверцы хлеўчука адчынены. За хлявом на выгане чутна ціхая мітусня. Міхаль схапіў прыслонены да веранды кій, кінуўся туды. Ён не ўспеў вытыркнуцца за вугал хлява, як пачуў, што нешта храснула, і востры боль так працяў яго ад галавы да пят, што ён зароў немым голасам. Ачнуўся ён ад таго, што нехта гаварыў да яго і холадна тыцкаўся ў шчаку. У галаве гудзела і трэскалася, нечым клейкім заляпіла ўвесь твар. Міхаль павярнуў галаву, і ад гэтага, здалося, у галаве заварушыліся і стукнуліся два камяні. Адно вока не глядзела. Другім ён убачыў, што ля яго ходзіць свіння. Міхаль паспрабаваў устаць на рукі, але яны зрабіліся ватныя, і кожны рух тупа аддаваўся ў галаве. Павольна ён папоўз назад на двор, да парога ў хату, успоўз на першую прыступку і адчуў, што далей паўзці не стае сілы. Рукою Міхаль намацаў гузыр мяцёлкі і колькі аставалася сілы загрукаў у дзверы — разам з фанераю ў філёнкі была ўстаўлена бляха, якая павінна грымець бубнам. Кожны рух аддаваўся ў галаве болем, і хутка ён зноў праваліўся ў чорную яму забыцця… Ачнуўся Міхаль сярод усяго белага, доўга глядзеў у столь і не мог зразумець, дзе ён і чаго. — Колькі іх было? Вы пазналі хоць каго? — пачуў ён і ўгледзеў над сабою маладога чарнявага мужчыну ў белым халаце, нечым падобнага на ягонага Сяргея, успомніў, што з ім здарылася, паспрабаваў адкрыць рот, але ні сківіцы, ні губы яго не слухалі… І апошняе, што асталося ў свядомасці, гэта што мужчына падобны на ягонага Сяргея. Семежаў выйшаў з палаты разам з доктарам. — Калі можна яшчэ прыйсці да яго? — Не ведаю. Цяжкі ўдар. Дзядзька дужы, але ж гэта галава. Усякае можа быць. — Пазваніце мне, калі з'явіцца такая магчымасць. Пасля абеду Семежаў калаціўся ў міліцэйскім «козліку» у Забалацце. Семежаў не ведаў сам, чаго ён яшчэ раз едзе туды. Апытваць болей там не было каго. Знайшоў параненага пастух, калі ішоў выганяць калгасных кароў. Угледзеў, што свіння рыецца ў агародчыку, зайшоў на двор і ўбачыў скрываўленага гаспадара. Семежаў спыніўся на дарозе, выйшаў з машыны і пайшоў уздоўж дарогі. Яна тут была падсыпана вышэй, і недзе з'езд тае машыны павінен застацца. Хаця даць ён нічога не мог. На сухой зямлі следу ад пратэктара не асталося. З'езду ён так і не знайшоў, бо тут ужо з'язджала некалькі машын, у тым ліку і тая, якая прывозіла аператыўную групу. Ён шукаў месца, дзе магла спыніцца машына. Бліжэй да хлява, але не пад самым ім. Чырванаватая пляма крыві на траве не знікла яшчэ. Свінню падганялі бліжэй да машыны, значыць, яна стаяла недзе тут, ля гэтае пляміны. Пасля, калі тушу загрузілі, святла ўключаць нельга было. Машына ехала цёмначы, туды, дзе ўначы відна белая палоска дарогі, напрасткі, каб хутчэй выехаць. Семежаў пайшоў па гэтым уяўным следзе і хутка паклікаў шафёра: — Васільеў, падыдзі сюды. Калі шафёр падышоў, папытаўся: — Што ты мне скажаш пра ўсё гэта як шафёр? — Машына выязджала на дарогу, што ж тут такога. — «Жыгуль» ці «Волга»? — Не, гэта і не «жыгуль», і не «Волга». Мой «козлік» такі след зрабіць можа. — Чаму так дарогу развярнула коламі? — А не — на вялікай хуткасці выскокваў на дарогу, а не — газануў пры выездзе. А што такое? — Нічога. Гэта тая машына выязджала. — А-а, ясна. Шафёр таксама пачаў прыглядацца да дарогі, але яна больш нічога не магла сказаць яму. Ужо па дарозе назад Семежаў думаў пра машыну, не пра легкавічка, якіх цяпер хапае ў людзей. Калі «козлік», то машына хутчэй за ўсё належыць нейкай арганізацыі. Як і чаго яна аказалася тут ноччу? Аднак гэта практычна нічога не давала і нікуды далей не выводзіла. Успомніўся ранішні званок ад Камара. Семежаў пачаў, як заўсёды, жартам: — Што, Камар, зноў ідзём у баньку з масажам? Семежаў са студэнцтва не мог прайсці міма Камаровай сур'ёзнасці і правільнасці ва ўсім. Ён памятаў, як на першым годзе Камар амаль паўгода ўсіх папраўляў, калі называлі ягонае прозвішча. Яму хацелася называцца больш сур'ёзна — Комарам. — Банька будзе. Цяпер і табе, не толькі мне. — Што, табе нагарэла? У цябе ж, гаварыў, гэтыя гусі ў папцы ляжалі. Умець трэба. — Вось, вось, Семежаў, умець трэба. У мяне гусі, а Ў цябе разбітыя чалавечыя галовы, і ніякіх слядоў не знайшоў. Пяткевіч прасіў пазваніць табе і перадаць, што мы чакаем ад цябе… — Будзе новае — далажу. — Будзь здароў. — Будзь здароў. Семежаў успамінаў гаворку і яшчэ са злосцю падумаў пра Камара — знайшоўся ўмелец, толькі што штаны працірае ў абласным упраўленні. Хаця яму, відаць, нагарэла сапраўды болей, чым Семежаву. Трэба ўмець… Семежаў аж схамянуўся: зразумеў тое, што не давала спакою і чаго ён ніяк не мог вылучыць — чаму не крычала свіння? Каб забіць яе гэтак, трэба ўмець. Але ўсё гэта не факты і не рэчавыя доказы. І не выхад на след злачынцаў. А наогул, чым прападаць тут у раёне, ці не сапраўды атабарыцца дзе ў горадзе? Ажаніцца з тою ж Валяй. У яе неблагая кватэра, знайсці работу дзе-небудзь, як Камар, збіраць звесткі і перадаваць даручэнні па тэлефоне. Але Семежаў ведаў, што з гэтага ў яго нічога пакуль што не будзе, ды і з Валяй яшчэ ў студэнцкія гады знаёмы быў не толькі адзін ён… Трэба шукаць злачынцаў, гэта яго работа, РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ пра тое, як Туманоўскі міжволі пачынае займацца журналісцкай работай. Пра сваю паездку Туманоўскі нічога не сказаў Веры. Раніцаю ён выйшаў прайсціся за вёску і доўга прыглядаўся да абшараў былых балот. Па-летняму квола слаўся мясцінамі над імі туманок, і, можа, ад гэтага балоты здаваліся яшчэ больш неабсяжнымі. Над імі прывідна ўсплывалі груды, парослыя бярэзнікам, алешнікам, зараснікамі крушыны, маліны, ажыны. Здавалася, што нешта таямнічае хаваюць у сабе гэтыя пустыя абшары. Можа, таму, што памятаў ён балоты, парослыя рэдзенькай рудаватай асакой, залітыя вадой, памятаў з часоў вайны, ведаў, што і былыя сцежкі, і былая багна пахавалі ў сабе назаўсёды шмат людскіх таямніц і смерцяў. Пасля таго, як спусцілі з балот ваду, як асела багна, таямніцы не пакінулі зямлю, яны ўвайшлі ў яе, залеглі спрасаваным торфам і чакаюць свае пары пад дзірваном травы. І начамі з гэтых балот, мабыць, прыходзяць да мясцовых людзей успаміны. У час снедання Вера паведамляла Туманоўскаму навіны. Адкуль і калі, па якім тэлетайпе яна атрымлівала іх, Туманоўскі не ведаў. Здаецца, нікуды і з двара не выходзіла. — Чуў, што ў Рудні ноччу было? Старога Міхаля амаль забілі. — За што? — За што? Кармляка прыехалі красці. Ночы з хлява выгналі, закалолі і на машыне павезлі. Ён, мабыць, пачуў, выбег. Яго па галаве калом гэтак трахнулі, што наўрад ці выжыве, кажуць. Дзіва што, цяпер гэтых матацыклаў і машын. І к нам панаязджала ў калгас з усяго свету. Некалі адзін аднаго ведалі. І сваіх лайдакоў хапае, але свае чалавека б не білі. Удзень Туманоўскі папраўляў плот. Гэта спачатку яму здалося, што толькі ў адным месцы трэба некалькі калоў прыбіць, але як зачапіў, то па парадку і правіць давялося. Туманоўскі рабіў работу з задавальненнем, адчуваў сябе майстрам і нават спрабаваў убіць цвік трыма ўдарамі. Праўда, цвікі не зусім хацелі прызнаваць ягонае майстэрства і весела выгіналіся пад малатком. — Іванка, ты адзенься, а то абгарыш, — папярэдзіла яго Вера, але Туманоўскі не паслухаў яе і вечарам, пасля таго як памыўся халоднай вадой да пояса, адчуў, што дарэмна, — плечы гарэлі. Пасля вячэры ён бадзёра круціў педалі да цэнтральнае сядзібы, бліжэй паглядзець на тых, хто прыехаў і хто жыве цяпер у калгасе. Па дарозе ля меліярацыйных канаў абдавала прыемным халадком, затое за ўзгоркам абдыхвала цяплом, як з добра напаленае печы. І пахла збажыной, полем. Насыпаная высакаватая гравійка да цэнтральнае сядзібы ішла за вясковымі агародамі. На цэнтральнай мясцілася майстэрня і машынны двор, па другі бок дарогі новая калгасная кантора, за ёй Дом культуры, магазін, прыёмны пункт бытпаслуг, а далей роўна выстройваліся двухпавярховыя катэджы. І кантора, і Дом культуры, і магазін, і ўся вуліца былі абгароджаны акуратным штыкетнікавым плотам. Не ў самім Доме культуры, а на ягоных прыступках размясціўся, відаць, мясцовы эстрадны аркестрык з апаратурай, аблытанай правадамі. Двор Дома культуры быў забіты моладдзю. Пакуль Туманоўскі даехаў да клуба, яго абагнала некалькі матацыклістаў. З уключанымі фарамі, яны ляцелі, як на гонках. За машынным дваром, далей, па Другі бок вуліцы выходзіла пляцамі да гравійкі вёска, нібы адвярнулася ад гэтай моднай музыкі. Ля платоў паблісквалі нікелем матацыклы. Некаторыя з іх гыркалі маторамі, перакрываючы нават і музыку, вырываліся з двара. Пад'язджалі новыя паненкі і кавалеры. Веласіпед Туманоўскага сіратліва прытуліўся побач. Вакол танцораў, на лаўках, якія павыносілі з Дома культуры, сядзелі старыя і пажылыя жанчыны. Мужчыны тоўпіліся кучкамі і нечага чакалі. Туманоўскі прыкурыў цыгарэту, прайшоўся. Нікога ён тут не пазнаваў, ды і яго ніхто пазнаць не мог. Моладзь танцавала, лашчылася адно да аднаго. Цяпер гэта нікога не здзіўляла, ды і моладзь была з усяго наваколля. Маладым весела, яны мелі інтарэс да танцаў, пра якія ўжо забыўся Туманоўскі. Пасля кароценькага перарыву адзін з аркестрантаў узяў у рукі мікрафон і аб'явіў, што па жаданню гасцей, якія прыехалі на вяселле, выконваецца вальс, і сам спяваў з асаблівым пачуццём: А я лягу-прылягу Край гасцінца старога… — У каго гэта вяселле, цётка? — папытаўся Туманоўскі ў жанчыны, якая сядзела з краю. Цёткі заўсёды і ўсё ведалі, і галоўнае, ім хацелася расказаць пра тое, што ведаюць. — У Мікалая. Дачку замуж аддае. Цётка была недзе аднаго ўзросту з Туманоўскім. — А кім яна робіць? — У Мінску. Нейкая там фабрыка-кухня ёсць… — Гэта з Мінска гасцей гэтулькі наехала? — Цэлы аўтобус. Цяпер менш не прыязджае. А на матацыклах з усяе акругі. І студзенты тут, і шэфы на рабоце, і свае, калгасныя. Каб толькі хоць біцца не пачалі. Хіба студзентаў пабаяцца, бо ў тых тут цэлы атрад, і здаровыя хлопцы, кажуць, спарцмены… — Давайце, цётка Алёна, выпіце чарачку! Туманоўскі азірнуўся. Малады мужчына, перавязаны ручніком, падаў жанчыне чарку. — Вой, Колечка, нашто ты мне так многа наліў? — цётка, аднак, узяла стограмоўку. — Бяры, дзядзька. За здароўе маладых… Сваха, якая несла за сватам сумку з пірагамі, падала гарэлку і Туманоўскаму. — Што вы, — разгубіўся ён ад нечаканасці. — Бяры, дзядзька. У магазіне такое не прадаюць. За маладых выпі. — Дзякуй табе, Колечка. Хай здаровенькія маладыя будуць, дзеткам хай цешацца. Выпівайма, дзядзька, — жанчына стукнула сваёй стограмоўкай у шклянку Туманоўскага. Яму спачатку здалося, што рот і горла апякло кіпнем, і пакуль дапіў шклянку, на вачах аж выступілі слёзы. Сваха сунула ў руку кавалак хлеба з мясам. — Ну як, дзядзька? Яшчэ мо кроплю? — папытаўся сват. — Не-е, дзякуй, — прамармытаў Туманоўскі. — Балбочаш лішне, гэта ж той карэспандэнт, што прыехаў,— пачуў Туманоўскі, як сваха ўшчувала свата. — Ну і што? Цяпер і без карэспандэнтаў усе пісаць умеюць. Сват разносіў пачастунак па крузе. Цяпер Туманоўскі разумеў, чаго чакалі мужчыны. Пасля выпітага Туманоўскаму здалося, што музыка пачала іграць цішэй. І ў гэтым тлуме цяжка было адрозніць, хто гарадскі, хто свой, вясковы. Потым заявіліся і ўчастковы з сумкай-планшэткай, і трое хлопцаў з чырвонымі павязкамі. Усё было, як у горадзе, хіба толькі што там не разносяць пачастунак. Калі аб'явілі гасцям запрашэнне на каравай і танцы перапыніліся, Туманоўскі выправіўся дадому. …Аркестр пілаваў, як толькі мог, і Туманоўскі адчуваў, што не можа спыніцца, што ногі ягоныя самі падскокваюць. Ён разумеў, што яму, саліднаму чалавеку, тут, у вёсцы, няма чаго падскокваць, як козліку, што пра гэта заўтра будуць ведаць усе, і тады паспрабуй пакажыся ў канторы, скажы, што ты пішаш сур'ёзны матэрыял у газету, аналізуеш з сацыяльнага боку, хто ён, сягонняшні вясковы працаўнік. Яму самому было незразумела, чаму ён думае гэтак, як звычайна гаворыць іхні рэдактар. Выбери меня, выбери меня, Птица счастья завтрашнего дня… Не пераставаў, драўся саліст ансамбля, і яму падпявала, наступала на Туманоўскага, адкрыта пасміхалася маладая гладкая дзяўчына ў штанах у абцяжку і кофтачцы навыпуск. Яна гарцавала бадзёра і горача, як кабылка, якая пачула дарогу. І наступала на Туманоўскага. «Выбери меня, выбери меня…» Яна даставала Туманоўскага вялікімі грудзямі, і ён паціху хоць і падскокваў, але стараўся адступіцца. Дзяўчына не ўнімалася, напірала на яго, і ён заўважыў, што яе рука слізганула па кофтачцы і тая пачала расхіляцца. Краем вока Туманоўскі з жахам угледзеў, што натоўп расступіўся, што ён з дзяўчынай засталіся адны ў крузе і ўсе глядзяць на іх… Туманоўскі рвануўся бегчы… — Іванка, а Іванка! Прачніся! Ці не захварэў ты? Калі Туманоўскі расплюшчыў вочы, яго штурхала ў плячо Вера. — Хіба сасніў што? Гэтак стагнаў і крычаў. — Ага, ага… Дзякуй, што пабудзіла. Туманоўскі ўсё яшчэ не мог ачомацца ад сну і не мог зразумець, што ён не на танцах, што ён у ложку і што пачынае ўжо світаць. РАЗДЗЕЛ СЁМЫ пра тое, як кончылася спакойнае жыццё інжынера Клімакіна. «Жыгулі» мякка, па інерцыі, з'ехалі з дарогі і спыніліся ля высокага, шчыльнага дашчанага плота, пафарбаванага ў блакітны колер. Мужчына ў сетачцы-тэнісцы з кароткім рукавом і ў белых адпрасаваных штанах вылез з машыны, перайшоў на другі бок, выпусціў з машыны «бананавую» дзяўчыну ў празрыстай кофтачцы. — Прашу! Ён адчыніў варотцы, прапусціў дзяўчыну наперад. Яна адкінула льняныя лёгкія валасы, паправіла на носе вялікія акуляры. Мужчына ішоў збоку, прытрымліваў дзяўчыну пад руку. Старэйшы за яе, але дагледжаны, гладкі і чысты з твару, з вялікім лысым загарэлым лобам. Доўгія валасы спадалі на плечы. Абвіслыя вусы пад цяперашніх модных эстраднікаў рабілі і яго падобным на іх. Шэрыя красоўкі ступалі лёгка. Мужчына ішоў па-гаспадарску, упэўнена. Ля прычалаў ускінуў руку, прывітаўся: — Прывет байцам падводнага фронту! Здароў, Толя! — ён персанальна паціснуў руку каржакаватаму, сухому, як таран, і жылістаму мужчыну ў шапачцы і ў плаўках. Ён загарэў да чарнаты, і далоні здаваліся ненатуральна белымі супраць усяго ягонага цела. — Прывет, шэф, — мужчына хуткім, але пранізлівым, як рэнтген, позіркам акінуў дзяўчыну. Яна не збянтэжылася ягонага позірку. — Як жывеш, стары? Даўно мы з табою не бачыліся. — Нармальна. — Медаль за выратаванне не зарабіў яшчэ? — усміхнуўся мужчына. Толя нічога не адказаў, чакаў. — Там мой запас яшчэ астаўся? — Астаўся. — Прынясі, калі ласка. Які мне? — Бяры крайні,— кіўнуў Толя на крайні ля прычала катэр і пайшоў у будынак выратавальнай станцыі. Мужчына прытрымліваў сваю сяброўку за локаць, правёў яе на прычал, раздзеўся, паклаў адзенне на карму, ускочыў у катэр сам. Дзяўчына следам за ім зняла модныя блакітныя штаны, падала руку кавалеру. Вярнуўся з будынка Толя са спартыўнаю сумкаю, падаў мужчыну. Той моўчкі ўзяў і адразу ж завёў матор. Толя зняў з прычала вяроўку, кінуў мужчыну, паглядзеў услед катэру, які спаважна, ганарліва выходзіў на азёрную прастору і браў кірунак да астраўкоў, якія далёка абазначаліся на гарызонце. Потым Толя смачна плюнуў на ваду, усё роўна як услед катэру, і пайшоў пад стрэшку, дзе стаяў другі катэр з адкрытым маторам, у якім калупаўся малады хлопец. — Каго ён праводзіў? — запыталася дакторка, якая сядзела ў белым халаціку ў шэзлонгу ў цяні пад грыбком. — Каго? А, гэтага песняра лысага, — рыжы даўганогі аквалангіст адарваўся ад дэтэктыва, які ён запойна чытаў цэлы дзень, не звяртаючы ўвагі на тое, што дакторцы было сумна, што яна хацела пагаварыць. — Гэта яго кліент. Толіка з другога курса за вялікія здольнасці…— аквалангіст красамоўна паказаў рукою. — А гэты давучыўся. Цяпер інжынер, экспарт вядзе, па заграніцах шастае… — Гэта дачка яго? — Гэтакіх дачок тут прайшло!.. — А як жа жонка? — А нашто яму жонка? Аквалангіст зноў скасавурыўся ў кнігу, але дакторка не спынялася: — Да гэтага Толіка без фігі да носа не падлазь, а тут служыць, як сабачка ў цырку. — Тут нос яшчэ вышэйшы, не з Толікаваю фігаю лезці. За адну такую прагуляначку на астравок Толік мае чырвонец. Куды тут да гонару. Аквалангіст зноў чытаў свой дэтэктыў, і дакторка з сумам уздыхнула, паглядзела ўслед катэру, які ўжо быў далёка ад будынка выратавальнай станцыі. Арнольд Восіпавіч Клімакін накінуў на сябе халат, захінуўся ў яго, зазірнуў у люстра. Валасы скамячыліся, і твар быў нейкі пакамечаны і запухлы. Клімакін паморшчыўся, узяў расчоску, расчасаў валасы, якія клаліся на каўнер і на плечы, і тады лысіна высвечвалася па-прафесарску салідна. Клімакін азірнуўся на ложак. Новая знаёмая спала раскрыўшыся, з прыадкрытым ротам, і Клімакін паморшчыўся — яна многа піла. Пакідаць на ноч яе ён не хацеў. Клімакін выйшаў на двор, спаласнуўся вадой да пояса, расцерся ручніком, адзеўся, схадзіў на кухню, паставіў каву. — Пад'ём, мая дарагая, — патрос за плячо дзяўчыну. Спрасонку яна пацягнулася да Клімакіна. Ад яе дыхнула перагарам, Клімакін адвярнуўся, штурхануў мацней. — Пад'ём. Пара ехаць, красотка! — Куды ехаць? — Мяне на работу вызываюць. Прыехалі з-за мяжы, сустракаць трэба. — Ну і едзь! Я цябе тут дачакаюся! Дзяўчына капрызна завярнулася, паспрабавала зашыцца пад коўдру. Клімакін нібыта жартам, але дабравата прыклаўся далонню ніжэй спіны. — Уставай, а то, пакуль дажджэшся мяне, памрэш з голаду. Ён узяў дзяўчыну за руку. Клімакін ведаў такіх. Ад іх потым, як ад кошак, не адагнацца. Ён умеў адкарасквацца. — Мне там трэба будзе памагаць. Пазнаёмлю цябе з імі. Ты ніколі не сустракала замежных? Во, пабудзеш і паглядзіш. Варушыся, цялушачка! «Цялушачка» заварушылася. Клімакін скоса пазіраў на яе. Яна ўжо не падабалася яму. Сапраўды, вясковая цялушачка, як бы ні адзявалася ў самыя модныя «шмоткі», на якія пруць ёй грошы з вёскі, думаючы, што тут дачка «выбілася ў людзі». На такіх у Клімакіна было вока, і браў ён іх проста, з ходу. У прыцемках Клімакін знарок даўгавата пятляў па вулачках садова-агародніцкага таварыства. Домікі тут былі амаль усе аднолькавыя, вулачкі таксама. Ягоны нічым не вылучаўся. У горадзе Клімакін таксама зрабіў кругаля, каб ягоная паненка, якая ўсё шабуршылася побач і расчэсвала валасы — рыхтавалася да сустрэчы з замежнымі гасцямі,— не надта і запомніла, у якім напрамку ад горада дача. Непадалёку ад прахадной, у скверыку, Клімакін спыніў машыну, высадзіў дзяўчыну: — Пачакай тут, забягу даведаюся, як там і што. Паехаў ён быццам да будынка заводскага кіравання, але не прыпыніўся, адтуль на прамую выехаў на вуліцу, і ягоная машына прапала ў плыні гарадскога транспарту. У скверыку «цялушачка» зазірала ў люстэрка і прыхарошвалася перад сустрэчай замежнай дэлегацыі. Машыну Клімакін пакінуў на двары ў святле ад ліхтара, каб была відаць з акна. Ён ведаў законы гэтых старых, зарослых кустамі і прысадамі двароў. Машыны ў іх «разувалі» спрытна. Святла ў вокнах не было. «Не спяшае пляменніца», — нядобра падумаў ён. Дастаў ключ, адамкнуў кватэру, запаліў святло, завесіў акно, уключыў тэлевізар. «Жыве, як графіня», — ён падціснуў губы. Дзіўна, але злосць на Валю была падобна на рэўнасць. Чамусьці думалася пра тых, з кім яна бывае тут. Яго апошнім часам яна не падпускала, а калі ён паспрабаваў «павучыць» і ўзяць сілай, яго ненарокам перастрэлі на цёмнай вуліцы два хлопцы. Не надта каб, але далі зразумець, што распускаць рукі небяспечна. «Глядзі тады, Кныр!» Гэтак звала яго толькі яна пасля таго, як заспела на дачы з «цялушачкай». Клімакін разумеў, што цяпер яна незалежная ад яго. Адно, што іх звязвала, гэта ягоны тавар, які яна брала. Болей нічога. Яна забылася ўжо, што гэта дзякуючы яму выбілася ў людзі. І ён не спадзяваўся, што «пляменніца» акажацца такою здольнай вучаніцай, што ў яе такая хватка будзе. Ён адчуваў, што яна «справу» мае салідную. Тады ён аднекуль ехаў у горад. Канец лета быў цёплы. У вёсцы ён звярнуў з дарогі, каб напіцца вады. Піў проста з вядра, доўга, смакуючы. Вада была як крынічная ўсё роўна. І калі сагнаў смагу, пачуў, што нехта плача, азірнуўся. Плакала дзяўчына на зарослым травою двары старога школьнага будынка. Сядзела на лаўцы пры сцяне і плакала. — Што з вамі? Дзяўчына нічога не адказала. У школьным будынку свяцілася адно акно. — Чаго вы тут? Дзяўчына кінулася ў вока Клімакіну. Потым яна расказвала яму, ужо ў машыне, пра тое, што прыехала па накіраванню ў школу. Прыйшла. Адправіў дырэктар кватэру шукаць. Абышла хаты. Ніхто не ўзяў. Выдалі ёй пасцель, пасялілі ў старым школьным будынку, які перарабілі ў жылы дом для настаўнікаў. Адна. Страшна. За шпалерамі пілуюць мышы. Сядзела чытала, транзістар слухала. Потым захацела ўстаць, ногі ў тапачкі, а там нешта халоднае — падрубніца туды ўлезла!.. Вылецела на двор і ў хату больш зайсці не магла. — Плюнь на ўсё. Я найду табе работу, будзеш зарабляць не менш, чым за настаўніцтва… — Я ж па накіраванню… Дыплом у райана астаўся. — Забяром. «Якая зялёная яшчэ!» — думаў сам сабе Клімакін і ўяўляў, як павязе яе на дачу. Яна і пажыла ў яго на дачы. Трэба было ж уладкоўваць на работу. На першым часе згадзіўся ўзяць яе да сябе «на точку» стары Дворкін, Лазар Міхайлавіч. Сівы, стройны, заўсёды ў белым халаце і ветлівы, як дыпламат. Час ад часу збываў у яго свой «тавар» і Клімакін. Не пастаянна, не той маштаб быў… Лазару Міхайлавічу спадабалася маладая памочніца. Клімакін прапісаў яе, не без яго дапамогі, Валя ўклінілася ў чаргу на кватэру і атрымала яе ўжо, калі Лазар Міхайлавіч паехаў, як гавораць, далёка і надоўга. Лазар Міхайлавіч быў чалавек магутны. Пра гэта Клімакін ведаў Яго і баяцца трэба было. Таму Клімакін не падаў і выгляду, што здагадваецца, чаму Валя раптам наляцела на дачу да Клімакіна. Гэта ад Лазара Міхайлавіча прынесла Клімакіну мянушку. Лазар Міхайлавіч меў слабасць яшчэ і разглядваць пікантныя фотаздымкі Клімакін тады падзарабляў у яго і на гэтым. Перабіраючы карткі, Лазар Міхайлавіч прыгаворваў: «А ты не злодзей, ты кныр…» Пагарэў Лазар Міхайлавіч як адзін з удзельнікаў прадпрыемства, вынікі якога кваліфікаваліся як «крадзеж у асабліва вялікіх памерах». Пасля гэтага на яго месцы ў бары не знаходзілася чалавека, падмяніла яго Валя, а потым месца ягонае заняла і ўжо пра дыплом, які недзе астаўся ў райана, не ўспомніла. Гэта было даўно. Клімакін ужо на парнаграфіі не падзарабляў, але і на асабліва буйныя маштабы не замахваўся. Жыць і так мог на шырокую нагу. Валя згадзілася браць у яго гарэлку, але працэнт заламала, не зрабіла скідкі «дзядзьку» за тое, што ён вывалак яе з вёскі, прывёз у горад. І насуперак усяму «пляменніца» вабіла яго. Клімакін пачуў, як адамкнуліся дзверы, устаў, выйшаў у прыхожую. — А ты не спяшаеш сустрэцца з дзядзькам. Я каву пастаўлю? — Апячэшся, дзядзечка! Валя на хаду скінула басаножкі, адчыніла бар, наліла паўфужэра каньяку і выпіла, потым адкрыла бутэльку з «Байкалам», заліла і моўчкі пасунула бутэльку Клімакіну. — Што? — Гаварыў мне Міхайлавіч, каб цябе адшыла! Кныр ёсць Кныр! Тавару не было. А сёння ў мяне на складзе нюхалі! — Ну? Чыста. Вось так, дзядзечка! Пазвоньваць мне, заязджаць болей не смей! І твая хеўра каб больш нагою ў маім бары не была! А то, глядзіш, у групавое ўляпаешся… інжынер! Пра мяне забудзь? А не сумееш, Лазара Міхайлавіча табе памогуць! Яны ўмеюць, памятаеш? Клімакін памятаў тых дваіх, толькі ён не ведаў, што гэта ад Лазара Міхайлавіча. Валя працягнула руку. Клімакін недаўменна паглядзеў на яе. — Ключык, дзядзя. Клімакін пачаў здымаць ключ з бірулькі. Рукі ў яго лёгенька дрыжалі. Валя пагардліва ўсміхнулася. Яна глядзела на яго, быццам на дробнага жуліка, якому рабіла паблажку і якога прыйшоў час выгнаць вон. — Запомні, дзядзя, пра мяне ні слова! Што б ні было і як ні было б! А інакш… — яна не дагаварыла. Ён не даслухаў, выйшаў і амаль подбегам заспяшаў да машыны. Першае жаданне было паехаць туды, да Гарбуза, — даведацца, ці дома ён. Але ехаць туды нельга. Ужо спакойна ён узважыў усё і пакрысе супакойваўся: Гарбуз нічога не ведае. Яны сустракаліся ў горадзе… У твар ведаў, а больш нічога. Маршрут да бара. Гарбуз прыязджаў да бара. Міліцыянера там скалечылі, а цяпер і гэтая рэвізія… Залішне для супадзення. Добра, што «баксёра» справадзіў у вёску. Праз гадзіну недзе ён паставіў машыну на стаянку. Прайшоў два кварталы, падняўся на пяты паверх, у аднапакаёвую кватэру, сціпла, нават болей чым сціпла абстаўленую. РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ пра здарэнне, якое ўстрывожыла многа людзей. Інжынер Корбыт усё яшчэ чакаў, пакуль падыдзе чарга на гараж. Чарга падышла ў мінулым годзе, грошы ён заплаціў, але будаўніцтва ўсё яшчэ не кончылася. За час чакання яго новенькі «Масквіч» ператварыўся ў добра такі ўезджаную машыну, якую можна было смела пакідаць нанач у двары, дзе побач надзейна «ахоўвалі» яе новенькія і зайздросныя з выгляду «Жыгулі». Ды і прывык ездзіць з работы і на работу, канец квартала, часу не ставала ні на рабоце, ні дома. Паволі ён узышоў на трэці паверх, паленаваўся даставаць з кішэні ключы, пазваніў. — Хто? — папыталася жонка, адчыняючы дзверы. — Я, хто ж яшчэ к табе. — Ты? А чаго ж машына наша толькі што ад'ехала? Я думала, ты яшчэ куды… Корбыт не даслухаў жонку, выскачыў на балкон. Машыны як і не было на сваім месцы. Ужо спакойна пайшоў да тэлефона, набраў нумар, прадыктаваў дзяжурнаму свой адрас, нумар машыны, потым зірнуў на жонку, якая разгублена глядзела на яго. Яму хацелася легчы паляжаць. — Ну чаго стаіш? Давай вячэраць. Як знойдуць — пазвоняць. — Як гэта? — Сеў чалавек і паехаў. Дурань, пад суд заедзе! Пакуль інжынер вячэраў, дзяжурнаму ўжо дакладвалі: — Сіні «Масквіч» заўважаны на Садовай. Дакладвае дзевятнаццаты. — Дзевятнаццаты, працягваць пагоню. ПМГ блакіруюць выхады з квартала, на праспект і на кальцавую дарогу. Дзяжурны гаварыў і глядзеў на карту. Цяпер машына нідзе не дзенецца. Выхад у горад і за горад ёй перакрыты. Злодзей нявопытны. Ад дома, дзе ўкрадзена машына, можна было вулачкамі адразу выскачыць да кальцавой. Што яму спатрэбілася на Садовай? Патрульная машына тым часам не выпускала з поля зроку «Масквіч». На прамым адрэзку не было відаць сустрэчнага трамвая, і «козлік» выйшаў на сярэдзіну вуліцы. Завыла сірэна, сінім сполахам мігаў «маячок». — Загадваю спыніцца! Спыніцеся! Сяржанту Васільеву здавалася, што ягоны голас чуваць усяму гораду. Адна рука трымалася за ручку дзвярэй — каб адразу ж адчыніць і выскачыць. Старшына Сівец, тоўсты, жывот, здавалася, дастае да самае баранкі, увесь падаўся наперад — каб успець да трамвайнага «астраўка» падрэзаць «Масквіч» і спыніць яго. Васільеў сцяўся — калі на нейкія долі секунды спозняцца, «Масквіч» выслізне, і зноў трэба будзе даганяць яго. І тут жа заўважыў, як з завулка выскачыў «жыгуль», угледзеў міліцэйскую машыну і тармазнуў. Старшына Сівец націснуў на тармазы, і як толькі машына спынілася, амаль упрытык ля «Жыгулёў», Васільеў выскачыў з машыны. «Масквіч» стаяў. Перад яго ўлез у багажнік «Жыгулёў». Ад «Масквіча» кінулася доўгая постаць, і Васільеў ірвануўся ўслед. Чуў, што крыху ззаду цяжка гопае чаравікамі Сівец. Чалавек перабег цераз вуліцу, кінуўся пад арку ў двор. Калі ён паспее пераскочыць цераз бетонны плот, якім быў абгароджаны гаспадарчы двор лазні, яны не дагоняць яго. Там парк, а далей… — Стой, страляю! Васільеў нават не адчуў, як таргануўся ў руцэ пісталет. І хоць стрэл быў угору, чалавек, які дабег ужо да самага плота, прысеў, нібы куля прайшла над ім. Гэтага хапіла, каб даскочыць да яго. Толькі калі вялі затрыманага да машыны, Васільеў разгледзеў, што гэта юнак ці, можа, нават падлетак, па-цяперашняму рослы. — Даездзіўся, дурань, — Сівец цяжка соп. Пакінутая міліцэйская машына так і стаяла пасярод вуліцы з расчыненымі дзверцамі, уключанай сірэнай і мігалкай. На месцы здарэння ўжо сабраўся натоўп. Васільеў выключыў сірэну, коратка далажыў дзяжурнаму і папрасіў выклікаць ДАІ. Сівец тым часам абышоў пабітыя «Жыгулі». Пад імі нацякла лужына, але пахла не бензінам, а гарэлкай. Сівец націснуў на замок. І скарэжаны багажнік з палёгкай адчыніўся, як стрэльнуў усё роўна. У ім стаялі гаспадарчыя сумкі, поўныя бутэлек. У тых сумках, па якіх прыйшоўся ўдар, толькі шкляны друз пабліскваў. Сівец прысвіснуў, паспрабаваў зачыніць багажнік, але ён не зачыняўся. З натоўпу нехта гукнуў: — Хлопцы, падстаўляй шапкі! На разліў бясплатна! Сівец хутка ступіў да гаспадара машыны, які разгублена, неяк утрупела стаяў і трымаўся за ручку пярэдніх дзверцаў. Невысокага росту, лысы, круглатвары, ён глядзеў на міліцыянера і нібы не верыў, што гэта наяву, а не саснілася. — Дакументы! Мужчына дастаў з нагруднай кішэні дакументы і падаў старшыну. Той сунуў іх у кішэню курткі, нават не разгарнуў і моцна ўзяў за руку вышэй локця. — Вам давядзецца праехаць з намі. Мужчына паслухмяна пайшоў да міліцэйскае машыны, угнуўшыся, улез у яе, сеў побач з хлопцам і толькі тады так вылаяўся, што хлопец аж адхіснуўся ад яго, — мог жа ён, пакуль бегалі міліцыянеры, ехаць сваёй дарогай. Толькі цяпер гэта дайшло да яго. РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ пра тое, як Туманоўскі набліжаецца да сваіх будучых герояў на небяспечную дыстанцыю. Туманоўскі сядзеў насупраць сакратара партарганізацыі з блакнотам і занатоўваў з самым сур'ёзным выглядам усё тое, што той гаварыў. Наогул, Туманоўскі не прызнаваў гэтакай журналісцкай практыкі — сядзець з блакнотам над чалавекам. Тады і ён нічога не бачыць, акрамя гэтага блакнота, і гаворыць усё гэтак разумна і правільна, што потым паспрабуй зрабі матэрыял да друку з такое гаворкі. Але сёння яму хацелася пераканаць, што толькі пытанні аб тым, як папаўняецца рабочая сіла калгаса, яго цікавяць, а болей нічога. — Скажыце, Іван Спірыдонавіч, людзі самі прыязджаюць ці вы, як гавораць, вярбуеце іх да сябе? — Ну, мы не такая яшчэ гаспадарка, каб пра нас ва ўсіх газетах пісалі і па тэлебачанні паказвалі… Таму мы выязджаем у тыя раёны, дзе яшчэ ёсць на вёсцы людзі. А потым ужо, як гаворыцца, ланцуговая рэакцыя. Пачынаюць і самі прыязджаць. А таму натуральна, што гэта ў асноўным маладыя сем'і, якім трэба кватэра, заробак… — Вы даяце ім кватэры? — Бачыце, будуем домікі. А таксама хаты, якія пустуюць, калгас купляе на вёсках і аддае прыезджым… — А вы сам? — Разумею… Я таксама не мясцовы, ды і наогул нават старшыня і ўсе спецыялісты не мясцовыя. Гэта не толькі ў нас у калгасе… — Колькі вы гадоў тут? — Я пяты год. — А у мінулым годзе колькі памянялася галоўных спецыялістаў? — У мінулым? Інжынер па будаўніцтву і механік… І усё. — На павышэнне пайшлі ці на лепшае месца пагналіся? — Ну, як вам сказаць? Інжынер у райцэнтр пайшоў, па спецыяльнасці. Механік на рамзавод… — А як з жыллём? — Пабудаваліся. — А дзе прыезджыя робяць у вас? — Самая наша бяда — даяркі, свінаркі, механізатары. Каму ж хочацца лезці ў гной? — Зразумела, — Туманоўскі ўсміхнуўся: усе пакойчыкі канторы заселены, як вулей, напарфумаванымі маладзіцамі. У большасці сваёй гэта жонкі галоўных спецыялістаў. Сакратар усміхнуўся. У кабінеціку было душна, пякло сонца, і Туманоўскаму хацелася на паветра. — Ну што ж, дзякуй, Іван Спірыдонавіч, на першы раз. Адрываю вас ад работы. — Што вы, што вы. Мне загадана правезці вас, паказаць нашы палі. Вы ж, гаварылі, партызанілі ў гэтых балотах? — Так, было. — Дарэчы, калі што трэба жонцы Кухты, то скажыце, няхай заходзіць да мяне. Дапаможам. Дзед ён быў талковы. І на работу, калі што, выйдзе, выручыць. Больш бы было такіх дзядоў, можа б, і маладыя другія былі… А то хлопцы, васьмі-дзесяцікласнікі, здаравенныя лбы, на бацькоўскіх матацыклах лётаюць, хуліганяць, а на работу ў жніво не надта ідуць. Як не тут выраслі… Сакратар змоўк, быццам спахапіўся, што гаворыць не тое. Потым невядома, што ён там напіша пра тое, на якім узроўні ў калгасе выхаваўчая работа, якую ўвагу ёй аддае кіраўніцтва калгаса, а ў першую чаргу ён, сакратар партарганізацыі, клопатам пра духоўнае выхаванне, пра «задавальненне духоўных патрэб» калгаснікаў. Цяпер пра гэта стала модна пісаць, пра клопат пра чалавека, хаця справаздачу ў раёне патрабуюць і шыю мыляць, як і мылілі не аднаму ягонаму папярэдніку, за графікі пасяўной і жніва, за нарыхтоўку кармоў… — Я думаю, Ян Данілавіч, дагаворым у машыне. Каб не траціць часу, давайце праедзем, паглядзім, што мы маем на полі, як мы жывем. Гэта быў не новы, але надзейны спосаб. «Пачынаецца», — кіўнуў галавой і ўсміхнуўся сам сабе Туманоўскі. «Ніва» бадзёра ўзяла з месца. Іван Спірыдонавіч таксама нібы адчуў палёгку, калі выйшлі з кабінета, з задавальненнем кіраваў машынай і тлумачыў: — Наш пасёлак. Толькі пачынаецца. Калі будзе расці, месца выбрана тут добра, на цэлы гарадок хопіць. Праз адкрытыя шклы вецер пругка хадзіў усярэдзіне машыны, і Туманоўскі слухаў, што гаварыў сакратар. З машыны прыемна было глядзець на палі. Яны разлягаліся паабапал дарогі запалавелым, пасвятлелым разлівам збажыны: яшчэ чырванаватыя, густыя фарбамі аўсы, крыху святлейшая — пшаніца і за ўзгоркам зусім пасвятлелае, пабялелае, нібы пачало выгараць, жыта. Як аблямоўка, паўз дарогі беглі блакітныя кветкі валошкі, белыя, з жоўтымі, густымі вачыма рамонкі. Густа ляжаў пыл на жылістым лісці трыпутніку. Лёгка гаварылася пад імклівы бег машыны, лёгка слухалася пра тое, што ўраджай маецца быць добры. — Ну, а вось тое, што стала на месцы балот, што дае нам малако і мяса. Сакратар спыніў машыну на пагорку. Унізе пачыналіся роўна падзеленыя на калектары канавамі ўтравянелыя плошчы. Трава шаўкавіста выгіналася пад ветрам, і ад яе павявала цёплым лугавым пахам. — Мы ў асноўным не аром балота. Усё адпусцілі пад траву. Ды ў нас яшчэ і грудавое зямлі хапае ў калгасе, яе абрабіць як след… Туманоўскі стараўся ўявіць замест гэтых выраўняных плошчаў тое, спавітае туманком, парослае лазою і алешнікам балота, ад якога нават улетку патыхала тванню і нечым халодным, металічным. І чамусьці не ўспаміналася балота пры сонечным святле: ні асенняе, ні вясновае, ні шэра-снегавое, устылае. Іван Спірыдонавіч тым часам называў тоны будучага ўкосу. За ўзгоркам, пры ляску, у невялікай лагчынцы ўтульна стаяў дамок. Ля дамка зроблена невялікая запруда, і перад ёй стала азерца. — Ну, а гэта наша рэзідэнцыя, дзе мы прымаем шаноўных гасцей, — крыху скавана пажартаваў сакратар. — Што, лазня? А цікава… — Міласці прашу! Сакратар павесялеў, узяў з машыны сакваяж. Туманоўскі не заўважыў, як і калі сакваяж апынуўся ў машыне. Лазня была зроблена ў два паверхі. На другім стаяў стол і крэслы, буфет — усё зроблена з дошак, толькі пацягнута аліфай. Адсюль можна было сысці на першы паверх, у фінскую парылку. З яе адразу можна шухнуць у азерца. Усё на сучасным узроўні і ў сучасным духу. — Іван Спірыдонавіч, не трэба, — спыніў сакратара Туманоўскі — Парыцца я не надта люблю, ды цяпер і на дварэ парылка. Сакратар разгубіўся. — Заязджайце як-небудзь да мяне, да Кухты вечарком, рады буду сустрэцца з вамі. — У нас тут яшчэ бярозавік ёсць, — сакратар хуценька зачыніў сакваяж і сышоў на першы паверх, неўзабаве вярнуўся адтуль з меднай квартай халаднаватага бярозавіку. Ён быў падкіслы, у меру халаднаваты, і Туманоўскі цадзіў кварту паволі. — Здорава! — Там халадок. А бочку ячменем засыпалі. Ён закусціўся, закрыў бочку зверху, — не плеснее, не перакісае. Сакратар падвёз Туманоўскага дадому і нават паабяцаў, што заедзе ў госці. Назаўтра раніцай Туманоўскі бадзёра круціў педалі веласіпеда, ехаў на пошту паведаміць рэдактару «прыемную навіну»: што ён затрымаецца яшчэ на тыдзень. У той дзень выбралася на пошту і старая Міхаліха. Пошту перанеслі на цэнтральную сядзібу, і дабірацца да яе трэба сваім ходам, бо адзін толькі бог ведае, калі ў брыгаду завінецца якая-небудзь машына ці трактар. Зранку не пойдзеш, трэба выгнаць карову, пакарміць свіней, вытурыць з двара гусіную чараду, прыпяць на поплаве цялё, прыгатаваць усё на дзень скаціне, бо калі яна прыпаўзе з тае пошты назад. За раніцу Міхаліха стамілася. Адчувала, што кружыцца і туманіцца ў галаве, нібы імгла наплывае на мазгі. Асабліва натаміла і нашморгала цялё, пакуль завяла яго. Паваліла нават. А яно не адбеглася — стаіць і глядзіць, як дражніцца ўсё роўна. Міхаліха азірнулася: ці не бачыць хоць хто з людзей? У галаве закружылася. Устала, адышлася да валуна, села і заплакала ад бяссілля. Ад злосці на Міхаля, які не можа разлучыцца з гэтай гаспадаркай, хоць яна каторы год просіць яго, бо не мае здароўя. Самога за гэтых свіней чуць не забілі. А ўся работа перавалілася на яе рукі. Яшчэ плакала ад крыўды на дзяцей — што асталіся на старасць адны. Рая дык і зусім воч не паказвае, хоць адна, часу павінна мець. Пасля таго як адпачыла крыху, прайшла і крыўда. Але з гаспадаркай невядома як упраўляцца. Пачакаць, пакуль у сына водпуск, няхай прыедзе, паможа пазбываць усё гэта. Таму і трэба было ісці на пошту. Даць тэлеграму Раі, няхай прыязджае, пабудзе дома і паможа ёй. Вольная, адна. Так думала Міхаліха і паўзла па дарозе з кійком, сагнутая ў крук ад работы і ад пражытых гадоў. Калі пачула трэск матацыкла ззаду, загадзя саступіла з дарогі, каб прапусціць яго. Але матацыкл не абмінуў старую. — Куды, цётка? — На пошту. А што табе? Міхаліха пазнала Мачанкавага хлопца, якога дражнілі Заторам. Кудлаты, белазубы, у расхрыстанай на грудзях рубашцы, ён пасміхаўся са старое. За ім на матацыкле быў яшчэ адзін, коратка астрыжаны, круглагаловы і гэтакі ж расхрыстаны — горача ўжо стала. — Да вечара ісці будзеш, цётка. — Ну і што? Што гэта за цаца, Мачанкаў узрэз, старая ведала, і зачапіўся ён да яе не так сабе. — Пазалаці ручку — мігам падкіну. Міхаліха яшчэ думала, што рабіць. Грошай шкада было, і лезці на матацыкл страшна. Але яшчэ больш боязна, што не дай дабром, дык вытрасе ўсе, якія ўзяла з сабой. Яна на ўсякі выпадак азірнулася, спадзявалася, што, можа, хоць каго ўгледзіць на дарозе. Але ў акрузе — ні жывое душы. І дадому трэба ўспець, пакуль прыгоняць кароў на ранкі. — Не жміся, цётка! Затор не думаў адпускаць старую. Адчуваў, што яна баіцца яго. — Два рублі толькі дам. — Садзіся, прамчу, як у космасе! — А гэта каб не смеў! Добра вязі, а то ўпаду, заб'юся, цябе пасадзяць! — прыгразіла Міхаліха, узабралася на сядзенне і ашчаперыла хлопца рукамі. …— Але ж і пёр мяне, як той чорт! Як на мятлу села! А я добра за яго ўплялася, думаю, трасцы страсеш! Я некалі, як дзеўкаю была, не гэтак на конях лётала. Паштальёнкі, якія ўжо сабраліся і чакалі машыну з поштай, і сама начальніца, мажная жанчына ў акулярах, рагаталі да слёз. Старая смяшыла і паштальёнак, і начальніцу. — А вам, цётка, трэба было перахрысціць яго, — стрэліла вачыма на старую чарнявая маладзіца. — Каго? — Затора Мачанкавага. — Або ж гэтага чорта крыж возьме? Яго міліцыя колькі ўжо хрысціць, а зрабіць нічога не можа. — Трэба было грошай не даплаціць. — А каб на яго пранцы! Яшчэ і пераплаціла. Рублёў у мяне не было, а я замест траячкі пяцёрку дастала. Ён хваць за яе і зубы выскаліў. Здачы, кажа, прывязу. Задушыся ты з гэтай здачай! Яшчэ прытаўчэш, як старога прытаўклі. — Не трэба, цётка, грошай многа збіраць, і баяцца не будзеш. — Я, Танечка, грошай не збіраю. Я іх дзецям аддаю. З сабою мы іх у зямлю не панясём. Дома мы не дзержымо, Веры прыносім на кніжку, — старая кіўнула на начальніцу. Старая ўстала з крэсла. Чарнявая Танька ўсё не магла супакоіцца: — Дык мо Затор вас і назад павязе? Вы ж у два канцы заплацілі. Мы хоць выйдзем глянем. — Скула яму ў бок, каб я больш села да яго! Пакуль карова на ранкі, я і сама дайду. Ты ж глядзі, Верачка, каб целеграма дайшла. А то задушаць мяне гэтыя свінні. І да старога трэба паехаць. — Сёння дойдзе, цётка. — То бывайце здаровы. Туманоўскі сядзеў за столікам і моўчкі глядзеў і слухаў. Ён чакаў тэлефоннага званка, каб паведаміць «прыемную навіну» — што застаецца. — Хто гэта? — папытаўся ён у паштальёнкі, якая сядзела бліжэй да яго. — Міхаліха з Забалацця. Гэта яе старога скалечылі, як вепрука кралі. Нахальны на работу стары. — А хто гэта яе вёз? — Вырас тут у нас. Бацька і маці свету не бачаць на свінарніку. Меншы быў, чаргу кароў адпасе толькі, калі заплаціць бацька. Прывучылі рубель яму змалку даваць. Смяяліся. А цяпер і на вінішча даюць. Хай папрабуюць не даць! Раз у хляве запёр і суткі трымаў. Міліцыя яго хацела ў калонію забраць. Чакаюць, што, можа, армія яго трохі абразуміць. Ды каб адзін ён такі. Усе цяпер і на матацыклах, і на гэтыя джынсы давай. Мой прыставаў да мяне. Кажу, ідзі, зарабі ў жніво… Пойдзе і заробіць. Альбы толькі з гэтымі Заторамі не звязваўся. Зазваніў тэлефон, начальніца падняла трубку. — Не адказвае тэлефон. Туманоўскі зразумеў, што шэфа няма на месцы і не хутка будзе, калі знікла і Лідачка. — Здыміце заказ. Туманоўскі ўзяў чысты бланк і напісаў кароценькую тэлеграму. Па дарозе дадому Туманоўскі думаў пра старую і пра невядомага яму Затора. Успомніліся матацыклетныя хлопцы, якія перастрэлі яго на дарозе. Гэта сёння нахабна адабраў у старое грошы, і яна рада, што шчасліва размінулася з ім. А рабочую сілу ездзяць вербаваць у калгас здалёку. Куды ж дзенуцца гэтыя «бясцэнныя» кадры, калі нават і выедуць яны з вёскі? Тут яшчэ ў сваіх людзях, і то… Вось вынік выхавання, а правільней, занядбання выхавання, які Туманоўскі разгорне, цераз яго гляне на праблему кадраў у сённяшняй вёсцы. Гэта быў той рэальны, жывы матэрыял, які ён можа вывучаць. Захоплены сваімі думкамі, Туманоўскі шпарка імчаў з узгорка і не заўважыў, што пад гарой мнагавата пяску. Спахапіўся ён толькі тады, калі пярэдняе кола круцянулася ў пяску і праз некалькі секунд Туманоўскі адчуў у роце знаёмы ўжо не першы раз за гэтыя дні смак пяску і дарожнага пылу. Ён доўга адплёўваўся, выціраўся, атрэпаўся, потым працёр акуляры. Ён нават азірнуўся, ці няма паблізу таго Аляксандравага казла. Але казла нідзе не было. Туманоўскі падняў веласіпед і пакуль што павёў яго ў руках. Ён не чуў здаровага маладога рогату, які суправаджаў ягонае вяртанне ад мар на зямлю. На ўзгорку пад кусцікамі Затор і яго стрыжаны круглагаловы сябрук пілі купленае на грошы старое Міхаліхі «чарніла» і пацяшаліся з нечаканага відовішча, не падазравалі нават, на які шырокі свет праз некаторы час выставіць іх гэты несамавіты чалавек у брызянтоўцы і акулярах, які зараз папіхаў перад сабой па пяску веласіпед. РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ пра тое, як слесар Гарбуз здзівіў нават вопытных следчых. — Што, Андрэй Дзям'янавіч, так і будзем гуляць у жмуркі? — следчы насмешліва паглядзеў на Гарбуза. — Я гаварыў, што пагнаўся на дармаўшчыну! Прападзі яна пропадам, гэтая гарэлка! Ну, не п'ю ж я яе і век не ганяўся! — І тых, што прадалі вам вынесеную з завода гарэлку, вы першы раз бачылі? — Першы! Маладыя мужчыны… — І везлі вы гарэлку дадому? — А куды ж яшчэ! — Ну што ж, давайце тады разам з'ездзім да вас дадому. Следчы заўважыў, што Гарбуз наструніўся. — Пакажыце, дзе вы дома гарэлку хавалі. — Паедзем. Гарбуз не ведаў, што следчы не меў ніякіх фактаў. Ён не верыў, што гарэлка трапіла да Гарбуза выпадкова, але гэта — не доказ. Затрыманы, згодна характарыстыцы, якую дало домакіраўніцтва, быў чалавек самастойны. Мае прыватны дом, жыве ў дастатку. Збіраць у свой дом дабро любіць, таму мог пагнацца на дармавую гарэлку, якую «несуны» ўкралі з завода. Усё сыходзілася, але калі ўзяць пад увагу дарогу на завод і тое месца, дзе адбылася аварыя, то дарога вяла зусім не дадому, а ў супрацьлеглы бок. І бутэлькі не магазіннай, прыватнай задзелкі. У асабістай справе значылася, што ў свой час Гарбуз працаваў на лікёра-гарэлачным, праўда, нядоўга, але было такое. Таму не выключалася, што ў яго маглі астацца знаёмыя, тыя, хто пастаянна «здабывае» спірт і гарэлку. Яны і трэба былі следчаму. Калі вобшук нічога не дасць, Гарбуза давядзецца выпускаць. Жыў Гарбуз у раёне, які забудоўваўся пасля вайны і да якога яшчэ не дабраліся новабудоўлі. Дом пабудаваны з цэглы, аляпавата, з пакоем пад дахам і вузенькім балкончыкам. Ужо потым да доміка прыляпілі шырокую веранду — расшыраліся. На ўчастку пры доме раскошна ўзяўся сад. — Хату адамкнуць? — следчы заўважыў, што той цень трывогі, які спачатку быў на твары ў падследнага, прапаў. На сваім двары ён адчуў сябе гаспадаром, і ўсім сваім выглядам паказваў панятым — суседзям, — як яго занівошта крыўдзяць. — Давайце спачатку ў гараж зазірнём. — Давайце. Гараж як гараж, нават не лішне захламлены. Інструменты на сцяне, на стале, веласіпед, у кутку каністры. Не было тут ніякіх слядоў прыбору, адчувалася, што пасля таго, як выехала з гаража машына, тут ніхто не гаспадарыў. — Пайшлі, глядзіце ў хаце. Гарбуз амаль з радасцю адмыкаў дзверы: цяпер ён пераканаўся, што нічога знайсці дома ў яго нельга. Як чула душа, ён ніколі не трымаў дома парожніх бутэлек. — А што ў вас у садзе? — У садзе? А-а, будка. Яблыкі якія скласці ці што. Там спачатку будзеце глядзець? Гаспадар патупаў наперадзе. У буданчыку, збітым з дошак, пахла пылам, ляжалі скрынькі, старыя кашы. Следчы зразумеў, што дарэмна ехаў сюды, дарэмна выпрошваў у пракурора ордэр на вобшук. Трэба было зайсці ў хату, для прыклёпу. Следчы падфутболіў камяк паперак, які ляжаў у траве ўзбоч дарогі, і той рассыпаўся на меншыя камячкі. Адзін з іх следчы падняў, разгарнуў. З малюнка паперы на яго ваяўніча пазіралі віцязі. Гаспадар таксама, як зачараваны, глядзеў на рукі следчага, на камячкі паперы, якія рассыпаліся па траве, потым перавёў позірк на будан, ад якога адышліся толькі што, потым ужо спалохана зірнуў на следчага… …Паўторны агляд будана даў следчаму торбу з бляшанкамі, якімі звычайна закрываюць бутэлькі з гарэлкай, цэлую кардонную каробку з-пад чаравікаў новенькіх гарэлачных этыкетак. У каністры, якія былі ў гаражы, бензін не заліваўся ні разу. Усю дарогу назад Гарбуз спалохана глядзеў на следчага, і ў яго дрыжала ніжняя губа. — Не спяшайцеся, усё па парадку, Андрэй Дзям'янавіч, — следчы сам не паверыў таму, што пачуў ад Гарбуза. Ён займаўся вось ужо гадоў пяць рознага роду спекулянтамі і перакупшчыкамі. І тут чакаў, што раскрые групу дробных зладзеяў, якія выносілі і прадавалі гарэлку. А тут… Андрэй Дзям'янавіч любіў пасядзець з вудачкай. Летам, калі цёплыя надвячоркі, калі доўгі дзень. І часу было на гэта. Вуды ў яго стаялі на рабоце, у бакавушачцы, дакладней, і не вуды, а адна, тэлескапічная. З ёй зручна было ездзіць па горадзе, і не кідалася яна ў вочы. Рыбалцы спрыяла і тое, што дома ў хаце было каму пыніцца — маладзейшая дачка выйшла замуж, нарадзіла ўнука, на работу не хадзіла. У яго, колькі памятае сябе, не было вольнага часу. Калі прыехаў з вёскі на завод, яшчэ хадзілі з хлопцамі на вячоркі гуляць, нават біліся з мясцовымі. Але пасля таго, як ажаніўся, часу не аставалася. Трэба было думаць, дзе жыць, як зрабіць, каб вырвацца з барака. Выхад падказаў цесць: будаваць свой дом, не чакаць, пакуль будзе тая дзяржаўная. Цесць і дапамагаў будавацца, бо рабіў на машыне, меў у руках тэхніку. Каб мець вольны час, Андрэй Дзям'янавіч пакінуў завод, уладкаваўся ў домакіраўніцтве, а потым яшчэ і на паўстаўкі пайшоў падзарабляць. Работа давала і вольны час, і грошай можна было абабіць намнога болей, падкалыміць. А падкалымліваць даводзілася — будаўніцтва нямала каштуе. Заняты работай і клопатам, ён не паўтарыў лес тых, хто заставаўся жыць падоўгу ў бараках. Яны бытта і выйгралі, гатовую дамоўку атрымалі, але многія, чакаючы ўсяго гатовага, не ўдаючыся ў работу, раздурэлі. Перавага свайго доміка была яшчэ і ў тым, што на потым і пра гараж клапаціцца не давялося, і бульбы, і сваёй гародніны на зіму амаль што хапала, і сад вырас… Таму нічога дзіўнага ў тым, што слесар Гарбуз пасля таго, як заходзіў на сваю работу ў паліклініку, дзе падзарабляў ужо многа год па сумяшчальніцтву, выходзіў пасядзець пад ракітавым кустом з вудачкай, — рэчка тут якраз рабіла крутую луку і ўтварала вялікую лугавіну, зарослую кустамі, травой. Тут нават машын не было чуваць, а вербы на другім, на крутым беразе, старыя, пакручастыя, хіліліся сваім нізкім веццем амаль да самай вады. Паўз самы бераг, у плюшніку і зарасніку асакі, вывела качанят крыжанка, і ўсе пяць маленькіх качачак зрэдку чародкай выплывалі побач з мамай, якая насцярожана азіралася па баках. Калі палохаліся, птушаняты разам ныралі пад ваду, і відаць было, як яны стараюцца як мага найхутчэй схавацца ў траву, пад засень куста. Часам качка адважвалася, пераводзіла сваю чародку па вадзе да гэтага берага, на якім звычайна рыбачыў Гарбуз, і не толькі ён, і дзеці ў ваду падкідалі і хлеба і прыманкі. Гэтая качка і завярнула ўсё жыццё Гарбузова пад адхон — ён быў у гэтым перакананы. Гледзячы на качыную чародку, і заўважыў ён пад кустом, у вадзе, водаправодны кран. Жоўты водаправодны кран, а таму не змог не падысці і не паглядзець на яго бліжэй. Кран у вадзе астаўся не сам па сабе, ім канчаўся шланг. Каб назаўсёды не зніклі пад вадой, кран і шланг былі прывязаны за корань куста. Кран Гарбуз пакруціў, і з яго не пакапала, а добра пацякла чыстая — не вадзіца, а гарэлка. Гарбуз аж спалохаўся і не паверыў сабе. Але з крана цякла гарэлка. Таму ён хуценька закруціў яго і зноў апусціў у ваду. Цяпер крана і не відаць стала. Гарбузу ўжо было не да рыбалкі. Ён усё пазіраў на куст і чакаў, што нехта да яго падыдзе. Але так і цямнець пачало, а ля куста ніхто не паказваўся, калі не лічыць маладую парачку. Праўда, ёй было зусім не да крана, іх другі клопат займаў. Назаўтра Гарбуз зноў лавіў рыбу і цікаваў на той куст, дзе быў кран. Нікога і нічога. Ён нават плюнуў быў на гэты кран і два дні наогул не хадзіў на рэчку. Гарбуз здагадваўся, што гарэлка цякла ў поліэтыленавы шланг не сама сабою, на тым беразе рэчкі, за плотам, на беразе карпусы лікёра-гарэлачнага завода. А таму толькі адчайны чалавек адважыўся на такое, каб адтуль вывесці гэты шланг па дне рэчкі. Калі шланг вывелі, то тыя, хто вывеў, і пільнаваць яго павінны. І ўсё ж ён не вытрымаў, прыехаў на рыбалку на машыне, з каністраю, калі прыцямнела, утаптаў каністру пад берагам у гразь, і праз некалькі хвілін яна была поўная. І ніхто нічога. Падкінуў спачатку здабытага братавым, свату, потым жончынай сваячцы, якая прымала пустую шклатару ў іхнім шклапункце. Тая выпытвалася, адкуль бярэ, сказаў, што п'яніцы выносяць, купляе па дзяшоўцы. Яна і навучыла: каб ён у бутэлькі разліваў… Усё гэта ў следчага не выклікала ніякага здзіўлення, акрамя крана. Фантастыка пачалася з таго вечара, калі Гарбуз прыехаў з дзвюма каністрамі. Набіраў спакойна, бо колькі разоў рабіў заметкі — ці будзе хто падыходзіць да крана. Сакрэтныя заметкі паказвалі, што да крана ходзіць толькі ён. Гарбуз супакоіўся — мабыць, тыя, хто арганізоўваў гэты «водаправод», ужо папаліся. Гарбуз паставіў каністры ў багажнік машыны, адамкнуў дзверцы, апусціўся на сядзенне і толькі тады заўважыў, што ў машыне ён не адзін. Першым жаданнем было выскачыць, але на плячо легла рука. — Чаго так, дзядзя? Заводзь матор, і паехалі. Чаго ты так спужаўся? — голас нічога добрага не абяцаў. Побач з Гарбузом сядзеў чалавек у цёмных акулярах, у белай веласіпедысцкай шапачцы. Выехалі за горад завулкамі і вулачкамі. Прымусілі спыніцца збоч дарогі, у нейкай лагчыне. Смярдзела звалкаю. З машыны не вылазілі. — Нельга, дзядзя, браць чужое. Вас так мама некалі вучыла? Гаварыў той, што сядзеў ззаду. У Гарбуза заняло мову. Спачатку падумаў, што міліцыя. Пасля таго як везлі за горад, здагадаўся, што гэта не міліцыя, а тыя. І ад гэтага стала яшчэ страшней. — Я ж, хлопцы, — пачаў быў Гарбуз, але ў роце перасыхала. — Ты краў, дзядзя. Не толькі ў дзяржавы, а і ў нас. — Я аддам вам, хлопцы, грошы, аддам. Я ўсяго чатыры каністры. — Сем, дзядзя. І хлусіць мама не вучыла. Гарбуз вывез пятнаццаць каністраў. — Я заплачу, колькі скажаце. — Не трэба нам грошы, Андрэй Дзям'янавіч, не трэба. Мы не пра грошы прывезлі вас сюды гаварыць! «Усё ж міліцыя!» — абарвалася душа ў Гарбуза. — Мы багатыя людзі. Слухайце і запамінайце. Мы там у машыне паклалі вам наклеечкі і пробачкі. Тару дастанеце самі. Паслязаўтра вы на работу на машыне пад'едзеце. Малады чалавек у шапачцы, яго так вы і зваць можаце, малады чалавек, падсядзе ў яе. Правядзе куды трэба. Усё вам раскажа. — Хлопцы, я не… Я заплачу вам! — Мы багатыя, дзядзя. Нам з табою па дарозе. Можаш ехаць дадому. Ля дома той, што сядзеў ззаду, загадаў спыніць машыну так, каб цень ад дрэва падаў на яе. — Не ўздумай, дзядзя, хоць што зрабіць не так, як мы сказалі табе. Ці схадзіць, паказаць кранік, каб там засаду ўстроілі. Цяпер ты ў нас Кранікам будзеш. Глядзі, а то чаго не бывае… Ці аварыя, ці правады ў доме замкнуць могуць, пасыплюцца іскры. А тавар у сумкі пастаў. І не бойся, за работу заплоцім. Не паўстаўкі, стаўку яшчэ адну адвалім табе! Маладзейшы рагатнуў хрыплаватым і кароткім рогатам. За ўсю дарогу не сказаў ён ні слова, але праз два дні Гарбуз угледзеў, калі выйшаў з работы, яго ў сваёй машыне. Камандаваў ён коратка: направа, налева, прама. У двары прымусіў падагнаць машыну да старой, некалі фарбаванай іржавай скрыні, у якой звычайна дворнікі хаваюць сваё начыненне, адамкнуў яе, азірнуўся, паставіў туды сумкі, замкнуў замок, аддаў ключ Гарбузу: — Вось так, Кранік, — ён знарок гаварыў хрыпла, каб змяніць голас. — Два разы на тыдзень. Усё зробіш так, як я табе паказаў. За кожную ездку табе… І не ўздумай дурыць!.. Ён яўна паўтараў не свае словы. Узяць бы гэтага шчанюка за шкірку і завезці куды трэба! На імгненне Гарбузу здалося, што ён гэтак і зробіць, нават нагнуўся, каб памацаць, ці ляжыць пад дыванком манціроўка. Хлопец ляпнуў дзверцамі і пайшоў прэч ад машыны, ні разу не азірнуўся. Гарбуз ад'ехаўся квартал, пералічыў грошы, якія хлопец сунуў яму. Даклад следчага здзівіў і начальніка раённага аддзела. Усё было нічога, але «водаправод», які дзейнічаў не тыдзень, не месяц… — Праверылі паказанні? — Праверылі. Ёсць кран і працуе. — Назіранне? — Назіранне ўстаноўлена. — Не чапаць нікога, толькі назіранне! Што яшчэ вамі зроблена? — Дадзена каманда на праверку кафэ і бара, у двары якіх разгружаўся Гарбуз… — Дарэмна. Пакуль што назіранне, і без майго дазволу нічога не рабіць. РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ дзе старэйшая дачка Міхаля Рудога вырашае пытанне наконт адпачынку. Раіса Міхайлаўна прачнулася як звычайна — пад пазыўныя з дынаміка, які заставаўся ўключаным на ноч. Пацягнулася, прыслухалася, як смачна і здорава пахрустваюць суставы. У начной сарочцы падышла да балконных дзвярэй, адчыніла іх насцеж, яшчэ раз пацягнулася, удыхнула ранішняе халаднаватае паветра. Потым выйшла ў прыхожую, кінула вокам у трумо: яна любіла сябе — рослую, прыгожую, ведала, што сяброўкі зайздросцяць ёй. На рабоце яе ўжо называлі Раіса Міхайлаўна, і яна не пярэчыла, але па-за работай называлася, знаёмячыся, па-дзявочы — Рая. Потым Раіса Міхайлаўна вярнулася ў спальню, разаслала на дыване прасціну. Гімнастыку яна рабіла на сваёй сістэме, з элементамі ёгаў, рабіла старанна, з поўнай аддачай. Пасля гімнастыкі — масаж. І гэтак кожны дзень. Сёння яна не спяшалася — першы дзень адпачынку. Дачка паехала на лета да мужавых бацькоў — яна прывыкла там бываць змалку. Рая не пярэчыла. Развялася яна з мужам нечакана для ўсіх знаёмых і для самога Івана. Ён не заўважаў, што першая закаханасць да яго, армейскага капітана, даўно прайшла і Раіса Міхайлаўна стала не той вясковай дзяўчынкай. Яна адчувала сябе гараджанкай, скончыла гандлёвы тэхнікум, спазнала толк у прыгожым адзенні, адчула смак прыгожага, святочнага жыцця. І пасада — намеснік дырэктара мэблевага магазіна — вагу мела немалую, знаёмых завялося рознага ўзроўню і ў розных сферах. Прыйшла пара выхаду «на людзі». І тады аказалася, што Іван зусім не пара ёй — ні па інтарэсах, ні з выгляду, ні ўменнем быць у людзях. Дачасна палыселы маёр, заняты цэлы дзень на службе сваімі машынамі, ён далёкі быў ад таго жыцця, якім цяпер жыла Раіса Міхайлаўна, не разумеў і не хацеў разумець яго. Раіса Міхайлаўна перастала звяртаць на яго ўвагу і не спрабавала перавучваць на свой капыл — яна жыла сваім жыццём, такім, якое падабалася ёй. І мужчыны ў яе былі не раўня Івану… Так бы, можа, і жылося, каб Іван раптам не пачаў раўнаваць. Гэтага цярпець яна не хацела. Развялася лёгка і проста, ёй амаль што адразу пасля суда далі кватэру за межамі ваеннага гарадка, у горадзе, двухпакаёвую. Сабе яна забрала легкавую машыну — куплялі за грошы, падараваныя яе бацькамі. У кругу знаёмых Раіса Міхайлаўна гаварыла, што з маёрам сваім яны разышліся па-добраму, зразумелі, што не падыходзяць адно аднаму. У пацвярджэнне гэтага расказвала, што дачка кожнага года адпачывае ў Іванавых бацькоў… Раіса Міхайлаўна жыла пакуль што вольна, пра новага мужа не думала. І цяпер у яе быў наперадзе цікавы адпачынак — з мастаком, на беразе возера, дзе ён кватараваў у маленькай вёсачцы, пісаў эцюды. Малады мужчына, рослы, з ранняю сівізною і насмешлівымі чарнявымі вачыма. Рая пазнаёмілася з ім, калі ён памагаў афармляць у магазіне вітрыну. Пасля гімнастыкі Раіса Міхайлаўна мылася пад душам, таксама па сваёй методзе, чаргуючы гарачую ваду з халоднай. Сёння ў запасе ў яе вольны час, не трэба спяшаць. Прыехаць да мастака яна планавала пасля абеду, не раней. Раіса Міхайлаўна піла каву, калі пазваніў тэлефон. Жаночы голас па-дзелавому папытаўся, ці не выйшла памылкі, ці званок па адрасу. — А што такое? — нецярпліва папыталася Раіса Міхайлаўна. Ніякі званок, нішто, акрамя сённяшняга ад'езду на возера, не ўваходзіла ў яе планы. — Вам тэлеграма. Калі не супраць, я прачытаю? — Прачытайце. — Рая, прыязджай. Бацька цяжка хворы ў бальніцы. Адна дома не магу, сама хворая. Мама. Усё разабралі? — перапытала паштальёнка на тым канцы провада. — Усё. — Можна адзначыць, што тэлеграму вы атрымалі? — Можна… Раіса Міхайлаўна паклала трубку. Гэтага толькі ёй не хапала. Заўсёды гэты дом і гаспадарка! У душы Рая ненавідзела яе. Бацька і маці, колькі яна памятае, усё душыліся на рабоце і ўпэўнены былі, што ім, дзецям, таксама свет замкнуўся на гаспадарцы. Калі гаварыць чэсна, то і на мэблю, і на машыну сапраўды грошай далі яны. Лічылі, што гэта абавязкова. Раіса Міхайлаўна вярнулася на кухню. Яна не збіралася траціць адпачынак на тое, каб карміць у маці свіней. Абыдзецца яна і без гэтага, без свіней і тых грошай. І дачку яна прывучыла ездзіць да Іванавых бацькоў таму, што яны, настаўнікі, не трымалі гаспадарку і прыязджаць да іх было добра. Там цякла рэчка, там можна было адпачываць і пакрасавацца. Не спяшаючыся, Раіса Міхайлаўна паснедала. Яна ўжо прыдумала, што будзе рабіць. Праз гадзіну яе шэранькія «Жыгулі» прыпыніліся ля хлебнага магазіна, дзе Рая купіла булак, свежага хлеба, селядцоў у вялікай пляскатай бляшанцы. Праз дзве з паловаю гадзіны Раіса Міхайлаўна была ўжо ў сталічным горадзе, спынілася пры тэлефоне-аўтамаце, пазваніла сястры на работу. — Алёну можна? Хто звоніць? Сястра. Выхадная?.. Дзякуй вам. Рая здзівілася — сярод тыдня які мог быць выхадны на вытворчасці? Дом, дзе кватаравала сястра, Раіса Міхайлаўна знайшла не адразу — ён стаяў у двары, за дамамі. Чатырохпавярховы, зроблены з блокаў, абсаджаны каштанамі, якія давалі многа ценю. На другім паверсе Раіса Міхайлаўна пазваніла ў абабітыя дэрмацінам дзверы. Дзверы адчыніла ёй пажылая, хударлявая жанчына ў мультановым халаціку і шлёпанцах на босую нагу. — Алёна дома? — Не, няма. А вы сястра яе? Заходзьце. Прыхожая была вузенькая і прыцемная. — Заходзьце ў залу, — запрасіла жанчына. — Не трэба разувацца. А я вас пазнала. Алёна гаварыла, што вы прыгожая. Жанчына зычліва ўсміхалася. Яна была ненамнога старэйшая за Раісу Міхайлаўну, але з яе жыццё забрала шмат сілы і здароўя — жанчына і не састарэла, а завяла дачасна, як вянуць расліны, зусім яшчэ нядаўна зялёныя і свежыя. Кватэра была чысценькая, акуратна прыбрана, абстаўлена ардынарнаю шырпатрэбаўскаю мэбляй. З-за гэтай чысціні і сціпласці праглядвала беднасць. — Алёна ў тым пакоі жыве, з дачкой. А я тут, у зале, — паказала жанчына на суседні пакой, у які з зальчыка вялі дзверы. Раіса Міхайлаўна ведала гэтыя пакойчыкі, вузкія, як пеналы. — Вы сядайце, — жанчына паказала на канапу, сама прысела на крэсла. — Дзякуй, я ненадоўга. Як Алёна тут? — Знаеце, добрая, спакойная дзеўчына. Не тое што як цяперашнія многія і з хлопцамі цягаюцца, і выпіваюць, і кураць. Не, яна акуратная. Нічога на яе не скажаш. Да яе ў мяне дзве былі, от тыя што датваралі! І ў хлопцаў прападалі, і сюды прыводзілі. Пакуль я на работу, яны сюды. Адправіла я іх. У мяне свая дзеўка ўжо вырасла. — А дзе сёння Алёна, чаму ў яе выхадны? — Яны ж у гэтым бары мяняюцца па днях неяк… Яна часта ў гэтае свае зямлячкі, што яе на работу да сябе ўзяла, бывае. І начуе там. Звоніць нам, праўда, каб я тут не хвалявалася. — Зямлячка? Адрас яе вы не знаеце? — Чаму ж, тут Алёна і тэлефон запісала, і адрас. Жанчына ўзяла ў прыхожай з тэлефоннай палічкі звычайны блакноцік у кардонных вокладках, пагартала яго. — Во, зараз я запішу вам. Яна зайшла ў другі пакой, вярнулася адтуль з лістком з вучнёўскага сшытка, падала яго Раісе Міхайлаўне. — Яна добра ўстроілася. І зарабляе добра, а калі яшчэ гэтая зямлячка яе ўстроіць за прылавак, то і саўсім добра будзе. — Вы толькі з дачкой жывяце? — З дачкой, — жанчына зразумела, што мела на ўвазе Раіса Міхайлаўна. — Піў мой многа. Змучыў і мяне, састарэла, ссівела за ім. Развялася, дачку пашкадавала, што свету божага за нашымі сваркамі бачыць не будзе. І ваш таксама піў? Алёна казала, што і вы развяліся. — Развяліся. Бывайце здаровы, — развіталася Раіса Міхайлаўна. — Можа, пазваніце Алёне, калі яна там, то яна прыедзе. — Дзякуй, не трэба. Я на машыне. Заеду па яе, — Раіса Міхайлаўна сказала ўпэўнена, хаця сама нічога не разумела: пра які бар гаварыла жанчына, пра які прылавак, ды і пра зямлячку яна не ведала нічога. Раіса Міхайлаўна ведала, што Алёна ўладкавалася аператарам на вылічальных машынах, што завочна яна вучыцца ў тэхнікуме. Сястрычкай яна не надта цікавілася, але чула, пра што гаварылі бацькі. Праз паўгадзіны яна знайшла невялікі з двума пад'ездамі двухпавярховы домік, які неяк сарамліва схавалі за свае плечы сучасныя блочныя, дзевяціпавярховыя ўздоўж вуліцы. На другім паверсе было толькі двое дзвярэй. — Ой, Рая, як ты мяне найшла? — Алёна зарадавалася і адначасна разгубілася, стаяла ў дзвярах. За ёй у прыхожай плыло, кружылася блакітнае, у ружовыя плямы святло. — Дзень добры, сястрычка. Можа, упусціш усё ж мяне? — Ой, заходзь! Валя, сястра мая прыехала. Я табе расказвала пра яе. У прыхожую зайшла і павіталася з Раісай Міхайлаўнай маладая жанчына. Яна акінула госцю з ног да галавы хуткім позіркам, ацаніла і нібы параўняла з сабой. Раіса Міхайлаўна таксама ацаніла гаспадыню — яна была маладзейшая. — Заходзьце. Пакой засланы вялізным дываном. Імпартная «сценка», за шклом крышталёвы посуд. Мяккая канапа, крэслы, тэлевізар, імпартны магнітафон і ліхтары святламузыкі. І люстра, і шторы на вокнах — усё на сваіх месцах. Адчуваўся густ і дастатак. Пасярод дывана стаяў пыласос, і Алёна хуценька адсунула яго ў кут. — Адкуль ты, Рая? — Табе маці нічога не пісала? — Не. — Сёння атрымала тэлеграму. Бацька ў бальніцы, маці сама хворая. — Не, я нічога не ведаю. — Я на два-тры дні адпрасілася на рабоце. А хто там будзе глядзець старых, не прыдумаю. Ты яшчэ не брала водпуск? — Не-не. Алёна пакруціла галавой і паглядзела на гаспадыню. — Ты можаш паехаць. Фролаўна паходзіць за цябе на работу, а грошы тады аддасі, яна яшчэ і рада будзе. — Ой, як добра, Валя! Рая, ты на машыне? — На машыне. — Тады паехалі! Ты тут, Валя, дагаворышся. — Дагаваруся. Вы з дарогі, можа, кавы вып'еце? Я хутка, — Валя не магла не запрасіць Раісу Міхайлаўну. — Дзякуй, іншы раз як-небудзь. Сёння мала часу. — Рада буду бачыць. Я тут сама кончу, — кіўнула Валя на пыласос і гэтым нібыта канчаткова дазваляла Алёне пайсці. Калі садзіліся ў машыну, Раіса Міхайлаўна заўважыла, што гаспадыня выйшла на балкон, Алёна бадзёра махнула ёй рукой. У машыне Раіса Міхайлаўна паглядзела на сястру. — Мне трэба заехаць дадому, сабрацца. — А тут што ты робіш? Чаго ты тут прыбірала? Алёна замялася. — І пра які гэта бар гаварыла твая гаспадыня? Алёна зачырванелася. — Знаеш, Раечка, ты толькі дома не кажы нічога. Ні ў які тэхнікум я не паступіла. І на работу, думаеш, так проста без прапіскі! А тут Валя, яна з Сінілава сама. Барменшаю робіць у бары. Прапісала мяне. Пакуль што да сябе на работу ўзяла. — Кім? — Ну, пасуду прыбраць, сталы. — Ясна, сястрычка! — А што табе ясна? Думаеш, я там, як прыбіральшчыца якая? Тут я не тое, што тая аператарша на ІВЦ. а больш, чым інжынер, зарабляю! Дома, канечне, не скажаш, засмяюць. Валя абяцала мяне ўстроіць таксама барменшаю, праўда, трэба сунуць таму-сяму. — Ну, сястрычка, не думала. Барменша-то барменша, але які-небудзь тэхнікум не памяшаў бы. Не за плячыма насіць… Раіса Міхайлаўна недзе згаджалася з сястрою — ад навукі і ад дыплома вялікага заработку не займееш. Яе заела, што сястра гэтак сумела змоўчаць і вырашыць, ні словам не абазвалася пра сваё рашэнне. — Ладна, там не да нас з табой. Як я зразумела, ты можаш пабыць дома колькі трэба? Бо мне на работу. — Магу, ты ж чула, што Валя сказала. — Гэта добра. — А што там з бацькам? Ён жа здаровы быў, не хварэў, рабіў работу. — Не знаю, прыедзем, паглядзім… Адвячоркам на двор старое Міхаліхі заехалі запыленыя шэрыя «Жыгулі». Раіса Міхайлаўна ўздыхнула з палёгкай, выпрасталася, памахала рукамі. Пасля паездкі па гравійцы машына ўсярэдзіне пакрылася лёгенькім налётам пылу. І сама яна запылілася і адчувала пыл, як непрыемную пудру, на шыі, на руках. Машыну Раіса Міхайлаўна паставіла на вуліцы, пры плоце, у цяні ад клёна. Алёна з маці ўжо ўвайшлі ў хату, а з двара было чутно, як маці кляла свіней: — Каб вы паздыхалі! Пачулі, што я ўжэ на двары! Усё, што трэба было ад Раісы Міхайлаўны, яна зрабіла: звазіла маці і сястру да бацькі, Алёна аставалася пры маці. Раіса Міхайлаўна магла спакойна выязджаць у адпачынак, на бераг возера. Бацьку яна тут нічога не паможа. Тое, што ад яе залежала, яна зрабіла: дала грошы санітарцы, каб даглядала за ім. Бацька ляжаў забінтаваны і гаварыць нічога не мог. Можа, чуў, што яны гаварылі, а можа, і не. Маленькі ён такі здаўся ёй на ложку, як дзіця. Не той дужы, што ішоў, рабіў, прымушаў іх, яшчэ малых. І шкадаванне было, як да малога, які трапіў у бяду, сам не ведаючы, чаго і куды ўбіўся. — Лена, ты вазьмі кош, прайдзі вырві зелля! — распарадзілася маці аднекуль ад хлява. Раіса Міхайлаўна зайшла на двор, сказала Алёне: — Утамілася я. Пайду пакупаюся, спаласнуся ад гэтага пылу. — Ты далей па канаве прайдзі, там завоіна ёсцека. Вада чыстая, плаваць можна, — падказала маці. Яна не збіралася даваць ёй работу. Раіса Міхайлаўна была як госця, якая зрабіла ўвагу тым, што прыехала. — Мы тут з Ленаю самі ўходзімся… За вёскаю яшчэ асталася стужачка лазняку, вербаў. Як ні асушалі балота, а веснавая вада брала сваё. І там, дзе цёк вясновы ручай, узялася над ім лаза, і ніхто яе не чапаў. Можа, таму, што вясною з трактарамі падысці да яго нельга было. Цяпер, летам, тут раскашавала трава, і Раіса Міхайлаўна цвёрда ступала па мяккім і густым дыване. Мяцёлкі падсеянае цімафееўкі былі вышэй калена. Ад травы пахла душна і густавата нейкім прыманлівым вільготным халадком. І крышку поплавам, балотам. Там, дзе канчаліся кусты, парослая лазняком і чырвоным ракітнікам па берагах, ляжала затока. Яна асталася ад старое рэчкі, як лука, пасля таго, калі спрамілі рэчку. І не зацягнулася балотам, і не зарасла, як іншыя, адрэзаныя ад рэчкі, старыцы. Ёй дапамагаў ручай, дапамагалі крыніцы, і вада са старыцы тоненькім ручайком нават у самае засушлівае лета сачылася ў канаву. Абмялела, не тая глыбіня стала, але ад былое ракі ў старыцы астаўся пясчаны бераг. Вада добра награвалася ўлетку. Цяпер, калі не стала ў вёсцы моладзі, тут амаль што ніхто і не купаўся. Раіса Міхайлаўна раздзелася, асталася ў адным купальніку, прайшла па беразе, па мяккай, доўгай і быццам слізкай траве. Вакол ляжалі асушаныя, зазелянелыя травой палікалектары. Там, за кустамі, віднеліся крайнія вясковыя хаты. І толькі з Палянкі — так звалі ўзгорак сярод балота некалі, дзе пасвілі кароў,— значылася вузенькая, выезджаная матацыкламі і веласіпедамі, сцяжынка, па якой з дарогі тыя, хто ведаў затоку, прыязджалі сюды купацца. На Палянцы трава была рыжаватая і рэдкая. Раіса Міхайлаўна адразу ж зайшла ў затоку, легла на ваду, паплыла, потым нырнула, не глыбока, і, як магла, доўга плыла пад вадой. Вада не халадзіла, вада была здаровая, яшчэ не перагрэтая. Потым Раіса Міхайлаўна перавярнулася на спіну і кружыла, плавала, прыплюшчыўшы вочы ад шчодрага сонечнага святла. Плавала да таго часу, пакуль не стамілася, пакуль усё цела не стала нейкім ватным. На бераг выходзіла стомлена, адкінула з твару валасы. Здавалася, што ад стомы яе пагойдвае ў бакі. Упала на пясок, мякенькі і гарачы, раскінула рукі, цяжка дыхала, супакойвалася, прыслухоўвалася да сонечнае цеплыні, якая не толькі сагравала, але і закалыхвала. Яна, мабыць, задрамала, бо прахапілася ад таго, што нехта быў побач, рэзка ўскінулася на локці. — Салют, міледзі! Збоку ад яе, прысеўшы на пясок, сядзеў хлопец. Загарэлы роўным загарам. — Табе што? Раіса Міхайлаўна адчула, што яе поўніць абурэнне, з-за таго, што гэты малады і нахабна ўсмешлівы разглядваў яе. — Во, міледзі! — хлопец усміхнуўся, паказаў вялікі палец. І падсеў бліжэй. — Ну ты! — Раіса Міхайлаўна села, азірнулася. Вакол былі кусцікі, цішыня і спакой летняга, пустога ў палях дня. — А я думаю, хто мой пляж заняў. Хлопец падсунуўся яшчэ бліжэй, і яна заўважыла, якія шалёныя ў яго вочы. — Ну ты!.. Раіса Міхайлаўна не дагаварыла. Ён неяк імгненна, па-рысінаму мякка і моцна прыціснуў яе да пяску. І першае, што яна адчула, як горача б'ецца ў ім кроў, якая маладая яго скура… Раіса Міхайлаўна зайшла ў ваду, праплыла, выйшла з вады. — Адвярніся, нахал малады! Раісе Міхайлаўне падабалася камандаваць. На развітанне яна кінула: — Адзью, д'Артаньян! — Пачакай! Дзе цябе найсці? — Сама найдуся. Ну! — прыкрыкнула Раіса Міхайлаўна, калі ўбачыла, што яе кавалер спрабуе ўстаць. — Слухаю, міледзі! Ён яе не даганяў. У кустах Раіса Міхайлаўна ўбачыла чырвоны матацыкл і здагадалася, што падкаціў ён з Палянкі. І дома вечарам, калі слухала бедаванне маці, успамінала пра сваю нечаканую прыгоду, пра якую не ведае, ці раскажа хоць каму, можа, намякне з загадкавасцю. Раніцаю, калі збіралася ад'язджаць, Раіса Міхайлаўна ўспомніла пра залаты гадзіннік з бранзалетам. Яго не было ні ў хаце, ні ў машыне. Ды яна і сама добра памятала, як распраналася і клала яго там, на цёплым пясочку. «Зладзюга!» Яна адчувала сябе гуляшчаю, якая яшчэ і заплаціла. Але нічога не аставалася, як ляпнуць дзверцамі машыны і пакінуць за сабой доўгі хвост пылу на ранішняй вясковай дарозе. РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ пра тое, як маёру Пяткевічу не ўдалося паехаць у адпачынак. Пяткевіч прачнуўся ад сонечнага промня, які падаў на твар з акна. Гэта быў ягоны летні будзільнік. Пяткевіч любіў сонечныя дні, любіў уставаць з сонечным промнем. Потым ён рабіў ранішнюю гімнастыку, абавязковую ў ягоным узросце, каб мець бадзёрасць на цэлы дзень. На снеданне гатаваў чай з бутэрбродам і пяшком ішоў на службу. Па дарозе маёр дагнаў следчага Камара, як заўсёды адпрасаванага, пры гальштуку. З ім непасрэдна працаваць Пяткевічу не даводзілася, і блізка маёр яго не ведаў. — Добрай раніцы калегу-пешаходу, — жартаўліва павітаўся Пяткевіч. — Добры дзень, таварыш маёр. — А што так нявесела? Раніца вясёлая, начальства яшчэ не выклікала. А гусіныя зладзеі — гэта не такая і бяда. Пяткевіч толькі ў апошні момант успомніў, што Камару далі весці справу пра кражы свойскай жывёлы ў людзей. Як стары і вопытны работнік, маёр быў упэўнены, што лейтэнанту не пашанцавала. Тут хутчэй за ўсё была работа не нейкіх там прафесійных зладзеяў, а гарадской шантрапы, «дзікіх» турыстаў, якіх цяпер развялося і якія маюць матацыклы і нават легкавікі. З дзяўчатамі тыя гускі і парасяткі з'едзены і запіты віном, а на Камару павісне нераскрытая справа. Таму маёр жартам і хацеў падбадзёрыць лейтэнанта. — Тут ужо не гусі, таварыш маёр. Чалавека амаль на той свет не адправілі з-за падсвінка. Яшчэ невядома, ці выжыве. — Гэта горш. Хоць якая зачэпка ёсць? — У тым і справа, што ніякай. — Паглядзі на турыстаў, што прыязджаюць дзікарамі. — Раёны я падняў. Апытваем. І пастаронніх быццам не было. — А зачэпка недзе побач, як заўсёды. Пяткевіч гаварыў больш з-за таго, каб неяк падбадзёрыць следчага. Маёр не ведаў, што праз нейкае паўгадзіны гэтая справа пераляжа на ягоныя плечы, аддаліць такі блізкі адпачынак і рыбалку. Калі Пяткевіч зайшоў у кабінет начальніка ўпраўлення, там ужо былі капітан Васюкоў і лейтэнант Камар. Палкоўнік павітаўся з Пяткевічам за руку, запрасіў яго садзіцца і быццам працягваў пачатую і вядомую ўсім прысутным гаворку. — Дык вось, у мяне пыталася кіраўніцтва вобласці, калі мы скончым з крадзяжамі на вёсцы. Сярод людзей пайшла паніка. Асабліва сярод старых. А мы агітуем, каб трымалі гаспадарку. Справа пра крадзеж набывае іншае адценне. Лейтэнант Камар можа нам далажыць пра тое, што і дзе ўкрадзена. Ды і то, відаць, не пра ўсё. Я не гавару ўжо пра рэзананс з гэтым гарэлачным трубаправодам! Калецтва міліцыянера… Ці не замнога нераскрытага? Чалавек, які не пабаяўся падняць руку на чалавека ў форме, павінен мець на гэта прычыну. За гэта па галоўцы не гладзяць. Палкоўнік замоўк, нібы задумаўся — гаварыць ці не гаварыць, потым звярнуўся да Пяткевіча: — Так што, Валерый Паўлавіч, бяры лейцы ў рукі і ўключайся са сваімі хлопцамі ў следства. Па ўсіх трох напрамках. Пяткевіч зразумеў, што палкоўнік усё ж не дагаварыў нечага. — Калі што, заходзь, параімся. Пяткевіч усміхнуўся — цяпер ён быў перакананы, што ў палкоўніка ўзнікла свая версія ці здагадка, але ён не хоча навязваць яе Пяткевічу. Пра адпачынак не ўспамінаў ні Пяткевіч, ні палкоўнік. Пасля нарады маёр запатрабаваў у Васюкова і ў Камара матэрыялы следства. Матэрыялу было небагата. У Камара толькі спіс здарэнняў, пра напад на міліцыянера наогул ніякіх звестак — ніхто нічога не бачыў і не чуў, можна падумаць, што хлопец скалечыў сам сябе. Крыху таўшчэйшая папка пра кражу гарэлкі, але зноў следства ўпіралася ў аднаго толькі Гарбуза. А ён не галоўны, ён пешка. Маёр жа паморшчыўся, калі прачытаў пра вынікі праверкі бара, у двары якога стаяла скрыня, дзе пакідаў гарэлку Гарбуз. Гэта была грубая памылка. Нічога не знайшлі, і цяпер, вядома, калі работнікі бара замешаныя ў перапрадажы, нічога ў іх не знойдзеш. Доўга не знойдзеш. Бар «Капітан». Маёр вярнуўся да справы пра напад на міліцыянера. У двары таго самага бара! Ужо паволі, не спяшаючыся, перачытваў маёр медыцынскае заключэнне. Простае супадзенне? А яшчэ якія супадзенні з таго, што ён прачытаў, вынікаюць? Палкоўнік меў на ўвазе гэта ці яшчэ што? Пяткевіч узяўся перагортваць папку пра крадзяжы на вёсцы. Яны не мелі ніякага дачынення да горада. Вочы спыніліся на заключэнні пра калецтва старога. «Тупым цяжкім прадметам…» Прадмет не ўстаноўлены ні ў выпадку з міліцыянерам, ні ў выпадку са старым. Супадзенне? Пяткевіч адсунуў папку. Гэта ўжо фантазія, а не супадзенні і інтуіцыя… Маёр узяў лісток паперы і пачаў прыкідваць план работы. Пачынаць неабходна з бара. Трэба пабыць там пастаянна свайму чалавеку. Нехта ж павінен хоць што ведаць! Другое — правяраць тых, хто рабіў на заводзе і меў доступ да ёмкасцяў, мог «урэзацца» з «гарэлка-праводам». Росшук даводзілася пачынаць, лічы, з нуля. Камару параіць высветліць найперш, ці былі ў дні крадзяжу ў вёсцы ці паблізу прыезджыя, чужыя машыны. Другое, праверыць базар, у першую чаргу тут, у горадзе. На раённых базарах часта не пабудзеш з адным і тым жа таварам. Шукаць збыт украдзенага. Маёр ужо не думаў пра адпачынак. Яму аставалася верыць, што на летнюю рыбалку ён усё ж патрапіць. РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ у якім Туманоўскі бліжэй знаёміцца з Валеркам Заторам. Угрэтая за дзень скошаная травяная сумесь густа пахла сокам, лісце гароху звяла і пашарэла. І на сахор нанізвалася многа, як падняць. Мужчына ў клятчастай, гэтак заношанай рубашцы, што на каўняры яна аж пачарнела ад поту і пылу, накладаў траву на воз. Аднак рубашка была зашпілена на верхні гузік, рукавы таксама. На нагах у мужчыны старыя, з працёртымі халявамі кірзавыя боты і шэрыя шырокія картовыя штаны, на галаве невядома як уцалелая шапка-васьміклінка з пупсікам і паламаным казырком. У губах дымілася цыгарэта. Рабіў ён, здавалася, паволі, як робат, завучана паднімаў і клаў накошанае на воз, і той нібыта сам сабою рабіўся раскладзістым. І конь, здаецца, сам, падбіраючы траву, падыходзіў уздоўж пракоса. — Прывет, Мачанка! Мужчына перастаў класці воз, паглядзеў на таго, хто абазваўся да яго. Мужчына быў у пажаўцелым, не раз камечаным капронавым капелюшы, у гэтакай жа, як і ў Мачанкі, клятчастай рубашцы, рукавы якой закасаны, грудзі наросхрыст. На нагах у мужчыны чаравікі. Да рамы веласіпеда прывязаны кассё і загорнутыя ў анучку косы. — Здароў, Саша. — Ты што, і на падвозку пайшоў? Трактароў хіба мала ў вас у калгасе? — Трактары работу робяць. Старшыня наш так сказаў — няма чаго на трактарах коўзацца там, дзе конь можа зрабіць. І мне выгадна… — А табе што, даплочваюць? — А як жа, за падвозку даплочваюць. — Тады другое дзела. Мужчына прыкурыў, Мачанка абапёрся на сахор. Ён, як заўсёды, быў зарослы густою кароткаю шчэццю. — Хаця нашто табе гэтыя грошы… Твой гэты Затор усё роўна прап'е, яшчэ і табе ў карак надае! — А табе на чорта? Усё косіш, грабеш. Ты ж на пенсіі. Сядзеў бы дзе пад кустом і «чарніла» піў у цяньку. — Знаеш, Федзя, як варушышся, то і жывеш яшчэ, а як сядзеш — згніеш к чортавай мацеры. — Яно і так… — Слухай, а з кім гэта твой Затор лётае на матацыкле? Чуць не знёс мяне на павароце! — А прыехаў з Мінска да Ермаліцкай сынаў друг. Кажа, на заводзе робіць, водпуск у яго. Чорта водпуск. Сядзіць тут у старое, праядае яе пенсію разам з маім, і цэлыя дні з матацыкла не ссядаюць… — Я б на тваім месцы скулу яму ў бок, а не матацыкл. Гэтакі бугай вырас, а толку ніякага. — Хай ён голаў скруціць! А зачапі — б'ецца, гадасць. І жонку б'е, і мяне. Вунь, каровы быў чаргу адпасвіў, пятнаццаць рублёў садраў. Яна яму толькі дзесяць дала. Набіў і запёр у варыўні. Цэлы дзень сядзела, пакуль я з Капыля не прыехаў. Скарэй бы ўжэ ў армію забралі, там, можа, дурату гэту выбілі б. — Змалку вы яго раздурылі. — Мая як дурная перла яму ўсё. А цяпер я вінаваты. — Чуў, што з Міхалём зрабілі? — Чуў. Навёў нехта, чаго б так палезлі… Ведалі, што стары. — Што цяпер тут ведаць? Тут і ўсляпую, то папробуй наскоч на тую хату, дзе мужчына. Маладыя дзе? У новых хатах альбо ў пасёлку. — Але ж прыгледзелі, што кармляк ёсць. — Ну, прыгледзелі. — А ты вазіць будзеш? — Буду. Пасля абеду. — Дак у Асінаўку «Лучыстага» прывезлі. Петрыка бачыў на трактары, курэў адтуль. Ты б мо завінуўся на кані. Бо больш жа нідзе, хоць шаром пакаці. — Давай грошы. Мужчына дастаў з кішэні складзеныя рублі. Мачанка зняў васьміклінку, паклаў грошы ў шапку над казырком, надзеў яе на голаў. — Я вунь там касіць буду, — мужчына паказаў на кусцікі. — Добра, чакай, заеду. Мужчына лёгка асядлаў веласіпед, а Мачанка зноў узяўся за работу. Але нешта змянілася ў ягоных руках, спрытней захадзіў сахор. Праз паўгадзіны падвода з Мачанкам, які сядзеў на ладным пуку травы, каб не трэсла, курыла-пыліла па дарозе да Асінаўкі. Туды ж па сваёй дарозе ехаў і Туманоўскі. Праўда, не на веласіпедзе, а ў калгасным «газіку». Суправаджаў Туманоўскага, як і мінулы раз, сакратар партыйнай арганізацыі. Веласіпед, на якім Туманоўскі зранку прыехаў да канторы, так і астаўся там. У канторы на гэты раз Туманоўскі застаў старшыню, які ў кабінеце нешта запісваў у блакнот. Ён моўчкі і ўважліва разгледзеў пасведчанне, падаў яго назад. Потым гэтак жа ўважліва паглядзеў на Туманоўскага. Карэспандэнту такое саліднае газеты, здавалася, вымагала і выглядаць адпаведна. Само сабою напрошваўся гальштук, касцюм. Гэтая брызянтоўка, як у студэнтаў, якія прыехалі будаваць цялятнік, чаравікі не да твару сур'ёзнаму чалавеку. Але старшыня чалавек ужо вопытны на сваёй пасадзе. Таму ён пастараўся ўявіць Туманоўскага ў касцюме, пры гальштуку і зразумеў, што выглядаў ён салідна, надавалі гэтай саліднасці акуляры. У касцюме наведвальнік мог быць нават і самім рэдактарам, а не проста карэспандэнтам. Гаварыў карэспандэнт пра маральна-этычную аснову выхавання моладзі, пра тое, што ён хацеў бы паглядзець, як у іх, у гаспадарцы, як кажуць, сярэдняй, якіх большасць усюды, выхоўваецца моладзь у плане павагі да старэйшых, да іхняй працы… Усё гэта было туманна і ненадзейна. Старшыня ведаў, што цікавіць карэспандэнтаў у кожную пару года. Цяпер сама пара была заняцца тым, як ідзе ўборка сена і як падрыхтаваўся калгас да жніва, як адрамантаваў найперш тэхніку, як замацаваў за ёй механізатараў. Было зразумела, што, пачынаючы ад гэтае брызянтоўкі і канчаючы гаворкаю пра ўсе праблемы выхавання, гэты Туманоўскі пускаў туман, каб выведаць усё і выгледзець. Аднак выгляду старшыня не падаў, наадварот, ён адсунуў убок блакнот і з веданнем справы загаварыў пра ролю і бацькоў, найперш бацькоў, у працоўным выхаванні, і школы. Ён нават дазволіў крыху самакрытыкі з-за таго, што, занятыя выкананнем тэрміновых работ, калгасныя кіраўнікі забываюць пра гэта. Тады і вырастаюць такія, як Мачанкаў Затор. — Во-во, я якраз пра яго і хацеў распытацца, даведацца ўсё. Бацька яго ж не адсюль, мне гаварылі? — Затор Мачанкаў — гэта не зусім тыповы выпадак, — старшыня загарнуў блакнот, ямчэй сеў на крэсле. Ён гатовы быў гаварыць пра Затора, як пра лепшую сваю даярку ці свінарку. Тут небяспекі ніякай для падрыву ягонага калгаснага аўтарытэту не намячалася і не магло быць. Затор фігура адметная ўжо ў раённым маштабе. Ім займалася не першы год раённая камісія па справах непаўналетніх, і, як гаворыцца, персанальная адказнасць клалася ўжо цалкам на раённае звяно і да калгаснага прасачыцца не магла. Старшыня непрыкметна зірнуў яшчэ і на насценны гадзіннік — хутка павінны былі сабрацца ў кантору спецыялісты, а там займацца карэспандэнтам ужо не ягоная, старшынёва, справа. — Мачанка чалавек не наш. Прышлы ён. Тут меліярацыйныя канавы апляталі лазою. Некалі было такое, каб не размывала вада берагі… Ён з гэтымі плетунамі і прыйшоў. За трыццаць было ўжо. Ён на кватэру ў Піліпіхі старое астаўся. Старая хітрая была. Яна ўсё сваёй Вольцы выбірала жаніха. Каб і рахманы быў, і каб багаты. Так і давыбіралася, што сама састарэла і дачцэ недзе пад сорак павяло ўжэ. Тут не да жыру, як кажуць, а быць бы жыву. У акрузе Вольку ведалі, язык у яе доўгі, натура, як у асы. А старэць пачала — яшчэ горш. А тут гэты Фёдар ад лазы. Піліпіха яго і ўзяла на кватэру. А ён і тады быў такі, хоць і маладзейшы. Боты кірзавыя, шапка блінцом, морда непабрытая, а пад вечар у самагонку памочыцца. Адным словам, так ён і жыў, начаваў у будцы ў садзе. У Піліпіхі старое пытаюцца, як, ці жаніх будзе. «Не, галубка, які з яго жаніх. Я яму мачанку з салам і зранку, і ўдзень, і вечарам! Аполак сала скарміла, а ён у гэту будку сваю ўлезе і храпе, аж сабака спрасонку гыркае, пужаецца…» Але ўсё ж мачанка, мабыць, памагла, бо Волька пад восень пакруглела, а Фёдар пачаў галіцца, надзеў новую рубашку і штаны. І не пайшоў следам за сваёй брыгадай… Старшыня ўвайшоў у ролю, але адчыніліся дзверы, зайшлі галоўны аграном, інжынер, сакратар партарганізацыі. Ён павітаўся з Туманоўскім, што старшыню здзівіла, але выгляду ён не падаў: — Я ў вас прашу прабачэння, Ян Данілавіч. Тут у нас… Туманоўскі ўстаў. — Вы можаце якую гадзіну самі пахадзіць тут, агледзець нашу цэнтральную. З усіх бакоў, не толькі з таго боку, з якога мы самі паказваем, — пажартаваў старшыня, — Не хвалюйцеся, калі ласка. Я зайду пазней, а цяпер не буду перашкаджаць вам. На здзіўленне старшыні, журналіст не клюнуў на дэмакратычную прапанову, не пайшоў аглядаць цэнтральную сядзібу з «чорнага» боку. Старшыня паспрабаваў распытацца пра карэспандэнта ў парторга, але той паўтарыў прыкладна тое, што гаварыў старшыні сам Туманоўскі. — Ён жук вопытны, глядзі, парторг. Ты ў мяне на тое, каб і прыняць чалавека, і паказаць яму. Глядзі… — Не, у яго другое тут. — Глядзі мне, глядзі. Калі не даецца на пачастунак, то не настырайся і ў баньку нашу не валачы. А то ён нам потым гэту баньку і распіша… — Не, ён не такі чалавек. Ён па другой лініі,— паспрабаваў абараніць Туманоўскага парторг, але прызнацца ў тым, што лазню ён паказаў, не адважыўся. На ўсякі выпадак. Аграном і інжынер цярпліва чакалі, пакуль кончыць гаварыць старшыня з парторгам, — часу ў іх, як заўсёды, не хапала… Іван Спірыдонавіч быў рады, што журналіст згадзіўся паехаць у Асінаўку. Па-першае, гэта ўжо быў не іхні калгас, суседні. Таму ўсё тое, што там можна ўбачыць, ужо быццам і не датычыла ні Івана Спірыдонавіча, ні ягонага калгаса. Да ўсяго гэтага ў яго быў і канкрэтны клопат — паглядзець, хто з іхніх работнікаў сярод рабочага дня пакінуў работу і падаўся «на запраўку». — Старшыня вам расказаў ужо, адкуль пайшла мянушка Мачанка? З-за тае мачанкі, якой карміла будучага прымака Піліпіха. — А чаму Заторам завуць меншага? — Ён хвастаўся, яшчэ як малы быў… Колькі ты, Валерык, вып'еш? Гэта ў яго сам Мачанка стары пытаўся. А той яму — вядро мо не вып'ю, а затор то точна… Затор — гэта выхад з аднае запраўкі брагі ў самагонны апарат. Так і пайшло — Затор Мачанкаў. Выпіўка і закуска разам… — Вы думаеце, прыклад бацькі прычына? — дапытваўся Туманоўскі. Ён ужо бачыў гэтага ваўкаватага, зарослага шчэццю, невядома адкуль прыйшоўшага Мачанку. — Як сказаць. Не алкаголік Мачанка. У другіх бацькі і не пілі, і слова лішняга не сказалі, а дзеці жулікамі вырастаюць, — парторг круцянуў рулём, аб'язджаючы выбоіну на дарозе. — Яго маці вінаватыя. З малых год насілася — мой сынок, мой сынок. Ні работы яму, ні абазвацца нікому на яго, нават бацьку. Во так і вырас. У школу пайшоў — настаўнікі вінаватыя, што не вучыцца. Сама яна на свінарніку, грошай хапала. А цяпер і ка мне ходзіць, каб памог, і да міліцыі дайшло… Не знаю, што можна зрабіць. У яго ўжо нецярпімасць да людзей. Калі што не па яго… Ён сябе часам спыніць не можа. Па лагчыне дарога ішла роўная, выцягнутая, як струна, белая на зялёным, як футбольнае поле, абшары. За лагчынаю па ўзгорках цягнулася вёска, у прысадах, у садах, быццам прывялых і прапыленых ад гарачыні. — Меліяратары дарогу зрабілі. Добрая дарога. А тут ні праехаць ні прайсці было, — усё роўна як прачытаў думкі Туманоўскага парторг. У вуліцу машына не заязджала. Парторг пад'ехаў да магазіна з калгаснага двара. З'яўленне машыны зрабіла сваю справу. Адразу ж сеў у кабінку «беларуса» трактарыст, які стаяў тут жа пры трактары і нешта гаварыў з двума мужчынамі. Яны таксама паглядзелі на парторга і на Туманоўскага і рушылі па вуліцы. Амаль што разам з трактарыстам зняўся з якара і дзядзька на падводзе, нават шлегануў лейчынаю каню па баку, азірнуўся. Парторг прытрымаў Туманоўскага за руку: — Во, Мачанка тут як тут. Ужо ганца паслалі. Цяперашняя падвода на гумавым ходзе пакацілася па вуліцы лёгка і весела. — А што ён робіць? — Пры ферме, як падсобны рабочы, ці што. Падвозіць харчы, прыбіраць памагае… Работу сваю ён робіць, нічога не скажаш. Цяпер там, дзе гной і яго прыбіраць, не надта каго і знойдзеш, хоць і плацім добра. — І што, так ён тут без роду і племя астаўся? — Туманоўскі папытаўся проста так. Невядома, навошта вёз яго сюды парторг, каб паказаць выпівак, якія прыязджаюць да магазіна па віно? — Не, чаму. Бацька да яго нядаўна прыязджаў. Ён недзе ў заходняй жыве. Акуратны такі дзед. Ён тут і жыў у іх. Нават Затор яго на матацыкле вазіў. Хадзіў усюды, аглядаў. Цікавы дзядзька. Мачанка хваліўся, што ў яго яшчэ два браты і сястра, і жывуць усе добра. — Даўно гэта было? — Не, нейкі месяц ці больш там… — І што далей? — Нічога, пахадзіў тут, пажыў і паехаў… Стары-то стары, а раніцаю еду раз, гляджу, а ён на матацыкле па полі шуруе. Я вачам не паверыў: во табе і дзед. Самога Мачанку ні разу не бачыў, каб на матацыкле ехаў, а бацька яго. Пайшлі, глянем, што тут робіцца. У магазіне было прыцемна і халаднавата. Паліцы зроблены паўз сцены. Бліжэй да кутка сядзела за прадаўгаватым прылаўкам маладая дзяўчына ў сінім капронавым халаціку, стаялі на паліцах трохлітровыя слоікі з гуркамі і кабачкамі, кансервавыя банкі з баршчамі, салянкаю. І ўжо за прадаўшчыцаю на паліцы красаваліся бутэлькі з салодкімі вінамі, якія ніхто не браў, а таксама бутэлькі гарэлкі. Галоўны тавар штабяліўся скрынкамі збоч ад прадаўшчыцы. І сама бутэлька з «Лучыстым» стаяла на вітрыне крыху асобна. Прадаўшчыца адказала на прывітанне, устала. Маладая дзяўчына, з вучылішча ці з тэхнікума, якую накіравалі на работу. — Ну, як вам тавару, завезлі? Надоўга хопіць? Парторг усміхнуўся. — Не, паўмашыны толькі. План каб выканала, — дзяўчына прыглядалася да незнаёмых ёй людзей. Калі выйшлі з магазіна, парторг растлумачыў: — Мы на перыяд уборкі закрылі ў нашых магазінах продаж спіртнога. А тут як другая рэспубліка. Нашы сюды і лётаюць. — Іван Спірыдонавіч, вы падвязеце мяне дадому? — Чаму дадому? У мяне час ёсць, колькі трэба і куды трэба мы з вамі зможам праехаць і паглядзець, пагаварыць… — Знаеце, я тут яшчэ буду. Праедзем з вамі не раз. А калі ў вас час ёсць, гэта самае лепшае. Паседзімо ў цяньку, пагаворым, каб не спяшацца… — Тады, можа, у нашу баньку на азерца? Парторг не хацеў адступацца. — Можна і ў баньку, — згадзіўся Туманоўскі. У яго было адчуванне, што галоўнае ён намацаў. Ад магазіна паехалі па вуліцы. Недалёка ад магазіна парторг аж прытармазіў машыну: — А во і ваш Затор тут. Паглядзіце! Проста на вуліцы, у ценю ад старое раскідзістае ліпы, стаяў пры плоце матацыкл. Рослы кудлаты хлопец у расхрыстанай рубашцы, з закасанымі рукавамі сядзеў на лаўцы. Ён быў загарэлы і прыгожы маладой прыгажосцю. І твар рашучы, чорныя бровы аж смылелі на загарэлым твары. Не, гэты сімпатычны малады хлопец не быў падобны на таго, пра каго чуў Туманоўскі. Побач з ім сядзеў таксама малады, коратка астрыжаны хлопец, меншы ростам, хоць і наліты сілаю ў плячах. Абодва трымалі па бутэльцы. Яны не спяшаліся. Паміж імі на лаўцы ляжала адчыненая пачка з цыгарэтамі. Абодва курылі, смакуючы віно. Затор, відаць, пазнаў парторга, ухмыльнуўся наравіста, усімі белымі зубамі. — А з ім хто? — А тут да старое аднае госць прыехаў… Сынок у яе ў горадзе. Таксама бяда горкая. Прыслаў дружна на адпачынак. Рыбак рыбака бачыць здаляка. З Заторам сышліся адразу, як хто звёў. — Даўно? — Не, тыдзень ці два… Разам шастаюць па вечарынках. Кажуць, гэты госць ужо ў бабкі з пенсіі пазычаць пачынае. Туманоўскі ўжо думаў пра тое, што далей росшук яму трэба весці аднаму. Не на машыне і не з начальствам разам. Начальства ўсе ведаюць у наваколлі. РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ у якім зладзеі напалохалі зладзеяў і ўсё абышлося ціха. Затор ехаў павольна. Яшчэ не пачынала брацца на досвітак. Васька на заднім сядзенні пачынаў драмаць і хістаўся з боку на бок. Тады пачынала вадзіць у бакі і матацыкл. Балела галава. Перад тым як паехаць на танцы, пілі многа, і цяпер усё, што адбывалася вечарам, пачынала злівацца ў нешта адно невыразнае, цёмнае, цяжкае. Мачанка нават не мог добра ўспомніць і твар дзяўчыны, якую ён цягнуў «прагуляцца». Памятае, што рослая, у джынсах у абцяжку. Яна так улупіла яму наводмаш, што разбіла губу. Цяпер губа распухла, павісла, як сліва. Ён не астаўся ў даўгу. Але наляцелі «курткі» — гэтак Затор зваў студэнтаў. Хоць і п'яны, але спалохаўся, зразумеў, што цяпер яму будзе так, як ніколі яшчэ не было. Ад гэтага і раўнуў: «Васька!» І Васька выручыў. Нават сам Затор здзівіўся, як лёгка адляцелі ўбок два студэнты, потым коратка пстрыкнуў і выпрастаўся ў Васькавай руцэ нож: — Адвалі, шантрапа! Студэнты не чакалі такога. Васька наступаў на іх, коратка кінуў Затору: «Заводзь!» Затор кінуўся да матацыкла. І ў пару. Першая разгубленасць прайшла. Суха трэснуў выламаны з плота кол. — Ану, шпана, аддавай нам сваю цацку! Рослы студэнт пайшоў на Ваську, але краем вока той убачыў, што Затор завёў матацыкл, кінуўся да яго: — Жмі! Кінуты наўздагон кол не дастаў. Цяпер Затор ужо не толькі радаваўся, што вырабіўся цэлым, але і шкадаваў: звязвацца са студэнтамі не варта было. Пасля бойкі і Васькавага ножыка дарога туды закрыта на ўсё лета. А там танцы амаль кожны вечар, адны ва ўсім наваколлі. Каб не гэтыя штаны ў абліпку… Васька, які соп усю дарогу, нечакана прачнуўся і ля магазіна скамандаваў: — Заварочвай! Затор заехаў за магазін, хаця і не разумеў — нашто. — Глушы, — загадаў Васька. Ён азірнуўся, прыслухаўся, потым хутка падышоў да дзвярэй складзіка, дастаў з кішэні звязку ключоў. Замок адамкнуў адразу, усё роўна як дадому заходзіў. — Давай сюды! У складзіку ён на нейкае імгненне чыркануў запалкай, падхапіў мяшок, які ляжаў на скрынках. Нагою ўдарыў у дзверы, і яны адчыніліся. Тут жа за дзвярыма Васька памацаў рукой, нешта падняў, падышоў да сейфа. Скрыгатнула жалеза. Вочы прывыклі да прыцемку, і Затор убачыў, што Васька шукае ў сейфе. — Пуста! — Ён сунуў нешта ў кішэню і загадаў: — Чаго стаіш? Давай грузі гарэлку ў мяшок! Васька зусім працверазеў, памагаў Затору. Укінуў у мяшок кансерваў, пячэння, хлеба. Перад тым як выйсці на вуліцу, паглядзеў у прыадчыненыя дзверы, потым махнуў рукой Затору — выходзь. Дзверы замкнуў за сабой, забраў у Затора мяшок, ускінуў за плечы. З вёскі выехалі моўчкі. Затор стараўся не газаваць, і матацыкл толькі ціхенька вуркатаў маторам. Ад разгубленасці ён нават не пытаўся — куды ехаць. — Давай на базу. Спыніўся матацыкл ля пакінутага пастухоўскага доміка ў засені кустоў і дрэў. Васька асцярожна апусціў на падлогу мяшок. — Цяпер жытуха! А то мне старая больш грошай не хоча пазычаць… — І так напазычала! Затор рагатнуў. Васька адкаркаваў бутэльку, пацягнуў сам, перадаў Затору. Хутка яны спалі на сене моцным і здаровым сном. Дні са тры закадычныя сябрукі нідзе не паказваліся. Таня прачнулася досвіта. Уставаць яшчэ рана. Соладка спаў побач муж, нават пасвістваў у свой шырокі нос. У ранішнім змроку на ягоным белым твары праступала рабацінне. Трактарыст, а твар белы, не бярэ ні сонца, ні пыл. Худая жылістая шыя, скудлачаныя мяккія валасы над лысінай. Таня прыўзнялася, абаперлася на локаць, крутаплечая, чарнявая, дагледжаная жанчына: бач, спіць як пшаніцу прадаўшы, і хоць бы што… Здавалася, прайшло гэтулькі гадоў, двое дзяцей прыжылі, а тое даўняе адчуванне непрыязні, якое было і перад выхадам замуж, не знікла, наадварот, паўставала часам у грудзях. Яна тады кідала на яго дзяцей, гаспадарку, якую ён мусіў даглядаць, робячы на трактары. Ехала ў раён на нараду, часам вярталася дадому толькі назаўтра. Вярталася быццам спустошаная, вінаватая перад дзецьмі, але не перад ім. Нібы ён вінаваты, што перабірала і дабірала кавалераў так, што асталася ў перастарках і сваякі ўжо знайшлі ёй яго ў жаніхі, старэйшага, непрыгожага. Яна і пайшла за яго, каб толькі пакінуць бацькоў з іхнім багаццем, з-за якога яны не пусцілі яе ў горад. Свой рай абяцалі, а яна верыла. Яна прыехала ў новы прасторны дом, знайшлася чыстая работа — магазіншчыцай. Можна было зайздросціць усяму: рабоце, сям'і, дзецям. Любы тавар дастаць можа, а па цяперашнім свеце гэта не так і мала. Але ж не, той здрок, які нападаў на Таню і пёр з дому ў прочкі, не праходзіў. Сёння ёй прысніўся кароткі і брыдкі сон. Саснілася, што вязе яна тавар з Жэнькам — так звалі яго ўсе, хоць у мужчыны даўно ссівела галава. Праўда, ён і хадзіў у джынсавых штанах, і глядзеў на жанчын нахабна. Ехалі яны з гэтым Жэнькам, і завярнуў той з дарогі ў малады сасоннік. Сонца свеціць, дзень, а яны… Таня раптам угледзела, што зусім блізка бягуць да іх Зіна і Анька. З гэтым жахам яна і прачнулася. Дочкі спалі на суседнім ложку разбрыкаўшыся, і над імі сонна яшчэ кружыла ранішняя муха. Таня ўстала, падышла да дзяцей, паправіла коўдру, спрытна махнула рукой, злавіла муху, якая настыралася над імі, ускінула на сябе лёгенькую кофтачку. надзела спадніцу, у верандзе ўссунула на ногі растаптаныя рабочыя басаножкі, выйшла на двор. Нават і ранішняга халадку яна не адчувала. Усё паказвала на тое, што і сёння можа быць «здрок». Прынамсі, так падумала суседка, старая Волька, калі ўгледзела, як пашыбавала на вуліцу Таня. Таня і сама не ведала, ці гэты самы «здрок», ці нешта іншае, нейкае нядобрае прадчуванне не давала спаць і пагнала раніцай да магазіна — узяць солі, забылася, што дома няма. Магазін быў звычайны, з адным зальчыкам, дзе мясціліся і прадуктовыя тавары, і гаспадарчыя, і прамысловыя. Цяпер на магазінах павесілі шыльды «Тавары паўсядзённага попыту». З зальчыка дзверы вялі ў склад. За магазінам, асобна адгароджаны, быў яшчэ напаўразбураны барак — там некалі прадавалі газу. Таня, нібы хтосьці вёў за руку, адразу пайшла да дзвярэй склада і, як толькі ступіла на прыступку, угледзела, што замок вісіць не тым бокам. Не трэба і на кантрольку глядзець. Дрыжачымі рукамі дастала з сумачкі ключы, адамкнула замок, адчыніла дзверы, запаліла святло. Дзверы са складзіка ў залу прыадчынены. Таня на нейкае імгненне застыла на месцы, адчула, якімі цяжкімі сталі ногі і рукі. І дзверцы сейфа адчынены. Праўда, сейфам металічную скрынку можна было назваць толькі ўмоўна, і замок там як для прыклёпу. Грошай не было… Хаця і выручкі за ўчарашні вечар рублёў з дваццаць, не больш, і набралася б. Ад гэтага Таня паспакайнела, вярнулася ў склад, зашчапіла дзверы на зашчапку з сярэдзіны, агледзелася: у складзе нічога не чэпана, зайшла ў залу, найперш кінула вокам на адзенне. Быццам некранутае. Каракулевае футра вісіць на месцы. За прылаўкам у прадуктовым аддзеле спатыкнулася аб кансервавыя бляшанкі. Выбралі паўскрынкі гарэлкі. «П'янчугі, каб вас паразрывала!» — Таня аж задыхнулася ад злосці, памкнулася выбегчы на вуліцу, падняць людзей, але ля сейфа спынілася, дрыжачымі рукамі пачала перабіраць шапаткія накладныя. Не, усё на месцы. Уставіла ключ у замок, ён паслухмяна павярнуўся. Замкнула дзверцы сейфа. Дзверцы падкалупілі ломікам, якім яна адчыняла скрынкі. Падабрала з падлогі кансервы і толькі цяпер заўважыла, што з шуфлядаў бралі лячэнне, хлеб таксама бралі. Наводзіла парадак, а сама думала пра тое, што, калі заявіць у міліцыю, магазін зачыняць на рэвізію, усё ператрасуць, пачнуць апытваць людзей, а тады… Ад гэтае думкі стала млосна. Няхай гараць гарам гэтыя грошы і гарэлка! І сама не ў пару прыперлася ў магазін, хто паверыць у тых зладзеяў? Цяпер яна спяшалася пайсці з магазіна, пакуль спіць вёска. У складзе ўзяла пачак солі, спатыкнулася позіркам на няздадзеных мяшках з-пад мукі. Тады на мяшкі мукі яе быццам ненарокам, жартаўліва падапхнуў Жэнік. Таня аж перасмыкнулася ад успаміну. Пасля Жэнік і пачаў глядзець на яе, як на сваю. Яна больш не падпусціла яго і блізка, але ён на гэта і не зважаў. І неўзабаве прывёз ёй накладныя на дываны. І грошы, у двух пакеціках… Тавар быў аформлены на яе магазін, прададзены, грошы ў касу пайшлі і крыху ёй самой, што ў малым пакеціку. «Не будзь дурная, план будзеш мець, і да плана. А не — дачуюцца бабы, чым ты тут са мной займалася». Гэтага яна не надта баялася, свайго вахлака асадзіць на месца. Грошы ўзяла, і праўда, больш не мела праблемы з планам — тавар дэфіцытны магла б з базы сабе дастаць… А хто дакажа, што яна і сабе грошы брала? Калі ўжо шыбавала па вуліцы з пачкам солі ў руцэ, Таня здагадалася, чаму ёй гэтак гнюсна сасніўся сёння Жэнік. Прадчувае душа, што дабром гэта не кончыцца. Старая Волька здзіўлена глядзела на Таню, якая ляцела з пачкам солі дадому, і вачам сваім не верыла. Але неўзабаве пачула, як тугія струменьчыкі малака цырканулі па бляшанай даёнцы на Таніным двары. Пасля снедання Таня схадзіла на медпункт, «захварэла», павесіла пра гэта аб'яву на дзвярах магазіна, а ў канверце адправіла ў сельпо заяву, што пакідае работу па ўласнаму жаданню з-за дрэннага здароўя. Пра гэта ніхто не ведаў, нават муж, а таму ўсёй вёсцы было вялікае дзіва: Таня перадавала сваю «дэфіцытную» пасаду маладой дзяўчыне, якая будзе прыязджаць на работу аж з самага раёна. У гэтым усёй вёсцы была вялікая невыгода, а таму гэтага Танінага «здроку» ніхто не мог ні зразумець, ні апраўдаць… РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ у якім сталічныя жыхары сустрэліся ў раённым аддзяленні міліцыі. Старшына Вашчылін рабіў абход свайго асноўнага аб'екта — базарнай плошчы. Базар толькі пачынаўся, павільён, дзе прадавалася піва, яшчэ пуставаў. Старшына памятаў базар не такім — людзей збіралася, што не праціснуцца і не прабіцца. Цяпер вазоў не стала, прыязджаюць на машынах. Нарабілі новых паднавесаў і прылаўкаў, але добрая трэць іх так і пустуе. Ля самага ўваходу цёткі прадаюць малако і тварог. Старшына ведае іх амаль што ўсіх. І пакупнікі ў іх пастаянныя. Многа кветак. Цяпер іх сеюць і прадаюць амаль усе пенсіянеры. Дзве чарнявыя кабеты з семачкамі. Прыезджыя. Не многа людзей і ў магазінчыках на базары. Людзі едуць у горад, у новыя магазіны, там большы выбар. Старшына вітаецца з прадаўшчыцамі. Гэта ў асноўным пажылыя жанчыны. Маладыя дзяўчаткі ідуць прадаўшчыцамі таксама ў новыя магазіны, там моладзі больш. Старшына выйшаў з магазіна. У вочы кінуўся матацыкл пры плоце. Сюды заязджаць нельга. Знак вісіць. Матацыкл не перашкаджаў тут нікому, і старшына, як кажуць, заплюшчыў на гэтае парушэнне адно вока — можа, трэба было падвезці чалавеку цяжкае. Але другім вокам ён усё ж акінуў базар і знайшоў тых, хто прыехаў на матацыкле. Пазнаць іх было няцяжка: адзін так і не зняў з галавы чырвоны шлем, другі насіў яго ў руцэ. Ім, мабыць, і патрэбы не было заязджаць на базар, маглі і прагуляцца ад стаянкі якую сотню метраў. Старшына пакіраваў да хлопцаў, якія церліся ў гурце ля гандлярак семачкамі. Дайсці да іх старшына не паспеў: — Таварыш міліцыянер! Таварыш міліцыянер! Дзяўчына спяшалася насустрач Вашчыліну і паклікала яго амаль шэптам. — Што такое? — Таварыш міліцыянер, вунь той, у шлеме, прадае залатыя часікі! Якраз такія, якія прапалі ў мае сястры! А з ім з нашае мясцовасці п'яніца… — Праверым. Не адставайце. Старшына Вашчылін не паскорыў хады. Спакойна падышоў да хлопца, узяў яго за локаць. — Пройдзем, маладыя людзі, са мной. Ён адчуў, як таргануўся, напружыўся той, каго ён узяў за локаць, але адразу ж пакорліва расслабіўся. Сілу старшыны Вашчыліна ён адчуў і зразумеў, што вырывацца не варта, пакуль цябе трымаюць далікатна. Ні адзін вясковы здаравіла, які спрабаваў буяніць на базары, больш на гэта не адважваўся. — А што такое? Другі, са шлемам у руцэ, адскочыў, як пеўнік, убок, гатовы даць дзёру. — Парушаем правілы… Той, са шлемам, на хаду надзяваў яго на голаў і бег да матацыкла. Старшына памкнуўся даганяць яго, але ўспомніў, што гадзіннік у гэтага, якога ён трымае. Уцекача ведае дзяўчына, нікуды ён не дзенецца. — Пайшлі ў аддзяленне! І вы з намі,— загадаў старшына дзяўчыне. Залатыя гадзіннікі на базары не прадаваліся ўжо даўно. І хлопец невядомы, прыезджы. Старшына быў перакананы, што ўсіх у раёне ён ведае, а чужых нюхам чуе. — Пусціце руку, я сам пайду. — Нічога, мы лепш з табой пад ручку, як бацька з сынам. Ад хлопца несла перагарам, і ўжо з-за гэтага веры яму старшына не даваў. Новы двухпавярховы будынак міліцыі быў непадалёку ад базара. — Здравія жалаю, таварыш капітан! Каб не нудна табе было, прывёў маладога чалавека. — Што такое? Дзяжурны павітаўся з Вашчыліным. — Дзяўчына гаворыць, што часікі яе сястры. А іх гэты малады і непахмелены прадаваў на базары. Сябручок яго ўцёк на матацыкле. — Дзе гадзіннік? Хлопец нехаця дастаў з кішэні жаночы гадзіннік з бранзалетам. — Я пайшоў, капітан. — Ідзі, старшына. Дзяжурны набраў нумар тэлефона. — Семежаў? Слухай, тут Вашчылін прывёў кадра. З базара. Залатыя часікі прадаваў. Ці не з таго магазіна, што ты вядзеш? Заходзь, разбярыся з гэтым маладым… Дзяжурны не заўважыў, як наструніўся затрыманы пры слове «магазін». Цяпер ён не рады быў, што папёрся прадаваць гадзіннік на базар. Трэба было дастаць грошай на білет, а гадзіннік збыў бы ў сталіцы. Трапіў у лапы міліцыі, як мокрая курыца, у нейкім зачуханым гарадскім пасёлку. Хлопец яшчэ не прыдумаў, што гаварыць, як з калідора выйшаў малады мужчына ў цывільным касцюме. Дзяжурны кіўнуў на хлопца і на дзяўчыну. — Прашу, — коратка не запрасіў, а загадаў мужчына і паказаў рукой у калідор. Хлопец пайшоў першы, скоса і злосна паглядзеў на дзяўчыну. Мужчына ішоў ззаду. — Сюды, — паказаў ён на кабінет, дзверы якога былі адчынены. Мужчына сеў за стол, кіўнуў на дзяўчыну: — Расказвайце. — Таварыш… — Алёна замялася. Яна пазнала міліцыянера. Валін знаёмы. І гэты стрыжаны таксама здаваўся знаёмым. Лена насцярожана азірнулася на хлопца, потым на чалавека за сталом. — Можаце зваць мяне проста — таварыш лейтэнант. Мужчына ўсміхаўся з Алёнінай разгубленасці і глядзеў на яе роўна і спакойна. — Таварыш лейтэнант, ён падыходзіць на базары да мяне — і часікі купі, кажа. Глянула я — Раіны гэта часікі, сястры мае. Яна прывозіла мяне ў вёску. А перад ад'ездам шукала часікі — і не магла найсці. Гаварыла, што яны ў машыне ў яе ляжалі. Машына на двары начавала… Дзяўчына паглядзела на хлопца. — А з ім тут на базары і Затор наш круціўся… — Як ваша прозвішча? — Рудзь Алёна… Алёна Міхайлаўна. Лейтэнант падняў на яе вочы, нібы хацеў нешта папытацца. — Гэта на майго бацьку напалі зладзеі,— растлумачыла Алёна. Лейтэнант зацікаўлена паглядзеў на яе. — Як вас, малады чалавек, зваць-называць? — Васька, Васіль Аляхновіч, — коратка і насцярожана адказаў хлопец. Алёна зірнула на яго — знаёмы і голас, і гэтая круглая, коратка астрыжаная галава. — А па бацьку? — Васільевіч. — Адрас. — Які адрас? — Пастаянна дзе жывяце? — У інтэрнаце, у горадзе. — Адрас мне трэба. — Скажу і адрас. Лейтэнант запісваў хутка. — Чаго тут апынуліся? — У водпуску. У друга жыву. — Гэта ён з вамі быў? — Не, гэта другі… Васька на імгненне замяўся — ці называць Валерку. — Затор Мачанкаў з ім… Гэтакі ж п'яніца і жулік, — не ўтрывала дзяўчына. — Ведаем твайго дружка. Лейтэнант пільна паглядзеў на Ваську, усё роўна як прыцэньваўся. — Дзе ўзяў часікі? — Падарылі мне, — нечакана ўхмыльнуўся Васька. — Хто табе падарыў? Хто? Укралі разам з Заторам, каб прапіць! Алёна раззлавана завярнулася да хлопца і зноў злавіла сябе на тым, што бачыла, ведае яго. — Сястрычка твая. Яшчэ мяне на машыне павазіць абяцала. Васька зноў ухмыльнуўся. Ён не пазнаваў яе, бо там, дзе бачыліся, не звяртаў увагі на тую, што прыбірала са стала. — Аляхновіч, адкуль у цябе гадзіннік? — Я ж сказаў. Паехаў на Валеркавым матацыкле пакупацца. А там, на купальні, мадама на пясочку. Не маладзенькая, але нічога яшчэ… На яе падобная. Васька ўхмыльнуўся. — Спадабаўся ёй малодзенькі мальчонка. Паплавалі потым, на машыне павазіць яшчэ абяцала. Пра машыну Васька прыхлусіў. Ён быў перакананы, што «мадама» нікому не прызнаецца пра тое, што было на беразе, і пра тыя «часікі». Васька іх сціхача ўсунуў у кішэню. — Нахал! Злодзей ты, як і Затор твой! Васька ўвайшоў у ролю і адчуваў сябе на кані. Ён цяпер зразумеў, што сказанае дзяжурным «магазін» не мела дачынення да таго магазіна, дзе яны пабывалі з Заторам. Лейтэнант спакойна і нават абыякава глядзеў на затрыманага. Ён яшчэ ў дзяжурнага, як толькі ўгледзеў гадзіннік, зразумеў, што ён не з вітрыны універмага — там не было падобных гадзіннікаў. Цяпер Семежава зацікавіла толькі тое, што Алёна апынулася тут, што яна дачка таго самага старога. — Так што прашу часікі назад, — Васька нават руку працягнуў. Маўчанне лейтэнанта ён зразумеў пасвойму. — Дакументы. — Нашто? — Калі няма пашпарта, давядзецца пагасціць у нас, пакуль мы праверым, хто вы такі і ці праўда, што часікі вам падарылі. Васька з палёгкай выдыхнуў: пашпарт у яго быў з сабой. Васька дастаў яго і падаў следчаму. Той зрабіў выпіскі і аддаў дакумент назад. — Прайдзіце да дзяжурнага і на яго імя напішыце тлумачэнне, тое, што вы мне гаварылі. А вы, Рудзь, напішыце заяву. І адрас свае сястрычкі ўкажыце. Лейтэнант зняў трубку. Краем вока ён заўважыў, як з палёгкай выскачыў з кабінета хлопец. Дзяўчына замялася, азірнулася на Семежава. — Вы хацелі яшчэ нешта сказаць? — Я ўспомніла, дзе бачыла яго. — Алёна кіўнула на дзверы. — У нас у бары… Ён ходзіць рукі ў кішэні, і яго ўсе баяцца… — У якім бары? — «Каштан» называецца. — Ну і што? — Нічога, толькі я падумала пра бацьку, калі ўспомніла яго… — Што вы хочаце сказаць? — Нічога. Проста падумала… — Калі бачылі Аляхновіча апошні раз там, у бары? — Даўнавата… Да таго, як міліцыянера найшлі ў двары, ля бара… Больш ні ён, ні яго лысы інжынер у нас не паказваліся… — Ладна, Рудзь. Ідзіце напішыце заяву і пакіньце ў дзяжурнага. Мы пашлём запрос вашай сястры. А таго, хто напаў на бацьку, знойдзем… Семежаў устаў, гэтым самым даў знак, што Алёна можа ісці. Ён здагадаўся, што яна пазнала яго, але так і не адважылася нават намякнуць на тую сустрэчу, нават папытацца, ці гэта ён быў там. У панядзелак Камар пазваніў Семежаву: Семежаў нічога новага пра расследаванне справы старога сказаць не мог. — Шукаць трэба, Паша, а не сядзець там, — голас Камара быў нават па-начальніцку не задаволены. — Гэта не табе там. У нас не наседзіш. Сярод бела дня з вітрыны універмага гадзіннікі выбралі. Шукай. А хутчэй за ўсё вашы сталічныя кадры тут пагасцілі,— агрызнуўся Семежаў. — Цікава, на каго вы спісвалі б, каб не было гарадскіх? У вас усе там святыя… — А ты знаеш, каго я тут сустрэў? Тваю Алёну… Тую, тую. Толькі яна, аказваецца, у бары сталы прыбірае, — Семежаў хацеў дапячы Камару. — А ты яе, як інжынершу, абходжваў. У тым бары, дзе на міліцыянера напалі. Ну як было? Вось так і было… Семежава здзівіла, што Камар не звярнуў ўвагі на ягоную з'едлівасць. Ён вымушаны быў падрабязна расказаць пра ўсё, што адбылося ўчора ў ягоным кабінеце. — Вось што, Семежаў. У следства ўключы Пяткевіча і яго аддзел. Усё, што толькі новага, паведамляй мне альбо адразу маёру. І сам варушыся. РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ пра тое, як Туманоўскі апынуўся ля доміка пастухоў. Круг даследаванняў для Туманоўскага акрэсліваўся: сям'я Мачанкі, выхаванне сына ў сям'і. Потым школа… Чаму Затора цягнуць да атэстата, Туманоўскі ведаў — каб не псаваць агульны паказчык па ўсенавучу. Сустрэчу ён рашыў пачаць з сакратара камсамольскай арганізацыі школы. Яго Туманоўскі застаў дома. Дакладней — яе. Дом трактарыста Булыкі ён пазнаў адразу: у вочы адразу кідаўся пафарбаваны сіняй фарбай плот, жалезная брама з варотцамі. Ад варотцаў да ганка вымашчана бетоннымі пліткамі дарожка. Перад хатай кашлата стаяў малады, урадлівы садзік. Сама ашаляваная хата пафарбавана ў мяккі колер. Для хлявоў, якія зроблены збоч хаты, быў выгараджаны асобны двор. Ва ўсім адчуваўся дастатак і спраўная гаспадарская рука. На двары маладая жанчына мыла бялізну. Шумела пры верандзе пральная машына. У садзе між яблынь ужо віселі белыя прасціны і навалачкі. Туманоўскі міжволі прыпыніўся перад варотцамі і загледзеўся на жанчыну, якая стаяла бокам да яго і выкручвала мокрую бялізну, складала яе ў белы эмаліраваны таз. Рухі яе загарэлых залацістых рук былі нетаропкія, ласкавыя. Жанчына кончыла выкручваць, тыльным бокам далоні адкінула з ілба грыўку валасоў. Яна адчула позірк Туманоўскага, азірнулася. — Дзень добры, — павітаўся ён. — Дзень добры. — Туманоўскі. Карэспандэнт газеты… Дзяўчына не здзівілася: — Бацькі няма дома. — Я не да бацькі… Я да Тані. — Я Таня. Туманоўскі разгубіўся. Чамусьці сакратар уяўлялася яму выдатніцай у акулярах, а не гэтай маладой і дужай дзяўчынай. Дзяўчына змахнула мокрай анучкай лаўку, запрасіла садзіцца і села сама, паказваючы, што гатова слухаць Яна Данілавіча. — Я з вамі пра Затора пагаварыць хачу, — пачаў Туманоўскі і заўважыў, што дзяўчына не здзівілася. — Як вы, камсамольцы, гледзіце на яго? Чаму не паставіце на сваё месца? — Чаму не паставім? Знаеце, а яго і ў школе трымаць нельга. Ёсць правілы для вучняў, праўда? Дзяўчына ўпэўнена глядзела на Туманоўскага чыстымі блакітнымі вачыма. Яна не спяшалася тлумачыць. — Усё ж цэлая школа, камсамольская арганізацыя… — І вы за тое, каб мы прынялі яго ў камсамол, а потым перавыхавалі? — Пры чым тут прыём у камсамол? — Наш участковы так хацеў. Дзяўчына ўсміхнулася. Туманоўскі ўспомніў, што такія дзяўчаты спакойна і ўпэўнена выступаюць на сходах. Маладыя, прыгожыя, упэўненыя ў сабе. — І што вы? — Мы сказалі, што і так на яго ўздзейнічаем. У школе ён не хуліганіць. — Як? — Вельмі проста. Нашы хлопцы некалькі разоў пагаварылі з ім яго ж метадамі. Такія, як Затор, смелыя там, дзе на іх сілы няма. Яго каб бацька малога на сваё месца паставіў, нармальны б чалавек быў. Пойдзе ў армію, там з яго вылецяць усе гэтыя дурныя мухі. Дзяўчына была ўпэўнена ў тым, што гаварыла. Туманоўскі падумаў, што яна і сапраўды выдатніца і, мабыць, «ідзе на медаль», атрымае яго, паступіць у інстытут, выдатна кончыць і потым будзе на нерадавой рабоце. Туманоўскі не сумняваўся, што з-за гэтага прыгожага важака хлопцы-старшакласнікі ў школе паставілі на сваё месца Затора. Дзіва ў гэтым не было. Туманоўскі ўстаў. Дзяўчына таксама паднялася. — А вы што, будзеце пісаць на маральна-этычныя тэмы? — Не знаю. Туманоўскаму не хацелася адказваць на пытанне дзяўчыны. Здалося, што ў ім было крыху насмешкі ці скептычнасці. — Пра яго пісалі ўжо. І ў нас у раёнцы, і ў абласной. — Можна і не пра яго. Чаму толькі пра яго? Ён не ў лесе жыве. І не ў лесе вырас. Чаму такі вырас? Бывайце здаровы. — Усяго добрага. Дзяўчына правяла Туманоўскага да веснічак. Калі ён сядаў на веласіпед, пачуў, як у двары зноў роўна зашумела пральная машына. Цяпер ужо Туманоўскі бачыў свой матэрыял цалкам, бачыў той паварот, якога не хапала яму. Трэба напісаць не пра самога дрэннага Затора, а пра тое, як і чаму стаў ён такім сярод сваіх людзей. Чаму ніхто не ўмяшаўся, ніхто не памог, і цяпер чакаюць, спадзяюцца на добрага дзядзьку. І ўсе фармальна не маюць за гэта віны. Усе фармальна чыстыя. Туманоўскі ведаў і тое, з чаго пачне артыкул, — з апісання, як праходзіць дзень гэтага Затора, хроніка яго пустога жыцця з дня ў дзень. Калі за сталом у абед Туманоўскі зноў загаварыў пра Затора, Вера нечакана сказала: — Што ён робіць? Нічога. Блытаецца на матацыкле… Некалі і мой з ім піў. Гэты ж Затор вото закруціцца і адкуль хочаш таго «чарніла» прывалачэ. Яшчэ і з гэтым сватам Мачанкавым піў. — З якім? — Прыязджаў аднекуль. Гасціў тут доўга. Гэтакі самы апівоша, як і сам Мачанка, як і Затор гэты яго. Унучак яго на матацыкле і вазіў усюды. Смеху было перад ад'ездам. Павёз гэты Затор яго ў Сярэднікі. Мачанчыха на дарогу і закускі ўжо свату наклала, мо і бутэльку. Каб толькі даехаў дадому, не памёр з голаду. Як павёз яго гэты Затор, дык і сам прапаў. Тут усхадзіліся, пачалі шукаць яго. Дзень, і два няма, і тры няма. Недзе ж бы паказаўся. Пазванілі і ў міліцыю, — не, не сядзіць там. Бяда. Адале нехта прыгледзеў. А яны, і стары і малы, абодва роўныя, не на поезд, а ў домік. Тут на высушаных балотах пастухам домікаў настаўлена. Летам, дзе не пад пашу, там ніхто і не бывае. Вот яны заехалі ў той домік і сядзелі там, пакуль закуска была і не папілі ўсю гарэлку, што з сабою набралі. Дык пасля гэтага сама Мачанчыха запрэгла каня і павезла свата ў Сярэднікі, каб на поезд пасадзіць. А так бы ён ад яе і не выехаў бы. Так што ў іх парода такая. Во, як гэты павой, — Вера кіўнула на густую зелень павою, якая ўчэпіста сплялася, ахіліла веранду, закрыла ад сонца. Павой цвіў пяшчотнымі ружовымі кветкамі.— Здаецца, што і зялёны, і харошы, а так усё затуліць, загноіць, што пасля яго і на рамах, і на ўсім гнілая чарната. Такія і людзі ёсць. Пад гэты павой дык хоць яшчэ, як надаесць, чыгун кіпню раз-другі выльеш, дык і згіне… А гэта ж людзі быццам. Туманоўскі чуў яе ўжо адным толькі вухам. «Чорны павой» — гэтак ён назаве свой артыкул. Адразу ж пасля абеду Туманоўскі сеў на веласіпед і выправіўся на асушаныя балоты. Першы дашчаны хляўчук быў недалёка за вёскай. Яго даўно прыкмеціў Туманоўскі, толькі не ведаў, нашто гэта дашчаная пабудова ў лузе за кустамі. Здалёку яна надта ж нагадвала адпаведную ўстанову для грамадскага карыстання. Хляўчук быў замкнуты на вялізны, як сабака, вісячы замок. Туманоўскі прысланіў да сцяны веласіпед, зазірнуў у хляўчук праз невялікае закрачанае акенца. Там пуста, толькі ў куце ляжала згрэбенае ў кучу леташняе сена, якое, мабыць, служыла пастухам за пасцель. Не відаць, каб да хлеўчука хоць хто і падыходзіў за ўсё лета. І замок роўна пакрыты чырванаватым іржавым налётам. На лёгкую ўдачу Туманоўскі і не разлічваў. Ён гатовы быў да ўпартага пошуку. У яго і тактыка пошуку ўжо ў галаве склалася. Узгоркамі, па грудах, ён наўкруга аб'едзе ўсё асушанае балота. З узгоркаў яму ўсё будзе добра відаць, не праміне ніводнага хлеўчука. На павер аказалася, што гэтыя хлеўчукі стаялі так, што і да іх, і паміж імі не было ніякіх, ні вялікіх, ні малых, сцежак-дарожак. Нават болей, амаль усе гэтыя хлеўчукі і не замыкаліся. І акрамя старое пацярухі, у іх — нічога. Калі ўжо пачало змяркацца, Туманоўскі нявесела згадзіўся з тым, што артыкул «Чорны павой» давядзецца пачынаць не з апісання «берлагу», у якім хаваецца ад людзей малады чалавек. Туманоўскі вёў веласіпед у руках. Ад апошняга хлеўчука да дарогі, якая ішла па ўзгорку, аставалася кіламетра паўтара. Трава стаяла вышэй за калена, густая, моцная, як дрот. Ногі гудзелі ад язды і ад хадзьбы. Туманоўскі спыніўся, выцер спацелы лоб рукавом курткі, азірнуўся: старое балота яшчэ давала напамінак пра сябе. Нягледзячы на спякотныя дні, на суш, якая стаяла навокал, а на ноч, у самых лагах, над канавамі пачынала слацца лёгенькая бялявая намітка. Туманоўскі ўспомніў, як гаварыла Вера, што недзе тут, на канавах, асталася яшчэ старая крынічная старыца, абрасла кустамі і туды ходзяць нават у самую спякоту купацца. Ён пачаў азірацца навокал. І ў купцы асінніку заўважыў яшчэ адзін хляўчук. Але гэтае адкрыццё не ўзрадавала Туманоўскага. Ён злавіў нават сябе на думцы, што лепей бы не ўгледзеў ён гэтага хлеўчука. Не хацелася мучыць ногі па густой траве. Але ён усё ж пайшоў. І калі падышоў бліжэй, сэрца страпянулася: да хлеўчука быў след. Да яго і пад'язджалі, і падыходзілі. Туманоўскі паклаў веласіпед у кусты, асцярожна падышоў да хлеўчука. На прабоі быў замок, але павернуты старчма, дужка ўніз. Ён узяўся за замок. Здагадаўся правільна — замок не замыкаўся. Знайшоў! Сена наслана свежае, завалена парожнімі бутэлькамі. У куце вялікая абшарпаная сумка, поўная бутэлек, кансервы, хлеб… Адразу ж успомнілася, што гаварыла Вера пра абкрадзены магазін. Туманоўскі асцярожна і хутка выйшаў з хлеўчука. Калі выйшаў, азірнуўся. Светла, па-летняму няспешна надыходзіў вечар, ціха было, і ад гэтай цішыні, здавалася, пачынала звінець у самога ў вушах. Толькі пасля таго, як падняў веласіпед, каб ехаць, Туманоўскі крыху апамятаўся. Ехаць і званіць у міліцыю? А што ён скажа? Што бачыў бутэлькі? Бутэлькі так і астануцца бутэлькамі. Патрэбен той, хто прынёс гэтую здабычу. Туманоўскі на імгненне нават уявіў, як высачыць ён зладзеяў. Во будзе пачатак артыкула. Туманоўскі замаскіраваў веласіпед і сам прысеў за кустом, глядзеў на сцяжынку і чакаў. Вечарэла, стома брала сваё, і Туманоўскі нават пачаў паклёўваць носам. Ачнуўся Туманоўскі ад таго, што нешта моцна шарахнула ў яго ззаду за кустом. Ён падхапіўся на ногі, завярнуўся, каб угледзець, што там ці хто, але нічога ўгледзець не паспеў: нешта балюча пеканула яго ў лоб, у вачах нібы разляцелася на кавалкі, а потым на густы рой драбнюткіх іскарак. РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ у якім маёр Пяткевіч сваім рашэннем ратуе Туманоўскага. Маёр Пяткевіч паволі ішоў бетоннай набярэжнай. Скрозь плыткую ваду было відаць пазелянелае, загнанае тванню дно. Ён знарок выйшаў з упраўлення, каб абдумаць усё, улічваючы апошняе паведамленне Камара, якому сам следчы не надаваў асаблівага значэння і якое ўстурбавала Пяткевіча. Гэта было прадчуванне ўдачы. Цяпер неабходна ўсё ўзважыць, не зрабіць памылковага ходу. Самае дзіўнае, што ў час росшуку найбольш фактаў раскрылася ў сувязі з крадзяжом жывёлы. Крадзеж у людзей — гэта толькі асобныя выпадкі ў параўнанні з тым, што за апошнія гады прападала з калгасных пашаў, летніх лагераў, са свінарнікаў. Значыць, працаваў добра наладжаны канвеер. Першыя праверкі сталічнага базару, абласнога цэнтра не далі вынікаў. Камар рыхтаваў карту месцаў, дзе адбываўся крадзеж. Яна павінна паказаць месца збыту накрадзенага. Бетонная набярэжная кончылася. Пачалася мяккая сцежка паўз самую ваду да старога моста, які служыў цяпер толькі пешаходнай пераправай. Па мосціку Пяткевіч перайшоў на другі бок. Тут на прасторнай лугавіне дзічэў недагледжаны парк. Над вадой нізка нахіляліся старыя пакручастыя вербы, ніжняе ніцае галлё даставала да самай вады. Пад вербамі вада здавалася чорнай, застылай, як смала. Праверка на гарэлачным заводзе пакуль што не дала жаданых вынікаў, злавілі толькі двух «несуноў». Дзяжурства ў бары таксама не прынесла новых звестак. Адна толькі з пастаянных наведвальніц успамінала пра нейкага інжынера, у якога надта добрая дача за горадам, і пра «баксёра», які заўсёды з ім. Пасля таго як Камар далажыў маёру пра падазронага хлопца, на якога выйшла раённая міліцыя там, дзе пакалечылі старога, маёр успомніў гэтую інфармацыю. Маёр памятаў медыцынскае заключэнне пра калецтва і міліцыянера і старога: «удар тупым цяжкім прадметам». У сувязі з гэтым выплывала ў памяці клічка «баксёр». Кулак баксёра можа быць такім прадметам. Не, гэта хутчэй жаданне, а не вывад, нават не інтуіцыя… Праверыць, асцярожна праверыць усё па парадку. Сказаць пра сваю версію Пяткевіч нізавошта б нікому не адважыўся — надта ж розныя былі справы, каб звязвацца ў адну. Ён вярнуўся ва ўпраўленне і распарадзіўся перадаць у раён — затрымаць хлопца і прывезці да яго. Дзяўчыну таксама запрасіць на гутарку. Семежаў тросся ў прапыленым «газіку» і лаяў былога аднакурсніка. Яму, Семежаву, Камар даручыў даставіць Аляхновіча. А таксама Алёну. Ужо потым, пасля гаворкі з Камаром, Семежаў спахапіўся, што не ўдакладніў, як дастаўляць у абласное ўпраўленне Алёну. Пра хлопца было сказана зразумела і канкрэтна, а пра Алёну — што з ёю хоча пагутарыць Пяткевіч. Рашэнне з Алёнаю Семежаў прыняў сам — выпісаў ёй выклік на імя Камара і даў яго тэлефон. Няхай Камар разбіраецца сам, як хоча. Не будзе ж ён браць яе на ноч і трымаць пад замком. Ля хаты Міхаля Рудзя Семежаў міжволі акінуў вокам тое месца, дзе знайшлі знявечанага старога, быццам цяпер мог знайсці тут нешта такое, што б магло дапамагчы следству. Алёну ён пазнаў, калі машына яшчэ не пад'ехала да варотцаў. Яна ў кароценькім халаціку праганяла ад двара вялізную чараду цяжкіх белых качак. На нагах у яе былі пляжныя гумавыя шлёпанцы. — Што б вы падохлі! Не накорміш вас! Яна збянтэжылася Семежава. — Добры дзень, — павітаўся Семежаў і сурова зірнуў на шафёра, які падміргнуў яму. — Вам, Алёна Міхайлаўна. — Ну што, праверылі? Сестрыны часікі? — Не. Сястра ваша пакуль што ў водпуску… — Як у водпуску? Яна ж сказала… — Алёна не дагаварыла, асеклася, пачырванела. — Заўтра вам трэба вярнуцца ў горад. Пазвоніце па гэтым тэлефоне, вам скажуць, калі прыйсці. Дзяўчына асцярожна ўзяла паперку. — Усяго добрага, — развітаўся Семежаў. Ён усміхаўся сам сабе з таго, якая фізіяномія будзе ў праведнага Камара, калі да яго на гутарку прыйдзе тая самая, з кім ён парыўся разам у лазні і якую праводзіў ноччу ў горадзе. Пра тое, як знайсці хату, дзе спыніўся Аляхновіч, Семежаў распытаўся ў мужчыны. Ён, пакуль адказваў Семежаву, прыглядаўся да міліцэйскага «газіка», да сяржанта, які кляваў носам. Семежаву здавалася, што сяржант спіць не толькі цэлую ноч, але і цэлыя дні і не высыпаецца: колькі яны ні выязджалі разам, сяржант шчыра драмаў. Мужчыну не здзівіла, што міліцыя пытаецца пра Аляхновіча. Хату Семежаў пазнаў адразу. Яшчэ і не старая, і моцная, яна быццам бы неяк асела крыху, прытулілася да зямлі і прытаілася. Гэта, можа, здавалася ад таго, што паўз платы густа і высока прабівалася зелле, зусім звузілася, зарасла спарышом сцяжынка на двор, вісеў на адным цвіку кол у плоце, скрэблі і прарэзалі канаўку ў зямлі стаўбцом абвіслыя варотцы… У такіх хатах дажывалі адзінокія старыя. Старая была на двары. Стаяла пры высакаватай калодцы і секла галлё на дровы. Тут жа ляжала і вязанка сухога галля, невялікая, перавязаная тасьмовым пастронкам. Паўз сцяну галлё было складзена роўным кастром. Старая запасалася на зіму. — Змерзнеце, цётка, па такіх дровах, — сказаў Семежаў. Бабулька падняла голаў, паклала на калодку сякеру. На Семежава паглядзелі сінія спакойныя і сур'ёзныя вочы. — Дзень добры, — павітаўся Семежаў. — Дзень добры. Старая яшчэ глядзела на яго, чакала, што ён скажа і чаго ён тут. — А дзе ваш Васька? — папытаўся Семежаў. — А-а, — старая з палёгкаю расслабілася. — Чорт яго ведае. Ён, бывае, па некалькі дзён не паказваецца, бадзяюцца з гэтым Заторам. Звёў гасподзь бог пару! — Ён унук ваш? — Які ўнук! Унукі ў мяне малыя… Мой дурань пакінуў жонку, а цяпер сам бадзяецца, прападае. Старая кіўнула галавою, нібы паказвала і на хату, і на агарод. — Мо каб быў тут, то не распіўся б і не разбасячаў так. Унукі б прыязджалі. Памог бы мне троха, то я і карову б яшчэ яму трымала, і парася б пакарміла. А так і сама гібею. Пайшоў некалі ў свет, усё роўна як за свет. Старой хацелася пагаварыць. Яна неяк падабрэла ўся і яшчэ больш, здавалася, пастарэла. — Сваяк гэты Васька? — Чорту лысаму сваяк! Прыехаў, сказаў, што гэта яго Шурык да мяне прыслаў… Сірата, у водпуск на лета. Я, дурная, была ў Волькі і малака дагаварылася… А ён з-пад другое каровы малако любіць. Пасядзеў спачатку ціха, а потым з гэтым Заторам як знюхаліся, і пацякло-палілося. Ужо і ў мяне дзесятку ўзяў — пазыч, кажа, старая, трэба. П'яны, вочы чырвоныя. Дала, думаю, яшчэ стукнеш ці папхнеш, то рассыплюся ці скалечуся. — І даўно ён сядзіць тут? — Даўно. Нейкі тут раз прыязджаў да яго на машыне адвячоркам. Недзе пасля таго, як Міхаля стукнулі. Мабыць, насварыўся на яго. Бо дзён колькі як мыш пад мятлою. Пакуль яму пісьмо не прыйшло. Грошы былі ў пісьме, я бачыла. Вот тыя грошы і не далі спакою, пайшоў прапіваць. — А што, ён у гэтага Затора і начуе? — Не, тут недзе на пашы будка пастухоўская, то адтуль, я прыкмячала, разоў колькі ён ішоў агародамі. Цяпер жа лета, дзе хочаш і пераначуй. А вы хто ж такі будзеце? — старая нібы спахапілася, што многа нагаварыла невядомаму чалавеку. — Я, цётка, з міліцыі. — Мой мо што там нарабіў? — Не, нам кватарант трэба. — Слава богу. Вы ж яго звязеце, а не — прыкажэце, каб сюды больш не паказваўся. Я ўжэ сама да ўчастковага ісці хацела, каб адправіў яго куды. — Адправім, цётка. Дзе тая пастухоўская будка? — А за канец выедзеце, налева зразу, паўз поплаў будзеце ехаць, а там і ўгледзіце. Домік такі з дошак. Там алешнічку купка. Яна здалёк і відна, і домік пад алешынкамі там у цяньку. — Дзякуй, цётка. Што, так і збіраецеся з гэтымі дрывамі зімаваць? — Торфу ж прывозяць, чаму. Я ж пенсіянерка. А гэта на падпал. Сяржант усё яшчэ драмаў у машыне. — Прачынайся, Асцюк. А то спрасонку мяне зловіш замест гэтага Ваські,— штурхануў Семежаў міліцыянера і загадаў шафёру: — Давай у канец вёскі і налева паўз поплаў. Тое, што сказала старая пра прыезд на машыне да «кватаранта», аж скаланула Семежава. Менавіта, што прыезд гэты быў якраз у тыя дні, калі напалі на старога. Проста так супасці гэта не магло. У супадзенні Семежаў не верыў. У надвячэрнім прыцемку ён адразу ўгледзеў на роўным поплаве невялікі астравок дрэваў і кустоў і маленькую будыніну ў іх. Да доміка вёў леташні, зарослы травой машынны след-дарога. — Давай туды, — загадаў Семежаў. Машына лёгка, мякка, як па дыване, памчала да доміка. Да доміка заставалася метраў дзвесце, калі Семежаў заўважыў, што ад кустоў мільганула чалавечая постаць. — Давай за гэтым! — крыкнуў Семежаў, і машына пайшла ў аб'езд кустоў, падскокваючы ўжо на няроўным поплаве. Семежаў бачыў, што чалавек азіраўся на машыну, якая ўсё ж ехала хутчэй, чым бег ён да далекаватага яшчэ шнурочка кустоў, які цягнуўся па поплаве. Больш не было дзе схавацца тут. — Стой! — крыкнуў Семежаў, калі машына амаль параўнялася з уцекачом. Следам за Семежавым на хаду выскачыў і сяржант Асцюк. — Чаго так бегаем, Аляхновіч? Часікі ж вам падарылі,— з усмешкаю сказаў Семежаў. Васька прысеў, сцяўся ўвесь, гатовы рвануць з месца, падскочыць. Вочы яго востра рэзалі па баках, а рукі, сціснутыя ў кулакі, варушыліся, гатовыя біць. Семежаў глядзеў на гэтыя рукі і паволі неяк міжвольна даставаў з кішэні наручнікі. Ён бачыў, што Аляхновіч не астыў яшчэ ад уцёкаў, ён яшчэ быў гатовы бегчы, кідацца. — Рукі, уверх рукі,— загадаў Асцюк, і хлопец неяк адразу быццам аслаб, гледзячы на пісталет у руках у міліцыянера. Рукі паволі пачалі падымацца, але падняць іх угору Семежаў так і не даў — надзеў наручнікі. — Пайшлі паглядзім, Аляхновіч, што там у цябе за бярлог, — загадаў Семежаў і паказаў на хляўчук. Аляхновіч моўчкі пайшоў наперадзе. Ля кустоў першы заўважыў чалавека Асцюк: — Таварыш следчы! Чалавек вунь! На траве ляжаў мужчына ў вылінялай брызентавай штармоўцы, і сяржант адразу ж нахіліўся да яго. — Хто такі? — запытаўся Семежаў у Аляхновіча. — Адкуль я знаю! П'яніца нейкі прывалокся і ляжыць… — Валодзя, аптэчку дай сюды! — папрасіў сяржант у шафёра, і той заспяшаўся да яго, на хаду адкрываючы аптэчку. Асцюк пачаў націраць скроні незнаёмага нашатырам, даў панюхаць яго, і чалавек цяжка закруціў галавою, быццам сіліўся прачнуцца. Потым ён расплюшчыў вочы, няўцямна, аднекуль зглыбоку паглядзеў на міліцыянераў, якія нахіліліся над ім, прамовіў: «Чаго гэта так галава баліць?» — і зноў заплюшчыў вочы. Асцюк абмацаў кішэні незнаёмага, дастаў невялікую чырвоную кніжачку, разгарнуў яе: — Глядзіце, таварыш следчы. Карэспандэнт. Семежаў узяў у рукі карэспандэнцкае пасведчанне, коратка запытаўся ў затрыманага: — За што вы яго? Той нічога не адказаў. Семежаў падышоў да хлеўчука і прысвіснуў, гледзячы на батарэю бутэлек, кансервы і іншы набытак. — Асцюк, ідзіце гляньце! Аказваецца, і тут спецыялісты па магазінах… Валодзя, давайце да вёскі, вазьміце пару чалавек — і сюды. — Ёсць, — коратка адказаў шафёр. Аляхновіч моўчкі сеў на траву, паклаўшы перад сабой рукі ў наручніках. У галаве чамусьці была адна недарэчная думка — трэба было ускочыць у хляўчук і выліць, а не ўцякаць. РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ у якім маёр Пяткевіч выходзіць на фінішную прамую. Пяткевіч моўчкі глядзеў на Аляхновіча. Коратка астрыжаны, круглагаловы, ён неяк асунуўся ўвесь, толькі час ад часу пазіраў на свае кулакі, якія ляжалі на каленях. Пяткевіч не спяшаўся задаваць пытанні. Ён ведаў ужо амаль усё, пра што не хацеў прызнавацца гэты зусім яшчэ малады хлопец. Пяткевіч глядзеў на ягоныя рукі, што міжвольна скручваліся ў кулакі, і думаў пра тую кароткую дарогу, якая прывяла хлопца сюды. Звычайная сярэдняя гарадская сям'я, звычайны вучань у школе, які не надта ўлягаў у навуку, але і не з горшых, не дысцыплінаваны, але і не парушальнік. Займаўся спортам, абараняў гонар школы, а потым і вучылішча. Звычайны гэпэтэвушнік. Не, не зусім звычайны: дырэктар паставіў умову, што калі бацькі забяруць яго з васьмі класаў, то адзнакі будуць выведзены болей-меней. Увогуле ціхі. І каб было ціха, бацькі забралі са школы. Займаўся боксам. Трэнер спадзяваўся на яго. «Звычайная» кампанія ў двары, «звычайныя» сябры… Прывод у міліцыю за бойку, вядома, выпадковую… Потым «звычайныя» бойкі, час ад часу «звычайныя» прыводы ў міліцыю. Дома, калі прыходзіць п'яны, бацькі ўжо не чапаюць, бо хмель дурны, можа тыцнуць кулаком. Грошай у бацькоў не просіць, але і сваіх не дае. Жыве сам на сябе. Саромеліся перад людзьмі, смецце з хаты не выносілі. Але і не праверылі, адкуль грошы, дзе прападае падоўгу. Чакалі, што восенню ў армію, можа, там вылеціць дурное з галавы. У армію ён не пойдзе, маёр Пяткевіч ведае пра гэта. — Скажы, Аляхновіч, ужо больш года ты нідзе не на рабоце. Дома ты грошай не бярэш. Хто корміць і поіць цябе? За што? — у працяг сваіх думак запытаўся Пяткевіч, хаця пачаць допыт хацеў з другога. — Пры дружках не прападзеш… Хлопец насцярожана паглядзеў на маёра. Пяткевіч адчуваў, што ён нечага баіцца. — Хто ж ён, гэты багаты дружок? — Ну што вы да мяне прысталі! Не лез я ў гэты магазін! Дурны Затор папёрся і прывалок! Я не знаў пра гэта! І часікаў не краў! Сама мне дала! Яна і не толькі часікі… Ёй што, яна ўкормленая, дагледжаная, ёй маладзенькага захацелася. Чаго вы хочаце ад мяне! Пяткевіч глядзеў, як Аляхновіч стукаў сябе па каленях, і калі той заціх, напаўголасу папытаўся: — Клімакін? За што? Аляхновіч стомлена апусціў рукі. Нейкае імгненне глядзеў на Пяткевіча са здзіўленнем, якое потым скамянела на твары спалохам. — Не знаю я ніякага Клімакіна! Не знаю!.. — Чаго ты так спалохаўся? У пісьме нічога лішняга… Пяткевіч паклаў пісьмо, якое знайшлі ў Аляхновіча, на стол. Маёр ужо ведаў, што гэта той чалавек, з якім Аляхновіч «апрацоўваў» Гарбуза. Чалавек, які быў У бары ў дзень, калі напалі на міліцыянера. Пяткевіч не сумняваўся, што з раёна прыйдзе пацвярджэнне, што гэта Клімакін прыязджаў да Аляхновіча ў вёску ў той час, калі абрабавалі старога… Гэта ўжо не супадзенні і не інтуіцыя. За ўсім стаіць адна рука… Пакуль што яна так і застаецца таямніцай. На паштамт па пісьмо Аляхновіча ён не прыйшоў, значыць, і не збіраўся прыходзіць… У пісьме Аляхновіч прасіў грошай і дазволу вярнуцца ў горад. — Ладна. Чаго Клімакін прыязджаў да цябе? — Прывёз грошы і загадаў, каб сядзеў ціха… — І ўсё? — Усё. — За што ён даваў табе грошы? За прыгожыя вочы ці за тое, што ты вазіў гарэлку ў «Каштан»? — Я гарэлку не вазіў. Я сачыў, каб Кранік прывозіў… — Як ты находзіў Клімакіна? — Ён сам находзіў мяне. У барах альбо дома… — …Каб ты быў пры ім і біў па яго загаду? — дагаварыў за Аляхновіча маёр. Хлопец не запярэчыў, угнуў голаў. — Чаго Клімакін аціраўся ў «Каштане»? — Паўз барменшу цёрся. На дачу яе да сябе хацеў угаварыць… З-за яе баяўся, што адлупяць. А яна паплёўвае толькі на яго. Ён і гэту, што мяне з часікамі сыпле, туды цягаў… Аляхновіч паспакайнеў, калі гаворка пайшла пра барменшу, пра дачу, пра дзяўчат Клімакіна. — Дзе яго дача? — Не знаю. Ён мяне туды ні разу не пусціў. — Аляхновіч, ты думаеш, што выпадкова трапіў сюды? Часікі, магазін… Дарэчы, твой дружок гаворыць другое: што ты і падвучыў яго красці. — Сволач! Заторам быў і Заторам астанецца! — Ты куды ездзіў з Клімакіным вечарам, як ён прыязджаў да цябе? — Нікуды. — Дапусцім. Чаго ж прыязджаў Клімакін? — Праверыць. — Што праверыць? — Ці праўда я тут, у вёсцы. — Значыць, ён цябе адправіў з горада. То ты за ім бегаў, а то ён за табой, як за персонай. Чаго раптам? Мы ўмеем лічыць, Аляхновіч. Калі і чаму ты выехаў з горада — гэта раз, і што было, калі да цябе заехаў Клімакін, — два… Тут міліцыянер, там дзед… Потым і журналіст. Пяткевіч бачыў, як зноў у хлопца сцяліся кулакі, ён аж прыўстаў з крэсла. — Я п'яны быў!.. Выйшаў на двор, а ён нюхае! Гляджу — нюхае! Я раз яму!.. Я нічога не хацеў!.. Я не помню!.. Толькі пужнуць, каб больш не нюхаў. Ну што вы да мяне прычапіліся! Не чапайце мяне! Я нічога не хачу, я сам па сабе!.. У хлопца пачалася істэрыка. Пяткевіч націснуў кнопку званка — выклікаў канвой. Маёр яшчэ нейкі час сядзеў за сталом. Прызнанне Аляхновіча пра напад на міліцыянера і той факт, што ён быў у вёсцы ў той час, калі скалечылі старога. І гэты таямнічы Клімакін таксама там… «Удар цяжкім тупым прадметам…» І тут і там. Ім можа быць і кулак, як у гэтага маладога і дужага яшчэ алкаголіка. Выходзіла, што і спекуляцыя гарэлкай, і крадзеж скаціны работа адной шайкі-лейкі, усе канцы сыходзіліся на гэтым самым Клімакіну. Калі не ён сам арганізатар усяго, то ведае, хто над усімі. Пяткевіч зняў трубку: — Камар? Дзень добры. Па Клімакіну ў цябе ёсць што? — Не. Таго Клімакіна, якога шукаем мы, няма ў горадзе. І машына таксама не зарэгістравана… А што ў вас новага? — Аляхновіч прызнаўся, што ён напаў на міліцыянера. Той выпадкова ўгледзеў, як Гарбуз выгружае гарэлку… Клімакін быў тады ў бары. Ён адправіў Аляхновіча ў вёску. Прыязджаў да яго, праверыць… У тыя дні скалечылі старога… — Пяткевіч не дагаварыў да канца. Але па напружаным дыханні ў трубку Камара здагадаўся, што лейтэнант зразумеў, што меў на ўвазе маёр. — Аляхновіча я перадам табе. Самае галоўнае — Клімакін. Маёр паклаў трубку. Цяпер ён не сумняваўся, што такога чалавека няма. У таго іншае прозвішча. Адзіны выхад на яго, зачэпка — Алёна Рудзь. Маёр запомніў сказаныя Аляхновічам словы, што Клімакін вазіў яе да сябе на дачу. РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ пра тое, як бясследна зніклі адразу два чалавекі. Сонца засвечвала ў акно ярка, і цень ад галінкі пакалыхваўся на сцяне над самай галавой. З прачыненага акна павявала ранішнім халадком, водарам саду і лета. Мужчына не расплюшчваў вачэй, прыслухоўваўся да дачнае цішыні. Некалі, калі быў яшчэ малы, гэтаксама яму не хацелася прачынацца раніцаю, і з акна гэтак жа павявала ранішнім халадком, крышку пахла кропам. Чамусьці запомніўся яму гэты лёгкі кропавы пах з грады. Ён чуў, як збіраецца і ад'язджае на работу бацька, як лёгенька фыркае маторам ягоны начальніцу «Масквічок», як маці і бацька стараюцца гаварыць цішэй, каб не пабудзіць яго. Яму часта ўспаміналася гэтая раніца, быццам адна яна толькі і была. Маці ў халаце, у мяккіх пантофлях, бацька, лысы, круглы, з жывоцікам, як і мае быць начальніку, па якога нават дадому прыязджае машына. Дзіўна, цяпер маці носіць прадаваць на аўтобусны вакзал кветкі, якіх многа расце ля дома. І бацька памагае ёй — падносіць вядро з кветкамі… Тады ён канчаў сёмы клас, здаў экзамены, атрымаў адну толькі чацвёрку. Коля Трацякоў запрасіў яго да сябе — адзначыць. Трацяковы жылі на той жа вуліцы, таксама ў прыватным, пасля вайны пабудаваным доме. Па Колевага бацьку таксама раніцай прыязджала машына. Яна не толькі прыязджала, але і ездзіла да дома цэлы дзень, падвозіла Колеву маці на базар, у магазіны, нават Колю ў школу. І Коля першы надзеў у класе вузенькія штаны-дудачкі, прыйшоў коратка астрыжаны» Гэтаму нават ніхто не здзівіўся — нават настаўнікі прызнавалі, што Колю можна тое, на што іншыя не адважыліся б. Ён ведаў, што ісці з пустымі рукамі да Колькі нельга, яго папярэдзілі, што з кожнага мінімум па бутэльцы сухога віна. Яму тады хацелася да Колі, усё роўна як трапіць у нейкі іншы, вышэйшы свет. Ён не ведаў, як сказаць пра гэта маці, не тое што папрасіць у яе грошай. Грошы ён узяў сам, у буфеце на кухні. Два рублі. На іх купіў бутэльку чырвонага сухога віна. Ён запомніў ягоную дзіўную назву «Мельнік». Да Колі выйшаў з дому ціха, калі пачынала вечарэць. Маці калупалася на градах і не заўважыла, куды ён пайшоў. Можа, ад таго і запомніўся густы, вільготны крыху пах кропу. У Колі ўсё было нечакана: на стол прыгатавана ў прасторнай верандзе. Стаяла гародніна, закуска, сюды ж Коля перанёс з пакоя радыёлу. Самае дзіўнае, што накрываць на стол памагала Колю маці. І бутэлька сухога віна. Коля маргнуў яму, каб прынесеную бутэльку не паказваў. Ён здагадаўся і хуценька схаваў яе за дзверы. Колева маці кончыла ставіць на стол, прыбралася сама і села ў машыну, якая прыехала па яе, — «каб не замінаць маладым», як какетліва сказала яна. Потым пілі віно, гаварылі. Да Колі ў большасці прыйшлі старшакласнікі, таксама ў вузкіх штанах. Іграла непрывычная музыка, тая, якую ягоны бацька называў не інакш як бугі-вугі. Было весела і добра. Потым яны пайшлі ў гарадскі парк на танцы, і ён таксама танцаваў, як танцавалі Колька і яго сябры, праўда, не пасярэдзіне, а з краю танцавальнае пляцоўкі, дзе было крыху прыцемней. Ён нават паспрабаваў і курыць тады, хоць цыгарэта не падабалася яму. Дадому вяртаўся позна, крыху ахмялелы і шчаслівы. Маці плакала дома. Бацька ў піжаме злосна тупаў туды-сюды па пакоі. Першае, што ён зрабіў, гэта навотліў, з адцяжкаю, тры разы ўдарыў яго. Нічога не папытаўся, толькі сказаў: — Гэта табе за грошы, якіх ты не зарабіў! Гэта табе за бугі-вугі! Гэта табе за тое, каб быў чалавекам! Маці толькі ўсхліпвала, як па нябожчыку. Яна была амаль знішчана тым, што адбылося, і яе сын, адзіны сын, павінен быў гэта адчуць і спазнаць. Яна потым усё ж сама давала яму грошы, употайкі ад бацькі. І штаны-дудачкі купілі яму, і вузенькі гальштук. Але пасля. Здаецца, з таго часу ён пачаў прыглядацца да жыцця, да бацькоў, да таго, як жыве Колева сям'я. Яны ездзілі на машыне, яны сустракалі гасцей, у іх было ўсё. Ягоны бацька гаварыў, што за такое трэба садзіць, выганяць з работы. Да яго ўсё гэтак жа ціхенька раніцаю прыязджаў «Масквічык», забіраў на работу, а вечарам прывозіў назад. Ён бачыў, што Колю не трэба было зубрыць, — той быў упэўнены, што здасць за дзесяць класаў і паступіць. Над ім жа сядзела маці і прымушала, як першакласніка, правярала, толькі што не ставіла ў кут. Слава богу, што хоць вучоба давалася лёгка і ён сам хацеў хутчэй паступіць, каб толькі вырвацца з дому, у якім усё правільна. Тады ён зажыве так, што не снілася нават і Колю… Ён паступіў. На другім курсе пазнаёміўся з чалавекам з невялікаю сівенькаю бародкаю. Ён лабарантам працаваў у інстытуце. А кватэрка была, як музей. Чалавек гэты здабываў грошы не толькі даўніною. Маладзенькія перакупшчыкі і спекулянты ішлі праз яго рукі. У яго можна было павучыцца, як рабіць грошы. На трэцім курсе ён не паехаў да бацькоў па стыпендыю. Ён ужо меў сваю «жылу», да яго пайшлі грошы. Мужчына расплюшчыў вочы, мацнуў рукою — добра было б, каб нехта драмаў побач. Гэтая думка адразу ж і ачнула яго, і вярнула ў рэальнасць. Тонка пазвоньвалі ў лесе, які пачынаўся непадалёк ад дачы, птушкі. Мужчына больш не слухаў іх, хутка, па-вайсковаму надзеў трэніровачны касцюм, абуў кеды, на двары з рукамыйніка спаласнуў твар за ноч не астылай вадой і лёгенька, паволі пабег па сцежцы, кіўком галавы павітаўся з суседзямі. Суседка Лідзія Яўгенаўна, у трэніровачным касцюме, які абвісаў на ёй, худой і доўгай, і муж яе, Антон Казіміравіч, круглы і пузаты, у майцы, якая была заўсёды выквацана, палолі ўжо грады. Яны праводзілі позіркамі суседа, і ён ведаў, што яны зайздросцяць яму. Лідзія Яўгенаўна зайздросціла таму, што Віктар Антонавіч працуе ў «гандлі». Хаця сусед і тлумачыў ёй, што гэта не зусім «гандаль», што проста ў яго такая пасада ў міністэрстве, якая звязана з прадажай айчынных трактароў за межы краіны. Лідзія Яўгенаўна паблажліва прытварылася, што згаджалася з ягонымі довадамі, бо лічыла, што прыбядняецца сусед па сціпласці. Джынсы ж іхняй дачцэ і самой ёй кофтачку, лічы, падарыў, капейкі ўзяў. Яшчэ яна зайздросціла таму жыццю, якім жыў Віктар Антонавіч: мець такую ўтульную дачу, машыну, такую работу… Ёй нават хацелася ўявіць на ягоным месцы свайго Антона Казіміравіча і тое, як бы яна жыла-прыпявала тады. І калі б яе муж працаваў там, дзе сусед, то яны б зараз збіраліся ехаць за мяжу, і не на год, і не на два… Але тады Лідзія Яўгенаўна ўспамінала, што ім давялося б прадаваць сваю дачу, як прадаў сусед, і дачы ёй рабілася шкода. Лідзія Яўгенаўна ачыналася і заўважала, што разам з зеллем наскубла і морквы, зірнула на Антона Казіміравіча, але той нічога не заўважыў. — Антон, ты ж асцярожна, агуркі патопчаш усе! — прыкрыкнула яна на ўсякі выпадак на мужа, хоць той яшчэ і не наступіў на гурочнік. Антон Казіміравіч таксама глядзеў услед суседу. Таго цялячага захаплення, якім падала ягоная Лідзія да суседа, Антон Казіміравіч не меў. Такіх хлюставатых і пранырлівых ён ведаў і недалюбліваў. Антон Казіміравіч мераў усіх на свой аршын ці аршынчык і лічыў, што калі ты не выседзеў свайго і не даслужыўся гадамі, то проста выскачка, скараспейка. Праўда, пра сябе не дапускаў і думкі, што ён даўгаспейка, ужо і пераспяваць пачынае. Антон Казіміравіч зайздросціў стройнасці і лёгкасці суседа. Гэта нагледзеўшыся на яго, і сам спрабаваў зганяць «гарбузік» з жывата. Садзіўся нават на нішчымную дыету. Але бегаць было цяжка, пачыналі балець ногі, калола ў бок, хацелася раніцаю спаць, а для таго каб бегаць і паспяваць на работу, трэба ўставаць досвіта. Да таго ж яго вечна худая Лідзія ела ўсё ўпадрад і ніяк не таўсцела, таму гатавала страву, не зважаючы на мужавы выкруткі, і пасціцца ён больш тыдня не мог. Урэшце, Антону Казіміравічу і так было добра, на дачу ён не ездзіў без свае Лідзіі ніколі, ды і машыны ў яго не было, каб прывозіць туды маладзічак, як гэта рабіў Віктар Антонавіч. Халасцяку дазволена, нават Лідзія лічыла, што такі відны мужчына можа дазволіць сабе такое. Сёння зноў Антону Казіміравічу захацелася чамусьці быць стройным і маладым. Ён ужо вырашыў, што з заўтрашняга дня пабяжыць. — Шкода такога добрага суседа, — уздыхнула Лідзія Яўгенаўна. — Чаму, старыя, здаецца, таксама людзі спакойныя, — заўважыў пра новых гаспадароў Антон Казіміравіч. — А садраў ён з іх добра, твой Віктар Антонавіч! Не промах! — Бач, якая дачка дагледжаная, як цацка! Таму і ўзяў. — Што тут дагледжана? Сад мо раз падрэзаў. А ўсё пад траўку запусціў. Таму і прыгожа, зялёненька. — Ты лепш гуркоў не патапчы, — перапыніла яго Лідзія Яўгенаўна. Каб гэта раней, калі яна была маладзейшая, то Віктару Антонавічу яна б закружыла голаў. Суседзі бачылі, як вярнуўся Віктар Антонавіч з прабежкі, чулі, як плюхаў ён вадою з рукамыйніка. Потым ад ягонай дачы пацягнула цёплым і вострым водарам толькі што згатаванае кавы. Усё паўтаралася, як каторы ўжо год. Потым яны бачылі, як Віктар Антонавіч у тэнісцы-сетачцы, з невялікаю спартыўнаю сумкаю ў руцэ пайшоў сцяжынкаю цераз лес да возера купацца і загараць. Віктар Антонавіч нечакана спыніўся на сцежцы і азірнуўся — яму здалося, што следам за ім нехта ідзе назіркам, і ён нават пачуў, як трэснула ў чалавека пад нагой сухая галінка. Нікога не было, вытаптаны прыгарадны лес праглядаўся наскрозь, і за тонкімі хваінкамі не магло затаіцца нават і дзіця, не тое што дарослы чалавек. Але адчуванне страху, праціўнае, халоднае, нейкае клейкае, не пакінула яго. Чаму яно прарвалася менавіта тут, у лесе, у цішыні, на адзіноце, ён сам не мог зразумець. Не вытрымліваюць нервы? Віктар Антонавіч усміхнуўся, спрабуючы адагнаць страх. Усё ў яго прадумана, прадубліравана. Памылкі не магло быць. Ён даўно ўжо ўзяў сваё. Даўно пара знікаць, каб жыць, цешыцца і не азірацца ні на што і ні на кога. Ён бачыў гэтае сваё блакітнае жыццё ля блакітнага мора. Не, не распуснае, а прыгожае жыццё чалавека, які заўсёды мае грошы. Работу ён знойдзе, каб яго ніхто не папракаў, каб і часу яна не забірала. У гэта ён верыў свята, пра гэта ён марыў. З таго часу як яшчэ студэнтам пачаў перапрадаваць імпартныя «шмоткі», грошай ён назбіраў у чатыры разы болей, чым некалі вызначыў сам сабе. Значыць, даўно павінен быць ён там, дзе сіняе мора. Паверыў, што ўсё можна, звязаўся з гэтым алкагольным хлопцам з жалезнымі кулакамі. Гэтыя кулакі і падвялі пад міліцыю. Гэтага старога завербаваў. Валя знала яго даўно. За Валю ён не баяўся. Яна са свайго не спусціць. У яе хватка ваўчыцы. І ўсё ж дарма ён сядзіць гэтыя дні на дачы. Гэтая Алёнка, якую ён падпаіў і прывёз сюды, можа паказаць дарогу. Яна ўзненавідзела яго за тое, што ён рабіў з ёй. І Валі расказала. Ён гэта адразу ж зразумеў, калі ўбачыў, як грэбліва таргануліся Валіны губы, калі зірнула на яго. Віктар Антонавіч выйшаў да берага возера, раздзеўся, але, перад тым як увайсці ў ваду, не стрымаўся ўсё ж, азірнуўся. Вада была цёплая, як луг, і гэтакая ж карычняватая. Плаваў Віктар Антонавіч доўга, не спяшаючыся, адчуваў, як ад вады прыходзіць у душу зноў спакойнасць і ўпэўненасць. Праз дзве гадзіны ён вярнуўся дадому, паснедаў і выйшаў з доміка ў светлым летнім касцюме з чамаданчыкам, зайшоў да суседзяў, аддаў ключы. — Вы ж збіраліся яшчэ тыдзень пабыць! — успляснула рукамі Лідзія Яўгенаўна. Суседзі ведалі, што ён едзе за мяжу ў камандзіроўку на пяць гадоў, таму прадаў дачу і машыну. — Падумаў, што да бацькоў трэба заехаць… Перад ад'ездам у мітусні можа не хапіць аднаго дня. — А ў вас бацькі яшчэ жывыя? Вы ж ніколі не гаварылі. — Жывыя. — Добра, перададзім ключы, але такога суседа ў нас ужо не будзе. Лідзія Яўгенаўна скрывіла твар, нібы збіралася нават усхліпнуць на развітанне, але Віктар Антонавіч не стаў чакаць гэтага, падаў сам ёй першы руку, потым Антону Казіміравічу, прыветна ўсміхнуўся. Потым Віктар Антонавіч пайшоў па сцяжынцы, крыху памахваючы сваім звычайным, зусім не знакамітым з выгляду, не імпартным чамаданчыкам. Ён сам сабе ўсміхнуўся, калі ўявіў, як глядзяць услед яму суседзі. Цікава, што было б, каб яны раптам даведаліся, што гэты чамаданчык напалавіну закладзены роўнымі пачкамі грошай. На сваю кватэру ў горадзе Віктар Антонавіч не заходзіў, не паказаўся нікуды, узяў білет, праседзеў у скверыку на вакзале і адвячоркам выйшаў з цягніка ў абласным горадзе, зайшоў у папярэднія касы, узяў білет на заўтра і толькі тады пайшоў на стаянку таксі. Па дарозе дамовіўся з таксістам, каб той абавязкова заехаў назаўтра па яго а палове шостай раніцы, шчодра заплаціў і пайшоў па вузенькай вулачцы прыватных домікаў, якія з усіх бакоў былі акружаны ўжо гмахамі дзевяціпавярховых будынін. Калі назаўтра таксіст прыехаў у вызначаны час, пасажыр ужо чакаў яго. Ніхто ў ранішні час не бачыў, як мужчына, седзячы на лаўцы, ад няма чаго рабіць спаліў камячок паперы. Гэта былі пашпарты і на імя Клімакіна, і на імя Горскага. У кішэні ў яго ляжалі іншыя, загадзя прыпасеныя дакументы… РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ з пагоняй і забойствам. Сяржант спаў, паклаўшы голаў на рукі, якія ляжалі на рулі. Заснуў салодка і не адчуваў ранішняга халадку, які пачаў пранікаць у стары, з пашарпаным тэнтам «козлік». Інспектар дарожна-патрульнай службы старшы лейтэнант глядзеў на яго і стомлена ўсміхаўся. Канчалася начное дзяжурства. Мёртва ляжала і адна, і другая шаша, на перакрыжаванні якіх на абочыне сіратліва стаяла міліцэйская машына. Дарога замерла недзе пасля паўночы, апошнімі прайшлі два міжгароднія аўтафургоны. Потым яшчэ адзінокая «Волга». Украдзенага два тыдні назад калгаснага «уазіка» на дарозе не было заўважана за час дзяжурства — гэтак давядзецца дакладваць старшаму лейтэнанту. Машыну ўкралі ў суседняй вобласці, але на днях прыйшла арыенціроўка, што заўважылі яе ў іхнім раёне. Старшы лейтэнант не надта верыў у тое, што машына яшчэ дзе-небудзь ездзіць, а не ляжыць на дне якой рэчкі ці возера. Праз нейкую гадзіну-паўтары дарога ажыве. Спачатку пойдуць вялікія машыны міжгародніх маршрутаў, а потым, як мурашкі, запоўзаюць раённыя: калгасныя, з аўтакалон. Але гэта ўжо будзе клопат другога. На сёння дзяжурства кончылася. Старшы лейтэнант лёгенька патрос за плячо напарніка, і той адразу ж прахапіўся, сцепануў плячыма. — Завядзі матор, прагрэй машыну. Да паста ехаў «козлік». Старшы лейтэнант не падумаў нават пра тое, што гэта можа быць тая машына, якую шукае міліцыя. Здалёк кінулася ў вочы, што неяк не па-ранішняму ехала машына. Спяшалася яна занадта, ці што. Чыстая добрая дарога, ніякіх сустрэчных. Шафёру за рулём трымай хуткасць і адпачывай. А ў тым, як ішла гэтая машына, адчувалася нейкая мітуслівасць. Старшы лейтэнант тым часам ужо выходзіў з машыны, прывычным рухам выкінуў наперад жэзл, загадваючы спыніцца. Ён ужо бачыў, што машына гэтая не з тых, якую яны шукаюць. Кузаў абабіты бляхай, не брызентавы. Машына быццам і падпарадкавалася загаду інспектара, заміргаў правы падфарнік, але хуткасці не збавіла. Старшы лейтэнант яшчэ ўспеў заўважыць, што нумары былі замазаны граззю і што зад машыны асеў. Ён ускочыў у кабіну, коратка кінуў: — Давай! Тонка заспяваў стартэр, матор завёўся. Сяржант не азірнуўся на старшага лейтэнанта, толькі коратка кінуў: — Дагонім. Яна нагружаная, а ў мяне матор новы. Старшы лейтэнант нічога не адказаў. Машына, якая ўцякала, роўна ішла пасярэдзіне шашы. Непрыкметна, але няўмольна адлегласць скарачалася. Ад уключанае печкі пацягнула цяплом. Сяржант не звяртаў на гэта ўвагі. Калі падышлі да ўцекачоў, старшы лейтэнант добра бачыў, што па нумары быццам знарок мазнулі граззю. Ён зняў трубку. — Дваццаць першы… Даганяю машыну. На трыццаць другім кіламетры. Нумары замазаны. Як зразумелі? Прыём. — Зразумеў, дваццаць першы. Дзяржу на сувязі,— зусім блізка і чыста пачуўся голас дзяжурнага. Старшы лейтэнант ведаў, што на пяцьдзесят трэцім кіламетры таксама стаяла машына. Там на ўсякі выпадак хлопцы павінны быць гатовы. — «Браневічок», як у сваячка майго, — коратка кінуў сяржант, уключыў далёкае святло, маргнуў некалькі разоў і напорыста пайшоў на абгон. Старшы лейтэнант сцяўся: у любы момант тыя, каго яны пераганялі, маглі не пусціць іх наперад, падрэзаць. Але пярэдняя машына ішла роўна. Міліцэйскі «козлік» параўняўся з машынаю і паволі пачаў прыціскаць яе да абочыны. Старшы лейтэнант бачыў за шклом суседняе машыны мардатага дзядзьку. Машына спынілася. Старшы лейтэнант адразу ж выскачыў з машыны. Выйшаў і сяржант. Да іх, не спяшаючыся, выйшаў з машыны і той, хто ўцякаў. Здаровы дзядзька ў брызентавай робе і маленькай берэтцы на галаве. — Ну, здароў, пляменнічак! Думаю, пазнаў свайго, аж, гляджу, даганяеш, — мужчына працягнуў руку сяржанту. — Дзень добры, дзядзька Іван. А я гляджу, ваш нібы «бранявік»… Старшы лейтэнант здзіўлена глядзеў на сяржанта. З машыны выйшаў і другі мужчына, падобны на першага, гэтакі ж і круглы, і чырванашчокі, толькі меншы. І маладзейшы. «Сын», — здагадаўся старшы лейтэнант, падышоў да машыны, ботам скалупнуў з нумара гразь і пайшоў наўкруга. Хутчэй механічна, каб нечым заняцца. Ён не заўважыў, як старэйшы мужчына, не перастаючы гаварыць з пляменнікам, насцярожана сачыў за інспектарам. Маладзейшы ступіў следам. Старшы лейтэнант гэтак жа кароткім ударам нагі збіў камяк гразі з задняга нумара, узяўся за ручку і адчыніў заднія дзверцы, ад нечаканасці адхіснуўся. У гэты ж час па вушах разануў ускрык сяржанта: — Лейтэнант!.. Міжволі ён адскочыў убок, адчуў, як нешта рассекла паветра і балюча пеканула па плячы. Рука хапянулася за кабуру. Другога ўдару ён не пачуў. Сяржант, гаворачы з дзядзькам, з жахам заўважыў, што за старшым лейтэнантам, які адчыніў дзверцы, з'явіўся дзядзькаў сын. У руках у яго ўзляцела ўгору манціроўка. Сяржант успеў крыкнуць і рвануўся на дапамогу афіцэру. Ён не заўважыў, як з дзядзькавага рукава імгненна выслізнула швайка, і сяржант, магло здацца збоку, сам напароўся на яе, скурчыўся. Мужчына яшчэ два разы пырнуў яго кароткімі ўдарамі, пакуль асядала цела на зямлю. Ён бачыў, як сын нагнуўся да інспектара, выцягнуў у яго з кішэні пісталет і мацюкнуўся: — У машыну, такую… Але сын падбег да міліцэйскай машыны, ускочыў на шафёрскае месца, уключыў перадачу і накіраваў машыну ў кювет. Выскачыўшы, сцягнуў з дарогі сяржанта, потым інспектара: — У машыну!.. — крычаў бацька. Цяпер яму хацелася як мага далей ад гэтага месца. — Успеем, — сын азірнуўся: дарога была пустэльная, сухая, на якой не заставалася ніякага следу. Машына раўнула і сарвалася з месца, праз кіламетраў пяць звярнула ўправа, імчала па полі. У машыне маўчалі. Старэйшы глядзеў на дарогу. Маладзейшы курыў цыгарэту. Трэці, калоцячыся ад усяго таго, што ён толькі што бачыў. Яму страшна было нават абазвацца. І пра яго, здавалася, забыліся. Нарэшце машына спынілася, задам заехала ў жыта. Бацька з сынам моўчкі вылезлі з машыны, падышлі да задніх дзверцаў, разам з цэлафанам выцягнулі адтуль двух бычкоў і пацягнулі далей у жыта, да невялікай ямы, якая парасла быльнікам. Потым яны вярнуліся да машыны, агледзелі, ці не асталося ў машыне крыві. Стары старанна загнаў у зямлю швайку, з вушкам, каб і следу не асталося: — Дзе манціроўка? — папытаўся ён у сына. — У машыне. — Выкінь у поле. Крыві нідзе не асталося? Яны агледзелі адзін аднаго. Крыві не было. — Сяргейка ўсё бачыў. Дарэмна мы яго ўзялі. З яго і помачы, як з камара, — коратка кінуў сын, усё яшчэ пільна азіраючыся навокал. — Будзе маўчаць, — адказаў яму старэйшы. — На бацьку і на брата не пойдзе даносіць. Наган табе нашто? — Прыгодзіцца. Цяпер усё роўна. — Паехалі. «Браневічок» выехаў з жыта на палявую дарогу і ўпэўнена папыліў полем далей ад шашы. У машыне старэйшы, не азіраючыся, загадаў: — Ты, Сярожа, нідзе не быў і нічога не бачыў! А то… Бацька не азірнуўся на сына. Той нічога не адказаў. Яго ўсё яшчэ калаціла. Ён і адказаць нічога не мог — здавалася, што ў яго адняло мову. Больш чым праз гадзіну запылены «браневічок» заязджаў у гарадок з супрацьлеглага боку, і яго ніхто не заўважыў. Машына пад'ехала да вялікага, у два паверхі, дома. Маладзейшы выйшаў, адчыніў адны вароты, потым другія, у падвал, які быў пад домам. Машына нячутна скацілася ў падвал, вароты зачынілі, сціх сабака ў будцы, які незнарок, нязлосна брахнуў пару разоў, пакуль разабраўся, што адчынялі вароты і вярнуліся дадому свае. — Таварыш падпалкоўнік, паведамленне з чыгуначнай міліцыі. Затрыманы падлетак, Сяргей Барылка, з нашага горада. Уцякаў на БАМ. Начальнік райаддзела падняў вочы на дзяжурнага — чаму гэта трэба дакладваць яму тэрмінова? — У хлопца адабраны пісталет аўтаінспектара. — Аператыўную на выезд! — загадаў падпалкоўнік, ужо на хаду даслухаў дзяжурнага і аддаў неабходныя распараджэнні. Праз некалькі хвілін адна аператыўная машына імчала на мясакамбінат, другая — на Трэці Палярны завулак, дзе ў падвале, у гаражы, стаяў стары, але добра дагледжаны, з металічным самаробным кузавам «газік». Лейтэнант Васюкоў скоса пазіраў на маёра Пяткевіча і стараўся роўна трымаць хуткасць. Ён адчуваў, што маёр спяшае і хвалюецца. Гэтага хвалявання ён не паказваў. Але не хвалявацца не мог, меркаваў па сабе Васюкоў. Ён сам здзівіўся, калі атрымаў раніцай зводку здарэнняў па вобласці. Маёр Пяткевіч глядзеў на дарогу. Як паведамілі яму, папярэднія допыты затрыманых нічога не далі. Вобшук — таксама. Па забойству міліцыянераў усё было раскрыта, нават знойдзена ў жыце манціроўка і швайка — тое, чым было зроблена забойства. Пра забітых бычкоў версія ў затрыманых была недарэчная: выпадкова ўгледзелі паўз дарогу, пагналіся на дармаўшчыну. Гарадок малы, бандытаў затрымалі на рабоце. Трэба было спяшацца — над імі павінен быць нехта, каго яны, несумненна, баяцца, хто арганізоўваў усю іх работу. Пасля прыезду Пяткевіч адразу ж загадаў устанавіць назіранне за домам, даў загад праверыць усіх, з кім дружылі Барылкі,— такое было прозвішча затрыманых, — на мясакамбінаце. У Пяткевіча не ўзнікала сумнення, што гэты камбінат і ёсць тое месца, куды сцякалася крадзеная жывёла. Шукаць трэба было тут. Сорак пяць хвілін да сталічнага горада. Ён перагартаў лісткі са скупымі звесткамі пра сям'ю Барылкі. Сам амаль дваццаць год на камбінаце, байцом. Сын старэйшы пайшоў па бацькавай дарозе. Працуюць разам. Жывуць у адным доме. Новы дом пабудавалі гадоў пяць назад. У сына дачка васьмі гадоў. Жонка прадаўшчыца ў гастраноме. Старая Барыльчыха нідзе не робіць — пры доме ладны агарод і сад, у вёсцы сядзіба маці. На ашчаднай кніжцы дзве з палавінай тысячы грошай. Узносы паступаюць рэгулярна, пасля зарплаты. З месяца ў месяц. Малодшы Барылка, Сяргей, кончыў восем класаў. Позні сын. Старшы Барылка зайшоў у кабінет усё ў той жа брызентавай робе і маленькай, як на смех, берэтачцы. Вузкія вочы глядзелі на Пяткевіча з круглага твару, і ў іх не прачытвалася ні страху, ні раскаю, ні разгубленасці. Была нейкая глухая туманнасць. — Грамадзянін Барылка, куды вы везлі бычкоў? — Дадому, куды вёз. — Дзе вы іх узялі? — Я гаварыў, адбіліся. Пры дарозе ў кустах стаялі. Пагнаўся на дармаўшчыну. — У вас у хаце не было чаго з'есці? Вочы на імгненне падняліся на Пяткевіча, але праз туман у іх нічога не ўспыхнула. Толькі ў самім руху было і недаўменне, і пратэст. — Ладна. За што вы забілі двух чалавек? Вы знаеце, што вам за гэта будзе? Вочы зноў глуха і тупа паглядзелі на следчага. У іх ажыў на нейкае імгненне неспакой, нейкі прытоены, глыбокі жывёльны страх, не болей. На імгненне следчаму здалося, што чалавек, які сядзіць перад ім, не разумее таго, што ім зроблена, што і забіў ён таму, што ўмеў забіваць, проста і лёгка, адным рухам, каб нават ні голасу, ні гуку. Ён толькі цяжка варушыў на каленях рукамі. — Дзе хаваеце грошы? На гэта Барылка ўстрапянуўся, вочы ажылі, і адказаў адразу: — Усё, што было, на хату аддаў. — Няпраўда, Барылка. Грошы мы знойдзем. Хата будзе канфіскавана, я думаю. Пяткевіч прыстукнуў далонню па стале. Ён адчуваў, што пачынае злаваць на гэтую грамадзіну з касцей і мяса. Толькі пасля таго, як маёр сказаў пра грошы, у вачах Барылкі прарэзалася вострая дрымучая лютасць. Цяпер ён пільна сачыў за маёрам, быццам той зараз мог забраць ягоныя грошы. — Адрас Кульгавага, Барылка. І вочы зноў заслаліся тупым раўнадушным туманам. Барылка быццам і не пачуў, і не зразумеў, пра што яго пытаюцца. На імгненне Пяткевіч падумаў, што ён ягоны равеснік. Гэтаксама канчаў школу, а пасля збіраў сабе багацце. Рабіў і збіраў багацце. І больш нічога. Нічога болей, акрамя багацця. Пяткевіч адчуў, што ў ім закіпае злосць, і каб стрымаць сябе, ён націснуў на званок, коратка загадаў канваіру: — Адвядзіце. Сына да мяне. Сын зайшоў, як жывая копія бацькі. Толькі на галаве не хапала берэткі-блінчыка, і паходка лягчэйшая, не гэтак урасла ў плечы спіна. І бацькавы шэрыя вузкія вочы на тлустым твары неспакойна і спалохана мітусіліся. У іх не было тае тупое і глухое пеляны, якая адгароджвала старэйшага Барылку ад усяго свету. Ён сеў і гэтак жа, як бацька, паклаў на каленях шырокія ў далонях з кароткімі тоўстымі пальцамі рукі. — Вы канчалі школу? — Кончыў. — У арміі служылі? — Служыў. У Карэліі. — Пасля арміі нікуды не хацелі паехаць? — Тата сказалі, каб вярнуўся дадому. — А чаму вы пайшлі на мясакамбінат? — Тата дамовіліся. Я прыйшоў з арміі і зразу ж на камбінат, каб месца не прапала. — Чаму вы не пабудаваліся асобна? У вас жонка, сям'я. Цяпер маладыя сем'і не хочуць жыць са старымі. — Тата сказалі, што на нас і аднаго дома хопіць. — Грошы вы каму аддаяце, ну, палучку? — Маме. — А жонка? — Жонка сваю палучку сабе пакідае. У мамы бяром, калі трэба. — А вы знаеце, што вам павінна быць за зробленае? — Што? Не памілуюць? — За што вас памілаваць? Чаму вы забілі чалавека? — Мне здалося, што тата паказалі галавою, каб я не пусціў яго паглядзець у машыну. Я не хацеў забіваць яго, я толькі стукнуў… У вачах у малодшага Барылкі Пяткевіч бачыў толькі страх. Цяпер маёр разумеў, чаму гэты медзведзяваты Ванька, калі «тата сказалі», трымаў брата, пакуль той паласаваў яго тросікам у гумавым шлангу. — Дарогу да Кульгавага помніце? Бацька сказаў, што пакажаш. Пяткевіч успомніў, што Сяргей Барылка гаварыў пра нейкага кульгавага — чуў пра яго ад бацькі. — Помню. Пяткевіч устаў з-за стала і ўжо на хаду, радуючыся, што малодшы так хутка раскрыўся, быццам між іншым папытаўся: — А як вы аказаліся ў Забалоцці? Вы ж толькі па калгасных фермах бралі. — Сярожка быў у школьным лагеры. Ездзілі адведваць. А ночы тата сказалі, што можна заехаць. Сабе свежанінка будзе. Мы ўдзень яго прыгледзелі. — Манціроўкаю старога білі? — Не, кулаком… Каб не крычаў. — Пакуль што не крычыць. У маю машыну яго, — загадаў Пяткевіч. Праз некалькі хвілін «Волга» і «козлік» з аператыўнай групай выехалі з райаддзела міліцыі. РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ у якім маёр Пяткевіч затрымлівае бандыта. Гарадок разбудоўваўся. Раён прыватных дамоў — У цэнтры месца на прыватную забудову болей не выдзялялі — падбіраўся да самага лесу. І Кульгавы не разлічваў, што гэтак хутка будзе ісці забудова і за ягоным домікам ужо пачнуць капаць траншэі на падмуркі і ўстануць дашчаныя часовыя хацінкі. Ля дома Кульгавага канчалася падсыпаная гравіем дарога, далей, да самага лесу, яе не было. Дом Кульгавага быў пабудаваны не на мясцовы, на нейкі сібірскі лад, ці што. Ён выкапаў глыбокі падвал, і над ім так званы падмурак падняў на добры паверх. А ўжо на гэты падмурак паставіў драўляны, куплены тут жа, у райцэнтры, на знос моцны, яшчэ са стрыжнёвага дрэва, дом. Тое, што чалавек гэтак хутка і гэтак багата забудаваўся, ні ў кога не выклікала вялікага здзіўлення. Чалавек адрабіў сваё на Поўначы, меў дакументы, меў права пасяляцца, дзе яму захочацца. Да таго ж яшчэ быў і інвалідам. У раённай ашчаднай касе ляжалі пакладзеныя ім грошы… Жыў мірна, завёў галубоў, купіў з рук машыну і ездзіў па грыбы і на рыбалку. Больш пра яго ніхто нічога не ведаў, з суседзямі ветліва вітаўся, сяброўства вялікага не вадзіў. Яго і празвалі яны між сабою Кульгавы, хаця накульгваў ён ледзь прыкметна і заўважыць можна было толькі, калі добра прыгледзецца. А сам ён нават і прывабны, дужы з блакітнымі вачыма. Адзяваўся па-маладзёжнаму. Мужчына зайшоў на кухню, уключыў газавую пліту, паставіў чайнік з вадой, зварыў кавы, наліў у кубачак, капнуў некалькі кропель каньяку, прысеў на табурэтку і пакрысе, смакуючы напітак, пацягваў яго і глядзеў з акна. Ён сам не заўважаў, што гэтак вось сядзіць на кухні і часта п'е ўдзень каву, калі хвалюецца. З кухні, як з назіральнага пункта, ён глядзіць на дарогу — толькі па ёй можна дабрацца да ягонага дома. Трывожыцца не было чаго. Усё ішло як і звычайна, не першы год ужо. Не прывезлі толькі свой узнос Барылкі. Але такое здаралася і раней. І ўсё ж нешта турбавала яго. Тое знаёмае адчуванне, якое было і раней, перад тым як яго бралі. Ён не верыў ні ў прыкметы, ні ў прадчуванні, але ад гэтага не станавілася спакайней. Неяк само сабой ён праверыў, ці запраўлены «Масквіч», даліў поўны бак гаручага, выгнаў машыну і паставіў за плотам. Ён нават усміхнуўся, калі ўгледзеў «Волгу» і следам за ёй міліцэйскі «козлік» на дарозе, адпіў глыток кавы, асцярожна паставіў кубачак на стол, дастаў з буфета бутэлечку з бензінам для запальнічак, паліў падлогу, выйшаў з кухні, запаліў запалку, кінуў і зачыніў за сабой дзверы. І тады хутка, па-кашачы выбег на двор, адчыніў варотцы ў глухім дашчаным плоце, сеў у машыну, завёў яе і ціхенька, як крадучыся, паехаў нацянькі поплавам да другой вулачкі. Моцна зробленая з жалеза брама і варотцы былі зачынены з двара. На званкі ніхто не адзываўся. І Пяткевіч адчуў, што іх ужо заўважылі, што гэта не выпадковасць. Ён памкнуўся абысці дом і ўгледзеў легкавічок, які прысадзіста, але хутка праставаў па поплаве. Пяткевіч зразумеў усё адразу, падбег да машыны, адчыніў дзверцы, загадаў маладзейшаму Барылку: — Вылазь! — І адразу ж Васюкову і капітану з раённага аддзела — Тэрмінова ў дом! А сам ужо садзіўся ў машыну, з'ехаў з гравійкі і завярнуў за вугал дома, убачыў, як за пусткаю знік у вулачцы сіні дым машыны. Перад тым як завярнуць у вудачку, Кульгавы азірнуўся: нікога следам. Ён з палёгкай усміхнуўся — цяпер шукай ветру ў полі. Па вуліцы ехаць не спяшаўся, яшчэ раз для кантролю азірнуўся. Маёр Пяткевіч разумеў, што адпускаць далёка ўцекача яму нельга — але і палохаць адразу, на вулачках, якіх ён не ведаў, не хацелася. — Я — першы… Вяду праследаванне. «Масквіч» сіняга колеру. Дваццаць пяць — нуль тры. Устанавіце, хто пражываў па адрасу. Перакрыйце выхады з гарадка… Пяткевіч бачыў, як «Масквіч» выскачыў з завулка на заасфальтаваную вуліцу. Ён ужо тады, калі ўгледзеў машыну, якая ўцякала ад дома, зразумеў, што пагарачыўся, недаацаніў сітуацыю і зрабіў памылку, паехаўшы адразу да хаты. Трэба было абавязкова арганізаваць праверку, назіранне і засады. Разам з гаспадаром «Масквіча» магла абарвацца і адзіная, такая надзейная нітка, якая прывяла амаль што да завяршэння аперацыі. Кульгавы зірнуў у люстэрка задняга абзору міжволі, па шафёрскай прывычцы, калі выязджаў з завулка. Вока паспела заўважыць толькі пярэднюю частку капота, крыло і фару. Але і гэтага было дастаткова, каб ён зразумеў, што за ім едзе «Волга». Чаго яна едзе, сумнення не ўзнікала. Ён адразу ж ірвануў наперад свой «Масквіч», праклінаючы сябе за тое, што паспяшаўся, што не дастаў «жыгуля», на якім не страшна была б і «Волга». — Я — першы… Іду па Валадарскага… Мяне заўважылі,— коратка перадаў Пяткевіч па рацыі, праверыў пісталет і зняў з засцерагальніка. У «Масквіча» не хапала ні магутнасці, ні хуткасці, Пяткевіч гэта зразумеў з палёгкаю, але ягонай «Волзе» не давала ходу вузкая, з глыбокімі выбоінамі ў асфальце вуліца, якая выходзіла на шашу. — Першы, першы, патрулі выйшлі з выхаду Валадарскага на шашу, — нібыта пачуўшы яго думку, ажыла рацыя. — Зразумеў,— коратка адказаў Пяткевіч, выскокваючы следам за «масквічыкам» на шашу, набраў хуткасць. «Масквіч» з усёй сілы стараўся не паддацца. Маёр заўважыў, што патрульны міліцэйскі матацыкл з каляскай заміргаў святлом, спыніўся папярок дарогі, міліцыянер, які сядзеў у калясцы, падняўся, выйшаў крыху насустрач «Масквічу», загадзя выкінуўшы руку з жэзлам. Пяткевіч бачыў таксама, што і другі міліцыянер, які так і астаўся за рулём матацыкла, дастаў з кабуры зброю, каб падстрахаваць таварыша. Пачалі спыняцца машыны, якія ехалі ўслед за міліцэйскім матацыклам. «Масквіч» пачаў збаўляць хуткасць, набліжаючыся да міліцыянера. Пагоня канчалася. Пяткевіч нават расслабіўся на нейкае імгненне, усё было даволі звычайна і проста. І ў гэты час ён убачыў, як «Масквіч» рэзка газануў, ірвануў з месца, левым крылом ударыў у міліцэйскі матацыкл, паваліў яго, ірвануў па дарозе. Ужо краем вока Пяткевіч сфатаграфаваў міліцыянера, які бег да свайго таварыша, якога не было відаць з-за перавернутага матацыкла. Маёр прыбавіў хуткасці, з лютасцю прыціскаючы машыну, гатовы скінуць яе пад адхон. І ўбачыў, як з калоны сустрэчных машын, якая спынілася, паволі выруляваў МАЗ і наўскасяк загарадзіў праезд. Пяткевіч націснуў на тармазы, бачыў, як закруціў па асфальце «Масквіч», павіс пярэднімі коламі ўжо над кюветам. З машыны выскачыў чалавек у спартыўнай куртцы, з партфелем і кінуўся бегчы ў жытнёвае поле. — Стой! — Пяткевіч бег следам за ім, але мужчына нават не азірнуўся. Пяткевіч адчуваў, што дагнаць уцекача яму будзе няпроста. Нібы ў пацверджанне гэтага, мужчына на хаду азірнуўся, ускінуў руку, і Пяткевіч пачуў, як блізка прайшла ў паветры куля. Цяпер трэба было весці пагоню асцярожней. Чалавек, які мае зброю і пачынае страляць па міліцыі, мае за сабой такое, што можа пайсці на ўсё. — Стой! — яшчэ раз крыкнуў Пяткевіч. Адлегласць паміж ім і мужчынам павялічвалася. Але ў адказ на крык уцякач зноў азірнуўся і стрэліў, быццам пацвярджаў, што літасці чакаць нельга. Пяткевіч яшчэ не прыняў рашэння, але ведаў, што губляць з воч бандыта ў полі нельга. Бандыт зноў азірнуўся, і Пяткевіч не ўспеў падумаць, што страляе той упэўнена, адчуў, як нешта пякуча хвасянула па галаве вышэй вуха. Востра, нібы пугай, сербанула. Мацнуў рукой за голаў — рука была ў крыві. Пяткевіч ускінуў пісталет і таксама стрэліў паверх галавы. Бандыт не зрэагаваў на стрэл, але на нейкае імгненне запаволіў бег, усё роўна як задумаўся. Злева па полі ішла міліцэйская машына пад мігалкай, закрывала бандыту дарогу далей. Нібы па інерцыі бандыт яшчэ бег, потым спыніўся, завярнуўся і стрэліў па Пяткевічу не цэлячыся. Маёр бачыў, што страляе ў яго раз, другі, трэці. Усе тры кулі ён пачуў блізка, хрыпла кінуў: — Стой! Бачыў, як бандыт адкінуў убок пісталет, але рук так і не падняў, глядзеў ва ўпор на задыханага Пяткевіча лютымі вачыма. — Кулю б табе ў лоб, сука лягавая! — працадзіў ён скрозь зубы, кінуў пад ногі Пяткевічу партфель, завярнуўся і пайшоў да міліцэйскай машыны, сашчапіўшы за спіной рукі. Маёр азірнуўся, знайшоў у жыце выкінуты бандытам пісталет — затвор быў у заднім становішчы, кончыліся патроны. Партфель напакаваны. Затрыманы нават не азірнуўся, ужо ў наручніках ссутулена ўлазіў у машыну. — Вы паранены, таварыш маёр! — здзіўлена ўсклікнуў сяржант. — Зараз я вас перавяжу. — У машыне. — Поўны партфель грошай! — паведаміў шафёр. — Паехалі,— коратка загадаў маёр. Васюкоў зразумеў усё і адразу. Ён першы пераскочыў цераз агароджу, адкінуў жалезную масіўную зашчапку з варотцаў. З акна густа праз шчыллё вылазіў дым. — З машыны агнятушыльнік! — коратка загадаў ён. Дзверы ў дом былі адчынены. — За вёдры і ваду з калонкі,— загадаў ён разгубленым міліцыянерам. Агонь ужо пачаў вылазіць з кухні па фарбаванай падлозе ў пакой. Адразу ж струменем пены Васюкоў пагнаў яго назад у кухню. Знізу ўжо чуваць быў тупат міліцыянераў з вёдрамі вады. Праз некалькі хвілін з адчыненага акна абгарэлае чорнае кухні выходзілі астаткі дыму і пары. Камар падышоў, зачыніў кран газавае пліты, з аднае канфоркі якое шыпеў газ. — А дзе ж гаспадар? — папытаўся адзін з аператыўнікаў.— Пажар не крымінальнаму вышуку тушыць… — Прадымілі гаспадара, — кінуў у адказ Васюкоў. Зайшоў шафёр. — Таварыш лейтэнант, маёр загадаў пакінуць тут засаду. — Арыштаванага дастаўце ў райаддзел. Вернецеся, машыну пастаўце ў завулачку, перад выездам на вуліцу. Каб не кідалася ў вочы. Стаяць на сувязі,— распарадзіўся Васюкоў. Ён зразумеў, што стаяла за рашэннем маёра. Падышоў, зачыніў акно. — Так, хлопцы, пайшлі агледзім дом. Адзін будзе дзяжурыць на варотах. Другі на тым выхадзе, кудою знік гаспадар. Пайшлі агледзім дом. Звычайная, за прыгожымі варотамі, калі глядзець знадворку, сядзіба выглядала дзіўна і нязвыкла знутры. Першае, што ад варот да самага ганка вяла выкладзеная бетоннымі пліткамі дарога. Двор зарослы рамонкам, дзяцельнікам. Ад вуліцы пасаджаны сад, малады, але таксама нейкі запушчаны, быццам здзічэлы. І ніводнае ўскопанае грады, ніводнае кветкі. За домам збіты з дошак прасторны хлеў для торфу і дроў. Другі, крыху меншы хляўчук, збіты з дошак, служыў за гараж машыне, хаця ад варот дарога вяла да дзвярэй у падвал пад домам, які больш падыходзіў для гаража. Моцныя, акованыя жалезам вароты былі замкнуты. Васюкоў, а следам за ім рабаціністы з твару, рослы і дужы аператыўнік Жэня спусціліся ў падвал па крутой драўлянай лесвіцы. Падвал вымураваны з бетону. Абапал праходу двое металічных дзвярэй. Васюкоў адкінуў зашчапку, адкрыў адны з іх. Дзверы адчыніліся мякка. Адтуль дыхнула холадам. У шафе, зробленай у бетоне, ляжалі цялячыя тушы. Працаваў халадзільны агрэгат. — Фіў-у, — прысвіснуў Жэня, адчыніў наступную шафу. Там таксама ляжалі тушы. Далей за шафамі была ніша. На столі ўманціраваны крукі. Стаялі дзве паяльныя лямпы. Цялежка на нізенькіх колах. Замест крука да столі была прымацавана невялікая самаробная лябёдка. У падлозе пад крукамі канаўка, у канцы якой апушчаная ў бетонную яму выварка. У кутку стаяў маторчык, і ад яго выходзіла вентыляцыйная труба ўгору. На сцяне вісеў скручаны гумавы шланг, надзеты на водаправодную трубу. — Цэх папярэдняй апрацоўкі,— прысвіснуў Жэня. — Асталося ўзяць яшчэ збыт, — коратка кінуў Васюкоў, азіраючыся на дзверы, якія былі зачынены з сярэдзіны на металічную завалу, замкнутую на вісячы замок. Ззаду пачуліся крокі, і Васюкоў убачыў маёра, які спускаўся ў падвал. — Таварыш маёр, — пачаў ён, але Пяткевіч жэстам спыніў, прайшоў сам па падвале, зазірнуў у самаробныя халадзільнікі, агледзеў дзверы. Ён моршчыўся ці то ад болю, ці ад таго, што дапусціў такую прамашку. — Прапаную такі план засады, — зноў пачаў Васюкоў, але маёр кіўнуў галавой, каб ішлі следам за ім. — Зварыць кавы, таварыш маёр? — Васюкоў устаў. — Звары, лейтэнант. Непрыемна пахла вуголлем, як ад галавешак на залітым пажарышчы. Але адсюль, з кухні, як з назіральнага пункта, былі відаць усе пад'езды да дома. Васюкоў паставіў на пліту чайнік. — Урэшце, каб пасадзіць Кульгавага, доказаў хопіць. Барылкі і ён. Ён — асноўнае. Збыт ён арганізоўваў. — Нам трэба той, хто дапамагаў. — І тыя, хто акрамя Барылкі яшчэ пастаўляў яму тавар. — Значыць, гарэлачная справа і міліцыянер з другое оперы? — Значыць, з другое, лейтэнант. — Вы збіраецеся ўсе дні сядзець тут у засадзе? — У засадзе будзе каму сядзець і без нас с табой. Смачна пахне. Ты сам добра гатаваць умееш, таму і не жаніўся дасюль? — Часу не хапае. — Што значыць не хапае часу, будзеш ведаць, як пастарэеш. А каву, мабыць, прыйдзецца адкласці. Пяткевіч устаў — з акна было відаць, як у вуліцу заварочваў рэфрыжэратар. — Я адчыняю вароты, дзверцы шафёра. Ты страхуеш другога, калі будзе ў кабіне, — спускаючыся ўніз па лесвіцы, яшчэ раз паўтарыў Пяткевіч. Ён заўважыў, што ў многіх дамах яшчэ не патухлі вокны, было не так і позна. Ужо стоячы ля варот, ён чуў, як мякка і спакойна пад'язджае машына, і калі яна пад'ехала да дома, прачыніў вароты. Машына прытармазіла, шафёр пачаў заварочваць улева, паставіў машыну ўпоперак дарогі і задам пачаў заязджаць на двор. Машына пайшла на двор упэўнена, і Пяткевіч адступаўся разам з ёй, каб аставацца ў цяні ад кабіны. Заглух матор, ляпнулі дзверцы, і шафёр лёгка, упэўнена саскочыў з падножкі, па-свойску кінуў: — Прыбылі. Прычыні вароты. Ён быў нізкарослы, сярэдніх год. — Рукі ўгору, — ціха загадаў Пяткевіч. Вароты ўжо зачыніў Васюкоў. У святле ліхтара ён убачыў утрупелы ад страху і ад нечаканасці твар. — Марш! Шафёр пакорліва пайшоў у хату. У яго падгіналіся ногі. — Дакументы на тавар з сабой? — З сабой, — паслухмяна адказаў ён. У пакоі Пяткевіч, разгортваючы шафёрскія дакументы, ружовыя запоўненыя лісткі, коратка кінуў: — Ну вось, асталося толькі вагу пазначыць. Мужчына цяжка апусціўся на крэсла, калені яго ўздрыгвалі. Ён не вытрываў, уткнуўся тварам у калені і заплакаў неяк па-бабску, наўзрыд, прыгаворваючы: — Знаў, знаў, што рана ці позна!.. Каб вам калом зямля стала! Знаў, знаў жа!.. — Прозвішча правільнае? — папытаўся Пяткевіч, прыглядаючыся да накладных. — Сволач, каб яму зямля калом! Задушыць яго мала! — мужчына не пераставаў плакаць. — Хваціць, Залатарэвіч. Грошы ж бралі. Выведзіце яго. Гэты страх перад пакараннем ніяк не вязаўся з той лёгкасцю і ўпэўненасцю, нават з бесклапотнасцю, з якой шафёр вылазіў з машыны. Праз некалькі хвілін рэфрыжэратар ціха выехаў з двара, вароты за ім зачыніліся, праз некалькі хвілін за ім ад'ехала ад дома і міліцэйская «Волга». Два аператыўнікі і машына напагатове асталіся несці дзяжурства. Праз некалькі гадзін у сябе дома быў арыштаваны прыёмшчык базы Новак. Падняты з пасцелі ў сваім ладна адбудаваным доме, ён спрабаваў абурацца і пратэставаць, але неяк адразу зніякавеў, калі Пяткевіч з усмешкаю кінуў, што яго чакае кампанія сяброў. РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ у якім маёр Пяткевіч завяршае пошук. Маёр Пяткевіч перагарнуў яшчэ раз лісткі ў папцы, паказаў на крэсла Кульгаваму, якога ўвёў сяржант. — Сядайце, грамадзянін Маёраў. Мужчына асунуўся за апошнія дні, глядзеў на Пяткевіча спадылба. — Перад тым як развітацца, давайце ўсё расставім на свае месцы. Пры слове «развітацца» арыштаваны паглядзеў на Пяткевіча, быццам хацеў разгадаць, што стаіць за гэтым словам. — Вы не хочаце гаварыць? Што ж, гаварыць амаль няма чаго і па тых фактах, што маем. Пра тое, што ўзята ў падвале вашага дома, пра напад на міліцыянера на дарозе. Пра арганізацыю рабаўніцкай шайкі… І ніякі вы не Маёраў, а Сімакоў Яўген Іванавіч, трыццаць восьмага года нараджэння. У свой час прараб на будаўніцтве ў сістэме «Міжкалгасбуда». Памятаеце гісторыю са збытам будаўнічых матэрыялаў? Пераказваць доўга. Адзін з саўдзельнікаў крадзяжу ў асабліва значных памерах. Пяць год строгага рэжыму… У вас асталіся грошы, і, мне здаецца, вы лёгка выйшлі з тае сітуацыі. Ці яна вам дала добрую навуку? Затрыманы маўчаў, быццам усё, што гаварылася, не датычыла яго. Урэшце, ён ведаў, што асобу яго хутка высветляць. — У той час па справе будматэрыялаў праходзіў нехта Новак. Яму суд вынес умоўнае пакаранне. І вось аднойчы да яго з'яўляецца ў госці нехта Маёраў Мікалай Паўлавіч, чалавек, які чэсна адпрацаваў на Поўначы, які вырашае пасяліцца ў горадзе. Новак ужо працуе прыёмшчыкам на базе. Дапамагае па блату таму-сяму здаць жывёлу. У яго і на прыкмеце ёсць людзі. Такія, як Барылкі. Ён дапамагаў ім. Хата пабудавалася, з падвальчыкам. Пайшла работа, пайшлі грошы. Білі не толькі жывёлу, але і людзей… — Людзей не білі. Бралі толькі ў калгасах. — Пакуль бралі ў калгасах, на жаль, усё ішло шыта-крыта. З-за бычка-двух калгасы не заяўлялі ў міліцыю, яны «прападалі». Вось пратакол допыту малодшага Барылкі. Ён не адмаўляе, што ім у Забалоцці скалечаны да паўсмерці стары. — Сволачы! Я так і думаў, што пачалі грэбці самі! Сволачы! Сімакоў прамовіў гэта працяжна, з нянавісцю, быццам толькі зараз знайшоў разгадку таго, чаму ён сядзіць перад маёрам. — Вы нічога не зразумелі, грамадзянін Сімакоў. Рана ці позна ўсё б скончылася. Чым раней, тым лепш для людзей. Вы паказалі, што можна браць і ні за што не адказваць. Вы адрадзілі Новака, вы далі ход прагнасці Барылкаў, і не толькі Барылкаў. Вы нават не пагрэбавалі звязацца з раённымі зладзюжкамі. — Доўга я астаўся на адным месцы. І не шукалі б… Успелі! — Заўсёды ўспелі б. Падумайце, што недарасказалі мне, раю чэсна расказаць следчаму пракуратуры. Пяткевіч адчуваў, што яму няма цікавасці і не хочацца весці допыт далей. Факты былі сабраны, падрыхтаваны дакументы, падмацаваныя паказаннямі саўдзельнікаў, рэчавымі доказамі. Пяткевіч націснуў кнопку. З'явіўся сяржант. Сімакоў недаўменна паглядзеў на маёра, быццам чакаў яшчэ пытанняў і працягу, не хацеў выходзіць з кабінета, туды, на ім самім выбраную дарогу, па якой так не хацелася цяпер ступаць далей. Пяткевіч загарнуў папку, акуратна завязаў яе. Сімакоў устаў, у ягоных вачах зноў мільгануў агонь тае лютасці, якім ён апёк Пяткевіча там, на полі, калі зразумеў, што нікуды яму не дзецца, што яго затрымалі. Пяткевіч нейкую хвіліну сядзеў адзін, потым зняў трубку. — Камар, ну што ў цябе? — Нічога новага, таварыш маёр. — Не можа быць. З кім працуеш? — «Баксёр» нічога новага не даў. Думаю, што яго Клімакін і не падпускаў блізка. — Барменша? — Барменша гаворыць, што ведала яго як частага наведвальніка бара. З грашыма. Інжынер. — Па самой барменшы? — Ніякіх дакументаў, ніякіх доказаў. Дарэмна палезлі ў бар з рэвізорамі. Без барменшы тут не абышлося. Занадта ж вольна яна жыве і адчувае сябе. — Гэта твае фантазіі. Факты дзе? — Факты, мабыць, там, дзе і Клімакін. Рудзь паказала, што Клімакін даўно ведае барменшу. Ён нават прагаварыўся быў, што і работаю, і тым, што выцягнуў у людзі, Кандрацік абавязана яму. — А Рудзь каму абавязана? Кандрацік? — Падобна, так. Кандрацік закінула мне ў гаворцы, што Алёна больш ведае пра Клімакіна, чым яна… Неяк занадта ж з намёкам. — Ну вось і раскруці гэты намёк. Дарэчы, што з сястрой Рудзь наконт таго гадзінніка? — Аляхновіч не схлусіў. Афіцыйна пасведчыла, што ніякі гадзіннік у яе не прападаў. Вось так. — Што яшчэ? — Прасіў сустрэцца з вамі Туманоўскі Ян Данілавіч. Журналіст. Той, каго Аляхновіч аглушыў у полі. Ён ідзе па справе як пацярпелы і сведка. — Чаго сустрэцца? — Збірае матэрыял для газеты. На маральна-этычную тэматыку, так сказаць, хоча раскрыць прычыны і ўмовы, якія прыводзяць да злачыннасці. — На тым тыдні. Усё ж высветлі, што мела на ўвазе Кандрацік, гаворачы, што Рудзь лепш ведала Клімакіна. Трэба шукаць яго. Як бачыш, кража жывёлы — асобная справа. Я перадаю яе следчаму пракуратуры, няхай раскручваюць да канца. Назаўтра Камар выклікаў Валю да сябе. Яна зайшла лёгка і прыгожа, усміхнулася. Толькі губамі і вачыма, нібы гэтым ашчаслівіла. — Дзень добры. — Дзень добры, Валянціна Рыгораўна. — Ну, можна і проста Валя. І сустрэцца маглі не ў кабінеце, а на беразе мора. Ці магу лазеньку заказаць, пазваніце Пашку, няхай прыедзе. Яна ўсміхнулася стрыманай, халоднай усмешкай. І ў кожным яе руху было адчуванне сваёй перавагі, сваёй вышэйшасці. Холадна глядзелі вочы, і яны здаваліся плоскімі, без глыбіні. Яна нібы хацела паказаць, што можа ўсё тое, чаго не можа ён, Камар, якому яна зараз вымушана падпарадкавацца, але яна не надае значэння гэтай часовай ягонай перавазе, бо на самай справе перавага на яе баку, за ёй апошняе слова. — У лазні нам больш разам не мыцца. І не загараць таксама. А з Пашам — гэта ваша прыватная справа. З вамі я сустрэчы назначаю не таму, што мне хочацца. — Пашу я магу і пазваніць. А вам я б ніколі не пазваніла. Усе вашы фантазіі не выходзяць за аколыш міліцэйскай фуражкі. Што такое жыць па-сапраўднаму, вам ніколі не зведаць… — Значыць, знаёмства з Клімакіным у вас выпадковае? А вось Рудзь гаворыць, што вы даўно знаёмы? — Алёна? Адкуль ёй ведаць? Урэшце, я адзінокая і прыгожая жанчына, ён адзінокі мужчына. Але не гэта вас цікавіць. — Па сведчанню тае ж Алёны, ён не з тых, хто вам падабаецца. — А як ён спадабаўся ёй пасля загараднай прагулкі? Няхай пра гэта яна вам і раскажа. Гэта і ўсё, што вы хацелі ў мяне папытацца? Калі яшчэ што ёсць, то не адкладвайце — у мяне білет, я лячу ў Сочы. Там цёпла, там мора і там на пляжы вясёлыя мужчыны. Яна ўстала, падала Камару пропуск. Усміхнулася. Камар моўчкі адзначыў пропуск. З кожнай сустрэчай з Кандрацік ён адчуваў, што яна выклікае ў ім нейкую глухую хвалю абурэння. Яго злавала і яе ўсмешка, і гэтая прыхаваная пагарда да яго, нікчэмнага і дробнага, — так і не іначай яна глядзела на Камара. І гэтыя словы пра Сочы, пра раскошу траціць грошы ў рэстаранах яна сказала знарок, каб паказаць сваю перавагу, каб даць зразумець, што да яе, багатай і маладой, яму ніколі не дацягнуцца. Алёна Рудзь зайшла ў кабінет насцярожана. — Што, Алёна, будзем гуляць у хованкі яшчэ? Дзе вы сустракаліся з Клімакіным акрамя бара і што пра яго ведаеце? Камар прыстукнуў далонню па стале і ўстаў. — Я гаварыла вам… — Ад мяне толькі што выйшла Кандрацік. Яна гаварыла другое. Дзяўчына ўсхліпнула: — Мне брыдка гаварыць… — Гаварыць брыдка, а рабіць?.. Я слухаю. Дзе вы яшчэ сустракаліся з ім? — У яго на дачы. Ён катаў спачатку мяне на катэры, потым паехалі на машыне. У яго дача. А там, потым… Не, я не магу ўсяго. Валька сама падвучвала мяне пагуляць з ім, а пасля ўхмылялася! — Вы можаце паказаць, дзе дача? — Я не помню. — Па якой дарозе вы ехалі? — Па Усходняй шашы. І там чыгунка недалёка. Электрычка праходзіць. — Паедзеце са мной. Пачакайце ў калідоры. Праз дзесяць хвілін шэры «жыгуль» ад'ехаў ад абласнога ўпраўлення міліцыі. Алёна перастала шмыгаць носам, падпудрылася і пазірала на Камара. — Правільна едзем? — Правільна. А там далей будзе з'езд направа, зноў на асфальтавую дарогу. Гэта я помню. А потым пасёлак. Вялікі такі, у ім павярнуць налева, па вуліцы. Там з аднаго толькі боку дамы. А потым па лесе дарога. — Глядзі ўважліва. Дачны пасёлак пачынаўся за ўзгоркам, і з лесавое дарогі быў відаць вялізны масіў садовых домікаў. Пры ўездзе ў пасёлачак стаяў драўляны магазінчык, да яго цэнтральная лінія вяла ўздоўж усяго пасёлка. Ад яе па парадку адыходзілі лініі-вуліцы. Камар завярнуў на першую лінію, ехаў паволі па вузкай, абсаджанай кустамі, бэзам, маліннікам дарозе. Зблізку домікі не здаваліся такімі падобнымі адзін на аднаго. Гэта былі стандартныя, купленыя і зманціраваныя, самаробныя, са сваёй архітэктурай, з верандамі, мансардамі і вострымі, як у церамках, дахамі. Стаялі і звычайныя перавезеныя і пастаўленыя вясковыя драўляныя хаты, некаторыя на высокім падмурку, са з'ездам у падвал-гараж. — Не, недзе ўсярэдзіне. Звычайны стандартны домік… Праехалі другую, трэцюю, чацвёртую лініі. — Не, гэта недзе ўсярэдзіне пасёлка… Я не помню. Здаецца, жаўтлявыя сцены. І залацістыя шторы на вокнах. Праўда, акно з пакоя выходзіла ў сад, не на дарогу. І плота ад вуліцы там не было. Пафарбаваных охрай было дзве трэці домікаў. Абыходзіць усе і глядзець на шторы ў тое акно, якое выходзіла ў сад, не было магчымасці ды і патрэбы. Камар усё ж праехаў да канца ўсе лініі. Домік Алёна так і не змагла пазнаць. На малой хуткасці ў машыне было душна. — Ён што, цябе з завязанымі вачыма сюды вёз, гэты Арнольд? — не стрымаўся Камар, калі яны выехалі з пасёлка, каб ехаць назад у горад. — Я ж нічога не думала. Балбатала з ім. На катэры мы выпілі шампанскага. Ён крышку, а я астатняе, а пасля шампанскага… Камар скоса паглядзеў на дзяўчыну і вылаяў Семежава: гэта ён пазнаёміў яго з гэтым ягняткам, якое ў горадзе замест навукі выбрала работу ў бары, якое возяць па дачах сумніцельныя мужчыны, якое потым гатова толькі плакаць і прасіцца, каб дома ні пра што не даведаліся. Баіцца, што перастануць даваць грошы ці вернуць назад да сябе. Добра, што тады ў яго хапіла вытрымкі і не пачаў заляцацца. У Камара нават узнікла жаданне спыніць машыну, высадзіць яе на ўзбочыне, няхай дабіраецца па гарачыні да горада, як хоча. — На якім вы катэры пілі? — амаль механічна задаў ён пытанне, бо катэр і вада ніякага дачынення не мелі да гэтага раскінутага ў лесе за горадам дачнага пасёлачка. — На выратавальным. На возеры ў горадзе. Арнольд узяў там катэр, і нас каталі па возеры. — Хто даў вам катэр? — А там Арнольда ўсе ведаюць. На выратавальнай станцыі. У яго там нават і шампанскае ў запасе. Апошняе спадзяванне было на выратавальную станцыю. — Раскажы мне, як ты пазнаёмілася з Кандрацік? — Дома думаюць, што я вучуся завочна ў тэхнікуме, а раблю на заводзе, аператарам на эвээм. Я правалілася на экзамене. Трэба дадому ехаць, а як падумаю, што дома мяне поедам будуць есці, потым кармі гэтых свіней-гусей… Села і раву ў скверыку. Яна ля мяне села, распыталася, дадому завяла. На работу ўстроіла, прыпісала. — Хто яна? — Ну, Валя, барменша. — Ты ў яе жывеш? — Не, на кватэры. Яна памагла мне найсці. — Так і думаеш пасуду мыць усё жыццё? — Не. Валя абяцае, што ўстроіць мяне афіцыянткай ці буфетчыцай. Завочна ў гандлёвы тэхнікум паступлю. Цяпер хто звязаны з гандлем… Алёна спахапілася, не дагаварыла. Яна паўтарала чужыя словы. — І чым жа ты аддзячыла яе за дабро… — Ну… Я прыбіраю ў яе кватэры, мыю… — Бясплатная домработніца? — усміхнуўся Камар. — Не, яна мне плоціць шэсцьдзесят рублёў. — Выходзіць, ты зарабляеш у месяц, як інжынер. З Клімакіным Валя знаёмая? — Ён часта ў бары бываў. А так я іх не бачыла разам. — Хто і што прывозіў у бар, ну, акрамя тавараў з базы? — Не! Нічога ніколі! Праўда! Дзяўчына гаварыла шчыра. — Вось што, калі хочаш астацца чалавекам, кідай гэту сваю сяброўку, работу і ўсю мудрасць пра тое, як добра жыць таргашом… А не зробіш, я бацькам пра ўсё паведамлю. Запомніла, што я табе сказаў? — Запомніла. Алёну ён высадзіў у горадзе. Яна больш была яму не патрэбна: на гарадскім возеры толькі адна выратавальная станцыя. Машыну Камар паставіў крыху воддаль доміка, пайшоў за дашчаны шчыльны плот, прайшоў па калідоры цераз домік і выйшаў да прычала, павітаўся, спытаў па-свойску: — Арнольда тут не было? На яго паглядзелі здзіўлена і доктар, і хлопцы-выратавальнікі, якія сядзелі ў цяньку ў альтанцы. — Тут такога няма. Мы не знаем. — А ён прыязджае да вас пакатаць дзяўчатак. У белым касцюмчыку, з лысінаю і доўгімі валасамі… — А, таргаш, — кінуў адзін з выратавальнікаў і гукнуў мужчыну, які калупаўся ў маторы катэра: — Твайго таварыша пытаюцца. Камар бачыў, як хлопцы ўважліва і крыху непрыязна разглядалі яго. Ад катэра, выціраючы рукі анучкаю, ішоў худы і чорны ад загару, нібы прасмалены, мужчына ў плаўках, у заношанай шэрай шапачцы. Камар не чакаў, калі ён падыдзе, адышоўся да доміка, кіўнуў галавой і вывеў мужчыну следам за сабою на другі бок доміка, дзе нікога не было. — Трэба бачыць Арнольда Клімакіна… — А хто гэта? — мужчына востра паглядзеў на Камара. — Гэта той чалавек, які бярэ ў вас катэр, катае на ім дзевачак. — Ніякага Арнольда я не ведаю, — мужчына завярнуўся, каб ісці. — Хвілінку, — Камар паказаў пасведчанне. — Што вы хочаце ад мяне? — Я хачу ведаць, дзе той чалавек, які прыязджае да вас і які катае па возеры дзяўчатак на катэры… — Дакатаўся, падла, я так і гаварыў сваім, — з нейкага пераможнаю лютасцю сплюнуў сабе пад ногі мужчына. — Чуў, што гэтыя сікушкі яго чамусьці Арнольдам завуць. А гэта Віцька Горскі. Віктар Антонавіч Горскі. Мы разам вучыліся некалі ў інстытуце. Я не давучыўся… А ён кончыў, хвастаецца, па заграніцах шастае. Чырвонцамі направа-налева пры дзяўчатах: «Толік, прынясі мой запас…» Гэта мне, як халую. І каб бачыла гэтая ягоная сікушка, чырвонец падкіне! Мужчына зноў сплюнуў, і Камару здалося, што ён ужо выпіў сёння віна, але яму хочацца яшчэ, і таму ён такі злосны і на свайго былога аднакурсніка, і на надвор'е, і на ўсё на свеце. — Пайшлі да мяне ў машыну, і вы раскажаце ўсё па парадку, што пра яго ведаеце. — А больш я пра яго нічога і не ведаю. Тыдні са тры ўжо не паказваўся тут, падла. Дача Віктара Антонавіча Горскага, да якой выехала аператыўная група, ужо была не ягонай, стаяла замкнёнай, чакала новых гаспадароў. Антон Казіміравіч і Лідзія Яўгенаўна са сваіх градак здзіўлена і разгублена глядзелі на міліцэйскую машыну. — Ну, казаў я табе, што злодзей твой таргаш. І кофтачкі табе крадзеныя дарыў,— урачыста прыпужнуў Лідзію Яўгенаўну Антон Казіміравіч, калі ўгледзеў, як міліцыя абыходзіць домік. Адзін з міліцыянераў неўзабаве накіраваўся да іх, прывітаўся і запрасіў быць панятымі пры вобшуку. Лідзія Яўгенаўна пераступіла з нагі на нагу, дачакалася, каб першым следам за міліцыянерам пайшоў Антон Казіміравіч. — Можа, ключы ўзяць ад дачы? — А ключы ў вас? — У нас. Віктар Антонавіч пакінуў, каб перадалі новым гаспадарам. — Вазьміце, — міліцыянер спыніўся, пачакаў, пакуль Лідзія Яўгенаўна схадзіла па ключы. Калі падышлі да доміка, дзе іх чакалі, міліцыянер далажыў, што ключы ад дачы ў суседзяў. Чалавек у цывільным перадаў ключы свайму напарніку, каб адмыкаў дзверы, а сам падышоў да Лідзіі Яўгенаўны і Антона Казіміравіча. — Вы не помніце, калі апошні раз бачылі суседа? — Помню, мы палолі клубніку, — Лідзія Яўгенаўна зірнула на Антона Казіміравіча і выступіла наперад. — Віктар Антонавіч ужо з месяц назад сказаў нам, што едзе аж на пяць гадоў за граніцу. Ён прадаў машыну, потым дачу. Адпачываў тут апошнія дні. Раніцаю бегаў купацца. А потым чуем, кава пахне ў яго з доміка. Ён умеў варыць каву. І зярняты яму прывозілі. Потым глядзім, ён у касцюмчыку і з такім невялікім чамаданчыкам выходзіць да электрычкі. — Куды і чаго паехаў, сказаў вам? — Сказаў. Гаворыць, да бацькоў хоча заехаць перад ад'ездам. Пагасцяваць пару дзён. Нам ключы пакінуў, каб новым гаспадарам дачы перадалі, калі ён сам не паспее сюды заехаць. А што з ім, няшчасце якое? — не вытрывала Лідзія Яўгенаўна. — Не, пакуль што няшчасця з ім няма. Заходзьце, вам трэба прысутнічаць пры вобшуку. Камар не сумняваўся, што вобшук нічога не дасць. Да свайго ад'езду Горскі падрыхтаваўся спакойна. Адчуваў сябе ўпэўнена. Нават машыну і дачу прадаў, каб не траціць грошай. Не баяўся. Камар не паверыў, што Горскі праўду сказаў суседзям і што сапраўды ён паехаў да бацькоў. Аднак трэба было праверыць і гэты ход. Вобшук на дачы, як і на кватэры, нічога не даў. Там гаспадара бачылі даўно. Ніхто не здзіўляўся, бо суседзі ведалі, што работа ягоная звязана з доўгімі камандзіроўкамі. РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ у якім губляецца след Клімакіна-Горскага. На вакзале Камара чакала машына. Інспектар крымінальнага вышуку, малады, круглатвары хлопец, адразу ж падышоў да Камара, прывітаўся і назваўся: лейтэнант Воранаў. Ужо ў машыне коратка далажыў, што паводле назірання за домам Горскіх да іх ніхто не прыязджаў. Старыя дома, корпаюцца на градах, сама Горская рэгулярна зранку носіць на базар прадаваць пятрушку і ўкроп. Стары праводзіць яе да аўтобуснага прыпынку, чытае газеты, глядзіць тэлевізар і выходзіць да аўтобуснага прыпынку сустракаць жонку. Пра маладога Горскага апытвалі суседзяў. Дома ён даўно не быў. Паводле распытанага ў суседзяў, малады Горскі насуперак бацькам пакінуў інстытут, што для іх было страшэнным ударам. Стары Горскі прахадзіў у начальстве да пенсіі. Адзінага сына выхоўвалі з дзяцінства строга, рыхтавалі да дыплома. Хлопчык рос ціхі і пакорлівы, бацькоў слухаў, школу скончыў добра і паступіў у інстытут. Толькі некалькі чалавек з класа паступіла, і сярод іх сын Горскага. Старыя не маглі нарадавацца на свайго Вікторчыка. З трэцяга курса ён кінуў інстытут. Пайшоў на работу ў сталіцы слесарам. У старога Горскага, гавораць, ледзь не ўдар адбыўся, калі сынок прыехаў дадому і аб'явіў пра гэта. Стары выгнаў яго з хаты, заявіў, каб і нагі болей не было. Сын прыязджаў некалькі разоў. Ужо на сваёй машыне. Жыў багата ў сталіцы, гаварыла старая Горская. Але стары і старая радасці ад гэтага не мелі. Апошнія гады ён толькі на святы старым замест падарункаў прысылаў грашовыя пераводы. Па сотні і па болей. Суседзі зайздросцілі і не разумелі Горскіх, чаго яны гэтак перажываюць, што сын не мае дыплома: цяпер тыя, хто без дыплома, зарабляюць лепш. Вось і ўсё, што змаглі высветліць на месцы. — Куды паедзем? — Калі можна, адразу да Горскіх. — Горская яшчэ на базары. Вы, відаць, захочаце пагаварыць і з ёй? — Вядома. — Тады лепш паедзем у гасцініцу. А потым машына падвязе вас да Горскіх. Я заеду па вас. — Дзякуй. Калі будзе машына, я магу з'ездзіць і адзін. — Удвух нам будзе весялей. Што-небудзь сур'ёзнае? — Быццам і не. На ім павязаны продаж і перапродаж. Ён з інстытута заняўся фарцоўкай… Хацелася б нам ведаць усё. — Ясна. Лейтэнант Воранаў пакінуў Камара, пакуль той уладкуецца, і апоўдні асцярожна пагрукаў у дзверы нумара. Горскія жылі непадалёку ад міліцыі, у самым цэнтры горада. Тут, як і шмат у якіх гарадах, асталіся астраўкі прыватных дамоў, забудаваных адразу пасля вайны. Гарады разрасліся далёка, на ўскраінах павырасталі новыя мікрараёны, а вось гэтыя раёны так і зелянеліся пакуль што ў цэнтры. Ля звычайнага, не надта вялікага па цяперашніх мерках драўлянага дамка машына спынілася. Воранаў пайшоў паперадзе, адчыніў веснічкі. Сабакі гаспадары не трымалі. На прысядзібным участку рос невялікі, але ўрадлівы садок, а на градах ад вуліцы — кветкі. Дзверы веранды былі замкнутыя, і Воранаў націснуў на званок. Адчыніў ім сухенькі стары ў акулярах і піжаме… Праз акуляры ягоныя вочы глядзелі па-начальніцку суха і строга. — Мы з міліцыі,— пасля прывітання сказаў Воранаў, але стары пасля гэтага не запрасіў у хату, толькі зірнуў на Воранава і на Камара. Воранаў паказаў пасведчанне, і стары спакойна, але ўважліва прачытаў яго і толькі пасля гэтага сказаў: — Заходзьце. Правёў ён іх у невялічкі чысты пакойчык, пасярод якога стаяў круглы стол, засланы настольнікам, махры якога звісалі амаль што да падлогі. На стале стаяў драўляны гадзіннік, у куце старога выпуску, з маленькім экранам тэлевізар «Рэкорд», пры сцяне канапа з высокаю спінкаю і круглымі кацёлкамі па краях. — Сядайце. Стары прыняў са стала гадзіннік, сеў сам і чакаў, што яму скажуць. — Следчы абласнога ўпраўлення, — назваў Камара Воранаў. — Скажыце, Антон Восіпавіч, сын у вас быў даўно? — У мінулую пятніцу. Прыехаў вечарам, пераначаваў і раненька паехаў. — Куды паехаў? — Не сказаў. Папярэдзіў толькі, каб не палохаліся, можа, надоўга і наўрад ці зможа падаць вестку. — Усё? — Усё. — Можаце ўспомніць, пра што вы з ім гаварылі? — Мы з ім больш ні пра што не гаварылі. У нас з ім даўно няма пра што гаварыць. Я не ведаю, чаго ён прыехаў. Ён жыве па-свойму, па-цяперашняму. Паказацца хацеў, што багаты? Я пра гэта ведаю. Камар пачуў, як за плячыма ў яго нехта ўсхліпнуў. Ён азірнуўся. У дзвярах стаяла поўная, сівенькая старая жанчына. Гэта яна не стрымалася і ўсхліпнула, слухаючы мужа. — Перастань, Маша. Даўно ясна было, што дабром ён не кончыць. Лішнія грошы дабра чалавеку не давалі ніколі. — Заходзьце, Мар'я Гаўрылаўна, сядайце, — запрасіў Воранаў. Жанчына зайшла, села на канапу. Памаўчалі, яна саўладала са слязьмі, пачала гаварыць. — Ён адзін у нас. Пасля вайны і нястача, і ўсё. У людзей кавалачка хлеба не было. Слава богу, мы маглі накарміць яго і дагледзець. Антон рабіў усё жыццё чэсна, здароўе паклаў. Мы і яго так вучылі. Ён быццам і слухаў. А потым пайшлі гэтыя моды. То валасы кароткія, то доўгія, то штаны вузенькія, то шырокія, то сукеначкі, што далей нельга… — Мы яму ніколі волі не давалі,— строга ўставіў Горскі. — Праўда. Я часам дам яму на што грошы, то Антон сварыўся. Слава богу, вывучыўся, паступіў. А пасля прыехаў цераз два гады, мы яго не пазналі. Грошай аднекуль у яго. Дадому віно прыносіць, п'е. На танцы, у рэстаран. Тут у нас па суседству Трацяковы… Яго, старога, з месца на месца колькі пераганялі! Ён і сам то з жанчынамі блытаўся, то дадому валок. Але блат у яго ўсюды быў. Ён свайго сынка таксама ўстроіў вучыцца, хоць таго і са школы ледзьве выпхнулі. А бацька падмазаў, паступіў. Дак вот, прыехаў наш і з гэтым Трацяковым як злыганыя. Дзяўчат тут пачалі вадзіць. Ну, бацька, каб прыструніць яго троха, пачаў гаварыць… А ён на бацьку ўсяк. Што ненавідзіць і нас, і гэты дом, і тое, што мы тут святымі прытвараемся, што яго мучылі і што ён спаў і сніў, каб школу хутчэй кончыць, каб ад нас вырвацца… Што ён тады нагаварыў! Аж страшна! Бацька на яго: вон — а ён сабраўся і пайшоў! Плакаць не буду… Пасля нам грошы прысылаць пачаў, як на злосць. А пасля і на машыне прыехаў. Разадзеты. Ужэ і не піў, і не цягаўся тут альбы дзе. Я аж зарадавалася. А ён не запыніўся. Як чужы ад нас паехаў. Нават адрасу свайго не аставіў. На паштамт сказаў, каб пісалі… — Жыць раскошна пачаў. Цяпер модна стала раскошна жыць. Не той у пашане, хто чэсна робіць, а хто грошы мае, — уставіў стары. — Рана ці позна, як і па нашага, міліцыя прыедзе па такіх. — Што ж ён хоць натварыў? — Пакуль нічога. Скажыце, у вас ёсць фатаграфія сына? — Ёсць, а як жа. Старая ўстала, прынесла альбом, разгарнула яго і падала фотаздымак Камару. З фатаграфіі на яго глядзеў пастрыжаны, пры гальштуку, у касцюме малады хлопец студэнцкага ўзросту, акуратны, строгі, як з Дошкі гонару. — А пазнейшай няма? — Не, больш няма. Я яго такім і памятаю. А цяпер нейкі з доўгімі валасамі, лысы. Усё роўна як і не той. Цяпер прыязджаў, заснуў, я падышла, глядзела на соннага. Усё роўна як чужы чалавек, а не той маленькі Віця. — Нічога не сказаў, куды паехаў? — Не, толькі што надоўга і невядома, ці пабачымся… Так пажартаваў, калі выпіў тут з бацькам. — Па багатае жыццё зноў некуды паехаў. Змалку ён на яго зайздросны быў, хацелася яму такога. Цяпер міліцыя шукае. Не верыў мне. Стары Горскі цяжка пракаўтнуў нешта даўкае і яшчэ больш ссутуліўся. — Ён, можа, украў што? Бо паехаў, а на стале, я гляджу, пачак з грашыма пакінуў. У нас ніколі гэтулькі грошай не было. Калі з-за іх шукаеце, то вазьміце, яны нам не трэба. Горская, як нешта гарачае, падала Камару дзве пераклееныя банкаўскай лентай пачкі дзесятак. Камар падаў назад старой грошы. — Можна ў вас папрасіць фатаграфію? — Гэтую? — Гэтую. Старыя замяліся. — Не бойцеся, мы вам аддадзім яе назад. — Больш у нас не асталося… Камар устаў, развітаўся са старымі. Горскі правёў іх у веранду, і яны пачулі, як за плячыма пстрыкнуў французскі замок. Да машыны з Воранавым ішлі моўчкі. Маўчалі і ў машыне. Было нейкае цяжкае адчуванне на душы. — І сям'я не зладзеяў, не п'яніц. — Затое на другіх глядзеў. Ён і бацькамі пачаў грэбаваць з-за таго, што яны маглі ўзяць і не бралі. Уяўляеце, лейтэнант, рос малады чалавек, а ў яго ўжо нянавісць была за тое, што недадалі яму. Яму хацелася адыграцца. Кінуў вучобу, заняўся фарцоўкай, а потым, відаць, большы бізнес наладзіў. Грошай сабраў, шыкаваць пачаў. А цяпер паехаў недзе раскашаваць. Чамаданчык грошай наклаў і паехаў раскашаваць… — Думаеце, што больш ужо няма Горскага Віктара Антонавіча? — Думаю, няма. Успеў уцячы. Толькі ён памыляецца, не ўтрывае, некалі захоча яшчэ дабраць, яшчэ лепш пашыкаваць… — Шкода, што яшчэ не толькі сабе, а і людзям жыццё спаганіць можа. — Аб'явім росшук. І будзем шукаць, пакуль не знойдзем. Давайце, Воранаў, заедзем у гасцініцу, а потым у аэрапорт. Мне рабіць тут больш няма чаго. Дзякуй за дапамогу. — Няма за што. Такая наша з вамі служба. Машына з вулачкі выскачыла на шырокую, новую магістральную вуліцу, абапал якое стаялі дзевяціпавярховыя нядаўна пабудаваныя дамы. РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ пра тое, як становяцца сябрамі маёр і Ян Туманоўскі. Туманоўскага паклалі ў асобную палату. Толькі праз тыдзень ён пачаў уставаць, хоць і адчуваў, што кружыцца галава і пачынае падварочваць пад грудзі. На другім тыдні, калі ён драмаў, прыкрыўшыся газетай, якую так і не дачытаў, у палату далікатна пастукалі. — Заходзьце, — запрасіў ён. — Дзень добры, Ян Данілавіч. Ой, як жа гэта вас! — Яшчэ ў парозе ўсклікнула Эма Барысаўна. Хударлявая, вастраносенькая, пафарбаваная пад бландзінку, яна трымала ў руцэ букет кветак, а ў другой напакаваную сумку. Туманоўскаму падалося, што ў сваім парыве яна кінецца зараз да яго, каб пацалаваць, і ён на ўсякі выпадак прыкрыўся газетай. — Што, Эма Барысаўна, вы, падобна, у сваты да мяне прыйшлі? — Ай, Ян Данілавіч, вы заўсёды так!.. — Заходзьце, заходзьце, Эма Барысаўна. І я ж саскучыўся без вас, — стараючыся, каб было ласкавей, запрасіў Туманоўскі наведвальніцу. Эма Барысаўна, нязменны рэдакцыйны прафорг, паклала на тумбачку кветкі, пачала выгружаць з сумкі цукеркі, пірожнае і іншую здобу. Старая халасцячка, Эма Барысаўна заўсёды давала на старонкі газеты інфармацыі пра ўсе выстаўкі кандытарскіх вырабаў. Туманоўскі ніколі не любіў і не мог цярпець з дзяцінства салодкага. — А горкага, Эма Барысаўна, няма там на дне нічога? — Ой, Ян Данілавіч! Хіба ж можна ў бальніцы! Эма Барысаўна ўсклікнула так, нібы Туманоўскі прапанаваў ёй забіць чалавека ці саграшыць вось тут, адразу ж. — Сядайце, сядайце, Эма Барысаўна. Ну што вы мітусіцеся. — Ой, Ян Данілавіч, уся наша рэдакцыя ўзрушана, так узрушана… Гэта геройства. Як вы не пабаяліся лавіць гэтых зладзеяў? Рэдактар асабіста прасіў перадаць вам прывітанне, каб вы не хваляваліся. І паездку вашу ён будзе лічыць камандзіроўкай па заданню рэдакцыі… — А на ордэн ужо мне прадстаўленне напісалі ці не? — Ян Данілавіч, паверце, што ўвесь наш калектыў ганарыцца вамі. Асабліва наша моладзь… Туманоўскі ўздыхнуў і не стаў перабіваць болей Эму Барысаўну рэплікамі, счакаў, пакуль Эма Барысаўна выканае свой грамадзянскі абавязак, і толькі потым запытаўся: — Дык што вы сказалі, даражэнькая, наконт камандзіроўкі? — Шэф усе гэтыя дні адносіць вам за камандзіроўку па заданню рэдакцыі. Так што адпачынак за свой кошт застаецца за вамі на будучае. — Дзіва проста. Што гэта я не пазнаю свайго шэфа? Можа, і праўда мне дадуць ордэн? — Больш таго, шэф сказаў, што, калі трэба, ён яшчэ прадоўжыць вам камандзіроўку. Каб вы пра ўсё напісалі, што здарылася з вамі. — Во, змей стары, чуе, дзе пахне матэрыялам! — не стрымаўся Туманоўскі. Тое, што перадаваў цераз Эму Барысаўну рэдактар, пачаў рабіць ужо сам Туманоўскі. Рэдактарскі нюх на цікавую тэму, на цікавы матэрыял быў выключны, і Туманоўскі ведаў пра гэта. — Дык ён, можа, і камандзіроўку мне перадаў ужо? Я яшчэ, мая даражэнькая, на бюлетэні. І невядома, што ў мяне з галавой, ці ў той бок я напішу. — Рэдактар сказаў, што для вашай галавы гэта якраз і добра. Можа, ад такога сатрасення ўсё якраз і на месца стане. — Гэта, даражэнькая, ён па сабе мерае: пакуль яму не абухам па галаве, датуль не пераканаеш. А як ваша новая пакупка, Эма Барысаўна? — Вы не смейцеся. Вось папраўляйцеся, пазвоніце, і я прыеду на сваёй машыне, забяру вас, адвязу дадому. — Го, сядзь з вамі ў машыну, то тады не ў такую бальніцу пападзеш і не так хутка адтуль выберашся! — З групы я сама лепш здала экзамены на правы, Ян Данілавіч. Мне інструктар нават сказаў, што з мяне гоншчык можа быць… — Будзе, будзе, мая даражэнькая… Цяпер вам, Эма Барысаўна, ад кавалераў адбою не будзе. Такая нявеста і за рулём яшчэ. — А ў мяне і так кавалераў хапае! — Чаму ж, я ведаю! — пра сваіх кавалераў Эма Барысаўна любіла пагаварыць, і Туманоўскі разумеў, што гэта надоўга. Туманоўскі паабяцаў і назаўтра ўгаварыў доктара, аўтобусам паехаў дадому. З кватэры ён пазваніў рэдактару. — Дзень добры, дарагі мой шэф! — прывітаўся Туманоўскі. — Здароў, здароў, сышчык. Падлячылі табе голаў? — Падлячылі, падлячылі. А мне тут Эма далажыла, што вы мяне на ордэн прадставілі. — А як жа! Герой. Можа, у міліцыю пяройдзеш ужо, там сышчыкі патрэбныя. — Калі вы мне дасце рэкамендацыю… — Звяжыся з маёрам Пяткевічам. Ён цікавы як герой. Вось табе заданне. Глядзі, як ляжа. Ці адзін нарыс, ці цыкл матэрыялаў. Можаш з заўтрашняга дня… — Дзякую за давер, шэфе. У мяне яшчэ тры дні законнага бюлетэня. — Значыць, праз тры дні і займіся. А наогул, табе што трэба? Лякарства якое, ці што? — Дзякуй. Пакуль што нічога. З маёрам я звяжуся сёння. — Будзь здароў. Рэдактар паклаў трубку. Сонца пахілілася на захад, і белыя, у ледзь прыкметных чорных крапінках ствалы бярозавага гайку засвяціліся мяккім жаўтлявым водсветам. У паветры панавала цішыня і цеплыня. Не спякота, а глыбокая летняя цеплыня. Маёр Пяткевіч з веранды прыглядаўся да гаю, прыслухоўваўся да цішыні. Далей, за гайком, відаць былі палі, ужо таксама мяккія, залацістыя. У гэтай іхняй спеласці адчувалася лёгкая журба спелага лета. Туманоўскі выйшаў з кухні, паставіў на столік паднос з кубачкамі гарачае кавы, прысеў да стала. На радасць Туманоўскаму, маёр аказаўся маладзейшым за яго і сціплым чалавекам, з тых, да каго не прыліпае слава і вядомасць. Вопытны работнік, ён па натуры сваёй не хварэў на гэту карослівую хваробу. Пяткевічу журналіст спадабаўся сваёй ненастырнасцю, спакойным жаданнем ведаць кожную драбніцу. Ён амаль не задаваў пытанняў, дзяжурных, трафарэтных, а ўмеў пагаварыць, і ў гэтых гаворках Пяткевіч знаходзіў нешта патрэбнае сабе. І з самога сябе ўмеў падсмейвацца, расказваючы пра тое, як ён сам учыняў расследаванне ў вёсцы пра смерць свайго сябра: — Ведаеце, я ўжо пасля таго, як паехаў у райаддзел, паглядзеў фатаграфіі і зразумеў, што сапраўды памёр ён. Дагнала яго смерць чамусьці там, у крыніцах. Упаў чалавек. Памагчы яму не было каму, і наўрад ці хто і дапамог бы. Я ж ваяваў і ў партызанах, і на фронце. Смерць бачыў. Гэта быў твар не забітага чалавека, а чалавека, памёршага сваёй смерцю. І не верылася, што так. Знаеце, не верыцца, што ты стары. І сябар твой маладым таксама здаецца заўсёды. Так чалавек зроблены… Туманоўскі памятаў лыжачкай у кубачку. — Тады мне і захацелася даведацца: што гэта за людзі, якія галёкаюць начамі на матацыклах. Мы ў іх гады вымушаны былі па лясах і балотах лазіць. А яны тут п'юць і шастаюць… — Не ўсё ж, Ян Данілавіч, — усміхнуўся Пяткевіч, бачачы, што Туманоўскі пачынае гарачыцца. Яго цешыла гэтая нейкая дзіцячая гарачнасць журналіста. — Яшчэ гэтага не хапала. Але адкуль вось такія Заторы? Пайшоў шукаць… І знайшоў. Туманоўскі ўсміхнуўся, пакратаў рукой голаў. — У сям'і ніколі не было без вырадка. Яно, мабыць, так. Але жахліва, калі мы з чалавека пачынаем рабіць вырадка. Бацькі — патачкай, а мы найчасцей тым, што мая хата з краю і я нічога не знаю. Я ж паглядзеў, усё ў ажуры ў камсамольцаў, і ў партарганізацыі, і ў школе, і ў калгасе. Усюды гладкія справаздачы, мерапрыемствы… А на жывога чалавечка не хапіла часу. Нават такое падумалася, каб не было гэтага Затора, дык апошнімі гадамі ім бы не было на чым рабіць справаздачы за прафілактычна-выхаваўчую работу… Туманоўскі, каб асадзіць сваю гарачнасць, гаварыў іранічна, але за гэтай іранічнасцю праглядваўся боль. Пяткевіч не перабіваў яго. — Вось вы ловіце бандыта. Вы можаце разбіцца на машыне, ён страляе па вас з пісталета. І гаворыце, што ваша гэта работа і што не ўзяць яго вам было нельга. А я хачу з'ездзіць да гэтага таварыша, які там у раёне за прафілактычную работу адказвае, паглядзець яму ў вочы, папытацца. Мне расказала жанчына: звоніць яму, што гэты Затор дома пагром учыняе. А ён, будучы дзяжурным, намякае ёй: што, хочаш, каб у сведкі запісаў, каб пацягалі?.. Прыпужвае. Вось і прафілактыка… Адзін, другі з абармотаў адчувае гэтую прафілактыку, і бяжы, даганяй ужо яго маёру Пяткевічу пад кулямі. А ў таго, згодна справаздачы, эфектыўнасць зніжэння правапарушэння расце… Ад кожнага многа залежыць. — Залежыць, — усміхнуўся Пяткевіч. — Вось гэтага, маладзейшага, Барылку, бацька мучыў, а ён не стаў бандытам. — Гэта паталогія, ці што? Забіваць людзей, як жывёлу. Сваяка свайго швайкай, у сэрца, каб і не пікнуў… А на мясакамбінаце два лепшыя байцы. Старэйшы на Дошцы гонару. — Не, рана ці позна, як вы кажаце, такі б выпадак надарыўся. Нутро б адкрылася. У іх усё замкнулася на тым, каб больш мець. Спачатку збіралі. Выпадкова ўкралі. А потым прыёмшчык сустрэўся. Вось жа выйшаў на іх… — Як яны збыт наладзілі? — Проста. Выпісваліся дакументы на падстаўных. Нарыхтоўка ішла. Тавар забіраўся з халадзільніка ў Сімакова. — І тут не абышлося без таго, што мая хата з краю. Маўчалі, амаль маўчалі калгасы і саўгасы. — Маўчалі. Для іх дробязь, не са сваёй кішэні… Прагнасць згубіла Барылкаў — пачалі і ў людзей падкрадваць, а старога ледзь на той свет не адправілі. — Грэблі дзеля таго, каб грэбці, дзеля грошай… А гэты, што гарэлкаправод зрабіў? — Гэты схаваўся. Змоладу перапрадаваў, хімічыў, грошы збіраў. Усё жыццё звярнуў на тое, каб жыць прыгожа. У пасёлачку сядзеў на дачы, любаваўся сонейкам, пакуль вы і я на рабоце. Прывозіў дзяўчатак разбэшчваць. І заўважце, ніхто не заявіў на яго… Нават горш, мабыць, ад некаторых не мог адагнацца. Ціха, непрыкметна награбаў сабе ў кішэні. Гарэлка, адчуваю, не адзіны ягоны промысел. Можа, кнігі, можа, маркі?.. Ці мала што. І чужымі рукамі. Страшна тое, што недзе асядзе пад чужым прозвішчам, гэтакі знешне сучасны. І многім сапсуе жыццё. Чым хутчэй знойдзем, тым лепш. Шукаем чалавека, які прапаў,— Пяткевіч горка ўсміхнуўся. — Так што вам будзе пра што напісаць і паставіць пытанні. Пачакайце толькі суда. Там будуць у сведках і тыя, хто ў нейкай ступені нясе адказнасць і за Барылкаў, і за Гарбуза, і за Аляхновіча, які з-за таго, каб услужыць свайму шэфу, так гваздануў па галаве міліцыянера, што ледзь на той свет не адправіў. І вас таксама. Туманоўскі сам сабе прамовіў: — Белыя, ружовыя кветачкі… А потым і чорны павой. Мы з вамі гаварылі пра ўвесь гэты накіп. Знешне, калі глянеш, жывуць і багата, і лёгка, і прыгожа, а калі зазірнеш знутры — чорна. Так і павой, калі пасадзіць яго ля веранды, ён будзе цвісці бела, ружова, прыгожа быццам. А як прагледзіш, глушыць усё сабой, і гніллё пад ім пачынаецца. Усё пагубіць пад сабою і згноіць… Чорны павой, як казала Вера, — Будзем палоць, — кіўнуў галавой Пяткевіч. Ён устаў з-за стала, падзякаваў гаспадару. — А пакуль мяне начальства не паслала зноў на тэрміновую праполку і падпісала рапарт на адпачынак, раненька заўтра еду на Прыпяць. Знайдзіце, што ўдакладніць, і прыязджайце да мяне ў палатку. Не пакаецеся. Туманоўскі правёў госця да машыны, паглядзеў услед, усміхнуўся, пацёр рукі: матэрыял атрымаецца і шэфа ён яшчэ раз прыстрашыць тым, што падасць заяву і пойдзе на пенсію. Асабліва небяспечнае Пракурор выклікаў Дземаша да сябе зранку. Выклік быў звычайны, рабочы. Учора Дземаш скончыў чарговую справу. — Вазьміся за гэта, Іван Васільевіч. Перадгісторыя скаргі такая. На заводзе бухгалтарка ў змове з работнікамі ІВЦ абманвала і электроніку, і дзяржаву. Праходзілі на зарплату мёртвыя душы, грошы за іх атрымоўвалі. Цягнулася гэта некалькі гадоў. Кампанія такая: бухгалтарка Кажух, інжынер, падстаўных некалькі. Грошы прагульваліся і прапіваліся… Суд быў у мінулым годзе. Бухгалтарка атрымала восем з канфіскацыяй, яе памочніцы таксама сваё. У час следства ўсплыло, што да гэтага крадзяжу мела адносіны і доўгі час памагала бухгалтарцы тэхнік Волгіна. Яна памерла ў мінулым годзе… Піла яна апошнія гады. А праз нейкі час загінуў яе муж. Аступіўся і ўпаў пад машыну з тратуара. У скарзе намякаецца, што смерці гэтыя невыпадковыя. Больш таго, што Волгіны загінулі з-за таго, што ведалі галоўнага арганізатара і віноўніка ўсіх крадзяжоў — галоўнага бухгалтара. А Кажух і ўсе астатнія — толькі пешкі падстаўныя. Пісьмо супраць галоўбуха, абвінавачванні цяжкія… — Ананімнае? — Без подпісу. — Ананімшчыка можна шукаць і не следчаму па асабліва важных справах… Дыскваліфікуюся, Рыгор Пятровіч. — Не спяшай. Папраўляйся. Пакуль лета, пакуль нічога такога не здарылася. Ён палюбіў свой штодзённы маршрут: па ціхім завулку, зацененым густымі пасляваеннымі ліпамі да трамвайнага прыпынку, потым трамваем на ўскраіну горада і адтуль — да возера. Ён не спяшаўся выходзіць з кабінета, не спяшаўся ісці, не лез штурхацца ў перапоўнены трамвай. Ён цешыўся шчодрым яшчэ, але ўжо не пякучым сонцам, дзіўным, не зразумелым яму дасюль спакоем, які сыходзіў на яго ад гэтае сонечнае ласкавасці, ад цішыні, якая ахіляла яго пасля трамвая ў парку. Там было зелена яшчэ, але ўжо і прасторна, і трава пакудлачаная. У ёй не надта кідаліся ў вочы апалыя сухія лісцікі. Адзінокія, дачасна пажаўцелыя, яны не давалі яшчэ восеньскае прыгажосці дрэвам. У парку, пад дрэвамі, па скудлачанай траве бегала наўкруга група здароўя: больш жанчын і некалькі пажылых мужчын. Было нешта сумнае ў тым, як старанна яны выконвалі практыкаванні, наіўна спадзеючыся вярнуць маладую лёгкасць. Дземаш лавіў сябе на тым, што ён спачувае гэтым людзям. І сам ён зусім нядаўна нізавошта не выбраў бы часу, каб гэтак спакойна і лагодна траціць цэлы адвячорак на дарогу, на цёплую ваду пад негарачым ужо сонцам. Ён нібыта пераступіў нябачную мяжу, уступіў у новы адлік часу: тая пара, калі не было як спыняцца і азірацца нават, калі ад імклівасці гудзела ў жылах кроў, а жыццё здавалася доўгім і падуладным табе, — тая пара кончылася неяк раптоўна. Цяпер нібыта намнога болей стала часу для одуму, і не звінела ў жылах кроў, і не туманілася ў галаве… * * * Тады быў вясновы перадмайскі дзень. Вясна ўзялася сапраўдная. Адгукнулася на сонечную цеплыню зямля, зазелянела лісце на дрэвах, а ў горадзе ў зацішках бела і густа зацвілі чарэшні. Адна з іх расла ў двары перад самым ягоным акном. Дземаш адчыніў акно насцеж, удыхаў жывы водар вясны, адчуваў сябе лёгкім і маладым. Ён скончыў цяжкую і доўгую справу пра лютае забойства маладое дзяўчыны. Ззаду застаўся пошук, які не даваў яму спакою ні дзень ні ноч. Ён падпісваў апошнія паперы і думаў пра сваю аднапакаёвую кватэру, дзе цень ад дрэў і дзе ў адчыненую фортку дыхае вясна. Ён вымыецца ў ванне і засне, як не спаў ні разу за апошнія дні. Дземаш загарнуў папку, устаў, лёгка ўскінуў рукі ўгору, каб пацягнуцца, з хрустам разварушыць плечы, — і адчуў, як востра, нібыта шыла, увайшоў у сэрца боль. Ён нібы ўбачыў і гэтае шыла, і сваё сэрца. Перахапіла дыханне. Паволі ён апусціў рукі. Буйныя, як боб, кроплі поту астудзілі твар. Сэрца не магло здрыгануцца. Ён з мёртвым ужо сэрцам выйшаў на калідор… Потым як скрозь туман ён адчуваў, што яго некуды неслі, нешта рабілі з ім. Ён не чуў ужо ні болю, нічога… Вярнуўся Дземаш на белы свет у цішыні палаты. Па тым як весела гаварыў з ім доктар, зразумеў, што ўсё абышлося не горшым чынам. Потым дактары гаварылі, што ў яго і не інфаркт яшчэ быў, а перадінфарктнае становішча ад ператомленасці. Таму яму надалей трэба жыць крыху асцярожней, памятаць пра тое, што першы званок ужо быў… Ён усміхаўся з гэтае парады. «Асцярожней жыць» асацыіравалася ў яго з тым, што ідзе ён паволі, нібыта яйка нясе на галаве. Тады да яго прыходзіла Лена. Ён толькі-толькі акрыяў, балела яшчэ ў грудзях, калі сястра з радасцю паведаміла, што да яго прыйшла жонка. Усярэдзіне ў Дземаша ўсё здрыганулася: ён не хацеў, каб Лена бачыла яго хворага, ён адвык ужо ад слова «жонка», яно не мела да яго дачынення. Сястра была шчаслівая, што ўзрадавала яго, і нічога не заўважыла. Лена ўвайшла да яго спакойна, прывіталася: — Дзень добры, Іван. Ён кіўнуў галавою. Яна была ўсё гэтакая ж ладная, не надта і рослая, і не надта і прыгожая быццам, але нейкая асаблівая, якой магла быць толькі яна. Прысела на крэсла воддаль ложка. — Лепш крыху? — Лепш. Вочы яе глядзелі на яго спачувальна і спакойна. Знаёмыя яму вочы, у якіх раптам мог загарэцца зялёны вядзьмарскі аганёк. І прычоска ўсё гэтакая ж кароткая, стрыжка. — Як Валодзя? — папытаў ён пра сына. — Дзякуй, нармальна. Паехаў на спаборніцтвы. Яна зразумела, што Дземаш хацеў убачыць сына. Дземаш кіўнуў галавою. Ён здагадаўся, што сын нічога не ведае, яна так вырашыла і пра гэтае рашэнне сказала яму. Толькі цяпер ён прыкмеціў тое, што не адразу кідалася ў вочы: двайны падбародак, які абазначыўся тоненькаю маршчынкаю, складачкі ля куточкаў губ, лятучы, але нейкі жорсткі прыжмур вачэй. Гаварыла Лена ўсё роўна як загадвала, і права на папраўку сказанаму не было. Пастарэла і змянілася яна. Дамаглася, праўда, камандаваць і распараджацца. Ёсць жанчыны, якія не могуць, каб не камандаваць хоць мужам ці дзецьмі. І яны датуль не адчуюць сябе шчаслівымі, пакуль ім не будзе здавацца, што яны дамагліся свайго, што ўсё ў жыцці кружыцца вакол іх. Цяпер Дземаш з палёгкаю думаў: як добра, што яны некалі разышліся з Ленаю. Лена адчула на сабе ягоны доўгі позірк. Калі яны жылі разам, яна не любіла такога позірку. Дземаш адвёў вочы. — Калі што трэба, скажы, я дапамагу. — Дзякуй, пакуль што быццам нічога… Дземаш усміхнуўся і ўбачыў, як паморшчылася Лена. Яна абяцала дапамогу, і ёй гэта лёгка было зрабіць, як разлічыцца з чужога кашалька. Ёй не падабалася ягоная ўсмешка: Дземаш ведаў становішча яе цяперашняга мужа і тое, што ёй хацелася пабыць перад ім былым сваім мужам, бацькам яе сына, высакароднаю. Тым больш што жыццё ў яго склалася не лепшым чынам, як думала яна. І ляжыць у адзіночнай палаце Дземаш таксама дзякуючы Лене. — Калі што трэба будзе, усё ж пазвані. — Скажы Валодзю, як вернецца… — Скажу. Але думаю, цябе выпішуць. Я гаварыла з галоўным. Табе яшчэ пашанцавала… Яна выйшла з палаты ўпэўнена і цвёрда на маладых нагах у маленькіх туфельках з высокімі абцасамі. Дземаш адчуў, як сціскаецца сэрца. Боль, мабыць, адбіўся і на твары, бо сястра, якая зазірнула, хуценька села лічыць пульс і потым зрабіла ўкол… * * * Журботная прасторнасць панавала ў парку асабліва ў буднія дні. Сумавала касірка ў будачцы з сакавітаю шыльдаю саюзатракцыёнаў. Толькі на адной лодачцы-арэлях весела гойдаліся ў купальніках дзяўчынкі-школьніцы. Прывычна лузгала сланечнік вяснушкаватая дзяўчына ў палатцы пракату пляжнага начыння. Была яна надзіва незагарэлая, але на сонца не паказвалася, сядзела ў сваёй рэзідэнцыі, як царэўна, і лузгала сланечнік. Дземаш аблюбаваў сабе месца непадалёку ад вады і ад раздзявалкі. У гэтым месцы было пясчанае, не загнатае ілам дно. Дземаш раздзяваўся, даставаў з аздобленага белым металам «дыпламата» махровы ручнік, цёмныя акуляры, лажыўся і разгортваў кнігу. Кніга пастаянна была з ім. Пра лес, пра чалавека, які толькі і жыве тым, што ходзіць па лесе і піша пра гэта. Чытаў Дземаш кнігу паволі і забываўся, што яна пра лес: пачынала здавацца, што гэта сам ён праходзіць па жыцці… Калі добра прыгравала і ад цяпла рабілася цяжка ляжаць, Дземаш заходзіў у ваду і плыў. Вада была цёплая і густая, а таму здавалася жывою. Узнікала адчуванне, што ён нібы і не плыве, што вада сама нясе яго. Ён пакорліва падстаўляў ёй то адну, то другую шчаку, заплюшчваў вочы. Плаваў Дземаш па паўгадзіны. Калі выходзіў на бераг і клаўся адпачываць, у вушах, здавалася, усё яшчэ роўна і шаўкавіста шумела вада. Ён паварочваўся на спіну, заплюшчваў вочы, і тады здавалася, што ад вады і ад сонца ў ягонае цела ўліваецца сіла і маладосць… * * * Паляжаў Дземаш у бальніцы дзевяць дзён. Першае, што ўразіла яго — раптоўна прапала цяпло, над зялёным лісцем павявала тугім ветрыкам. Пад ім асыпаліся прыжоўклыя і пакамечаныя, зусім нядаўна такія святочныя вішнёвыя пялёсткі. Цяпер яны ляжалі маленькімі сумётамі на тратуарах, і на іх не шкода было наступаць. Дземаш асцярожна ўдыхаў свежае паветра, якое п'яніла яго пасля бальніцы. Яго накіравалі яшчэ на два тыдні ў прафілакторый. Дземаш ведаў, што гэта перастрахоўваюцца дактары. Бадзёра і молада ён узышоў на свой паверх, адамкнуў дзверы, адчыніў форткі, каб праветрыць пакой, напусціў ванну вады, з асалодаю думаў, як будзе ляжаць у белай мяккай пене. Гэтага толькі і не ставала яму, каб быць зусім здаровым. …Боль узнік паволі, аднекуль знутры падышоў да сэрца. Дземаш спыніўся, прыслухоўваўся да сябе. Яму стала аж страшна дыхнуць, паварушыцца, ступіць хоць крок. Ён заплюшчыў вочы і ступіў. Потым мыўся ў ванне, хадзіў у магазін, назаўтра ў цесным і душным аўтобусе дабіраўся да прафілакторыя, наперакор гэтаму болю, прывучаючы сябе да яго, і сябе — не звяртаць на яго ўвагі. Ён не прызнаваўся нават сабе самому, што хвароба пачала пакрысе быццам звужаць ягонае жыццё. На першым часе яна ўмяшалася ў работу. Пасля хваробы яму далі зусім звычайную справу — знайсці паклёпніка, які замучыў дырэктара школы і дзесятак арганізацый, куды пісаў свае ананімныя лісты. Дземашу, следчаму, які разблытаў не адно цяжкае злачынства, неяк і смешна было брацца за гэтую справу. Вядома, начальства яго разумела, але нельга не ўлічваць рэкамендацыі дактароў… Ён і не заўважыў, як запаволіўся рытм жыцця, за першаю дробнаю справаю паплыла другая, трэцяя, стала раптам многа вольнага часу… Лета прынесла Дземашу возера, парк, стракаты, як луг, пляж, кнігу, спакой — тое простае і даступнае, чаго чалавеку амаль ніколі не хапае ці, правільней, на што ў чалавека не хапае часу. Не хапала яго і ў Дземаша, як гаварылі, «прыроджанага сышчыка». Ён толькі скептычна ўсміхаўся, калі гаворка заходзіла аб прызванні: успамінаўся малы смаркаты хлопчык у картовых штоніках на адной шлейцы, з парэпанымі нагамі і пукам шчаўевых «цырбуноў» запазухаю. Ён пасе свіней на аселіцы, яму холадна ў ногі і хочацца есці. Але Банька, седзячы пры свіннях, марыць, задраўшы галаву ўгору, пра тое, каб стаць сышчыкам і лавіць зладзеяў і бандытаў. Успамін пра дзяцінства заўсёды звязваўся з пастаянным адчуваннем голаду і холаду, якім студзіла ногі пастушку раса. І яшчэ Дземаш успамінаў пра Анціка Грышкавага. Анцік жыў у сталічным горадзе, летам разоў колькі прыязджаў дадому на бартавым ЗІСу, сам за рулём. Быў ён невысокага росту, лысаваты. Працаваў на аўтабазе майстрам, і гэта гучала значна і загадкава. Ён меў ужо двухпакаёвую кватэру. Пра тое, што Анцік дасягнуў многага ў жыцці, сведчыў і жывоцік, што, як малады гарбуз, абазначыўся пад белаю тэніскаю-сетачкаю. Гэта быў гарадскі жывоцік, а не той рабочы трыбух, які мелі некаторыя вясковыя дзядзькі. Ён быў старэйшы за Дземаша і ўспамінаўся як стары чалавек, хаця меў тады гадоў за трыццаць. Хадзіў ён па бацькавым садзе ў паласатых піжамных штанах, і гэтыя штаны на гумцы, якія ён час ад часу падцягваў на свой гарбузок, найбольш запомніліся. На ад'езд Анцік грузіў у кузаў мяшкі з бульбаю, карзіну з яйкамі і салам. Сам Грышка, гэтакі ж маларослы, як і сын, толькі худы, быццам верабей, у зашчытным галіфэ і гімнасцёрцы, з ліхімі будзёнаўскімі вусамі, ганарыста дапамагаў сыну грузіцца і моцна, каб чулі суседзі, падварушваў сваю мажную, што кузня, Вольку, якая цяжка дыхала і таксама дапамагала: — Сыр і масла не забыла? А цыбулі са свае грады? Пра апошні клопат — а цыбулі са свае грады? — ён паўтараў нязменна. У вёсцы ад гэтых праводзін засталася прымаўка: «Добра, брат, жывеш, толькі яшчэ каб цыбулі са свае грады». Але гэта пасля. А тады Анцік цалаваў на развітанне маці, шчаслівага і аж пакруглелага ад гонару Грышку. І ўся вёска чула, як раве матор, калі ён ад'язджае… Маці тады гаварыла Дземашу: бач, што дае чалавеку навука. Вывучышся і будзеш, як Анцік Грышкаў. А не будзеш вучыцца, то будзеш, як Меходзіеў, і ў горадзе пустадомкам астанешся. Рыжы доўгі Меходзіеў Васіль таксама прыязджаў з Мінска. Жыў ён у бараку, халасцякаваў. І прыязджаў на веласіпедзе, на спартыўным, у трусах і майцы, з невялікаю сумкаю на плячах. Вядома, у чалавека, які ўдзень адкручвае нагамі больш за сто кіламетраў, ніякі «гарбуз» на завяжацца, ды і на веласіпед не ўзгрузіш ні бульбы, ні нават карзіны з салам. У старога сапатлівага Меходзія не надта і знайшлося б што грузіць… У вёсцы ніхто не чуў, калі Васіль ад'язджаў, бо выязджаць трэба было зранку, каб дакруціць да горада. Дзверцы не ляпалі, не гуў матор. Пакрысе ўслед за Анцікамі і за Васілямі пацягнуліся ў горад «выбівацца ў людзі» вясковыя хлопцы і дзяўчаты… Дземаш усміхнуўся сваім успамінам. Як потым аказалася, уся навука Анціка была ў сем класаў, і працаваў ён простым шафёрам. Рыжы Меходзіеў Васіль, які меў такую ж самую адукацыю, «выкруціў» сабе чэмпіёнскае званне, вячэрнюю дзесяцігодку кончыў, потым інстытут і прыязджаў разоў пару ў вёску на сваім легкавічку… Ён хваліўся, якую мае кватэру, як жыве, напіваўся і хадзіў па вуліцы з чырвонай, як велікоднае яйка, мордаю… Тады ўжо мода была ісці ў навуку, калі не ў інстытут, то хоць у школу ФЗН… Не ехалі паступаць толькі тыя, пра каго ўжо і гаворкі не магло быць. Дземаш паступіў на юрыдычны. Чаму на юрыдычны? Таму, што настаўнікам яму быць не хацелася, а што такое юрыдычны факультэт, ён ведаў даволі прыблізна, але з вёскі там ужо вучыліся… * * * Дземаш сеў. Па возеры чародкаю ішлі тры байдаркі. Мокра паблісквалі вёслы, і лодачкі, здавалася, ляцелі над самаю вадою, а дзяўчаткі ў спартыўных маечках — чырвонай, жоўтай, блакітнай — матылькамі. Гледзячы на іх, верылася, што ў іхнім жыцці ўсё лёгка, проста і шчасліва, як і бывае ў маладосці. Гэтак жа лёгка выляталі з вёсак у невядомае жыццё і яны. Пасля вучобы Дземаша як лепшага студэнта размеркавалі ў горад, у пракуратуру. Ён успрыняў гэта, як звычайнае, пачаў вучыцца рабіць сваю работу. Гэта быў ягоны чэсны хлеб, і новая работа пакрысе стала другою натураю, тым, што цяпер высока называюць прызваннем. Потым ён сустрэўся з Ленаю. Яна пасля інстытута вучыла ў школе. У іх нарадзіўся сын, які вучыўся хадзіць, гаварыць, а потым пайшоў у першы клас… Цяпер усё гэта злівалася ў памяці ў нешта адно шчаслівае, сонечнае, як водсвет на вадзе. Пачыналася ўсё ад першага пацалунка з Ленаю ў яе на двары пад кустом бэзу. Пасля, калі ён цалаваў Лену, здавалася, што ў яго кружыцца галава ад бэзавага чаду… Гэтак жа добра памятаецца, калі ўсё скончылася. Не тыя, дробныя сутычкі, без якіх не бывае жыццё, а тое, калі ён адчуў, што шчасце кончылася. Ён вёў справу пра забойства маладога хлопца, які паехаў на вяселле ў вёску і адтуль не вярнуўся. Знайшлі яго збоч дарогі, якая вяла да прыпынку электрычкі. Забойства здарылася хутчэй за ўсё з-за тых модных джынсавых «дудачак», якія былі на хлопцу… Дадому ён прыехаў больш чым праз два тыдні, калі знайшлі і тыя джынсы, і здаровага, як бугай, вясковага «стылягу». Ён браў бацькаву машыну-цыстэрну, якая начавала пры доме, і ездзіў на танцы. А па дарозе падабраў п'яненькага гарадскога піжона ў штанах, якіх яму не хапала. Ён проста стукнуў, каб не трапятаўся, пакуль будзе здымаць штаны. Ён іх і начапіў на сябе назаўтра, а зняў толькі тады, калі пачуў, што знайшлі забітага… * * * Лены не было дома. Пакуль Дземаш мыўся, прыйшоў з вуліцы Валодзя. — Маці званіла, што пазней прыйдзе. Зрабі з'есці і мне. Валодзя зайшоў у ванны пакой. — Не пытаешся, як у мяне? — А што пытацца, раскруціў, як заўсёды. Ты ж у мяне не пытаешся, як вучоба. Дземаш усміхнуўся: сын падрастаў. Лена вярнулася пасля праграмы «Час». Дземаш выйшаў сустрэць яе, і яна заспяшала пацалаваць яго. — Ты вячэраў? Кавы вып'еш? Я зраблю і табе, і сабе кавы. Каву пілі на кухні. Лена ў доўгім стракатым халаце, ён у трэніровачным касцюме. — Даведайцеся. І мне пазваніце. Як звалі хлопчыка? — Сяргейка ці Юрка. З завода Дземаш паехаў трамваем да возера. Думаў ён не пра галоўнага бухгалтара і нават не пра ананімку. Бухгалтар атрымаў строгую партыйную вымову, зрабіў вывады, як гаворыцца. Думаў ён пра малога хлопчыка, які астаўся без бацькоў, пра той холад бяды і адзіноты, які працяў яго маленькую душу. І гэтага ўжо ніхто не паправіць, ніхто нічога не пераменіць. Яшчэ Дземаш думаў пра тое, што супрацоўніцы Волгінай прыходзілі да яе на дні нараджэння і насілі яго на руках. Цяпер не памяталі нават, як яго завуць. І гэтае прыкрыванне выпівак Волгінай таксама ад раўнадушша ішло. Усім добра было быць добрымі. Волгіна за ўсё разлічылася па самым высокім рахунку… Сёння Дземаш ішоў па парку і не заўважаў ні сонечнае цеплыні і спакою, ні групы здароўя. Ён думаў пра маленькага хлопчыка, а ў галаве праклёўвалася здагадка, што дзве смерці Волгіных — залішне многа, каб была выпадковасць. Цяпер паўстала пытанне: чаму іх не стала абаіх? * * * Да дома, дзе жыла сям'я Волгіных, Дземаш прыехаў на аўтобусе, хвілін пятнаццаць блукаў між аднолькавых чатырох-пяціпавярховых будынкаў па дварах, спрэс засаджаных дрэвамі, пакуль не знайшоў патрэбны яму 27 а. Ля пад'езда былі пароблены лаўкі. На адной з іх сядзела бабка ў мультановай клятчатай кофце, у сіняй спадніцы, у панчохах і хатніх шлёпанцах. Побач у вынашаным шэрым касцюмчыку сядзеў сухенькі лысы стары. Пры ім стаяла купленая ў аптэцы крывулька. Сонца прыгравала, і старыя былі падобныя на асенніх вераб'ёў, якія селі пагрэцца. Яны з цікавасцю паглядзелі на Дземаша. Ён павітаўся са старымі, зайшоў у пад'езд з паабіванаю, са сцен тынкоўкаю. На другім паверсе пазваніў у адны, потым у другія, потым у трэція дзверы. На апошні званок дзіцячы голас з-за дзвярэй завучана далажыў: — Мамы няма дома. Дземаш выйшаў з пад'езда, прыпыніўся ля старых. — Ну, чаго глядзіш, як на допыце? Ох, недарэмна вас лягавымі завуць!.. Яна асеклася, сама зразумела, што гэтага не трэба было, але не сказала нават дзяжурнага «прабач». — Ты нічога не хочаш бачыць, акрамя сваіх жулікаў. Яны былі да цябе і пасля цябе астануцца. А я хачу жыць як людзі… Я абыдуся і без цябе! Дземаш хлебануў з кубачка асадак, і ў роце стала горка… * * * Цяпер канец сямейнага жыцця ў Дземаша звязваецца са звонам чайнае лыжачкі і з горкім смакам кававага асадку. Можа, таму, што памяць не хацела варушыць усё тое, што было потым. Лена і сапраўды пакінула работу ў школе, перайшла ў інстытут педагогікі, паступіла ў аспірантуру. Каб не нарывацца на сварку, на панурае маўчанне дома, Дземаш цяпер снедаў, абедаў і вячэраў у горадзе, пасля абеду не спяшаў дадому. Лена ў той вечар вярнулася дадому раней за яго. — А дзе Валодзя? Яго няма? — Клопат пра сына прарэзаўся? Слухай, папачка, ты што, і праўда святы і сляпы? Няўжо ты думаеш, што я, маладая, здаровая… Ці ты пісьма чакаеш, што твая жонка табе…? Дземаш ударыў наводмаш, заўважыў, што на нейкае імгненне ў яе вачах успыхнуў раптоўны страх, не пагардлівасць і самаўпэўненасць, а страх. Яна азірнулася, прыкрылася рукою, але Дземаш крута завярнуўся і выйшаў з калідора. Ужо ў горадзе з глухім болем думаў, што вінаваты сам, што трэба было ў пару паставіць Лену на сваё месца… Назаўтра ён пазваніў, і яны сустрэліся ў горадзе. Яна прыйшла, як звычайна, модная, маладжавая і нібы спалоханая. Ён нават пашкадаваў яе, здалося, што ўсё яшчэ склеіцца. Усё ж Дземаш суха, нават казённа сказаў, што прапануе разысціся без суда. Ён забярэ толькі свае рэчы. — Не ведаю толькі, як з Валодзем. Паспрабую пагаварыць з ім. — Не трэба. Я гаварыла… Ён астанецца са мною… Можаш пазваніць яму, калі не верыш. Лена заспяшалася гаварыць. У голасе яе ён адчуў палёгку, а за гэтай палёгкаю радасць, з якою да яе вярнулася ўпэўненасць. Дземаш астаўся сядзець на лаўцы, глядзеў услед Лене — з сумачкаю на плячы, і нечага так і не мог звязаць у адно ў жыцці. Меней чым праз паўгода яна выйшла замуж за намесніка дырэктара свайго інстытута, ужо прафесара, віднага, як гавораць цяпер, чалавека, нядаўна аўдавелага. Потым абараніла дысертацыю, і Дземаш сустракаў яе ў горадзе за рулём «Волгі», модную, элітную даму… * * * — Ну што, і грэе яшчэ? Дземаш сцепануўся, нібы яго заспелі ў чужым агародзе. Жанчына прыпынілася на сцяжынцы. Валасы яе былі распушчаны па плячах, шаўкавістыя і густыя каштанавыя валасы, стракатая паркалёвая сукенка. Усміхалася яна стрымана, крышку нават гаркавата і спагадна, спакойныя цёплыя вочы пад чорнымі ўразлёт брывамі ўсмешліва глядзелі на яго. — А вы паспрабуйце… Давайце разам, — сказаў Дземаш першае, што звязалася на языку. — Я ўжо спрабавала. І не адзін дзень… У голасе яе Дземашу здаўся нейкі выклік. Жанчына пайшла далей па беразе, памахваючы цыратаваю пляжнаю сумкаю, на якой былі намаляваны вялікія жоўтыя кляновыя лісты. Дземаш устаў, нібы збіраўся дагнаць жанчыну. Яму і на самай справе раптам здалося, што сонца не грэе. Ён рашуча ўвайшоў у ваду і паплыў, плаваў доўга, а потым, калі сабраўся дадому, пайшоў сцежкаю ўздоўж берага… * * * Дземаш уважліва перачытваў старонкі допытаў, паказанні сведак, заключэнне экспертызы. На чыстым лістку паперы ён памячаў тое, на што не знайшоў адказу ні ў адной судовай справе, ні ў матэрыялах следства. У справе пра кражу былі аж дзве смерці — жонкі і мужа Волгіных. Ён аказаўся на праезнай частцы дарогі перад самым аўтобусам раптоўна. Машыну нельга было спыніць. У дакументах аб смерці самой Волгінай было медыцынскае заключэнне. Чаму маладая здаровая жанчына пайшла дома на такую аперацыю? Ці не дапамагаў ёй хто? Дачыненне Волгінай да кражы высветлілася, калі яе ўжо не было жывое. Яе мужа таксама. Ён ведаў пра гэта ці не? Не знаходзіў Дземаш дакладнага адказу і на тое, дзе падзеліся накрадзеныя грошы. Яны агулам спісваліся на выпіўкі і на пагулянкі, якія наладжвала кампанія, на пакупкі модных «ануч». Наўрад ці на гэта б разышлося гэтулькі грошай. Галоўны бухгалтар амаль на сто працэнтаў характарызаваўся станоўча і кіраўніцтвам завода, і тымі камісіямі, якія пасля не раз правяралі работу заводскае бухгалтэрыі. Болей таго, усе яны сыходзіліся на выснове, што новы галоўны навёў парадак у бухгалтэрыі. Ці мог ён прагледзець, што рабіла ягоная падначаленая? Бухгалтарка Кажух была чалавек вопытны, яна актыўна памагала галоўнаму з першых дзён ягонага прыходу на работу. Няма нічога дзіўнага, што галоўны бухгалтар не мог праверыць, як налічваецца зарплата кожнаму рабочаму ці інжынеру. Чаму тады галоўны бухгалтар вярнуў пяцьсот рублёў, якія «пазычаў» у бухгалтэрыі толькі пасля таго, як пачалося следства? Кажух, несумненна, ведала пра гэта. Яшчэ Дземаш памеціў на лістку адно пытанне: што з сынам Волгіных? Гэтае пытанне, праўда, не мела ніякіх адносін ні да ананімкі, ні да самой справы. Пачынаць Дземаш вырашыў з галоўнага бухгалтара. Пісьмо было супраць галоўнага, і пачынаць трэба было не з яго. Але Дземашу хацелася паглядзець на чалавека, які заслужыў нечыю такую зацятую няміласць. У кабінет зайшоў рослы, спартыўнага складу малады яшчэ мужчына з густымі, пабітымі сівізною валасамі. — Сядайце, Віктар Іванавіч. Выгляд мужчыны ніяк не стасаваўся з ягонай прафесіяй. — У мяне, Віктар Іванавіч, некалькі пытанняў у сувязі са справай Кажух. Мужчына кіўнуў галавою. — Скажыце, Віктар Іванавіч, як бухгалтар, вы верыце, што ўкрадзеныя грошы Кажух, Волгіна, Сераброва проста прагулялі, прапілі, патрацілі на пакупкі? Бухгалтар здзіўлена паглядзеў на Дземаша. Пытанне было для яго нечаканае. — Я пра гэта не думаў… У міліцыі не горшыя спецыялісты, палічылі. Дземаш кіўнуў галавою. У матэрыялах следства якраз і вынікала, што не палічылі. — Вы давяралі Кажух? Што вы цяпер можаце сказаць пра яе? — Кажух — вопытны бухгалтар. Я гэта гаварыў і паўтару. І дасюль не магу паверыць, што яна злодзей. Неяк не ўвязваецца гэта з яе характарам. Яна і з маім папярэднікам не ладзіла за тое, што хацела навесці парадак у фінансах, і мне многае падказала і дапамагла. Я ёй давяраў. І сёння тое, што адбылося, для мяне нейкая загадка. — Віктар Іванавіч, хаця гэта і непрыемна вам… Тыя пяцьсот рублёў, пра якія ведала Кажух, яны не. маглі… ну, скоўваць вас у плане кантролю за ёй? — Што ж, сам вінаваты… Самае крыўднае, што ўсе думаюць, што я хацеў прысвоіць гэтыя грошы… Тэлевізар купіў, думаў, аддам з квартальнае прагрэсіўкі. Сотнямі тысяч варочаю, а напавер аказалася, што нейкая сотня важней. Нельга пераступаць мяжу, не меў я маральнага права пазычаць тыя грошы. Не, на мае адносіны з Кажух гэта не ўплывала, я іх не збіраўся прысвойваць… І вам прыйшла ананімка? — Чаму вы пытаецеся? — Ужо пісалі ўсюды. У народны кантроль, у гарком, у абком… Цяпер і да вас дайшлі. — Як вы думаеце, чаму на вас пішуць ананімкі? — Пры мне, як пачалі наладжваць улік, многія асталіся без прэмій і прагрэсівак… Не толькі сярэдняе, але нават і вышэйшае кіраўнічае звяно. Цяпер гэтая справа з Кажух. Яна мая памочніца была. Скампраментавана бухгалтэрыя. І гэтыя пяцьсот рублёў… Зачэпка ёсць фармальная, каб аднесці мне пірагі. Нехта і адносіць. Віктар Іванавіч выняў з чамаданчыка папку, паклаў на стол. — Што гэта? — Гэта заключэнні ўсіх камісій, якія правяралі мяне і бухгалтэрыю. Можа, трэба будуць. Бухгалтар горка ўсміхнуўся: — Я ўжо падумваць пачаў: кіну к чорту гэты завод. І не кідаю, не хочацца, каб думалі, што я такі, як пішуць пра мяне. — Папку вы забярыце. Як трэба будзе, я папрашу. Значыць, па натуры Кажух была не злодзей? — Яна прыгожая жанчына, можа, лічыла, што ёй не пашанцавала ў каханні… Адчувалася, што яна любіла ўвагу мужчын. Зарабляла няблага, ды і муж таксама. Так што грошай ёй хапала. У мяне з галавы не выходзіць, як яна аднойчы пажартавала, каб я не толькі давяраў, але і правяраў. Цяпер я гэта ўспамінаю і думаю: нашто ёй было так гаварыць? Ды, урэшце, яна і адна магла ўкрасці, і не менш. Нашто ёй трэба была шайка? Я не магу ўсё гэта зразумець. — Што ж, Віктар Іванавіч, ідзіце, працуйце, а мы паспрабуем знайсці ананімшчыка. Дземаш у блакноце запісаў — запрасіць усе ананімкі на галоўбуха. Ён не сумняваўся, што пісаў адзін і той жа ці адны! тыя ж. Тое, што гаварыў галоўбух, і сапраўды не стасавалася з Кажух. Па справе яна ішла галоўнай фігурай і не спрабавала адмаўляць гэта. Што яе, адукаваную, прыгожую, з дастаткам у хаце, звязала з бесталковаю Волгінай, з прагнаю на грошы Серабровай, якая арганізоўвала падстаўных?.. Што ці хто? Пасля абеду Дземаш сабраўся і паехаў на завод. Новы адміністрацыйны корпус яшчэ будаваўся. Інфармацыйна-вылічальны цэнтр туліўся ў двухпавярховым будынку адразу ж за прахадною. Работнікі мясціліся па пяць-шэсць чалавек у пакойчыку. «Кабінет» начальніка быў у кутку, за фанернаю перагародкаю з дзвярамі. Начальнікам аказалася чарнявая хударлявая жанчына з востранькім носам і цёмнымі кругамі пад вачамі. — А, вы пра Вальку… Бесталковая яна была. Ёсць такія пустыя бабы, балбатухі, мяцёлкі. Яна ўмела арганізоўваць дні нараджэння, расказваць анекдоты, мацюкнуцца — таксама… Работнік была не вельмі, але і не калека. Сын у яе быў. Муж яе, Толік, калі яна і загуляе, малога забярэ. Ён не піў. На яе добрага мужчыну трэба было, каб духу яго баялася, а ён — Валька, Валька… А гэтая яго Валька хвост трубою і пайшла падбрыкваць! Жанчына ў такт словам прыстуквала рукою па стале. Зірнула на Дземаша і змоўкла. — Гэта праўда, Ларыса Анатольеўна, што апошні час Волгіна і на работу п'янаю паказвалася? Ларыса Анатольеўна сумелася. Яна не хацела такіх пытанняў. — Было. Баялася мяне, хавалася… — І вы не ведалі, што яна і тут умудралася, на рабоце? Ларыса Анатольеўна апусціла вочы: — Ну, напісала б я дакладную, выгнала б яе. А куды яе потым, гэтую Вальку… Тым больш што работу яна рабіла, я ўжо гаварыла. — Вы цярпелі. І муж таксама цярпеў? — Не, дайшло і да яго… Раз так правучыў, што на работу не магла выйсці. Яна пасля гэтага баялася дадому ісці начаваць п'яная. Яна і ў бальніцу не пайшла, бо яго баялася… — З кім яна піла? — Здаецца, з буфетчыцаю пачалося. Была ў нас некалі такая Анюта. Чорная, як выжла. Яна і прывабіла Вальку. А потым Валька і сама сабе сябровак знаходзіла. А пасля і не толькі сябровак… Ларыса Анатольеўна паморшчылася. — А хлопчык іхні дзе? — Сын? Ларыса Анатольеўна напружана прыжмурыла вочы, старалася ўспомніць. Толькі цяпер Дземаш заўважыў, што ёй трэба насіць акуляры пастаянна, а яна саромелася, зняла і зараз, калі гаварыла з ім. — Пачакайце, я ў дзяўчат папытаю. Дземаш праз фанерную перагародку чуў, як яна клікала Нінаў, Зінаў, як яны ўсе разам гаварылі: «Вальчыны бацькі», «Толікавы бацькі», «старэйшая сястра»… Ларыса Анатольеўна зайшла збянтэжаная: — Адны гавораць, што ў Вальчыных бацькоў, другія, што ў Толікавых, трэція, што сястра Валіна забрала… Яна ж памерла даўно, усё гэта ўсплыло пасля яе смерці. Пра тое, што Толік папаў пад машыну, мы толькі цяпер дазналіся, як следства пачалося… Ларыса Анатольеўна апраўдвалася: — Калі трэба, я даведаюся. — Як тваё расследаванне? — Скончылі. За анучу забілі чалавека. Усё роўна як чорт ведама дзе рос. А хадзіў у школу, піянерам быў… Лена паклала лыжачку ў кубачак, і яна звонка грукнула па беражку. — Цяпер модна ўсё спісваць на школу і на настаўнікаў! — Прабач, я не гэта хацеў сказаць… — Ты помніш, я цябе прасіла: не магу больш у школе. Як толькі падумаю, што заўтра на работу, злосць бярэ на дзяцей! — Я не ведаю, як мне… — Баішся, што табе прыпішуць злоўжыванне службовым? Лена ўсміхалася. За ўсмешкаю гэтаю была і насмешка, і перавага. Ён не ведаў дасюль такое яе ўсмешкі і насцярожыўся. — Іван, я гляджу на цябе і не ведаю: ты праўда нічога не бачыш кругом ці прытвараешся? — Як не бачу? Чаго прытвараюся? — Ты не бачыш, як жывуць людзі? Яна прыціснула на як. — Па-рознаму… Я многа бачыў, з многімі гавару. Лена махнула рукою: — Я не пра гэта. Табе не прыходзіла ў галаву, што мы маглі мець машыну, дачу, адзявацца як людзі… Ён паглядзеў на жонку. — Не бойся, я не пра тое, каб ты браў хабар, не пужайся. Лена ўпэўнена ўсміхалася. — У цябе вялікая практыка. Табе не прыходзіла ў голаў, што ты мог абараніцца? Напісаць кандыдацкую, мець людскую работу? Яму гэта не прыходзіла ў голаў. Ён не ведаў, што ў сям'і ягоная работа — «нялюдская». Ад разгубленасці і крыўды сказалася моцна і жорстка: — Я пра гэта не думаў і думаць не збіраюся! — Які святы! Можа, за тваю святасць я паліто сабе куплю ці сыну штроксы? Каб не Коля… Дземашаў шурын Коля рабіў на міжнародных аўтаперавозках і забяспечваў радню «імпартам». Дземаш нічога не адказваў, толькі пільна паглядзеў на Лену. — А Волгіны што, на рабоце? — Волгіны? — старая ўстрапянулася і прыгледзелася да Дземаша. — Мы з Толікам некалі разам вучыліся. Прыехаў у горад, думаю, зайду, адведаю. Дземаш прысеў на лаўку. — Вунь яно што, — праспявала старая. — Няма, душа мая, Волгіных. Ні Валькі, ні Толіка. І старая пачала расказваць пра тое, што Дземаш ведаў ужо. — Яна бесталковая была, але каб не гэтая чорная буфетчыца, што яе са свету зводзіла… Я зразу казала, што ведзьма гэтая чорная! — Якая буфетчыца? — перапытаўся Дземаш. — На заводзе ў іх была, чарнявая такая, як цыганка. Валька і нам прыносіла то сасісак, то мяса якога добрага. Буфетчыца сюды і гэтага дурня чырванамордага прыводзіла. Потым дружба тая пачала раскідацца. Толік за нешта неўзлюбіў гэтую хеўру. Чорная прыбягала да Валькі, каб толькі Толік не бачыў. — Хэ, дружба раскідалася! Мардаты гэты пачаў да Валькі… Валька ж маладая, а яму гэтая чорная старая курыца прыелася. Я Толіку і сказаў, каб пёр ён гэтага рыжага, калі не хоча рыжых гадаваць. А на жонку дрын добры бяры і таўчы, бо толку не будзе… Хэ! — не ўтрываў і стары. — У цябе адна песня — таўчы. Ён жа і паслухаў цябе. Счэрніць яе на горкае яблыка: сам вып'е і плача на кухні. — Бо позна таўчы пачаў, раней трэба было. — Хваціць, што ты і мне здароўе адтоўк, свету за табою не бачыла. — Мала тоўк, трэба было яшчэ і языка ўрэзаць! Стары абмацаў рукою крывульку, нібы збіраўся напомніць тое, што было некалі. — Яна ж і аборт сабе ўстроіла, бо Толік прыгразіў, што як народзіць рыжага… — Не ведаў твой Толік нічога. Сама баялася, бо вечна п'яная была. Чорная і нараіла ёй бабку… — Не бабку, а фельчарыцу. — А ты бачыла тую фельчарыцу? — А ты бабку бачыў? Валька ж казала, што сама… — Мала што казала. Толік гразіў чорнай. Яна і на пахаванне не пайшла. Але і сам, бедны, пад машыну папаў. Ён і так хадзіў, як спутаны, у бакі яго зыбала, пакуль пад машыну не зыбнуўся. — Хэ, зыбнуўся. Ён Сярожыка павінен быў забраць з садзіка. З малым ён ніколі не зыбаўся. — А дзе малы цяпер? — У Толікавых бацькоў. Яны харошыя, талковыя людзі. Нестарыя яшчэ. Сярожыку ў іх будзе мо і лепш, чым з бацькамі. Толік-то добры натураю быў, але сцерлася жыццё і ў яе, і ў яго. — Ты ўжо мо і заплачаш, ай-я-яй! Устаць памажы! — прыкрыкнуў стары на старую. Бабка ўзяла яго пад руку, падняла і павяла да пад'езда. Стары ішоў, нібы на драўляных нагах. Побач з мажнаю старою ён здаваўся маленькі і худзенькі, як карчучок. * * * Пракурор моўчкі слухаў Дземаша, спадылба толькі коратка пазіраў на яго і нешта крэсліў на лістку паперы. Хто не ведаў пракурора, то падумаў бы, што ён злуецца. Дземаш жа чакаў пытання, на якое цяжка будзе адказаць. Але пракурор не пытаўся, ён коратка сфармуляваў тое, што сказаў яму Дземаш: — Значыць, Іван Васільевіч, у сувязі са справай пра ананімнае пісьмо ты ствараеш дзве: адна — пошук ананімшчыка, другая — пра забойства, якое дасюль значылася няшчасным выпадкам. Аргументаваных доказаў наконт другога ў цябе няма… Значыць, выздаравеў, калі сам сабе шукаеш надзвычайную справу? Пракурор скупа ўсміхнуўся. — У свой час смерць самой Волгінай, а потым і яе мужа разглядаліся самі па сабе, без сувязі з крадзяжом на заводзе. Цяпер, што гэта выпадковасць, трэба правяраць. Тым больш што роля буфетчыцы і ў справе крадзяжу не даследавана, мы не ведаем прычыны сувязей яе з Волгінай. — Ладна, Іван Васільевіч. Ананімкамі зоймуцца. Ты пакуль што будзеш рабіць праверку справы аб крадзяжы. Так будзем называць тваю работу. А калі знойдзеш доказы, а не толькі дагадкі, тады будзем думаць далей. Пракурор устаў і гэтым даў зразумець, што гаворка скончана. На большае Дземаш і не разлічваў. * * * Бацькі Волгіна жылі ў прыгарадзе. Дваццаць хвілін язды на электрычцы. Ад станцыі Дземаш выйшаў на старую вудачку, тую, што была вясковаю вуліцаю. Цяпер вёска разбудавалася ў прыгарадны пасёлак, і былая вёска засталася толькі ўскраіннаю звілістаю вулачкаю з травою паўз платы, па якой тоненька беглі сцяжынкі. Патрэбная Дземашу хата стаяла за пафарбаваным штыкетным плотам з металічнымі варотцамі. Праз плот былі відаць і акуратна дагледжаны сад, і грады, і выкладзеныя з бетонных плітак сцяжынкі, быццам нехта знарок выфарбаваў і вымеў усё да Дземашавага прыезду. Ён адчыніў варотцы і па абсаджанай кустамі агрэсту і парэчак сцяжынцы падышоў да веранды, пагрукаў, памацаў за ручку. Дзверы былі замкнуты. Дземаш пастаяў і рушыў назад. — Вы да нас? — пачуў ён мужчынскі густы голас, азірнуўся. Хударлявы рослы мужчына ў чорным фартуху, з рубанкам у руцэ стаяў на парозе невялічкага дашчатага дамка, які, мабыць, служыў за майстэрню. — Да вас. Дземаш падышоў, павітаўся. Мужчына ўздыхнуў, зняў фартух, акуратна павесіў яго на цвік. Апрануты ён быў у старое вайсковае адзенне, падцягнуты. Вочы суровыя і строгія. Рухі рашучыя і ўпэўненыя. — Слухаю вас, — коратка сказаў ён і паказаў на невялічкую лаўку тут жа пры майстэрні. — Заехаў пагаварыць з вамі… А як Сярожка? — Паехалі з бабаю ў кіно ў горад. А пры чым тут Сярожка? — Ні пры чым. Проста ні на рабоце, ніхто мне не мог сказаць толкам, дзе ён. — На рабоце даўно забылі пра яе. Тым больш што пасля смерці яна аказалася і злодзеем. Мужчына не назваў імя Волгінай. — Вы не любілі нявестку? — Не любіў. І быў праў. З-за яе ў нас не стала і сына. — Як гэта зразумець? — Не пара яны былі. Толіку другая жонка патрэбна была, а не гэты крутасвет. — Вы часта бывалі ў гасцях у сына, сын у вас? — Часцей Толік прыязджаў з Сярожкам. — Нявестка не прыязджала? — Яна ведала, што мы пра яе думаем. Ды і інтарэсы ў яе другія былі. Ёй гуляць трэба было. Ёй нават муж і сын заміналі. У іх парода такая, шалёная. Брат адзін у турме сядзіць, бацька век светам брыдзіў. — Яны даўно знаёмыя былі? — Толік з ёю вучыўся разам у школе. Ён у нас усё з кніжкамі сядзеў. Ну, а потым яна пад яго… Яна ўжо ўсё ўмела. Толіка да яе нібы прысаладзіла. А ёй такі ціхоня толькі і трэба быў… — Калі вы бачыліся апошні раз з сынам? — За два дні да таго, — Дземаш адчуў, як здрыгануўся голас мужчыны. — Я прыязджаў, хацеў забраць Сярожку. Толік сказаў, што на выхадныя ён сам яго прывязе… Прывёз. — Пастарайцеся ўспомніць, пра што яшчэ вы гаварылі. — А я і так да смерці памятаць буду. Я сварыўся на яго, што спрабуе выпіваць. Не ўмеў ён гэтага, ды і здароўе ў яго не такое, каб улягаць у гэтае паскудства. Ён усміхаўся, гаварыў, скора перастану, бацька, выведу гэтую чорную на ваду і кончу… Ажно яна яго вывела. — А хто гэта яна? — Ён мне не сказаў. Вальчына нейкая падружка. Я насварыўся на яго, каб выкінуў усё дурное з галавы, каб пра жывое думаў, пра сына. Малады яшчэ мужчына, жанчын хопіць… Ён усё па гэтай нудзіўся, не адпускала яна яго. Во як бывае. А чаму вы зноў пра гэта? — Я не пра гэта. Пісьмо нам прыйшло… Стары Волгін не дапытваўся болей. — А вы даўно ў адстаўцы? — Я? На пенсіі трэці год. Я не ваенны, я чыгуначнік. Ён устаў, падаў на развітанне Дземашу руку, вочы яго былі сухія і строгія, і цяпер толькі Дземаш здагадаўся, што сталі яны такімі ад затоенага глыбокага гора, з якім усё не можа змірыцца чалавек. — Толік у нас адзіны сын быў… Стары Волгін сутула завярнуўся і пайшоў у майстэраньку. Дземаш ужо на вуліцы прыпыніўся, азірнуўся на акуратны, радасна расфарбаваны дамок, але цяпер ён чамусьці здаўся яму нейкім сумным і пустынным. * * * — Ну, Дземаш, ты мне ўдружыў,— прагудзеў у трубку хрыплаваты голас следчага Камарова. — Трэба пакаваць чамаданы і збірацца на поўдзень. Стары, вопытны следчы Камароў дарабляў да пенсіі. Ён усім гаварыў, што чакае гэтага дня, каб з'ехаць на дачу — ад жонкі, ад дзяцей, ад унукаў і ад усяго таго зброду, які ён ловіць гэтулькі гадоў і пералавіць не можа. Ён нагледзеўся ўсяго, і камандзіроўка ў Крым яму была зусім не патрэбна. — Хочаш, Іван Іванавіч, каб я за цябе злятаў? — Можна і табе. Ты маладзейшы, пакуль што на адгуле. — А я-то тут пры чым? — А на тых ананімках, што ты на мяне сапхнуў, паштовыя штэмпялькі аднолькавыя. — Пачакай, пачакай, Іван Іванавіч, я да цябе сам зайду, — Дземаш паклаў трубку, ад хвалявання ўстаў з-за стала. Гэтыя звесткі пра паштовы штэмпялёк, як святлом, асвяцілі тое, што ўжо ведаў Дземаш з гаворкі ў буфеце будаўнічага будтрэста, дзе працавала Соладава, тая самая «чорная». Прыбіральшчыца, старая ўжо, нападпітку цётка, насцярожана паглядзела на Дземаша. — Га, вы пра Анюту, — у голасе яе прагучала палёгка. — Спраўная была, не тое што гэтая курыца белая. Прыбіральшчыца кіўнула галавою на прачыненыя дзверы, дзе стаяла ля прылаўка круглая белая буфетчыца. — Усё камандуе, усё ёй не так! У цыганкі ўсё гарэла ў руках: у стакан лінула, на вясы кінула — і пайшло, пайшло. Калі што выгрузіць трэба, то рыжы яе тут як тут… Усяго ў буфеце было, не тое што цяпер. А гэта толькі і ведае, што мяне пільнуе… — А чаго Анюта кінула работу? — Чаго кінула? Лепшую знайшла. У яе ўвесь свет знаёмы. Недзе на бераг мора паехала… Гэта рыжы мне хваліўся. Мы з ім тут віна бутэлечку распілі. Я пачала яго дражніць, што ходзіць, як абарванец. А ён мне скаліцца, што скора будзе, як міністр, на «Волзе» ездзіць і на ўсіх паплёўваць. Анютка тут якраз усунулася, вызверылася на яго, бутэльку схапіла. Яна ніколі такога не рабіла, выпіць не шкадавала, абы, гаворыць, работа была зроблена. У бутэльцы яшчэ добры стакан віна астаўся. — Яны жанатыя былі? — Не, не разам жылі. — Хіба Соладава не магла сабе лепшага знайсці? — Чаму не? Яна баба яркая, відная. — Дык чаму яна з гэтым п'яніцам?.. — П'яніца-то п'яніца, але ніколі п'яны не быў і не валяўся. Анютка што скажа, усё споўніць. Ён і не рыжы, цёмнавалосы, нават валаска сівага няма. Бровы белыя толькі. А як выгаліцца, дык аж блішчыць… Мабыць, нешта меў, недарам Анютка яго не адпускала… Прыбіральшчыца хіхікнула, паказаўшы рэдкія старэчыя зубы. Дземаш прайшоў па пакоі. Прадчуванне не абманвала яго — ён знайшоў след буфетчыцы Соладавай. Значыць, Камарову ехаць у Феадосію нельга. Дземаш зняў тэлефонную трубку. Пракурор будзе толькі заўтра. У яго, такім чынам, быў яшчэ час, каб усё праверыць і ўзважыць, падрыхтавацца да дакладу. Дземаш, каб крыху супакоіцца, яшчэ раз прааналізаваць усё, што было яму вядома, выйшаў з кабінета і па вуліцы неўзаметку пайшоў у той бок, дзе ён ужо не раз бываў за апошнія дні. Вядома, спадзявання, што хоць што-небудзь удасца знайсці, у яго не было, але ён пайшоў на тую вуліцу, дзе загінуў Волгін. Праз добрае паўгадзіны хаджэння па лесвічных пляцоўках ад дзвярэй да дзвярэй яму адчыніла на званок рослая маладзіца ў халаце. Бялявыя валасы былі коратка падстрыжаны, халат прыхвачаны поясам. — З пракуратуры? Заходзьце. Голас у жанчыны быў хрыплаваты, як прастуджаны. Яна пайшла паперадзе Дземаша. У калідорчыку пахла душным і нечым кіславатым, як звычайна ў камунальных кватэрах. У пакой жанчына прапусціла наперад Дземаша. Пакой займалі канапа, шафа, сервант, дзіцячы ложачак, тэлевізар, стол, на балкончыку сушыліся пялёнкі і калготкі. У ложачку поўзаў, гудзеў сабе пад нос і спрабаваў устаць і пайсці мардаценькі малы. Жанчына перахапіла Дземашаў позірк. — Шэсць гадоў з мужам дамы будуем, а з гэтага клапоўніка вылезці не можам. Яна змахнула рукою з крэсла, хоць на ім нічога і не было. — Я хацеў папытаць, ці не помніце вы пра тое, як тут на вуліцы аўтобус збіў чалавека. — А-а-а, усё ж прыйшлі! Я тады гаварыла Віцю, а ён — не лезь, куды не след. Калі трэба, то самі прыйдуць папытаюць. — Што вы бачылі? — Я на балконе пялёнкі вешала. Якраз змена канчаецца, і ў гэту пару на тратуары людзі аж не ўмяшчаюцца, усе спяшаюць. Адзін толькі паміж імі ў пінжачку замінае. Зверху відно, што ўжэ так вочы замазаў, як вобмацкам ідзе. Зверху смешна глядзець на яго, нязграбны такі. Адале гляджу, недалёка ад яго, але следам другі ідзе. Здаровы, у зялёнай штармоўцы. Бачу, што быццам і за ім ідзе, але блізка не падыходзіць, як назіркам усё роўна. Потым я адвярнулася, чую, тармазы завішчалі, бабы крыку нарабілі… Мне з акна не надта відно было… А той, у зялёнай штармоўцы ці ў робе, бачу, з кучы выбіраецца. Спяшаў, каб скарэй выбрацца… — Што вы яшчэ можаце сказаць?.. — Нічога. Здаровы такі… — А ў гэтай робе пазналі б яго? — Не знаю, можа, і пазнала б… Паходка ў яго нейкая, быццам рубам. А можа, п'яны быў… Яго яшчэ стары бачыў, ён над намі жыве. Ён на балконе цэлыя дні сядзіць. Ён мне пра гэта расказваў. На яго нявестка і сын прыгразіліся, каб не лез альбы куды… Дземаш дакладваў спакойна і ўпэўнена. Пракурор не перабіваў яго, толькі па ходу дакладу задаваў пытанні. — Ваша версія, што Волгін забіты? — Магчыма. Бясспрэчна адно, што Соладава — а па адзенні, па паходцы чалавек у робе яе напарнік — мае дачыненне да смерці Волгіна. Значыць, ён нешта знаў такое. У гэтым я ўпэўнены. Самалячэннем Волгінай дапамагала займацца Соладава… І сёння мы так і не ведаем, дзе ж накрадзеныя зладзеямі грошы. Значыць, яны ў некага… — У Камарова ёсць звесткі, што Соладава арандавала дачку. Утульнае такое месца. Там бывалі часта мужчыны, жанчыны… Частая госця — Кажух… З мужам яна не ладзіла. — Пра гэта, здаецца, гаварыў галоўбух. Думаю, што мне трэба ехаць на поўдзень. Расследаваць ананімку, а пад выглядам яе… — Паедзеш. Падключыцца міліцыя. Камароў будзе тут працягваць. Табе дапамогуць мясцовыя таварышы. З Соладавай не спяшайся, правер усё. Вельмі асцярожна. І не забывай пра сваё сэрца… * * * Дземаша сустрэлі ў аэрапорце, і праз дзве гадзіны ён быў на пабярэжжы мора ў невялічкім гарадку, у маленькай белай гасцініцы. Тут жа адразу Дземаш быў і ашарашаны паведамленнем маладога міліцэйскага маёра: у іх тут ніякай Соладавай няма, тым больш такое, што пасялілася нядаўна. Гэтага Дземаш не чакаў: — Прабачце, тады чаго я ехаў сюды? Вы маглі паведаміць… — Мы паведамілі, але вы ўжо былі ў дарозе. Маёр хітра ўсміхнуўся. — Толькі вы не думайце, што мы дадзім вам тут купацца і загараць. Вашу Соладаву знайшлі. Пасялілася яна непадалёку ў пасёлачку, за дваццаць восем тысяч купіла сабе домік. Працуе буфетчыцай у палатцы ля выратавальнага прычала. Жыве з Бурцавым Фёдарам Пятровічам. Незарэгістраваныя, але жывуць разам. Ён вартаўніком працуе ноччу на турбазе. У мясцовай міліцыі ні да Соладавай, ні да яе мужа прэтэнзій няма. Ен не п'е. Возіць Соладаву на машыне. Машыну яны купілі год назад… Думаю, што нумар у гасцініцы вам здаваць не трэба. З пасёлка да нас пятнаццаць хвілін язды рэйсавым… Калі трэба там будзе застацца, пакойчык вам знойдуць. Праз нейкую гадзіну лейтэнант у сваім пакойчыку ўчастковага паўтараў сказанае маёрам. — Мяне вось што толькі бянтэжыць, таварыш следчы. Чаму яна жыве з гэтым Бурцавым. Яна прыгожая жанчына, а ён крышку ўсё ж дэбільны нейкі, дурнаваты. Тут у пасёлку гаварылі, што яна з'язджае на дзён колькі ці ў Сімферопаль, ці нават у Севастопаль, з мужчынамі там яе бачылі. Ён слухае яе як робат. Я раз бачыў, як ён збоку глядзеў на мужчын, якія жартавалі з гэтай Анюткай у буфеце. А яна толькі вокам стрэліла на яго — нагнуў голаў і пайшоў. Участковы пасяліў Дземаша ў прыватным доме, у пакойчыку з асобным выхадам. Домік стаяў у ціхім завулку, недалёка ад берага, на ўзгорку. Вечарам Дземаш схадзіў павячэраў у рэстаранчыку, які мясціўся ў чатырохпавярховым будынку турбазы. Мора ў заліве было спакойнае, белы караблік, які заходзіў да прычала, запаліў агні. Гулялі на набярэжнай болей парачкамі, і ў святле ліхтароў усё здавалася святочным. У канцы набярэжнай, ля выратавальнай станцыі Дземаш знайшоў збіты з дошак і пафарбаваны ў сіні колер буфет. Перад ім стаяла на дварэ некалькі сталоў-стоек. На іх мужчыны пілі віно і піва. Дземаш таксама выпіў піва, дачакаўся, пакуль буфет будзе зачыняцца. Соладава была крутагрудая жанчына ў белай кофце і белай спадніцы, лёгкая і маладжавая ў рухах. Бурцава Дземаш таксама пазнаў па апісанні. Праўда, адзеты ён быў у «фірмовыя» джынсы, у сінюю рубашку з закасанымі рукавамі. Але і джынсы, і гэтая рубашка на заклёпках сядзелі на ім, быццам з чужога пляча. Мабыць, у брызентавай робе ён адчуваў сябе больш утульна. Соладава аддала Бурцаву сваю гаспадарчую сумку, узяла яго пад руку. Ён пайшоў, угнуўшы галаву, нібы збычыўся. І ў Дземаша, які глядзеў на гэтую збычаную постаць, не асталося ніякага сумнення, што гэтае крутое плячо магло лёгка папхнуць Волгіна, асабліва калі гэта загадала зрабіць Соладава. Ноччу Дземаш праз адчыненае акно чуў, як шуміць мора, як наплывае начны халадок, і думаў пра тое, што дамовіцца з гаспадарамі і потым прыедзе да іх на які тыдзень… Прачнуўся Дземаш раненька, схадзіў пакупацца ў моры і пасля купання, бадзёры, лёгкі, пайшоў да турбазы. На душы ў яго было прывычнае адчуванне лёгкасці, як і заўсёды, калі зроблена асноўная работа, калі загадка разгадана, калі справа раскрыта. Дземаш папрасіў дзяжурную паклікаць вартаўніка ў свой пакой. Бурцаў зайшоў у пакой паволі, па ўсім адчувалася, што быць у кабінетах ён не любіў. — Фёдар Пятровіч, чаму вы пакінулі работу на заводзе? — Дземаш прыдумаў гэтае пытанне на хаду. Ён цяпер толькі здагадаўся, што калі там працавала Соладава, то павінен быў працаваць і Бурцаў. — Прыйшло новае начальства і сказала, што нас многа там розных падсобнікаў. — Новае начальства — гэта галоўбух? — І галоўбух. Бурцаў глядзеў на Дземаша насцярожанымі вачамі. У іх Дземаш бачыў толькі адно — жаданне як найхутчэй выйсці з кабінета. — Таму вы і рашылі пісаць на яго пісьмы? — Я не пісака, я толькі распісваюся. Бурцаў упарта глядзеў на Дземаша, і ў ягоных вачах была тупая пустата. — А ў горадзе вы жылі ў раёне вуліцы Міхайлава? Дземаш заўважыў, як у вачах у Бурцава на імгненне нешта ўспыхнула, яны быццам асвятліліся жахам. — Не, я на Галадзеда жыў… Я не спаў ноч, я спаць хачу. — Ладна, Бурцаў, ідзіце, паспіце, успомніце, што і дзе пісалі… Дземаш дачакаўся на турбазе ўчастковага, яны зайшлі ў аддзел кадраў, узялі справу Бурцава. Варта было толькі вокам кінуць на напісаную ім заяву, каб зразумець, што ананімкі напісаны не рукою Бурцава. Дземаш зразумеў, што дарэмна паспяшаў, калі вырашыў, нібы ўсё скончана. Участковы напомніў Дземашу, што званілі з райаддзела і прасілі, каб ён пазваніў у сталіцу. * * * — Іван Васільевіч! У цябе цудоўная інтуіцыя, — у голасе пракурора Дземаш улавіў здзеклівасць. — Шанцуе табе, а то я паказаў бы табе за гэтую інтуіцыю. Соладава і Бурцаў ананімак не пісалі. У іх там на заводзе ў планавым аддзеле займаўся адзін. Адтуль, дзе ты на поўдні пуза грэеш, ягоная сястрычка іх перасылала. Вось так, інтуіцыя! Але не бойся, тут твой стары знаёмы капітан Малышаў табе сёе-тое цікавае раскажа. — Здароў, Іван Васільевіч! Як у цябе справы з маладзіцаю, за якой па возеры прагульваўся? Павер маёй інтуіцыі, тут-то ты прагарэў. Гэта точна! — А ты адкуль ведаеш? І што табе да гэтага? — Я павінен многа ведаць. А пра тое, што будзе — інтуіцыя… Цяпер слухай уважліва. Соладава, яна ж і Церахава, і Санько. Судзілася тры разы. Разбэшчванне непаўналетніх, шантаж. На дачы ў яе бывалі многія, з каго можна пацягнуць грошы. Прытон. Кажух і Волгіна таксама. Соладава шантажыравала іх. Пад яе камандаваннем і ёй кралі грошы. Цяпер зразумела, чаму Кажух брала ўсё на сябе? У яе двое дзяцей, яна баялася, што Соладава абнародуе тое, што выраблялі на дачы. Баялася гэтага больш, чым турмы. Соладава жыла на кватэры ў раёне вуліцы Міхайлава. Там, дзе загінуў Волгін. Ён прыходзіў да яе. Я дапытаў старога. Думаю, што Волгін сам яшчэ знайшоў сведкаў — пад чаркаю і ў адчаі… — Ты хочаш сказаць, што Соладава падвяла яго пад самагубства? — Няма доказаў, што Волгіна падапхнулі пад колы. Мы тут на дачы і на старой кватэры шукаем негатывы ці фатаграфіі. Не думаю, каб Соладава не зберагала іх. Звярні на гэта ўвагу. Бурцаў па нашай картатэцы не значыцца. З сабраных звестак відаць, што чалавек дэбілаваты, але не злачынец. У Соладавай за рабочую сілу і для задавальнення… Так, пошасці яе… Гэта мае вывады. Лагічна? Зараз галоўнае — Соладава і Бурцаў… Дземаш не даслухаў да канца, паклаў трубку. Трывожнае прадчуванне памылкі кальнула яго. На буфеце, перад якім прытармазіў міліцэйскі «козлік», вісела паперка з традыцыйным «паехала на базу». Калі міліцыянеры і Дземаш увайшлі на двор Соладавай, то Іван Васільевіч ужо ведаў, што машыны ў гаражы няма. Бурцаў спаў нераспрануты. Ад яго смярдзела перагарам. Спрасонку ён няўцямна глядзеў на міліцыянераў, на Дземаша. — Дзе Анюта? — У буфеце! — Пайшлі! Бурцаў устаў і толькі цяпер угледзеў на двары міліцэйскую машыну. У тое ж імгненне ён коратка рыкнуў, міліцыянеры разляцеліся ў два бакі, а Бурцаў, расхінуўшы целам у два бакі аконныя рамы, выскачыў на двор. Дземаш выскачыў услед. Ён бачыў, як Бурцаў пераляцеў цераз высокі бетонны плот, ірвануўся следам за ім, сходу схапіўся рукамі паверх плота, і той раптам паляцеў на яго… * * * З сардэчным прыступам Дземаш праляжаў у раённай бальніцы два тыдні. Клапатлівыя дактары баяліся выпускаць раней, хаця Іван Васільевіч адчуваў сябе не так ужо і дрэнна на другі дзень. Бурцава злавілі тады ж, Соладаву — на восьмыя суткі ў Архангельскай вобласці, ужо пад іншым прозвішчам. У чамаданчыку пры ёй былі грошы, каштоўнасці і негатывы фотаздымкаў. Малышаў правёў ужо першыя допыты. Так, Волгіну яны паказалі здымкі яго жонкі на дачы, каб прыпужнуць. Напаілі. Бурцаў ішоў следам за п'яным Волгіным, каб той дайшоў дадому. Адправіла яго Соладава. Калі Волгін кінуўся пад аўтобус, Соладава спалохалася, што іх могуць западозрыць з Бурцавым у забойстве. Справа была падрыхтавана для перадачы ў суд. У рэшце рэшт, хоць і не да канца, але пацвердзілася ягоная версія, справа была пачата ім, Дземашам, і даведзена да таго, што затрыманы злачынцы. — Ты адлежвайся там, каб стаў на ногі. І на будучае запомні, што мне трэба твая галава і вопыт, а не твае ногі, каб цераз платы гальцаць ці за бамбізамі ганяцца… — журыў Дземаша пракурор, і голас яго быў дабрадушны. — Тут табе звоняць, пытаюцца, я сказаў, што ў тэрміновай камандзіроўцы… Адным словам, папраўляйся як след. Нам загадку падкінулі, не раўня. Папраўляйся, не засумуеш! Пасля гэтае гаворкі з пракурорам Дземаш канчаткова зразумеў, што рабіць яму больш у бальніцы няма чаго. Прыехаў Дземаш цягніком, раніцаю. Пасля таго як выйшаў з таксі, пастаяў, паглядзеў на вокны свае кватэры, якія былі роўна заштораны. Ён паволі ўзышоў на свой паверх, адамкнуў дзверы і найперш, як і заўсёды рабіў, адчыніў вокны, пусціў у ванну ваду. Праз гадзіну ён сядзеў у крэсле ад журнальнага століка і перабіраў газеты і часопісы, якіх сабралася без яго поўная паштовая скрынка, пакрысе адсёрбваў чай. Потым зазваніў тэлефон, і сынаў басок павітаўся: — Дзень добры, папа. — Дзень добры, Валодзя. Як у цябе спаборніцтвы? — Нармальна. Выйшаў на трэцяе. Гэта ўсесаюзныя. — Віншую. — Ну, дык як ты адчуваеш? — Гэта ты мне званіў на работу? — Я. — Прыязджай у госці, паглядзіш. — І па бакалу шампанскага вып'ем? — Вып'ем. — Ну, тады веру, што ўсё ў парадку. Пад'еду заўтра. Сёння ў мяне дзень распісаны. — Прыязджай. Дземаш падумаў, што яму вельмі хочацца, каб сын прыехаў зараз… Назаўтра Дземаш прывычна выйшаў на прыпынку з трамвая, сцяжынкаю пакіраваў да свайго берага. У выхадны дзень не было на сваім кругу групы здароўя, але папісквалі нязмазаныя арэлі-лодачкі, пазяхала, як і ўсё лета, у касе атракцыёнаў касірка. Але пункт пракату быў зачынены ўжо да наступнага сезона на ўсе вокны і дзверы наглуха. На беразе яшчэ загаралі. Дземаш падышоў да свае мясціны, пастаяў над вадою не распранаючыся. Вада ў возеры была па-асенняму зазелянелая. Нізка над галавою прайшлася чародка качак — з тых, што сабраліся зімаваць у горадзе. Дземаш раптам успомніў жанчыну з сумкай у буйныя жоўтыя плямы, яе сумнаваты позірк, і толькі цяпер да яго дайшла і яе туга, і яе адзінота, і жаданне пазбавіцца ўсяго гэтага. Ён нават павёў вачамі ўздоўж берага, нібы хацеў позіркам дагнаць яе. І сапраўды адчуў, што сонца ўжо не грэе, толькі залоціць святлом. Ён завярнуўся і пайшоў прэч. На рабоце Дземаш узяў новую справу, выехаў у камандзіроўку, нягледзячы на ўсе папярэджанні з-за хворага сэрца.